У пратэстанцкіх ЦЭРКВах прайшлі малітвы ПАКАЯННЯ «за грахі камунізму»

 

28-29 кастрычніка ў многіх пратэстанцкіх цэрквах Беларусі прайшлі малітвы пакаяння «за грахі камунізму». Пра гэта паведаміў БелаПАН пастар мінскай царквы «Ян Прадвесьнік» Аб’яднанай царквы хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь Антоній Бокун.

 

Паводле яго слоў, у царкве «Ян Прадвесьнік» перад пачаткам малітвы вернікам былі прадстаўлены відэаматэрыялы з успамінамі жыхароў Беларусі, якія перажылі сталінскія рэпрэсіі.

 

У сталічнай евангельскай царкве «Божая Ласка» вернікі пачулі аповеды людзей, якія перажылі ў гады савецкай улады ганенні за веру. Рэгіянальны пастар Васіль Малец казаў пра мільёны нявінна загубленых жыццяў, якія былі прынесеныя ў ахвяру камунізму, а таксама зазначыў, што «наша зямля поўная помнікамі тым людзям, якія беззаконне ўвялі ў ранг закона». У сваёй малітве вернікі прасілі Бога аб тым, каб «чорнае камуністычнае мінулае ніколі не адрадзілася на беларускай зямлі». Пастар царквы «Дар Божы» Алег Акуленка ў сваёй пропаведзі асабліва падкрэсліў, што царкве дадзена ўлада і адказнасць перад Богам за падзеі, што адбываюцца ў краіне.

 

У сваю чаргу пастар сталічнай «Царквы Ісуса Хрыста» аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Барыс Чарнаглаз падчас малебна падкрэсліў: будучае народа залежыць ад яго стаўлення да мінулага.

 

«Царква павінна бачыць бедства народа і звяртаць увагу не толькі на сімптомы праблем, але і на духоўныя карані рэальнасці, што нас акружае. Толькі пакаянне ва ўчыненых грахах бязбожнасці і чалавеказабойства дазволіць адрадзіцца беларускаму народу», — упэўнены пастар.

Марат Гаравы, БелаПАН