ЖОЎТЫ ПЯСОЧАК
Васіль БЫКАЎ
Іх везьлі ноччу па цёмных гарадзкіх вуліцах кудысь
прэч ад турмы, але ў які бок гораду — Аўтух зразумець ня мог. У крытай машыне не было вокнаў, не
сьвяцілася нідзе нават маленькай шчыліны, і ні ўнутры, ні знадворку нічога не
было відаць. Аўтух сьпярша думаў, што трапіў у страхавіты “чорны воран”, пра
якога начуўся ў турме і нават раней — на вёсцы. Але, мабыць, то быў ня “чорны
воран”, бо, як ён згледзеў уначы, калі іх вывелі на турэмны падворак, была гэта
машына хоць і вялікая, але ня чорная. I нешта кароткае было напісана на яе
баку, ды ён не разабраў, што — не далі. Пачалі штурхаць, каб хутчэй залязалі ў
яе цёмнае нутро, а ў яго якраз разьвязалася аборына на лапці, і ён, сагнуўшыся,
узяўся яе завязваць. Ды тут жа атрымаў злога высьпятка ў зад — гэта той канвой
ці як яго — малады танклявы вайсковец з вусікамі, які сёньня распараджаўся імі.
Аўтух таропка ўлез у машыну, дзе ўжо сядзела чалавек шэсьць ягоных
спадарожнікаў, і стуліўся ля самых дзьвярэй, якія тут жа з бразгатам
зачыніліся. Машына папаўзла-паехала з падворку, праз браму, затым па вуліцах,
паварочваючы то ў адзін бок, то ў другі. Леваруч ад Аўтуха сядзеў мужчына ў
скуранцы, якога напачатку, як арыштавалі, Аўтух бачыў у кабінэце сьледчага. Але
цяпер Аўтух ня мог зразумець, чаму той тут? Ці таксама арыштаваны, ці вязе іх у
якую іншую турму? А можа — на волю? Бо завошта караць Аўтуха, які зь яго
польскі шпіён? У Польшчы ня быў ні разу, мала што жыў пры мяжы. На хутары. I
аднаасобна...
Во ў
тым, што аднаасобна, мабыць, найбольшы ягоны грэх. Праз тую аднаасобнасьць ён
за год натрываўся столькі, што іншаму хапіла б на ўсё жыцьцё.
— Гэ,
таварыш... А, таварыш, — далікатна папіхнуў ён лакцём суседа ў скуранцы. — Ня
ведаеце, куды гэта нас?
— На
кудыкіну гару, — не адразу і зласьліва адказаў сусед, нядаўні сьледчы ўправы
НКВД Сурвіла.
Гэты
Сурвіла ня тое, што Аўтух, — ён і ў цемры, з заплюшчанымі вачыма мог вызначыць
іхны маршрут. Даўно і добра ён ведаў гэтую дарогу — ад гарадзкога цэнтру да
ўскраіны і далей, паўз прыгарадную вёску да недалёкага ляска, дзе было
наркамацкае стрэльбішча. Некалі сам туды вазіў такіх жа, асабліва як служыў у
камэндатуры. Пасьля ўжо, як перавялі ў сьледчы аддзел, разы два выяжджаў на
практыкаваньне ў стральбе з асабістае зброі — пісталета ТТ. Раней усе чэкісты
ўправы былі ўзброеныя рэвальвэрамі сыстемы “наган”, а летась у першую чаргу
сьледчым выдалі новенькія ТТ — спрытныя такія, пляскатыя пісталеты з чорнымі
шчочкамі на рукаятках. Зь іх і стралялі. Ён тады здаў практыкаваньне на
“добра”. А цяпер тыя практыкаваньні будуць здаваць іншыя. На практыцы. На іхных
патыліцах...
Па
тым, як машыну стала кідаць з боку на бок, Сурвіла зразумеў, што яны выяжджалі
з гораду. Недзе збоч у цемры туліцца невялікая прыгарадная вёсачка, а іх чакае
паворотка ўлева, ад якой... Ад якой да мэты, да апошняй мяжы, лічы, што-нішто,
засталося якіх паўгадзіны часу, і ўсё. Усё назаўжды скончыцца.
Тое,
што хутка ўсё скончыцца, яго, аднак, ня дужа і турбавала. Да таго ён гатовы быў
месяц таму, нават да суда, ведаў, яго не памілуюць. Стрэльнуць. Бо тое, што яму
прад'явілі для абвінавачаньня, увогуле было папраўдзе: дапушчаў і перавышэньне,
і незаконныя мэтады — і біў, і ламаў косьці — “даваў дразда”. Але ж хіба ён
адзін? У іхнай управе так працавалі ўсе, — стараліся, ня спалі начэй, выбівалі
ўсё, што можна было выбіць з арыштаваных. А тыя, праклятыя ворагі, таксама
маталі ім нэрвы, нізашто не хацелі прызнавацца — выкручваліся, ашуквалі
сьледчых, і нават, ужо падпісаўшы прызнаньне, адмаўляліся ад яго на судзе. I
ўсё бубнілі сваё: нічога ня ведаем, ні ў чым не вінаватыя. Ня шкодзілі, не
шпіёнілі, нікога не вэрбавалі. Трэба было выбіць — і прызнаньне, і сьведчаньне,
— прозьвішчы, даты, сустрэчы. Часам перабіраў, гэта праўда. Але ж на карысьць
справы, не для сябе. Той Сёмух сканаў у ягоным кабінэце. Што сканаў, бяда не
вялікая, але, сканаўшы, забраў усё з сабою. А на яго была надзея. Як добра
далі, пачаў што-нішто паказваць. Думалі, празь яго раскруціць усю іхную
арганізацыю, да таго ішла справа. А ён узяў ды сканаў...
Купцова
застрэліў з таго новенькага ТТ. Але Купцоў кінуўся на яго з кулакамі. А кулакі
ў двухмятровага каваля з прэсавага цэху такія, што двума ўдарамі мог увагнаць у
падлогу. Добра, Сурвіла пасьпеў прымяніць зброю. Так што, як глядзець, як
вінаваціць. Калі строга, паводле новай правазаконнасьці, дык, можа, і
правільна, — ён вінаваты. А калі паводле рэвалюцыйнай, пралетарскай... Зрэшты,
ён ня дужа і апраўдваўся — прызнаў усё. Але ў глыбіні душы хацелася
спадзявацца, што пакараюць ня надта. Усё ж ён не такая контра, ня польскі шпіён
ці беларускі нацыяналіст. Ён жа свой брат чэкіст. Павінны ж на тое зважаць. I
цяпер яму крыўдна, што ня зважылі на розьніцу паміж ім і сапраўднымі ворагамі
народа, піхнулі ў гэтую машыну зь іншымі разам. З гэтымі шпіёнамі і шкоднікамі,
нацыяналістам і нават недарэзаным буржуем. Кінулі ў адну машыну і яшчэ, глядзі,
кінуць у адну яму. Але ж гэта яўны апартунізм, правы ўхіл. Ці нават шкодніцтва
ў саміх органах.
У
машыне панавала цішыня, толькі чуваць было, як ляскаюць колы па бруку ды штось
паскрыпвае ў куце буды, асабліва калі машына трапляе на выбаіну.
—
Гэтак! На кудыкіну, кажаце? — ня мог чагосьці ўцяміць Аўтух і зусім апанурыўся
ад кепскага прадчуваньня. Відаць, тое прадчуваньне дужа яго гняло, і ў хуткім
часе ён зноў заварушыўся ў цемры. Недзе тут паблізу сядзеў ягоны зямляк, нават
аднавясковец, хоць і ўдвая маладзейшы за яго, з гэткім самым прозьвішчам Казёл.
Як навучыўся на настаўніка і пачаў пісаць вершы, дык зьмяніў тое нягеглае
прозьвішча на лепшае і падпісваўся пад вершамі, што часам друкаваліся ў
газэтах, Фэлікс Гром. Праўда, Аўтух вершаў не чытаў, толькі чуў пра іх ад
людзей. Зрэшты, пра вершы на сьледзтве зь ім гаварылі мала, болей пра тое, як
гэты Фэлікс Казёл-Гром завэрбаваў Аўтуха ў сваю шайку. Цяпер Аўтух ціха паклікаў:
—
Фэля, а Фэля?
— Ну!
— пачулася здаля ў машыне.
—
Куды гэта нас вязуць?
— На
выкананьне прыгавору, — зь нядобрым надломам у голасе адказаў Фэлікс. I
менавіта гэты выразна адчуты надлом яшчэ болей устрывожыў Аўтуха.
—
Няўжо на расстрэл?
— А
ты думаў...
— Але
ж... Я дык думаў... Можа, яны...
—
Памаўчы лепш! — абарваў размову зямляк, якому, відаць па ўсім, было не да таго.
Сапраўды,
размаўляць Фэліксу Грому было проста неяк, пасьля допыту ў яго душа балела ў
грудзёх, было не ўздыхнуць. Ён толькі падзівіўся дзіцячай няўцямнасьці дзядзькі
Аўтуха — ня ведае, куды вязуць, ці ня хоча паверыць, што ўсё ўжо скончана.
Пазаўчора быў суд — дзесяць хвілін чыткі загадзя нарыхтаваных папераў, зь якіх
яшчэ да прысуду ўсё стала зразумела. Відаць, нічога не зразумеў з таго ягоны
аднавясковец Аўтух. Ці ўсё думае пра сваю пакінутую аднаасобніцкую гаспадарку
пад лесам?
Фэлікс
Гром даўно перастаў думаць і пра родную вёску, і пра Менск, дзе жыў і вучыўся,
як паступіў у пэдагагічны тэхнікум, і нават пра сваю паэзію, зборнік якой ужо
падрыхтаваў да друку і вясной здаў у выдавецтва. Цяпер яму ўжо не пабачыць таго
зборніка, які, відаць, пакаралі раней за аўтара. У час сьледзтва на допытах
розныя сьледчыя наперамен цытавалі старонкі ягоных арыштаваных вершаў — чыталі,
крэмзалі і падкрэсьлівалі рознымі алоўкамі, пільна шукаючы хітра замаскаванай
крамолы. Бліскае раніца агністая на хмарах восені маёй... Што значыць гэтыя
вашы хмары? Анічога, апроч таго, што значаць хмары наогул. Э, не, у паэзіі
хмары — гэта нешта іншае, казалі літаратуразнаўцы з наганамі на баку. Гэта на
небе хмары ёсьць хмары, а тут штосьці іншае. Таемнае. Дык што такое гэтыя
хмары? Што вы разумееце пад ранішнімі хмарамі?
Ён
нічога не хацеў разумець пад хмарамі, затое нешта разумелі яны, але яму не
казалі. Ён павінен быў сам здагадацца пра іхныя думкі і падказаць ад сябе. Вось
тое было б прызнаньне, якога гэтак дамагаліся ад яго, і яму было б куды лепей.
Але ён не здагадваўся й не прызнаваўся. Тады яго білі — палкай па нагах, ботам
у грудзі, не давалі спаць трое сутак.
А
пасьля пачалі шыць шпіянаж на карысьць Польшчы. I прыплялі да яго дзядзьку
Аўтуха, што жыў за вёскай на хутары і не ўступаў у калгас. А ён з тым Аўтухом
па сутнасьці і гутарыў усяго адзін раз летась, як прыяжджаў зь Менску да
хворага бацькі. Тады хадзіў пазычыць каня, каб зьезьдзіць да доктара. Ды
дзядзька Аўтух каня ня даў, сказаў узяць у калгасе, а яму трэба пасьпець
звазіць сена, бо зьбіралася на дождж. I гаворкі ў іх было якіх пяць хвілін. I
вось цяпер за тыя хвіліны — расплата. Абодва — да вышэйшай меры.
— Ну
што вы не пасядзеце? Усё тузаецеся, як на патэльні, — пачулася незадаволеная
буркатня ў цемры.
— Ды
каб выглянуць дзе. Тут жа вёска мая Зялёны Луг, — адказаў той, што тузаўся.
— Ты
ж гарадзкі, казаў, — азваўся ад дзьвярэй Сурвіла. — Паказваў на допыце: з
Камароўкі.
— То
ж жыў на Камароўцы. Як на чыгунцы рабіў. А нарадзіўся ў Зялёным... Да.
— Во
— выясьняецца! — мовіў Сурвіла. — А то ўсё — рабочы, чыгуначнік. Блытаеце
нешта, Шастак.
—
Нічога ня блытаю. Паходжаньнем зь вёскі. Але ж рабочы. Тое трэба ўзяць пад
увагу. I парцейны!
—
Быў, — каротка абвясьціў Сурвіла.
Рэпліка
былога чэкіста зачапіла балючую струну ў параненай душы рабочага Шастака, які
загаманіў, як пра што недагаворанае і балючае.
— Быў
і астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такі. Перад парціяй я чысты.
Машыну
моцна трасянула на нейкай калдобіне, паэт Фэлікс Гром аж войкнуў ад болю
ўсярэдзіне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:
—
Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу іх маць!..
— А
цішай нельга? — зласьліва папракнуў Сурвіла.
— А
што цішай?! Цішай-цішай! Ды пайшлі вы...
— Ты
хто? Як прозьвішча?
— А
табе што? Ты сьледчы?
— А
хоць бы й так.
— Ну,
Зайкоўскі. Калі сьледчы, дык, мабыць, запісана ў вашым сратым прыгаворы. Такую
іх маць... Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскі чмур! — вызьверыўся ён на
кагосьці ў цемры. — У мяне во рука зламаная...
Здаровай
рукой Зайкоўскі піхнуў у плечы суседа, які на паваротах няўзнак дужа хіліўся да
яго і вярэдзіў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся які
тыдзень таму на допыце, калі яго з паўгадзіны ахаджвалі два сьледчыя — малады,
танклявы, як гліст, і пажылы — вусаты, з ордэнам на гімнасьцёрцы. Дабіваліся
падпісаць, што ён польскі шпіён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвішчы Млынец.
Але Зайкоўскі ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскі
грабежнік, які надумаў ратавацца ад крымінальнага вышуку ў Менску. У Маскве за
ім лічылі аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (ці не
чатырнаццаць) і ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукі ні крымінальнаму
вышуку, ні ГПУ, ні міліцыі. Аж покуль яго ня выдала палюбоўніца Вандзя. Подлая
стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такі вёрткі і
ўцёк зь міліцыі, замачыўшы аднаго мільтона. I скеміў, што ў Маскве ягоныя справы
скончыліся, трэба рваць кіпці. Тады ён успомніў, што ў Менску некалі пражываў
ягоны дзядзька, зь якім ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў
патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вуліцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў
маху: дзядзька кудысьці вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылі іншыя
людзі, якія пра дзядзьку й ня чулі. Дзе было яго шукаць і дзе начаваць нават?
Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы — ня самае лепшае месца для такіх, як ён,
валацугаў. Але здорава нахадзіўся за дзень, прытаміўся, якраз лінуў дождж, і ён
думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў — заснуў. На вакзале яго і
ўзялі. Проста гэтак, з усьмешкай два мільтоны папрасілі прайсьці. Во і прайшоў
свой надта кароткі, блытаны шлях — ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I
цяпер — вышэйшая мера.
Каб
ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сілы, яшчэ ня ўсю яе
выбілі на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лічы, аднарукі. А з адной
рукой — квіты, і кранты. I Зайкоўскі толькі кусаў вусны — ад болю і роспачы,
што нічога ня мог перайначыць у сваім недарэчным лёсе.
Між
тым, аблаяны ім буржуйскі чмур Валяр'янаў адхіснуўся ад сварлівага суседа і не
прамовіў ні слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабілася навакол, і звыкла
жыў у сьвеце ўласных думак — адзіным сьвеце, у які мог не пушчаць нікога. Нават
у турме. Ні з кепскім, ні з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка
ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як і звычайная чалавечая спагада,
прыветнасьць, што абарочваліся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр'янава, што
пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, які
зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску і гадаваў двух маленькіх дзяўчатак.
Сястра паспагадала. Вясной пад каталіцкі Вялікдзень Валяр'янаў атрымаў на пошце
маленькі пакуначак зь нетутэйшымі штампамі, і знайшоў там дзьве дзіцячыя
сукеначкі, белыя панчошкі, безапасную брытву для сябе і пакецік цукерак у
блішчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялікая радасьць, ды й ён
парадаваўся — найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад
сястрычкі-гімназісткі, якую, думаў, назаўжды страціў у дзевятнаццатым годзе,
калі яны разьвіталіся ў Кіеве. Аднак нядоўгаю была тая іх радасьць. Не мінула і
месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалі. Жонка Дуся ўскочыла з ложка і
адразу залямантавала — яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся
адразу, адчыніў дзьверы і ўжо не зачыніў іх — зачынілі за ім чужыя. Таксама як
і за жонкай, якая білася ў істэрыцы і крычала, і кідалася на кожнага з цэлай
зграі чэкістаў, што пераварочвалі ў іхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо
назаўтра тыя сукеначкі і панчошкі сталі на сьледзтве рэчавымі доказамі ягоных
шпіёнскіх сувязяў з польскай разьведкай.
Гэта
быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыі. Ён ужо стаміўся апраўдвацца і на допытах
збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагі і пабоі як штось правамернае і заслужанае.
Паміж допытамі жыў у роспачных успамінах аб сваім даўнім, дарэвалюцыйным,
гэткім не падобным на цяперашняе, жыцьці. Хоць і там было рознае, але была
вучоба, вайсковая служба і нават два перадваенныя падарожжы — у Баварыю і
Аўстрыйскія Альпы. У Кракаве ён ніколі ня быў і ня думаў, што гэты незнаёмы
горад так трагічна прычыніцца да ягонага лёсу.
Часам
бывала, калі трохі сьціхаў вэрхал у камэры, Валяр'янаў маліўся — размаўляў з
Богам. Прасіў у яго — не за сябе — за двух маленькіх дзетак, што засталіся
цяпер немаведама дзе. Болей яму маліцца не было за каго. Прасіць Бога за жонку,
мабыць, ня мела сэнсу — ведаючы яе характар, Валяр'янаў думаў, што па-добраму
зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кідаецца, нібы тыгрыца, не паглядзіць, хто
перад ёй — сьледчы, канваір ці нават начальнік турмы, яна ня зважыць ні на чын,
ні на сілу. Арыштаваўшы, чэкісты павялі яе са зьвязанымі рукамі. З уласнага
досьведу Валяр'янаў ведаў, што такія характары ў турме доўга не вытрымліваюць.
Або іх забіваюць, або яны — самі забіваюць сябе. Страціўшы ў рэвалюцыі першую
жонку-дваранку, ён ажаніўся з дворнікавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер
прыйшоў іхны час. Але памыліўся. Час настаў, відаць, зусім непрыдатны ні для
тых, ні для іншых. Не далі жыць з Дусяй, не далі жыць і самой Дусі. I во
засталіся цяпер дзьве дзяўчынкі-дашкольніцы, што зь імі будзе?
Пра
тое, што неўзабаве будзе зь ім самім, Антон Аркадзевіч ня надта турбаваўся, ён
разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I
то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькі гадоў, — тэарэтычна тое было
немагчыма, — практычна ж неяк атрымалася. Толькі навошта? Што далі яму тыя
дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкі — за сябе,
за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабіў, што ажаніўся і
пусьціў на сьвет галоту, бязбацькавічаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькі і
маткі — на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзі. Вывеліся дарэшты. Асталася
надзея на сьвятое правідзеньне, на Госпада, які няўжо не паможа? Няўжо ня
возьме пад сваю боскую апеку маленькіх бездапаможных анёлкаў?
Падобна,
машына выехала з гораду, а можа, і збочыла з шашы. Рух яе прыкметна
запаволіўся, вялізную буду раз за разам трэсла і хістала на выбаінах, часам
здавалася, вось-вось яна спыніцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавік
Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу і беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць.
Чым далей ад'яжджалі ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода
адсідкі ён не сказаць, каб надта і непакоіўся — там у яго былі свае абавязкі:
дагадзіць сьледчым, запомніць і як мага дакладней перадаць ім, пра што гаварылі
арыштанты. Ужо другі год Шастак быў членам ВКП(б) і разумеў перадавую ролю
рабочае клясы ды ейнага авангарду — партыі бальшавікоў. Ён няблага працаваў у
дэпо, лічыўся ўдарнікам. Але калі ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме,
дык і тут трэба паводзіць сябе, як бальшавік: памагаць органам выкрываць
ворагаў. Усім ведама, што ворагі — страшэнна хітрыя людзі, яны ўсё тояцца,
хітруюць і ашукваюць; патрэбныя д'ябальскія высілкі, каб іх выявіць і пакараць.
I Шастак стараўся. Прыкідваўся дурнем, распытваў, слухаў і запамінаў, часам
даваў парады. Як гэтаму аднаасобніку Казлу. Прыгаломшанаму і скатаванаму на
першых допытах, параіў яму прызнацца ва ўсім і падпісаць, што патрабуюць
сьледчыя: маўляў, тады дадуць меней, а то й пусьцяць дамоў. А будзе ўпарціцца —
станецца горш, могуць і шлёпнуць. Казёл, здаецца, паверыў і пакрысе падпісаў. I
праўда, сьледчы Кутасаў Шастака не ашукаў: Казла перасталі цягаць на допыты,
той паспакайнеў і пачаў чакаць вызваленьня. Сьледчы пахваліў Шастака, які нават
парадаваўся за Казла, падумаў, можа, і сапраўды выпусьцяць. Але менавіта пасьля
гэтае справы з Казлом штось саскочыла і ў Шастака, падобна, у чымсь западозрылі
яго самога. Западозрылі, ведама, па-дурному, ні ў чым ён ня быў вінаваты, бо
ўсё рабіў, як казалі. I тое, што ад яго запатрабавалі падпісаць паказаньні аб
шкодніцтве на чыгунцы, сьпярша здалося яму непаразуменьнем. Але ягоны сьледчы
Кутасаў растлумачыў, што як член ВКП(б) ён абавязаны не пярэчыць органам, а
пасабляць ім у іхнай ганаровай рабоце. I павінны памятаць, што органы не
памыляюцца. Няхай нават каго абвінавацяць несправядліва, але так трэба, каб выкрыць
асабліва небясьпечных лазутчыкаў, што зацясаліся ў згуртаваныя рады партыі.
Зноў жа нехта павінны і ахвяраваць сабой, як гэта рабілі палымяныя
рэвалюцыянэры, — дзеля інтарэсаў рабочае клясы, у імя вялікіх ідэяў
Леніна-Сталіна. Партыя ацэніць усё па-справядлівасьці і не забудзе нічыіх
ахвяраў. Такі паварот справы ня дужа падабаўся Шастаку. Натуральна, ён гатовы
быў і далей дапамагаць партыі і яе органам, і ўжо нямала зрабіў для таго, але
адчуваў, што той шлях, на які яго падштурхоўваў сьледчы, усё ж тоіць у сабе
небясьпеку. Адзінае, што суцяшала яго, дык гэта тое бясспрэчнае меркаваньне,
што партыі лепей відаць, мабыць, так трэба, партыя не памыляецца. I, сьцяўшы
сэрца, ён пагадзіўся. Падпісаў паперы, быццам ён, Шастак Мікалай Іванавіч,
зьяўляецца ўдзельнікам групы шкоднікаў пад назвай “Наперад за свабоду” (НЗС),
якую ачольвае намесьнік наркама шляхоў зносін. Сказалі, што ён мог бы
ўдзельнічаць там і па заданьні органаў, і Шастак ужо ведаў, што бывае й так.
Галоўнае — пагадзіцца і падпісаць, а пасьля на судзе ўсё адкруцяць назад, і яго
апраўдаюць. Судзьдзі — яны кваліфікаваныя чэкісты, і свайго чалавека з органаў
не дадуць у крыўду.
Дагэтуль
у Шастака ўсё ішло быццам няблага. Яго ня білі на допытах, абыходзіліся
ветліва, з павагай, здаралася, нават частавалі гарбатай з цукеркамі. А тут
нешта перамянілася. Тыдні два яго зусім не вадзілі да сьледчага, быццам
забыліся, што ён тут сядзіць і чакае. Пасьля павялі на суд. Шастак думаў, што ў
адносінах да яго суд — пустая фармальнасьць, але на справе аказалася ня так. Не
фармальнасьць. Найперш да яго адразу зласьліва паставіліся канваіры, сурова
сустрэлі судзьдзі. Кароткі злы допыт здаўся яму недарэчным: мусіць, гэтыя
судзьдзі ня ведалі, што ў яго інакшая, чымся ў астатніх, справа. Пэўна, ня
ведалі. Магчыма, сьледчы Кутасаў штосьці не перадаў ім. Якіх папераў ці якіх
указаньняў. I калі яму аб'явілі: да вышэйшай меры з канфіскацыяй маёмасьці, ён
найперш шчыра зьдзівіўся. Але тут жа падумаў, што, мабыць, так трэба. Усё ж ён
там быў не адзін — іх было шмат, абвінавачаных ворагаў народа. Значыць, яго
трэба было прыкрываць, каб не западозрылі іншыя. Хоць бы й той самы Казёл
Аўтух, які таксама атрымаў вышку. А пасьля, можа, Шастака і выпусьцяць. Бо
завошта ж яго расстрэльваць? Яго ўзнагародзіць трэба за ягоныя пяцімесячныя
турботы ў турме, за паслугі, якія ён аказваў органам і партыі. Пасьля дзён
колькі ён цярпліва чакаў у камэры, ды марна. Тады пачаў патрабаваць сьледчага,
таго ж Кутасава. Аднойчы, калі ён, дужа затрывожаны, грукаў у дзьверы, увайшлі
два наглядчыкі й пачалі яго біць. Тады ён адчуў выразна, што ягоная справа
дрэнь. Але ўсё роўна не хацелася верыць у кепскае, чакаў, што нарэшце Кутасаў
яго пакліча, і ўсё стане, як трэба. А калі ня кліча, то, можа, яго няма ў
турме, можа зьехаў куды ў камандзіроўку. У Маскву. Ня мог жа ён забыцца, што ў
турме-“амэрыканцы” яго чакае верны памагаты органаў, партыец Шастак.
Ён
выглядаў сьледчага ўначы на падворку, як іх вывелі для пасадкі ў машыну, але
сьледчага не было і тут. Бы скрозь зямлю праваліўся. Тады Шастак пачаў думаць,
што, мабыць, той зьявіцца перад самым расстрэлам і ў апошні момант адлучыць яго
ад іншых. I ён думаў, што галоўнае для яго цяпер, як і раней, — не раскрыцца,
не зазлаваць, да канца выканаць свой сакрэтны абавязак. Тады ўсё будзе добра.
Павінна быць добра.
Машыну
дужа пахіліла набок, страсянула, матор, чутна было, гучна зароў, але, падобна
на тое, яны спыніліся. Сурвіла прыкладна вызначыў, дзе — у лагчынцы, дзе заўжды
была разьбітая дарога, і ў мокрыя дні стаялі глыбокія лужыны. Надоечы якраз
пачаліся дажджы, лужыны маглі й пабольшаць. Седзячы ля дзьвярэй, ён слухаў, як
пад машынаю марна шархацелі ў каламуці колы — машына буксавала. Наперадзе
бразнулі дзьверцы кабіны, і пачуўся голас — гэта вылез на дарогу памкамэнданта
Косьцікаў, які цяпер ехаў выканаць прысуд.
—
Лявей, лявей бяры ты, ахламон! — раздражнёна гукаў ён да шафёра, які старанна
газаваў маторам. Але машына толькі тузалася на месцы, камякі гразі ляскаталі па
яе жалезным днішчы.
— Дай
я...
Пачаў
газаваць Косьцікаў — і дужа, і цішай, але, падобна, дарма, — яны толькі глыбей
садзіліся ў багну.
Некалі
гэтага Косьцікава, тады маладога хлопца, які толькі пачынаў службу ў органах,
перавялі з раёну ў іхную ўправу турмы. На працы яго першым сустрэў Сурвіла, які
тады заступіў на дзяжурства. Хударлявы, нясьмелы Косьцікаў уважна слухаў аповед
пра заведзеныя ў турме парадкі, абавязковыя строгасьці з арыштантамі. Усё тут
было яму новае, Сурвіла ж ужо меў сякі-такі досьвед. Тады ён параіў маладому
чэкісту, дзе пашукаць кватэру, і той сапраўды знайшоў ладны дамок ля
Кальварыйскіх могілак; неўзабаве запрасіў Сурвілу на госьці, і яны добра там
выпілі. Празь нейкі час Сурвіла перайшоў у сьледчы аддзел на павышэньне, а
Косьцікаў застаўся ў камэндатуры на ягонай пасадзе памочніка камэнданта. Цяпер,
калі чэкісцкая служба Сурвілы гэтак трагічна канчалася, як бы той самы
Косьцікаў не заняў ягонае месца ў сьледчым аддзеле. Што ж, Сурвіла ня меў
падставы пярэчыць: Косьцікаў хлопец талковы, сапраўдны чэкіст, не глядзі, што
малады гадамі.
Урэшце
памкамэнданта, відаць, зразумеў, што сілаю рухавіка з багны ня вылезьці.
Уключыўшы малы газ, ён выскачыў з кабіны і забразгаў засовам машыны.
— Ану
— падпіхнём! Ты, Мікалай, і ты, Казёл, вылазьце!
Яны
сядзелі блізка ля дзьвярэй і згодна падняліся. Сурвіла рашуча скочыў ботамі ў твань,
а Аўтух замарудзіў, ня ведаючы, куды тут ступіць. Але Косьцікаў зноў злосна
прыкрыкнуў, і Аўтух няспрытна плюхнуўся лапцямі ў ваду.
—
Давай! Як я скажу, — камандаваў Косьцікаў, стоячы на ўзбочыне. — Шафёр, паддай
газу! Ну, раз, два — узялі!
Што
было сілы яны пачалі піхаць у зад нізка аселай буды — Сурвіла з аднаго боку,
Аўтух — з другога. Вакол было цёмна. Збоч ад дарогі чарнеўся ў тумане лес, з
начнога перадранішняга неба церушыў дробны дожджык. Колы шалёна кідалі ў іх
ашмёткамі гразі. Сурвілава скуранка стала хутка макрэць, таксама, як і руды
суконны Аўтухоў армяк. Яны дужа стараліся, упіраючыся нагамі ў гразкае дно
лужыны, але машына ня зрушвалася зь месца, мусіць, села, як трэба. Калі
Косьцікаў зразумеў гэта, то крыкнуў шафёру, каб перастаў газаваць, — па-дурному
паліць бэнзын. Цяжка дыхаючы, Сурвіла з Аўтухом выпрасталіся. У той час з буды
пачуўся глухаваты Шастакоў голас:
— Дык
гэта... Пусьціце і мяне. Пасаблю...
—
Давай! — сказаў Косьцікаў і, ступіўшы адною нагой у багну, адчыніў дзьверы. Шастак
рашуча скочыў у гразь. Косьцікаў зноў прычыніў дзьверы.
— А
ці трэба? — ціха сказаў да яго Сурвіла.
—
Нічога! — махнуў рукой памочнік камэнданта.
— Не
ўцякуць...
Ужо
ўтрох яны зноў пачалі піхаць машыну, але ўсё марна, тая тузалася, дрыжэла ад
натугі, а не краналася зь месца. Разам зь ёю ўсім целам тузаўся ў будзе паэт
Фэлікс Гром. Ён думаў, што, мабыць, трэба было б і яму вылезьці і памагчы, усё
ж няёмка сядзець, калі побач надрываюцца людзі. Але яго ня клічуць і, мабыць,
не паклічуць. Ён вораг. I ўжо куды большы, чым ягоны аднавясковец Аўтух ці
рабочы-партыец Шастак, ня кажучы ўжо пра чэкіста Сурвілу. Чаго тут гэты
Сурвіла, Фэлікс Гром не зразумеў дагэтуль. Справу таго разглядалі асобна ад
іхнай, і, папраўдзе, ягоны лёс ня дужа й цікавіў паэта. Зрэшты, як і лёсы
астатніх, апроч хіба ягонага земляка Аўтуха. Дзіўна, аднак, што справу
камсамольца-паэта зьвязалі з асобаю аднаасобніка, зь якім ён нічым зьвязаны ня
быў, апроч хіба таго, што паходзіў з той самай вёскі. Фэлікс Гром быў ужо
заўважаны ў літаратуры, а Казёл Аўтух, з прычыны свае малапісьменнасьці, наўрад
ці чытаў нават газэты. Але во зьвязалі абодвух. Не адразу і, мабыць, толькі
тут, у турме, Фэлікс зразумеў, што трапіў у пастку не таму, што пачаў пісаць
вершы, а што пачаў іх пісаць па-беларуску. Расейскія вершы не выклікалі да сябе
і дзясятай долі тае ўвагі з боку рэдактараў і крытыкаў, якую выклікалі
беларускія. I ён думаў цяпер, які д'ябал падбіў яго да паэзіі, тым больш —
беларускай. Калі папраўдзе, дык ён нашмат больш падабаў расейскую — Пушкіна,
Лермантава і асабліва Фета. Але пісаць так, як некалі пісаў Фет, было
немагчыма, яго засьмяялі б свае ж сябры-камсамольцы. Належала браць прыклад з
Маякоўскага, які зусім не падабаўся Фэліксу Грому. I ён памкнуўся да
згуртаваньня “Маладняк”, у які дружна паўступалі іншыя маладыя паэты, і пачаў
пісаць, як яны, — знарок прыўзьнята, задзірыста, “бурапенна”. Стараўся
перайначыць у сабе прыроджаныя, а значыць, абыватальскія схільнасьці і густы —
усю гэтую любасьць да бору і лесу, нязначных праяваў жыцьця, засвоіць іншую
эстэтыку, інакшы слоўнік, напоўнены грымотай заводзкіх цэхаў, дымам фабрычных
труб, калектыўнай працай людзей, будаўнікоў камунізму. I, здаецца, нешта ў яго
пачало атрымлівацца. Газэта “Савецкая Беларусь” у аглядзе паэзіі памянула
ягонае прозьвішча ў ліку маладых пралетарскіх паэтаў. Нават надрукавала адну
страфу зь яго лепшага, на думку крытыка, верша над назвай “Майскія радзіны”:
Грымяць
і стукаюць машыны,
турбіны
радасна гудуць, —
спраўляюць
майскія радзіны,
гэта
ўдарнікі ідуць.
Акрылены
афіцыйным прызнаньнем свайго таленту, Фэлікс напісаў яшчэ з тузін падобных
вершаў і адчуў сябе запраўскім песьняром пралетарыяту.
Усё ў
яго ішло добра, і раптам гэты недарэчны арышт. Пэўна, хтось на яго настукаў,
данёс за якое неасьцярожна, па п'янцы сказанае слова. У турме сьпярша дапытвалі
толькі пра вершы ды размовы ў асяродзьдзі паэтаў, а пасьля, мабыць, сьцяміўшы,
што з таго будзе невялікі набытак, зьвязалі ягоную справу зь дзядзькам Аўтухом
— прызнавайся, што польскі шпіён! Здаецца, таго ж дамагаліся і ад Аўтуха. I
дамагліся. Па сваёй сялянскай дурноце ці, можа, не стрываўшы зьдзекаў на
допытах, Аўтух падпісаў паказаньні, нібыта Фэлікс Казёл завэрбаваў яго ў агенты
дыфэнзывы, каб той хадзіў празь мяжу. Трэба было яму вэрбаваць гэтага
маласьвядомага аднавяскоўца? I навошта яму патрэбная была тая мяжа? I навошта
патрэбна было фальсыфікаваць усё тое органам?
Штурханіна
і ляскат колаў знадворку раптам спыніліся, адно ледзь чутна гудзеў матор.
Панылы голас чэкіста абвясьціў:
— Ну
што? Селі?
—
Селі на дзіфер, — сказаў Шастак.
Фэлікс
Гром далікатна пастукаў у дзьверы.
—
Можа, і я памагу? Усё ж учатырох...
Адтуль,
знадворку, ніхто не адказаў, але дзьверы, бразнуўшы, расчыніліся.
— Ану
давай усе! Усе вылазь, маць вашу за нагу. I піхаць! Дружна, усе разам! —
закамандаваў памочнік камэнданта з напускной, аднак, злосьцю.
Менавіта
такая яго злосьць не палохала і не абражала. I Фэлікс падумаў, што, можа, гэты
чэкіст і не такі ўжо благі чалавек. За два месяцы турмы, допытаў і катаваньняў
ён натрываўся рознага і ўжо думаў, што сярод іх няма ніводнага людзкага
чалавека, адныя зьвяры. А так хацелася хоць пры канцы сустрэць чалавека з
дабрынёй у душы, які б паставіўся да небаракі калі не з разуменьнем, дык хоць з
маленькаю да яго спагадай. Усё ж ён быў чалавек. Хоць і паэт. I вораг,
прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня.
Фэлікс
Гром скочыў у цемру, адразу ледзьве не да каленяў трапіўшы ў каламутную багну
дарогі. Аднак астатнія двое за ім не пасьпяшаліся, і памкамэнданта Косьцікаў
зноў перайшоў на свой звыклы, зьедлівы крык:
— Ну
вы! Доўга чакаць, маць вашу растак!
— А
скульля табе! — пачулася з буды, — гэта спакойна азваўся грабежнік Зайкоўскі. —
Я прыгавораны, мне не паложана штурхаць машыну.
— Як
гэта — не паложана? — апешыў Косьцікаў.
— А
так! Крымінальны кодэкс РСФСР, стацьця сто дваццаць сем прым. Чытаў?
Азадачаны
Косьцікаў на хвіліну змоўчаў, шырока расставіўшы ля буды ногі, каб ня ўлезьці ў
самае глыбокае месца. Цяжка сапучы ад перастомы, маўчалі іншыя. Фэлікс Гром
ямчэй прыладжваўся ў лужыне, каб спрытней было папіхаць з твані. Нарэшце
Сурвіла сказаў:
— Ды
залівае ён! Ніякай пра гэта стацьці няма...
— Хай
і няма. Усё роўна ня выйду. Хоць задавіцеся! Прысудзілі расстраляць, дык
будзьце любезныя даставіць у цэласьці і сахраннасьці да месца казьні. Панятна?
—
Зараз я табе пакажу месца казьні! — ускіпеў Косьцікаў і дастаў з кабуры
пісталет. — Будзеш у мяне ў гразі валяцца, як дохлы пёс, бандыцкая твая морда!
— страшна пагражаў ён. Аднак да дзьвярэй ня лез — усё баяўся трапіць у глыбокае
месца багны.
— А
што табе начальства скажа? — чулася з машыны. — Вёз — не давёз...
Падобна,
становішча ўскладнялася. Аддзелены шырокаю лужынай, Зайкоўскі пакуль заставаўся
недасяжны.
— Ну,
падла, ты ў мяне дачакаесься! Я на цябе абоймы не пашкадую. Пасьледавацельна!
—
Давай, дуй! Пасьледавацельна...
Апошнія
словы Зайкоўскага Косьцікаў пакінуў, аднак, без увагі — яго турбавала іншае. Ён
моўчкі агледзеў у цемры змакрэлыя постаці асуджаных, нібы палічыў іх.
— А
там буржуй гэты, — падказаў Шастак.
—
Белагвардзеец, — удакладніў Косьцікаў. — Ану вылазь, гражданін Валяр'янаў! Ваша
сранае благародзьдзя!
З
буды паказалася лысая, бяз шапкі галава Валяр'янава, які сьпярша сеў на парог,
пашукаў, на што абаперціся нагамі, нерашуча перабраў побач рукамі.
—
Сігай, ня трусь! — падбадзёрыў яго Сурвіла. Белагвардзеец, аднак, не сігануў,
а, ухапіўшыся за плячо Аўтуха, грузна апусьціўся ў лужыну.
— Ну
— узялі! Раз, два — узялі! — трохі адышоўшыся ўбок, закамандаваў Косьцікаў, усё
размахваючы пісталетам.
Яны
зноў узяліся піхаць. Шафёр газаваў рыўкамі, спрабуючы скрануць машыну з глыбока
выкапанай коламі ямы. А ў зачыненай будзе чуўся прыглушаны, бы здаля, голас
пакінутага ў адзіноце Зайкоўскага.
—
Піхайце, піхайце! Дружней піхайце, жалкія рабы сацыялізму! Гнюсныя прыслужнікі
трацкістаў! Піхайце на сваю пагібель! Шчыруйце за крывавы ЧК! Давайце, дружней!
Мацней, крэпчэ і вышэ!..
— Ты
глядзі! — цяжка соп ля буды Шастак. — Тут кішкі рвеш, а ён там абражае. Во,
сачок пракляты!..
—
Давайце дужэй, пралетарскае адродзьдзе! То вам зачцецца бальшавіцкаю куляй!..
—
Замоўкні! Я загадваю замоўкнуць! Буду страляць, — гразіўся Косьцікаў, тупаючы
на ўзбочыне ля машыны.
Аднак
асуджаны Зайкоўскі не сунімаўся і яшчэ крычаў штось — нядобрае і абразьлівае.
Тады Сурвіла першы адарваўся ад вугла буды і параіў:
— Ды
страляні ты яму ў ягоную глотку! Дакуль слухаць будзем?
—
Лічу да трох і выпускаю ўсю абойму!
—
Выпускай! Калі казённай машыны ня жалка... — неслася з буды.
Аднак
не пасьпеў Косьцікаў пачаць свой адлік, як матор дужа стрэльнуў выхлапам і
заглух. З-пад машыны напасьледак пыхнула сінім дымком, зрабілася зусім ціха.
— Што
такое? — зьнерухомеў Косьцікаў.
—
Усё. Бэнзын скончыўся, таварыш памкамэнданта, — глуха азваўся з кабіны шафёр.
Косьцікаў вылаяўся.
Усе
стаялі моўчкі, быццам расчараваныя або ашуканыя чымсьці. Сапраўды, гэтак
стараліся, столькі патрацілі высілкаў, і ўсё марна. I зноў прыйдзецца пачынаць
спачатку.
—
Так! — пасьля нядоўгай маўклівай паўзы вызначыў Косьцікаў. — Шафёр, давай дуй у
гараж. Хай прысылаюць бэнзыну.
— Хай
Чысьцякову скажа, — параіў Сурвіла. — Чысьцякоў у курсе. Пад'едзе.
— I
далажы дзяжурнаму, — удакладніў памкамэнданта. — Давай, дуй! Хутка!
Малады
баец-шафёр зморана патрухаў па дарозе ў горад. Асуджаныя паволі выбраліся з
гразі на сушэйшую ўзбочыну. Усе чакалі, што далей закамандуе іхны начальнік.
Той аднаруч расшпіліў шынэлак, з другой рукі не выпускаючы пісталета.
—
Так! Думаеце цяпер пашабашыць? Чорта з два! Ану бярыцеся! Зноў штурхаць будзем.
Ня
надта ахвотна ўсе зноў паўлязалі ў багну і зноў уперліся рукамі ў запэцканы
гразёй зад машыны — Сурвіла і Шастак — па вуглах, Аўтух і Фэлікс побач.
Валяр'янаву дасталося самае гіблае месца — пасярэдзіне. Машына грунтоўна
асталявалася на самай глыбіні лужыны, і, здавалася, вось-вось паплыве па ёй. Ды
не плыла, нават ня краталася зь месца. Косьцікаў, размахваючы пісталетам, зноў
пачаў дырыжыраваць з узбочыны, а яны, месячы нагамі багну, піхалі і піхалі.
Аднак
зноў усё было марна. Машына асела зусім нізка, і, падобна, ніякая сіла не магла
яе вывалачы з дарожнае прорвы. Празь нейкі час уладны голас памкамэнданта
заглух, і яны расслабілі рукі.
— Так
ня пойдзе! — з горыччу загаманіў Шастак. — Калі піхаць, дык трэба ўсім піхаць.
А то як у брыгадзе — адзін укалвае, а другі адлыньвае.
— Хто
гэта адлыньвае? — насьцярожыўся Сурвіла.
— А
то ня бачыце? Во буржуй гэты! Толькі за борт трымаецца.
Валяр'янаў
ніякавата сьцепануў плячыма.
— Я
не трымаюся...
— Ну
як жа! Хіба ня бачыў! Яшчэ адпіраецца, — не сьціхаў Шастак. — Дзеля прыліку
толькі...
— Хто
яшчэ бачыў? — насупіўся Косьцікаў. Астатнія, аднак, маўчалі, і памкамэнданта
пачаў пэрсанальны допыт:
—
Аднаасобнік, бачыў?
— Не,
не. Нічога ня бачыў.
— А
ты, паэт?
Фэлікс
Гром ніякавата пераступіў у лужыне, каламуцячы і без таго скаламучаную твань.
— Ну,
можа, і ня дужа... Усё ж чалавек у гадах, — няпэўна адказаў ён.
—
Ага, у гадах! Значыць, ня можа? А шкодзіць савецкай уладзе можа? Так, я сам
прасачу за кожным. Сачка прыстралю без разгавораў. I кіну пад колы. Тады
вылезем.
Фэлікс
Гром сам піхаў, лічы, адною рукой, другой ня мог высока ўзяцца — балела ў
грудзях. I цяпер ён спалохаўся, каб таго ня згледзеў пільны Шастак ці нават сам
памкамэнданта Косьцікаў. Што яму перашкодзіць тут выканаць сваю пагрозу:
прыстрэліць і кіне ў гэтую багну. Ад аднае думкі пра тое Фэлікс здрыгануўся і
страхавіта зірнуў на цьмяную постаць у шынялі на ўзбочыне.
Яны
зноў піхнулі. На гэты раз па камандзе і з усяе сілы, у Фэлікса Грома ад болю аж
пацямнела ўваччу. Побач, адчуваў ён, нямала высільваецца і белагвардзеец-буржуй
Валяр'янаў, — мабыць, таксама пабойваецца чэкіста. Хоць, калі падумаць, чаго
ўжо было ім баяцца, куды імкнуцца? Наперад, да свае сьмерці? А можа, справа ў
тым, што кожны быў пастаўлены перад просьценькім выбарам, дзе лепей легчы — у
пясчаную сухую зямельку ці ў гэтую багну, ад якой у яшчэ жывых да каленяў
задубелі ногі. Так можна і прастыць, з іроніяй вісельніка падумаў паэт Фэлікс
Гром. Свой катафалк яны ж самі і штурхалі да месца паховін. Гэта было штосьці
новае ў спрадвечным абрадзе пахаваньняў. Ці адмысловых мэтадаў катаваньня? Во
пра што варта было б напісаць верш, баляду ці сагу. Але не распаўсюджаным
ямбам, а каб гекзамэтрам, як Гамэр. Мабыць, Гамэр быў бы самым прыдатным паэтам
для гэтай праклятай эпохі...
—
Раз, два — узялі!... Ану — рушылі! Яшчэ раз! Яшчэ! — дзікім голасам крычаў
побач Косьцікаў. — Не адлыньваць! Дужэй! Яшчэ дужэй!...
Разы
два ён пальнуў угару зь пісталета, прымусіўшы здрыгануцца іх, спатнелых і ўжо
дашчэнту зьнясіленых. “Давай! Давай!” I во, дзіва — машына трохі скранулася.
Яны, узрадаваныя, паддалі яшчэ болей, напяліся рукамі і нагамі, і яна трохі
пасунулася, папаўзла ў твані. Тыя, што былі пасярэдзіне — Гром і Валяр'янаў,
улезьлі ў самую глыб, але не адступіліся, не прыбралі ад буды рук. I ўрэшце ўсе
разам выпхнулі перапэцканую гразёй машыну з самага глыбокага месца. Хоць гразка
было скрозь па дарозе, але ўшчэнт раскаламучаная лужына засталася ззаду, і яны
зьнямогла спыніліся.
— Ну
во, такую вашу маць! — амаль ласкава вылаяўся памкамэнданта. — Што значыць,
умелае кіраўніцтва! А то — аслабелі, сілы мала... Прымусіць трэба! Дзесяць
мінут перакур! — аб'явіў ён і адышоўся на сушэйшае каля канавы месца.
За ім
нерашуча павылязалі з гразі асуджаныя, пакорліва стоўпіліся побач. Чэкіст
засунуў пісталет за борт шыняля і вынуў з кішэні пачак “Беламору”. Найперш, як
сябру, працягнуў пачак Сурвілу.
—
Частуйся...
Той
гразкімі пальцамі ашчадна дастаў з пачка адну папяросу, зважліва прыкурыў ад
падстаўленай у прыгоршчах запалкі. Над дарогай паплыў араматны тытунёвы дымок.
— За
ўдарную работу па ліквідацыі ЧП пры выкананьні заданьня аб'яўляю
благадарнасьць, — з фальшывай урачыстасьцю аб'явіў Косьцікаў.
Асуджаныя
нібы страпянуліся на дарозе ад тых даўно сьцёртых з памяці словаў, адчуўшы ў іх
пранізьлівы водгук назаўжды адрэзанага ад іх жыцьця. Тут і цяпер яны зразумелі
тое як жарт, але й жарт быў адзнакай жыцьця, недасяжнасьцю якога нібы дражніў
іх гэты незразумелы чэкіст, чым рабіў ім яшчэ больш балюча.
Адзін
толькі Шастак, здаецца, гатовы быў усур'ёз прыняць сказанае.
—
Дзякуй, таварыш... Грамадзянін начальнік. Каб гэта залічылася...
—
Залічыцца, залічыцца, — няпэўна паабяцаў памкамэнданта.
— На
тым сьвеце, — ухмыльнуўся Сурвіла.
—
Чаму на тым? — не пагадзіўся ягоны калега. — I на гэтым. Я вам прадастаўлю
самую лепшую ямку. Сухую, з жоўтым пясочкам... Ня горш, чым ударнікам
сацыялістычнага спаборніцтва.
Было
не зразумець, казаў ён тое сур'ёзна ці хітравата зьдзекаваўся зь іх, у ранішнім
прыцемку быў кепска відаць выраз ягонага заўжды жвавага маладога твару. Але
голас здаўся зусім памяркоўным і добразычлівым, і тое міжволі заспакойвала.
— Ну
але ж во я — невінаваты, — ступіў наперад Шастак. — Ну, праўда. Во той сьледчы
таварыш Кутасаў ведае. Я ня шкоднік.
Косьцікаў
смачна зацягнуўся папяросай і разважна выпусьціў даўгі струмень дыму.
— Ну
ведама, невінаваты. Калі б ты быў вінаваты, табе б на сьледзтве кішкі выматалі.
Косьці б пераламалі. Жонку б на тваіх вачах таго... Калі б быў вінаваты. А так
— спакойна застрэлім на сасновым пагорачку. I ўсё. Праўда, буржуй? — раптам
зьвярнуўся ён да Валяр'янава, які стаяў трошкі збоч ад астатніх.
Падобна,
ён хацеў зачапіць Валяр'янава, але той не адказаў на ягонае пытаньне. Ды ён яго
й не пачуў, гэтага маладога, самаўпэўненага чэкіста. Ён ужо нямала пабачыў іх
на сваім вяку, пачынаючы зь дзевятнаццатага году, калі яго расстрэльвалі ў
Алушце. Ён думаў пасьля, каб тады расстралялі, дык не было б тых пакут і
прыніжэньняў, якія ён перажыў за ўсе наступныя свае гады. Але ў Алушце не
расстралялі. Толькі давялі да дыстрафіі і выпусьцілі паміраць самахоць. I гэта
пратрымаўшы тры тыдні сярод паўсотні былых афіцэраў Добраахвотніцкай арміі ў
сырым вінным склепе бязь ежы і вады, не выпускаючы па натуральнай патрэбе.
Гэтае апошняе дапякала Валяр'янава болей за голад і смагу, ён доўга ня мог
прызвычаіцца хадзіць па-большаму і малому на вачах у натоўпу розных чынам і
векам людзей і ўжо тады зразумеў нялюдзкую сутнасьць чэкістаў. Яны — нелюдзі,
так і трэба было іх разумець, калі толькі нармальным розумам магчыма было што
зразумець. Родны брат Валяр'янава, мілы паручнік Аркадзь Аркадзевіч, так і не
зразумеў, мабыць, з кім мае справу — гарачыўся, пратэставаў, спрачаўся. I
звар'яцеў. Прыстрэлілі, бы сабаку, і кінулі ў прыдарожны быльнёг. Ён жа вось
выжыў галоўным чынам таму, што не пратэставаў, ніколі ні з кім не спрачаўся,
паводзіў сябе ніжэй за траву, цішэй за ваду. Зрэшты, і чаго дачакаўся? Таго ж,
што і брат. Толькі гадоў на пятнаццаць пазьней. Ці варта было ашчаджацца?
Тым
часам пачало днець. Абапал дарогі выплыў са змроку восеньскі палявы прасьцяг з
пагорачкам зводдаль і прыдарожным хмызьняком паблізу. Зьверху то імжыў, то
пераставаў дробны дождж, з поля дзьмуў вільготны заходні вецер. На пагорак
бегла гразкая разьежджаная дарога з налітымі дажджом каляінамі. Гараджане тут
езьдзілі нячаста, а каляіны былі ад машын наркамату ўнутраных справаў, які
толькі й карыстаўся той дарогай. Асабліва ноччу. А то, бывала, і ўдзень, пад
час маскоўскіх праверак, калі ў горадзе тэрмінова разгружаліся турмы.
Тое,
што Валяр'янаў ніяк не адрэагаваў на заўвагу, не спадабалася Косьцікаву.
— Ты,
буржуй! Да цябе абрашчаюцца!
— Я
чую, — ціха, аднымі вуснамі адказаў Валяр'янаў.
—
Дзяч маёй дабрыні. Хацеў прыстрэліць.
—
Дзякуй...
— Во!
А то не напомніш — не падзякуюць. Буржуйская нявыхаванасьць...
— Да
сваіх яны дык дужа добра выхаваныя, — падхапіў Шастак. —Усё: благадару,
благадару...
— Да
сваіх. Але не да пралетарыяту, — заўважыў Сурвіла. — Пралетарыі— іхныя ворагі.
—
Мабыць, мала стралялі, — сказаў Шастак.
—
Стралялі ня мала. Але ўсіх яшчэ не перастралялі. Усё за віной гналіся. За
даказацельствамі і прызнаньнем. Болей паперкі пісалі, — як пра штось набалелае,
з горыччу зазначыў Сурвіла.
— А
што пісаць? — зьдзівіўся Шастак. — Хіба адразу не відаць: контра. Во гэты:
камізэлька, гамашы, кавэркот...
—
Можа, яшчэ і гальштук завязваў? — прыгожа заўсьміхаўся Косьцікаў.
—
Завязваў, — ціха адказаў Валяр'янаў. — Як кожны інтэлігентны чалавек...
— Вы
паглядзіце: яго арыштоўваюць, а ён завязвае гальштук. Хіба павесіцца ў турме.
— Каб
ухіліцца ад пакараньня, — сказаў Сурвіла. — Ну, такі нумар у нас ня пройдзе. У
нас парадак!
Каб
яны задушыліся зь іхнымі парадкамі, — дрыжучы на ветры ад макрэдзі, сярдзіта
думаў Аўтух Казёл. З рознымі іх парадкамі ён ужо нямала пазнаўся, і ня толькі ў
турме. Асабліва апошнія гады, як сталі яго дапінаць за аднаасобніцтва. I было б
за што? Хіба ён супраць савецкай улады ці супраць камуністаў? Але ж ён мусіў
карміць сям'ю, жыць з уласнае працы. А яму кажуць: у калгас. Паглядзеў ён, як
тыя разумныя гаспадарылі ў іхным калгасе. Нявыбраная бульбачка гніла ў зямлі да
маразоў, убранае збожжа прападала нявысушанае ў арцельным гумне. Інвэнтар за
два гады разваліўся дашчэнту, не было каму паправіць калёсы. Умелыя паўцякалі ў
сьвет, разумных перасаджалі, а хто застаўся? Бабы ды нямоглыя дзяды. I, ведама,
ягонае аднаасобніцтва сталася ім бяльмом у воку. Вясной абрэзалі зямлю,
пакінулі адно балотную няўдобіцу з хмызьняком. Пойдзеш у калгас? Не, не пайду.
Тады абрэзалі пожні, каб не было дзе напасьвіць кароўку. Затым пастанавілі
ліквідаваць гумно, бо, ці бачыце, будавалі калгасную абору, спатрэбіліся
матэрыялы. Асець, пуню і ток — усё перавезьлі ў калгас, дзе за зіму тыя бёрны
расьцягалі на дровы. Ужо ня стала куды выпусьціць і курэй. Зноў прыехала
начальства: ну, пойдзеш у калгас? Сказаў: не пайду, на сваёй зямлі паміраць
буду. Дык трактарам перааралі дарогу — ад хутара да бальшака. Каб не пратаптаў
сьцежку, засеялі вікай. Абмінаў тую віку за вярсту па лесе. Тады сказалі, быццам
ён празь лес ходзіць у Польшчу. Каб ім да свае магілы гэтак хадзіць, думаў
Аўтух.
Ужо
ўсё абабралі. Абрэзалі па самыя вокны, а тады пачалі зарыцца на ягонага
маладога каня. Свае зрабіліся, як дэрбіны — ад бяскорміцы ды непасільнае працы,
а ягоны конік быў, як намаляваны. Выгадаваны з жарабя ад уласнай кабылкі, ён
быў мілы гаспадару, можа, болей, чым жонка, чым нават дарослыя дочкі. Бывала,
Аўтух возіць з поля снапы і да вечара так уходаецца, што ня мае сілы сесьці за
стол. I ня дзіва: цэлы дзень на кожнай горцы падстаўляе пад брыку плячо,
папіхае; нібы ў парцы, памагае везьці. Праўда, і конік нібы разумеў гаспадара,
стараўся, выжыльваўся на маладых тонкіх нагах, вёз усё, колькі ні накладзі ў
воз. Як было аддаць такога на безуважнае арцельнае карыстаньне, дзе б яго
заезьдзілі за адно лета, надарвалі, сапсулі. Дык скралі. Надвячоркам адвёў
папасьвіцца на сьвежую атаву, спутаў, ды не надзеў замок, пашкадаваў
натруджаныя за дзень ногі. I скралі. Аўтух адразу ўведаў, хто, зрэшты, пра тое
ведала ўся вёска, быў у іх адзін такі злодзей, скраў ён у Аўтуха ня ў першага.
Кінуўся Аўтух у міліцыю, у раён, да пракурора. I нічога. Усе ветліва слухалі і
нават спачувалі, але шукаць і ня думалі. А тое, што ён сам паказваў на злодзея,
пад увагу ня бралі. Казалі, патрэбныя доказы, а доказаў няма. Але якія яшчэ ім
доказы, калі ўсім навакол ведама, што гэты Балазей здаўна крадзе коней і збывае
цыганам на Палесьсі. Аказваецца, не. Трэба доказы. Такі парадак.
Там
патрэбныя былі адмысловыя доказы, а вось тут можна караць і бяз доказаў. Аўтух
ніколі й не падумаў хадзіць за мяжу, начарта яму трэба была тая Польшча, а яны
кажуць: хадзіў. Быццам яны яго там злавілі. Ці хоць бы там хто яго бачыў. Але
напісалі, хадзіў, і ўсё. Прызнавайся!
I ён,
дурань, прызнаўся, паслухаўся гэтага партыйца і падпісаў, што падсунулі. Думаў,
тым выгадае. А ня выгадаў — прагадаў дашчэнту. Стаўся польскім шпіёнам. Во
зрабіў падаруначак сабе і дочкам. I ўсёй радні. На ўсё іх жыцьцё...
—
Бальшавіцкі парадак! — згодна пацьвердзіў Шастак. — Мыша не праскочыць.
— А
ты памаўчы! — нечакана абрэзаў яго Косьцікаў. — Ты — здраднік.
— Я?
— пабялеў ад крыўды Шастак.
— Ты,
ты, — роўным голасам паўтарыў памкамэнданта. — Вось той, — ён кіўнуў у бок
Валяр'нава, — той ня здраднік, бо ён вораг адкрыты. Белы афіцэр, і так далей. А
ты — і нашым, і вашым.
— Я
ня вашым... То есьць, ня нашым! — ад хваляваньня пачаў блытацца Шастак. — Я
служыў партыі, я бальшавік. Мяне тут гэта. Па ашыбке.
—
Ладна, — махнуў рукой Косьцікаў. — Разьбяруцца.
Як
гэта — разьбяруцца? — ня мог зразумець Шастак. Хто разьбярэцца? I калі
разьбяруцца? Што гэта ўсё значыць? Вельмі няпэўныя былі тыя словы чэкіста, але
ў свае няпэўнасьці яны несьлі нейкі зародак выратоўчай надзеі. А раптам і
сапраўды яшчэ ня ўсё страчана? Штосьці яшчэ направіцца? I Шастак, апанураны і
адначасна трохі абнадзеены, з зацятай крыўдай у душы адступіўся ўбок. Бліжэй да
памкамэнданта падышоў Сурвіла.
— Ты
гэта, скажы, — ціха, падобна, каб ня чулі іншыя, запытаўся ён. — I мяне?
— I
цябе, — зірнуў на яго сьветлымі вачыма Косьцікаў. Сурвіла зрабіў выгляд, што
тое яго надта зьдзівіла.
— Зь
імі во — разам? — кіўнуў ён на астатніх.
— Ну,
гэта... Паглядзім, — няпэўна сказаў чэкіст і пусьціў густы струмень дыму ў твар
былога калегі.
Ад
тых словаў Косьцікава ў Сурвілы таксама зьявілася маленькая надзея. Ведама, у
яго і ў думках не было, што нядаўні калега пашкадуе яго, ня выканае прысуд. Ці
нават ня так яго выканае. Але, напэўна, ён усё ж мог трохі перайначыць тое
выкананьне, зрабіць яго па магчымасьці прыстойным для свайго чалавека-чэкіста.
Хоць бы і асуджанага. Бо нават аднолькавы прысуд не раўняў яго з гэтымі
ворагамі народа, ён і пасьля сьмерці прагнуў застацца салдатам арміі
Дзяржынскага. Хоць, натуральна, і ў яго здараліся хібы, часам ён памыляўся,
часам не хапала адукацыі. Як у тым выпадку з маладой студэнткай, якую яму
давялося расстрэльваць. Але тады ён быў малады, а дзяўчына была дужа ўжо
слаўная ў сваёй дзяўчачай прыгажосьці — худзенькая такая, спрытная, зь вялікімі
зьдзіўленымі вачыма і вабным тварыкам, зірнуўшы на які, Сурвіла не наважыўся
стрэліць. Ён стрэліў міма. Каб не ў патыліцу, — ля вуха. Яна ўсё роўна
звалілася ў яму, мабыць, зьнепрытомеўшы ад страху, ды там і асталася, заваленая
наступнымі целамі. Ніхто таго не заўважыў і не дазнаўся ніколі, але ўсё роўна
Сурвіла пачуваўся ніякавата. Хоць зразумела, тады ён меў невялікі чэкісцкі
досьвед і паддаўся на дзявочую прывабнасьць. Забыўся, што перад ім найперш
выкрыты вораг народа. Ды ён памятаў свой ганебны ўчынак і, можа, менавіта таму
стараўся. Тое стараньне дало свой плён, і пасьля, ужо ў сьледчым аддзеле, ён
паказаў за паўгодзьдзя найлепшыя вынікі — 127 чалавек, падведзеных да вышэйшай
меры, — болей, чым у каго-небудзь іншага.
I
цяпер вось яго самога...
Не
пасьпелі яны аддыхацца, прагнаць трохі стому, як здаля на дарозе з гораду
зьявілася машына — зноў вялікая крытая буда, якая, валюхаючыся на калдобінах,
пад'ехала бліжэй і стала. Зь яе выскачылі трое стралкоў у шынялях, зь
вінтоўкамі ў руках і кінуліся да групы асуджаных.
—
Адставіць! — спакойна сказаў Косьцікаў. — Усё ў парадку.
Шафёры
ўзяліся пераліваць з бляшанкі бэнзын, а асуджаных Косьцікаў зноў загнаў у буду,
дзе іх сустрэў незадаволены, быццам нават заспаны, Зайкоўскі.
— Не
далі й паспаць...
—
Насьпісься! — сказаў Сурвіла. — Хутка засьнеш вечным сном.
— А
хрэн зь ім! Чым такая жызьня! — вылаяўся грабежнік і зноў выцягся ўпоперак буды
сваім доўгім целам.
Яны
зноў няхутка ехалі па гразкай, выбаістай дарозе, за імі нягучна гурчэла другая
машына. Усе, аднак, адчувалі, што хутка іхны задоўжаны шлях скончыцца. Кожны
стараўся ня надта думаць пра самы-самы канец, а ўсё роўна думалася. Фэлікс Гром
яшчэ ад суда і прыгавору ўсё ўяўляў сабе, як яго будуць расстрэльваць. Дакладна
тае жахлівае працэдуры ён, натуральна, ня ведаў, але з кіно памятаў, як
расстрэльвалі парыскіх камунараў. Роўная шарэнга стралкоў, выстаўленыя наперад
палкі-вінтоўкі, скіраваныя ў ахвяраў ля цаглянай сьцяны. Тыя ў белых кашулях, з
горда выпнутымі грудзямі. I залп. Лёгкі сіні дьмок ад вінтовачных руляў,
праклён т'ераўскім катам... Прыгожа! Але дзе тут для іх шарэнга стралкоў? Тры
вінтоўкі — тых, з задняй машыны, ды пісталет у начальніка — які ж тут залп? I
хто закрычыць праклён? Ужо ён, Фэлікс, ня будзе крычаць нічога — хай яны
пагараць усе разам: і каты, і іхныя ахвяры. Увесь час, што ён прабыў у турме і
на сьледзтве, ён наракаў на Аўтуха і ягоную сялянскую дурноту. А як выявілася
цяпер, былі там і горшыя за Аўтуха арыштанты. Хоць бы вось гэты Шастак. У
камэры Фэлікс яшчэ размаўляў зь ім, нешта расказваў пра літаратуру. Трэба было!
Ды ці Шастак быў там адзін. Добра яшчэ, што зь імі не сядзеў Сурвіла, мабыць,
таго трымалі ў асобнай камэры. У чэкістаў і камэры асобныя. Як і ўсё іншае ў
іхным жыцьці. Толькі паэт — сярод простага народа, безь якіх дабротаў і
прывілеяў. Фэлікс Гром ужо шчыра шкадаваў, што некалі ўлёг у літаратуру,
вучыўся, — лепш бы застаўся непісьменным. Ягоны малодшы брат скончыў чатыры
клясы і рабіў у калгасе. Неяк будзе жыць бяз кніг і бязь вершаў. А што яму дало
ягонае памкненьне ў літаратуру?
Але ж
во і дзядзька Аўтух таксама не пісаў вершаў. I наўрад ці калі чытаў іх. I цяпер
яны будуць ці не ў адной яме разам.
Так,
Аўтух Казёл на тым часе клапаціўся не пра якія там вершы, у яго быў зусім іншы
клопат — бульбяны. Вядома, ён разумеў, што ня час было думаць пра тое. Але во
думалася. Недзе пад лесам застаўся шнурок нявыбранай бульбы, выйшла няўпраўка,
як ня стала каня. А той шнурок трэба было выбраць найперш. А то разыдуцца
дажджы, заліе лагчыну, тады ня ўлезеш на яе і з канём. Ці здагадаецца пра тое
жонка? Прападзе бульбачка, а што есьці ўзімку? Хоць цяпер едакоў і паменее, але
паменее і работнікаў. Зноў жа скаціна...
Машына
цяжка нахілілася ўсёй будай, пасьля задралася ўгару кабінай, збочыла,
пераваліла нейкі раўчук і дужа страсянула ўсіх пасажыраў. Зайкоўскі
незадаволена падняўся ў змроку і сеў, прысланіўшыся сьпінаю да жалезнай сьцяны.
Але, падобна, штосьці адчуў і ня лаяўся. Ды й астатнія адчулі, што, мабыць,
прыехалі. Дзьверы буды пакуль не расчыняліся, іх не выпускалі. Там, знадворку,
штось перагаворвалася ахова, хтосьці пабег некага клікаць. Відаць па ўсім, там
рыхтаваліся. I во нарэшце дзьверы расчыніліся. Трошкі нахіленая, машына стаяла
ў маладым хвойным ляску.
—
Выхадзі! Па адным!..
Ніхто
ў будзе, аднак, не скрануўся, усе сьцяліся, замерлі і чакалі. Чаго толькі
чакалі? Хутка ў дзьвярах паявіўся жвавы, усьмешысты твар Косьцікава, які
найперш брыдка вылаяўся.
— Ты!
— упёрся ён позіркам у першага, каго згледзеў у цёмнай будзе — гэта быў Аўтух.
— Выхадзі!
“Чаму
я першы? Чаму я першы?” — закрыўдаваў у душы Казёл і нязграбна вываліўся з
машыны. Вакол ціха стаялі дрэўцы-сасонкі, і ля іх побач зьнерухомелі поўныя
ўвагі маладыя хлопцы-байцы. Непадалёк і крышку ўбаку жаўцеў пясчаны пагорачак.
Усё было зразумела...
— Ну?
Упярод!
Зь
незразумелай злосьцю Косьцікаў піхнуў Аўтуха ў плячо, той зачапіўся раскіслым
ад твані лапцем за траву і ўпаў. Сэрца яго моцна білася ў грудзях, было надта
няёмка за свой нехуцавы, жабрацкі выгляд, асабліва перад гэтымі чысьцюткімі
маладымі хлопцамі ў вайсковым, што цяпер зь перабольшанай увагай уставіліся ў
яго. Ён таропка ўстаў і апанурана патэпаў да ямы, душачы ў сабе крыўду: чаму
мяне першага? Ці я самы найгоршы вораг?..
— Ну,
хрысьціся, — сьцішана, без ранейшай злосьці ў голасе сказаў Косьцікаў. Аўтух,
баючыся не пасьпець, таропка перахрысьціўся — па-праваслаўнаму, справа налева.
I чакаў.
— На
калені!
На
беражку ямы ён паслухмяна апусьціўся на калені. Зрушаны лапцямі пясок пасыпаўся
ўніз, і ён спалохаўся, што зваліцца туды заўчасна. Але не зваліўся, толькі
прыплюшчыў вочы і чакаў.
—
Гэта нястрашна, — сказаў ззаду чэкіст і лязгануў затворам пісталета — даслаў
першы патрон. Толькі Аўтух зірнуў у прадоньне глыбокай ямы, як стрэлу ўжо не
пачуў. Здалося, яма сама кінулася насустрач і назаўжды агарнула яго пясчанай
сваёй глыбінёй.
—
Так! Адзін ёсьць! — мовіў памкамэнданта і пайшоў да дзьвярэй машыны. Ягоная
праца распачалася, ён рабіў яе звыкла й дакладна, як і кожнага дня.
Зноў
у машыне ўсе замёрлі, сьціхлі, чакаючы, каго ён пакліча наступным. I тады ён
згледзеў ці, можа, прыпамятаў Зайкоўскага, які цяпер маўкліва туліўся ля задняй
сьцяны буды.
— Ану
ты, бандзюга!
Прыгнуўшыся,
Зайкоўскі сігануў да дзьвярэй, рашуча скочыў з машыны.
—
Рукі назад! Назад рукі!!!
—
Куды назад? Во зломана, ня бачыш?
— Я табе
зараз і другую зламаю, — тузануў яго за рукаво пінжака Косьцікаў. Зайкоўскі,
аднак, ухіліўся.
— Не
чапай! Даручана — страляй. А бяз рук!
— Ах
ты, бандзюга!
— Я
не бандзюга! Я больш палітычны, чым вы разам узятыя!
— Во
як?
— Во
так!
— Ну
пайшлі, — трохі паспакайнелым голасам сказаў Косьцікаў, паказваючы пісталетам у
бок ямы. Байцы, што стаялі паблізу, паднялі штыхі. Мабыць, такое яны чулі ня
кожны дзень.
— Ты
гэта во што! — раптам прыпыніўся Зайкоўскі. Спыніўся і Косьцікаў. — Будуць
расстрэльваць самога, каб ня ў гэтай яме. Каб нам не сьмярдзеў.
— Ах,
ты гаўно! — вызьверыўся Косьцікаў і стрэльнуў Зайкоўскаму ў грудзі — раз,
другі, трэці. Той няўклюдна паваліўся на рассыпаны каля ямы пясок. Пад яго
целам пачала расплывацца крывавая лужына.
—
Будзе мне яшчэ пагражаць... Пагражаць мне! — ня мог супакоіцца Косьцікаў.
Зласьлівыя
словы расстралянага чымсьці, аднак, зачапілі чэкіста, які трохі пастаяў зь
пісталетам, сочачы, як здрыгваецца і выпінаецца ў апошніх канвульсіях вялікае
цела бандыта. Адкінутая ўбок здаровая рука яго згрэбла жмут мокрай травы, але
ня вырвала. Пальцы паволі расьцяліся...
Амаль
лагодны сьпярша настрой Косьцікава пачаў прыкметна псавацца. Звыклы працэс
прывядзеньня ў выкананьне прысуду яўна парушаўся, і прычынаю таму — гэты
маскоўскі бандыт. Са сваімі беларускімі ворагамі Косьцікаў ня меў вялікага
клопату, тыя заўсёды былі паслухмяныя і перад ямай паводзілі сябе, як авечкі.
Турма, доўгія месяцы допытаў, суд ламалі іх канчаткова, і расстрэльваць такіх
было нават нудна. Некаторыя, праўда (асабліва зь ліку партыйцаў), перад сьмерцю
крычалі: хай жыве Сталін або камунізм ці сусьветная рэвалюцыя, мабыць, хітра
разьлічваючы тым на ягоную катаву спагаду. Ён не пярэчыў: хай жывуць, калі каму
хочацца, каб жылі, і заганяў чарговую кулю ў чарговую патыліцу. Ужо ён іх
нагледзеўся, розных гэтых патыліц: чорных і рыжых, гладкіх і кучаравых, са
срабрыстай сівізною і зусім голых, аблыселых. I ніхто ніколі не абразіў яго, не
аблаяў нават, — што значыць, палітычна сьвядомы матэрыял, ня тое, што гэты
крымінальны прыблуда.
—
Выходзьце два адразу! — голасна скамандаваў ён ля машыны. — Ты, белагвардзеец,
і ты, сраты паэта! Жыва!
Фэлікс
Гром паслухмяна саскочыў з машыны і спыніўся, чакаючы напарніка. Валяр'янаў
аслабела і нязграбна вылязаў з буды — павярнуўся на жывот, дацягнуўся нагамі да
долу. Зьлезшы, нэрвовымі пальцамі пачаў зашпільваць гузікі бобрыкавага паліто.
А можа, жонка ўсё ж выжыве, падумаў ён. Нешта ўсё ж значыць яе пралетарскае
паходжаньне. Дый дзеткі... Хоць і без бацькоў, але ўсё ж лепш, чым нічога.
Жыцьцё ёсьць жыцьцё, якое б там ні было...
У
расшпіленай тужурцы з загадзя закладзенымі назад рукамі цярпліва чакаў апошніх
камандаў Гром. Ён мала што бачыў вакол, вочы яго недарэчна змакрэлі, было
страшна крыўдна за сваё да часу загубленае жыцьцё. Загубленае празь нядаўна
яшчэ самае для яго сьвятое — паэзію. Будзь яна праклятая! Лепш растрасаць гной
у калгасе, не чытаць ніякіх кніжак. Але хто ведаў, што ўсё гэтак скончыцца?
Вельмі і вельмі шкада. З тым шкадаваньнем у душы ён і пайшоў да жоўтага
пясчанага пагорачка, за якім яго чакала нішто.
Байцы
ўжо сьцягнулі ў яму супакоенае цела Зайкоўскага. Рыхлы пагорачак быў дужа
растаптаны іхнымі ботамі, беражок ля ямы стаў больш зручны, пляскаты. Валяр'янаў
без напамінку апусьціўся каленямі на краі, тройчы перахрысьціўся і сьціх. Ён
быў гатовы прыняць сваю доўгачаканую пагібель. Хацеў памаліцца, ды падумаў, што
не пасьпее. Фэлікс Гром мясьціўся побач, штось яму замінала. Толькі Валяр'янаў
зірнуў уніз і заўважыў, што тут неглыбока, як два нягучныя стрэлы ззаду звалілі
абодвух у яму.
У
машыне засталіся апошнія — Шастак і Сурвіла, і Косьцікаў крыкнуў ад ямы:
—
Здраднік, выхадзі!
У
дзьвярах паказаўся зьбялелы з твару Шастак.
— Я,
што лі?
— Ты,
ты! Выхадзі!
— Я
ня здраднік. Я ўжо тлумачыў. Гэта ашыбка...
—
Якая табе ашыбка! — вызьверыўся Косьцікаў. — Усё напісана і падпісана. Шагам
марш!
Ушчэнт
разгублены, зьбялелы, Шастак саскочыў з машыны і пачаў пасьпешна сутаргава
пазяхаць, агаляючы гнілыя, абламаныя зубы.
— Але
ж, але ж... Мяне нельга страляць... Я член партыі!
Такія
словы ля ямы памкамэнданта Косьцікаву даводзілася чуць нярэдка, асабліва калі
прыводзілі групу партыйцаў, і ў Косьцікава ў адказ быў нарыхтаваны выпрабаваны
аргумэнт, які заўжды дзейнічаў безадмоўна.
—
Калі ты член партыі, — закрычаў Косьцікаў, — дык якога ж ты хрэна аказваеш
супраціўленьне органам?!
— Я,
я не аказваю...
— Ну
дык марш! Марш да ямы! Ці памагчы?
Хістаючыся,
бы п'яны, Шастак пабрыў да ямы. Але на разварушаным пагорку зноў прыпыніўся.
—
Няправільна вы...
— Усё
правільна! — сказаў памкамэнданта і стрэліў яму ў патыліцу. Кастлявае цела
Шастака спотырча павалілася ў яму — да тых, што туды зваліліся раней.
Калі
Косьцікаў вярнуўся да машыны, там ужо стаяў, вылезшы зь яе, Сурвіла. Ягоны
азызлы твар стаў зусім бурачнага колеру — ад стомы ці нутраных пакутаў.
—
Што, і мяне туды? — запытаўся ён, маларухавым позіркам утаропіўшыся ў пясчаны
пагорак.
— А
куды ж? Асобнай ямы ў мяне няма.
—
Выкапай.
—
Яшчэ чаго не хапала!
— Давай,
я сам.
—
Капай! — падумаўшы, пагадзіўся Косьцікаў. — Усё роўна спазьніліся. Шафёр, нясі
рыдлёўку!
Малады
шафёр зь пярэдняй машыны прынес рыдлёўку, Сурвіла аберуч памацаў тронак,
агледзеўся навакол.
—
Дзе? Тут?
—
Хоць бы і тут. Давай. Толькі жыва! — сказаў Косьцікаў, не хаваючы, аднак,
пісталета.
Сурвіла
пачаў капаць — імпэтна, нэрвова, кідаючы ў бакі поўныя рыдлёўкі жвіру. Мабыць,
усё ж хвалюючыся, ён мала дбаў пра акуратнасьць і, замест простакутніка магілы,
распачаў бадай круглую яму. У сасоньніку было не сьцюдзёна, начная імжа ранкам
спынілася. Сурвіла хутка ўгрэўся, азызлы твар спатнеў і зрабіўся яшчэ больш
чырвоны. На хвіліну прыпыніўшыся, ён зьдзёр з плячэй рудую, абшкрэбаную
скуранку, шпурнуў яе пад ногі Косьцікаву.
— На,
вазьмі. Нашто прападаць...
Запэцканым
у гразі хромавым ботам той гадліва адкінуў скуранку з-пад ног. Сурвіла ня стаў
упрошваць — ня хоча, ня трэба. Яму таксама ўжо нічога не было патрэбна. Апроч
вось гэтай асобнай магілы. Тут яму будзе спакайней, чым у агульнай, упокат з
ворагамі народа. I ўсё ж яго расьпірала крыўда, змоўчаць якую ён ня меў сілы.
— За
што? Чэснага работніка органаў! Што я парушыў? Бязьвіннага ворага забіў? Ды іх
тысячамі забіваць трэба! Я стараўся! Чатыры гады прэміявалі. За ўдарную работу,
да гадавіны Акцябра. I ўсё дарма. Пашкадавалі ворагаў, шпіёнаў, нацдэмаў! I
гэта правільна? Не! Гэта і ў органы прабраліся ворагі, во гэта што! Яны сярод
нас!
—
Годзе! — з надрывам загадаў Косьцікаў. — Лепш памаўчы!
— Я
маўчаў! Усё лета маўчаў. Як і ты! Як і сотні чэкістаў. I во мне за гэта...
—
Маўчы і капай! — усё больш злуючыся, крыкнуў Косьцікаў.
— Не,
ужо скажу. Во і ты... Думаеш, уцалееш? Службай адкупісься? Не! Прыйдзе і твая
чарга...
—
Маўчаць!
— Не,
ужо скажу! Мы павукі ў банцы! Дазнаецца Сталін...
Мабыць,
гэта было занадта. Непадалёк зь вінтоўкамі напагатове стаялі байцы аховы, поўны
трывожнай увагі, чакаў ля машыны маўклівы шафёр. Усе са зьдзіўленьнем
утаропіліся ў знаёмага чэкіста, які капаў сабе магілу і гаварыў штось
дзіўнаватае. Урэшце Косьцікаў прыўзьняў пісталет, не цаляючы, два разы стрэліў.
Выпусьціўшы рыдлёўку, Сурвіла падламіўся ў каленях і бокам асеў на раскапаны
дол.
—
Дабі ж... — выціснуў зь сябе ледзь чутна. Косьцікаў ступіў на крок бліжэй і
стрэліў у галаву. На траву і пясок пырснула шэрымі крупінкамі мазгоў.
—
Вазьміце, і туды, да астатніх, — загадаў ён байцам.
Закінуўшы
за сьпіны даўгія вінтоўкі, тыя ўзялі былога чэкіста за рукі, пацягнулі да ямы.
Косьцікаў пайшоў у бок да машыны.
Гэтая
праклятая ноч дашчэнту выматала ягоныя сілы. Прыкметна пачала здраджваць
вытрымка, як ён ні стараўся паводзіць сябе стрымана. Здаецца, нескладаная
работа, але штодня адно й тое ж. Вязуць і вязуць, нібы баранаў, калі таму будзе
канец? Вунь колькі накапана ямаў за вясну і лета. I колькі будзе накапана
новых.
Косьцікаў
акінуў позіркам прагаліну між сасонак на схіле — мабыць, за восень заселяць і
яе. I проста дзе-небудзь тут апынецца й ягоная яма...
У
гэтым жыцьці ўсё вельмі проста.