У КУРАПАТАХ МАЛІЛІСЯ ПРАТЭСТАНЦКІЯ ПАСТАРЫ

 

 

13 кастрычніка ва ўрочышчы Курапаты 25 пратэстанцкіх сьвятароў маліліся аб прабачэньні беларускага народу за грахі камунізму.

 

Малітва пратэстанцкіх сьвятароў праведзена напярэдадні дня памяці і малітвы 28 кастрычніка. У гэты дзень у эвангельскіх цэрквах Беларусі адбудзецца малітва "аб дараваньні народу за грахі камунізму". А 13 кастрычніка сьвятары вырашылі наведаць сымбалічнае месца для Беларусі.

 

Адзін з удзельнікаў малітвы пастар царквы "Ян Прадвесьнік" Антоні Бокун сказаў:

 

“Мы верым, пакуль у Беларусі не адбудзецца пакаяньне за грахі камунізму, датуль Беларусі будзе зачынены шлях да Божага блаславеньня. Бо Біблія кажа, што нявінная кроў кліча да Госпада.

 

Толькі пакаяньне вызваляе, адкрывае шлях да Божых блаславеньняў. У Беларусі, на жаль, пакаяньня не было, пакаяньня, як народа, за ўсе тыя беззаконьні, якія рабіліся на нашай зямлі.

 

Наогул, гэта самая крыважэрная ідэалёгія, якую ведае чалавецтва. Але ў нас яна дагэтуль не асуджаная. Мы ходзім па вуліцах, якія носяць імёны камуністычных дзеячаў і гэта звыклая частка пэйзажу.

 

Таму мы, як Божыя служыцелі, адчуваем адказнасьць за тое, каб пачаць гаварыць пра гэта, бо пакуль гэта не адбудзецца цяжка казаць пра іншыя пазытыўныя зьмены ў краіне”.

 

 

 

 

 

 

www.svaboda.org