З жыцьця катаў
Сцэны з жыцьця катаў -- вынiк
шматгадовага архiўнага пошуку, у якiм праз iронiю дакумэнта дасьледуецца ўнутранае жыцьцё НКВД,
мэханiзмы цэнзуры i драма сучаснага маральнага выбару, адкрываюцца невядомыя
старонкi нацыянальнай трагедыi.
Аляксандар Лукашук (нар. 1955) -- адзiн з заснавальнiкаў "Мартыралёгу Беларусi", член Камiсii пры Вярхоўным Савеце Беларусi па правах ахвяраў палiтычных рэпрэсiяў; цяпер супрацоўнiк Радыё Свабода. Аўтар кнiг "Зьдзек" (1989) i "Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста" (1997).
РЭАБІЛІТАЦЫЯ КАТАЎ
(замест прадмовы)
1. АДЗІН ДЗЕНЬ МАКАРА
ГАРБАЧЭЎСКАГА
1961. "Мне вельмi
балюча перажываць няпраўду..."
1937. "Чыста савецкi
чалавек..."
1961. "Да гэтых справаў
я нiякiх адносiнаў ня меў"
1937. "Удзельнiк
Слуцкага паўстаньня"
1961. "Прашу
пераканаўча ўсё ўлiчыць"
1992. "Матэрыял асьв.
"Горкi"
1961. Перамога
справядлiвасьцi
Лiсты на волю
Балiць чэкiсцкае сэрца
Пераможцы сацспаборнiцтва
За кiпучай чэкiсцкай работай
Тайная вячэра
Прыродныя бальшавiкi
Цанава
Тайна сьмерцi харошых
камунiстаў
3. ГАРЫЦЬ МОВА
Рукавы ад камiзэлькi
451° па Галоўлiту
Як Калiнiн зьеў усё мяса, а
Сталiн скурыў тытунь
Як беларускiя таварышы
выкрылi таджыцкiх трацкiстаў на мове iдыш
Як Уладзiмiр Юрэвiч сказiў Уладзiмiра
Ленiна
Мова гарыць... (загад №33)
Прынятую лiтаратуру
спальваць
5. ЦУД УСТАВАНЬНЯ З
КАЛЕНАЎ (замест эпiлёгу)
6. КУРАПАТЧЫКІ (сьпiс супрацоўнiкаў НКВД)
РЭАБIЛIТАЦЫЯ КАТАЎ
(замест прадмовы)
3 лютага 1993 г. Вярхоўны
Савет Рэспублiкi Беларусi аднавiў у правах Камунiстычную партыю.
Мы зноў засталiся з нашымi
мёртвымi сам-насам.
Як цяпер iсьцi ў Курапаты, што казаць
нашым дзядам, якiя ляжаць пад соснамi? Як растлумачыць, чаму вернутая зь
небыцьця партыя-вампiр, ненажэрная людаедзкая банда, што дзесяцiгодзьдзямi
гвалтавала беларускi народ, iрвала на кавалкi ягоныя землi i прадавала
iншаземным дзяржавам, таптала мову i палiла кнiгi, душыла лепшых сыноў i дочак
i тысячамi клала ў вялiкiя i малыя Курапаты, на тры гады кiнула ў акупацыю, а
потым працягнула гэтую акупацыю сама, пасыпаўшы на разьвiтаньне радыёактыўным
попелам ды подла схаваўшы сваё чарнобыльскае злачынства ад людзей?..
188 дэпутатаў Вярхоўнага Савету
рэанiмавалi КПСС-КПБ. Апроч партыйных сакратароў, сярод iх ёсьць навукоўцы i
настаўнiкi, генэралы i дырэктары... Страхавiтаму камунiстычнаму Вiю паднялi
павекi -- i быццам нiчога, нiхто не зьнерухомеў. Зараз хутка знойдуцца
спэцыялiсты паразважаць, што аднаўленьне дзейнасьцi КПСС-КПБ нiчога не мяняе ў
Беларусi.
Гэта ня так. Роспуск кампартыi ў
жнiўнi 1991 году -- адзiны, першы i апошнi акт хаця б умоўнай справядлiвасьцi.
Нiхто не панес пакараньня асабiста. Усё, абсалютна ўсё сышло з рук. I таму
пастанова, прынятая парлямэнтам 3 лютага -- ня толькi сорам на ўвесь сьвет.
Гэта, найперш, трыюмф катаў i абраза мiльёнаў ахвяраў -- i тых, хто ўжо ляжыць
у зямлi, i тых, хто, як дзецi Чарнобыля, туды заўчасна пойдзе.
Нашы мёртвыя цяпер могуць
пакiнуць нас, бо мы не абаранiлi iх ад пасьмяротнае зьнявагi. I тады гэта знак
непапраўнае бяды. Бо так, бяз памяцi, без аховы
продкаў загiнем, сыдзем у нябыт з карты Эўропы, i толькi кампартыйныя пацукi
будуць лётаць ненажэрнымi зграямi па чарнобыльскiх абшарах таго, што некалi
звалася Беларусяй.
Радыё Свабода, 4 лютага
1993 г.
1.
АДЗІН ДЗЕНЬ МАКАРА ГАРБАЧЭЎСКАГА
Беларуская гiстарыяграфiя
ведае трох Гарбачэўскiх -- дзекабрыста, этнографа, тэоляга. Сын селянiна зь
Вiцебшчыны Макар Давыдавiч Гарбачэўскi ў энцыкляпэдыi, падручнiкi i манаграфii
дасьледнiкаў не патрапiў, хоць без вывучэньня ягонага i падобных жыцьцяў наўрад
цi можна зразумець i вытлумачыць гiсторыю ХХ стагодзьдзя -- гiсторыю, якая яшчэ
ня стала мiнулым.
1961. "Мне вельмi
балюча перажываць няпраўду..."
Тоўсты яшчэ нядаўна блякнот паменшаў
у аб'ёме. Ён спэцыяльна выбраў такi фармат, каб капiрка ўкладвалася акурат на
ўсю велiчыню, а разьлiнаваныя старонкi трымалiся на пэрфарацыi. Аркуш лёгка
вырываўся, складваўся напалам, потым яшчэ раз напалам i якраз зьмяшчаўся ў
стандартны канвэрт. Ён прывык да парадку ў паперах i звычак не мяняў: усё
павiнна быць ў двух экзэмплярах, каб потым, у выпадку чаго, можна было давесьцi
свой пункт гледжаньня i пазьбегнуць магчымых няправiльных тлумачэньняў i
скажэньняў. Памяць рэч ненадзейная, а паперка есьцi ня просiць. За сваё добрае
iмя ён будзе змагацца да канца -- ён нi ў чым не вiнаваты i справядлiвасьць
пераможа, трэба толькi не губляць духу i верыць. Так ён выхаваны, так заўсёды
змагаўся i будзе змагацца.
Справа была сур'ёзная: пакрыўдзiлi не
абы каго, а члена партыi з 1929 году, удзельнiка вайны,
узнагароджанага ордэнамi Ленiна, Чырвонага сьцяга, Айчыннай
вайны 1 ступенi, Працоўнага чырвонага сьцяга, двума ордэнамi Чырвонай Зоркi,
мноствам мэдалёў. Колькi перажыта, пабачана, зроблена! Ён абмакнуў пяро i,
адступiўшы ад краю роўна столькi, каб можна было прабiць лiсты дзiраколам i
падшыць (у тым, што ўсе ягоныя лiсты будуць сабраныя ў адну пэрсанальную
справу, не было сумневу), вывеў пасаду i iмя адрасата: "Сакратару
Цэнтральнага Камiтэту Беларусi тав. П.М.Машэраву". Ад хваляваньня ён
прапусьцiў словы "камунiстычнай партыi", але выйшла нават больш
дакладна -- першы сакратар кiраваў усёй Беларусяй.
“30 сакавiка 1961 году Берасьцейскi
абкам партыi зацьвердзiў пастанову гаркаму аб выключэньнi мяне з партыi. Я
лiчу, што гэта несправядлiва, такога пакараньня я не заслугоўваю, каб пазбавiць
мяне партыi на 31-м годзе знаходжаньня ў яе шэрагах у той час, калi ўсё сваё
жыцьцё, не шкадуючы сiл i жыцьця аддаў для партыi i Радзiмы. Мне вельмi балюча,
калi я бачу i перажываю за няпраўду... У 1941 годзе, у першыя днi Айчыннай
вайны, паводле заданьня партыйных органаў i Мiнiстэрства ствараў на тэрыторыi
Пiнскай вобласьцi баявыя партызанскiя групы, якiя пакiдалiся ў тыле працiўнiка
для работы. У прыватнасьцi, мною была створана i група пад кiраўнiцтвам Каржа
Васiля (потым -- Герой Савецкага Саюзу)... Зь лiку супрацоўнiкаў i затрыманых
байцоў, якiя ўцякалi зь перадавой ад Берасьця, стварыў падразьдзяленьне для
зьнiшчэньня дробных групаў працiўнiка ў раёне Столiна. Уступiў у бой з фашыстамi,
дзе былi падбiтыя танкi i ўзятыя ў палон нямецкiя афiцэры. Працаваў па
спэцыяльным заданьнi на перадавых пазыцыях нашых войскаў. Пасьля вайны на
працягу амаль двух гадоў удзельнiчаў у разгроме ўзброеных бандаў
нацыяналiстычнага падпольля ў Гарадзенскай вобласьцi. Асабiста захапiў
узброенага важака банды "Квят" i iншых, за што абвешчана падзяка з
выдачай узнагароджаньня. Усе iншыя факты пералiчыць не ўяўляецца
магчымым..."
Лiст ён скончыў просьбай выклiкаць
яго на гутарку i падпiсаўся: Гарбачэўскi Макар Давыдавiч, зваротны
адрас -- Берасьце, вулiца, дом, кватэра.
Аднак яшчэ раней у партыйныя органы
паступiла заява нейкага Д-на, члена партыi з 1940 году, кiраўнiка аднаго з
аддзелаў Берасьцейскага аблвыканкаму. Д-н пiсаў:
“Мае асабiстыя назiраньнi i абурэньне
суседзяў ладам жыцьця i паводзiнамi Гарбачэўскага даюць мне поўнае права
заявiць аб тым, што ён, здаровы чалавек, на працягу 5-6 гадоў нiдзе не працуе,
а вядзе паразiцкае жыцьцё. I апроч усяго, маральна разбэшчаны чалавек. Спiць ён
з 8 гадзiнаў ранiцы да 4 гадзiнаў дня, пасьля чаго робiць вiзыт да суседкi па
кватэры Тамары, муж якой афiцэр Савецкай Армii служыць у Смаленскай вобласьцi.
Пасьля ён прымае ў сябе на кватэры Жэню, "сяброўку" Тамары, жонку
кiраўнiчага работнiка, якая мае апроч мужа дачку. Увечары Гарбачэўскi
сустракаецца паводле графiку з грамадзянкай Хомiч, муж пэнсiянэр, i потым
адпраўляецца на сустрэчу да дзьвюх iншых, на жаль, ня ведаю iх прозьвiшчаў i
iмёнаў. У Жэнi i Хомiч з-за Гарбачэўскага ўзьнiк канфлiкт, якi дайшоў да
вулiчнага скандалу, у вынiку Хомiч прыходзiла скардзiцца да мужа апошняй. Рэшту
ночы да 7-9 гадзiнаў ранiцы Гарбачэўскi праводзiць за картачнай гульнёй з
выпiўкай. Ён ня варты ня толькi высокага званьня члена КПСС, але i члена нашага
сацыялiстычнага грамадзтва," -- заключаў свой лiст у ЦК партыi падмануты
муж -- кiраўнiчы савецкi работнiк.
Д-н выносiў сямейную бялiзну на партыйны суд з простай прычыны: калi ён давядзе, што невiнаваты ў разводзе, яго,
магчыма, не пакараюць па партыйнай лiнii, не пацерпiць кар'ера. Яшчэ да звароту
ў ЦК ён усё расказаў сакратару сваёй партарганiзацыi. Той потым дакладаў у абкам партыi, што Д-н "вырашыў скасаваць шлюб са сваёй жонкай,
бо яна ўжо каля двух гадоў здраджвае яму i знаходзiцца ў сувязi з Гарбачэўскiм, якi разьбiвае яго сямейнае жыцьцё. Тав. Д-н неаднаразова гутарыў з
Гарбачэўскiм, каб ён не разьбiваў ягонае сямейнае жыцьцё, спынiў сувязь зь ягонай жонкай, але Гарбачэўскi не зрабiў гэтага".
Скаргi Д-на паўплывалi на
характарыстыку Гарбачэўскага. У першай, выдадзенай у будаўнiчым трэсьце, дзе
Гарбачэўскi стаяў на партулiку, адзначалася, што ён дысцыплiнаваны,
добрасумленны, прачытаў калектыву лекцыю "Аб павышэньнi рэвалюцыйнай
пiльнасьцi". У другой характарыстыцы, выдадзенай пазьней, Гарбачэўскага
называюць нясьцiплым, маральна няўстойлiвым, адзначаюць распусны лад жыцьця i
iнтымныя сувязi з замужнiмi жанчынамi.
Лiсты былi атрыманыя ў Менску ў ЦК
партыi i падшытыя ў папку з надпiсам "Пэрсанальная справа" (у
Нацыянальным архiве, якi ўключае i былы архiў ЦК КПБ, папка захоўваецца i
дагэтуль). Справу Гарбачэўскага разглядала парткалегiя КПБ -- так у 1961 годзе
называўся партыйны суд унутранага карыстаньня, якi караў камунiстаў за ўчынкi,
несумяшчальныя з высокiм званьнем партыйца. Не сумяшчалася рознае -- занадта
добрае веданьне гiсторыi i хрышчэньне дзiцяцi, уласная думка аб чарговай
генэральнай лiнii i развод; на павальную п'янку часам глядзелi скрозь пальцы, а
часам за куфаль пiва гналi з пасады. У партыi iснавала сыстэма пакараньняў з
падрабязнай градацыяй, якая ўвесь час разьвiвалася i перабудоўвалася: зьвярнуць
увагу, паставiць на вiд, папярэдзiць, потым iшла вымова, строгая вымова i
вымова з занясеньнем. Адзiн час практыкаваўся перавод з членаў партыi ў
кандыдаты i, як вышэйшая мера, -- выключэньне з шэрагаў партыi.
А як растлумачыў яшчэ таварыш Сталiн,
"для шараговых членаў партыi знаходжаньне альбо выключэньне з партыi --
гэта пытаньне жыцьця i сьмерцi". Праўда, так было пры таварышу Сталiне. Пры iншых таварышах было iначай.
Нягледзячы на сакавiты партрэт
нораваў эпохi, гэтую ўнутрыпартыйную перапiску можна было
б i ня згадваць, калi б не адна даведка, якая таксама была
падшытая ў папку. У ёй паведамлялася, што Гарбачэўскi Макар
Давыдавiч апошнiм часам быў начальнiкам улiкова-архiўнай
управы КГБ Берасьцейскай вобласьцi. Загадам КГБ пры Савеце
Мiнiстраў СССР 27 сьнежня 1955 году звольнены з-за службовай неадпаведнасьцi, на ўлiку асобай iнспэкцыi як парушальнiк савецкай законнасьцi ня значыцца. Даведку падпiсаў маёр КГБ Камароў.
Такiм чынам, берасьцейскi Казанова
быў зь лiку чэкiстаў... Датэрмiновае спыненьне службы ў 1955
годзе сьведчыла, што ён патрапiў пад хвалю адлiгi, калi пасьля прыходу да ўлады Мiкiты Хрушчова некаторых асаблiва
заслужаных спэцыялiстаў адпраўлялi на пэнсiю. Але пазбаўлялiся далёка не ад усiх. Да таго ж, калегi
Гарбачэўскага даводзiлi, што савецкай законнасьцi той не парушаў. Тады за што
звольнiлi чэкiста ў росквiце сiлаў (калi верыць скаргам падманутых мужоў)?..
З анкеты
члена КПСС з кастрычнiка 1929 году, партбiлет №05820215, Гарбачэўскага М.Д., беларуса, 1906 г. н.,
паходжаньне -- зь сялянаў вёскi Багданава Бешанковiцкага раёну Вiцебскай вобласьцi:
1925-27 -- працаваў на
сельскай гаспадарцы ў бацькоў
1927-28 -- тэхнiчны
сакратар Лёзьненскага райкаму партыi
1928-29 -- курсант школы
аднагадзiчнiкаў 3-га сапёрнага батальёну, г. Уладзiмiр
1929-30 -- загадчык
улiкова-статыстычнага пададдзелу акругкаму партыi, г. Вiцебск
1930-35 -- супрацоўнiк
ОГПУ НКВД БССР, г. Менск
1935-36 -- слухач
Цэнтральнай школы НКВД, г. Масква
1937 -- начальнiк
Старобiнскага райаддзелу НКВД
Як вынiкала з далейшай анкеты, праца
на раённым узроўнi для сталiчнага спэцыялiста працягвалася
менш за два гады. Спачатку яго ўзялi ў рэспублiканскi апарат
НКВД, пасьля даверылi самастойны ўчастак у Заходняй
Беларусi -- ён ўзначалiў Пiнскую абласную ўправу наркамату. А потым, усяго
празь сем гадоў пасьля прызначэньня ў Старобiн, Гарбачэўскi ўзьляцеў на
ключавую пасаду ў службовай ерархii -- стаў намесьнiкам наркама дзяржбясьпекi
Лаўрэнцiя Цанавы па кадрах.
Але гэта будзе потым. Падмурак
прафэсiйнага посьпеху закладаўся на нiзавым, самым важным
i самым цяжкiм участку будзённай, непасрэднай, канкрэтнай працы -- у
райаддзеле. Тут ажыцьцяўлялася партыйная лiнiя, тут праходзiла перадавая, тут,
недасыпаючы, працуючы без выхадных, па шаснаццаць гадзiнаў у суткi, трэба было
на практыцы паказаць усё, чаму навучыўся.
Гарбачэўскi прыехаў у Старобiн з
найвышэйшай магчымай у 1937 годзе тэарэтычнай падрыхтоўкай. Ён праходзiў курс
навук у Цэнтральнай школе НКВД якраз пад час падрыхтоўкi i правядзеньня
адкрытых працэсаў над "правымi цэнтрамi" i "трацкiсцкiмi
блёкамi"; супрацоўнiкi i курсанты НКВД адыгрывалi ролю публiкi на такiх
працэсах, вучылiся найвышэйшаму пiлятажу сацыялiстычнай законнасьцi. Адным з
тых, хто рыхтаваў працэсы ў падвалах Лубянкi, быў Барыс Берман, чыя ўзорная
праца была аддзячаная званьнем камiсара дзяржбясьпекi 3-га рангу i
прызначэньнем у Менск, на пасаду наркама ўнутраных справаў. У тым жа 1937
годзе, крыху раней за Бермана, разьмеркаваньне ў Беларусь атрымаў i выпускнiк
Цэнтральнай школы Макар Гарбачэўскi.
Архiўныя дакумэнты дазволiлi
заглянуць глыбей у адзiн старобiнскi дзень адстаўнога банвiяна Макара
Гарбачэўскага. Гэты дзень -- субота, 18 верасьня 1937 году. У гэты дзень
начальнiк Старобiнскага райаддзелу НКВД выпiсаў ордэры на арышт з нумару 161 па
нумар 231, усяго, калi верыць лiчбам, на семдзесят чалавек.
1937. "Чыста савецкi
чалавек..."
На стандартным блянку стаяла назва
арганiзацыi -- НКВД, нумар ордэру, дата выдачы i тэрмiн дзеяньня -- адны суткi.
Гарбачэўскi зацьвярджаў ордэры на арышт i вобыск чырвоным алоўкам. (Увогуле
архiўныя матэрыялы сьведчаць, што камунiстычная бюракратыя ахвотна карысталася
алоўкамi. Нават подпiсы членаў бюро ЦК КПБ пад пастановамi нярэдка зробленыя
сiнiм альбо чырвоным алоўкам. Мясцовыя кiраўнiкi ў гэтай справе бралi прыклад з
маскоўскага начальства гэтаксама, як са сталiнскага галiфэ i кiцеля пераходзiлi
на хрушчоўскiя вышытыя кашулi, а потым на брэжнеўскiя двубортавыя гарнiтуры.
Магчыма, прычына карыстаньня алоўкам, а не чарнiльнай ручкай -- у тым, што
грыфэльныя запiсы лёгка сьцiраць, а значыць, пасьпяваць хiстацца ўсьлед за
генэральнай лiнiяй партыi.)
У Старобiнскiм райаддзеле, апроч
начальнiка, працавалi яшчэ два апэратыўныя работнiкi, Казлоў i Карнееў. Яны
вялi апэратыўную распрацоўку, зьбiралi агентурныя зьвесткi i давалi матэрыялы
Гарбачэўскаму на подпiс. Апроч таго, начальнiк райаддзелу асабiста вёў сьледчыя
справы, дапытваў, дамагаўся хуткiх i поўных прызнаньняў; яго падсьледныя
звычайна iшлi па "першай катэгорыi".
Трыццацiпяцiгадовы жыхар памежнага
Старобiнскага раёну, старшыня Чэпелеўскага сельсавету
Сьцяпан Белавец пiсаў лiсты да мацi i таму, на думку начальнiка
райаддзелу НКВД, несумненна падпадаў пад гэтую катэгорыю. У
сакрэтнай даведцы, на падставе якой начальнiк падпiсваў ордэр,
пазначаная непасрэдная прычына арышту: "У Польшчы
пражываюць сваякi Белаўца -- мацi i стрыечныя браты. Меў сувязь са сваякамi шляхам перапiскi".
Подпiс Гарбачэўскага ўключыў звычайны
мэханiзм: прыехалi, падпiсалi акт, забралi. Невядома, цi пасьпеў Сьцяпан Белавец разьвiтацца зь дзесяцiгадовым сынам Васiлём i пяцьцю дочкамi, ад чатырнаццацiгадовай Любы да шасьцiгадовай Кацi, патлумачыць жонцы, што
ён нi ў чым не вiнаваты. Яго адвезьлi ў Слуцкую турму. Жонка
панесла перадачу, першы раз узялi, а другi адмовiлi i сказалi больш не дакучаць -- маўляў, арыштаваны памёр.
Ахоўнiкi
схлусiлi.
Белавец быў жывы, але яго сапраўды не было ў Слуцку. Мясцовая турма была
настолькi перапоўненая ў канцы 1937-га, што канвэер Слуцкай
акруговай управы НКВД захлынаўся,
не пасьпяваў перапрацоўваць масу чалавечага матэрыялу, якую пастаўлялi райаддзелы. Шпiёны, дывэрсанты, контррэвалюцыянэры, антысаветчыкi вялi прапаганду, спляталiся ў клубкi тэрарыстычных арганiзацыяў, рыхтавалiся палiць калгасы, агiтавалi супраць заёмаў i iншых
мерапрыемстваў савецкай улады. Райаддзелы давалi па два-тры выкрыцьцi ворагаў у дзень на супрацоўнiка, некаторыя давалi па пяць. Тыя, хто падпiсаў прызнаньне, у турме звычайна затрымлiвалiся нядоўга – лясоў пад Слуцкам хапала, камэнданцкая каманда добра адпрацавала свае маршруты. I ўсё ж сустракалiся аб'ектыўныя цяжкасьцi: у камэру, разьлiчаную на пяць чалавек, нiяк не ўдавалася заштурхнуць больш за дваццаць. Некаторых трэба было вадзiць на допыты, часам кармiць, па пары тыдняў чакаць пастановаў тройкi альбо асобай нарады. У канцы 1937-га частку арыштаваных са Слуцкай турмы перавялi ў большую Магiлёўскую.
Перавезьлi ў Магiлёў i
Сьцяпана Белаўца. Першы запiс зьявiўся ў ягонай справе больш чым праз два
месяцы пасьля арышту. Пратакол допыту кароткi i можна прывесьцi яго цалкам:
«Пытаньне: Следзтву вядома,
што вы зьяўляецеся агентам польразьведорганаў. Раскажыце, калi i кiм вы былi
завэрбаваныя?
Адказ: Так, я сапраўды зьяўляюся агентам
польразьведорганаў. Завэрбаваны я быў у 1934 годзе польскiм агентам
Казьлянковым Iванам Фёдаравiчам. Казьлянкоў стаў даваць мне даручэньнi
дывэрсiйнага характару, г.зн. палiць калгасы, даведацца пра настрой
насельнiцтва суседнiх вёсак i пра эканамiчную магутнасьць калгасаў».
Канец пытаньняў, канец
адказаў. Пасьля ў справе падшытае кароткае абвiнаваўчае заключэньне:
"Гэтую справу №32355 па абвiнавачаньню Белаўца (меў жонку i шасьцёра
дзяцей) накiраваць на разгляд народнага камiсара ўнутраных справаў СССР --
Генэральнага камiсара ГБ тав. Яжова". Подпiс опэрупаўнаважанага, якi вёў
допыт -- Гушча, адзнака "Згодны" i подпiс начальнiка 3-га аддзелу
Магiлёўскага РА НКВД Давыдзенкi, зацьвердзiў заключэньне начальнiк райаддзелу
лейтэнант ГБ Шлiфенсон.
Далей да архiўнай справы
падшыты апошнi, як меркавалi арганiзатары камунiстычнага будаўнiцтва, дакумэнт.
«Выпiска з акту:
Пастанова НКВД СССР i
Пракурора СССР ад 14 сьнежня 1937 году (пратакол №2542) аб расстрэле Белаўца
Сьцяпана Андрэевiча прыведзеная ў выкананьне 2 студзеня 1938 году ў горадзе
Магiлёве. Начальнiк 8-га аддзелу УГБ НКВД БССР лейтэнант ГБ Розкiн».
Тры з паловай месяцы прайшло ад арышту да расстрэлу Сьцяпана Белаўца. Наступны дакумэнт у ягонай справе зьявiўся толькi праз 23 гады.
У лютым 1960 году сын
Белаўца Васiль, якому пад час арышту бацькi было 10 гадоў, напiсаў у Вярхоўны
Суд СССР прашэньне аб ягонай рэабiлiтацыi. У лiсьце ёсьць такiя радкi: "У
канцы 1937 году мацi панесла перадачу i перадачу ўзялi, але пры другiм звароце
ў канцы 1937 году работнiкi Слуцкай турмы паведамiлi, што бацька мой памёр. Мая
мацi памерла ў 1947 годзе ад пароку сэрца i мы, шасьцёра дзяцей, выхоўвалiся як
даводзiлася, бо дапамогi нам нiякай не давалi. Прашу Вярхоўны Суд разгледзець
маю просьбу i аднавiць у правах пасьмяротна майго бацьку..."
Лiст сына пераслалi ў тую самую арганiзацыю, якая забiла бацьку. Там яго падшылi да справы з допытам, абвiнаваўчым заключэньнем i актам расстрэлу. Сын i бацька зноў былi побач, як i ў той верасьнёўскi дзень 1937-га, калi чэкiсты ўвайшлi ў iхную хату. Аднак i празь дзесяцiгодзьдзi пад грыфам "сакрэтна" дзяржбясьпека працягвала сваю лiнiю. У красавiку 1960-га сына, якi жыў у Пiнску, выклiкалi ў мясцовы райаддзел КГБ. Пра тое, што там яму сказалi, Васiль Белавец пiсаў ужо вайсковаму пракурору Беларусi:
«Работнiк КГБ мне паведамiў, што мой бацька Белавец
Сьцяпан, асуджаны ў 1937 годзе да 10 гадоў пазбаўленьня волi, памёр у тым жа
годзе ад грыпозных ускладненьняў i што дадзены факт сьмерцi зарэгiстраваны ў
Старобiнскiм райбюро ЗАГС. За гэтае паведамленьне i чульлiвыя адносiны да
запытаў працоўных я ад душы дзякую. Але я прасiў аб рэабiлiтацыi бацькi...»
Эпiдэмiя "грыпу"
1937 году, мяркуючы паводле адказаў у 1960-м, i праз чвэрць стагодзьдзя
працягвала выклiкаць ускладненьнi. Васiль Белавец яшчэ толькi зьбiраўся
напiсаць у Вайсковую пракуратуру -- вiдавочна, з падказкi КГБ, як органы
ўзялiся за работу. 7 красавiка 1960 году зь Менску паляцела аж 13 сакрэтных, з
грыфам "Лiцер "А", запытаў з аднолькавым тэкстам:
«Прашу Вас даць указаньне праверыць па ўлiках
агентуру былой буржуазнай Польшчы (далей у стандартным блянку iшоў прабел)
Сьцяпана Белаўца i паведамiць кампраматэрыялы, якiя маюцца на яго».
Запыты адрасавалiся ў
Цэнтральны дзяржаўны асобы архiў МУС СССР, у аддзел сакрэтных фондаў
Цэнтральнага дзяржаўнага архiву Кастрычнiцкай рэвалюцыi БССР, у Менскi абласны
архiў, у апэратыўна-даведачную картатэку 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у картатэку
фонду архiўных сьледчых справаў на асобаў, зьнятых з улiку ў КГБ пры Савеце
Мiнiстраў БССР, iншыя арганiзацыi. "Лiцер "А" там, безумоўна,
паважалi -- адказы паступiлi на працягу тыдня. Як i запыты, яны насiлi мэханiзаваны
характар -- пячатка з кароткiм тэкстам, маўляў, у сьпiсах ня значыцца.
У лiпенi супрацоўнiкi КГБ
выехалi ў вёску Чэпелi i апыталi старых. Нiхто нiякiх зьвестак аб
супрацоўнiцтве старшынi сельсавету з "польразьведорганамi" ня даў.
Наадварот. Як заявiў адзiн з дапытаных, "Белавец мне запомнiўся як
актывiст i чыста савецкi чалавек".
Што гэта азначала ў 1937
годзе -- "актывiст i чыста савецкi чалавек"? Белавец быў старшынём
сельскага савету, у яго абавязкi ўваходзiла ажыцьцяўленьне ўсiх акцыяў савецкай
улады, ад барацьбы з Богам да збору падаткаў. Гэта была катавая служба. У
дадатак да калгаснай бясплатнай працы праз сыстэму непасiльных падаткаў у
прорву iмпэрскай iндустрыялiзацыi выцiскалiся апошнiя кроў i пот вяскоўцаў.
Калi мясцовыя ўлады не спраўлялiся з плянамi калектывiзацыi, выбiваньнем
паставак, чысткай партыйных шэрагаў, тады "вычышчалi" iх самiх.
Раённае начальства ў сярэдзiне 30-х жыло ва ўгары бязьмежнай улады над тымi,
хто быў нiжэй, i такога ж бяспраўя перад вышэйшымi. Cярод iх сустракалiся асобы,
перакананыя ў непагрэшнасьцi партыi i Сталiна, людзi, якiя шчыра верылi ў
гiстарычную справядлiвасьць сваёй справы. Аднак нашмат больш характэрнымi
рысамi мясцовай улады рабочых i сялян былi малапiсьменнасьць, разбэшчанасьць,
жорсткасьць, самаўпраўства, п'янства. На месцах, як i ў НКВД, у большасьцi
працавалi не паталягiчныя крымiнальнiкi альбо iдэйныя фанатыкi, а самыя
звычайныя, простыя людзi, выхадцы зь бедных сялянскiх i рабочых сем'яў -- плоць
ад плоцi народу...
Яны лёгка маглi быць на
месцы сваiх ахвяраў, i тады б iх самiх заганялi ў калгасы, раскулачвалi,
высылалi. Аднак iм пашанцавала, i яны так аддана праводзiлi партыйную лiнiю,
што час ад часу ў Крамлi пачыналi гаварыць аб "перагiбах",
"парушэньнях сацзаконнасьцi" ды iншых "галавакружэньнях ад
посьпехаў". Кадры iмпэтна распраўлялiся з выбранымi
"перагiбшчыкамi" i займалi iх месцы, а галоўным заставалася тое, што
галавакружэньне было ўсё ж такi ад посьпехаў...
З сацыяльна чужымi
элемэнтамi -- духавенствам, працавiтымi заможнымi гаспадарамi, iх блiзкiмi i далёкiмi
сваякамi ў Старобiнскiм раёне пакончылi задоўга да 1937 году. Цяпер улады не
цырымонiлiся з калгасьнiкамi, а пра тых, хто ў Старобiнскiм раёне працягваў
трымацца за ўласны падворак, у лютым 1937-га на пленуме райвыканкаму,
прысьвечаным сталiнскай канстытуцыi, было сказана проста i ясна:
"аднаасобнiк зьяўляецца ворагам працоўнага народу". I гэта была ня
новая палiтычная ўстаноўка, а канстатацыя даўно заведзенай практыкi, што маглi
пацьвердзiць усе старобiнскiя аднаасобнiкi, якiя чулi заяву (вялася трансьляцыя
пленума празь мясцовае радыё). Праўда, такую раскошу, як радыё, маглi дазволiць
сабе далёка ня ўсе прыватныя гаспадары, няшчадна абкладзеныя процьмай падаткаў
i збораў. Калi яны не спраўлялiся з новымi i новымi паборамi, у справу ўступалi
сельсаветы.
У архiўнай даведцы НКВД на
старшыню Чэпелеўскага сельсавету Белаўца гаварылася, што ён "за няўплату
сельгаспадатку распрадаў да рэшты пяць аднаасобных гаспадарак". У НКВД
iнфармацыю пакiнулi без увагi. Гэта была самая звычайная зьява: калi лiчыць
толькi паводле пiсьмовых скаргаў пацярпелых, у 1936 годзе ў Старобiнскiм раёне
сканфiскавалi маёмасьць у 117 аднаасобнiкаў. Камiсiя савецкага кантролю пры СНК
БССР, якая ў рамках чарговай кампанii супраць чарговага
"галавакружэньня" правярала раён, адзначала: "Як правiла,
канфiскаваная маёмасьць прадавалася за бясцэнак i ў вынiку многiя аднаасобныя
гаспадаркi разбуралiся. Ускрытыя факты прысваеньня асобнымi старшынямi
сельсаветаў часткi канфiскаванай маёмасьцi i грошай ад яе рэалiзацыi".
Верагодна, сярод старшыняў
сельсаветаў былi розныя людзi. Аднак Сьцяпан Белавец запомнiўся людзям даволi
пэўна. Яны засьведчылi ў 1960 годзе, што старшыня сельсавету "вельмi
актыўна праводзiў палiтыку ўцягненьня сялянаў у калгас i на гэтай глебе часам
крыўдзiў асобаў, якiя не хацелi ўступаць у калгас. Да асобаў, якiя не выконвалi
падаткаў, Белавец ставiўся жорстка, часам паводле яго патрабаваньня ў некаторых
аднаасобнiкаў канфiскавалася маёмасьць".
Пяць цалкам зьнiшчаных
гаспадарак, пушчаных голымi ў сьвет сем'яў аднаасобнiкаў пацьвярджаюць
характарыстыку Сьцяпана Белаўца як "чыста савецкага чалавека". Яго
паводзiны не адрозьнiвалiся ад дзеяньняў большасьцi мясцовых уладароў
сельсавецкiх пячатак. Вось некаторыя штрыхi ў партрэт старобiнскiх
сельсаветчыкаў з даведкi Камiсii савецкага кантролю (ад 13 сакавiка 1937 г.):
«Аб скажэньнях дырэктываў
партыi i ўраду i парушэньнях рэвалюцыйнай законнасьцi ў Старобiнскiм памежным
раёне.
... У савецкiх арганiзацыях праводзiлася голае
адмiнiстраваньне, якое суправаджалася зьдзекамi над калгасьнiкамi i
аднаасобнiкамi.
Па Даманавiцкiм сельсавеце:
старшыня Чарняк, якi зьяўляецца адначасна парторгам Даманавiцкага i
Чырвонаазерскага сельсаветаў, канфiскаваў у Хамiцэвiча Мацьвея карову, цяля i
дзьвюх авечак за няўплату штрафу 250 рублёў, пра якi Хамiцэвiч уведаў у дзень
канфiскацыi маёмасьцi. Карова i цяля былi здадзеныя на базу за 455 руб. 50
кап., зь iх 125 руб. 50 кап. прысвоеныя старшынём сельсавету. Чарняк таксама
канфiскаваў у Хамiцэвiча Пятра каня, кажух, адрэз сукна i тачылы без
афармленьня акту пад выглядам неiснуючай нядоiмкi па культзбору. Чарняк
прысвоiў кажух, сукно i тачылы, а каня замацаваў за сельсаветам для разьездаў.
Па Чырвонаазерскiм
сельсавеце
Старшыня Мурашка (член КПБ,
сыстэматычна п'янствуе) займаўся незаконнай канфiскацыяй i прысваеньнем часткi
маёмасьцi аднаасобных гаспадарак. Шэраг гаспадарак былi Мурашкам разбураныя ў
вынiку налiчэньня непасiльных падаткаў, шляхам налiчэньня неiснуючых
неземляробчых i рынкавых даходаў. Напрыклад, Паддубiцкаму Аляксею (сям'я з
васьмi душ, сын у Чырвонай Армii) вызначыў 1600 рублёў падатку на падставе
заведама дутых даходаў. За няўплату такога непасiльнага падатку канфiскавалi ў
яго каня i адзiную карову. Мурашка прысвойваў незаконна канфiскаванае ў
вяскоўцаў (карову, свiньню, футра, швэйную машынку, збожжа i iнш.) Сакратар
сельсавету Мацукевiч Фёдар i член Берднiковiч Васiль зьбiлi калгасьнiцу
Казьлякевiч Стэфанiду i яе дванаццацiгадовую дачку пры незаконнай канфiскацыi
каровы для пакрыцьця нядоiмкi яе брата-аднаасобнiка. Старшыня сельсавету Мурашка
i член Сiвец абшукалi i канфiскавалi два кiляграмы iльнавалакна ў сьляпой
65-гадовай Iльшчыц Агаф'i, якая зьбiрала яго жабрацтвам.
Па Зажэвiцкiм сельсавеце
У1936 годзе старшынём быў Сьвiстуноў (цяпер старшыня Пагосцкага сельсавету), якi незаконна канфiскоўваў маёмасьць, прычым, апроч пяцi ўлiчаных выпадкаў, паводле скаргаў выяўлена яшчэ дзесяць выпадкаў канфiскацыi без афармленьня дакумэнтамi. Напрыклад, Сьвiстуноў прапанаваў аднаасобнiку вёскi Галiца Мiкiту Рабаву запрэгчы каня i прывезьцi яго ў сельсавет, а там адабраў у Рабава каня з вупражжу i санямi, заявiўшы, што гэта канфiскуецца за няўплату культзбору. Сьвiстуновым за нядоiмку 20 руб. у аднаасобнiка Казлоўскага Канстанцiна была апiсаная маёмасьць на 400 рублёў, зь якой былi прададзеныя калгасу два хлявы за 60 руб., а рахункаводу сельсавету Бялько швэйная машынка за 100 руб. па падложнай расьпiсцы. Сьвiстуноў разарыў шэраг аднаасобных гаспадарак, напрыклад, у Лахай Марыi, апроч усiх гаспадарчых пабудоваў, была разламаная на дровы агароджа вакол хаты.
Па Чыжэвiцкiм сельсавеце
Старшыня Бабаеў (член КПБ)
на працягу 1935-36 гадоў займаецца незаконнай канфiскацыяй i прысваеньнем
маёмасьцi аднаасобнiкаў. На Шэмет Хрысьцiну за недавыкананьне 9 кг iльну, якiя
праз тры днi былi здадзеныя дзяржаве, Бабаеў наклаў вусна штраф у 200 руб. i ў
той жа дзень канфiскаваў у яе 300 мэтраў тонкатканага палатна. Канфiскацыя была
праведзеная шляхам узлому сякерай куфэрка. Шэмет Хрысьцiна, калi Бабаеў выносiў
палатно, цалавала яго рукi, прасiла не адбiраць палатно, якое атрымала ў пасаг
дзясяткi гадоў таму i захоўвала для дачок. Але старшыня сельсавету быў
няўмольны. Канфiскаванае палатно Бабаеў падзялiў памiж сабой, старшынём калгасу
"Свабода" Далiнiным i аднаасобнiкам Чайкоўскiм, зь якiм п'янстваваў.
Бабаеў ужываў зьдзеклiвыя
спосабы прымусу да аплаты наўмысна завышаных падаткаў. У Лойкi Антона (сям'я з
шасьцi малых дзяцей) была разабраная зiмою (25 сьнежня 1936 г.) частка жылога
дому i прададзеная за 100 руб. калгасу "Перамога". Бабаеў за ўдзел
членаў сельсаветаў i панятых у канфiскацыi даваў прэмiю ад 10 да 15 руб. з сумы
продажу маёмасьцi. Бабаеў зьбiў аднаасобнiцу Ткачэню Вiнадору за адмову
дабраахвотна здаць iльнавалакно».
Пра ўсе "подзьвiгi" кiраўнiкоў мясцовай савецкай улады ў Беларусi не расказаць. Адзiн летам запрагаў жанчын у санi i прымушаў везьцi на п'янку ў суседнюю вёску, другi гвалтаваў па чарзе калгасьнiц, трэцi цягнуў у хату ўсё, што ўпадабаў. Ад уладарных вырадкаў не было паратунку, i нярэдка даведзеныя да адчаю людзi накладалi на сябе рукi.
... Пра арышт старшынi
Чэпелеўскага сельсавету Сьцяпана Белаўца, безумоўна, адразу стала вядома ў
акрузе. Ня дзiва, калi многiя ўспрынялi навiну са злараднасьцю -- цягаў воўк,
пацягнулi й ваўка. I тое, што пры гэтым была парушаная нейкая мiтычная
"сацзаконнасьць", наўрад цi хвалявала даведзеных да галечы вяскоўцаў,
у якiх старшыня сельсавету канфiскаваў маёмасьць за няўплату падаткаў. Магчыма,
Белавец i не валок у хату жабрацкае багацьце (на восем ратоў на падворку
Белаўца на момант арышту налiчвалася ўсяго адна карова i пяць сьвiней -- цяжка
ўявiць, як сям'я кармiлася нават тады, калi бацька быў на волi. А ўжо пасьля
арышту напэўна зьведалi i голад, i холад). Аднак старшыня сельсавету, як i
ягоны сьледчы Гарбачэўскi, быў часткай бязьлiтаснага мэханiзму гвалту, што
ўрэшце пажор i яго самога. Не такi ўжо й рэдкi выпадак для сыстэмы, якая
замянiла чалавечыя дачыненьнi партыйнай маральлю i знайшла вялiкае мноства
ахвотнiкаў гэтую мараль праводзiць у жыцьцё.
У жнiўнi 1960 году Вайсковы
трыбунал Беларускай вайсковай акругi, як напiсана ў даведцы, спынiў справу
Сьцяпана Белаўца "за адсутнасьцю саставу злачынства". Магчыма, яго
дзецям, якiя зьведалi ўсе "выгоды" званьня членаў сям'i здраднiка
радзiмы, прынесла палёгку афiцыйнае пацьверджаньне, што iх бацька -- ня польскi
шпiён. Старшыня сельсавету i сапраўды ня быў агентам замежных разьведак...
1961. "Да гэтых справаў
я нiякiх адносiнаў ня меў"
Блякнот Гарбачэўскага
танчэў: даводзiлася пiсаць новыя й новыя тлумачэньнi, каб давесьцi сваю правату
i заслугi перад партыяй. Пэрсанальная справа хутка расла ў аб'ёме. Пра амурныя
прыгоды нiхто ўжо ня згадваў, а чамусьцi пачалi выторгваць iншыя факты.
Магчыма, яму проста не
шанцавала. Пасьля сьмерцi Сталiна парадку менш стала паўсюдна. Вось i перагляд
справаў рэпрэсаваных даручылi не спэцыялiстам, якiя гэтыя справы добра ведалi,
бо самi некалi вялi, а пабочным, ня надта дасьведчаным асобам з вайсковай
пракуратуры. Iх увагу i прыцягнуў ягоны подпiс, якi стаяў пад мноствам розных
дакумэнтаў. Вайсковы пракурор I.Пастрэвiч прыводзiў прозьвiшчы i характарыстыкi
некаторых асобаў, якiх ён выкрыў: непiсьменны калгасьнiк Мiканор Кулакоўскi,
старшыня калгасу, бацька пяцi дзяцей Уладзiмiр Герасiменя, лясьнiк Фёдар
Сiдарук, намесьнiк старшынi калгасу Аляксандар Бялькевiч, лясьнiк Аляксандар
Алiноўскi, калгасьнiкi Марыя Лазоўская, Баляслаў Корбут, Юльян Смолiч...
«Ня ведаю, навошта зьбiраць рознага роду выпадкi i
недахопы за 25 гадоў працы, у кожнага яны бываюць. Падаваць iх агулам, не
канкрэтызаваць, выпустошваць увесь зьмест, як i чаму тая цi iншая акалiчнасьць
здарылася, i толькi ў бок абвiнавачаньня. Я i так перажыў у сувязi з гэтымi
справамi, што паслужыла прычынай звальненьня з органаў...»
Радкi нататнiка перапаўняла
шчырая крыўда, i пошта разносiла лiсты адрасатам. Аднак яму пачалi прад'яўляць
архiўныя дакумэнты з iмёнамi, пратаколамi, ордэрамi на арышт бяз санкцыяў
пракурора. Так, там стаяў ягоны подпiс, але ж хiба ўсё запомнiш. Можа, i
афармляў якiя-небудзь паперы. Але сам сьледзтва ня вёў, а толькi падпiсваў
першапачатковыя дакумэнты -- астатнiм займалiся ў Слуцку i Менску.
Ён тлумачыў зноў i зноў:
“Згодна з пастановамi ў той час вышэйстаячых
органаў i пракуратуры, афамленьне справаў
рабiлася наступным чынам: паводле
матэрыялаў, якiя меў той цi iншы орган МУС (агентурныя
распрацоўкi, пратаколы допыту сьведкаў,
дакумэнтацыя i да т.п.), складалася апэратыўным
работнiкам абагульненая даведка, пiсалася пастанова на арышт, бралася санкцыя пракурора i ўвесь пазначаны матэрыял накiроўваўся ў акруговы аддзел (у той час Слуцкi) для вядзеньня сьледзтва з арыштаваным. Як там вялося
сьледзтва, хто яго вёў, якiя матэрыялы атрыманыя
сьледчым, хто накiроўваў справы паводле падсуднасьцi i пiсаў
абвiнаваўчае заключэньне, мне
невядома, бо да гэтых справаў i матэрыялаў я нiякiх адносiнаў ня меў i больш iх ня бачыў”.
Спраўдзiлi.
Зь дзевяцi выбарачна паднятых справаў сем
ад пачатку i да канца, да адсылкi ў Маскву наркаму Яжову на зацьверджаньне сьмяротнага
прысуду, былi складзеныя i аформленыя ўласнаручна Макарам Гарбачэўскiм. Тады, у 1961-м, не змаглi цi не захацелi спраўдзiць словы Гарбачэўскага пра тое, што больш справаў
арыштаваных iм людзей ён ня бачыў...
1937. "Удзельнiк Слуцкага
паўстаньня"
Ордэр на арышт i вобыск №231 Макар Гарбачэўскi мог выпiсваць з асаблiвым задавальненьнем. У сакрэтнай даведцы, якую ён склаў на
падставе даносу на 42-гадовага Мiхаiла Сямёнавiча Бунцэвiча, беларуса, пiсьменнага, ахоўнiка Старобiнскага дзяржбанку,
гаварылася:
“У 1920 годзе, пры арганiзацыi Беларускай Рады, выступаў супраць Савецкай улады i змагаўся супраць Чырвонай Армii. Каля мястэчка Семежава, пад нацiскам чырвоных частак крычаў паўстанцам не адступаць, а
змагацца да апошняга, i калi iх атрад быў разьбiты, Бунцэвiч Мiхаiл пасьпеў схапiць сьцяг Беларускай Рады, якi цяпер захоўваецца ў яго альбо яго брата Пiлiпа, арыштаванага органамi НКВД”.
Сьцяг у Бунцэвiча не знайшлi. Яго
допыт Гарбачэўскi, загружаны iншымi справамi, даручыў правесьцi свайму
намесьнiку Казлову. Бунцэвiч адмовiў усе абвiнавачаньнi. Тады Казлоў узяўся за
сьведкаў.
Дапытаны работнiк банку Iсак Голуб
заявiў, што Бунцэвiч браў удзел у Слуцкiм паўстаньнi i падтрымлiваў
контррэвалюцыйную сувязь са сваiм братам Пiлiпам, арыштаваным НКВД. Праўда, сам
Голуб нiчога напэўна ня ведаў i спаслаўся на двух чалавек, якiя гэта яму
расказвалi. Адзiн з тых двух, Кандрат Караба, пацьвердзiў, што бачыў, як
Бунцэвiч ехаў на канi ў бок Семежава, а таксама дадаў, што Бунцэвiч агiтаваў
яго не падпiсвацца на заём, бо карысьцi ад яго нiякай няма. Пацьвердзiў удзел
Бунцэвiча ў Слуцкiм паўстаньнi i яшчэ адзiн сьведка, Шлома Левiтан. Прынамсi, менавiта
так былi запiсаныя iх паказаньнi ў пратаколах допытаў.
Невядома, як праходзiлi вочныя стаўкi
i цi праводзiлiся яны наогул, але сьледчы так i ня змог выбiць з арыштаванага
прызнаньня. Пра тое, чаго гэта каштавала Бунцэвiчу, можна толькi здагадвацца.
Але факт застаецца фактам: памочнiк опэрупаўнаважанага Казлоў мусiў запiсаць у
пратакол катэгарычнае адмаўленьне арыштаваным усiх абвiнавачаньняў.
Справу без "царыцы доказаў"
-- уласнаручнага прызнаньня -- старобiнскiя чэкiсты перасылаць наркаму Яжову
(што азначала верную сьмерць) не рызыкнулi, а накiравалi на разгляд
"Асобай тройкi НКВД БССР". "Тройка" прызнала Бунцэвiча
вiнаватым толькi ў тым, што ён вёў контррэвалюцыйную агiтацыю супраць
мерапрыемстваў партыi i ўраду i даказваў непазьбежнасьць гiбелi савецкай улады.
Пра ўдзел у Слуцкiм паўстаньнi ня згадвалася.
Згодна з выпiскай з пратаколу №66 ад
3 лiстапада 1937 году, "тройка" пастанавiла адправiць Бунцэвiча ў
папраўча-працоўны лягер тэрмiнам на 10 гадоў. Яго нават не пазбавiлi права
перапiскi.
Пасьля 1937-га iшоў 1938 год. Сталiн
зьмянiў непатрэбнага больш Яжова на Берыю, i пасьля партыйнага пленуму на
пачатку 1938-га адныя каты пачалi душыць iншых -- цяпер ужо каралi за
парушэньнi "сацыялiстычнай законнасьцi". Пачалi мяняць кадры НКВД у
рэспублiках: у Менск замест Бермана прыехаў Наседкiн, якога неўзабаве зьмянiў
Цанава. Ратацыя iшла на ўсiх узроўнях, партыйныя, савецкiя i чэкiсцкiя кадры
перакiдвалiся з аднаго раёну ў iншы -- каб не "зрасталiся" зь
мясцовымi насельнiкамi, праводзiлi лiнiю жорстка i рашуча, без сэнтымэнтаў.
Макара Гарбачэўскага пасьля году
пасьпяховай працы ў Старобiне перавялi на пасаду начальнiка райаддзелу
НКВД у Шклоў.
Пакуль Гарбачэўскi выкараняў ворагаў
на Магiлёўшчыне, зьняволены Тайшэцкага лягеру Бунцэвiч пiсаў лiсты, якiя акуратна
падшывалiся да ягонай справы. Першым зь iх стаў лiст пракурору БССР. На 12-цi
старонках Бунцэвiч апiсваў сваё жыцьцё, сваякоў, i даводзiў, што сьведкi ў
ягонай справе гаварылi супрацьлеглае таму, што запiсана сьледчым. Да архiўнай
справы падшыты i лiст сына Бунцэвiча Кастуся, вучня 7-е клясы, адрасаваны
Сталiну.
Малы бацькаў заступнiк пiсаў кату:
"Мой бацька нiколi нiдзе ня быў, нi за мяжой, нi ў белых. Усе грамадзяне
мястэчка Старобiна са зьдзiўленьнем гавораць: "За што
Бунцэвiча Мiхаiла арыштавалi, здаецца, ён быў сумленны чалавек?" Таварыш
Iосiф Вiсарыёнавiч! Пераканаўча прашу разглядзець маю прапанову. Цераз
людзей-паклёпнiкаў яму давялося несьцi незаслужанае пакараньне".
На аркушы, вырваным са школьнага
сшытку, стаiць дата: 9 кастрычнiка 1939 году. Лiст хутчэй за ўсё напiсаны пад
дыктоўку кагосьцi са старэйшых, якiя спрабавалi надаць яму "афiцыйны"
стыль. Аўтар дакладна называе непасрэдную прычыну зьняволеньня Бунцэвiча:
"людзi-паклёпнiкi", хоць, безумоўна, нiколi ня бачыў кардоннай папкi
са справай НКВД. Яшчэ шэсьць лiстоў у абарону мужа напiсала жонка арыштаванага
Клаўдзiя Бунцэвiч.
Далейшыя матэрыялы архiўнай справы
Бунцэвiча сьведчылi пра нараджэне цуду, якi набываў ўсё больш выразныя формы з
кожным новым перагорнутым дакумэнтам. Згодна з загадам НКВД СССР №00116, якi
патрабаваў у выпадку пратэсту перагледзець i дасьледаваць справу на працягу
10-цi дзён, управа Тайшэцкага лягеру накiравала заяву Бунцэвiча пракурору БССР.
У сакавiку 1940-га сьведку Iсака Голуба зноў выклiкалi ў Старобiнскi райаддзел
НКВД. Там ужо сядзелi iншыя людзi.
У пратаколе допыту Голуба зьявiўся
зусiм новы запiс: "Аб правядзеньнi контррэвалюцыйнай агiтацыi Бунцэвiчам
Мiхаiлам я нiчога не магу паказаць, бо я за iм гэтага нiколi не заўважаў, за
выняткам таго, што ў прыватных размовах Караба Кандрат у 1937 годзе летам
гаварыў, што Бунцэвiч прыняў удзел у Беларускай Радзе. Але чамусьцi да лета
1937 году ён аб гэтым нiчога не гаварыў". Канец сьведчаньня. У адзiн дзень
з Голубам быў зноў дапытаны Шлома Левiтан, якi ўвогуле заявiў, што нiякiх
паказаньняў аб удзеле Бунцэвiча ў Слуцкiм паўстаньнi не даваў.
У Старобiнскiм райаддзеле
падрыхтавалi пастанову на iмя новага наркама Лаўрэнцiя Цанавы, у якой
гаварылася: "Рашэньне асобай тройкi НКВД БССР ад 3 сьнежня 1937 году
адмянiць, Бунцэвiча Мiхаiла Сямёнавiча з-пад варты вызвалiць. Гэтую пастанову
для выкананьня праз 1 спэцаддзел НКВД БССР накiраваць у Тайшэцкi лягер НКВД
СССР, 2-гi агульналягерны пункт "Ударны" па месцы знаходжаньня".
I -- подпiсы новых работнiкаў Старобiнскага райаддзелу i Менскай абласной
управы НКВД -- Герасiмаў, Васiлеўскi, Масквiчоў. 6 красавiка 1939 году Цанава
ўласнаручна зацьвердзiў пастанову.
Як вынiкае з датаў на дакумэнтах,
яшчэ за два днi да подпiсу Цанавы старшы опэрупаўнаважаны
сяржант ГБ Пракоф'еў, якi працаваў у 1 спэцаддзеле НКВД БССР, накiраваў дэпешу
пад грыфам "Вельмi тэрмiнова. Вызваленьне. Зусiм сакрэтна" ў Тайшэцкi
лягер i копiю ў 1 спэцаддзел НКВД СССР у Маскву. Пастанова аб адмене рашэньня
"тройкi" i вызваленьнi Бунцэвiча паляцела ў Сiбiр.
З кожным дакумэнтам, якi знаходзiўся
ў архiўнай справе Мiхаiла Бунцэвiча, усё больш рэальным рабiўся цуд, амаль
мiтычны выпадак вызваленьня. Сваёй выключнасьцю ён быў абавязаны i стойкасьцi
самога Бунцэвiча, i клопатам сям'i, якая не адраклася ад бацькi, але, у першую
чаргу, страху Сталiна перад сваiмi памагатымi. Любы дыктатар жыве ў пастаянным
страху перад занадта актыўнымi паплечнiкамi i час ад часу робiць папераджальную
рубку галоў -- калi пасьпявае. Сталiн заўсёды пасьпяваў, i палiтычная
кан'юнктура ў справе Бунцэвiча, такiм чынам, склалася выключна спрыяльна. Трэба
было не прапусьцiць момант.
Аднак кароткi адказ з Тайшэту ў Менск
прыйшоў толькi ў лiстападзе 1940-га. Паведамлялася, што Бунцэвiч
этапаваны з Тайшэтлагу ў Карлаг i запыт НКВД БССР перапраўлены
туды. Сем месяцаў маўчаньня ў адказ на патрабаваньне "вельмi тэрмiновага
вызваленьня" выклiкалi недаўменьне: цi гэта была норма? Цi Бунцэвiчу
перастала шанцаваць? Цi, можа, зноў мянялiся часы?..
Чаму i дзе блукала папера аб
вызваленьнi Бунцэвiча? Адну зь верагодных вэрсiяў падказаў сам архiўны
дакумэнт. Яго мусiлi былi падпiсаць дзьве службовыя асобы: непасрэдны выканаўца
сяржант ГБ Пракоф'еў, i ягоны подпiс стаiць, i начальнiк 1 спэцаддзелу НКВД
БССР -- гэтага подпiсу няма.
Імя начальнiка, якi проста мог
пакласьцi пастанову аб вызваленьнi пад сукно -- Макар Гарбачэўскi. Пасьля сямi
месяцаў службы ў Шклове ён быў пераведзены на працу ў Менск i заняў пасаду
спачатку начальнiка аддзяленьня, а празь пяць месяцаў узначалiў 1 спэцаддзел.
Усе дакумэнты на вызваленьне Бунцэвiча клалiся яму на стол. Адмена прысуду i
зьняцьце абвiнавачаньняў маглi падарваць iмклiвую кар'еру маладога
пэрспэктыўнага супрацоўнiка...
Наступная сакрэтная паперка ў справе
Бунцэвiча зьявiлася праз восем месяцаў пасьля пастановы аб яго вызваленьнi: усю
справу адправiлi зь Менску ў Старобiн -- для дасьледаваньня. Загадвалася
сьведку Кандрата Карабу перадапытаць з мэтай "удакладненьня i
пацьверджаньня паказаньняў". Заданьне было недвухсэнсовае, i 9 студзеня
1941 году ахоўнiк Старобiнскага банку Караба, як i патрабавалi зь Менску, свае
паказаньнi супраць Бунцэвiча пацьвердзiў.
У пратаколе допыту запiсаныя яго
адказы: "Памiж удзельнiкаў банды "Беларускай Рады" знаходзiўся
Бунцэвiч, якi разам зь iншымi накiроўваўся ў Завiшчыцы. З размоваў удзельнiкаў
банды ведаю, калi з майго возу здымалi скрыню з патронамi, дык павiнны былi
накiравацца ў Семежава. I больш аб удзеле Бунцэвiча ў бандзе "Беларуская
Рада" мне нiчога не вядома. Бунцэвiч гаварыў, што жывецца дрэнна, няма
хлеба, раней жылося ў некалькi разоў лепей, чым цяпер". Сьледчыя папрасiлi
Карабу назваць сьведкаў антысавецкiх размоваў Бунцэвiча. Той адказаў так:
"У памяшканьнi банку я зьмяняў Бунцэвiча i ён адразу дахаты не пайшоў, бо
быў моцны дождж, i ўсе размовы, апроч яго i мяне, нiхто ня чуў".
Сьледчыя дапыталi яшчэ сем чалавек.
Нiхто болей не пацьвердзiў нiякiх абвiнавачаньняў. Тым ня менш,
сьледчы ўправы НКВД па Менскай вобласьцi сяржант ГБ Парахневiч напiсаў i
падпiсаў пастанову, згодна зь якой папярэдняе рашэньне аб
вызваленьнi Бунцэвiча адмянялася, скарга асуджанага прызнавалася
неабгрунтаванай. Гэтую пастанову трэба быдо падпiсаць начальнiку ўправы НКВД
Менскай вобласьцi Васiлеўскаму, начальнiку сьледчай часткi Сiмахiну,
зацьвердзiць пастанову павiнен быў сам наркам Цанава. Нi даты, нi патрэбных подпiсаў,
апроч подпiсу сяржанта ГБ Парахневiча, на дакумэнце няма.
Як будзе сьцьвярджаць у 1959 годзе
пракурор Менскай вобласьцi I.Шнiтко пад час перагляду справы,
пастанова, якая адмаўляла Бунцэвiчу ў вызваленьнi, ня мела нiякай юрыдычнай
сiлы нават у тыя часы. Але былi iншыя сiлы, зацiкаўленыя, каб арыштаваныя на
падставе iхных ордэраў не вызвалялiся датэрмiнова...
Бунцэвiч адбыў у лягеры ўвесь тэрмiн
i вярнуўся ў Старобiн у 1946 годзе. Жыць яму заставалася нядоўга -- праз тры
гады, на 54-м годзе жыцьця ён памёр. Удава прасiла назначыць ёй пэнсiю, але ёй
адмовiлi. Ворагам народа i членам iх сем'яў пэнсiяў не давалi -- трэба было
забясьпечваць пэнсiянэраў НКВД.
1961. "Прашу пераканаўча ўсё ўлiчыць"
Новыя запiсы ў схуднелым блякноце адзiн да аднаго паўтаралi тое, што
Гарбачэўскi пiсаў
амаль чвэрць стагодзьдзя таму. У лютым
1961-га яму ўдалося дамагчыся доступу да справаў, якiя ён вёў у 1937-м.
Перагарнуў пажоўклыя старонкi, перагледзеў пастановы на арышт i свае подпiсы,
выпiскi з рашэньняў НКВД i паведамленьнi аб iх выкананьнi. Не, яму няма чаго
саромецца перад партыяй -- усе арыштаваныя былi сапраўднымi ворагамi. Органы не
памылялiся, сьцьвярджаць адваротнае -- значыла абвiнавачваць органы ў
шкоднiцтве, паклёпнiчаць, паўтараць злобныя контррэвалюцыйныя выдумкi. Аднак
часы дзiўна памянялiся. Арыштавалi Берыю, зьнiк Цанава, замахнулiся на самога
Сталiна. Правадыр ляжыць у маўзалеi побач зь Ленiным i сам ня можа за сябе
пастаяць. Быў бы жывы, хiба давялося б тлумачыць вiдавочнае?.. Ён вырываў
чарговыя аркушы з блякноту.
“У дадатак да майго тлумачэньня
адносна справаў 1937 году паведамляю. Бунцэвiч М. удзельнiк атраду, створанага Беларускай Радай, змагаўся супраць чырвонага войска, праводзiў
контррэвалюцыйную агiтацыю; Белавец С. займаўся кантрабандавай дзейнасьцю, меў
сувязi з Польшчай, дзе пражывалi мацi i стрыечны брат; Герасiменя В. у Польшчы
меў сястру, зь якой у 1933 годзе меў падазроныя сустрэчы. У 1935 годзе за
азначаную дзейнасьць выключаны з ВКП(б); Алiноўскi А. былы кулак, меў 20 га
зямлi, чатыры каровы, быў завэрбаваны для правядзеньня контррэвалюцыйнай
агiтацыi польшпiёнам Сасноўскiм; Лазоўская М. таксама мела
непасрэдную сувязь з польшпiёнам Сасноўскiм; Сiдарук Ф. працаваў лесьнiком,
перадаваў матэрыял аб настроях сялянаў i разьмешчаньнi частак РККА, дрэнна
адпускаў матэрыял для дзяржбудоўляў... Паводле ўказаньняў таго пэрыяду яны
падлягалi арышту, тым болей, што Старобiнскi раён быў памежным i на ўсiх гэтых
асобаў мелiся ў райаддзеле матэрыялы агентурных справаў. Прашу пераканаўча пры
разглядзе пытаньня ўсё гэта ўлiчыць...”
Матэрыялы агентурных справаў былi
першаснай i найважнейшай крынiцай iнфармацыi, паводле якой
выбiралiся ворагi. Гарбачэўскi ведаў напэўна, што пераправерыць
iх, нават калi б захацелi, будзе немагчыма. У
1941-м, пад час маланкавага наступу немцаў, у райаддзелы
паступiў загад палiць апэратыўныя дакумэнты. Пасьля вайны, працуючы намесьнiкам
Цанавы, ён на свае вочы мог бачыць справаздачу супрацоўнiка Старобiнскага
райаддзелу НКВД Бялько, якая пацьвярджала зьнiшчэньне першаснай дакумэнтацыi.
Праўда, зьвесткi аб некаторых
памочнiках органаў мелiся ў архiўных справах арыштаваных, ён сам часам упiсваў
iх у даведкi, паводле якiх арыштоўваў ворагаў. Але Гарбачэўскi мог спадзявацца,
што аб тых запiсах паклапоцяцца калегi.
І сапраўды, пад час кампанii
рэабiлiтацыi, калi органы пераглядалi справы -- пiсалi даведкi, правяралi былых
так званых "польскiх шпiёнаў" з выездам на месца, -- у КГБ не
забывалiся i на сваiх верных памочнiкаў. Вырываць аркушы са справы было строга
забаронена iнструкцыяй, але нiякая iнструкцыя не перашкаджала ставiць густыя
чарнiльныя кляксы на мянушкi i прозьвiшчы асьведамляльнiкаў. Некаторыя
акалiчнасьцi i дакумэнты дазваляюць датаваць адну з такiх замазак у архiўнай
справе, пачатай Старобiнскiм НКВД i перададзенай у спэцархiў у Менск, 10
сакавiка 1953 года. I тыдня не мiнула, як сканаў Сталiн, а нечая спрытная рука
пачала клапацiцца пра памочнiкаў катаў.
У 1961 годзе нiхто сапраўды ня стаў
корпацца ў агентурных матэрыялах -- доказаў вiны палкоўнiка хапала i бязь iх.
Аднак Гарбачэўскi памыляўся, калi думаў, што нiхто нiколi ня ўведае iмёнаў
старобiнскiх юдаў...
1992. "Матэрыял асьв. "Горкi"
Пад час кароткай беларускай адлiгi, калi кампартыя была
зацугляная пасьля путчу 1991 году, пад цiскам грамадзкасьцi КГБ пачаў даваць абмежаваны дазвол навукоўцам, журналiстам, кiнематаграфiстам на знаёмства зь некаторымi справамi. Як член парлямэнцкай
камiсii
па правах ахвяраў палiтычных рэпрэсiяў, непрацяглы час меў магчымасьць пазнаёмiцца са справамi закатаваных i я.
Справы Сьцяпана Белаўца, Мiхаiла Бунцэвiча, як i iншых ахвяраў Гарбачэўскага,
адкрывалiся даведкамi, паводле якiх iх арыштоўвалi, выносiлi пастановы i расстрэльвалi альбо везлi ў лягеры. У справе Бунцэвiча,
напрыклад, пасьля апiсаньня яго ўдзелу ў Слуцкiм паўстаньнi рукой энкавэдыста ў
дужках было нешта пазначана, але разабраць заштрыхаваны запiс было няпроста.
Папера, на якой друкавалiся даведкi i прозьвiшчы асьведамiцеляў, як знарок
падабраная, каб ня можна было прачытаць з адваротнага боку -- грубая i тоўстая. I лiтары звычайнай друкарскай машынкi не працiскалi яе.
Безумоўна, сучасная крымiналiстычная тэхнiка лёгка справiлася б з задачай: разабраць замазаныя, схаваныя прозьвiшчы даносчыкаў, але наiўна было б чакаць дапамогi з боку тых органаў, якiя
такой тэхнiкай валодаюць. Iх задача адваротная -- каб нiхто не прачытаў i не назваў iмёны верных сяброў чэкiстаў.
Але паспрабаваць прачытаць iмёны памочнiкаў катаў усё ж можна, нават калi атрымаў архiўную справу ўсяго на пару
гадзiнаў i ў цёмны службовы пакой, якi ў
КГБ Беларусi часова адвялi пад чытальную залю, незнарок заходзяць прапаршчыкi i заглядаюць афiцэры. Пад мiнiятурным павелiчальным шклом вугалкi характэрнага шрыфту друкарскай машынкi Старобiнскага НКВД, якiя выступалi з-пад чарнiльных плямаў, складвалiся ў лiтары, лiтары -- у словы. Вось словы, якiмi называлi даносчыкаў у Старобiне i
якiя стаяць на пачатку многiх справаў НКВД:
“Горкi” -- менавiта паводле даносаў таго, хто зашыфраваны пад псэўданiмам
аўтара знакамiтага афарызму "Калi вораг не здаецца -- яго
зьнiшчаюць", быў арыштаваны Мiхаiл Бунцэвiч, расстраляны жыхар вёскi
Застарыньне Станiслаў Главiнскi, якi пакiнуў сiротамi двух дзяцей; таксама
расстраляны ягоны аднавясковец Вiкенцi Кальчынскi.
“Сексот” Iгнаценка -- паводле ягоных даносаў арыштаваны i загiнуў у Бурлагу
селянiн вёскi Залесьсе Сямён Чарнецкi, бацька чатырох дзяцей; арыштаваны i
расстраляны калгасьнiк зь вёскi Застарыньне Юльян Смолiч, бацька трох дзяцей;
расстраляны лясьнiк зь вёскi Саковiчы Андрэй Алiноўскi, бацька двух дзяцей.
Прозьвiшчы даносчыкаў Старобiнскага НКВД Шацкага, Бобрыка, Дрызгаловiча таксама
значацца ў тых некалькiх зь незьлiчонай колькасьцi справаў, якiя ўдалося
разгарнуць.
У адным з адкрытых для наведнiкаў
менскiх архiваў захоўваецца таўсьценны фалiянт, якi невядома як туды
патрапiў. У яго доўгая назва: "Настольны рэестар сеткi асобага аддзелу
ўправы дзяржбясьпекi НКВД БССР за 1939 год. Экзэмпляр №447. Зусiм сакрэтна.
Захоўваць нароўнi з шыфрам". Нароўнi з шыфрам захоўвалi сьпiс даносчыкаў
асобага аддзелу НКВД СССР пры 15-м пагранатрадзе НКВД БССР. Такiм чынам,
даносчыкi, якiя "працавалi" ў войсках НКВД, падпарадкоўвалiся Маскве,
а не мясцовым чэкiстам. Друкарскiм спосабам выдадзеная кнiга мела спэцыяльныя
таблiцы з разьдзеламi, куды ўпiсвалiся мянушкi даносчыкаў, iх службовае становiшча
i пасада. Сапраўдныя прозьвiшчы не пазначалiся, але iх пры жаданьнi лёгка
знайсьцi, калi падняць дакумэнты асабовага складу i паглядзець пасады.
Падбор мянушак сакрэтных памочнiкаў
органаў, якiя слухалi i запiсвалi любое неасьцярожнае слова сваiх саслужыўцаў,
сьведчыць пра густы i схiльнасьцi iх куратара. У 15-м пагранатрадзе юдаву працу
выконвалi асобы зь мянушкамi "Сурыкаў", "Жукаў",
"Пушкiн", "Волгiн", "Лермантаў",
"Чайкоўскi", "Чалюскiн", "Фурманаў". Вiдаць,
даносы, падпiсаныя iмёнамi паэтаў, гучалi больш прыемна для вытанчанага вуха
энкавэдыста. Мянушка даносчыка, якi працаваў у гаражы, "Руль", --
выключэньне з гэтай юдавай партытуры, складзенай аматарам высокага мастацтва з
НКВД.
Сьпiс пасадаў, якiя займалi
даносчыкi, сьведчыць пра некаторыя прынцыпы арганiзацыi працы зь iмi. Сярод iх
ёсьць шавец гаспадарчай каманды, памочнiк загадчыка прамскладу, кухар, шафёр,
камандзiр аддзяленьня, штабны пiсар, намесьнiк палiтрука, памочнiк начальнiка
штаба. Гэта пасады, якiя даюць шмат магчымасьцяў для нефармальных кантактаў з
саслужыўцамi, дазваляюць сачыць за паводзiнамi начальства. Апроч таго,
даносчыкi кантактавалi памiж сабой i даносiлi адзiн на аднаго, такiм чынам,
НКВД мог надзейна кантраляваць усю сетку.
(Невялiкае адступленьне: у 1989 годзе,
пасьля краху ўлады КПСС у Лiтве, у Вiльнi апублiкавалi некаторыя сакрэтныя
дакумэнты КГБ, у iх лiку iнструкцыi, фармуляры, анкеты.
Стандартная анкета агента-асьведамляльнiка складалася з 29
графаў. Апроч бiяграфiчных зьвестак, афiцэр-вярбоўшчык, якi запаўняў анкету, мусiў напiсаць адказы на шэраг пытаньняў, у тым лiку падрабязна выкласьцi мэту вярбоўкi. Аднак, паколькi справа была пастаўленая
на паток, дык для зручнасьцi ў падрадкоўнiку дробным шрыфтам прыводзiлiся тыповыя адказы. Графа
нумар 23 "Завербаваны" прадугледжвала наступныя варыянты працягу:
"на патрыятычнай глебе, з выкарыстаньнем кампраматэрыялаў, з варожага
асяродку". Пытаньне нумар 24 "Супрацоўнiчаць пагадзiўся" мела
такiя верагодныя адказы: "ахвотна, хiстаўся, пасьля
доўгага перакананьня, паставiў умовы i г.д." У наступнай графе адзначалiся
"Каштоўныя асабiстыя якасьцi" агента: "памяць, назiральнасьць,
аналiтычныя здольнасьцi, здольнасьць уваходзiць у давер, фiзычная сiла, валявыя
якасьцi, здольнасьць да пераўвасабленьня i г.д." Далей у анкеце iшло
пытаньне "Якiя мае спэцыфiчныя магчымасьцi". Падрадкоўнiк прыводзiў
некаторыя зь iх: "выезды ў iншыя раёны, наведваньне прыватных кватэраў
паводле характару працы, мае дачу, уласную аўтамашыну, умее вадзiць
аўтатранспарт i iнш." Пытаньне нумар 27 фiксавала "Асабiстыя iнтарэсы,
зацiкаўленьнi i схiльнасьцi", сярод iх "спорт, паляваньне, музыка,
мастацтва, зьбiраньне калекцыяў, турызм, радыёаматар, кiнафотааматар, аматар
гульнi ў карты i iншых азартных забаваў". Перадапошняе пытаньне ацэньвала
"Надзейнасьць агента". Трэба было адзначыць, цi агент
"спраўджаны праз агентуру, з выкарыстаньнем апэратыўна-тэхнiчных сродкаў i
iнш."
Завяршала анкету агента новая анкета: "Зьвесткi пра асабiстыя сувязi, якiя маюць апэратыўны iнтарэс". Сюды заносiлiся iмёны, адрасы, прафэсii знаёмых новасьпечанага агента i зьвесткi пра iх, якiя "заслугоўваюць
апэратыўнай увагi". Такiм чынам, зь якiх бы меркаваньняў нi пачынаў супрацоўнiчаць чалавек з органамi, як бы нi пераконваў сябе i iншых у намеры выкарыстаць свае
магчымасьцi выключна ў высакародных мэтах,
ня ён кантраляваў сытуацыю. Органы
кантралявалi ня толькi яго, але i ягоных сяброў, знаёмых, калег. Завяз кагаток
-- усёй птушцы пагiбель.)
Даносчыкаў бераглi, i яны
прыцягвалiся для дачы паказаньняў у ролi сьведкаў у рэдкiх выпадках. Зрэшты,
патрэбных сьведкаў НКВД заўсёды знаходзiла. У чорны панядзелак Гарбачэўскага,
18 верасьня 1937 году, на падставе даносу асьведамляльнiка Iгнаценкi ў вёсцы Саковiчы Старобiнскага раёну быў
арыштаваны чарговы "польскi шпiён" -- лясьнiк Лiстападаўскага
лясьнiцтва Аляксандар Мацьвеевiч Алiноўскi, 1887 году нараджэньня, беларус,
беспартыйны, бацька двух дзяцей. Апроч даносу, падставай для абвiнавачаньня
сталi паказаньнi сьведкi -- Марка Цiханавiча Нiкалаевiча, лесьнiка таго ж
лясьнiцтва.
Нiкалаевiч заявiў, што Алiноўскi, з
аднаго боку, эксплюатаваў i няшчадна штрафаваў сялян, а з
другога, -- разбазарваў дзяржаўную маёмасьць i раздаваў людзям сенакос, а
таксама ў 1919 годзе ўдзельнiчаў у бандзе. Лёгiкi ў паказаньнях сьведкi не
было, але Гарбачэўскi дапоўнiў iх выбiтым у арыштаванага прызнаньнем: маўляў,
штрафаваў сялян па заданьню польскiх шпiёнаў. Пасьля гэтага справа была
накiраваная на "разгляд" Яжову. Пастанова НКВД ад 27 сьнежня 1937
году, пратакол 646, была прыведзеная ў выкананьне 24 лютага 1938 году ў Слуцку.
Праз дваццаць два гады, у студзенi
1960-га, калi страх крыху адпусьцiў, удава расстралянага зьвярнулася з просьбай
паведамiць, што з мужам: жывы цi памёр, вiнаваты цi не, i даць ягоны адрас.
"Кампэтэнтныя органы" пачалi разьбiрацца, цi правiльна яны расстралялi
лесьнiка з Саковiчаў. Знайшлi i зноў дапыталi адзiнага сьведку Марка
Нiкалаевiча. Вось тэкст таго паўторнага дыялёгу:
“Пытаньне: Якiя ўзаемаадносiны былi ў
вас з Алiноўскiм?
Адказ: Дрэнныя. Я зь iм працаваў у
адным лясьнiцтве i ён на мяне скардзiўся начальству. За гэта
я меў на яго злобу i мы не размаўлялi.
Пытаньне: Што вам вядома аб прычынах
арышту Алiноўскага?
Адказ: Аб прычынах мне нiчога не
вядома. Я толькi ведаю, што ён быў благi чалавек, бо скардзiўся
на мяне начальству.
Пытаньне: Цi быў у бандзе Алiноўскi ў
пэрыяд грамадзянскай вайны?
Адказ: Не, ня быў. Жыў у Саковiчах.
Пытаньне: Вам зачытвалiся вашыя
паказаньнi ад 12 лiстапада 1937 году. Цi давалi вы такiя
паказаньнi сьледзтву?
Адказ: Я тады казаў, што Алiноўскi
благi чалавек. Што ён быў у бандзе, не гаварыў. Магчыма, i
гаварыў. Але ў бандзе Алiноўскi ня быў. Цi рабiў ён што-небудзь
дрэннае для савецкай улады, я ня ведаў i ня ведаю".
Вайсковы трыбунал пасьмяротна рэабiлiтаваў А.Алiноўскага. Жонцы i дзецям абвясьцiлi радасную навiну i паведамiлi, што iх муж i бацька нi ў чым перад савецкай
уладай не вiнаваты, а памёр сам, ад прастуды
цi грыпу; апошнi адрас нябожчыка --
безыменую яму пад Слуцкам -- не ўказалi. Сям'я нiколi ня ўведала i прозьвiшча "сьведкi" Марка Нiкалаевiча...
У Старобiне мясцовая жыхарка, былая
настаўнiца, бацька якой згiнуў у сiбiрскiх лягерах пасьля даносу
асьведамiцеля "Iгнаценкi", на маё пытаньне,
што б яна зрабiла, калi б ведала, хто загубiў бацьку, раптам
заплакала бязгучнымi сьлязьмi, а потым, як даўно вырашанае, цiха, але цьвёрда сказала: "Я хацела б, каб IМ было тое самае, што i людзям, якiх яны прадалi".
Там, у Старобiне, я адшукаў дом, дзе
жыў адзiн з сакрэтных памочнiкаў НКВД. Гаспадар ляжаў на
ложку. На мае спробы распытаць пра падзеi 30-х гадоў ён
захрыпеў i пачаў паказваць пальцам на сьцяну.
-- Хварэе, -- сказала дачка. -- Вы б раней прыйшлi, ён добра расказваў пра савецкую ўладу, заўсёды ў
прэзыдыюме сядзеў. Ганаровым пiянэрам абралi...
Побач з фатакарткамi на сьцяне вiсеў
чырвоны гальштук i стаяў барабан бяз палачак. Вочы старога глядзелi некуды
ўбок, па твары блукала дзiкаватая ўсьмешка. Ён перавалiў на дзявяты дзясятак...
1961. Перамога справядлiвасьцi
Гарбачэўскi сьпiсваў старонку за старонкай, асабiста адносiў заявы, тлумачэньнi i скаргi ў
гаркам, потым у абкам партыi, слаў заказныя лiсты ў ЦК. Ён адчуваў, што яго ня чуюць, чамусьцi ня хочуць чуць, i гэтая
несправядлiвасьць балюча крыўдзiла.
У 1927-м, напярэдаднi калектывiзацыi,
дзевятнаццацiгадовым сялянскiм хлопцам ён пакiнуў
бацькоўскi падворак i з таго часу верна служыў партыi на самым адказным участку
-- выкрываў ворагаў партыi. Нiчога iншага рабiць ён ня ўмеў, у чым сам
прызнаваўся ў скарзе сакратару ЦК КПБ П.Машэраву: "Я праслужыў больш за 25
гадоў, маю iнвалiднасьць, спэцыяльнасьцi нiякай няма, атрымлiваю 120 рублёў,
сям'я i мацi старая, 80 гадоў, чаму нiхто не падумаў аб маiм далейшым
жыцьцi..."
Былы намесьнiк наркама пiсаў гэты
лiст 13 красавiка 1961 году; ў гэты дзень партыi было не да скаргаў сваiх гадаванцаў. Партыя сьвяткавала чарговую сусьветна-гiстарычную перамогу -- палёт Гагарына. Што з таго, што
людзi з ночы займалi чэргi па хлеб, тулiлiся ў зямлянках, памiралi ад недахопу лекаў --
партыя iшла да новых перамог,
пераступаючы, як звычайна, празь лёсы i жыцьцi.
Праўда, так здаралася звычайна з
шараговымi камунiстамi. Каштоўным кадрам, такiм як
Гарбачэўскi, шанцавала. Пасьля пасады намесьнiка Цанавы, якую ён заняў адразу
пасьля вызваленьня Беларусi ад немцаў, быў паступовы спуск зь небясьпечнай
намэнклятурнай вышынi -- зноў мацаваў дзяржаўную бясьпеку ў Пiнску, потым у
Вiцебску, затым у Бабруйску. Партыi патрэбныя былi ягоны досьвед, ягоныя
здольнасьцi, ягонае пачуцьцё сацыялiстычнай законнасьцi. "З 1929 году я ў
партыi i за гэты час партыйных спагнаньняў ня меў", -- выводзiў ён пяром у
блякноце бясспрэчны доказ сваёй ляяльнасьцi й адданасьцi.
Праўда, пад час працы ў
Вiцебску яму запiсалi ў асабiстую справу "вымову з апошнiм
папярэджаньнем". Ён арыштаваў нейкага Азарэнку i дамогся ад яго, як
гаварылася ў даведцы, "выдуманых сьведчаньняў". Але ж у тым раёне быў
масавы падзёж сьвiней i трэба было праявiць рашучасьць, у абкаме чакалi хуткiх
вынiкаў, i ён iх даў. Гэтаксама ён ня мог пагадзiцца зь яшчэ адным запiсам у
сваёй асабiстай справе: "неабгрунтавана арыштаваў грамадзянку Глушанкову
Н.Л., паводле выдуманых сьведчаньняў якой пасьля была арыштаваная яе сястра
Глушанкова В.Л." Па-першае, ня памятаў ён тых сясьцёр, цi мала каго
арыштавалi, па-другое, iх паказаньнi былi запiсаныя i падпiсаныя, так што ўсё
законна. Ды хiба ўсё растлумачыш на паперы!.. Ён хадзiў на гутаркi, дамагаўся
прыёму ў першага сакрартара, але той не прымаў...
Гарбачэўскi меў бясплатную кватэру,
вялiкую пэнсiю -- калгасьнiкi столькi не зараблялi за паўгода працы без выхадных, колькi палкоўнiк запасу атрымлiваў за месяц. Але хацелася
большага: адчуваньня маральнай праваты, звыклага пачуцьця ўпэўненасьцi й
далучанасьцi да асаблiвага закрытага кола, якое называлi партыяй.
Аднак пасьля ХХ зьезду КПСС у
партыйныя органы прыйшло шмат новых людзей, якiя верылi ў намер
партыi ачысьцiцца ад злачынстваў "культу асобы" i спадзявалiся на
перамены да лепшага. Гэта аб'ектыўна супадала з iнтарэсамi вышэйшай
партнамэнклятуры, якая хацела застрахаваць сябе ад паўтарэньня крывавых чыстак.
Члены парткамiсii пры Берасьцейскiм гаркаме Губарэвiч i Куракевiч праверку справы палкоўнiка НКВД закончылi высновай: "Са
свайго боку лiчым, што за ўсе зьдзейсьненыя злачынствы перад народам i партыяй
Гарбачэўскi ня можа надалей заставацца ў шэрагах КПСС". Берасьцейскi абкам
нават пастанавiў хадайнiчаць перад Вярхоўным Саветам СССР аб пазбаўленьнi
палкоўнiка дзяржаўных узнагародаў. Акцыя посьпеху ня мела -- адстаўнiк
па-ранейшаму мог з гонарам апранаць кiцель, густа абвешаны ордэнамi i мэдалямi
за адданую службу.
У траўнi 1961 году парткамiсiя пры ЦК
КПБ пацьвердзiла выключэньне Гарбачэўскага з партыi. Ён зьвярнуўся ў вышэйшую
iнстанцыю -- бюро ЦК i 3 лiпеня прыехаў у Менск, каб даведацца, цi задаволеная
ягоная апэляцыя. Расьпiска ў азнаямленьнi з пастановай бюро -- апошнi дакумэнт,
якi захоўваюць архiвы ў справе члена партыi з 1929 году. Яму адмовiлi.
Гарбачэўскi мог апэляваць далей да
зьезду партыi, але безь вялiкiх шанцаў вярнуць членскi бiлет -- занадта сьвежыя
былi выкрыцьцi, зробленыя Хрушчовым, ды i самога першага сакратара пакуль яшчэ
ня скiнулi таварышы па партыi. Пазьней, у 70-80-я тое сталася магчымым --
аднавiлi ж у партыi аднаго з блiжэйшых сталiнскiх падручных, чый подпiс стаяў
на дзясятках расстрэльных сьпiсаў -- Молатава. Але Гарбачэўскi да цiхай
рэанiмацыi сталiнiзму не дажыў. Ён памёр сваёй сьмерцю і пахаваны пад прыстойным
помнiкам, якi нiчым не адрозьнiваецца ад iншых падобных знакаў памяцi i
шанаваньня. Да канца дзён ён лiчыў сябе незаслужана пакрыўджаным -- верна
служыў партыi, выконваў усе яе пiсаныя i непiсаныя законы, а партыя здрадзiла
яму, адхрысьцiлася ад сваёй палiтыкi i ўсклала вiну за злачынствы выключна на
тых, хто ажыцьцяўляў партыйную лiнiю на практыцы. У апошняй сваёй пiсьмовай
заяве, на блянку расьпiскi ЦК, былы супрацоўнiк НКВД цьвёрда вывеў: "З
рашэньнем ня згодны, бо фальсыфiкацыi не было i гэта ня праўда".
Абсалютная большасьць
арыштаваных, якiя прайшлi праз рукi Макара Гарбачэўскага, ляжаць з
прастрэленымi патылiцамi ў магiлах НКВД пад Слуцкам, Менскам, Магiлёвам, у
безыменых ямах Сiбiры i Поўначы. За дзясяткi зьнiшчаных лёсаў, закатаваных,
расстраляных людзей Макар Давыдавiч Гарбачэўскi расплацiўся кардоннай кнiжачкай
у барвова-чырвонай вокладцы, так падобнай колерам на знаёмы яму колер крывi.
Справядлiвасьць перамагла.
Лiсты на "волю"
Адбылося так, як i павiнна
было адбыцца ў Савецкай краiне -- ён нi ў чым не вiнаваты i зноў на волi.
Памылка выпраўленая. Перажытае хацелася забыць як дурны сон. Аднак iшлi днi,
тыднi, i чамусьцi нiчога не забывалася, наадварот, у памяцi ўставалi iмёны i
прозьвiшчы, пабачанае i пачутае не давала спаць. Трэба напiсаць, расказаць пра
тое, што робiцца -- але каму? Чарвякова даўно пахавалi, Галадзеда таксама няма,
усё кiраўнiцтва рэспублiкi памянялася, новыя твары нiчога не гаварылi... Можа,
Надзеi Грэкавай, чыё прозьвiшча нядаўна стала зьяўляцца на першых старонках
газэт?
Ёй толькi дваццаць восем
гадоў, былая швачка, i ўжо -- сакратар ЦК i адначасна старшыня Вярхоўнага
Савету БССР. Усё ж такi жанчына, здаецца, першая на такой пасадзе... Яна толькi
што заняла кабiнэт свайго папярэднiка, ворага народа, арыштаванага i
расстралянага, i хутчэй за ўсё ня ведае, што адбываецца. Так, пiсаць варта ёй
-- жанчына ня можа не зразумець чужой бяды. Узяць хоць бы выпадак з Марыяй
Рабкоўскай -- яе выпусьцiлi пасьля году сьледзтва, але ў кватэры жылi чужыя
людзi, рэчаў не было, невядома куды зьнiк адзiны сын, сухоты iрвалi грудзi...
Вырашана, -- Грэкавай. Ён
абмакнуў пяро, падсунуў аркуш i вывеў зьверху iмя i пасаду адрасата. Пра сваю
справу ён ня будзе пiсаць нi слова, iмя i адрас пазначаць ня стане -- хто яго
ведае, як яно можа павярнуцца. Такога давялося пабачыць, што...
У сэктары рэгiстрацыi пошты
ЦК КП(б)Б ананiмны лiст зарэгiстравалi ў апошнi дзень 1938 году, 31 сьнежня. На
вулiцах ляжаў сьнег, у дамах стаялi упрыгожаныя ёлкi, да сьвяткаваньня
чарговага году камунiстычных перамогаў рыхтавалiся савецкiя людзi. Навагодняе
пасланьне ў ЦК пачыналася зусiм не па-навагодняму:
«Я, як савецкi грамадзянiн, лiчу сваiм абавязкам
паведамiць Вам аб пабачаным i пачутым у Менскай турме НКВД. Каб ня быць
галаслоўным i каб гэтая заява не насiла характар плёткi, я буду пазначаць
прозьвiшчы асобаў пацярпелых, пра якiх мне вядома».
Далей -- толькi факты:
«Такушэвiч Канстанцiн
Мiкалаевiч, бiлi на допытах i катавалi, яму пад пазногцi запускалi голкi,
зрывалi пазногцi, пры катаваньнi атрымаў больш чым 50 ранаў, 49 дзён ляжаў у
шпiталi, пасьля катаваньняў рабiлi апэрацыю на плячы. Заявiў сьледчаму, што
пiша хлусьню, на што сьледчы яму сказаў: "пiшы, мне ўсё роўна".
Кiбернiка на допытах бiлi.
Ён сказаў сьледчаму: "Як вы мяне абвiнавачваеце ў шпiянажы, я ж быў
партызан". На гэта сьледчы яму сказаў: "Ах ты польская морда, а хто
цябе клiкаў у партызаны!"
Яноўскi Уладзiмiр Iванавiч.
Бiлi i дапытвалi безупынна на працягу 15 сутак. Яго прымусiлi ўцягнуць шмат
нявiнных людзей. Каб выклiкаць пракурора, ён мусiў абвясьцiць галадоўку.
Раўноўскi Мiрон Максiмавiч.
Апраналi ўтаймавальную кашулю i супрацьгаз i бiлi, садзiлi на робрышка крэсла,
у заднi праход устаўлялi ножку крэсла. Сьледчы прапаноўваў яму пiсаць пра
якi-небудзь шпiянаж на выбар, альбо польскi, альбо японскi.
Лаймана Карла Iванавiча на
допытах бiлi, прымушалi пiсаць хлусьню. Каб выклiкаць пракурора, мусiў
абвясьцiць галадоўку. Галадаў шэсьць дзён, але пракурора не дамогся.
Разумоўская Ганна Аронаўна
-- пры допытах лаялi "жыдоўская морда".
Разанава Люся. Катавалi,
садзiлi на так званае фашыстоўскае крэсла, гэта такое крэсла спэцыяльнае, на
якiм чалавек трымаецца на згiбах каленаў, а ўсё тулава вiсiць унiз галавой.
Бiлi, пакуль не пайшла горлам кроў. Такiх прыкладаў можна прывесьцi тысячы».
Ён забыўся паставiць кропку пасьля апошняга сказу. Падобных прыкладаў можна прывесьцi тысячы... Ды хто будзе чытаць пра тысячы. У яго толькi чатыры аркушы з вучнёўскага сшытку па арыфмэтыцы. Папера рыхлая i сталёвае пяро часам iрве яе, але почырк у яго разборлiвы, павiнны разабраць:
«Паводле расказаў вязьняў
спэцыяльнага корпусу, там iх прыходзiлi бiць у камэру, прычым прымушалi адных
арыштаваных бiць iншых. Прымушалi ўсю камэру аправiцца на парашу, а аднаго
накрывалi коўдрай над парашай i прымушалi дыхаць на працягу некалькiх гадзiнаў.
Седзячы ў камэры, мы ня раз
чулi крык сьледчага: "Рукi па швах, прыступай да справы!" i
пачыналася жудаснае зьбiваньне. Мы налiчылi 70 удараў, жахлiва было паверыць,
што гэта перажывае жывы чалавек. Для зьбiваньня ўжывалi гумовыя шлангi, жгут,
спэцыяльна зьвiты з электрадроту, кii. Для катаваньняў былi спэцыяльныя зэдлiкi
з колам, на якiя садзiлi людзей i разрывалi прамежнасьцi памiж заднiм праходам
i палавым органам. Мужчын бiлi па палавых органах. Палiлi цела папяросай, запалкамi
i сьвечкай. Было электрычнае крэсла, на якое садзiлi людзей».
Ён зрабiў паўзу, але забыўся на пяро, i на паперы вырасла чарнiльная пляма. Так, у менскай турме цьвёрда сьледавалi запавету Ленiна пра тое, што сапраўдным камунiстам немагчыма стаць, не засвоiўшы ўсяго багацьця чалавечых ведаў. Тут засвоiлi -- ад сярэднявечнага саджаньня на кол да апошняга дасягненьня цывiлiзацыi -- электрычнага крэсла. Няхай Грэкава ўведае ўсё пра "перадавыя" прыёмы працы камунiстаў з НКВД:
«Бiлi "брыгадным спосабам", калi на аднаго
арыштаванага налятала брыгада з 8-6 чалавек, зьбiвалi да непрытомнасьцi,
выцягвалi ў калiдор, аблiвалi вадой i зноў пачыналi бiць. Былi выпадкi, калi на
допытах забiвалi. Усяго не напiсаць...»
Так, усяго не напiсаць. Ён
ня стаў прыводзiць iншыя прыклады i не пакiнуў свайго iмя. Выйшаў на
засьнежаную менскую вулiцу, пайшоў на прыпынак, прыехаў у цэнтар, каб там
апусьцiць лiст у паштовую скрынку -- i зьнiк, зьлiўся зь безыменнай масай былых
i будучых ахвяраў.
У ЦК да ананiмных лiстоў
ставiлiся ўважлiва, крытыка i самакрытыка заахвочвалiся. Але гэты быў яўным
паклёпам на органы i не заслугоўваў сур'ёзнай увагi. Да Надзеi Грэкавай лiст
патрапiў ужо ў новым, 1939 годзе, i ад яе без усякай рэзалюцыi быў адпраўлены ў
архiў, дзе i праляжаў больш за паўстагодзьдзя, пакуль яго не прачыталi зноў...
Праўда, ня ўсе скаргi пад
Новы год былi ананiмныя. Некаторыя падпiсвалiся, як былы каваль, чырвонаармеец,
мiлiцыянэр Райхлiновiч, колiшнi вязень Менскай турмы НКВД.
“У лiстападзе 1937 году мяне прывялi
а 1-й гадзiне ночы на допыт i пачалася расправа. Я быў зьвязаны ва
ўтаймавальнай кашулi i зьбiты да страты прытомнасьцi. У сьнежнi нада мной
зрабiлi iнсцэнiроўку абразаньня. А 2-й гадзiне ночы пры допыце мне прапанавалi
спусьцiць нагавiцы, каб зрабiць абразаньне. Я не пагадзiўся, але пасьля
жорсткага зьбiваньня спусьцiў нагавiцы i адзiн са сьледчых выняў нож i
прымусiў, каб я палавы орган паклаў на табурэтку, але я гэтага не зрабiў i тады
яны схапiлi мяне за палавы орган i пачалалi цягаць па пакоi да страты прытомнасьцi”.
Як вынiкала зь лiста Райхлiновiча, ня ўсе савецкiя людзi сустракалi Новы Год разам зь сябрамi i сваякамi – некаторыя працавалi, працягвалi будаваць камунiзм. Аўтар лiста прыводзiць дэталi гэтага будаўнiцтва:
“На наступны допыт на Новы год, г. зн. 1 студзеня 1938 году мяне выклiкалi на допыт таксама роўна а
2-й ночы, прымусiлi
стаяць на зважай i адзiн зь iх стаў на зэдлiк i пачаў мачыцца мне ў
вуха. У гэтым жа месяцы таксама а 1-й гадзiне ночы пры 30-градусным
марозе пры знарок адчыненых вокнах i дзьвярах мяне распранулi да адной кашулi, налiлi за каўнер 2 графiны вады i прымусiлi сядзець да 2 гадзiнаў ранiцы. На мне абсалютна ўся вопратка зьмерзла, я зьмерз да
страты прытомнасьцi. Дадам, што сьледчы Высоцкi, якi мяне зьбiваў i зьдзекваўся
нада мною, прымушаў мяне стаяць на зважай, трымаць тоўстую кнiгу эвангельля,
хрысьцiцца i малiцца. Гэта працягвалася 6 месяцаў...”
Райхлiновiча асудзiлi на тры гады
лягераў, празь сем месяцаў пасьля многiх скаргаў справу перагледзелi i яго
вызвалiлi -- iнвалiдам, без кватэры, бяз сродкаў на жыцьцё. У адрозьненьне ад
незьлiчоных iншых ахвяраў, ён змог напiсаць i паслаць сваю скаргу, яна была
акуратна падшытая i праляжала ў партархiвах больш за паўстагодзьдзя.
А вось паведамленьне з турмы НКВД ў
прамысловым раёне Гомеля было напiсанае на блянку абкаму партыi i таму, мабыць,
было прачытанае ў ЦК. Тым больш, што праверка скаргi зьняволенага Цiмохава
праводзiлася на даручэньне самога ЦК. Сакратар абкаму Жыжанкоў дакладаў:
"Пра факты фiзычнага альбо маральнага насiльля над зьняволенымi з боку
работнiкаў турмы мною, шляхам абыходу камэраў, было зроблена апытаньне
зьняволеных, якiя заявiлi, што нiякiх скаргаў на дрэннае абыходжаньне ня маюць.
Лiст Цiмохава па сутнасьцi зьяўляецца iлжывым".
Аднак пасьля гэтага Жыжанкоў
паведамляе пра некаторыя iншыя факты турэмнага жыцьця ў Гомелi:
"1. У камэрах назiраецца неймаверная скучанасьць. Так, у
жаночай камэры памерам 12 кв. мэтраў знаходзiцца 10 чалавек;
мужчынская камэра памерам 80-100 кв. мэтраў, утрымлiваецца 114
чалавек, нары ў два ярусы. Ва ўсёй астатняй турме адсутнiчаюць ложкi,
зьняволеныя месьцяцца на падлозе на рэчах. 2. Адсутнiчаюць лыжкi (на дзесяць
чалавек адна лыжка), зусiм няма кубкаў. 3. Прагулкi замест 1 гадзiны даюцца на
10 хвiлiнаў, разам з часам выхаду з камэры i вяртаньня".
Зьвярнуўся ў партыйныя органы i былы
начальнiк Магiлёўскай турмы НКВД Кiсялёў, якi прыводзiў дэталi рэжыму ў
падначаленай яму ўстанове. Там кiраўнiцтва НКВД патрабавала "даваць
арыштаваным рэдкi суп i падсыпаць туды болей солi i, апроч таго, у камэру, разьлiчаную
на 5 чалавек, сажаць 25-30, матывуючы тым, што арыштаваныя ў нас адчуваюць
сябе, як у доме адпачынку, атрымлiваюць добры густы i тлусты суп i сядзяць
вольна, i таму сьведчаньняў ад iх нiколi не даб'есься, а пасадзiць iх чалавек
30 у камэру, даць суп перасолены, а потым на допыце ня даць вады, вось тут яны
будуць прызнавацца..."
І прызнавалiся -- у тым лiку й тыя,
каму турэмнае жыцьцё арыштаваных здавалася домам адпачынку. Дакладна невядомы
лёс былых сьледчых у справе Райхлiновiча, былых начальнiкаў турмаў НКВД у
Магiлёве ды Гомелi. Дакладна вядомы лёс адрасата лiстоў зь Менскай турмы НКВД
Надзеi Грэкавай. Яна не адказвала на падобныя допiсы i каля васьмi гадоў
займала пасаду старшынi Вярхоўнага Савету БССР, была сакратаром абкаму партыi ў
Расеi, да пэнсii знаходзiлася на высокай кiраўнiчай рабоце ў Маскве. Яе iмя
ёсьць i, вiдаць, будзе ва ўсiх энцыкляпэдыях i даведнiках па гiсторыi Беларусi.
Гэта будзе няпоўная гiсторыя безь лiстоў з турмаў НКВД БССР. Праўда, i адрас,
на якi пiсалi свае скаргi арыштаваныя, воляй нiяк не назавеш...
Балiць чэкiсцкае сэрца
-- Празьмерная стомленасьць, болi ў раёне сэрца, -- запiсвалi лекары паказаньнi чарговага пацыента. Той расказваў, што апошнiя пяць гадоў рэгулярна прымае душ Шарко, а таксама
цыркулятарны, вэерны, дажджавы, сасновыя ванны, але ўсё роўна адчувае
перастому. -- Трэба берагчы сябе, таварыш наркам, Вы патрэбныя партыi. Вось выпiшам
рэцэпт, адпачнiце, а потым зноў, калi ласка, да нас на абсьледаваньне.
Барыс Давыдавiч Берман, а такое было
iмя пацыента, якi наведаў палiклiнiку санiтарнага аддзелу НКВД 13 сьнежня 1937
году, больш да лекараў не прыйшоў: праз тыдзень, да 20-й гадавiны ЧК, наркам атрымаў ордэн Ленiна за ўдарнае выкрыцьцё ворагаў народу ў
Беларусi, а потым быў адклiканы ў Маскву, дзе ад перастомы i боляў у сэрцы
лячылi куляй у патылiцу.
Але радыкальныя меры дарэчы толькi ў
канцы. Абвастрэньне клясавае барацьбы вымагала мець на службе мноства
здаровых двухногiх iстотаў бязь пер'я -- так адзiн старажытны фiлёзаф вызначаў
чалавека. I хоць партыя не зважала на чысьцiню iх рук i тэмпэратуру сэрца, на
чым настойваў некалi рамантычны кат-заснавальнiк ЧК, пра страўнiк, стан зубоў i
мачапалавой сыстэмы сваiх супрацоўнiкаў НКВД клапацiўся. Многiя ворагi
працягвалi шкоднiцтва i пасьля арышту: не падпiсвалi паказаньняў, не
прызнавалiся ў шпiянажы, не называлi саўдзельнiкаў. Даводзiлася працаваць дзень
i ноч, каб выконваць нормы выкрыцьця ворагаў, i гэта вымагала здароўя.
За працай унутраных органаў
работнiкаў унутраных справаў пiльна сачылi ў санiтарным аддзеле адмiнiстрацыйна-гаспадарчае ўправы НКВД. На кожнага супрацоўнiка быў
заведзены санжурнал, у якiм падрабязна фiксавалi ўмовы службы i быту: колькi
гадзiн у суткi працуе, колькi разоў у дзень есьць, цi хапае ежы, цi гарачая
яна, колькi сьпiць i цi глыбокi сон. На працягу верасьня 1937-га ў санчастцы
НКВД БССР такiм чынам абсьледавалi восемдзесят чатыры пацыенты, зь iх трыццаць
-- навабранцаў.
Большая частка папаўненьня, 22
чалавекi, iшла служыць у НКВД з армii. Гэта былi камсамольцы, сярэднi ўзрост на
момант паступленьня ў НКВД -- 23 гады. Да армii займалiся хто чым: Уладзiмiр
Iваноў быў калгасьнiкам, Аляксей Папутчык вучыў дзяцей у школе, Iван Сакалоў
сталярнiчаў, Васiль Iсакаў сьлясарыў, Пiлiп Каралёў падбiваў балянсы ў
бухгальтэрыi, Леанiд Альтшулер займаўся статыстыкай, Кузьма Васiленка здабываў
торф... Таксама паступалi ў НКВД цывiльныя асобы зь лiку тых, хто, вiдаць,
раней дапамагаў органам на аматарскiх пачатках: журналiст Iосiф Сакалоўскi,
студэнты Георгi Бiбiкаў, Сава Фёдарцаў, Сяргей Якавiцкi, Барыс
Хвашчынскi. У лiку будучых опэрработнiкаў праходзiлi абсьледаваньне
пiянэрважатая менскай школы нумар 21 дзевятнаццацiгадовая Лiза Далiнка i
васямнаццацiгадовы Мiкалай Сяргеенка.
Ва ўсiх навабранцаў аказаўся iдэальны
ўзровень ацэтону ў мачы i гемаглябiну ў крывi, востры слых i
зрок, моцнае сэрца i выдатныя рэфлексы. Камiсiя прызнала ўсiх трыццацёх асобаў
вартымi папоўнiць шэрагi катаў.
Наперадзе iх чакала неблагая кар'ера:
берыеўскую чыстку органаў 1938-39-га бальшыня зь iх, хутчэй за ўсё,
праскочыла, бо зусiм нядаўна пачала служыць. Пры Хрушчове ўсё сьпiсалi на
Сталiна i Берыю, а непасрэдных выканаўцаў амаль не зачапiлi. Яны запоўнiлi
кадравыя вакансii, якiя адкрылiся пасьля выбарачнай выразкi яжоўскай пляяды
катаў, i працягнулi iхную справу. Праўда, з мэдычнага пункту гледжаньня iх
будучыня выглядала ня так бясхмарна, калi меркаваць паводле стану здароўя
старэйшага пакаленьня катаў.
А ў тых са здароўем было няважна.
Начальнiк турмы ў Магiлёве Iван Карнеевiч Петрусенка 1898 году нараджэньня ўзяў
у рукi чэкiсцкi маўзэр у 1921 годзе. У вынiку ў 1937-м, як адзначыла
мэдкамiсiя, меў "лёгкi трэмар пальцаў рук, чэрапна-мазгавую iнэрвацыю, пры хваляваньнi -- ванiты". На тры гады
маладзейшы за яго Iосiф Аляксандравiч Жыдкоў не займаў кiраўнiчых пасадаў у
НКВД: усе дзевяць з паловай гадоў быў байцом, проста нацiскаў на курок. Але
ўвосенi 37-га мэдкамiсiя зафiксавала ў яго пастаянныя болi ў сэрцы, нясьцерпны
галаўны боль i чэрапна-мазгавую iнэрвацыю. Калi
начальнiка турмы камiсiя прызнала "абмежавана прыдатным" да службы,
дык насупраць прозьвiшча байца стаiць вэрдыкт -- "непрыдатны".
Здароўем не маглi пахвалiцца нават
тэхнiчныя работнiкi. У сакратара-машынiсткi Кацярыны
Навiцкай прыступы сьмеху перамяжалiся з прыпадкамi сьлёз,
пасьля друкаваньня пратаколаў допытаў i пастановаў яна дрэнна
спала; яе калега Лiлiя Быкоўская таксама пакутавала на
нэўрастэнiю.
Апошнi дыягназ самы распаўсюджаны. За
чатыры гады апэратыўнай працы ў органах нэўрастэнiкам стаў
26-гадовы Сямён Бягун, 35-гадовы Аляксандар Жураўлёў меў
такi ж дыягназ пасьля сямi гадоў службы, 37-гадовы Сямён Барысаў -- пасьля
адзiнаццацi. Памочнiк опэрупаўнаважанага Гомельскага гараддзелу 33-гадовы
Дамiнiк Вiткоўскi празь няпоўныя сем гадоў вядзеньня допытаў пачаў заiкацца,
32-гадовы Аляксандар Драздоў за дванаццаць гадоў клясавай барацьбы зарабiў
нэўрастэнiю другой ступенi, а ягоны аднагодак Iван Колас пасьля васьмi гадоў
змаганьня ўвогуле мусiў звольнiцца з НКВД: нэрвовыя прыпадкi, эпiлепсiя --
ворагi народу давялi...
Хiба думаў мянчук Яўсей Iасiлевiч,
калi ў 1926 годзе зьмянiў брытву цырульнiка на карны меч партыi, што за
гераiчную пасаду дзяжурнага камэнданта НКВД БССР давядзецца заплацiць
"галаўным болем, неспакойным сном, расстройствам харчаваньня, вяласьцю
страўнiка, палавой слабасьцю, панурасьцю настрою, зьнiжанай
працаздольнасьцю" ды iншымi сымптомамi нэўрастэнii?
На гэтым фоне амаль экзотыкай
выглядае дыягназ "агульнае атлусьценьне", ад якога пакутаваў
начальнiк 8 аддзяленьня 3 аддзелу НКВД 40-гадовы Аляксандар Васiльеў. Зрэшты,
прычына гэтай хваробы таксама ў нэрвовай 17-гадовай чэкiсцкай службе пацыента.
Самае дзiўнае, што якраз на
нэўрастэнiю -- прафэсiйнае захворваньне чэкiстаў -- супрацоўнiкi НКВД увогуле
ня мусiлi былi пакутаваць. Так вынiкае зь Вялiкай Савецкай Энцыкляпэдыi, аўтар якой у тым самым 1937 годзе бачыў прычыны гэтага
захворваньня ў "напружанай барацьбе за iснаваньне" пры капiталiзьме.
Спрыяльнымi для нэўрастэнii лiчылiся "ўмовы капiталiстычнай вытворчасьцi,
зьвязаныя з аднастайнасьцю працоўных працэсаў, адсутнасьцю цiкавасьцi да працы,
заўсёднай пагрозай беспрацоўя". Беспрацоўе пры будаўнiцтве камунiзму катам
не пагражала, а вось працоўныя працэсы сапраўды былi аднастайныя: паставiў
ворага на канвэер i бi, бi, бi...
Найлепшая прафiляктыка нэўрастэнii --
сацыялiстычная рэвалюцыя. Энцыкляпэдыя сьцьвярджала: "Зьнiшчэньне
беспрацоўя, правiльнае рэгуляваньне працы i адпачынку, поўнае зьнiшчэньне
эмоцыяў адмоўнага характару, зьвязаных з працай на капiталiстычным
прадпрыемстве, i замена iх эмоцыямi станоўчымi на сацыялiстычных
прадпрыемствах, "Праца -- справа гонару, годнасьцi, справа доблесьцi i
геройства", пашырэньне фiзкультуры i здаровых забаваў замест традыцыйных у
капiталiстычных краiнах алькагольных эксцэсаў -- вось аснова прафiляктыкi
нэўрастэнii".
Калi ўсё ж занаходзiлiся асобы, якiя
i пры сацыялiзьме гублялi цiкавасьць да працы цi няправiльна рэгулявалi справу
геройства i справу адпачынку, энцыкляпэдыя раiла "выдаленьне ад звычайных
умоваў -- лепш за ўсё ў дамы адпачынку, санаторыi, псыханэўралягiчныя
здраўнiцы". У 1937 годзе санаторыяў для чэкiстаў яшчэ не хапала: толькi
двойчы на ўвесь санжурнал сустракаюцца адзнакi аб адпачынку ў Кiславодзку i на
паўднёвым беразе Крыму.
Потым сытуацыя значна палепшылася: КГБ займеў шырокую сетку лячэбнiцаў на лепшых курортах. Памятаю, годзе ў 84-м я аднойчы заблукаў
на крымскiм беразе i раптам пабачыў фунiкулёр на тэрыторыi нейкага санаторыя.
Вароты якраз былi адчыненыя -- я праскочыў
за машынай, падыйшоў да кабiнкi i прапанаваў апэратару
рубель за дастаўку ўнiз. Ён спалохана адмовiўся i паклiкаў сваю начальнiцу. Тая
запатрабавала дакумэнты. Рэдакцыйнае пасьведчаньне "Звязды" на
беларускай мове паставiла яе спачатку ў тупiк, але затым яна шырока
ўсьмiхнулася i сказала: "А, "Звёздочка", это же наша
газета!" -- яўна маючы на ўвазе ваенную "Красную звезду".
Мяне даставiлi на фантастычна
малалюдны пляж, падзелены бэтоннымi плiтамi на адрэзкi мэтраў 50-70. Выбраўшы
месца, я пачаў распранацца, калi раптам ад сьцяны аддзялiлася нешта
бэтонападобнае i зноў запатрабавала дакумэнты. Потым ахоўнiк махнуў рукой на
адгароджаны ўчастак пляжу крыху далей: "Тут для начальнiкаў управаў
камiтэту, а там для намесьнiкаў, прайдзiце". Падзел мора паводле званьняў
i пасадаў -- несумненнае дасягненьне чэкiсцкай мэдыцыны, якое ў энцыкляпэдыi
чамусьцi ня трапiла.
Аднак у пэрыяд абвастрэньня клясавае
барацьбы санаторыяў для шараговых чэкiстаў не хапала, а напружаньне пасьля
допытаў i расстрэлаў трэба было здымаць. Як расслабляюцца супрацоўнiкi, у НКВД
ведалi, i таму ў мэдычную карту была ўведзеная графа "спажываньне
алькаголю". Распрацоўшчыкi анкеты ўлiчвалi спэцыфiку свайго кантынгенту i
прапаноўвалi верагодныя адказы на гэтае пытаньне: "запойнае п'янства,
звыклае п'янства, напiваецца час ад часу, п'е памяркоўна, пiў раней", i
апошняя вэрсiя адказу -- "ня п'е".
Усе апытаныя ў графе "спажываньне
алькаголю" сьцiпла прызнавалiся, што п'юць выключна пiва. Гэтак заўсёды
адказваў i былы сьлесар Мiхаiл Бычкоў, чэкiст з 1921 году. Увосенi 1937-га
мэдкамiсiя знайшла ў адказнага дзяжурнага па наркамату хранiчны алькагалiзм на
фоне цяжкай нэўрастэнii. Вывад -- да службы непрыдатны, тым болей што дзяжурны
страцiў усю адказнасьць i перастаў зьяўляцца на працу. А вось Леў Тамарчанка,
хоць i здымаў стрэс, як высьветлiла камiсiя, з дапамогай опiўму, змог
працягнуць апэратыўную работу.
Пасьля мэдагляду змаглi вярнуцца да
сваiх месцаў на чэкiсцкiм канвэеры былы кацельшчык Барыс Лапцёнак, шафёр у
мiнулым Валяр'ян Корсак, колiшнi памочнiк машынiста Мiкалай Васiлеўскi, шавец Сяргей Дудзенка, а таксама былыя электразваршчык
Мiкалай Чатанаў, чыгуначнiк Рыгор Маўчан, дарожны майстар Сяргей Зотаў i
мноства iншых, на чыё рабоча-сялянскае здароўе пакуль анiяк не паўплывала
спэцыфiка заняткаў.
Двухногiя iстоты бязь пер'я ў стане
выконваць любую работу, на якую пашле партыя: у газавых камэрах i кабiнэтах
сьледчых, у канцлягерах i на будоўлях. А што сэрца часам балiць -- дык ворагi
вiнаватыя...
Пераможцы сацспаборнiцтва
Супрацоўнiкi КГБ любiлi паўтараць: мы
таксама пацярпелi ад таталiтарызму, 20 тысяч чэкiстаў загiнулi пад час
рэпрэсiяў. Сапраўды, у 1938 годзе пачалася чарговая ўнутрыпартыйная бiтва
павукоў у слоiку i з ласкi Сталiна берыеўцы пачалi грызьцi яжоўцаў. Прычым з
гэтай спэцкатэгорыяй арыштаваных сьледчым нiчога ня трэба было выдумляць --
верныя салдаты партыi былi па каленi ў крывi, як i сама партыя.
Вось гiсторыя былога начальнiка
Слуцкага гарадзкога аддзелу НКВД Тараканава, якi зьяўляўся
кiраўнiком мiжраённай сьледчай групы i ўзначальваў пошук ворагаў народа i
контррэвалюцыянэраў у раёнах Слуцкай акругi, у тым лiку i Старобiнскiм. Пасьля
арышту паказаньнi аб мэтадах кiраўнiцтва Тараканава давалi ягоныя падначаленыя.
Памочнiк опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Шэвелеў пiсаў:
“Пры допыце арыштаваных я, як i iншыя
сьледчыя, прымяняў наступныя фiзычныя ўзьдзеяньнi: доўгая стаянка, канвэер i
прысяданьнi. Тараканаў асабiста паказваў мне прыклад, як дапытваць, каб хутчэй
прызнавалiся арыштаваныя. Я добра памятаю, як Тараканаў зайшоў да мяне, калi я
дапытваў арыштаваную Сьцешыну. Калi я даклаў, што яна не прызнаецца, Тараканаў
пачаў крычаць на яе, схапiў абедзьвюма рукамi за плечы i моцна пачаў трэсьцi, i
стаў стукаць сьпiнай аб сьценку печы. Тараканаў сказаў мне болей яе ганяць i
меней мiндальнiчаць”.
У даведцы аб праверцы працы Слуцкай
мiжраённай сьледчай групы, складзенай у кастрычнiку 1938 году, далей
расшыфроўваецца гэтае "мiндальнiчаньне". "Да арыштаваных
ужывалiся меры фiзычнага ўзьдзеяньня, зьбiваньне арыштаваных рукамi, бутэлькай,
пасадка на вугал i ножку перавернутага крэсла, скiданьне арыштаваных на
падлогу, аблiваньне халоднай вадой i г.д."
Опэрупаўнаважаны Шэвелеў расказаў на
судзе пра яшчэ адну з асаблiвасьцяў рэжыму НКВД у Слуцку: "Прыкладна ў
лiпенi 1938-га ў мэтах найхутчэйшага выкрыцьця арыштаваных Тараканаў стварыў
камэры ў КПЗ i турме. Iх рэжымнасьць палягала на тым, што замест 4-5 чалавек у
камэры набiвалi па 25-30 чалавек, арыштаваныя толькi стаялi. З камэраў выносiлi
людзей непрытомнымi. Мне асабiста давялося адкрываць рот срэбнай лыжкай
арыштаванаму Далматовiчу i аблiваць яго вадой, каб ачуняў. У непрытомнасьцi з
камэры вынесьлi чалавекi тры-чатыры".
Падрабязнасьцi рэжыму ў камэрах
прывёў у сваiх паказаньнях i начальнiк Слуцкай турмы Крэмераў: "У камэрах
адсутнiчалi ложкi, зьняволеных было столькi, што iм даводзiлася стаяць, бо
месца класьцiся i сядзець не было, было надзвычай душна, вельмi шмат у каго
апухалi ногi". На пытаньне, колькi часу мог зьняволены вытрымаць у
рэжымнай камэры, начальнiк турмы Крэмераў адказаў: "Я ведаю адно, што як
толькi зьняволены пабудзе днi два-тры ў рэжымнай камэры, дык ён ужо просiцца на
допыт даваць паказаньнi".
Прызнаньнi свайго калегi дапоўнiў
яшчэ адзiн сьледчы Слуцкага НКВД Машэнец: "На апэратыўных нарадах
Тараканаў прызначаў на кожнага супрацоўнiка цьвёрдыя нормы выкрыцьця
трох-чатырох арыштаваных у суткi. Пасадка на вугал крэсла, допыт стоячы i
фiзычнае зьбiваньне ўжывалiся масава ўсiмi намi, сьледчымi, iначай i быць не
магло, бо прызначаную норму -- тры-чатыры выкрыцьцi ў суткi -- немагчыма
выканаць пры звычайным допыце. Сьледчыя, дапытваючы такiмi мэтадамi, давалi ад
аднаго да трох выкрыцьцёў i былi асобныя выпадкi, калi дабiвалiся па тры-чатыры
выкрыцьцi ў суткi, напрыклад, Шэвелеў, Лучко, Сталяроў, я i Каралёў. Былi
выпадкi, калi сьледчы Пазьнякоў i яшчэ адзiн сьледчы зь Менску, прозьвiшча ня
памятаю, давалi па пяць выпадкаў выкрыцьця ў суткi..."
Яшчэ адзiн памочнiк
опэрупаўнаважанага Слуцкага НКВД Галубкiн на допыце
засьведчыў: "Мой непасрэдны кiраўнiк Гласкоў заявiў, што арыштаваныя
нашага раёну ўсе iдуць на расстрэл i што мы спаборнiчаем з Глускiм райаддзелам
НКВД i мы iдзем наперадзе". Галубкiн дадае яшчы адзiн штрых у мэтады,
якiмi слуцкiя чэкiсты перамагалi ў гэтым д'ябальскiм спаборнiцтве:
“Я дапытаў арыштаванага Бялькевiча Мяфодзiя Малфеевiча, узяў пратакол допыту i прынес Гласкову. Ён прачытаў i спытаў: "А дзе шпiянаж?"
Апроч таго, Бялькевiч на адно маё пытаньне назваў сваiх знаёмых. Гласкоў
мне сказаў, што гэта, безумоўна, контррэвалюцыйная група, трэба будзе болей
папрацаваць над зьняволеным. Я працягнуў допыт, прычым прымяняў меры фiзычнага
ўзьдзеяньня над Бялькевiчам у выглядзе таго, што садзiў на вугал крэсла, пасьля
чаго Бялькевiч прызнаўся, што зьяўляецца шпiёнам. Пратакол допыту я прынес i
аддаў Гласкову, якi ў парадку карэкцiроўкi перарабiў увесь пратакол, дзе
названыя Бялькевiчам знаёмыя сталi шпiёнамi... Я гэты пратакол даў на подпiс
арыштаванаму, якi падпiсаў яго адразу, нiчога ня кажучы”.
Гуманiст з НКВД Шэвелеў, якi не пашкадаваў срэбнай лыжкi,
каб адкрыць сьцiснуты сутаргай рот арыштаванага,
таксама мусiў сьцiпла прызнацца ў сваiх стаханаўскiх мэтадах, усклаўшы вiну на кiраўнiцтва: "Я бачыў, што Тараканаў
нiякiх мераў супраць фiзычнага ўзьдзеяньня пры допытах не прымае, таму таксама
пачаў ужываць розныя мэтады фiзычнага ўзьдзеяньня, а
менавiта: дапытваў стоячы, садзiў на вугал крэсла з выцягнутай нагой i часткова выбiваў з-пад арыштаванага
крэсла".
“Часткова выбiваў крэсла...” -- колькi за гэтым красамоўным выразам адчуваецца жаху самога Шэвелева, спробы падаць сябе толькi выканаўцам загадаў, якi да таго ж толькi "часткова" катаваў...
Лёс тых зьняволеных, хто не даваў
паказаньняў, выразна засьведчыў начальнiк Слуцкай турмы Крэмераў: "У
1937-38 гадах было шмат выпадкаў, калi зьняволеныя са сьледзтва дастаўлялiся
ўжо забiтымi, прозьвiшчы ня памятаю. Таксама быў выпадак у чэрвенi 1938 году,
калi зьняволены Хаўстовiч Фадзей пасьля прыбыцьця з
допыту ў турму празь 2 гадзiны памёр. Я асабiста мяркую, што Хаўстовiч быў моцна зьбiты на допыце, бо ён iшоў на допыт
цалкам здаровы, а калi прыйшоў, дык празь 2 гадзiны памёр".
Нават камiсiя НКВД у
кастрычнiку 1938-га мусiла зазначыць, што зь лiку 176 правераных справаў
Слуцкага НКВД больш чым сто даведак на арышт складзеныя беспадстаўна. У лiпенi
1939 году Тараканава судзiў ваенны трыбунал войскаў НКВД. Ён атрымаў 10 гадоў
папраўчых работ i адправiўся адбываць тэрмiн у лягер, дзе, як вядома,
адмiнiстрацыя заўсёды клапацiлася аб "сваiх" людзях -- калi можна так
сказаць, гаворачы пра нелюдзяў.
"За кiпучай чэкiсцкай работай"
У адрозьненьне ад ацалелых вязьняў ГУЛАГу, якiя
пакiнулi
свае ўспамiны аб перажытым, каты мэмуараў не
пiсалi. А калi й пiсалi, дык пра свае подзьвiгi ў засьценках ня згадвалi. Мiж тым, архiўныя сьведчаньнi пра "ўнутранае" жыцьцё НКВД iснуюць -- яны напiсаныя катамi, якiя праз iронiю лёсу сталi ахвярамi. Адзiн з такiх, начальнiк 4-га сакрэтна-палiтычнага аддзелу НКВД БССР
Васiль Ермалаеў, дае даволi падрабязную панараму нораваў i традыцыяў, якiя панавалi ў НКВД БССР у сярэдзiне 30-х гадоў. Гэты шматстаронкавы допiс патрапiў у ЦК партыi зь
Менскай турмы НКВД.
“Турма абмяжоўвае паперай, --
скардзiўся Ермалаеў новаму сакратару ЦК КП(б)Б П.Панамарэнку. -- Прасядзеўшы ў
адзiночнай камэры 10 сутак, вельмi многае ўсплыло ў памяцi, чаго за кiпучай
чэкiсцкай работай, магчыма, i не ўзгадаў бы”.
Васiль Ермалаеў, член партыi з 1919
году, прыйшоў у органы ў 1924 годзе. У Беларусь з Расеi яго накiравалi ў 1935
годзе, i тут чэкiсцкая кар'ера Ермалаева сапраўды "ўскiпела". Пачаў у
Менску опэрупаўнаважаным, i ўжо празь некалькi месяцаў быў прызначаны
начальнiкам Асобага аддзяленьня кавалерыйскай дывiзii, якая фармавалася. Менш
чым праз год, у кастрычнiку 1936-га Ермалаеў стаў начальнiкам аддзелу НКВД
Лепельскай акругi, у якую ўваходзiлi 4 раёны. Службу ведаў: на ўвесь СССР прагучала так званая "Лепельская справа", паводле якой
нават ЦК ВКП(б) прымаў спэцыяльную пастанову. Лепельская акруга лiчылася
памежнай, кожны другi жыхар меў сваякоў альбо знаёмых на польскiм баку, i таму
недахопу ў "польскiх шпiёнах" лепельскiя чэкiсты ня мелi.
Менш чым праз паўтары гады заслугi
Ермалаева былi ацэненыя i з асабiстай ласкi наркама ўнутраных справаў Бермана
ён атрымаў новае падвышэньне -- быў пераведзены ў Менск, у апарат НКВД БССР.
Чацьверты, самы жахлiвы аддзел НКВД займаўся сьледзтвам, г.зн. фабрыкацыяй
справаў. Ягоныя супрацоўнiкi катавалi арыштаваных, складалi пратаколы допытаў,
перасылалi iх на разгляд "троек" i асобых нарадаў. Апроч таго, з
райаддзелаў НКВД сюды накiроўвалi свае сьледчыя справы для разгляду, вынясеньня
заключэньня i далейшага накiраваньня паводле падсуднасьцi. Праз аддзел
напрасткi праходзiлi арыштаваныя наркамы, акадэмiкi, прафэсары, пiсьменьнiкi.
Ермалаеў, якi дагэтуль выяўляў
польскiх агентаў памiж сялянаў i раённай намэнклятуры, падзялiўся
зь Берманам сваiмi сумневамi: маўляў, у такiм маштабе нiколi не працаваў. Берман, паводле
сьведчаньня Ермалаева, спытаўся: "У вас калi-небудзь
хiстаньнi былi ад генэральнай лiнii партыi? -- Не. -- Дык астатняе
прыкладзецца," -- супакоiў наркам. "Пасьля гэтага я пайшоў, сеў за стол i прыступiў
да працы," -- пiша Ермалаеў.
Працы хапала: неабходна было
лiквiдаваць завалы сьледчых справаў. На пачатак лютага 1938 году
за аддзелам, дзе працавалi 54 чалавекi, налiчвалася больш за 450
арыштаваных, многiя зь якiх чакалi свайго лёсу год i болей. Каля 600 сьледчых
справаў з пэрыфэрыi ляжалi доўгiя месяцы без адказу. "Я знайшоў у аддзеле
поўны развал дысцыплiны, наяўнасьць групаўшчыны на глебе маральна-бытавога
разбэшчаньня," -- скардзiўся Ермалаеў. I ўдакладняў: "Сувязь зь
невядомымi жанчынамi, наведаньне iх групай, выкарыстаньне для нiзкiх мэтаў
кансьпiратыўных кватэраў. У гэтую групу ўваходзiлi Слукiн, Кунцэвiч, Быхоўскi, Шэйнкман,
Якiмаў, Перавозчыкаў ды iншыя".
Сваiх папярэднiкаў на пасадзе новы
начальнiк ахарактарызаваў каротка, але ёмiста: "Клейнберг, якi аказаўся
ворагам народу -- прайдзiсьветам, пасьля яго Урачоў, пра якога старыя работнiкi
кажуць, што ён прапiў 4-ты аддзел, зачыняўся ў кабiнэце штодзень з пахмельля i
нiкога не прымаў. Пасьля яго Волчак, якi быў
арыштаваны за сувязь з трацкiстамi. Да майго прыезду сярод работнiкаў 4-га
аддзелу была ўскрытая i лiквiдаваная трацкiсцкая група".
Зь лiста Васiля Ермалаева паўстае
яшчэ адна дэталь кiпучых чэкiсцкiх будняў -- узаемныя даносы:
У аддзеле кадраў ёсьць
заява, што Кунцэвiч, начальнiк аддзяленьня ў справе царкоўнiкаў i сэктантаў, у
1930 годзе заганяў адмiнiстрацыйна сялян у калгасы, абагульняў iнвэнтар аж да
курэй. У гэтай заяве гаворыцца, што Кунцэвiч меў сувязь з жонкай арыштаванага i
што ёй расказваў пра мужа. Гэтыя зьвесткi я ўведаў за некалькi дзён да свайго
арышту i даклаў наркаму Цанаву".
У адзiночнай камэры турмы НКВД
Ермалаеў узгадаў i iншых сваiх падначаленых i даў iм шматколерныя
характарыстыкi. Ён пiсаў:
“У аддзеле было 8 аддзяленьняў.
Аддзяленьне ў справах трацкiстаў i правых узначальваў Шэйнкман, разбэшчаны
чалавек, стары халасьцяк, заляцаўся да кожнай спаднiцы. Нацыянал-фашыстоўскае
аддзяленьне ўзначальваў Быхоўскi -- садыст, маральна разбэшчаны, фанабэрысты,
ганарлiвы, падхалiм, кар'ерыст, распусны нiзкi чалавек, якi iнтымна жыў з
многiмi невядомымi жанчынамi, у тым лiку з машынiсткай 4-га аддзелу.
Аддзяленьне ў справах эсэраў i меншавiкоў узначальваў Артамонаў -- п'янiца,
гультай, прагульшчык. Аддзяленьне абслугi савецкага апарату i рабочае клясы
ўзначальваў Гарбаты, якi меў сумнеўныя сувязi. Аддзяленьне ў справах сельскай
гаспадаркi начальнiка ня мела аж да выдзяленьня з 4-га аддзелу самастойнага
сельгасаддзелу".
Ахарактарызаваўшы такiм чынам частку
сваiх найблiжэйшых памочнiкаў -- кiраўнiкоў аддзяленьняў, Ермалаеў перайшоў да
астатнiх -- i зноў не пашкадаваў фарбаў. Са сваёй камэры ён пiсаў ў ЦК:
“Аддзяленьне ў справах моладзi
ўзначальваў Слукiн, распусьнiк, разбэшчаны ў полавых адносiнах, маральна нiзкi. Выкарыстоўваў у нiзкiх мэтах
кансьпiратыўную кватэру -- вадзiў туды жанчын.
Аддзяленьне ў справах царкоўнiкаў,
сэктантаў i былых людзей (так ў тэксьце) узначальваў Кунцэвiч, разбэшчаны ў
бытавым пляне чалавек, меў шырокiя сувязi на глебе палавой распусты зь
невядомымi жанчынамi. Са словаў Быхоўскага мне вядома, што Кунцэвiч знаходзiўся
ў сужыцьцi з 15 жанчынамi толькi супрацоўнiцамi наркамату. Для гэтай мэты
выкарыстоўваў кватэру Слукiна, дзе прымалася агентура".
Зробiм паўзу ў апiсаньнi Садому i
Гаморы, якiя ўяўляў сабой НКВД БССР у 30-я гады. Зазначым, што прозьвiшчы
сьледчых, якiя згадвае начальнiк 4-га аддзелу Ермалаеў, вядомыя паводле
ўспамiнаў ахвяраў рэпрэсiяў -- беларускiх пiсьменьнiкаў Станiслава Шушкевiча,
Сяргея Грахоўскага, iншых. Сьледчы Быхоўскi з кампанiяй праводзiлi допыты Цiшкi
Гартнага, Тодара Кляшторнага, вядомых прадстаўнiкоў беларускай навуковай
iнтэлiгенцыi. Не аб тым, вядома, гаворка, што высокамаральныя каты на месцы
дэградаваных катавалi б ня так бязьлiтасна-жорстка. Высокамаральных катаў не
бывае. У Менскiм НКВД працавалi самыя звычайныя супрацоўнiкi.
У дакумэнтальным фiльме "Дарога
на Курапаты", якi мы рабiлi з рэжысэрам Мiхаiлам Жданоўскiм, ёсьць аповед
былога вываднога Менскай турмы НКВД. Пасьля начных расстрэлаў у Курапатах iх
чакаў накрыты стол з гарэлкай у сталоўцы НКВД -- оргii цягнулiся да ранiцы.
Глушылi сьпiртам зробленае, дзялiлi гадзiньнiкi ды iншыя рэчы забiтых. Служба ў
органах прадугледжвала адсутнасьць усякiх чалавечых бар'ераў. Таму, дарэчы, не
маглi разьлiчваць на спагаду саслужыўцаў i арыштаваныя энкавэдысты --
запраграмаваная на зьнiшчэньне зграя адразу ж пажырала iх самiх...
Як вынiкае з допiсу Ермалаева, у НКВД
БССР былi такiя ж парадкi, як i ў iншых савецкiх канторах: поўнае
самаўпраўства ў межах iнструкцыяў, бюракратычны бедлам i
неразьбярыха. "Улiк у аддзеле зусiм адсутнiчаў, --
скардзiўся нядаўнi начальнiк сакрэтна-паiтычнага аддзелу. --
Паводле паказаньняў выкрытых праходзiлi звыш 2000 чалавек -- ня
ўлiчаныя. Улiк i зараз вельмi дрэнны, але ўсё ж створаная
картатэка i ў ёй улiчаныя асобы, якiя праходзяць звыш чым у
пяцiстах пратаколах допытаў.
Замест практычнай дапамогi ў
камплектацыi апарату асабовым складам ад былога кiраўнiцтва
наркамату я атрымаў адваротнае," -- скардзiўся Ермалаеў. Да моманту
арышту ў студзенi 1939-га ён узначальваў сакрэтна-палiтычны
аддзел на працягу году. За гэты час, паводле ягоных словаў,
апарат з 54 апэратыўнiкаў зьмянiўся тры разы, ад двух да чатырох
разоў зьмянялiся начальнiкi аддзяленьняў. Ермалаеў
пералiчвае:
Аддзяленьне ў справах
трацкiстаў i правых -- начальнiка не было, потым прызначылi Шэйнкмана, потым
Ашышкевiч, потым Архангельскi, цяпер сумяшчае Тараканаў. У справе нацфашыстаў
-- Быхоўскi, потым Фёдараў, потым Гарбачэўскi, цяпер зноў Фёдараў. У справе
эсэраў, меншавiкоў -- Артамонаў, потым Архангельскi, потым Палiтыка, цяпер
Тараканаў. У справе савецкага апарату i рабочае клясы -- Гарбаты, потым Лягаеў,
цяпер начальнiка няма. Усе прыёмы i здачы аддзяленьняў пастаянна праходзiлi
чамусьцi насьпех i таму той, хто прымаў аддзяленьне, быў ня ў курсе ўсiх
справаў i прыступаў зноў да азнаямленьня замест практычнай працы".
Многiя былыя вязьнi ў сваiх успамiнах
пiшуць пра загадкавы перапынак у допытах, калi арыштаваныя месяцамi, а то часам
i больш за год чакалi ў турме выклiку на допыт i вырашэньня свайго лёсу. Яны
разглядаюць гэта, як адзiн з мэтадаў сьледзтва. Верагодна, у некаторых выпадках
так яно i было. Але ў масе сваёй, для так званых шараговых ворагаў народу паўзы
памiж выклiкамi на катаваньнi тлумачылiся хаосам i беспарадкам унутры самога
НКВД, якi перажываў чарговую чыстку.
У памяцi арыштаванага Ермалаева
сапраўды, як ён пiсаў, "усплыло многае". Але ўсплыло далёка ня ўсё.
Прынамсi, ён забыўся пра вячэру ў канцы лiстапада 1938 году, на якую запрасiў
да сябе ў дом калегаў...
Тайная вячэра
За сталом былi толькi свае: начальнiк Магiлёўскага НКВД Ягодкiн, начальнiк управы НКВД на Беларускай чыгунцы Марошак, начальнiк 3-га аддзяленьня Вiцебскага НКВД Левiн. Усе прыехалi ў Менск у службовыя камандыроўкi, i ўсiх пасьля напружанага дня нарадаў ды беганiны па кабiнэтах запрасiў да сябе дадому начальнiк
4-га сакрэтна-палiтычнага аддзелу НКВД БССР
Ермалаеў. Выпiвалi,
закусвалi, абмяркоўвалi навiны. Левiн частаваў цыгарэтамi з адмысловага срэбнага
партсыгару, якi заўсёды вазiў з сабой.
Ягодкiн расказаў пра нараду
начальнiкаў абласных управаў НКВД, якую а 17-й гадзiне праводзiў
памочнiк наркама Наседкiна Стаяноўскi. Сямён Левiн слухаў з асаблiвай увагай,
бо ягоны шэф, начальнiк Вiцебскай абласной управы Пётр Радноў яшчэ ўдзень
выехаў у Вiцебск i на нарадзе ня быў.
Стаяноўскi даў устаноўку тэрмiнова
выканаць усе прысуды 1-й катэгорыi (расстрэл), якiя зь
нейкiх прычынаў не былi зьдзейсьненыя. Акты патрабавалася
аформiць задняй датай. Прычанай сьпешкi стала пастанова
"Аб арыштах, пракурорскiм наглядзе i вядзеньнi сьледзтва", якую амаль
два тыднi перад тым, 17 лiстапада 1938 году, прынялi ЦК ВКП(б) i СНК СССР. У канцы лiстапада наркам унутраных справаў СССР Берыя нечакана загадаў спынiць выкананьне ўжо вынесеных сьмяротных
прысудаў i перадаваць справы асуджаных на расстрэл у суд. I пастанова, i загад
былi сакрэтныя.
Пасьля лютаўскага (1938) пленуму ЦК
ВКП(б) у НКВД адбывалiся дзiўныя рэчы, i загад быў яшчэ адным зьвяном ланцуга,
небясьпеку якога адразу зразумелi спрактыкаваныя кадры. Новаму наркаму ў Маскве
патрабавалiся матэрыялы на тых, хто працаваў пры папярэднiку. Вызваленьне
асуджаных, а таксама сьведчаньнi, якiя яны маглi даць пра катаваньнi, заўсёды
можна было выкарыстаць у барацьбе ўнутры партыйна-энкавэдысцкай вярхушкi. Трэба
было сьпешна пазбаўляцца ад непажаданых сьведкаў.
... Ягодкiн падзякаваў гаспадару за
вячэру i сказаў, што адразу выяжджае ў Магiлёў, каб неадкладна пачаць
выкананьне загаду Стаяноўскага. Сямён Левiн а дзявятай вечара вярнуўся ў наркамат
i зайшоў да начальнiка 1-га спэцаддзелу Якава Розкiна. Той папярэдзiў, што
неўзабаве перадасьць сьпiсы асуджаных на расстрэл, пасьля чаго трэба будзе
неадкладна выехаць у Вiцебск. Сьпiсы ўжо былi падрыхтаваныя, чакалi прыходу
Стаяноўскага, якi мусiў паставiць свой подпiс. Памочнiк наркама зьявiўся каля
поўначы i ў сваiм кабiнэце паўтарыў Левiну ўсё, што той ужо ведаў ад Ягодкiна i
Розкiна. Сьпiс вiцебскiх вязьняў, якiх трэба было неадкладна расстраляць,
налiчваў сорак адно прозьвiшча. Вiцебскi НКВД меў раней
пляны адкласьцi расстрэл пяцi-шасьцi асуджаных для далейшай распрацоўкi
справаў, але загад быў ясны i не прадугледжваў выключэньняў. Акты трэба было
пазначыць 22-23-м лiстапада.
Левiн падараваў зьняволеным пару дзён
жыцьця: зь Менску ён паехаў у Гомель да сваякоў, i ў Вiцебску зьявiўся толькi 2
сьнежня. Начальнiк абласнога НКВД Радноў i яго намесьнiк Уласаў зьвязалiся зь Менскам па тэлефоне, дзе Стаяноўскi пацьвердзiў
распараджэньне. З пачатку лiпеня 1938-га сьмяротныя прысуды ў Вiцебску не
выконвалiся, асуджаных "першай катэгорыi" вазiлi ў Менск. Але
аднавiць расстрэлы -- не праблема...
Не пасьпела сьцiхнуць рэха стрэлаў,
якiмi на пачатку сьнежня 1938-га сьпешна дабiвалi асуджаных па ўсёй Беларусi,
як у кабiнэце наркама А.Наседкiна зьявiўся новы гаспадар, Л.Цанава. У сярэдзiне
месяца з Масквы ў Менск прыехала камiсiя НКВД СССР, якая
пачала высьвятляць, хто, як i чаму парушыў загад Берыi. Наступствы ня змусiлi
сябе чакаць. Некаторых кiраўнiкоў НКВД БССР арыштавалi адразу, iншым далi
пагуляць пару месяцаў на волi, як Сямёну Левiну. Спачатку яго двойчы разабралi
на сходах партарганiзацыi абласнога НКВД, а 5 лютага 1939-га бюро Вiцебскага
абкаму выключыла Левiна з партыi. Фармулёўка -- за парушэньне загаду НКВД СССР
у частцы выкананьня прысудаў, за ўтойваньне вядомых яму фактаў i за ўжываньне
да арыштаваных фiзычных мераў узьдзеяньня.
Левiна адразу не арыштавалi i ён
пасьпеў, седзячы дома, у Вiцебску, напiсаць падрабязную заяву на дзесяцi
старонках. Паставiў звыклы грыф "зусiм сакрэтна" i адрасаваў на iмя
новага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкi, а копii -- Сталiну, Берыю i Цанаву.
Распавёўшы пра вячэру ў Ермалаева i
ўсё, што пасьля яе адбылося, Левiн абвяргаў яшчэ адзiн пункт
абвiнавачаньня: "Асабiста я нiякiх мераў фiзычнага ўзьдзеяньня нi да каго
з арыштаваных не ўжываў. Згодна з загадамi Раднова i Ўласава (начальнiк i намесьнiк начальнiка Вiцебскага НКВД), арыштаваных,
якiя адмаўлялiся даваць паказаньнi, прымушалi прысядаць. Гэта ў роўнай меры
ўжывалася ўсiмi аддзяленьнямi НКВД i трыма Асобымi органамi. Натуральна, што i
ў 3-м аддзяленьнi гэты мэтад таксама ўжываўся, але чаму я мушу быць ахвярай i ў
гэтым абвiнавачваюць мяне аднаго, у той час як я сьлепа, нароўнi з усiмi,
выконваў загады Раднова i Ўласава. Навошта ж
усе абвiнавачаньнi штучна ўскладаць на мяне? Хiба гэта бесстароньняе стаўленьне
да маёй асобы?"
Далей Левiн прадстаўляў сваю асобу:
"Я сам 1910 году нараджэньня, сын рабочага-краўца, з 1925 году ў
камсамоле, з 1931 г. кандыдат КП(б)Б i з 1937-га -- член. Бацька мой, член
ВКП(б) з 1918 году, з 1919 году чэкiст. Памёр у 1930 годзе на пасадзе
начальнiка Мазырскага абласнога аддзелу ГПУ Беларусi. Я з 18 гадоў
бесьперапынна працую на апэратыўнай рабоце ў органах ОГПУ-НКВД. За гэты час, за
лiквiдацыю шэрагу контррэвалюцыйных арганiзацыяў i шпiёнскiх рэзыдэнтураў,
узнагароджаны срэбным партсыгарам, гадзiньнiкам, зброяй i яшчэ некаторымi
каштоўнымi падарункамi".
Левiн запэўнiвае: "Усё сваё
маладое жыцьцё я аддаў справе партыi Ленiна-Сталiна. Гэтаму ж
прысьвяцiў сябе мой бацька. Я выхаваны гэтай партыяй, i калi я адзiны раз у
жыцьцi памылiўся, навошта так рабiць са мной, ужыўшы адразу да мяне палiтычную
сьмерць, няўжо я непапраўны. Зразумела -- не, я ня толькi выпраўлюся, але
надалей у мяне больш такiх памылак нiколi ня будзе".
Высокiя адрасаты таксама палiчылi,
што Левiна можна выправiць. Яго заяву сьпiсалi ў сакрэтны архiў асобага аддзелу
ЦК, а самога патомнага чэкiста на дзесяць гадоў накiравалi ў папраўча-працоўныя
лягеры. Срэбны партсыгар з чэкiсцкай гравiроўкай пад час арышту згодна з
iнструкцыяй быў канфiскаваны. Ды ў лягеры ён бы гаспадару i не спатрэбiўся...
Прыродныя бальшавiкi
"Адбылася найвялiкшая правакацыя ворагаў
народа -- гэтай банды фашыстаў, якая рабiла сваю подлую справу
супраць партыi Ленiна-Сталiна, народа вялiкага Саюзу ССР. Гэтая банда, знаходзячыся ў турме,
працягвае сваю гнюсную справу -- абгаворвае невiнаватых
супрацоўнiкаў НКВД у iх подлых намерах i справах, вымушаючы
сьледзтва, уведзенае ў зман ворагамi, ужываць да абгавораных
ворагамi i невiнаватых работнiкаў НКВД шэраг мераў узьдзеяньня
маральна-фiзычных, у сiлу якiх, ня вытрымаўшы
незаслужаных пакутаў, страцiўшы сiлы i розум, у адчаi i цалкам несьвядома гэтыя
абгавораныя павiнныя былi даць сьледзтву хлусьню, абгаварыўшы сябе i iншых работнiкаў, спадзеючыся, што сьледзтва, аб'ектыўна правёўшы
рассьледаваньне, установiць хлусьню i паклёп ворагаў, i вымушаны агавор невiнаватымi сябе i iншых, на падставе праверкi дакумэнтацыi i
фактаў пераканаецца у паклёпе ворагаў, але сьледзтва, паверыўшы паклёпу
ворагаў, зрабiла няправiльныя вывады, клясыфiкуючы асобныя памылкi i парушэнньнi ў апэратыўна-сьледчай рабоце, зробленыя ў сiлу сьляпога выкананьня дырэктываў i ўказаньняў варожага кiраўнiцтва, увёўшы гэтым самым у зман i суд, якi на падставе варожага
паклёпу вынес мне такi суровы прыгавор,
пазбаўляючы жыцьця".
Гэта самы доўгi сказ са скаргаў, якi
даводзiлася бачыць. Ён пазначаны грыфамi "Уручыць неадкладна. Зусiм
тэрмiнова. Абсалютна сакрэтна. Асабiста" i адрасаваны сакратару ЦК КП(б)Б
Панамарэнку. Адправiцель -- дэпутат Вярхоўнага Савету БССР Пётр Радноў, член ВКП(б) з 1924 году, былы член бюро абкаму партыi,
ардэнаносьбiт i выхадзец зь сялянаў (адукацыя нiжэйшая). Да 19 студзеня 1939-га
ён узнaчальваў НКВД Вiцебскай вобласьцi, а далучыўся да жалезнай кагорты
амаль за два дзесяцiгодзьдзi да таго. Але ўсё гэта было ў мiнулым: заява
пiсалася ў камэры-адзiночцы Менскай турмы НКВД.
Новы наркам Цанава праводзiў кадравую
чыстку: Раднова, як i Левiна, Наседкiна, Стаяноўскага i яшчэ групу кiраўнiчых
энкавэдыстаў у Беларусi абвiнавацiлi ў тым, што яны сумленна выконвалi свае
абавязкi: афармлялi расстрэлы мiнулымi датамi i катавалi арыштаваных.
Супрацоўнiкаў Магiлёўскага НКВД Каралько, Сiдарэнку, Дударава,
Цiханцова i Петрусенку арыштавалi ўвогуле за дробязi -- марадзёрства, крадзёж
каштоўнасьцяў, рэчаў i вопраткi зьняволеных. Iшла звычайная бальшавiцкая чыстка
i, натуральна, у НКВД працавалi са сваiмi былымi супрацоўнiкамi тымi ж
унiвэрсальнымi мэтадамi, якiя ўжывалiся супраць сялян i прафэсараў, паэтаў i
чыгуначнiкаў.
Плынь чэкiсцкай сьвядомасьцi, зафiксаваная
ў лiсьце Раднова, цiкавая адной псыхалягiчнай асаблiвасьцю: i ў турме, пасьля
катаваньняў галоўны кат Вiцебшчыны захоўвае вернасьць НКВД. Нават гаворачы пра
свой лёс, Пётр Радноў выгароджвае катаў: маўляў, подлая банда фашыстаў
абгаворвае нявiнных супрацоўнiкаў НКВД, проста вымушаючы сьледзтва, уведзенае ў
зман ворагамi, ужываць меры маральна-фiзычнага ўзьдзеяньня.
Прайшоўшы праз рукi сваiх калег i
прызнаўшыся ва ўсiх грахах, як гэта рабiлi некалi ягоныя ўласныя
ахвяры, Радноў пiша сакратару ЦК: "Я клянуся вам усiм, сваёй дачкой 8-мi
месяцаў, якую яшчэ ня бачыў, я ня быў ворагам, змоўнiкам. Я вырас i выхаваны
партыяй, камсамолам, Савецкай уладай. Ня дайце загiнуць ад паклёпу ворагаў,
малю Вас, праверце i захавайце мне жыцьцё. Я настойлiвай працай выкуплю вiну i
злачынствы, якiя зрабiў".
Радноў адхiляе абвiнавачаньнi ў
катаваньнях арыштаваных, у стварэньнi спэцрэжыму ў Вiцебскай турме: "Я не
даваў загаду ствараць рэжымныя камэры быццам для зьбiваньня арыштаваных, каб
прымусiць iх агаварыць сябе i iншых. Камэры для зручнасьцi сьледзтва былi
замацаваныя паводле просьбы аддзелаў за iмi i, паводле распараджэньня НКВД зь
Менску, была створаная агентура для асьвятленьня настрояў арыштаваных, а не для
правакацыяў. У вынiку наплыву арыштаваных сапраўды мелi месца парушэньнi
нормаў, i камэры былi перапоўненыя, сапраўды, з боку асобных агентаў была
правакацыя, але мне пра гэта не казалi..."
Радноў прызнае толькi несьвядомы
падлог дакумэнтаў, калi беларускiя чэкiсты сьпешна расстрэльвалi вязьняў
насуперак загаду з Масквы: "Я паверыў, што ёсьць указаньнi НКВД акты
складаць мiнулай датай".
Сын, як ён пiсаў,
калгасьнiка-селянiна Радноў прасiў даць яму магчымасьць ударнай працай выкупiць
няправiльныя даты пад актамi расстрэлаў. Яго былы вiцебскi падначалены, сын
краўца Сямён Левiн хацеў "ударнай працай у органах НКВД выправiць сваю
грубую палiтычную памылку". "Спадзяюся, што камунiстычная партыя,
якая зрабiла зь мяне бальшавiка, падыдзе да мяне чульлiва, як гэтаму вучыць наш
правадыр тав. Сталiн, бо я ня вораг, а адданы нашай радзiме баец, якi першы раз
у жыцьцi памылiўся". Iх менскi калега Васiль Ермалаеў таксама пiсаў з
камэры: "Усё сьвядомае жыцьцё прысьвяцiў справе партыi Ленiна-Сталiна i
чым бы мой лёс нi скончыўся, апроч расстрэлу, я i далейшае жыцьцё прысьвячу гэтай
самай партыi -- Ленiна-Сталiна".
Яшчэ адзiн былы супрацоўнiк НКВД,
менскi мiлiцыянэр Райхлiновiч, перажыў пасьля арышту зьдзеклiвыя
катаваньнi: яго зьбiвалi ва ўтаймавальнай кашулi, аблiвалi вадой на
30-градусным марозе, мачылiся ў твар, цягалi за палавы орган. Пасьля сямi
месяцаў у лягеры нечакана вызвалiлi. Вярнуўся ў Менск i даведаўся, што сям'ю
выкiнулi з хаты, рэчы прапалi. Былы кавалерыст, Райхлiновiч выгадаваў каня,
якога пакiнулi ў мiлiцэйскай частцы i яму не вярталi.
Райхлiновiч напiсаў у райкам партыi
просьбу: "Прашу ўлiчыць маё цяжкае становiшча, дапамагчы
аднавiць здароўе, аднавiць на працы i вярнуць кватэру i каня, зь якiм я
спадзяюся пры першай патрэбе выступiць у абарону нашай любiмай Радзiмы i
зьнiшчыць ворагаў, якiя паспрабуюць замахнуцца на нашую сьвятую тэрыторыю.
Ворагi народу пахiснулi маё здароўе, але не пахiснулi маёй бальшавiцкай волi, я
з прыроды народжаны бальшавiком i такiм памру, памру за рабочую справу, за
справу Ленiна-Сталiна".
Падобных радкоў у допiсах
арыштаваных, асуджаных, закатаваных да паўсьмерцi
людзей (ня толькi чэкiстаў) -- безьлiч. Частка клятваў у вернасьцi партыi,
магчыма, прадыктаваная разьлiкам, але значная большасьць -- шчырае выказваньне
перакананьняў, наiўнай веры, што iх невiнаватасьць пацьвярджаецца iх вернасьцю
сталiнiзму. Хоць яшчэ на лютаўска-сакавiцкiм пленуме ЦК ВКП(б) у 1938 годзе
Сталiн вылучыў шэсьць умоваў пабудовы камунiзму i перамогi над ворагамi, дзе
даў энкавэдыстам урок лёгiкi. Правадыр сказаў, у прыватнасьцi, што некаторыя
ворагi такiя хiтрыя, што спэцыяльна працуюць ударна i робяцца стаханаўцамi,
выстаўляюць сябе адданымi камунiстамi, каб лепш шкодзiць, i iх трэба выкрываць.
“Я сумленны сын сваёй радзiмы i
партыi, якой належу ўсёй сваёй сутнасьцю да скону", -- запэўнiваў
Панамарэнку былы чэкiст, дэпутат Вярхоўнага Савету БССР ад Старадароскай
выбарчай акругi, а потым вязень камэры нумар 8 менскай турмы НКВД Мiкалай
Быстроў. Ягоная бiяграфiя сапраўды магла ўпрыгожыць любы падручнiк гiсторыi
ВКП(б). "Сам я рабочы, бацька i два браты працуюць у г. Туле на збройным
заводзе. У Кастрычнiцкую рэвалюцыю ў лiстападзе 1917-га я ўступiў у
чырвонагвардзейскi латыскi атрад спэцпрызначэньня ў Смольным у Петраградзе.
Браў удзел у лiвiдацыi белагвардзейскiх бандаў i разгоне Ўстаноўчага сходу. У сакавiку 1918-га разам з урадам атрад пераехаў у
Маскву-Крэмль, дзе мне неаднаразова даводзiлася ахоўваць кабiнэт У.I.Ленiна.
Браў удзел у падаўленьнi мецяжу анархiстаў i паўстаньнi левых эсэраў. Асабiста
ўдзельнiчаў у вызваленьнi з палону левых эсэраў у Пакроўскiх казармах Ф.Э.Дзяржынскага. У траўнi 1919-га я паступiў на працу ў органы
ВЧК-ОГПУ, у якiх на розных апэратыўных пасадах працаваў па дзень арышту".
Быстрову паставiлi ў вiну якраз тое,
чым ён ганарыўся. Туляк, прысланы для барацьбы з нацыянал-фашызмам у Беларусi,
быў абвiнавачаны ў членстве ў нацыянал-фашыстоўскай латыскай шпiёнскай
арганiзацыi. Пасьля арышту яго "амаль голага пасадзiлi ў сыры халодны
казэмат, дзе пратрымалi 82 днi. Пагражалi расплюшчыць у блiн, лаялi, прымушалi
пiсаць хлусьлiвыя сьведчаньнi", -- з абурэньнем пералiчваў Быстроў свае
крыўды. I запэўнiваў: "Наша бальшавiцкая партыя выхавала зь мяне страснага
патрыёта нашай вялiкай радзiмы. Я ганарыўся сваёю краiнай, гатовы ў любы момант
аддаць жыцьцё за справу партыi, за справу народа".
Ленiнскi вартавы зашмат дазваляў
сабе. Ён, як i iншыя ягоныя калегi -- "прыродныя бальшавiкi", ужо ня
меў такой раскошы, як права распараджацца ўласным жыцьцём. Iм распараджалася
партыя.
Цанава
Самай вострай праблемай у
пасьляваенным Менску была жыльлёвая. Казалi, кватэраў у разбураным горадзе не
хапала нават супрацоўнiкам НКВД. Даводзiлася месяцамi чакаць чаргi ў iнтэрнатах
i гасьцiнiцах. Калi абураныя чэкiсты зьвярталiся па дапамогу да свайго наркама,
той карцiнна разводзiў рукамi:
- Нэ магу, кацо. Як камунiст
камунiсту кажу: сам ня маю кватэры ў Менску.
І гэта была праўда -- калi можна
ўжыць такое слова ў адносiнах да Лаўрэнцiя Цанавы, якi са сьнежня 1938-га па
кастрычнiк 1951-га працягваў у Беларусi крывавую справу Пiляра, Рапапорта,
Ляплеўскага, Малчанава, Бермана, Наседкiна.
З анкеты генэрал-лейтэнанта
Цанавы Л.Ф.:
1900 г.н., бацька -- селянiн-бядняк, адукацыя --
сельскае вышэйшае пачатковае вучылiшча, агульнаадукацыйныя
курсы ў Тыфлiсе. З 1921 году на працы ў органах ЧК, пракуратуры,
кампартыi Грузii, на кiраўнiчых гаспадарчых пасадах. З канца 1938-га -- наркам
унутраных справаў Беларусi. Пад час вайны камандваў Асобым аддзелам Заходняга,
потым Цэнтральнага франтоў, зьяўляўся намесьнiкам камандуючага 2-га Беларускага
фронту.
... Вартаўнiца адамкнула дзьверы, i я
ўвайшоў у тое, пра што Цанава казаў "няма кватэры" -- двухпавярховы
каменны палац у лесе ў Сьцяпянцы. Столь ужо безь ляпных аздабленьняў, няма
крышталёвых люстраў, карцiны са сьцен перавандравалi ў музэi, зьнiклi раскошныя
дываны, на кухнi гатуюць абеды не на трох, а больш чым на сто чалавек адразу --
потым тут быў дзiцячы сад-санаторый. Няма вышэзнай агароджы, вартавых сабак,
даўно здох горны казёл...
“Цанава ў Беларусi зьяўляўся
фэадалам", -- так ацанiлi дзейнасьць былога члена бюро ЦК КП(б)Б на пленуме
ў Менску, якi ў лiпенi 1953 году абмяркоўваў пастанову ЦК КПСС аб "шпiёне
iмпэрыялiстычных разьведак" Лаўрэнцii Берыi. Члены беларускага ЦК
выходзiлi на трыбуну i выкрывалi асабiстага сябра Берыi, якi ў гэты час ужо
знахоўдзiўся ў турме.
Варта Цанаву было трапiць пад дождж,
а ў газэтах абяцалi сонца -- i ён забараняў друкаваць зводку надвор'я,
абуралiся камунiсты; безь ягонай вiзы нельга было зьмяшчаць рэпартажы пра
футбол, якi ён апякаў; вадзiцель машыны, якi пасьмеў абагнаць ягоны легкавiк,
начаваў у пастарунку; калi iнструктар гаркаму партыi прынес яму запрашэньне на
нейкi сход за нумарам 9 цi 10, Цанава патрабаваў звольнiць iнструктара -- такi
вялiкi нумар зьневажаў ягоную годнасьць; наркаму назалялi камары -- i на ягоны
загад у Сьцяпянцы засыпалi цэлую сажалку...
Не адставалi ад гаспадара i
падначаленыя. Калi ў начальнiка Вiцебскага ГБ Прохарава, заўзятага галубятнiка,
зьнiк голуб, уся гарадзкая мiлiцыя была паднятая на ногi, ачэплены рабочы
квартал, i птушку знайшлi -- памiж тысячаў iншых. Цанава не даваў у крыўду свае
кадры: калi ў начальнiка Гарадзенскага ГБ Фралова ўзьнiк канфлiкт зь першым
сакратаром абкаму С.Прытыцкiм, дык пасаду мусiў пакiнуць Прытыцкi;
гэтаксама ўцякалi з рэспублiкi iншыя партыйныя кiраўнiкi, якiх ён неўзьлюбiў.
Пра лёс беспартыйных грамадзянаў, аднак, на пленуме ня ўзгадвалi...
Пару гадоў да гэтага члены бюро ЦК
КП(б)Б iнакш ацэньвалi дзейнасьць Цанавы ў Беларусi. У
характарыстыцы, зацьверджанай на бюро, гаворыцца: "Узначальваючы МГБ БССР,
т. Цанава правёў значную работу па выяўленьнi i лiквiдацыi шпiёнска-дывэрсiйнай
агентуры нямецка-фашысцкай i iншых замежных разьведак, па разгрому
контррэвалюцыйнага нацыяналiстычнага падпольля, падпольных арганiзацыяў
беларуска-нямецкiх нацыяналiстаў i бандыцкiх тэрарыстычных групаў. Т. Цанава ў
кiраўнiцтве органамi ГБ прынцыповы, патрабавальны, праяўляе вялiкую
настойлiвасьць, працаздольнасьць, выхоўвае кадры чэкiстаў у духу бальшавiцкай
партыйнасьцi".
У 1938 годзе Берыя мяняў кадры Яжова
па ўсёй краiне. Цанава некалi служыў пад ягоным кiраўнiцтвам у ОГПУ Грузii,
праўда, прозьвiшча ягонае тады было iншае -- Джанджгава. Пры прызначэньнi ў
Менск, паводле расказаў самога наркама, Лаўрэнцi Першы быццам параiў былому
падначаленаму зьмянiць прозьвiшча, маўляў, у Беларусi ня вымавяць такое
прозьвiшча. Пазьней, аднак, высьветлiлася, што прычына была iншая. Пад час
грамадзянскай вайны Джанджгава камандаваў чэкiсцкай часткай i скраў дзяўчыну з
горнага сяла. Калi вяскоўцы пайшлi яе вызваляць, ён пасек iх з кулямёту. Узьнiк
страшэнны шум, трэба было прымаць меры i Берыя схаваў падначаленага. Потым яго
перакiнулi на гаспадарчую працу. У другой палове 30-х гадоў ён працаваў у
наркамземе, намесьнiкам начальнiка лiмонна-мандарынавага трэсту, потым
начальнiкам Калхiдбуду.
Былы шэф, якi ўзначалiў НКВД СССР,
выклiкаў Цанаву ў Маскву i адтуль паслаў наводзiць парадак ва
ўнутраных справах Беларусi. Папярэднiкi, наркамы Берман i Наседкiн, пакiнулi Цанаву надзвычайную спадчыну: хапун крывавым грэбнем iрваў вёску i горад, былi арыштаваныя практычна ўсе ўладальнiкi высокiх кабiнэтаў у Менску,
прарэджана мясцовае начальства, крытыя грузавiкi ўжо больш за год па начах хадзiлi на Курапаты. Не спынiўся iх паток i з прыездам у Менск Панцеляймона Панамарэнкi i Лаўрэнцiя Цанавы.
Ужо ў 1940-м заслугi наркама ва
ўнутраных справах Беларусi былi ацэненыя першым ордэнам Ленiна.
Пасьля таго, як часткi Чырвонай Армii разам з гiтлераўцамi правялi парад
пераможцаў у Берасьцi, Цанава заняўся разгортваньнем апарату НКВД i сеткi
даносчыкаў у Заходняй Беларусi. Палонныя польскiя афiцэры пад аховай канвою
НКВД адпраўлялiся ў лягеры Поўначы, Сiбiры, але найбольшая частка
канцэнтравалася ў Катынi. Разьбiралiся зь Вiльняй, вялiся арышты тых, хто
супрацоўнiчаў з польскiмi ўладамi, а таксама тых, хто зь iмi змагаўся -- членаў
розных партыяў, нацыянальных арганiзацыяў, у тым лiку сваяцкай КПЗБ. Усе гэтыя
апэрацыi праводзiлiся пад наглядам наркама ўнутраных справаў.
Цанаву выпала i праца па чыстцы
кадраў самога НКВД -- многiя чэкiсты прайшлi праз той самы канвэер, якi нядаўна
раскручвалi.
Калi пачалася вайна, энкавэдысты
лiхаманкава пакавалi свае архiвы i перапраўлялi далей ад лiнii фронту. Адных
вязьняў расстрэльвалi на месцы ў турмах, iншых тэрмiнова зганялi ў калёны i
вялi на Ўсход. Канваiры мелi загад: у "выпадку
немагчымасьцi забясьпечыць ахову кантынгенту" -- расстрэльваць вязьняў на
месцы. Вядомыя выпадкi, калi канваiры, махнуўшы рукой на iнструкцыю, адпускалi
людзей. Аднак большасьць лягла ў зямлю, як гэта адбылося з калёнамi
арыштаваных, якiх эвакуявалi зь Лiтвы: толькi ля дарогi на Чэрвень былi расстраляныя
многiя сотнi няшчасных.
Асобыя аддзелы, якiмi камандаваў
Цанава на Заходнiм, а потым Цэнтральным франтах, працягвалi рабiць тое самае,
што рабiлi энкавэдысты ў мiрны час: ваявалi супраць свайго народа. Супраць салдат i афiцэраў, якiя патрапiлi ў акружэньне, супраць тых, хто вёў "паражэнцкiя размовы" -- напрыклад, згадваў лёзунг аб вайне на
чужой тэрыторыi i
малой крывёй...
За сваю дзейнасьць Цанава быў узнагароджаны яшчэ двума ордэнамi Ленiна i амаль трыццацьцю iншымi ордэнамi i
мэдалямi. Калi меркаваць па ўзнагародах, гераiчны сьмершавец праявiў надзвычайны талент
палкаводца: тры ордэны Суворава, два -- Кутузава, ён атрымаў узнагароды за
абарону Масквы, Каўказа, вызваленьне Варшавы i
ўзяцьце Кенiгсбэргу, а таксама фарсiраваў Одэр, хадзiў у рэйды з партызанамi, меў баявыя заслугi перад Манголiяй i Тувiнскай рэспублiкай, i, апроч таго, доблесна працаваў у тыле.
У характарыстыцы, зацьверджанай бюро ЦК, гаворыцца, што Цанава
"актыўна ўдзельнiчаў у працы ЦК КП(б)Б у
справе разьвiцьця партызанскага руху".
Спэцгрупы, падрыхтаваныя НКВД, закiдвалiся ў нямецкi тыл для арганiзацыi супрацiву. Iх вызначала бязьлiтаснае стаўленьне да мясцовага насельнiцтва, якое спачатку не сьпяшалася на абарону савецкай
улады, не хацела рызыкаваць сем'ямi, iсьцi ў лес. Узаемныя
падазрэньнi, сачэньне адзiн за адным, даносы, беспадстаўныя арышты i расстрэлы на месцы, зьдзекi
над мiрным насельнiцтвам -- усе гэтыя партыйна-энкавэдысцкiя парадкi крывавай цьвiльлю пакрылi партызаншчыну, густа
нашпiгаваную "асабiстамi".
Ды пра тое дарма шукаць зьвестак у
афiцыйнай гiсторыi партызанскага руху. У ёй прозьвiшча Цанавы нават ня згадваецца, хоць менавiта пад ягоным аўтарствам у 1949 годзе выйшла першае поўнае апiсаньне партызанскага руху ў Беларусi ў двух тамах пад назвай "Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков". Тэкст пiсалi за наркама, вядома ж, "лiтрабы" -- так скарочана i дакладна называлi лiтаратурных работнiкаў, якiя абслугоўвалi ласае на пiсьменьнiцкiя ляўры начальства. У аснову кнiгi быў пакладзены радасны прынцып, адлюстраваны ў наступным узоры "фальклору":
А на нашай на гары
Вырасьлi два дубiка.
Сталiн кажа ў Маскве,
Чуе ўся рэспублiка!
З прычыны бiблiяграфiчнай рэдкасьцi
выданьня прывяду некалькi назваў разьдзелаў: "Призыв
товарища Сталина к всенародной Отечественной войне", "Партия
большевиков -- организатор всенародной борьбы и побед",
"Коммунистическая партия (большевиков) Белоруссии во
главе своего народа", "Колхозы -- большевистская
крепость", "Сталинская дружба народов Советского
Союза нерушима". Было ў кнiзе сказана i пра "подлое
предательское лицо белорусских националистов", але толькi мiмаходзь, каб не псаваць карцiну ўсенароднага адзiнадушша.
Сярод бесталковага нагрувашчваньня
прыкладаў сапраўдных i прыдуманых нямецкiх зьверстваў ды бальшавiцкага
гераiзму -- абавязковыя напамiнаньнi пра тое, што беларускi народ штохвiлiнна адчуваў генiяльны бацькоўскi клопат вялiкага Сталiна i паплечнiкаў. "Выконваючы ўказаньнi правадыра, верныя
вучнi Ленiна i паплечнiкi таварыша Сталiна Георгi Максiмавiч Малянкоў i
Лаўрэнцi Паўлавiч Берыя з пачатку Айчыннай вайны аказвалi велiзарную практычную
дапамогу ў справе арганiзацыi i далейшага разгортваньня партызанскага руху на
тэрыторыi Беларусi".
15 лiпеня 1953 году загадам Галоўлiту
БССР №143 было прадпiсана "канфiскаваць зь бiблiятэк грамадзкага
карыстаньня i кнiгагандлю частку першую кнiгi Цанавы Л.Ф. "Усенародная
партызанская вайна ў Беларусi супраць фашысцкiх захопнiкаў", Менск, 1950
г., 10.000 асобнiкаў, 342 ст." Канфiскацыi падлягалi i 60.000 асобнiкаў двухтомнiка
на расейскай мове. У канцы лiпеня 1953 году зь менскага ў маскоўскi ЦК была
накiраваная тэлеграма з просьбай пазбавiць Цанаву паўнамоцтваў дэпутата
Вярхоўнага Савету СССР i БССР. Яшчэ праз два тыднi пленум ЦК КПБ пазбавiў
паўнамоцтваў дэпутата Вярхоўнага Савету БССР i Лаўрэнцiя нумар адзiн -- Берыю.
Задоўга да гэтых падзеяў, у
кастрычнiку 1951-га, Цанава пакiнуў Беларусь. Ён перабраўся ў
Маскву, на пасаду намесьнiка мiнiстра дзяржбясьпекi Абакумава. Але затрымаўся
на Лубянцы нядоўга: яго ўцягнула ў тую самую мясарубку, куды ён запiхваў iншых.
Дарэчы, комплекс будынкаў у Менску,
дзе месьцiцца мiлiцыя i КГБ, быў пабудаваны пасьля вайны пад непасрэдным
кiраўнiцтвам тады ўжо мiнiстра ўнутраных справаў БССР Цанавы (у сакавiку
1946-га НКВД было перайменаванае ў МУС). Дом з гадзiньнiкам насупраць таксама
прызначаўся для работнiкаў органаў, так што без жыльля чэкiсты хадзiлi нядоўга.
Цанава тлумачыў такое разьмешчаньне кватэр для супрацоўнiкаў спэцыфiкай працы
-- часта даводзiцца працаваць па начах, зручна дабiрацца. Некаторыя будаўнiчыя
матэрыялы дастаўлялiся проста з Каўказу. Расказваюць, калi залiвалi фундамэнт,
Цанава зьняў i кiнуў туды сваю генэральскую папаху. Фундамэнт атрымаўся
надзейны.
Тайна сьмерцi харошых
камунiстаў
У другой палове 80-х, на пачатку
гiстарычнай галоснасьцi, у беларускiм друку шмат пiсалi пра лёсы двух
кiраўнiкоў Беларусi, чыё жыцьцё абарвалася ў 1937 годзе -- старшыню ЦВК
Аляксандра Чарвякова i старшыню Саўнаркаму Мiкалая Галадзеда. Яны ўнiклi
сьледзтва, суду i расстрэлу, скончыўшы самагубствам. Чэрвякоў застрэлiўся у
сваiм кабiнэце пад час ХVI зьезду кампартыi Беларусi, Галадзед выкiнуўся з
вакна будынку НКВД у Менску пасьля арышту. Зрэшты, гэта былi вэрсii, якiя адны
гiсторыкi прымалi, iншыя адмаўлялi, сьцьвярджаючы, што Чарвякова застрэлiлi, а
Галадзеда выкiнулi з вакна самi энкавэдысты. Аднак архiўныя знаходкi дазваляюць
больш пэўна гаварыць пра акалiчнасьцi сьмерцi Мiкалая Галадзеда.
Але спачатку -- невялiкае адступленьне. Газэта
"Звязда", дзе я тады працаваў, пастаянна друкавала аповеды, лiсты, iнтэрвiю пра сталiнскiя злачынствы ў Беларусi. Я рыхтаваў
карэспандэнцыю пра рэабiлiтацыю ахвяраў i зьбiраў iнфармацыю ў пракуратуры.
Раптам мой субяседнiк, тагачасны начальнiк аддзела нагляду за законнасьцю сьледзтва ў органах
дзяржбясьпекi Iванкоў
спытаў, цi бачыў я калi асабiсты подпiс Яжова. Ён адчынiў грувасткi сэйф, дастаў тонкую кардонную папку з нумарам i разгарнуў.
На першай старонцы быў машынапiсны тэкст -- рапарт
наркама ўнутраных справаў БССР Бермана наркаму Яжову з просьбай даць санкцыю на
арышт члена ЦК ВКП(б) i СНК СССР, старшынi СНК БССР Галадзеда, "арганiзатара i кiраўнiка антысавецкага
падпольля ў Беларусi". Тоўстым чорным алоўкам
наўскасяк была накладзеная рэзалюцыя: "Арыштаваць". I подпiс, адзiн з самых жахлiвых у гiсторыi камунiзму -- Яжоў.
Архiўна-сьледчая справа была тонкая,
я перагарнуў пару старонак, але Iванкоў ужо забiраў папку, клаў яе на палiцу i зачыняў дзьверцу сэйфа. "Ня маю права, згодна з iнструкцыяй, увогуле даваць Вам справу, -- растлумачыў ён.
-- Няхай рэдакцыя зьвернецца афiцыйна з запытам, i тады -- як начальства вырашыць". У рэдакцыi склалi лiст, рэдактар падпiсаў i адправiлi. Тым часам я паехаў да дачкi Галадзеда Валянцiны Мiкалаеўны Беляковай i пачаў распытваць пра
падзеi лета 1937-га.
... Пастанову аб вызваленьнi Галадзеда ад пасады
старшынi СНК БССР ягоны даўнi сябар, старшыня ЦВК Чарвякоў падпiсаў 30 траўня. Гэта
адбылося за дзесяць дзён перад ХVI зьездам КПБ(б). У першыя днi чэрвеня на
Менскай партканфэрэнцыi таварышы па партыi абвiнавацiлi Галадзеда ў палiтычнай
сьлепаце, узгадалi сяброўства з "нацдэмамi"... На зьезьдзе першы
сакратар ЦК Шаранговiч, якi сам неўзабаве будзе арыштаваны, заявiў, што
Галадзед праводзiў "праваапартунiстычную практыку". У час працы
зьезду газэты паведамiлi пра арышт, суд i расстрэл групы вядомых
ваеначальнiкаў. Сярод расстраляных значылася iмя камандуючага Беларускай
вайсковай акругi Еранiма Убарэвiча. Яшчэ адзiн знаёмы Галадзеда, былы першы
сакратар ЦК КП(б)Б Ян Гамарнiк, пасьпеў застрэлiцца перад арыштам.
У Менску чакаць не было чаго, i
Галадзед разам з жонкай i малым сынам тэрмiнова выехаў у
Маскву. Ён спадзяваўся на прыём у Сталiна -- i той прыняў былога беларускага
прэм'ера. Паводле ўспамiнаў жонкi, Галадзед вярнуўся ў службовую кватэру
супакоены, бадзёра чакаў новага прызначэньня. Ён ня ведаў, што празь дзень
пасьля ягонага ад'езду зь Менску ў Маскву выехаў наркам Берман. Ён вёз рапарт
на iмя Яжова. Берман асабiста прыйшоў у знакамiты Дом на Наберажнай, дзе
Галадзед меў службовую кватэру. Там жонка бачыла мужа апошнi раз.
Вось што расказала дачка Галадзеда i
пацьвердзiлi архiўныя дакумэнты, якiя тады ўдалося занайсьцi. Тым часам прыйшоў
адказ з пракуратуры на рэдакцыйны запыт адносна справы Галадзеда. Пракуратура
паведамляла, што такой справы ня мае. Я высьветлiў -- аказалася, вярнулi ў КГБ.
Мы падрыхтавалi новы лiст i накiравалi старшынi КГБ. Праз пару тыдняў у мяне ў
кабiнэце зазванiў тэлефон i ветлiвы голас сказаў, што КГБ нiчым ня можа
дапамагчы рэдакцыi, бо нiякай справы нiякага Галадзеда Мiкалая Фёдаравiча ў iх
няма.
Я разгубiўся -- як няма?! Я ж трымаў
яе ў руках! Але як сказаць пра гэта, каб не пашкодзiць дабрадзею з
пракуратуры? Пасьля кароткай размовы я здабыў тэлефон тагачаснага начальнiка
архiву КГБ. Вынiк быў той самы -- нiчым ня можам дапамагчы. Пайшоў у ЦК КПБ.
Вось, казаў, перабудова, гiстарычная галоснасьць, Гарбачоў, а ў КГБ нiякага
новага мысьленьня... Прайшоў некалькi кабiнэтаў, дабраўся да начальнiка аддзела
адмiнiстратыўных органаў Адамовiча, якi курыраваў мiлiцыю i КГБ. Усе слухалi,
абяцалi дапамогу -- а як жа, чэсны быў камунiст, трэба дапамагчы.
Ішлi днi, тыднi -- нiхто i ня думаў
дапамагаць. Разьюшаны нахабнай хлусьнёй КГБ i "дапамогай" ЦК, я
пайшоў у кабiнэт да тагачаснага рэдактара газэты i папрасiў дазволу
пакарыстацца "вяртушкай", тэлефоннай спэцсувязьзю, дзякуючы якой
намэнклятура магла зьвязвацца памiж сабой без сакратарак, хутка i надзейна.
Апроч таго, зь "вяртушкi" было значна лягчэй прабiцца ў iншы горад i
супрацоўнiкi рэдакцыi дэмакратычна карысталiся гэтым тэлефонам.
У спэцдаведнiку я адшукаў нумар
тагачаснага старшынi КГБ БССР Венiямiна Балуева i набраў яго. Слухаўку паднялi
адразу. Я назваўся i папрасiў дапамагчы рэдакцыi атрымаць справу Галадзеда,
дадаўшы, што гэтую справу ўжо бачыў, гартаў. Балуеў адказаў у тым сэнсе, што
дапамагчы ня могуць, бо iснуе нейкая iнструкцыя цi закон, якi забараняе
знаёмiцца з падобнымi справамi пабочным асобам.
Я пачаў несьцi нешта пра перабудову i
пытацца, як у КГБ разумеюць галоснасьць. Рэдактар даўно кiнуў свае паперы i
слухаў наш дыялёг зь вялiкай цiкавасьцю. Калi я паклаў слухаўку, ён сказаў: ну,
цябе арыштуюць проста ў гэтым кабiнэце. (У гэтым кабiнэце мне давялося перажыць
некалькi "прыемных" момантаў, але яны болей нагадвалi допыт ды суд,
да арышту не дайшло.) З генэралам КГБ мы дамовiлiся наступным чынам: мне справу
не пакажуць, але адкажуць на мае пытаньнi.
Я задаволена пацiскаў далонi:
трымайцеся, зараз я задам столькi пытаньняў, што вы мусiце
пераказаць усю справу. Ад наiўнасьцi мяне вылечылi праз два
тыднi, калi пазванiлi з КГБ i запрасiлi на сустрэчу. Я ўзяў
магнiтафон, нататнiкi i паехаў на рог тады яшчэ Ленiнскага
праспэкту i вулiцы Камсамольскай.
Два супрацоўнiкi запрасiлi ў пакой
для наведнiкаў. Мiнiмум мэблi -- пусты стол, некалькi
крэслаў, тэлефон, партрэт цi то Дзяржынскага, цi то Ленiна на
сьцяне. Адзiн сеў насупраць, другi збоку. Мяне зьдзiвiла, што кагэбiсты прыйшлi
толькi з маiмi пытаньнямi, безь нiякiх iншых папераў.
-- Не хвалюйцеся, адкажам, але
магнiтафон не спатрэбiцца, -- сказалi мне. Не спатрэбiлiся i
нататнiкi. Адказы гучалi прыкладна так: на гэтае пытаньне няма iнфармацыi, пра
тое ў справе нiчога не сказана, наступнае невядома... Я зьбянтэжыўся i ня
ведаў, як рэагаваць на тое, што адбывалася.
-- Вось i ўсё, больш нiчым ня можам
дапамагчы, -- паведамiлi мне. Мае спробы нешта запярэчыць былi сустрэтыя
спакойна i ня выклiкалi нiякай рэакцыi. Суразмоўцы самi пачалi задаваць
пытаньнi: як у рэдакцыi ставяцца да Ўладзiмiра Бегуна,
вядомага барацьбiта зь сiянiзмам, усё ж цi ня мае ён рацыi... Я выйшаў на
вулiцу як абпляваны, клянучы сябе за наiўнасьць. (Праз пару гадоў, ужо ў
якасьцi члена парлямэнцкай камiсii па правах ахвяраў палiтычных рэпрэсiяў, мне
ўдалося атрымаць доступ да архiву КГБ, дзе хаваецца боль i кроў айчыннай
гiсторыi. З санкцыi новага кiраўнiцтва КГБ супрацоўнiкi прыносiлi для
азнаямленьня асобныя справы ахвяраў, але нiколi не паказвалi каталёгаў цi
нейкага апiсаньня сховiшча. Дагэтуль невядома, колькi справаў, на каго, у якiм
стане захоўваюцца ў сутарэньнях будынка, пабудаванага Цанавам. Зрэшты, як
толькi пачаў праходзiць шок ад правалу жнiвеньскага путчу, было заяўлена, што
КГБ ня хата-чытальня, i архiвы зноў сталiся недаступнымi.)
Аднак iснавалi iншыя архiвы, дзе
захоўвалiся некаторыя матэрыялы пра сьмерць Мiкалая
Галадзеда. У 1955 годзе, пад час хрушчоўскай адлiгi, справу Галадзеда
пераглядалi. У лiстападзе 1955 году галоўная ваенная пракуратура на падставе
той самай тонкай кардоннай папкi, якую КГБ не хацеў выпускаць з рук, зрабiла
даведку, дзе гаварылася:
“У кантрольна-нагляднай справе на
Галадзеда ёсьць адносiна 1-га спэцаддзелу МУС БССР, у якой
адзначана, што Галадзед 14 чэрвеня быў этапаваны ў гор. Менск i 21 чэрвеня
выкiнуўся з будынку МУС праз вакно пятага паверху i разьбiўся, ня даўшы нiякiх
паказаньняў".
У 60-я гады гiсторык Уладзiмiр Якутаў
пачаў зьбiраць матэрыял для кнiгi пра Галадзеда. Ён знайшоў i папрасiў напiсаць
успамiны былога кансультанта палiклiнiкi МУС прафэсара М.Шапiру. Прафэсар пiсаў:
“Мне вельмi цяжка ўспамiнаць аб усiх
дэталях майго знаходжаньня летам 1937 году ў будынку МУС, куды я быў паклiканы
на кансультацыю да таварыша Галадзеда. Унiзе сказалi, што трэба падняцца на
другi паверх, у кабiнэт да аднаго з супрацоўнiкаў. У кабiнэце на кушэтцы ляжаў
таварыш Галадзед у надзвычай цяжкiм перадсьмяротным стане. Ён толькi слаба
дыхаў, нi на што не рэагаваў i нiчога не казаў.
Мой агляд даў наступнае: нiякiх
сьлядоў вонкавых пашкоджаньняў я не знайшоў -- нi пераломаў канечнасьцяў,
пазваночнiка альбо чэрапу. Стан хворага сьведчыў альбо аб iнфаркце, iнсульце,
альбо ўнутрычарапным кровазьлiцьцi, якiя вядуць да
хуткай сьмерцi.
Намi была зробленая спроба штучным
дыханьнем вярнуць т. Галадзеду хоць бы часова сьвядомасьць, але яна
нiчога ня дала. Праз кароткi час наступiла сьмерць.
Нiякага запiсу нiхто ня вёў, але
ўзялi слова, што, калi каму-небудзь скажам аб гэтым, не паздаровiцца. Але калi
назаўтра па горадзе пайшлi чуткi, што Галадзед выкiнуўся з вакна, я ня мог з
гэтым пагадзiцца. Бо мною не было вызначана ў яго нiякага пашкоджаньня, што
абсалютна ня ўвязвалася з расказамi аб падзеньнi".
Так скончыў свае ўспамiны прафэсар
Шапiра. Гiсторык Якутаў у 60-я гады ў сваёй кнiзе пра Галадзеда нiчога гэтага
апублiкаваць ня змог -- з тае самае прычыны, зь якой КГБ хавала архiўную справу
i праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерцi арыштаванага. Сумневы ў самазабойстве
ўскосна ўмацоўвала дачка Галадзеда Валянцiна. Пад час сустрэчы яна ўспамiнала:
“Што бацька пакончыў з сабой -- нi я,
нi мацi нiколi ня верылi. Ён быў чалавекам надзвычайнай асабiстай храбрасьцi.
Адзiн мог пайсьцi на перамовы з цэлай бандай, не пабаяўся выступiць супраць
Малянкова, калi той грамiў беларускую партарганiзацыю. Ён бы нiколi нiчога
супраць сваёй волi не падпiсаў. Таму i забiлi..."
Аднак такi вывад пакiдаў без адказу
пытаньне: чаму? Дачка i жонка выказвалi асабiстыя меркаваньнi -- погляд на
самагубства выключна як на слабасьць, недастойную сапраўднага чалавека i
камунiста, быў даволi распаўсюджаны. Прафэсар Шапiра пiсаў свае ўспамiны праз
чвэрць стагодзьдзя (у якiя ўмясьцiлася вайна, барацьба з касмапалiтамi i
лекарамi-забойцамi). Так, Шапiра не заўважыў нiякiх сьлядоў падзеньня, але ж,
як ён сам адзначае, агляд рабiўся ў кабiнэце на другiм паверсе -- значыць,
спачатку цела перанесьлi туды, i зьнешнiя заўважныя сьляды маглi папросту
прыбраць, паправiць. Апроч таго, сымптомы, якiя прыводзiць прафэсар, паводле
ацэнак спэцыялiстаў, цалкам маглi быць вынiкам падзеньня.
А галоўнае -- каму была выгадная
iмгненная сьмерць Галадзеда? НКВД, якi на загад Сталiна рыхтаваў чарговы
адкрыты працэс, быў менш за ўсё зацiкаўлены ў страце такога важкага
"злачынцы", як былы старшыня СНК. "Кiраўнiк антысавецкага
падпольля ў Беларусi" -- а менавiта такая роля адводзiлася Галадзеду ў
ордэры, падiсаным Яжовым -- мог даць шмат карысных паказаньняў, значна
павялiчыць маштабы арыштаў, а значыць -- ордэнаў i шпалаў энкавэдыстам. Наўрад
цi Бермана клапацiла незгаворлiвасьць Галадзеда -- у НКВД умелi дабiвацца згоды
ад самых упартых арыштаваных. Такiм чынам, i Сталiну, i НКВД было выгадна
вывесьцi Галадзеда на адкрыты працэс.
(У вынiку сьмерцi Чарвякова i Галадзеда на адкрыты
працэс у лютым-сакавiку 1938-га давялося
выводзiць Шаранговiча, якi толькi тры месяцы папрацаваў 1-м сакратаром ЦК i, ясна, ня змог пацягнуць за сабой значную сетку змоўнiкаў. На працэсе роля Шаранговiча зьвялася да падтрымкi абвiнавачаньня супраць
Бухарына, якi нiколi зь iм не сустракаўся i грэблiва адмовiўся ад знаёмства. У Беларусi расстрэл Шаранговiча ня выклiкаў непасрэдных
наступстваў, зьвязаных зь ягоным асабiстым атачэньнем, ранейшымi саслужыўцамi i да т.п. Можна меркаваць, што калi б на ягоным месцы былi Чарвякоў i Галадзед, крывавае рэха iх "паказаньняў" было б большае. Хоць куды ўжо
болей...)
Тым ня менш, канчатковую яснасьць маглi даць толькi дакумэнтальныя зьвесткi
пра канкрэтныя абставiны сьмерцi Галадзеда. Прычым зьвесткi не
прамыя, якiя лёгка сфальсыфiкаваць, а ўскосныя -- што-небудзь гаспадарчае, зьвязанае
з унутранай кухняй органаў. Чаканы дакумэнт сустрэўся ў архiўных завалах недзе празь пяць гадоў пасьля першага
знаёмства са справай Галадзеда.
... У 1939 годзе, праз два гады пасьля сьмерцi
Галадзеда, да першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнкi зьвярнуўся былы член партыi,
былы опэрупаўнаважаны НКВД БССР Аляксей Рулёў з просьбай аб рэабiлiтацыi i матэрыяльнай дапамозе. Ягоны лiст пераслалi новаму наркаму Цанаву, якi
падрыхтаваў даведку для ЦК. У ёй паведамлялася, што загадам НКВД ад 21 жнiўня
1937 году Рулёў быў звольнены са службы як асоба, якая знаходзiцца пад
сьледзтвам больш за два месяцы. Але ж Галадзед загiнуў якраз два месяцы перад
гэтай датай, значыць Рулёў быў заключаны пад варту ў дзень ягонае сьмерцi.
Дакумэнт сьведчыў: "21 чэрвеня
1937 году яму (Рулёву) было даручана ахоўваць у ягоным кабiнэце кiраўнiка
антысавецкага падпольля ў Беларусi -- Галадзеда. Рулёў пакiнуў пост, самавольна
пайшоў, перадаверыўшы ахову маладому нявопытнаму работнiку Турбiну, у вынiку
чаго Галадзед выкiнуўся з вакна i разьбiўся насьмерць, ня даўшы паказаньняў аб
сваёй контррэвалюцыйнай дзейнасьцi. Рулёў быў арыштаваны. У працэсе сьледзтва
абвiнавачаны Рулёў прызнаў, што ён, напэўна ведаючы, што яму была даручана
ахова сур'ёзнага злачынцы -- кiраўнiка антысавецкага падпольля ў Беларусi,
самавольна пайшоў з кабiнэту, чым даў магчымасьць злачынцу скончыць жыцьцё
самагубствам".
Пэўныя дэталi пераконваюць у
сапраўднасьцi гэтай гiсторыi. Рулёва афiцыйна звольнiлi з органаў дакладна ў
адпаведнасьцi са службовай iнструкцыяй, якая дазваляла лiчыць арыштаванага, але
не асуджанага супрацоўнiка ў штаце арганiзацыi на працягу роўна двух месяцаў.
Рулёў быў асуджаны i правёў у зьняволеньнi паўтара гады. Калi ён выйшаў, у НКВД
да яго паставiлiся досыць прыязна. Бухгальтарскiя дакумэнты сьведчаць, што
опэрупаўнаважанаму выплацiлi зарплату за лiпень-жнiвень 1937-га, кампэнсацыю за
нявыкарыстаны адпачынак i нават выхадную дапамогу, усяго 1999 рублёў 72
капейкi. Аднак як звольненаму з органаў у сувязi з судовай справай, яму
адмовiлi ў праве на пэнсiю за выслугу гадоў.
У адказе Панамарэнку Цанава пiсаў,
што паводле iнструкцыi нельга аднавiць Рулёва на працы ў НКВД i
аказаць матэрыяльную дапамогу. I сапраўды, якая яшчэ дапамога, калi опэрупаўнаважаны
даў магчымасьць сур'ёзнаму злачынцу скончыць жыцьцё самагубствам i ўнiкнуць
паказаньняў...
Такая вось гiсторыя пра былога
старшыню ўраду Беларусi i час, калi шчасьлiвы быў той, хто перад адказам на
пытаньнi таварышаў па партыi пасьпяваў пусьцiць кулю ў сэрца альбо выкiнуцца з
вакна пятага паверху.
Аднак гэта будзе няпоўная гiсторыя,
калi не сказаць другую частку праўды пра трагедыю Галадзеда, Чарвякова i
астатнiх рэабiлiтаваных i адноўленых у партыi дзеячоў тае эпохi, чые iмёны
зараз носяць вулiцы Менску ды iншых гарадоў Беларусi.
Непасрэднай прычынай адхiленьня ад
пасады i арышту Галадзеда лiчыцца ягоная спроба паставiць пад сумнеў вынiкi
чысткi беларускай партарганiзацыi, якую праводзiлi пад кiраўнiцтвам маскоўскага
пасланца Малянкова. З 59.175 камунiстаў, якiя налiчвала КП(б)Б ў 1932 годзе, у
1937-м у партыi засталося 33.828. Галадзеда, якi спалучаў веру
ў партыю зь любоўю да Беларусi (у межах бальшавiцкай
iдэалёгii), гэтыя лiчбы балюча ўразiлi. I ён выступiў на пленуме ЦК
з адчайнай, самагубнай прамовай, у якой красамоўныя як
спробы абаранiць выключаных з партыi, гэтак i агаворкi наконт
правiльнасьцi партыйнага курсу.
Са стэнаграмы ХII пленуму ЦК КП(б)Б:
“Галадзед: Некаторыя нашы таварышы гавораць: ачысьцiлiся ад ворагаў i добра. Але ня ўсе ж гэта ворагi. Вось, калi гаварыў таварыш Сталiн, што многiя думаюць дзясяткамi тысячаў членаў партыi, аб гэтым i ў нас iдзе гаворка. Я папрасiў даць мне зьвесткi, колькi выключылi трацкiстаў i iншых
ворагаў. Трацкiстаў выключылi 7.122.
Галасы: Няправiльна!
Галадзед: У 1933 пад час чысткi мы, на жаль, мала
выключылi трацкiстаў, выключылi iх
толькi пры праверцы i абмене дакумэнтаў. Яшчэ дадаць трэба нацыяналiстаў ды пару тысяч бундаўцаў, дадаць тысячы тры iншых ворагаў -- шпiёнаў i iншых.
Голас зь месца: Акрамя гэтага, ёсьць шпiёны, белагвардзейцы!
Галадзед: Згодны, давайце яшчэ дадамо
пяць тысяч.
Голас зь месца: Мала!
Галадзед: Давайце дзесяць тысяч на
ворагаў прыкiнем (шум у зале). Справа, канечне, не ў такiм падлiку. Але гэтае
пытаньне ня дробязнае, пытаньне вельмi сур'ёзнае. Гаворка iдзе пра нацыянальную
партарганiзацыю...
Галасы зь месца: Правiльна!
Галадзед: ... дзе фармаваньне
партарганiзацыi справа самая адказная, дзе кожны член партыi, харошы камунiст
цэнiцца высока. Але ўсё ж памiж выключаных ёсьць ворагi, ёсьць i ня ворагi. Як
можна жартаваць з такiм пытаньнем? Мы павiнны паглядзець балянс сваёй работы
адносна колькаснага складу i ўмацаваньня КП(б)Б. I становiшча такое, што амаль
на 43% скарацiлася КП(б)Б.
Сакратар ЦК Валковiч: КП(б)Б усё ж
мацней стала.
Галадзед: Яна павiнна быць яшчэ
мацней. Я не кажу, што КП(б)Б дрэнная. Я кажу, што мы, член бюро ЦК у першую
чаргу, адказваем за гэтую справу, мы дапусьцiлi, што за пяць гадоў скарацiлася
наша партарганiзацыя на 25 тысяч членаў партыi. Канечне, ёсьць памiж iмi нямала
ворагаў, я гэта паўтараю. А рэшта -- гэта тое, што тав. Сталiн называе
"думаць дзясяткамi тысячаў", паводле яго ацэнкi гэта называецца
глыбока антыпартыйным учынкам. Чаму мы ня можам прызнаць гэта на пленуме? Тав.
Сталiн вучыць нас бязьлiтасна караць ворагаў, але адначасна трэба клапацiцца аб
адзiнках членаў партыi. Нават калi прыняць пад увагу, што за гэты час выехала
нямала членаў партыi ў iншыя вобласьцi, дык усё ж агульнае скарачэньне КП(б)Б,
на маю думку, вельмi вялiкае, чым бы яго нi тлумачылi".
Усё зьмяшалася ў гэтым выступленьнi: адважная спроба абаранiць паплечнiкаў (не называючы iмёнаў), i ашаламляльная
гатоўнасьць аднесьцi да лiку ворагаў тысячы людзей -- нацыяналiстаў, трацкiстаў, белагвардзейцаў, шпiёнаў. I зусiм за
межамi прамовы -- ня члены партыi. Для прамоўцы не iснуюць ахвяры без
партбiлетаў. Гэта не папрок заднiм днём -- кiраўнiк ураду ня мог ня ведаць, што
на пачатак 1937-га былi выключаныя зь лiку свабодных цi жывых у дзясяткi разоў
болей людзей, чымся тыя 25 тысяч партыйцаў, якiх ён абараняў.
Вось яшчэ адзiн урывак са стэнаграмы
таго самага пленуму:
“Сакратар ЦК Валковiч: У Лепельскiм
раёне ёсьць заявы з подпiсамi многiх людзей з патрабаваньнем адкрыць касьцёлы,
сынагогi. У Гомельскiм раёне зьбiралi галасы. За закрыцьцё -- 600 подпiсаў, а з
боку царкоўнiкаў -- 1700 подпiсаў. Уяўляеце, якая брыдота атрымалася!
Рэплiка тав. Галадзеда: А поп адзiн!
Валковiч: Поп якраз павесiўся перад
гэтым, замянiлi яго iншым, i той аказаўся лепшым,
арганiзаваў..."
Да членаў партыi нават Сталiн вучыў
праяўляць спагадлiвасьць. Незадоўга перад пленумам, у сярэдзiне сьнежня
1936-га, Галадзед атрымаў лiст знаёмага, працаўнiка
гiдролiзнага заводу С.Мiцькова, якога выключылi з партыi. Той пiсаў:
“Мiкалай Фёдаравiч! Я шчыра
ўсьведамляю сваю вiну перад партыяй, я паступiў не як пiльны бальшавiк, даючы
паручыцельства за брата, ня ведаючы яго сапраўдных настрояў, гэтым я мог
зрабiць, а магчыма, калi б брат аказаўся шпiёнам, i зрабiў прамую дапамогу
ворагу. Але я клянуся, што ня меў нiякага злога намеру, верыў у сумленнасьць i
адданасьць брата савецкай краiне. Я маю зьвесткi, што брат быццам бы вызвалены
3 красавiка, але я яго ня бачыў i бачыць не хачу i ня ведаю, дзе ён цяпер.
Нават калi ён вызвалены, гэта не здымае зь мяне адказнасьцi. Я павiнен несьцi
пакараньне. Але выключэньня з партыi я не магу прыняць".
Вiдаць, Галадзед як член бюро ЦК
уключыў лiст у парадак дня бюро. Праз два тыднi, 29 сьнежня 1936 году, бюро ЦК
вынесла пастанову: "Лiчыць, што няма падставаў для перагляду рашэньня ЦК
КП(б)Б аб выключэньнi Мiцькова з партыi". Пад пастановай -- i подпiс
Галадзеда, якi крыху перасякае лiнiю, што
падзяляе адказы на дзьве часткi, "за" i "супраць". Я
перагледзеў многiя сотнi картак з пастановамi бюро ЦК КП(б)Б, i нi разу ня
бачыў нiводнага подпiсу ў разьдзеле "супраць". Ня мець свайго голасу
i сваёй думкi, фактычна адмовiцца ад сябе як ад асобы абавязвала ўжо сама
пасада.
Калi ў канцы 1936-га Галадзед хаця б
вынес на разгляд просьбу выключанага з партыi, якому пагражаў немiнучы арышт,
дык празь пяць месяцаў, у траўнi 1937-га, ён ужо сам мусiў праяўляць
пiльнасьць. На аркушы пэрсанальнага нататнiка пад грыфам "Сакрэтна"
ён пiсаў першаму сакратару ЦК Шаранговiчу:
“Як высьветлiлася пры праверцы i
абмене дакумэнтаў, таварыш Лук'янчык, аказваецца, састаяў у БКА (так званая
Беларуская камунiстычная арганiзацыя). У сьвятле апошнiх матэрыялаў, якiя
паказваюць варожую дзейнасьць шэрагу членаў БКА, я лiчу немэтазгодным
знаходжаньне т. Лук'янчыка на пасадзе кiраўнiка справаў СНК БССР i прашу Вас
прыняць рашэньне бюро ЦК аб вызваленьнi яго з пасады". Галадзед выдатна
ведаў, як разгортваюцца падзеi пасьля такой "просьбы". Тры месяцы
перад тым, у лютым, ён сам дакладаў членам бюро ЦК дырэктыву ЦК ВКП(б) ад
13.02.1937: "Аб парадку арышту кiраўнiкоў установаў, дырэктараў прадпрыемстваў
i iнжынэрна-тэхнiчных работнiкаў". Бюро адзiнадушна пастанавiла дырэктыву
"прыняць да ведама i выкананьня".
Подпiсы Чарвякова, Галадзеда i iншых
рэабiлiтаваных камунiстаў стаяць на сотнях пастановаў бюро ЦК КП(б)Б -- аб
выкараненьнi трацкiстаў, нацыяналiстаў i сiянiстаў, сьвятароў i шпiёнаў,
белапалякаў, бундаўцаў, гаспадарчых кiраўнiкоў i ўласных супрацоўнiкаў. Калi
яшчэ Чарвякоў i Галадзед былi пры ўладзе, ва ўсю iшоў крывавы разгул гвалтоўнай
калектывiзацыi, нiшчылiся пiсьменьнiкi i акадэмiкi, звар'яцеў ад катаваньняў
першы старшыня ЦВК Цiшка Гартны... Партыя бальшавiкоў спачатку атрымала iх
душы, а потым запатрабавала iх крывi. Апошнiмi iмгненьнямi жыцьця яны
распарадзiлiся так, каб ня даць любiмай партыi ўласнаручнай асалоды забiць iх
фiзычна. Iх забiла сыстэма, якую яны самi будавалi, за якую галасавалi i якой
дружна, разам з усiмi рукапляскалi.
Са стэнаграмы ХVI зьезду КП(б)Б:
Першы сакратар ЦК Шаранговiч: Чарвякоў ня вытрымаў
той крытыкi, якая разгарнулася на нашым
партыйным зьезьдзе з боку членаў партыi, крытыкi вострай i абсалютна правiльнай. Раз скончыў
смагубствам, як кажуць, туды яму i дарога!
У зале: Сьмех i воплескі".
Рукавы ад камiзэлькi
(зь
беларускай сталiнiяны)
Вялiкi
Сталiн любiў Беларусь: пагадзiўся на сацыялiстычную дзяржаўнасьць i не да канца абрэзаў
тэрыторыю, даў ордэны Купалу i Коласу, а дзесяць першых
сакратароў ЦК кампартыi расстраляў як ворагаў
народа.
Ясна, што i беларускi народ ня мог не
адплацiць вялiкаму Сталiну ўзаемнасьцю. Адзiнадушнае ў форме i багатае зьместам
пачуцьцё ўвасаблялася ў падарунках, якiя выраблялiся з усiх карысных для гэтай
мэты выкапняў сацыялiстычнага рэалiзму. Справу аблягчала тое, што бацька народаў, як
гогалеўскi губэрнатар, браў усiм, ад перайменаваных гарадоў да чаравiкаў са скуранымi шнуркамi, якiя паслала яму неяк
менская фабрыка iмя Тэльмана. Нягледзячы на размах
памiж iдэйна-тэарэтычнай
глыбiнёй i мастацка-эстэтычнымi вяршынямi, увесь ён ладна месьцiцца ў адным чатырохрадкоўi безыменнага беларускага акына першай паловы ХХ стагодзьдзя:
Вiсiць Сталiна партрэт,
А на рамачцы кругi.
Усьмiхаецца вачамi
Такi родны, дарагi!
Тэксталягiчны аналiз не ўваходзiць у задачу гэтага iнвэнтарнага агляду, таму абмяжуемся спасылкай на буйныя пiсьмовыя помнiкi. 1936 год: да слаўных 16-х угодкаў вызваленьня ад
белапольскай акупацыi аж два мiльёны чалавек падпiсалi "Пiсьмо беларускага народу
вялiкаму Сталiну", якое пераказалi ў
вершах Я.Купала, Я.Колас, А.Александровiч, П.Броўка, П.Глебка, I.Харык. У 1939-м, з нагоды палюбоўнай сустрэчы Чырвонай
армii i дывiзiяў вэрмахту на новай мяжы
П.Пестрак, М.Танк, М.Машара i М.Клiмковiч адрасавалi ў Крэмль лiст "З тваiм iмем у сэрцы".
1949-ты даў два вялiзныя, на газэтную старонку кожны,
лiсты ў прозе: адзiн
да дзесяцiгодзьдзя папярэдняга, другi -- да трыццацiгодзьдзя дазволу Масквы
ўтварыць БССР.
Безьлiч калектыўных пасланьняў было накiравана да 70-х угодкаў правадыра, сярод адпраўляльнiкаў -- расейскi драмтэатар i лiкёра-гарэлачны завод у
Менску, мэтэаролягi, арцель iнвалiдаў, трэст паказальных
рэстаранаў, кiроўцы трамваяў, акадэмiкi, школьнiкi, вайсковыя часткi. Iндывiдуальная творчая дзейнасьць ды фальклёр у кнiгах i пэрыёдыцы ўлiку не паддаюцца.
Толькi асобы, якiя не разумелi сутнасьцi клясавай барацьбы, маглi
сьцьвярджаць, што лепшы падарунак -- гэта кнiга. Мясцовыя бальшавiкi разьбiлi i
адкiнулi
прэч гэтую гнiлую тэорыю буржуазнай iнтэлiгенцыi. Пралетарскае чуцьцё правiльна
падказала беларускiм таварышам, што лепшы падарунак
таварышу Сталiну -- кнiгi самога таварыша Сталiна. Да ягонага 70-годзьдзя на беларускай мове было
выдадзена 4 мiльёны 846 тысяч экзэмпляраў
твораў правадыра; агульны тыраж на беларускай, расейскай, польскай, лiтоўскай i габрэйскай мовах,
адкатаны ў менскай друкарнi iмя
Сталiна, паводле афiцыйных зьвестак склаў 5.055.200 асобнiкаў. Сюды трэба дадаць як мiнiмум яшчэ сотню тысяч асобнiкаў
9-13 тамоў збору сталiнскiх твораў, якiя выдавалiся ў Менску да канца 1951 году. (Друкаваньне спынiлася на працах 1934 году, больш
нiводнага тому нi па-расейску, нi па-беларуску ня выйшла).
Зьмест вымагаў формы. Творы хавалiся
пад авечую скуру -- чырвоны саф'ян, вокладкi аздаблялiся iнкрустацыяй i
разьбой пра дрэву. У Маладачанскiм чыгуначным дэпо том
сталiнскай кароткай бiяграфii закавалi ў мэтал. Экзэмпляр захоўваецца ў фондах
былога музэя рэвалюцыi ў Маскве: латунная вокладка на петлях толькi крыху
пазелянела за паўсотнi гадоў, адпалiраваць -- i зазьзяе як новенькая...
Праўда, апафэозам мастацтва кнiгi
застаецца самы першы лiст Сталiну ад 1936 году. Паэтычныя радкi вышытыя
чырвонымi, блакiтнымi, зялёнымi, шэрымi i брунатнымi нiткамi на 24-х абшытых
белай тканiнай аркушах. Зьверху i зьнiзу кожнай старонкi ўплецена шаўковая
стужка з нацыянальным арнамэнтам, на першай старонцы вышыта назва, а на апошняй
вытканы герб БССР. Iмя адрасата золатам адцiснута на цэлюлёiднай супэрвокладцы
-- супэршык па тым часе. Адначасна некалькi асобнiкаў лiста былi выкананыя
майстрамi-палiграфiстамi -- на люксавай паперы, у некалькi колераў. За
афармленьне мастак Пашкевiч быў рэкамэндаваны ў склад беларускай дэлегацыi для
працы ў Камiтэце мастацтва пры СНК СССР.
Лiст быў пакладзены ў адмысловы
драўляны куфэрак, зроблены на спэцзаказ зь дзясяткаў розных гатункаў дрэва, i
са спэцыяльнай дэлегацыяй адпраўлены ў Маскву. Там ён захоўваецца i цяпер,
крыху страцiўшы свой парадны выгляд за паўстагодзьдзя на архiўных палiцах. Я
знайшоў таксама i куфэрак ў сутарэньнях былога музэя рэвалюцыi; разам з
супрацоўнiцай мы яго паднялi, перавярнулi, але акрамя пылу, нiчога ня
вытрасьлi. Ключ згубiўся ў 50-я гады, а ўзламаць не дазволiлi. (Пасьля публiкацыi
гэтых нататак у часопiсе "Спадчына" ў 1990 годзе мне пазванiў з Кiева
нейкi дзядзька i пачаў крычаць у слухаўку, што гэта ён, ён рабiў куфэрак на
спэцзаказ -- але, апроч дзiцячай радасьцi, нiчога iстотнага зь яго вуснаў не
прагучала, ня помнiў нават, цi заплацiлi яму за працу.)
Хай смутак вачэй тваiх добрых ня
росiць,
Цi сонейка захад, цi сонейка
ўсход,
Прымi прывiтаньне, якое
прыносiць
Табе, правадыр, беларускi
народ!
Гэтыя 113 лiтараў, сем кропак i адзiн клiчнiк з куфэрка зь лiстом 1936 году ў 1949-м перакачавалi на абрус, якi да сталiнскага юбiлею вышылi ў экспэрымэнтальнай лябараторыi мастацкiх промыслаў прамкаапэрацыi БССР. На фоне пяцiкутнай зоркi, аздобленай арнамэнтам са слуцкага поясу, вышыты герб
рэспублiкi, а
памiж вугламi зоркi -- пяць малюнкаў, якiя, як гаворыцца ў музэйным каталёгу, адлюстроўваюць
аднаўленьне народнай гаспадаркi Беларусi; уся прыгажосьць акаймаваная густой махрой.
Эпiграфам да архiўных картатэк i вопiсаў беларускiх падарункаў Сталiну могуць паслужыць перафразаваныя радкi пра слуцкiх ткачых: "Аб шчасьцi ўжо забыўшы сны, свае шырокiя тканiны на лад савецкi ткуць яны". Сапраўды, зь Беларусi Сталiну найчасьцей слалi ручнiкi, абрусы, паясы -- iх пералiк займае дзясяткi пазыцыяў у архiўных вопiсах. Што думалi калгасьнiцы, работнiцы, хатнiя гаспаданi, калi старанна вышывалi вiтаньнi -- спадзявалiся ўласкавiць, паганскiм ахвярапрынашэньнем
адвесьцi лiха
ад дому? Барвовыя плямы праступаюць на адбеленым ручнiку, якi паслала на сталiнскiя iмянiны ў Маскву мядзельская
калгасьнiца В.Шаранговiч -- сваячка таго самага першага сакратара ЦК Шаранговiча, якога на сталiнскi загад расстралялi разам з Бухарыным,
Рыкавым, Ягодам. Усяго беларускага лёну
не хапiла б на палатно, каб сьцерцi кроў хоць з адной рукi "стваральнiка
БССР".
Ягоны партрэт, як i кнiгi, таксама
лiчыўся выдатным падарункам. Прычым асаблiва цанiлася не падабенства да
арыгiналу, а працаёмiстасьць выкананьня (гэта тычыцца i iншых паднашэньняў).
Хатнiя гаспадынi зь Берасьця вышылi генэралiсымуса шоўкам на поўны рост. На
адну толькi рамку пайшло дзьве тысячы кавалачкаў дрэва розных пародаў. Дарэчы,
у галiне iнкрустацыi iшло сапраўднае спаборнiцтва рэкордаў. Майстар Слонiмскай
рамеснай вучэльнi С.Азазовiч вырабiў альбом для Сталiна з 2.150 кавалачкаў
дрэва дзесяцi пародаў. Сталяр-чырвонадрэўшчык зь Берасьця перадаў у падарунак
правадыру дванаццацiгранны стол, склеены з 2.345 дэталяў. Умельцам Менскага
радыёзаводу iмя Молатава спатрэбiлася 36.000 кавалачкаў дрэва на партрэт
галоўнакамандуючага з ордэнам "Перамога" на грудзях.
Абсалютны рэкорд належыць выхаванцам
Нядашкаўскага дзiцячага дому: тут склеiлi партрэт Сталiна з 149.870 дэталяў.
Пад кiраўнiцтвам пэдагогаў сiроты вайны i Гулагу выклалi на партрэце яшчэ i
надпiс:
Ты бацька наш родны, ты бацька
народаў,
Жывi ж, правадыр,
незьлiчоныя годы!
На Менскiм мотавэлазаводзе ўявiлi,
што 70-гадоваму карыфею для поўнага шчасьця не стае ровара (аднiкеляванага i
пазалочанага, зразумела). Беларускiя трактарабудаўнiкi i iх калегi з заводу iмя
Кiрава, а таксама бабруйскiя машынабудаўнiкi i гарадзенскiя фабзайцы падыйшлi
да справы больш памяркоўна i вырашылi сваiх натуральных вырабаў у Маскву ня
слаць. На iмянiны адправiлi макет рабочага месца сьлесара, дзейныя мадэлi двух
трактараў i вэртыкальна-працяжнога станка "Дуплекс МП-8". Адзiн з
самых фiлязофскiх падарункаў, якi давялося пабачыць -- мадэль вакна з
ваканiцамi. Як ва ўсяго генiяльнага -- аўтар невядомы.
У менскiх музэйных сутарэньнях
захоўваецца цэлы падарункавы гардэроб для Сталiна: блюза крэпжаржэтавая, кашуля
шаўковая i кашуля льняная, хромавыя чаравiкi -- хоць зараз на танцы. Не
забылiся i на сталiнскiя вусы -- у плюшавым куфэрку ляжыць набор грабянёў для
галавы i вусоў.
Калi невядома дакладна, што думалi
ткачыхi ды сiроты, дык прафэсiяналы падарункавых справаў
паклапацiлiся зафiксаваць сваё самаадчуваньне ў час юбiлейнага
буму. "Пачынаючы з 1932 году я няспынна працую над
увасабленьнем вобраза вялiкага Сталiна. Цяжка выказаць, якое
вялiкае задавальненьне дае мне гэтая праца. Мне заўсёды здаецца, што я
ўдасканальваюся ня толькi як скульптар, але i як чалавек. Шчасьлiва i радасна
праходзiць маё жыцьцё", -- паведамляў у 1949 годзе чытачам
"ЛiМа" Заiр Азгур. У народнага мастака, як i ў многiх iншых яго
калегаў, багатая сталiнiяна. Але да 70-годзьдзя правадыра ад ляўрэата яго
прэмii ў Крэмль паслалi чамусьцi бюст... нябожчыка Жданава.
Мiстыка панавала i на ўсебеларускай
мастацкай выставе, прысьвечанай выбарам у Вярхоўны Савет БССР у 1950 годзе.
Так, народны мастак Я.Зайцаў на 46.687 квадратных сантымэтрах палатна алеем
даводзiў, што таварыш I.В.Сталiн быў у Менску. Яшчэ адзiн народны мастак
Н.Воранаў тымi ж сродкамi ўдакладняў, што правадыр у 1919 годзе думаў пра
Беларусь на руiнах Менскага чыгуначнага вузла. Трэба прызнаць, што хаця
сталiнскi бот не затрымлiваўся на беларускай зямлi, ягоных сьлядоў тут столькi
i такiх, што трызьненьне мастакоў, прынамсi, зразумелае. Чаго толькi ня ўявiш,
начытаўшыся "Кароткага курсу гiсторыi ВКП(б)" ды "Кароткай
бiяграфii".
(Увогуле, сталiнская
"кароткасьць" -- амаль генiальная прыдумка. На практыцы яна азначае
якраз бязьмежнасьць i дае, з аднаго боку, поўную свабоду "гiстарычнай
творчасьцi", а з другога -- уводзiць жорсткую манаполiю на адбор i
трактоўку фактаў. Апошняе дазвалялася абраным жрацам i зьяўлялася справай
сакральнай i адначасна сьмяротна небясьпечнай.)
Сярод беларускiх падарункаў Сталiну
ёсьць нават тое, чаго быць ня можа. Менскi дом мадэляў вырашыў падарыць i
падарыў таварышу Сталiну жаночы касьцюм: блюзка, спаднiца ў складкi, камiзэлька
i асобна -- рукавы да яе, якiя прышпiляюцца на запiнкi.
Выстава падарункаў адкрылася ў 1949
годзе ў Маскве. На працягу месяцаў наведнiкi маглi знаёмiцца з экспазыцыяй
любовi народаў да агульнага бацькi. Сам "айцец" аднойчы ўначы заехаў
у Манэж. Паглядзеў, нiчога не сказаў, разьвярнуўся i пасунуўся назад да аўтамабiля,
ахова цягнулася сьледам. Што ўела iмянiньнiка? Можа, усё пабачанае раптам
падалося рукавамi ад камiзэлькi? Цi абудзiлася горкая крыўда на
лекараў-шкоднiкаў, якiя не змаглi забясьпечыць бессьмяротнасьць?.. (Рэхам тых
думак бюро ЦК КПБ разглядала потым "паведамленьне члена КПСС Навасельцава
Ф.С. аб тым, што ў Палескай вобласьцi iснуе падпольная сiянiсцкая
контррэвалюцыйная арганiзацыя лекараў на чале з сакратаром абкаму партыi тав.
Лабанком, дзейнасьцi якой спрыяў былы начальнiк абласное ўправы МГБ Варановiч,
а Лабанок зьяўляецца амэрыканскiм рэзыдэнтам". Паведамленьне асьмелiлiся прызнаць нагаворам толькi 28
сакавiка 1953 году, пасьля сьмерцi "бессьмяротнага" i рэабiлiтацыi
"лекараў-забойцаў".)
У сярэдзiне 50-х гадоў падарункi
пачалi раздаваць. Частка засталася ў маскоўскiм музэi рэвалюцыi, многае пайшло
ў сталiнскi музэй у Горы, тое-сёе вярнулася ў Менск. З таго часу падарункi нi
разу не выстаўлялiся. У Дзяржаўным мастацкiм музэi думалi неяк паказаць
жывапiсную сталiнiяну, але рэстаўрацыя палотнаў запатрабавала сродкаў, якiх не
знайшлi. Мастацкая каштоўнасьць абсалютнай большасьцi
падарункаў Сталiну зь Беларусi вызначаецца толькi прозьвiшчам
iмянiньнiка. А вядома, чаго каштавала яно Беларусi... Нават
падарункi Сталiну дзесяцiгодзьдзi давалiся ў знакi -- яны займалi дэфiцытныя
плошчы перапоўненых сховiшчаў, не дапускалi новыя творы мастацтва на
захаваньне.
І ўсё ж, пры зьмене экспазыцыяў адзiн
экспанат варта пакiнуць у музэях. Гэта фотакартка, каталёгавы нумар 2942 (музэй рэвалюцыi):
"Калённая заля Дому Саюзаў. I.В.Сталiн у труне". На той выпадак, калi
прачытаеш што-небудзь "такое" ў нашых газэтах, каб можна было
хуценька забегчы ў музей i на свае вочы пабачыць нябожчыка ў труне.
Хоць ён быў майстрам ня толькi ў
справе фальсыфiкацыi народнай любовi...
451° nа Галоўлiту
Калi амэрыканскi фантаст выдаў кнiгу пра спаленьне кнiг у будучынi*, супрацоўнiкi цэлага савецкага
ведамства маглi па праву сказаць, што гэты твор
прысьвечаны iх прафэсiйнай дзейнасьцi, якая раней заставалася
па-за ўвагай i прызнаньнем шырокай грамадзкасьцi. Уклад супрацоўнiкаў гэтага ведамства ў
нацыянальную культуру цяжка пераацанiць. Вось толькi адзiн маленькi фрагмэнт iх творчасьцi, якую захоўваюць архiвы:
(*Рэй Брэдбэры. "451° па Фарэнгейту". Пры такой тэмпэратуры (233° па Цэльсiю) пачынае гарэць папера.)
“Зьнiшчэньне кнiжак рабiць шляхам пропуску праз
рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва
ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую лiтаратуру спальваць з адзнакай на акце спаленьня".
Шыхтавы статут блякне перад чаканным стылем Галоўнай управы лiтаратуры i выдавецтваў БССР, якая
ўваходхiла ў склад наркамату асьветы. Афiцыйны скарот -- Галоўлiтбел, яшчэ карацей --
Галоўлiт. "Асьветнiцкая" ўстанова з такой назвай была створана
пастановай СНК БССР ад 3 студзеня 1923 году. Згодна з задачамi папярэдне, перад друкам, Галоўлiт пераглядаў усе рукапiсы, здымкi, малюнкi i
выдаваў цi не выдаваў дазвол на друк,
ажыцьцяўляў кантроль за друкарнямi, бiблiятэкамi, кнiгарнямi, слухаў радыёперадачы. Без Галоўлiту немагчыма ўявiць разьвiцьцё навукi, нацыянальнага тэатру i кiно, жывапiсу, скульптуры, эстрады i
журналiстыкi.
Апроч Галоўнай управы, для дагляду i своечасовай крытычнай
дапамогi ва ўсiх абласных, акружных i раённых цэнтрах дзейнiчалi мясцовыя "лiты" са сваiмi штатамi.
Шматгранная дзейнасьць Галоўлiту ў Беларусi працягвалася да пачатку вайны, а потым была адноўленая ў
1944-м у Навабелiцы, у першыя днi дзейнасьцi ўраду БССР. Пасьля
сьмерцi Сталiна, 15 сакавiка 1953-га Савет Мiнiстраў вывеў Галоўлiт са складу Мiнiстэрства асьветы i перадаў у Мiнiстэрства ўнутраных
справаў, якое тады ўключала i былы НКВД -- МГБ. Праз
паўгода, у кастрычнiку 1953-га, Галоўлiт пакiнуў сьцены МУС i набыў самастойны статус i
новую назву -- управа аховы вайсковай i дзяржаўнай тайны ў
друку. У 1963 годзе Галоўлiт далучылi да навастворанага Дзяржкамiтэту
па друку i палiграфii, а з 1966-га да скону
БССР цэнзурнае ведамства iснавала як Галоўная
ўправа па ахове дзяржтайны пры Савеце Мiнiстраў.
Галоўлiт, натуральна, лiчыў сваю дзейнасьць дзяржаўнай тайнай i не афiшаваў уласныя подзьвiгi. Тым болей, што самая масавая, непасрэдная прадукцыя
Галоўлiту -- прабел, пустата, не-быцьцё. Трэба прызнаць, што Галоўлiт досыць
пасьпяхова выконваў сваю функцыю. Паправiць ўжо амаль нiчога немагчыма. Нават
прачытаныя праз паўстагодзьдзя рукапiсы i вернутыя навуковыя i мастацкiя творы
ў абсалютнай большасьцi ўжо выконваюць iншую ролю, у новым кантэксьце
дзейнiчаюць iнакш, чым калi б яны пабачылi сьвет своечасова. Далёка ня ўсё, што
забараняў Галоўлiт, адносiлася да катэгорыi шэдэўраў, але тыя творы былi хлебам
i вадой культуры, безь якiх немагчыма зьяўленьне вяршыняў. Увогуле, катэгорыя
адсутнасьцi цi ня самая iстотная для тлумачэньня нацыянальнай гiсторыi апошняга
стагодзьдзя. Адсутнасьць адных людзей i iдэяў зрабiла магчымым прысутнасьць
зусiм iншых...
Ланцуговая рэакцыя не-быцьця робiцца
заўважнай часам праз дзесяцiгодзьдзi i праяўляецца ў агульнай дэградацыi
грамадзтва, калi большасьць дарослых выракаецца роднай мовы i можа пазбавiць
дзяцей Радзiмы.
Нягледзячы на грыфы "не падлягае
агалошаньню", якiмi Галоўлiт пазначаў усё, што выходзiла зь ягоных
сьценаў, выбраныя архiўныя старонкi даволi выразна агалошваюць ня толькi
мэтадалёгiю, але i псыхалёгiю мiнiстэрства праўды, якая iснавала ў 30-я гады,
ды i пазьней.
Як Калiнiн
зьеў усё мяса, а Сталiн скурыў тытунь
30 сакавiка 1938 году ўпаўнаважаны СНК па
Сiроцiнскiм раёне Барсукоў i загадчык аддзелу
культуры i прапаганды райкаму Лiўшыц вырвалi з насьценнага календара
пяць лiсткоў -- за 22 красавiка, 5 траўня, 9 лiпеня, 8 i 21 лiстапада. На лiстках былi зьмешчаныя партрэты Ленiна, Сталiна, Калiнiна, Молатава i Будзёнага.
Сваю акцыю Лiўшыц i Барсукоў ня толькi ня сталi трымаць у тайне, але з вырванымi партрэтамi прыйшлi на заняткi раённага Iнстытуту завочнага навучаньня партыйна-камсамольскага
актыву i правялi дыскусiю, прысьвечаную бальшавiцкай пiльнасьцi. Яе падрабязнасьцi пераказваюцца ў лiсьце начальнiка Сiроцiнскага райлiту Градоўкiна ў Менск. Аказваецца,
Барсукоў i Лiўшыц
вырвалi партрэты правадыроў, бо, на iх думку, каляндар быў варожай правакацыяй. У сваiм лiсьце начальнiк райлiту падрабязна iнфармуе пра хаду думак пiльных
камунiстаў:
“Лiсток календара за 22 красавiка --
партрэт тав. Ленiна. Ягоны гальштук, па-iхнаму, уяўляе галаву сабакi. Лiсток за
5 траўня -- партрэты тав. Ленiна, тав. Сталiна, тав. Молатава. Тав. Сталiн
курыць люльку -- па-iхнаму, тав. Сталiн курыць у дзьве люлькi. Гэта значыць,
што тав. Сталiн пакурыў увесь тытунь у гады рэвалюцыi, i не было тытуню ў СССР.
Лiсток за 9 лiпеня -- партрэт старшынi калгасу iмя Варашылава тав. Бадмаева,
якi перадае рапарт тав. Сталiну аб перамогах у Бурат-Мангольскай АССР,
па-iхнаму, паказвае, што тав. Сталiн, прымаючы рапарт, перадае левай рукой нож.
8 лiстапада -- партрэт тав. Ленiна i тав. Сталiна, размова па прамым дроце. У
гэты час, па-iхнаму, тав. Сталiн закрывае рот рабочаму, каб маўчаў. Лiсток 21
лiстапада -- тав. Калiнiн i тав. Будзёны едуць на машыне. Па-iхнаму, тав.
Калiнiн трымае на руках галаву цяляцi, што азначае, што тав. Калiнiн паеў усё
мяса, i яго не было ў СССР".
Далей аўтар лiста паведамляў:
"Гэтая контррэвалюцыйная хлусьня была распаўсюджаная па некаторых
установах праз слухачоў завочнага навучаньня, але празь мяне i мясцовыя органы
НКВД была папярэджаная. Усё гэта ўзята ад упаўнаважанага СНК БССР Барсукова,
якi i падштурхнуў культпрапа, растлумачыўшы, што гэта паказала нейкая жанчына ў
Менску, якая прыехала з Масквы".
Справа аб лiстках календара таксама
была перададзеная на бюро райкаму. Як НКВД папярэджваў сiроцiнскiх
партыйна-камсамольскiх актывiстаў, дакладна невядома, але жаданьне варажыць над
няякаснай палiграфiяй у iх, верагодна, больш не ўзьнiкала. Ужо праз два тыднi
пасьля выкрыцьця "выкрыцьця" лiст зь Сiроцiна патрапiў у Галоўлiт, а
адтуль у ЦК КП(б)Б, дзе на iм зьявiлася ляканiчная рэзалюцыя i паведамленьне аб
яе выкананьнi. Акцыя Барсукова i Лiўшыца была расцэненая як контррэвалюцыйная
правакацыя; Барсукоў мусiў узгадаць таямнiчую "жанчыну з Масквы", а
Лiўшыц пакаяцца ў наўмысным паклёпе на правадыроў. Хоць на самай справе
ашалелыя ад бальшавiцкай пiльнасьцi таварышы сталi ахвярамi якраз таго, за што
змагаўся Галоўлiт...
Як беларускiя таварышы выкрылi таджыцкiх трацкiстаў на мове iдыш
Галоўлiт штомесяц дасылаў у аддзел друку
ЦК КП(б)Б зьвесткi пра зробленыя выкрэсьлiваньнi i
правакацыi, спыненыя ягонымi супрацоўнiкамi, прычым прыводзiлася аргумэнтацыя
дзеяньняў цэнзара. У цэнзуры працавалi палiглоты -- у першыя дзесяцiгодзьдзi савецкай улады у Беларусi
выдавалiся газэты i часопiсы на нямецкай, польскай,
лiтоўскай мовах, на iдышы.
Дасьведчанасьць цэнзараў сягала так далёка, што калi ў жнiўнi 1937 году габрэйская газэта "Юнгер Ленiнец", якая выдавалася ў Менску, хацела надрукаваць
таджыцкую народную легенду "Чалавечае шчасьце", Галоўлiт выкрэсьлiў легенду як iдэалягiчна нявытрыманую. Цэнзары даслоўна пераклалi тэкст i накiравалi яго са
сваiм камэнтаром у ЦК.
“Калi Цiмур (Тамерлан) нарадзiўся,
сустрэлiся Месяц з Сонцам над Памiрам, прыляцела птушка i прынесла бацьку
радасную вестку: нарадзiўся Саiб I-Кран, вялiкi чалавек... Прайшлi гады. Цiмур
стаў вялiкiм кiраўнiком i пераможцам. Ён перамог шмат краiнаў i зьнiшчыў цэлыя
народы, i чалавечая кроў лiлася ракой, а сьлёзы -- вялiкiмi морамi. Нiколi
людзi да Цiмура ня бачылi такога крыважэрнага разбойнiка. Цiмур зьбiраў лепшыя
творы чалавечай думкi -- кнiгi i хаваў iх. Пра адну кнiгу, аб чалавечым шчасьцi
ён думаў доўга-доўга. Там было напiсана, што шчасьце чалавецтва наступiць
толькi тады, калi такiя як Цiмур будуць зьнiшчаныя. Тады вырашыў Цiмур украсьцi
ў чалавецтва кнiгу шчасьця. Адным ударам шаблi расьсёк ён скалу, уклаў кнiгу,
скала зачынiлася i схавала яе...
Мiнулi стагодзьдзi... Зноў сустрэўся
Месяц з Сонцам, але не над Памiрам, а над сьнежнымi вяршынямi Каўкаскiх гор, i
нарадзiўся новы вялiкi чалавек... Новая срэбная птушка вярнула кнiгу шчасьця
людзям i стала расьпяваць аб новым Саiб I-Кране, якi прагнаў памешчыкаў,
абваднiў сухую зямлю ў Баршы, стварыў калгасы, будуе школы, вызваляе
жанчын..."
Каб ня ўзьнiклi сумневы, аўтары
легенды зь лiку таджыцкiх прагандыстаў у канцы растлумачвалi: "Новы Саiб
I-Кран быў Сталiн".
Сумневы, аднак, узьнiклi. У
тлумачэньнях для ЦК цэнзары зрабiлi аналiз, пасьля якога
сумневаў не выклiкала ўжо рэакцыйнасьць легенды, якую, верагодна, прыдумалi
таджыцкiя трацкiсты.
“Легенда ставiць побач як два Саiб
I-Краны тав. Сталiна i разбойнiка Цiмура, прычым у самой легендзе не адзначана,
хто зь iх быў найвялiкшы чалавек. Сама думка аб параўнаньнi тав. Сталiна хаця i
з буйнейшымi асобамi сусьветнай гiсторыi (хаця мы зусiм не адмаўляем ролю асобы
ў гiсторыi) зьяўляецца палiтычна шкоднай, тым больш, калi падаецца дзецям
дашкольнага ўзросту.
Таксама палiтычна няправiльная думка
аб тым, што ў Цiмура была кнiга аб чалавечым шчасьцi, што ён яе ўкраў, а птушка
вярнула тав. Сталiну. Гэтыя думкi няправiльныя, бо кнiга аб чалавечым шчасьцi,
iнакш, навука аб вызваленьнi чалавецтва, не магла iснаваць тады, калi яшчэ не
было пралетарыяту i гаворкi не магло быць аб дыктатуры пралетарыяту. Сама
легенда зводзiць сутнасьць вучэньня гэтай кнiгi да "зьнiшчэньня людзей,
такiх як Цiмур", iнакш кажучы, гэта ня што iншае, як рэакцыйная тэорыя
расейскiх народнiкаў аб тым, што грамадзтва можна перабудаваць шляхам тэрору
супраць рэакцыйных правiцеляў, адмаўляючы неабходнасьць масавай палiтычнай
барацьбы.
Адсюль i палiтычная шкоднасьць тэзысу
аб тым, што названая кнiга была знойдзеная i дастаўленая
тав. Сталiну i ён на яе падставе пабудаваў чалавечае шчасьце. Вучэньне
Маркса-Ленiна-Сталiна нiчога агульнага ня мае з вучэньнем усякiх народнiкаў i
да iх падобных, а наадварот, яно вырасла i ўзмацнiлася ў барацьбе з гэтымi
вучэньнямi. Гэты тэзыс зводзiць ролю тав. Сталiна да вузкай ролi
рэвалюцыянэра-практыка, думка яўна трацкiсцкая.
Таксама палiтычна шкодная думка аб
тым, што iснуючае вучэньне аб шчасьцi народным магло быць
выкрадзена ў чалавецтва. Пераводзячы гэты тэзыс на палiтычную мову, значыць,
могуць быць такiя выпадкi, калi якiя-небудзь прайдзiсьветы: Гiтлер, Мусалiнi i
iншыя могуць шляхам рэпрэсiяў супраць рабочае клясы i камунiстычнай партыi
зьнiшчыць марксiсцка-ленiнскае вучэньне. Такi тэзыс супярэчыць выказваньню тав.
Сталiна на ХVII зьезьдзе партыi".
Трацкiсцкая легенда не прайшла.
Газэту "Юнгер Ленiнец" неўзабаве закрылi.
Мэтадалёгiя палiтаналiзу засталася...
Як Уладзiмiр Юрэвiч сказiў
Уладзiмiра Ленiна
9 сакавiка 1937 году
начальнiк Галоўлiту Ахрамовiч адрасаваў у палiтасьветаддзел ЦК КП(б)Б i
Iнстытут масавага завочнага навучаньня партактыву лiст, у якiм паведамляў, што
дыктар радыёкамiтэту Уладзiмiр Юрэвiч дапусьцiў пры перадачы лекцыi на тэму
"Сацыялiзм i камунiзм" шэраг "памылак тэксту", завiзаванага
Галоўлiтам, якiя мяжуюць з памылкамi стылiстычнага i палiтычнага характару. У
выпадку паўтарэньня падобных парушэньняў упаўнаважаны Галоўлiту будзе выключаць
мiкрафон i спыняць перадачу, папярэджваў Ахрамовiч.
Якiя ж памылкi дапусьцiў Уладзiмiр
Юрэвiч? Кантралёр групы наступнага кантролю пры Галоўлiце Радыёкамiтэта
(цэнзары дзялiлiся на тых, хто правяраў тэксты да выхаду ў эфiр, i на тых, хто
слухаў i кантраляваў жывы эфiр -- магнiтафонных запiсаў тады не было) М.Ерамееў
дакладаў:
“5 сакавiка 1937 году iшла лекцыя
завочнай партвучобы на тэму "Сацыялiзм i камунiзм". Лекцыю ля
мiкрафону чытаў тав. Юрэвiч, якi дадаваў нiкому
непатрэбныя словы, а менавiта:
Па-першае, дзе трэба i дзе ня трэба
ўстаўляў слова "таварыш". Па-другое, што трэба было чытаць, Юрэвiч не
чытаў, як, напрыклад, адзначаную лiтаратуру. Па-трэцяе, Юрэвiч скажона вымаўляў
iмя Ленiна, замест Владзiмiр гаварыў Владымiр i рабiў нацiск на апошнiм
складзе, г.зн. мiр, у той час як у лекцыi пiсалася проста Ленiн, а iмя i iмя па
бацьку ня значылася. Па-чацьвертае, трэба было чытаць "Ленiн
пiсаў","Сталiн пiсаў", а Юрэвiч дадаваў слова "так" i
атрымлiвался: "Ленiн пiсаў так", "Сталiн пiсаў так".
Па-пятае, да цытатаў Ленiна-Сталiна Юрэвiч устаўляў свае словы, напрыклад, там,
дзе таварыш Сталiн гаворыць аб нашым сялянстве, ён дадаў слова "гэта". Па-шостае, Юрэвiч дадаваў шэраг непатрэбных
уводных словаў, такiх як "ёсьць, так, вось, зразумела, усямерна,
зьяўляюцца, умовы" i г.д. Па-сёмае, Юрэвiч спрабаваў зрабiць свае высновы
пасьля прачытанай ленiнскай цытаты "Аб дзьвюх важнейшых умовах для
ажыцьцяўленьня поўнага камунiзму", дзе ён дадаў тлумачэньне: "Вось,
тварышы, як Владымiр Iльiч сказаў".
Пасярэдзiне лекцыi цэнзар перапынiў
дыктара i прыгразiў, што ў выпадку адступленьняў ад тэксту перадача будзе
спыненая. "Канец лекцыi быў прачытаны так, як было напiсана ў
лекцыi," -- з пачуцьцём унутранага задавальненьнья заканчваецца службовая
запiска. Наўскось дакумэнту надпiс: "Паведамлена кiраўнiцтву iнстытуту для
прыняцьця мераў". Асаблiвую важкасьць рэзалюцыi надае дата: "27
сакавiка 1937 году".
Уладзiмiра Юрэвiча лiха абыйшло i
яшчэ многiя дзесяцiгодзьдзi ягоны голас гучаў з радыёдынамiкаў. Няйначай, перш
арыштавалi тых, каму адрасавалася службовая запiска...
Мова гарыць... (загад №33)
Дату 3 чэрвеня 1937 году дарэмна
шукаць у лiтаратурных энцыкляпэдыях i падручнiках гiсторыi. Мiж тым, гэта
безумоўна гiстарычная дата для беларускай мовы, культуры i навукi. У гэты дзень
пад грыфам "не падлягае абвяшчэньню" Галоўлiт БССР выдаў загад №33
пад назваю "Сьпiс лiтаратуры, якая падлягае канфiскацыi зь бiблiятэк
грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў i кнiгагандлю". Загад
атрымаўся зьмястоўны -- сьпiс шкодных кнiжак, выдадзеных у РСФСР, БССР, УССР
па-расейску, па-беларуску, па-ўкраiнску, а таксама на габрэйскай, польскай,
армянскай, адыгейскай, таджыцкай, абхаскай, башкiрскай i яшчэ шасьцi iншых
мовах заняў 111 старонак.
Сьпiсы выдавалiся пад расьпiску ў
часовае карыстаньне дырэктарам бiблiятэк i кнiгарняў. Паколькi такiх
установаў пад час лiквiдацыi непiсьменнасьцi распладзiлася даволi шмат, для
зручнасьцi загад быў аформлены i выдадзены кнiгай накладам 3000 асобнiкаў.
Дырэктары павiнны былi пiльна
перагледзець палiцы, сабраць крамолу, скласьцi акты ў трох асобнiках i
адабраныя кнiгi разам з трыма асобнiкамi актаў здаць начальнiкам акруговых,
гарадзкiх цi раённых аддзелаў Галоўлiту. Першы экзэмпляр акту канфiскацыi
перасылаўся ў Менск у Галоўлiт, другi iшоў у мясцовы аддзел НКВД, а трэцi
заставаўся ў райлiце.
У бiблiятэчных каталёгах i
картатэках канфiскаваную кнiгу патрабавалася выкрэсьлiць тушшу, але пакiнуць яе
парадкавы нумар i цану. Канфiскацыi падлягалi таксама асобныя нумары часопiсаў,
дзе былi надрукаваныя арыкулы забароненых аўтараў. Iнструкцыя лiбэральна
ўдакладняла -- з гадавых камплектаў часопiсы не вырываць.
Апошнi, шосты пункт загаду патрабаваў
ад цэнзараў няўхiльна кiравацца тым, што канфiскацыi падлягаюць толькi тыя
выданьнi, якiя прадугледжаныя сьпiсамi Галоўлiту. Але паколькi пiльнасьць --
справа творчая, у загадзе тлумачылася, што рабiць з падазронымi выданьнямi,
якiя, на думку мясцовых органаў Галоўлiту, таксама было пажадана канфiскаваць.
Такiя выданьнi падлягалi часовай iзаляцыi, пасьля чаго iх сьпiс i матывы арышту
перасылалiся ў Галоўлiт, якi сваёй уладай уключаў iх у афiцыйныя праскрыпцыйныя
сьпiсы.
Загаду №33 было наканаванае доўгае
жыцьцё. Ён захоўваў сваю сiлу на працягу дзесяцiгодзьдзяў,
толькi крыху зьмяняючы i ўдакладняючы назвы ды лексыку. Замест тэрмiну
"канфiскацыя" сталi ўжываць "ачыстка". Напрыклад, у 1954
годзе была прынятая пастанова ЦК КПБ "Аб ачыстцы бiблiятэк, кнiжных
кiёскаў, магазiнаў i баз ад састарэлай i палiтычна шкоднай лiтаратуры".
Галоўлiт СССР рэгулярна выдаваў тамы "Зводнага сьпiсу кнiг, якiя
падлягаюць выключэньню зь бiблiятэк i кнiгагандлёвай сеткi" (у лiбэральным
1960-м гэтая "антыкнiга" выйшла ў двух тамах). Падобныя выданьнi
паўтаралiся ў рэспублiках, iх дапаўнялi бягучыя загады, выклiканыя чарговай
зьменай палiтычнай кан'юнктуры. Так, у студзенi 1959-га выйшаў загад аб
канфiскацыi твораў членаў антыпартыйнай групы. Цэнзары зноў i зноў шнырылi па
палiцах бiблiятэк i кнiгарняў. У адным 1961 годзе яны праверылi 3000 бiблiятэк
i 456 крамаў, i ў 629 бiблiятэках i 21 краме знайшлi крамолу. У справаздачы ЦК
КПБ цэнзары дакладалi, што дадаткова канфiскавалi 2351 кнiгу i часопiс зь
бiблiятэк i яшчэ 111 выданьняў з кнiгарняў. Толькi ў адной бiблiятэцы
Вярэйкаўскага сельскага клюбу ў Асiповiцкiм раёне было знойдзена 11 кнiг
Малянкова, Булганiна, Кагановiча i Шэпiлава. Гэты прыклад выразна iлюструе, што
засталося ў вясковых бiблiятэках пасьля шматгодовых папярэднiх чыстак...
Загад №33 падрабязна тлумачыў
начальнiкам акруговых, абласных i раённых лiтаў, як быць з
канфiскавнай лiтаратурай: "Рабiць зьнiшчэньне шляхам пропуску праз
рэзальныя машыны друкарняў. Макулятуру ў дробна парэзаным выглядзе здаваць ва
ўтыль. У райцэнтрах, дзе ў друкарнях няма рэзальных машынаў, прынятую
лiтаратуру спальваць з адзнакай на акце спаленьня".
Альфабэтны сьпiс выдадзеных у
Беларусi кнiг, якiя прадпiсвалася спалiць паводле загаду №33 Галоўлiту
БССР ад 3 чэрвеня 1937 году, займаў дванаццаць старонак i налiчваў 421 пазыцыю.
На самой справе выданьняў i твораў, якiя належала спапялiць, было ў некалькi
разоў больш. Супраць 53 прозьвiшчаў у гэтым сьпiсе стаiць адзнака "усе
кнiгi", а таксама многiя пазыцыi дадаткова пазначалiся лiтарамi. Як
правiла, iх аўтары ўжо раней прайшлi па сьпiсах, якiя складалi ў роднаснай
Галоўлiту арганiзацыi, НКВД.
У лiку прысуджаных да зьнiшчэньня --
кнiгi Францiшка Багушэвiча, Максiма Багдановiча, Янкi Купалы, паэма
"Тарас на Парнасе", раманы, апавяданьнi, п'есы. Ёсьць i кур'ёзы
кшталту сталiнскiх "Пытаньняў ленiнiзму" -- верагодна, арыштавалi
перакладчыка, як, верагодна, i аўтара кнiгi зь вясёлым загалоўкам "Паноў
трэба зьнiшчаць гуртам".
Асаблiвая катэгорыя асуджаных на
агонь -- тэрмiналягiчныя слоўнiкi i даведнiкi, граматыкi, лемантары, чытанкi,
падручнiкi, навучальныя дапаможнiкi, дыялектныя зборнiкi, мовазнаўчыя працы,
створаныя ў эпоху прывiднай беларусiзацыi. Палiлi мову...
Вогнiшчы з кнiжак ўспыхнулi ў
Беларусi раней, чым у фашыстоўскай Нямеччыне. Мартыралёг
беларускай культуры, якую прадпiсвалася зьнiшчыць ў 1937-м i iншых гадах
(падобныя сьпiсы рэгулярна абнаўлялiся), лепш за любыя падручнiкi гiсторыi i
камэнтары спэцыялiстаў тлумачыць, што сталася зь Беларусяй.
Прынятую лiтаратуру спальваць
(Разьдзел "Выданьнi БССР" загаду №33
Галоўлiту БССР ад 3 чэрвеня 1937 г.)*
*Публiкуецца з захаваньнем усiх асаблiвасьцяў арыгiналу.
1. Астроўскi Р. -- у с е к н i г i.
2. Аляхновiч Ф. -- у с е к н i г i.
3. Асновы Марксiсцка-Ленiнскай педагогiкi.
-- Хрэстаматыя. Склад. Дарадак i Панкевiч. Т. I. Выд. 1932 г.
4. Агурскi -- Рэволюцыйны рух у Беларусi.
Выд. Гiстпарта КП(б)Б. 1925 г.
5. А.Ж. -- Беларуская соцыял-дэмакратычная
партыя, яе характар i заданнi. Менск. 1920.
6. Абдзiраловiч Iгнат. -- Адвечным шляхам.
Вiльня. 1921.
7. Арол М. -- Чаму-ж усыхаюць кветачкi
польскiя на гною беларуска-лiтоўскiм? Лiда. 1921.
8. Арыфметычная тэрмiналогiя. Вiльня.
1921.
9. Астроўскi Радаслаў. -- Касмаграфiя.
Вiльня.
10. Азбукiн М. i Смолiч А. -- Школьная
карта Беларусi. Менск. 1925.
11. Анцаў Мiхаiл. -- Зайчык-грайчык.
Менск. 1930.
12. Астапенка Змiтрок. -- Краiне. Вершы.
Менск. 1931.
13. “ “ “ “ “ --
На ўсход сонца. Менск. 1931.
14. Алёшка. -- Суседзi. Менск. 1932.
15. "Атака". Выд. БДВ. 1934.
15а. Абiсiнiя як яна ёсць. ДВБ. Менск.
1936.
15б. Александровiч А. -- Напор. П'еса. Усе
выданнi.
15в. “ “ “ “ “ -- Ценi на сонцы. Усе выданнi.
16. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Выд. 19. Слоўнiк сельскагаспадарчай тэрмiналогii. Менск.
17. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. 20. Менск.
8. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Слоўнiк хiмiчнай тэрмiналогii. Менск.
19. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. 7-мы. Менск. 1926.
20. Беларуская навуковая тэрмiналогiя...
Менск. 1927.
21. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Слоўнiк хiмiчнай тэрмiналогii. Менск. 1929.
22. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Тэрмiналогiя грамадазнаўства. Менск. 1927.
23. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. 14. Слоўнiк матэматычнай тэрмiналогii. Менск. 1927.
24. Беларуская навуковая тэрмiналогiя. --
Вып. 15. Слоўнiк граматычна-лiнгвiстычнай тэрмiналогii. Менск. 1927.
25. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. 17. Слоўнiк бухгальтэрскай тэрмiналогii. Менск. 1928.
26. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Менск. 1922.
27. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. II. Практыка i тэорыя лiтаратурнага мастацтва. Менск. 1923.
28. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. III. Геаграфiчныя i касмаграфiчныя тэрмiны i назвы нябесных цел. Менск.
1923.
29. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. 5. Геалогiя, мiнералогiя, крышталаграфiя. Менск. 1924.
30. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. IV. Батанiка агульная i спецыяльная. Менск. 1924.
31. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Вып. VI. Тэрмiналогiя логiкi i псiхалогii. М. 1923.
32. Беларуская навуковая тэрмiналогiя.
Выд. 19. Слоўнiк с/г тэрмiналогii. М. 1928, 1929.
33. Барычэўскi Аўгiнь. -- Матчын дар -- А.
Гаруна. Менск. 1928.
34. Байкоў Мiкола. -- На лiтаратурныя
тэмы. Менск. 1929.
35. “ “ “ “ “ --
Наша сiла -- советы. Усе выданнi. Менск.
36. Бялевiч К. -- Новае жыццё. Менск.
1928.
37. Байкоў М., Некрашэвiч С., Багдановiч
М. -- Наша сiла -- нiва ды машына. Менск. 1925.
38. Бабровiч i Багданскi. -- Аб класавай
барацьбе ў Заходняй Беларусi ў часы беларускай сялянска-работнiцкай грамады.
Выд. БАН. 1932 г.
39. Багдановiч Максiм. -- Празаiчныя
творы. Менск.
40. Бальшакоў. -- Краязнаўчае вывучэнне
арганiзацыi працы ў калгасах. Менск. 1931.
41. Бенек. -- У с е к н i г i.
42. Быхаўскi Б. -- Нарыс фiласофii
дыялектычнага матэрыялiзма. Менск. 1931.
43. Бульбянiк Захар. -- Смех i радасць
вёскi. Менск. 1929.
44. Бойка Барыс. -- Гаспадарчая
характарыстыка севазварота. Менск. 1930.
45. Байкоў I. -- Кiраўнiцтва ў калгасах. Менск.
1931.
46. Бляхер Я. I. -- Неарганiчная хiмiя.
Менск. 1931.
47. Беларускi флiрт. Вiльня. 1921. 48
асобных картак.
48. Бурачок Мацей. (Багушэвiч Ф.) -- Дудка
беларуская. Вiльня. 1921.
49. Бяроза А. -- Расiйска-польскi баль i
Беларускае пахмелле. Пiнск. 1921.
50. Беларускi тэатр. Вiльня. 1924.
51. Байкоў М. i Гарэцкi М. -- Практычны
расiйска-беларускi слоўнiк. Усе выданнi.
52. Бузук П.А. -- Асноўныя пытаннi
мовазнаўства. Менск.
53. “ “ “ “ “ --
Некаторыя непаразуменнi ў спрэчках аб рэформе Беларускага правапiса. Менск.
1926.
54. “ “ “ “ “ --
Спроба лiнгвiстычнае геаграфii Беларусi. Ч.I. Фанетыка i марфалогiя. Менск.
1928.
55. “ “ “ “ “ --
Да характарыстыкi паўночна-беларускiх дыялектаў. М. 1926.
56. Байкоў М. i Некрашэвiч С. --
Беларуска-расiйскi слоўнiк. Менск. 1927.
57. Бараноўскi, Ажгiрэй В., Залуцкi В. -- Барацьбiт. Менск.
58. Барашка I.Я. -- 11 лiпеня. Менск. БДВ.
1930.
59. Баранавых Сымон. -- У с е к н i г i
60. Багун Мiхась “ “ “ “ “
61. Багдановiч А. “ “ “ “ “
62. Бабарэка А. “ “ “ “ “
63. Балiцкi. “ “ “ “ “
64. Баршчэўскi Я. -- Начэпнасць. Вiльня.
1917.
65. “ “ “ “ “ --
Чорнакнiжнiк i змяя, што вылупiлася з пятушынага яйца. Вiльня. 1917.
66. Багушэвiч Францiшак. -- Дудка
беларуская. II. Смык беларускi. Менск.
67. “ “ “ “ “
Дудка беларуская. (Вершы). Коўна.
68. “ “ “ “ “
Дудка беларуская. Коўна.
69. Бядуля З. -- Жыды на Беларусi. Менск.
1918.
70. Байкоў М. -- Прыкметы новай педагогii.
Менск. 1921.
71. Беларусь. Нарысы гiсторыi, эканомiкi,
культурнага i рэвалюцыйнага руху. Менск. 1924.
71а. Бэндэ. -- У с е к н i г i.
72. Воўк-Левановiч В. У с е к н i г i.
73. Вольны А. У с е к н i г i.
73а. Валабрынскi А. -- У с е к н i г i.
74. Варонка Я. -- Беларускi рух ад 1917 да
1920 года. Коўна. 1920.
75. Выпiсы з беларускай лiтаратуры. Ч.II.
Менск. 1923.
76. Верас Зоська.
Беларуска-польска-расейска-лацiнскi батанiчны слоўнiк. Вiльня. 1924.
77. Вашкевiч Л. -- Расiйска-беларускi
слоўнiк дзеля чыгуначных мясцкомаў. Магiлёў. 1926.
78. Вынiкi працы iнстытута сялян
даследчыкаў. Менск.
79. Вольфсон i Гак. -- Гiстарычны
матэрыялiзм. Менск. 1931.
80. Валасевiч. -- Самая кароткая гiсторыя
ВКП(б). Менск.
81. Валодзька Ф.I. -- Карантын раслiн i
значэнне яго ў справе пад'ёму ўраджайнасцi. 1935.
82. Вынiкi перавыбараў сельсоветаў
Магiлеўшчыны. Выд. Маг. РВК 1934.
83. Гарэцкi М. -- У с е к н i г i.
84. Гарун А. “ “ “ “ “
85. Геаграфiчны атлас для пачатковай
школы. Выд. 1935 г. Усесаюзн. Картаграфiчны трэст.
86. Галубок Уладыслаў. -- Апошняе
спатканне. Драма. Вiльня. 1919.
87. “ “ “ “ “ --
Суд. Менск. 1925.
87а. Гукоўскi А.I. Антанта i Кастрычнiцкая
рэволюцыя. БДВ. Менск. 1932.
88. Гурло Алесь. -- Барвенак. (Вершы).
Менск. 1924.
89. “ “ “ “ “ --
Межы. (Выбраныя вершы). Менск.
90. Гарэцкая Л. -- Родны край. Вiльня. Усе
выданнi.
91. Гутоўскi Улад. Д. -- Сурдут i сярмяга.
Вiльня. 1922.
92. Грыневiч А. -- Школьны спеўнiк.
Вiльня. 1920.
93. Грамыка Мiхайла -- Пачатковая
геаграфiя. Менск. 1923.
94. “ “ “ “ “ --
Плынь. (Вершы). Менск.
95. “ “ “ “ “ --
Каля тэрасы. Менск. 1929.
96. Гарэцкi М., Дзяржынскi Ул. i Каравай
П. -- Выпiсы з беларускай лiтаратуры. Масква-Ленiнград. 1925.
97. Гаўрук Юрка. -- Вясковыя рыскi. Менск.
1926.
98. Гiстарычна-археалагiчны зборнiк № 1.
Менск. 1927.
99. Глыбоцкi Тодар. -- У с е к н i г i.
100. Гарабурда Канстантын. -- Сусвет i
зямля. Менск. 1929.
100а. Гiрчак Е.Ф. -- Хвiлёвiзм. (Пераклад
з украiнскай мовы). БДВ. Менск. 1931.
101. Гаруновiч. -- Супроць
нацыянал-дэмакратызма. 1930.
102. Галенчанка Л. -- Размеркаванне
прыбыткаў i ўраджаю ў калгасах. Менск. 1931.
103. Гак i Майзель. -- 13 год вызвалення
БССР. Менск. 1933.
104. Ганчарык. -- За культуру соi ў БССР. Выд.
БАН. 1932 г.
105. “ “ “ “ “ -- Уплыў ультрафiялетавых праменняў на ўтварэнне
антоцыянiну ў раслiнах. 1932 г. БАН.
106. Гарбацэвiч. -- Паланiзацыя Заходняй
Беларусi. 1933.
106а. Глебка П. Шыпшына. Лiрыка.
"Узвышша". Менск. 1927.
107. Доўнар-Запольскi. -- У с е к н i г i.
108. Дубоўка У. “ “ “ “ “
109. Дзяржынскi У. “ “ “ “ “
110. Друшчыц В. “ “ “ “ “
111. Даўгяла З. “ “ “ “ “
112. Дарожны С. “ “ “ “ “
113. Дудар А. “ “ “ “ “
113а. Дзякаў “ “ “ “ “
114. Дардак Ю.С. i Ерафеяў Ю.Ф. --
Класавая барацьба ў школе. Выд. ДВБ. 1933 г.
115. Дзядзька Пранук. -- Стася. Вiльня.
1922.
116. Дыяменты беларускага прыгожага
пiсьменства №1. Зборнiк абраных твораў Дунiн-Марцынкевiча, Мацея Бурачка,
Ядвiгiна Ш. i iнш. Кiеў. 1919 г.
117. Дысцыплiнарныя правiлы караў для армii.
(Пераклад з польскага). Лодзь. 1920.
118. Дуж-Душэўскi К. i Ластоўскi В.
Слоўнiк геаметрычна-трыганаметрычных тэрмiнаў i сказаў. Коўна. 1927.
119. Дэкламатар. Вiльня. 1921.
120. Дзяркач А. -- Мiколава гаспадарка.
Менск. 1927.
121. “ “ “ “ “ -- Усiм па троху... Менск. 1930.
122. Друшчыц Васiль. -- Места Вiльнi ў
першай палове ХVI сталецця. Менск.
123. Друцкi-Падбярозкi Б. -- Байкi, гумар,
сатыра. Вiльня
123а. Да дню вызвалення Беларусi ад
белапалякаў. Зборнiк. Злажылi: Капаевiч П. i Сяўрук М. Выд. "Чырвоная
змена". Менск. 1927.
123б. Драматургiя. -- Зборнiк. Пад рэдакц.
Александровiча, Гурскага, Дунца, Я.Коласа i Клiмковiча. БАН. Менск. 1934.
124. Езавiтаў К. Становiшча беларускай
школы ў Лiтве. Вiльня. 1923.
125. Жылуновiч (Ц.Гартны). -- У с е к н i г i.
126. Жукаў i Гарэлiкаў. -- За правiльнае i
беражлiвае скарыстанне каня. Выд. Белгиз. 1934.
127. Жнiво i дажынкi. -- Вiльня. 1918.
128. Жылка Уладзiмiр. -- На ростанi.
Вiльня. 1924.
129. “ “ “ “ “ -- Уяўленне. (Вершы). Вiльня. 1923.
130. Журба Я. -- Заранкi. (Вершы). Менск.
1924.
131. Ждановiч С.А. i Ярашчук А.О. --
Характарыстыка сельскай гаспадаркi Беларусi на падставе даных аб чыгуначнай i
вадзяной перавозцы. Менск. 1926.
132. Знаёмы Е. -- У с е к н i г i.
133. Звонвaк А. “ “ “ “ “
134. Зарэцкi М. “ “ “ “ “
135. "Знiшчым шкоднiкаў iльна i
канапель". Плакат. ДВБ. 1936 г.
136. Зажынкi. Масква. 1918.
137. Зборнiк сцэнiчных твораў. Сшытак 1 i
2. Менск. 1918.
138. Зборнiк "Альманах I".
Выданне 1935 г.
139. Зборнiк твораў для дзiцячага тэатра.
Данiлка i Алеська. М.Кудзелька. -- У лясным гушчары. Ф.Аляхновiч. --
Датрымаў характар. А.Гарун. -- Марцэлька, Сымон i Рак. Менск. 1920.
140. Заходняя Беларусь. Зборнiк грамадскае
мыслi, навукi, лiтаратуры, мастацтва Заходняй Беларусi. Кн. I. Вiльня. 1923 г.
141. Зборнiк беларускiх ведамасцей. № 1, 2
i 3. Вiльня, 1921.
142. Зборнiк артыкулаў. Этнаграфiя,
антрапалогiя, псiхалогiя, псiхатэхнiка i навуковая арганiзацыя працы. Менск.
1928 г.
143. Запiскi аддзелу гуманiтарных навук.
Кнiга 2. Працы кафедры этнаграфii. Том I. Менск. 1928. Кнiга II.
145. Запiскi кафедры этнаграфii. Т.I. М.
1928 г. Кнiга VI. Праца камiсii гiсторыi мастацтва. Том I. Менск. 1928.
146. Запiскi беларускай дзяржаўнай
акадэмii сельскай гаспадаркi iмя Кастрычнiцкай рэволюцыi. Том VIII. Горкi. 1928
г.
147. Заблоцкi П. -- Асновы сельскай
гаспадаркi. Менск. 1929.
148. Запiскi аддзела гуманiтарных навук.
Кн. III. Працы класа гiсторыi. Менск. 1928.
149. Запiскi аддзела гуман. навук. Кнiга
VI. Праца камiсii гiсторыi мастацтва. М. 1928.
150. Змаганне за асеннюю сяўбу i зяблiвае
ворыва. Зборнiк. Менск.
151. Iсбах А. -- Крушэнне. (Пераклад з
рускай мовы). ДВБ. Менск. 1932.
152. Iгнатоўскi У. -- У с е к н i г i.
153. Iвушка-Калiнушка. -- Непаслухмяныя.
Менск. 1925.
154. Iнструкцыя да збiрання народнага
слоўнiка тэрмiналагiчнага матэрыяла ў беларускай мове. Менск. 1925.
155. Iнiцкi Уладзiмiр. -- Сон Гаўрылы i
розныя вершы. Вiльня. 1928 г.
156. Iваноў. -- Сельска-гаспадарчае
птушкаводства. Менск. 1933.
157. Iсаакаў. -- Пастаўка збожжа дзяржаве
-- першачарговая задача. Менск. 1933.
158. Iнфармацыйны бюлецень № 5-6. БАН.
1932 г.
159. “ “ “ “ “ № 7. БАН. 1933 г.
160. Каваль Васiль. -- У с е к н i г i.
161. Кунiцкi. “ “ “ “ “
162. Кляшторны Тодар. (Фёдар). У с е к н i г i.
163. Кiсель. -- Чырвоны баец. БВО. 1934 г.
Выд. 2-е.
164. Кастрычнiк на Беларусi. -- Зборнiк
статей. Скл. Агурскi. Менск. 1927 г.
165. Каганец К. -- У iншым шчасцi няшчасце
схована. Вiльня. 1919.
166. Каляда. -- Гарадня. 1920.
167. Карскi Е. -- Беларускi народ i яго
мова. Менск. 1920.
168. Кашчына С. -- Рэквiзiцыя. Ваўкавыск.
1923.
169. “ “ “ “ “ -- Адстаяў. Беласток. 1922 г.
170. “ “ “ “ “ -- Дагадаўся. Ваўкавыск. 1922 г.
171. Канчар А. Класавае, нацыянальнае i
рэлiгiйнае змаганне на Беларусi. Вiльня. 1921.
172. Кудзелька I.Ф. -- У с е к н i г i.
173. Каспяровiч А.У. -- Беларуска-расiйскi
слоўнiчак. Вiцебск. Выд. 1926 г.
174. “ “ “ “ “ -- Краязнаўства. (Нарысы). Менск. 1929 г.
175. “ “ “ “ “ -- Вiцебскi краявы слоўнiк. Вiцебск. 1927 г.
176. “ “ “ “ “ -- Вывучэнне культурнага стану краю. Менск. 1927 г.
177. “ “ “ “ “ -- Матэрыялы да вывучэння вiцебскай краёвай лiтаратуры i
мастацтва. Менск. 1927 г.
178. “ “ “ “ “ -- Матывы барацьбы ў творчасцi М. Багдановiча. Менск.
179. Каспяровiч А.У. -- Узоры для
лiтаратурных гурткоў "Маладняку" i гурткоў селькораў. Менск. 1927 г.
180. Капаевiч П.Э., Сяўрук М. i Баркоўскi
С. -- Чырвонасялянская вечарынка. Менск. 1927 г.
180а. Кучар А. -- Вялiкая перабудова. БДВ.
Менск.
181. Капаевiч П. i Сяўрук М. --
Лiтаратурная чытанка для вячэрнiх школ I-й ступенi. Ч. I-я. Менск. 1932 г.
182. Карнiенка. -- Класавая барацьба на
гiстарычным фронце Беларусi. Менск. 1932 г.
183. Капаевiч Павел. -- Супроць
капiталiстаў i памешчыкаў. Менск. 1928 г.
184. Кабакоў i Лур'е. -- Старонкi
мiнулага. Вiц. ОСПС. 1928 г.
185. Купала Ян. -- Том I-шы. Менск. 1928
г.
186. “ “ “ “ “ -- 1918-1928 гг. Творы. Менск. 1930 г.
187. Кiслякоў Ян. -- Пасёлкi. Менск. 1928
г.
188. Крапiўнiцкi М. -- Па рэвiзii. Вiльня.
1928 г.
189. “ “ “ “ “ -- Пашылiся ў дурнi. Вiльня. 1928 г.
190. Клеймборт Л.М. -- Маладая Беларусь.
Менск. 1928 г.
191. Краязнаўства. -- Зборнiк праграм i
iнструкцый краязнаўчай працы. Вып. I. Менск. 1929.
192. Кудзiкаў С. -- За масавую i суцэльную
калектывiзацыю. Менск. 1930.
193. Каганоўская. Ударная брыгада ў
дзiцячым садзе. Менск. 1933.
194. Кiрыяка А. i Дружына Г. -- Ад чаго
залежыць ураджай. 1933.
195. Каранёў В. -- 200 пытанняў i адказаў
па калгасным будаўнiцтве. Менск. 1931.
196. Кнiга. -- Брыгадна-лабараторны метад
у вузах i тэхнiкумах. Выд. ДВС. 1932.
197. "КП(б)Б у рэзалюцыях". --
Выд. Партвыдавецтва. 1934.
198. Крачкоўскi. -- Замок Любельскi. 1935.
198а. Кержанцаў П. i Ляонцьеў Л. -- Азбука
ленiнiзма. Вып. I. БДВ. Менск. 1931.
199. Лёсiк Я. У с е к н i г i.
200. Луцкевiч А. “ “ “ “ “
201. Ластоўскi В. “ “ “ “ “
202. Лiхадзiеўскi С. “ “ “ “ “
203. Лiтаратурны зборнiк "Вольнай
Беларусi". -- Сшытак першы. Менск. 1917.
204. Лясны Рыгор. -- Гiстарычная праўда.
Гарадно. 1923.
205. Лесавiк В. -- Наша крыўда. Беласток.
1921.
206. Ластаўка. -- Выд. 1924.
207. Ластоўскi В. -- Падручны расiйска-крыўскi
(беларускi) слоўнiк. Коўна. 1924.
208. Лiпiлiн I.В. -- Як совецкая ўлада
будуе новае жыцьцё. 1933.
209. Лур'е.
-- Гандлёвы i пазыковы капiтал. (Палiтэканомiя). 1932.
210. Лясны
Зм. -- Пра днi мiнулыя.
Выд. ДВБ.
211. Луцэвiч Ул. i Савёнак А. -- Дашкольны
спеўнiк. Выд. ДВБ. 1933.
212. Маракоў В. У с е к н i г i.
213. Мiкулiч Б. “ “ “ “ “
214. Мiцкевiч М. i Лёсiк Я. -- Як Мiкiта
баранiў сваiх. Менск. 1917.
215. Мыслiнскi I. --
"Общепонятая" мова. Менск. 1926.
216. Мазур Iгнат. -- Чырвоная Беларусь.
Менск. 1928.
217. Мацярыкiн М.С. -- Асновы
iндустрыялiзацыi сельскай гаспадаркi БССР. Менск. 1930.
218. Маракоў. -- Права на зброю. Менск.
219. Мiрон К. -- Iнструкцыя па ўлiку
лесакультурных работ у леспрамгасах БССР. Менск. 1933.
220. Матэрыялы па вывучэнню геалогii i
карысных выкапняў Беларусi. -- Том. VI. Выд. БАН. 1933.
221. Матэрыялы па вывучэнню геалогii,
гiдралогii i карысных выкапняў БССР. -- Том VII. Выд. Бан. 1933.
222. Матэрыялы да справаздачы
Белкаапсаюза. -- Выд. Белкаапсаюза. 1934.
223. Мятла. -- Аб таварыстве беларускай
школы. Выд. БАН. 1932.
224. Малякоў Л.I. -- Веццевы корм. Выд.
ДВБ. 1932.
224а. Майзель Ю. i Шапавалаў М. -- Кароткi
нарыс гiсторыi КП(б)Б. ДВБ. Менск. 1929.
224б. Майзель. -- 1905-7 гг. на Беларусi.
Менск.
225. Некрашэвiч I.I. -- У с е к н i г i.
226. "Наша нiва". -- Зборнiк.
Вiльня. 1920.
227. Навiна Ант. -- Жыдоўскае пытанне ў
беларускай лiтаратуры. Вiльня. 1921.
228. “ “ “ “ “ -- Пуцяводныя iдэi беларускае лiтаратуры. Вiльня. 1921.
229. Народны прыгавор. -- 1921.
230. Нацыянальнае пытанне i комунiстычная
партыя. -- Менск. 1924.
231. Некрашэвiч М.I. -- Жыццё i праца. Менск.
1925.
232. Некрашэвiч С. -- Лемантар. Менск. Усе
выданнi.
233. “ “ “ “ “ -- Аб пашырэннi акання на чужаземныя словы. Менск. 1926.
234. “ “ “ “ “ -- Роднае слова. Менск.
235. “ “ “ “ “ -- Расiйска-беларускi слоўнiк. Менск. 1928.
236. Наша сiла -- саюз. -- Менск. 1926.
237. Некрашэвiч С. i Бузук П. -- Праграма
для збiрання асаблiвасцей беларускiх гаворак пераходных да суседнiх моваў.
Менск. 1927.
238. Некрашэвiч. -- Беларускi
нацыянал-фашызм.
239. Нiсневiч С. -- Арганiзавана правядзем
другую большэвiцкую ўборачную кампанiю. Менск. 1931.
240. Новасёлаў М. -- Зямля расцвiтае.
(Пер. з рас. мовы). Менск. 1932.
241. Остэрлёф Вольдэмар i Шустэр Язэп. --
Сусветная гiсторыя. Вiльня. 1921.
242. Олiкер i Розенблюм. -- Нарысы па
гiсторыi комсомола БССР. Менск. 1928.
243. Пiвавараў З. У с е к н i г i.
244. Пушча Я. “ “ “ “ “
245. Прышчэпаў Д. “ “ “ “ “
246. Пiчэта У. “ “ “ “ “
247. Палонскi. -- 10 чырвонаармейскiх
песен. Изд. БВО.
248. Паўловiч Альберт. -- Васiлькi. П'еса.
Вiльня. 1919.
249. Памяцi Iвана Луцкевiча. -- Вiльня.
1920.
250. Парады закладчыкам спажывецкiх
таварыстваў. -- Вiльня. 1920.
251. Праграмы Беларускае Нiжэйшае
Пачатковае Школы. Менск. 1920.
252. Праграма Беларускай народнай партыi
рэволюцыянераў-соцыялiстаў. Вiльня. 1920.
253. Праграма Беларускай партыi
соцыялiстаў-рэволюцыянераў. (Праект). 1920.
254. Праграма для гутарак па гiсторыi
роднага краю. Менск. 1921.
255. Праграма па роднай мове. Менск. 1921.
256. Пятровiч I.А. -- У с е к н i г i.
257. Паўлiнка. -- Сялянская доля. 1921.
258. Паўловiч Альберт. -- Снапок. Вiльня.
1921.
259. Прэч рукi ад нашай зямлi. 1921.
260. Пушкевiч Ю. -- Лемантар для ўзрослых.
Менск. 1926.
261. Падгорны А. i Нiкулiн Я. -- Палiтграмата.
Менск. 1926.
262. Праца акадэмiчнай канферэнцыi па
рэформе беларускага правапiса i азбукi. -- Менск. 1927.
263. Паваротны. -- Камсамольцы ў калгасе.
Выд. 1930.
264. “ “ “ “ “ -- Камсамольскiя вячоркi. Менск. 1927.
265. Пiотуховiч Мiхал. -- Францiшак
Скарына i яго лiтаратурная дзейнасць. Менск. 1927.
266. “ “ “ “ “ -- Ля вытокаў лiрыкi Янкi Купалы. Менск. 1927.
267. “ “ “ “ “ -- Паэтычнае светаадчуванне ў творчасцi Якуба Коласа. Менск. 1927.
268. “ “ “ “
“ -- Нарысы гiсторыi Беларусi i лiтаратуры. Ч. I-я. Менск. 1928.
269. Працы
Горы-Гарэцкага навуковага таварыства. Том I. Горкi. 1928.
270. Працы
Беларускага Дзяржаўнага Унiверсiтэта ў Менску. №16.
-- Педагагiчны факультэт. Менск. 1927.
271. Першы год працы БНД Iнстытута i
рабочы план працы на 1927-1928 год. (Склалi Прышчэпаў,
Гарэцкi i Думах). Менск. 1927.
272. Пратасевiч Iван. -- Рабочая кнiга па
беларускай мове. Сiстэматычны курс марфалогii i элемента сiнтакса. Менск. 1928.
273. Праект укладання слоўнiка жывой
беларускай мовы. Менск. 1929.
274. Праваслаўны каляндар на 1929 год.
Менск. 1929.
275. Прохараў А.А. -- Культура цукровых
буракоў БССР. Менск. 1930.
276. Пруслiн. -- 1917 год у Полацку. Выд.
1934.
277. Пiкус, Жванскi, Баяровiч,
Крывадубскi. -- Памятка па арганiзацыi севазварота ў прамысловасцi i
свiнасоўгасах. Менск. 1932.
278. Пеўзнер. -- Грамадазнаўства. Менск.
1927.
279. Прымерны план работы. Выд. Аршанскага
Райсовета Асоавiяхiма.
280. Пралеска Язэп. -- Паноў трэба
знiшчаць гуртам. Выд. ДВБ. 1933.
281. Петрайцiс. -- Лемантар. ДВБ. 1931.
282. Пiгулеўскi. -- Кнiга для чытання
пасля лемантара. ДВБ. 1932.
283. Пастанова Цэнтр. Совета Асоавiахiма
па дакладу тав. Кузьнецова. -- "Аб ходзе падрыхтоўкi i задачах новага
вучэбнага году". 1933.
283а. "Полымя рэволюцыi". Увесь
камплект за 1934 год.
284. Пруднiкаў Алесь. -- Зямныя зоры. Выд.
ДВБ. ЛIМ. 1932.
285. Рак-Мiхайлоўскi С. -- У с е к н i г i.
286. Рак-Сiмон. -- Гутарка аб беларускай
мове. Менск. 1919.
287. Радзевiч Л. -- Пакрыўджаныя. (П'еса).
Менск.
288. “ “ “ “ “ -- Рэволюцыйным шляхам. Менск. 1928.
289. “ “ “ “ “ -- Сцэнiчныя творы. 1921.
290. “ “ “ “ “ -- Беларусь. (Вершы). Вiльня. 1922.
291. “ “ “ “ “ -- Досвiткi. 1922.
292. Ракiта С. -- У с е к н i г i.
293. Рэўка С. -- З-пад Барысава
(Ф.Багушэвiч). Смык беларускi. Коўна. 1922.
294. Равiнскi М. -- Зборнiк песень з
нотамi. Менск. 1922.
295. Роднае слова. Менск. I i II ч. Усе
выданнi.
296. Русак М. -- Народны суд над
селянiнам, запусцiўшым сваю гаспадарку. Менск. 1924.
297. Рэволюцыя 1905 г. (Зборнiк пад рэд.
Iгнатоўскага i Я. Левiна. Менск. 1926.
298. Рудомiно Г. -- Грамадазнаўства.
Менск. Усе выданнi.
299. Рудомiно Юры -- Грамадазнаўства.
Менск.
300. Рэкамендацыйны спiс лiтаратуры да ХI
гадавiны са дня смерцi В.I.Ленiна. Выданне Дзяржбiблiятэкi. 1935.
300а. Розенблюм. -- У с е к н i г i.
301. Смолiч А. -- У с е к н i г i.
302. Сташэўскi В. “ “ “ “ “
303. Скрыган Я. “ “ “ “ “
304. "Совецкае будаўнiцтва".
Журнал № 8-9. Выд. 1926 г.
305. Смолiч Аляксандра -- Зорка.
Беларуская граматыка. Вiльня. Усе выданнi.
306. Сучасны -- П.С.Х. Фацэцiя на 1-ю
дзею. Вiльня. 1923.
307. Сцэнiчныя творы для дзiцячага тэатра.
Вiльня. 1923.
308. Спекулянты беларускай душой. 1921.
309. Станкевiч Янка. -- Беларускi правапiс
з практыкаваннямi. Вiльня. 1921.
310. “ “ “ “ “ Правапiс чужых слоў. Вiльня. 1921.
311. Стыдна маўчаць i чакаць. 1921.
312. Сцэнiчныя творы: Ц.Гартны --
Соцыялiстка. М.Кудзелька -- Сон на балоце. Ф.Аляхновiч -- Калiсь, лес шумеў.
Менск. 1924.
313. Сваяк Казiмiр. -- Мая лiра. (Вершы).
Вiльня. 1924.
314. Сулiма -- Здзехоўскi аб беларускай
душы. Вiльня. 1924.
315. Самковiч У. i Пратасевiч I. -- Родныя
шляхi. Менск.
316. Слоўнiк лясных тэрмiнаў. Менск. 1926.
317. Сцепановiч Хв. -- Родная мова ў
комплекснай сiстэме выкладанння ў школе I-га канцэнтра. Менск. 1928.
318. Сцэнiчныя творы. (Зборнiк). Вiльня.
1928.
319. Сержпутоўскi Александр -- Прымхi i
забабоны беларускiх паляшукоў. Менск. 1930.
320. Сталевiч -- Беларускi
нацыянал-фашызм. 1930.
320а. Сiлiн Б. i Захараў. -- Як кашалi
плесцi. БДВ. 1926.
321. Скрыпнiк -- Нацыянальнае пытанне ў
праграме комiнтэрну. Менск. 1930.
322. Слоўнiк тэрмiналогii агульнае
раслiнагадоўлi. Менск.
323. Соя ў БССР. Менск. 1933.
324. Сiневока-Неразiк -- Рабочая кнiга 3
год навучання. Ч. I i II. ДВБ. 1932 г.
325. 17 год на варце соцыялiзма. Брашура
I.Iванова. Выд. БВО. 1935.
326. Совецкая дэмакратыя. Зборнiк. Выд.
БелАН.
327. Салагуб -- Лукiшкi. Выд. 1932 г.
328. Сыцько В.М. -- Крытыка трацкiсцкай
тэорыi iмперыялiзму. Выд. БАН. 1934 г.
328а. Сталiн I.В. -- Пытаннi ленiнiзму. На
белмове. Пераклад Яна Густыра. Белдзяржвыдавецтва. Менск. 1931 г.
329. Таўбiн Ю. -- У с е к н i г i.
330. 1905 год у Беларусi. -- Зборнiк
артыкулаў пад рэдакцыяй Шульмана. Менск. 1925 г.
331. Тарас на Парнасе. Менск. 1917.
332. Тарашкевiч Б. -- Беларуская граматыка
для школ. Вiльня. Усе выданнi.
333. Тарас Палясоўшчык. -- Коўна. 1925.
334. Тутэйшы -- Што дзялiць, а што не, каб
супакой быў на свеце. 1920.
335. Тэраўскi Ул. -- Беларускi спеўнiк з
нотамi на тры галасы паводле народных мелодый. Менск. 1921.
336. “ “ “ “ “ -- Беларускi лiрнiк. -- Спеўнiк на 4 галасы. Берлiн. 1922.
337. Тупяневiч С. i Заяц П. -- За лепшую
сельскую гаспадарку i сельска-гаспадарчы гурток. Менск. 1926.
338. Указаннi да праграм няпоўнай сярэдняй
i сярэдняй школы (V-X класы). Кнiга. БДВ. 1934. Рэд. Лашчынскi.
339. Улiцын. -- Суд над трохпалёўкай.
1935. Менск. 1926.
340. “ “ “ “ “ -- За ўраджай. Менск. 1929.
341. “ “ “ “ “ -- Насенне, яго якасць i падрыхтоўка. Менск. 1931.
342. Уладаў В. -- Вытворчыя нарады ў
калгасах. Менск. 1931.
343. Уральскi -- Знiштажэнне
супроцьлегласцi памiж горадам i вёскай. Выд. ДВБ. 1933 г.
344. Фарботка Я. -- Беларусь у песнях.
Менск. 1920.
345. Хадыка Ул. -- У с е к н i г i.
346. Хто вiнават. 1921.
347. Харламповiч П. -- Пяцiгоддзе
дзяржаўнага музея. Менск. 1927.
348. Халепа. -- 14 год Кастрычнiцкай
рэвалюцыi. 1931.
349. Хайтун. -- Паходжанне i класавая
сутнасць вялiкадня. Менск. 1933.
350. Хрэстаматыя рэв. лiтаратуры Заходняй
Беларусi. Выд. БАН. 1933 г. Пад рэд. Мятлы.
351. Цвiкевiч А.I. -- У с е к н i г i.
352. Цвiкевiч I.I. -- “ “ “ “ “
353. Цэйтлiн М. -- Арганiзацыя буйнай
гаспадаркi iльнянога раёна. Менск. 1931.
354. Чарот М. -- У с е к н i г i.
355. Чарняўская Л. -- Дзяцiнныя гульнi.
Вiльня. 1919.
356. Чарняўшчынка Л. -- Родны край. Менск.
1921.
357. Чаго чакаць беларусам ад Польшчы.
1921.
358. Чуйко Г. -- Вынiкi масавых доследаў з
угнаеннямi па БССР. Менск. 1930.
359. Чарняўскi. -- Яўрэйскi рабочы на зары
рэв. руху. Менск. 1932.
360. Чарнушэвiч Н. -- Дзiва. (Вершы).
Менск. 1927 г.
361. "Чтец". Зборнiк
Сярожнiкава. ГIЗ. 1926 г.
362. Шантыр Ф. -- Патрэбнасць
нацыянальнага жыцця для беларусоў i самаадзначэнне народа. Слуцк. 1918.
363. Што трэба ведаць кожнаму беларусу.
Зборнiк артыкулаў розных аўтараў: Мiцкевiча, Лёсiка, Ластоўскага, Багдановiча i
iнш. 1918.
364. Ш. Рыгор. -- Чаму-ж ты маўчыш, кабета
сялянская? Бярэсце. 1921.
365. Шуляк I. -- Вышэй галаву беларускi
селянiн. Пiнск. 1921.
366. Шлюбскi Ал. -- Сябра iнстытута
беларускае культуры. Паны i сяляне ў перашай палове Х1Х стагоддзя. Менск.
367. “ “ “ “ “ -- Бядуля, як этнограф. Менск. 1925.
368. “ “ “ “ “ -- Квашанiна. Вiцебск. 1926.
369. “ “ “ “ “ -- Матэрыялы для вывучэння фальклора i вiцебскае культуры.
Менск. 1927.
370. Шапавалаў М. -- Скарына, яго днi ды
друк на Беларусi. Менск. 1925.
371. Шэўчык i Саломенiк. -- Граматыка
беларускай мовы. (Марфалогiя i сiнтакс).
372. Шыпiла I. -- Што кожны селянiн
павiнен ведаць аб кааперацыi. 1925.
373. Шпiлеўскi. -- Беларуская Акадэмiя
Навук да ХV-годдзя. Выд. БАН. 1934 г.
374. Школьныя тэксты. Менск. 1927 г.
375. Шчакацiхiн Мiкола -- Нарысы з
гiсторыi беларускага мастацтва. Том I. Курганныя старажытнасцi Беларусi. Менск. 1928.
376. Шатэрнiк М. -- Краёвы слоўнiк
Чэрвеньшчыны. Менск.
377. Шапялевiч. -- Беларуская мова. (Першы
i другi год навучання). Менск. 1933.
378. Шыменас -- Кнiга для чытання. 2-гi
год навучання. Цэнтральнае выдавецтва СССР. 1931 г.
379. “ “ “ “ “ -- Кнiга для чытання 4 год навучання. Ч. 2.
380. Шчэрбакоў. -- Кастрычнiцкая рэволюцыя
на Беларусi i белапольская акупацыя. Менск. 1930 г.
381. Э.Б. Што такое простая i што такое
мудрэйшая гаворка. Вiльня. 1920.
382. Ядвiгiн Ш. -- Бярозка. Вiльня. 1923.
383. “ “ “ “ “ -- Чалавек. Хлеб. Баба. Заморскi звер. Пазыка. З маленькiм
бiлецiкам. Вучоны бык. Што сказаў певень. Падласонкi. Рабы. Дачэсныя.
(Апавяданнi). Менск.
384. Янчук Н.А. -- Нарысы па гiсторыi
беларускай лiтаратуры. Менск. 1922.
385. Ярашчук Е.Л. -- Сувязь сялянскай
гаспадаркi БССР з рынкам. Менск. 1926.
386. Якуб Колас у лiтаратурнай крытыцы.
Менск. 1926 г.
387. Янка Купала ў лiтаратурнай крытыцы.
Менск. 1928 г.
388. Якiмовiч А. i Гародкiна Е. -- Чытанка
для II класа. ДВБ. Менск. 1936.
Дадаткова канфiскуюцца:
1. Шчэрбакоў. -- Нарыс гiсторыi Беларусi. Ч. I. Менск.
1936.
2. “ “ “ “ “
Класавая барацьба i гiстарычная навука на Беларусi. Менск. 1934 г.
3. Кернажыцкi. -- Да гiсторыi аграрнага
руху на Беларусi напярэдаднi iмперыялiстычнай вайны. БАН. Менск. 1932 г.
4. “ “ “ “ “
Аграрная рэформа ў Бабруйскiм старастве. Менск. 1930 г.
5. “ “ “ “ “
Гаспадарка прыгоннiкаў на Беларусi. Менск. 1936.
6. Кастрычнiк на Беларусi. -- Зборнiк.
Менск. 1927 г.
7. Дудкоў Д. -- Сталыпiнская рэформа ў
Вiцебскай губернii. Менск. 1931 г.
8. Зборнiк афiцыйных дакументаў у дапамогу
масаваму настаўнiку. Склалi Н. Левiн i А. Хайфец. ДВБ. 1934 г.
9. Некрашэвiч А. -- Чытанкi для III i IV
кл. Выд. 1933, 1934, 1935, 1936 гг. ДВБ. Менск.
420. Васiленко. -- Хрэстаматыя па
беларускай лiтаратуры для IХ-Х класа. Менск. ДВБ. 1935 г.
421. Бендэ. -- Хрэстаматыi па Беларускай
лiтаратуры для V, VI i VII класаў. Выд. ДВБ. Менск.
гiсторыя адной палемiкi
Спрэчцы, аб якой пойдзе гаворка, на
момант напiсаньня гэтых радкоў ўжо каля сямi гадоў. У
сьнежнi 1987 году газэта "Звязда" пачала адкрытую
размову пра злачынствы сталiншчыны ў Беларусi. За "круглым сталом"
сабралiся вязьнi ГУЛАГу пiсьменьнiкi Ян Скрыган i Сяргей Грахоўскi, прыйшоў
фiлёзаф Уладзiмiр Конан, даслаў свае лягерныя ўспамiны краязнаўца Мiхаiл Мельнiкаў, у якасьцi "раздражняльнiка" быў запрошаны
вядомы сваiмi камунiстычнымi перакананьнямi фiлёзаф Вiктар Боўш.
Ужо з гэтай першай публiкацыi
"Узяць з гiсторыi агонь" (22 сьнежня 1987 г.) адразу паўстала
праблема катаў i ахвяраў. Прывяду вытрымку з той гутаркi:
“У.Конан: Павiнна быць нейкая
гiстарычная адказнасьць за свае дзеяньнi. У 30-я гады ў "ЛiМе"
друкавалiся пратаколы партсходаў. Вась даклад са сходу 25 красавiка 1937 году,
якi рабiў намесьнiк старшынi праўленьня Саюзу пiсьменьнiкаў Александровiч. Iван
Аляксеевiч Скрыган i Сяргей Грахоўскi яго памятаюць. Цытую: "Жылуновiч --
Цiшка Гартны -- гэта закончаны, закляты вораг беларускага народу; Зарэцкi працягваў
тыя ж самыя iдэi, што i Жылуновiч. Сымон Баранавых -- кулак, юродзiвы
бандыт..." i гэтак далей. Дацэнт В.Барысенка ў "акадэмiчных
артыкулах" 1936 году называў М.Гарэцкага "нацыянал-фашыстам", а
Я.Коласа -- прапагандыстам "мiстыкi" i "буржуазнага нацыяналiзму".
Што было рабiць пасьля гэтага адпаведнаму органу?
Рэплiка: Публiчны данос!"
Пасьля публiкацыi ў рэдакцыю пайшлi
лiсты, званiлi, прыходзiлi ахвяры камунiстычнага рэжыму ды iх дзецi. Iх допiсы,
расказы сталi зьяўляцца на старонках газэты. Быў надрукаваны i лiст Усевалада
Iгнатавiча Мазура.
Помню высакароднасьць, помню
подласьць
“Звязда", 27 сакавiка
1988 г.
Глыбокiм болем адазвалiся ў маей душы артыкул "Узяць з гiсторыi агонь..." i водгукi чытачоў на яго. У
артыкуле нядобрым словам успамiнаецца лiтаратар В.Барысенка, якi ў
сваiх опусах 30-х гадоў ачарнiў М.Гарэцкага i Я.Коласа. Пiсанiна Барысенкi адыграла не апошнюю ролю
ў зьнiшчэньнi выдатнага беларускага лiтаратара i ганеньнях на народнага
песьняра. Барысенка зламаў жыцьцё i iншым сумленным людзям. Сярод iх -- два
блiзкiя мне чалавекi -- бацька Iгнат Мiкалаевiч Мазур i
Марта Iванаўна Калiнiчэнка.
У 20-я гады яны працавалi
настаўнiкамi ў Менску i адначасова падрыхтавалi хрэстаматыю "Чырвоная
зьмена", якая вытрымала некалькi выданьняў. У 1936 годзе Барысенка
сфабрыкаваў такi паклёп на гэтую кнiжку, што Марта Iванаўна была асуджаная на 5
гадоў зьняволеньня. Бацьку, члена РКП(б) з 1918 году, удзельнiка грамадзянскай
вайны, выключылi з партыi.
Аб характары "рэцэнзii"
можна меркаваць па такiм прыкладзе. У падручнiку быў
зьмешчаны артыкул аб тубэркулёзе -- наколькi ён небясьпечны,
як засьцерагацца ад такой цяжкай хваробы. Адзначалася, што тубэркулёз распаўсюджаны ў
Беларусi значна больш, чым на Украiне, у Францыi, Iталii, Нямеччыне. Парткамiсiя ў 1936 годзе i слухаць не хацела довадаў бацькi аб тым, што трывожныя лiчбы
прыводзiлiся
на IХ зьездзе КП(б)Б i апублiкаваныя ў газэтах, i што надрукаваныя яны ў хрэстаматыi дзеля таго, каб школьнiкi былi iнфармаваныя
наконт гэтай хваробы.
-- Не, -- кiдалi яму, -- вы жадаеце
перакрэсьлiць дасягненьнi Савецкай улады па ахове здароўя.
Выключэньне з партыi нанесла бацьку
страшэнны ўдар, ён доўга хварэў. Але на гэтым ня скончылiся ягоныя пакуты. Як
нi цяжка ўспамiнаць, у першы ж дзень вайны, у ноч на 23 чэрвеня 1941 году, бацьку
арыштавалi. Нiякiя абвiнавачаньнi не прад'яўлялiся.
Па сьпiсах выклiкалi чарговую групу
зняволеных i кудысьцi адводзiлi. Настала i бацькава чарга. Пад аховай павялi за
горад. Канваiры зьдзеквалiся: "Вось i вас пусьцiм у расход, а самi пойдзем
да вашых жонак". Выйшлi на магiлёўскую шашу, у прыдарожнай яме ўбачылi
целы расстраляных...
Зрабiлi яшчэ некалькi крокаў i раптам
начальнiк канвою падае каманду: "Стой!" У 1946 бацька расказваў, што
ў яго ад гэтай каманды сэрца як абарвалася. Камандзiр зьвярнуўся да калёны:
-- Я атрымаў загад расстраляць вас як
ворагаў народу. Аднак адчуў шчырасьць i разгубленасьць
вашых размоваў. Ня верыцца мне, што вы -- ворагi. Таму iдзiце да нашых, на
ўсход...
Усю вайну бацька быў на фронце,
узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркi, мэдалямi. Пасьля вайны бацька
часта ўспамiнаў таго малодшага лейтэнанта, якi захаваў жыцьцё яму i некалькiм
дзясяткам iншых зьняволеных. Гараваў, што ня ведаў ягонага прозьвiшча, каб
нiзка пакланiцца яму ў ногi...
А паклёпнiк Барысенка? Яго стараньнi
былi кiм трэба ацэненыя, ён хутка ўзьляцеў у гару i да сваiх
апошнiх дзён займаў высокую кiраўнiчую пасаду ў беларускай лiтаратуразнаўчай
навуцы. Быў на вышынi да самай сьмерцi ў 1984 годзе, калi яму споўнiлася 80
гадоў.
Вячаслаў Мазур
Ад аўтара
Так заканчваўся гэты, адзiн з многiх
водгукаў на публiкацыю гутаркi "Ўзяць з гiсторыi агонь". Ён меў працяг. Пасьля папераджальнага
званка ад дырэктара Iнстытуту лiтаратуры В.Каваленкi з
абвяржэньнем прыйшла супрацоўнiца iнстытуту, дачка В.Барысенкi С.Забродская. Пасьля праверкi, перапiскi з архiвамi была
надрукаваная падборка матэрыялаў, якую адкрываў лiст С.Забродскай. Пулiкацыя
называлася
"Закрытая"
рэцэнзiя
“Звязда”, 31 ліпеня 1988 г.
... Мой бацька, акадэмiк АН БССР В.В.Барысенка,
абвiнавачваецца ў "ачарненьнi" М.Гарэцкага i Я.Коласа i сцьвярджаецца, што "пiсанiна Барысенкi адыграла не апошнюю ролю
ў зьнiшчэньнi выдатнага беларускага лiтаратара
i народнага песьняра". Сапраўды, В.В.Барысенка
ў 1936 г. рэзка пiсаў пра творчасьць М.Гарэцкага,
дапускаючы iдэйна-палiтычныя абвiнавачаньнi, i, вядома ж, памыляўся.
Але пiсаў ён пасьля таго, як М.Гарэцкi быў ужо рэпрэсаваны. Такая акалiчнасьць не апраўдвае майго бацьку, але сказаць, як гэта
робiць У.Мазур, што яго артыкул
непасрэдна дачынiўся да гiбелi М.Гарэцкага, будзе няпраўдай.
Тады, на жаль, пра М.Гарэцкага ў такiм
духу пiсалi многiя.
Адносна ж Якуба Коласа У.Мазур зусiм
ня мае рацыi ў сваiх абвiнавачаньнях, кiдаецца ў вочы iх бяздоказнасьць, бо
няма нiводнай спасылкi нi на дакумэнты, нi на друкаваныя матэрыялы. Калi б так
было на самой справе, як пiша У.Мазур, то ў майго бацькi не ўстанавiлася б
добрых дзелавых i прыязных асабiстых адносiн зь вiцэ-прэзыдэнтам АН БССР
Я.Коласам, калi бацька працаваў шмат гадоў у падначаленьнi Я.Коласа на пасадзе
дырэктара Iнстытуту лiтаратуры iмя Янкi Купалы АН БССР...
Прычынай усiх трагiчных падзеяў у
жыцьцi бацькi У.Мазур лiчыць рэцэнзiю, якую "сфабрыкаваў"
В.Барысенка, але спасылкi на рэцэнзiю няма, не сказана, па якiх фактах можна
меркаваць, што такая рэцэнзiя iснавала наогул.
У.Мазур вядзе размову пра вельмi
горкiя i трагiчныя факты ў жыцьцi народа i канкрэтных людзей i таму фактычная
дакладная доказнасьць мае маральную ацэнку. Бяздоказнасьць абвiнавачаньняў i
безапэляцыйны тон выказваньня аўтара нататкi непрыемна ўражваюць. Зварот жа да
канкрэтных крынiц, на якiя ўказвае У.Мазур, фактычна
пацьвярджае безадказнасьць У.Мазура ў асвятленьнi падзеяў, пра якiя ён узяўся
разважаць. Ён нават не паклапацiўся праверыць гэтыя крынiцы.
Сапраўды, хрэстаматыя "Чырвоная
зьмена", падрыхтаваная М.Калiнiчэнкай i I.Мазурам, выйшла ў
Менску ў 1925 г. З 1925 па 1930 гг. яна была перавыдадзеная 8 разоў. Але
артыкула аб тубэркулёзе, за якi быццам зьведалi такiя цяжкiя спагнаньнi
ўкладальнiкi, нi ў адным выданьнi гэтага падручнiка нiколi не было. Як нiколi не
было i рэцэнзii В.Барысенкi на гэтую кнiгу. I гэта зразумела: наогул цi варта пiсаць рэцэнзiю на падручнiк праз шэсьць гадоў
пасьля яго апошняга, восьмага перавыданьня?!
На хрэстаматыю "Чырвоная
зьмена" былi напiсаныя тры рэцэнзii. Адна зь iх ("Звязда", 14
жнiўня 1929 г.) -- рэзка адмоўная. Аўтар, В.Хмялеўская, ставiла пытаньне аб
карэнным пераглядзе падручнiка, сумнявалася ў карысьцi яго для вучняў,
патрабавала выпраўленьня грубых памылак. Артыкул аб тубэркулёзе, якi ў якасьцi
прыкладу "характару" рэцэнзii В.Барысенкi на хрэстаматыю
"Чырвоная зьмена" прыводзiць У.Мазур, змешчаны ў другой хрэстаматыi.
Але склалi яе I.Мазур i К.Шапялевiч. Гэта чытанка для 3-га году навучаньня
"Чырвоная Беларусь". Выдавалася ў Менску ў 1925, 1927, 1928, 1929 гг.
У выданьнях 1925, 1927 гг. гэтай
кнiгi ў канцы артыкула аб тубэркулёзе прыводзяцца дзьве параўнальныя таблiцы. У
адной прыводзiцца лiк хворых на сухоты ў БССР на кожную 1.000 насельнiцтва ў
1923 i 1924 гг. у гарадах i вясковых мясцовасьцях. У другой таблiцы Беларусь параўноўваецца
зь Фiнляндыяй, Нямеччынай i Англiяй. Параўнаньняў з Украiнай i Францыяй, як i
нiякiх тлумачэньняў аб прычыне значна большага распаўсюджваньня тубэркулёзу ў
Беларусi, як сцьвярджае У.Мазур, у падручнiку няма. Таблiцы
зьмешчаныя толькi ў двух выданьнях -- 1925 i 1927 гг. У астатнiх таблiцы ўжо
адсутнiчаюць.
Такiм чынам, па сцьвярджэньню
У.Мазура, В.Барысенка напiсаў рэцэнзiю ў 1936 годзе на выданьне падручнiка
"Чырвоная Беларусь" 1925 або 1927 гг. нягледзячы на тое,
што ён перавыдаваўся i ў 1928 i ў 1929 гг. перагледжаным i папраўленым?! А
пасьля рэцэнзii В.Барысенкi, быццам бы, М.Калiнiчэнку
асудзiлi на 5 гадоў зьняволеньня, хоць яна нiякага дачыненьня да хрэстаматыi
"Чырвоная Беларусь" нiколi ня мела. Дарэчы, другi складальнiк
"Чырвонай Беларусi" К.Шапялевiч працягваў выдаваць
падручнiкi аж да 1963 г.
Час патрабуе аб'ектыўна ўзнавiць
трагiчныя падзеi 30-х гадоў, назваць сваiмi iмёнамi высакароднасьць i
подласьць. Але нельга пры гэтым карыстацца неправеранымi нагаворамi i
недабразычлiвымi чуткамi, бо гэта абражае само пачуцьцё высакародзтва. Вядома,
В.В.Барысенка быў чалавекам свайго часу, яго крытычнай творчасьцi ўласьцiвыя
пэўныя недахопы i ўпушчэньнi, абумоўленыя характарам гэтага часу. Але
перакананая: няма правоў у У.Мазура, дацэнта, заслужанага работнiка вышэйшай
школы БССР, члена КПСС з 1945 г., вэтэрана Айчыннай вайны падаваць факты ў
скажоным выглядзе, беспадстаўна публiчна зьневажаць i вiнавацiць В.В.Барысенку
ў паклёпнiцтве, якi, як i бацька У.Мазура, якому я спачуваю за перажытыя пакуты,
з самага пачатку Вялiкай Айчынай вайны i да яе канца знаходзiўся на фронце, быў
паранены, узнагароджаны двума ордэнамi Чырвонай Зоркi, Айчынай вайны II
ступенi, мэдалямi.
С.Забродская, супрацоўнiк Iнстытуту
лiтаратуры iмя Я.Купалы АН
БССР
Ад рэдакцыi. Як паказала праверка,
С.Забродская мае рацыю, сцьвярджаючы, што рэцэнзiя
В.Барысенкi на творы I.Мазура нiдзе не была апублiкаваная. Гэта была
так званая закрытая рэцэнзiя, якая iшла мэтавым прызначэньнем у пэрсанальную
альбо крымiнальную (каму як пашанцуе) справу.
Закрыты -- ад магчымага абвяржэньня,
асуджэньня з боку сумленных калег i знаёмых, нават дзяцей, -- рэцэнзэнт
добра ведаў, што патрабавалася даказаць i мог не абцяжарваць сябе пошукам
iсьцiны.
Многiя падобным закрытым спосабам ня
толькi ўратавалi свае жыцьцi, але i зрабiлi службовую, навуковую кар'еру,
трапiлi ў энцыкляпэдыi i хрэстаматыi...
Публiчнасьць сапраўды патрабуе
дакладнасьцi i доказнасьцi. Што ж, адкрыем раней надзейна закрытае. Чытачы самi
змогуць зрабiць вывады, пазнаёмiўшыся сёньня з тэкстам рэцэнзii В.Барысенкi (друкуем яе зь некаторымi скарачэньнямi), якую рэдакцыя
атрымала з Цэнтральнага партыйнага архiву Iнстытуту марксiзму-ленiнiзму пры ЦК
КПСС.
Рэцэнзiя
на чытанку "Чырвоная
зьмена" для другога году навучаньня i на чытанку "Чырвоная
Беларусь" для трэцяга году навучаньня 1925 году выпуску, укладальнiкi
I.Мазур, М.Калiнiчэнка.
... Асноўная частка мастацкага матэрыялу па сваёй тэматыцы зьвязаная з
паказам вёскi. Сялянства бярэцца як нешта
цэлае, адзiнае i падаецца без канкрэтнай клясавай дыфэрэнцыяцыi. У чытанцы
нiводнага разу не ўпамiнаецца слова "кулак", не паказваецца вобраз
кулака як драпежнiка.
Самае цэнтральнае месца займае
разьдзел "Прырода i багацьцi нашага краю", у якiм цераз адпаведна
падабраныя нарысы, навэлы i апавяданьнi i вершы прапагандуецца прышчэпаўская
палiтыка ў галiне сельскай гаспадаркi. Аўтар у якасьцi iдэалаў для беларускай
вёскi ставiць "казачную старонку" Данiю. Год 75 таму назад у дзяржаве
Данii, -- чытаем мы ў чытанцы, -- былi, напрыклад, такiя зямельныя парадкi, як
у нас зараз: тое ж трохпольле. Але гэтыя парадкi былi зьмененыя, тады сельская
гаспадарка Данii стала хутка папраўляцца".
Атаясамiўшы ўмовы жыцьця 75 год таму
назад працоўных мас сялянства Данii з умовамi жыцьця працоўнага сялянства пры
дыктатуры пралетарыяту ў Беларусi i гэтым, вядома, закрэсьлiўшы ўсё, што
прынесла з сабой пралетарская рэвалюцыя працоўным масам вёскi, аўтар чытанкi ў
слашчава-сэнтымэнтальных танах, як гэта ўласьцiва нацдэмаўскiм пiсакам, адкрыта
папулярызуе мары нацдэмаў i iх рэстаўратарскiя iдэалы. "Ёсьць на сьвеце,
пiша са сьлязьмi на вачах I.Мазур, невялiкая старонка, якая здаецца кожнаму
беларускаму селянiну надзвычай прыгожай, але зрабiць такой сваю старонку цяпер
пакуль што ён ня можа. Пэўна, Данiя -- старонка дробнай гаспадаркi, дзе селянiн
на 4-6 дзесяцiнах жыве ня горш за самага лепшага гаспадара".
(Насупраць гэтай цытаты на палях
рэцэнзii ў 1936 г. нехта абураны адзначыў "И это написано!" -- А.Л.)
Мабыць для таго, каб абгрунтаваць,
што самы бедны селянiн Данii жыве лепш за "нашага
гаспадара", I.Мазур прыводзiць таблiцу зь лiчбамi, у якой сьцьвярджае, што
лiк сухотных у Беларусi з году ў год расьце (у 1923 г. -- 18.805; у 1924 --
30.546 чалавек) i што Беларусь па вельмi вялiкай лiчбе сьмярцей ад сухот займае
першае месца ў сьвеце. Палiтычная сутнасьць арыентацыi нацдэмў на
кулацка-буржуазную Данiю ўсiм вiдавочная i не патрабуе тлумачэньняў. Але аўтар
чытанкi ня толькi шкадуе, што пакуль Савецкая Беларусь не падобная на
капiталiстычную Данiю, а iмкнецца паказаць шляхi i сродкi ператварэньня
Беларусi ў капiталiстычную Данiю, а менавiта -- шлях хутарызацыi. Iдэалiзуючы
кулацкiя гаспадаркi, аўтар чытанкi, каб утаiць сапраўдную контррэвалюцыйную
нацдэмаўскую сутнасьць прышчэпаўскай палiтыкi ў галiне сельскай гаспадаркi,
становiцца на шлях бессаромнай фальсыфiкацыi савецкiх законаў. "Дзеля
гэтага новы закон Савецкай улады, -- кажа Мазур, -- якi дазваляе селянiну
выходзiць на пасёлкi, можа вельмi далёка пасунуць наша земляробства i наогул,
сельскую гаспадарку".
Мастацкi тэкст спэцыяльна падабраны ў
такiм пляне, каб на iм выхоўваць i распальваць у вучня рэакцыйныя ўласьнiцкiя
iнстынкты i жаданьнi, каб выхоўваць любоў i прывязанасьць да сваёй палоскi,
хаткi, конiка i дапатопных сродкаў апрацоўкi зямлi. З гэтай мэтай шырока
выкарыстоўваюцца творы Коласа, Гартнага, Бядулi ("Новая зямля" i
iнш.).
Характарызуючы мiнулае i сучаснае
Савецкай Беларусi, аўтары ў цэлым шэрагу яркiх артыкулаў раскрываюць i
паказваюць жудасныя ўмовы жыцьця працоўных мас Беларусi. Але побач з гэтым у
чытанках мы маем цэлы шэраг нарысаў, напiсаных аўтарамi падручнiкаў, у якiх
замест паказу гераiчнага змаганьня працоўных мас Беларусi пад кiраўнiцтвам
Камунiстычнай партыi папулярызуецца нацыяналiстычны мiф аб Кастусю Калiноўскiм,
як легендарным герою, змагару за справу прыгнечаных мас беларускага сялянства.
У цэлым шэрагу вершаў мы маем ярка выказаную нацыяналiстычную рамантызацыю
фэадальнага мiнулага. У гэтых вершах мiнулае Беларусi эпохi фэадалiзму расцэньваецца I.Мазурам як "залаты
век".
У чытанках галоўным чынам выкарыстоўваюцца творы беларускiх пiсьменьнiкаў зь ярка выражанымi ўпаднiцкiмi i нацдэмаўскiмi настроямi. Нават больш таго, шырока прадстаўлены творы вядомага
нацыянал-фашыста Алеся Гаруна, якi, як вядома, у пэрыяд
грамадзянскай вайны заядла змагаўся супраць дыктатуры пралетарыяту i зь Беларусi выехаў разам зь Пiлсудскiм.
Ацэнкi артыкулаў I.Мазура (часопiс "Асьвета",
1925-1929 гады), на маю думку, павiнны давацца ў неадрыўнай
сувязi зь дзейнасьцю I.Мазура як рэдактара часопiса "Асьвета" на
працягу пяцi год. Вядома, што на старонках гэтага часопiса Балiцкi, будучы наркамам
асьветы, разьвiваў i абгрунтоўваў асноўныя ўстаноўкi контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў пытаньнях
народнай асьветы. Артыкулы Мазура носяць характар iнфармацыi, але, нягледзячы на
рэвалюцыйную фразэалёгiю, выконвалi функцыю папулярызацыi паасобных
мерапрыемстваў, якiя праводзiлiся часам па ўказцы Балiцкага.
Узяць артыкул "Iнтэрнацыянальнае
выхаваньне ў школе". У асноўным правiльна вызначаюцца
задачы iнтэрнацыянальнага выхаваньня. Але побач з творамi такiх пiсьменьнiкаў,
як Бедны, Безыменскi, Горкi, Александровiч i г.д., якiя сапраўды садзейнiчаюць
выхаваньню вучняў у духу пралетарскага iнтэрнацыяналiзму, даюцца такiя творы як
"Панская сучка" Гарэцкага, вершы нацыянал-фашыста Гаруна, "Кастусь
Калiноўскi" Мiровiча.
Ацэньваючы лiтаратурную прадукцыю
I.Мазура ў цэлым, мы павiнны зрабiць наступныя вывады: як у асноўных яго
працах, так i паасобных артыкулах знаходзяць сваё яскравае выяўленьне ўстаноўкi
контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў галiне культурна-нацыянальнага
будаўнiцтва i ў галiне аграрных пытаньняў. Школьныя чытанкi, укладзеныя
I.Мазурам, зьяўляюцца па сваёй палiтычнай накiраванасьцi варожымi i шкоднымi.
Артыкулы, зьмешчаныя ў часопiсе "Асьвета", ня толькi не накiраваныя
на выкрыцьцё нацыянал-дэмакратызму, а ў паасобных выпадках выконваюць функцыю
папулярызацыi нацдэмаўскiх установак i таксама зьяўляюцца шкоднымi.
Барысенка В.В. 9.06.1936 году.
(Прышчэпаў Д.Ф. (1897-1940),
наркамзем БССР (1924-1929); Балiцкi А.В. (1891-1937), наркам
асьветы БССР (1926-1929), -- пастановай калегii ОГПУ ад 18.03.1931 былi
зьняволеныя ў канцлягер на 10 гадоў кожны. 14 чэрвеня 1988 г. Судовая калегiя
Вярхоўнага Суда БССР адмянiла пастанову калегii ОГПУ адносна Прышчэпава i
Балiцкага за адсутнасьцю ў iх дзеяньнях складу злачынства.)
Роздум замест эпiлёгу
Час лечыць?
Зрываць покрыва нематы з падзеяў
нават паўвекавой даўнасьцi -- быццам зьдзiраць прысохлы бiнт з крыватачывай
раны нашай гiсторыi.
Балiць усiм -- ахвярам, катам, iх
памагатым, нам, хто сёньня ўглядаецца ў мiнулае, спрабуе зразумець яго ўрокi.
Але боль гэты -- гаючы, калi ў аснове
яго праўда. Яна дапамагае зжываць, выкарчоўваць сталiншчыну з псыхiкi, звычак, паводзiн. Мэтадалёгiя навешваньня ярлыкоў i стварэньня вобразу
ворага, якую яскрава дэманструюць архiўныя дакумэнты, на жаль, яшчэ ня ўсiмi
здадзеная ў архiў.
У 1955 годзе пераглядалася справа
I.Мазура, якi цудам застаўся жывы, i былi запатрабаваныя тлумачэньнi аўтара
закрытай рэцэнзii, у той час дырэктара Iнстытуту лiтаратуры i мовы АН БССР
В.Барысенкi. Ён пiсаў:
“У 1936 годзе я даў водгук на
школьныя хрэстаматыi, складзеныя I.Мазурам у
суаўтарстве з К.Шапялевiч i М.Калiнiчэнка. У маiм водгуку асноўны нацiск
зроблены на матэрыялах з жыцьця вёскi. У ацэнках я
дапусьцiў, як мне ўяўляецца цяпер, антыгiстарычны падыход. У ацэнцы я падышоў з
пазыцыяў 1936 г., калi пiсаўся мой водгук, а не з пазыцыяў 1926 г., калi
пiсалася рэцэнзуемая кнiга. Вядома, што ва ўмовах Беларусi 1936 год быў годам
вострай барацьбы з буржуазнымi нацыяналiстамi, барацьбы за лiквiдацыю вынiкаў
iх варожай дзейнасьцi ў органах сельскай гаспадаркi, якую нацыяналiсты
iмкнулiся пусьцiць па шляху капiталiстычнага разьвiцьця, асьветы, нацыянальнай
культуры i г.д.
Пад уплывам гэтай канкрэтнай
абстаноўкi я расцанiў тады зьмешчаныя матэрыялы, якiя выступалi за пасёлкi, як
прапаганду прышчэпаўскай, г.зн. нацдэмаўскай палiтыкi. У кнiгах пiсалася пра
1926 г., калi высяленьне на пасёлкi праводзiлася па закону, што тады дзейнiчаў.
I, зразумела, прапаганда гэтага мерапрыемства не заключала ў сябе нiчога
недазволенага.
Значыць, дадзеная мной ацэнка гэтых
матэрыялаў была антынавуковай, а, значыць, няправiльнай. Разглядаць i
трактаваць iх як прапаганду "прышчэпаўшчыны" няма падставаў".
Якiя тут камэнтары патрэбныя?
Кiдаецца ў вочы, як умела падводзiцца "аб'ектыўная" база пад
вымушанае апраўданьне: палiтычнае абвiнавачаньне -- прысуд 1936 году -- у 1955
квалiфiкуецца як "антыгiстарычны падыход". Многае са сваiх прац
В.Барысенка, Л.Бэндэ, Я.Бранштэйн i iншыя крытыкi i лiтаратуразнаўцы 30-х гадоў
хацелi б аб'явiць чыста навуковымi памылкамi...
С.Забродская абвяргае сьцьвярджэньнi
У.Мазура аб тым, што "пiсанiна Барысенкi адыграла не апошнюю ролю ў
зьнiшчэньнi М.Гарэцкага i ганеньнях на Я.Коласа" як цалкам
беспадстаўнае. Гэта ня так. Творы Купалы i Коласа "прасякнутыя iдэямi
нацыяналiзму i ўпаднiцтва", "Колас iдэалiзуе моцную кулацкую
гаспадарку i ўласнасьць наогул", "выступае як дробнабуржуазны
пiсьменьнiк"... Такiх i падобных ацэнак творчасьцi песьняра розных
пэрыядаў нямала ў артыкулах В.Барысенкi (гл. Беларуская савецкая лiтаратура. Лiтаратурная хрэстаматыя
для IХ i Х
класаў. -- Менск, 1935; часопiс "Полымя рэвалюцыi" №2-3, 1933 г. i iнш.).
А што датычыць М.Гарэцкага... Можна,
аказваецца, i ў 1988 годзе спрабаваць дзялiць
маральнасьць на дзьве часткi: адна да арышту, другая пасьля. Але народная
мараль ва ўсе часы сьцьвярджала: ляжачага ня б'юць. Тым больш -- хеўрай. М.Гарэцкi, як вядома, загiнуў у 1939 годзе i палiтычныя абвiнавачаньнi ў ягоны адрас, зь якiмi В.Барысенка выступаў у
друку з 1936 году, мякка кажучы, не спрыялi выратаваньню пiсьменьнiка. У 1937 годзе,
знаходзячыся ў ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз i
пайшоў на катаргу...
Гэткi ж лёс напаткаў Прышчэпава i Балiцкага. Прышчэпаў у жнiўнi 1937 г., пасьля датэрмiновага вызваленьня, быў паўторна арыштаваны "з-за
зноў адкрыўшыхся акалiчнасьцяў", этапаваны
з Магадана ў Менск i ў лiстападзе 1939 г. асуджаны да расстрэлу. Прысуд не прывялi ў выкананьне з-за сьмерцi
асуджанага. У справе Балiцкага 25.09.37 г. таксама
"адкрылiся новыя акалiчнасьцi" i пасьля катаваньняў (сьледзтва вёў опэрупаўнаважаны НКВД
Быхоўскi, сам у 1939 годзе асуджаны за
зьдзекi над вязьнямi) 30 лiстапада 1937 г. ён быў
прыгавораны да вышэйшай меры пакараньня i расстраляны на наступны
дзень. Зусiм магчыма, нечыя
"закрытыя" сьведчаньнi дапамаглi "адкрываць новыя акалiчнасьцi"...
... Мы ведаем -- будучыня за праўдай. I ў нас павiнна хапiць сiл, мужнасьцi i
мудрасьцi не адвярнуцца, не адступiць у пошуку iсьцiны, якой бы трагiчнай, балючай для нас
асабiста яна нi была. Узiраючыся ў дзень учарашнi, мы задаем сабе самае надзённае пытаньне: як жыць
сёньня?
Гiсторыя адказвае: жыць так, каб не
было сорамна нi перад бацькамi i дзядамi, якiя зрабiлi рэвалюцыю i перамаглi фашызм, нi перад уласнымi дзецьмi i ўнукамi.
А.Лукашук
Звязда", 31 лiпеня 1988
г.
Ад аўтара
Гэтая публiкацыя ледзь не сарвалася
па маёй уласнай вiне. Якраз напярэдаднi яе выхаду ў сьвет я
ўдзельнiчаў у нарадзе журналiстаў, якую праводзiў загадчык iдэалягiчнага аддзелу ЦК КПБ
С.Паўлаў, вядомы жандар беларускай прэсы. Адзiн з
запрошаных, рэдактар маладзёжнай газэты, хвастаў, як ён выкрыў антысавецкаю
правакацыю. Да яго зьвярнуўся хлопчык, якi зь сябрамi цiкавiўся жыцьцём паўночнаамэрыканскiх iндзейцаў, i папрасiў расказаць пра iх групу ў газэце -- яны хочуць аб'яднацца з аднадумцамi, перапiсвацца з iндзейцамi, расказваць пра гэта ў
прэсе.
-- Разумееце, што атрымлiваецца, -- налiваўся голас прамоўцы радаснай урачыстасьцю, -- гэта ж яны
хацелi працягнуць меркаваньне, што
Беларусь таксама рэзэрвацыя!..
Мяне як шылам ткнулi, настолькi дакладна ход думкi пiльнага газэтчыка паўтараў абвiнаваўчую мэтадалёгiю Барысенкi. Я ўстаў i пачаў з гэтай жахлiвай аднатыпнасьцi мысьленьня, згадаў
падрыхтаваную да друку рэцэнзiю Барысенкi, а калi загаварыў пра дэсталiнiзацыю сьвядомасьцi, партiдэоляг стаў перабiваць, я агрызацца i справа скончылася
скандалам з крыкамi i
пагрозамi. (Адзiны з паўсотнi калег, хто паспрабаваў
тады суцiшыць партыйнага хама, што ўвайшоў
у звыклы разносны раж, быў Генадзь Бураўкiн, тагачасны старшыня
дзяржтэлерадыё.)
Тым ня менш публiкацыя выйшла.
Пытаньне "як жыць?" у перадапошнiм сказе майго камэнтару было
пастаўлена правiльна. А вось адказ добра сьведчыць, якая блытанiна яшчэ была
тады ў галаве, як, дарэчы, i навокал. Рэабiлiтацыя ахвяраў iшла пад
кiраўнiцтвам КПСС, прафэсiйныя атэiсты праводзiлi магiчныя апэрацыi з душамi
забiтых i аднаўлялi iх у партыi, а грамадзтва рукапляскала i вярталася
"наперад да Ленiна".
Праз год пасьля публiкацыi
"Закрытай рэцэнзii" высьветлiлася, што я памыляўся ня толькi з
адказам "як жыць", але i з заключным словам як жанрам -- да эпiлёгу ў
справе Барысенкi было яшчэ далёка. 1 верасьня 1989 году газэта "Лiтаратура
i мастацтва" зьмясьцiла артыкул Вiктара Каваленкi, прысьвечаны В.Барысенку i маёй публiкацыi.
Дзе вiна, дзе бяда...
Перадавых людзей краiны радуе, што iнтэнсiўна паглыбляюцца працэсы
перабудовы. Дэмакратызацыя вядзе да зьмены палiтычных
структур, што абяцае фармаваньне новага, сапраўды гуманiстычнага аблiчча сацыялiзму. Iдзе барацьба за новую
сацыялiстычную якасьць народнай
сьвядомасьцi. З гэтай мэтай сёньня строга
"дапытваецца" мiнулае, высьвятляюцца
абставiны i
шляхi, якiя прывялi да трагедыi сталiнiзму. Крывавая рэпрэсiўная сыстэма жорстка
ламала чалавечыя лёсы, асуджала мiльёны людзей на пакуты i зьдзек. I зусiм зразумела, што каб разабрацца ў сацыяльнай, iдэйнай i маральнай сутнасьцi падзеяў таго часу, патрэбен iх аб'ектыўны i глыбокi аналiз. I ў гэтай надзвычай важнай i
адказнай справе ня можа быць дробязяў, бо самi
факты мiнулага яшчэ крывавяць трагiчнай памяцьцю, будзяць вострыя ўспамiны пра перажытае. Тут пасьпешлiвасьць цi недастаткова пiльная ўвага да сукупнасьцi ўсiх фактаў больш чым шкодная. У дадзеным выпадку, як нi пры якай, бадай, iншай нагодзе, праўда мае
адкрыта маральнае i палiтычнае выяўленьне.
Рэспублiканскiм друкам усьлед за ўсесаюзным прароблена немалая праца па
факталягiчным i маральна-палiтычным узнаўленьнi праўды страшнага мiнулага.
27 сакавiка 1988 году газэта
"Звязда" зьмясьцiла допiс заслужанага работнiка вышэйшай школы БССР
У.Мазура "Помню высакароднасьць, помню подласьць", у якiм ён згадваў пра лёс свайго бацькi I.Мазура, рэпрэсаванага ў гады
сталiнскага беззаконьня. Згадваў,
вядома, з апраўданым гневам i абурэньнем, iмкнучыся знайсьцi адказы на трывожныя,
няясныя пытаньнi: як такое магло здарыцца i хто вiнаваты?
У масавых людзкiх трагедыях пэрыяду культу асобы,
як гэта цяпер усiм вядома, ёсьць канкрэтныя вiноўнiкi, акрамя I.Сталiна. Iх iмёны ўсё шырэй i шырэй называюцца ў
друку, што заканамерна. Аднак тут несумненна патрабуюцца асьцярожнасьць,
дакладнасьць, строгi iндывiдуальны падыход i вычарпальная ацэнка, пiльная ўзважанасьць усiх фактаў, бо iнакш можна выклiкаць новую несправядлiвасьць i жорсткасьць.
Асаблiвасьць выступленьня У.Мазура
таксама ў тым, што ён робiць спробу знайсьцi канкрэтных вiноўнiкаў няшчасьця сваёй сям'i. У
допiсе такiм канкрэтным вiноўнiкам называецца лiтаратуразнаўца i крытык В.Барысенка, пазьней акадэмiк АН БССР, якi шмат гадоў, у тым лiку i пасьля ХХ зьезду КПСС,
займаў пасаду дырэктара Iнстытуту лiтаратуры iмя Янкi Купалы. Прычым, у допiсе У.Мазура прама
гаворыцца, што В.Барысенка атрымаў высокiя званьнi за беспрынцыпную палiтычную пазыцыю ў 30-х
гадах, за напiсаньне рэцэнзii зь несправядлiвымi палiтычнымi абвiнавачаньнямi аўтараў хрэстаматыi "Чырвоная
зьмена" I.Мазура i М.Калiнiчэнкi.
Пасьля публiкацыi У.Мазура "Помню высакароднасьць, помню
подласьць" у "Звяздзе" ад 31 лiпеня
1988 году выступiла дачка Барысенкi С.Забродская, якая пiсала, што абвiнавачаньнi супраць яе бацькi перабольшаныя i што згаданай У.Мазурам
рэцэнзii не iснуе. Аказалася,
што рэцэнзiя была "закрытай" i таму ў друку не зьяўлялася. Гэтую
рэцэнзiю ў скарочаным варыянце газэта апублiкавала ў тым жа нумары з
камэнтарамi А.Лукашука, якi адназначна i безагаворачна падтрымаў
непасрэдную вiнаватасьць В.Барысенкi ў рэпрэсiях супраць I.Мазура, М.Калiнiчэнкi, а таксама -- Д.Прышчэпава, А.Балiцкага i iншых.
Азнаямленьне з гэтымi матэрыяламi
адносна асобы В.Барысенкi не пераканалi мяне ў дастатковай аб'ектыўнасьцi
вывадаў, зробленых на iх падставе. На маю думку, у дадзеным выпадку патрэбны
больш глыбокi i акуратны аналiз сытуацыi i больш уважлiвы ўлiк фактаў,
зьвязаных зь бiяграфiяй В.Барысенкi.
Вядома, В.Барысенка вiнаваты перш за
ўсё ў тым, што ён напiсаў такую рэцэнзiю, незалежна ад таго, шчыра ён памыляўся
цi ня шчыра. Гэта бясспрэчна падрывае яго аўтарытэт як чалавека i вучонага,
далучае да тых сiл, якiя ў часы культу асобы Сталiна тварылi беззаконьне. Можна
дапусьцiць таксама, што закрытая рэцэнзiя В.Барысенкi магла быць выкарыстаная
некiм для ўзмацненьня рэпрэсiўных акцыяў супраць канкрэтных людзей. Але ня
будзем забывацца ў такiм выпадку, што гэта ўсяго толькi наша меркаваньне,
толькi дапушчэньне. Пакуль што няма рэальных фактаў, якiя дазвалялi б прасачыць
уплыў рэцэнзii на трагiчны лёс канкрэтных людзей. Вядома, заўсёды можна сказаць,
што яна для такой мэты i пiсалася. Але гэта будзе абстрактная пасылка, бо
застануцца многiя супярэчнасьцi, фактычныя несупадзеньнi. Прынамсi, адкрытых
заклiкаў да расправы з кiм-небудзь у рэцэнзii няма.
Застаецца невядомым, таксама, у якой
ступенi выкарыстоўвалася i наогул цi выкарыстоўвалася
рэцэнзiя В.Барысенкi ў палiтычных абвiнаваўчых справах I.Мазура, М.Калiнiчэнкi,
тым больш Д.Прышчэпава, А.Балiцкага i iншых. Тут узьнiкае нямала
сумневаў. Так, М.Калiнiчэнка сапраўды была рэпрэсаваная. Але ў другiм допiсе,
зьмешчаным у "ЛiМе" 19 жнiўня 1988 году, сам У.Мазур пiша ўжо, што М.Калiнiчэнка была арыштаваная як "жонка
нацдэма", хоць у першым допiсе "Помню высакароднасьць, помню
подласьць" у арышце М.Калiнiчэнкi прама вiнавацiў В.Барысенку. "У
1936 г., -- сьцьвярджаецца ў першым допiсе, -- Барысенка сфабрыкаваў такi
паклёп на гэту кнiжку (хрэстаматыя "Чырвоная зьмена" -- В.К.), што
Марта Iванаўна была асуджаная на 5 гадоў зьняволеньня". Кiдаецца ў вочы,
што ў рэцэнзii В.Барысенкi прозьвiшча М.Калiнiчэнкi ўвогуле ня згадваецца.
Газэта "Звязда" чамусьцi зьмясьцiла рэцэнзiю В.Барысенкi пад
загалоўкам "Рэцэнзiя на чытанкi "Чырвоная зьмена" i
"Чырвоная Беларусь" (1925 году выпуску, укладальнiкi I.Мазур i М.Калiнiчэнка)", хоць на самой справе ў машынапiсе яна мае
загаловак "Рэцэнзiя на працы I.Мазура". Прозьвiшча М.Калiнiчэнкi не прысутнiчае ў тэксьце рэцэнзii. У падмене загалоўка
газэтай ня будзем бачыць нейкi зламысны намер. Але факт застаецца фактам: у
вынiку недагляду -- скажам так -- вiна В.Барысенкi штучна павялiчваецца.
Сёньня, калi мы ведаем пра жорсткую
няўмольнасьць рэпрэсiўнай машыны, зьвяртае на сябе ўвагу i такая важная
акалiчнасьць, якую наўрад цi можна паставiць у прамую вiну В.Барысенку:
рэцэнзiю В.Барысенка напiсаў у 1936 годзе, а I.Мазур быў арыштаваны толькi на
першы дзень вайны. I тут сумненьне: калi б менавiта гэтая рэцэнзiя служыла
прамым i адзiным доказам "вiны" I.Мазура, наўрад цi органы ГПУ сталi
б марудзiць. Дарэчы, у рэцэнзii В.Барысенкi былi i станоўчыя ацэнкi прац I.Мазура, хоць i выказаныя дэкляратыўна, але публiкуючы рэцэнзiю,
газэта чамусьцi скарацiла iх. Мы не бяромся сьцьвярджаць, што станоўчыя
выказваньнi аўтара рэцэнзii маглi хоць неяк зьмякчыць лёс I.Мазура, але калi
яны апушчаны, пазыцыя Барысенкi выглядае яшчэ больш аднабакова нэгатыўнай, чым
яна была на самай справе.
Так, I.Мазур i М.Калiнiчэнка
выключалiся з партыi, але зноў цяжка сказаць, наколькi да гэтага непасрэдна
дачынiлася рэцэнзiя В.Барысенкi. Прынамсi, В.Барысенка быў ня першы, хто
несправядлiва ацанiў хрэстаматыю "Чырвоная зьмена". Чытанкi, аўтарамi
якiх былi М.Калiнiчэнка i I.Мазур, у тым лiку хрэстаматыя "Чырвоная
зьмена", падвяргалiся палiтычнаму разносу ў друку ўжо з 1929 году. Як
прыклад, можна назваць бiблiяграфiчны водгук В.Хмялеўскай "Чым кормяць
нашых вучняў. Аб кнiзе "Чырвоная зьмена" ("Звязда", 14
жнiўня 1929 году) i артыкул Л.Талмачова "Разрыў з жыцьцём. Кулацкая
iдэалёгiя ў школьных падручнiках" ("Чырвоная зьмена", 5-6
кастрычнiка 1929 году). Такiм чынам В.Барысенка быў, прынамсi, трэцяй, а не
першай асобай у шэрагу ганiцелей аўтараў хрэстаматыi "Чырвоная
зьмена".
Некалькi дзiўным i не зусiм
зразумелым зьяўляецца i такi факт. Прымаючы да друку выступленьне С.Забродскай,
супрацоўнiкi газэты "Звязда" не сказалi ёй, што рэцэнзiя ўсё ж iснуе,
хоць ведалi пра гэта. Калi б С.Забродская мела патрэбную iнфармацыю, яна,
напэўна, устрымалася б ад выступленьня ў газэце. Але яе выступленьне
надрукавалi -- i эфэкт атрымаўся "вялiкi". Толькi цi да месца нават
самы маленькi лоўчы азарт у такiх справах?
Вельмi iстотным упушчэньнем у
камэнтарах А.Лукашука "Роздум замест эпiлёгу" зьяўляецца, на мой
погляд, тое, што ён нiдзе не гаворыць, што погляды i ацэнкi, выказаныя ў
закрытай рэцэнзii В.Барысенкi, былi агульнапрынятымi ў друку 30-х гадоў i
адлюстроўвалi афiцыйную лiнiю савецкiх i партыйных органаў. Сапраўды, у
рэцэнзii згадваюцца з адмоўным значэньнем прозьвiшчы Д.Прышчэпава i
А.Балiцкага, але ж вядома, што гэтыя прозьвiшчы хаялiся ва ўсiм друку ўжо з
канца 20-х гадоў. З камэнтароў жа А.Лукашука можна зрабiць вывад, што iнiцыятыва
ў нападках на Д.Прышчэпава i А.Балiцкага належала В.Барысенку.
I Д.Прышчэпаў, i А.Балiцкi былi ўжо даўно арыштаваныя i на ўсю моц працавала
ўжо магутная сыстэма падаўленьня ўсяго сумленнага, цьвяроза-рэалiстычнага,
мудрага, самастойна мысьлячага, што было ў народзе. Немагчымай стала i
сумленная ацэнка сучасных людзей. Навошта гуляць у хованкi: не В.Барысенка i нават ня першы сакратар ЦК КПБ вызначаў тады, як
характарызаваць дзейнасьць Д.Прышчэпава. Тут усё ўжо было прадвызначана. Не
згадаць пра гэта -- значыць у нейкай ступенi адступiць ад праўды жыцьця i
гiсторыi. Супрацоўнiкi "Звязды" не захацелi нават заглянуць у БелСЭ,
дзе прозьвiшчы Д.Прышчэпава i А.Балiцкага нават ня згадваюцца. А гэта
ж нядаўнi час, 70-я гады. Няўжо i ў гэтым вiнаваты В.Барысенка?
У той час нiхто ня мог пiсаць
станоўча таксама пра К.Калiноўскага i А.Гаруна, бо
афiцыйная ацэнка iх грамадзкай i лiтаратурнай дзейнасьцi была рэзка адмоўная.
Але недастаткова аб'ектыўнае асьвятленьне асобы В.Барысенкi ў матэрыялах, зьмешчаных у газэце "Звязда",
выявiлася ня толькi ў тым, што ў iх не даецца
характарыстыка агульнага фону iдэйнага i духоўнага жыцьця сярэдзiны
30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, што А.Лукашук зусiм
не гаворыць, якiм быў i як паводзiў сябе В.Барысенка пасьля
ХХ зьезду КПСС. Аўтар камэнтароў не захацеў нiчога
высьвятляць па лiнii
пазьнейшых грамадзянскiх паводзiн В.Барысенкi. А гэта надзвычай важна.
Як вядома, у сьвятле палiтыкi i iдэалёгii ХХ зьезду партыi зусiм неаднолькава глядзiцца, прыкладам,
грамадзянскае i маральнае аблiчча з аднаго боку М.Хрушчова i А.Мiкаяна, а з другога --
Л.Кагановiча, Г.Малянкова i В.Молатава. Што датычыць асобы В.Барысенкi, то ўсе, хто ведаў яго i
працаваў разам зь iм, могуць засьведчыць, што ён зь
вялiкай радасьцю ўспрыняў iдэi ХХ зьезду КПСС, шчыра вiтаў усе перамены ў эканамiчным,
сацыяльным i культурным жыцьцi краiны i -- што самае галоўнае -- сам працаваў мэтанакiравана i актыўна ў духу новага
часу. Будучы доўгi час, да 1973 году, на пасадзе
дырэктара Iнстытуту лiтаратуры iмя Янкi Купалы АН БССР, ён сьмела i
рашуча падтрымлiваў сумленныя навуковыя пошукi супрацоўнiкаў, шмат зрабiў, каб ў Iнстытуце лiтаратуры i ва ўсiм беларускiм лiтаратуразнаўстве панавала здаровая маральная атмасфэра,
якая садзейнiчала б разьвiцьцю самастойнай думкi, непрыняцьцю
вульгарна-сацыялягiчных спрашчэньняў у лiтаратуразнаўчых ацэнках.
Гэта ён у пачатку 60-х гадоў публiчна сказаў тагачаснаму
сакратару ЦК КПБ па iдэалёгii, якi любiў каманду ў культурнай палiтыцы:
"Вы iдзеце да перамен, як Швэйк на
фронт". Прызнаем, што нават сёньня
ня кожны самы шчыры прыхiльнiк перабудовы асьмелiцца на такое. Для нас сёньня
павiнна быць вельмi важна, што В.Барысенка быў чалавекам, якi ўсьведамляў свае
памылкi i iмкнуўся калi ня выправiць iх, то, прынамсi, не паўтарыць.
Так, В.Барысенка ў 30-я гады разам зь
iншымi лiтаратуразнаўцамi даваў несправядлiвыя, iдэйна скажоныя ацэнкi
дзейнасьцi i творчасьцi К.Калiноўскага, А.Гаруна i М.Гарэцкага. Але ён пазьней
рашуча адмовiўся ад гэтых ацэнак. I гэта шмат гаворыць у яго карысьць. У
"Гiсторыi беларускай дакастрычнiцкай лiтаратуры" (1969), якая
стваралася пры яго творчым удзеле i пад яго навуковым кiраўнiцтвам, дзейнасьць
i творчасьць К.Калiноўскага, А.Гаруна i М.Гарэцкага ацэнена зусiм
iнакш. Пра М.Гарэцкага ў "Гiсторыi..." зьмешчаны асобны разьдзел, у
якiм у адрас пiсьменьнiка справядлiва не сказана ўжо нiводнага самага
бяскрыўднага крытычнага слова. Асобны артыкул аб'ектыўнага зьместу быў
падрыхтаваны тады i пра творчасьць А.Гаруна, але ён
ня быў зьмешчаны ў "Гiсторыi..." па прычыне, якая не залежала ад
жаданьня В.Барысенкi.
Б.Сарноў у артыкуле "Пра
"маўчальнiкаў" i "першых вучняў", аналiзуючы як гераiчныя,
так i трусьлiвыя лёсы многiх людзей у пэрыяд культу асобы i застою, робiць, на
мой погляд, хоць i вымушаны, маральна ўступлiвы, але гiстарычна непазьбежны
вывад: "У рэшце рэшт важна ня тое, якiм ты быў сорак, цi трыццаць, цi
дваццаць, i нават дзесяць гадоў назад. Важна, якi ты цяпер.
Вядома, каранi сёньняшнiх паводзiн
людзей вядуць у iх мiнулае. Але "водападзел" праходзiць не мiж тымi,
хто "грэшны", i тымi, хто "без граху", а мiж тымi, каму
падабаўся, каго задавальняў мiнулы час, i тымi, каму было тады моташна,
невыносна". ("Огонек", 1989, №16, с.30).
В.Барысенку таксама было
"моташна, невыносна", пра што сьведчыць яго жыцьцёвая лiнiя пасьля ХХ
зьезду партыi.
Вядома, нельга спрашчаць маральны i
грамадзянскi зьмест асобы В.Барысенкi, зыходзячы толькi з
аднаго станоўчага i прывабнага, што было ў iм. Бясспрэчна, ён быў чалавекам
свайго часу i разам са сваiм часам пераадольваў цяжар фальшывых установак,
стэрэатыпных прадпiсаньняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых
кан'юнктурных адрачэньняў. Здаралася, што i пасьля ХХ зьезду КПСС у яго
выступленьнях траплялiся пасьпешлiвыя i неапраўданыя ацэнкi i вывады, зробленыя
на падставе старых, няплённых тэарэтычных канонаў. Так, напрыклад, ён
незаслужана асуджаў некаторыя творы В.Быкава, выступаў
з нападкамi ў ходзе афiцыйна разьвязанай кампанii супраць рамана Б.Пастарнака
"Доктар Жывага", як i многiя тагачасныя крытыкi i пiсьменьнiкi.
Памыляўся ён часам i ў падборы кадраў. I ўсё ж тое станоўчае i карыснае, што
было зроблена В.Барысенкам для разьвiцьця беларускай лiтаратуры, беларускага
лiтаратуразнаўства i крытыкi, не павiнна быць забыта цi закрэсьлена, нават калi
мы пры гэтым справядлiва асуджаем яго памылкi.
Вiктар Каваленка
Ад аўтара
Адказ-абвяржэньне В.Каваленкi стаў
для мяне нечаканасьцю. Прайшло больш за год пасьля публiкацыi "Закрытай
рэцэнзii", i перамены за гэты час адбылiся такiя, як за дзесяцiгодзьдзi.
Ужо ў "барацьбе за
сацыялiстычную якасьць народнай сьвядомасьцi" ЦК КПБ i мясцовая
палiцэйшчына справiлi свой шабаш на Дзяды, ужо з газэт выкiдвалi рэдактараў,
якiя занадта "iнтэнсiўна паглыблялi працэсы перабудовы". На БНФ,
"Талаку" ды iншых нефармалаў са старонак "Политического
собеседника", "Вечернего Минска", iншых выданьняў абрынулiся
патокi хлусьнi, якую рыхтавалi як партыйныя органы, гэтак i газэтныя халуi.
(Нагнятаўся псыхоз. Двое саслужыўцаў па "Звяздзе", заўважыўшы
"нефармальных" гасьцей у маiм кабiнэце, ня вытрымалi, пабеглi i
пазванiлi ў КГБ. З пiльнымi калегамi ў калектыве па-ранейшаму вiталiся.)
На гэтым фоне газэта "Лiтаратура
i мастацтва" заставалася цi не адзiным
выданьнем, якое пасьлядоўна супрацьстаяла злавоннай Вандэi. Галоўны рэдактар
Анатоль Вярцiнскi добра трымаў удар, рэдакцыя з адвагай адстойвала прынцыпы
маральнай журналiстыкi. Палемiзаваць зь "ЛiМам", далiбог, не
хацелася.
Артыкул В.Каваленкi быў зьмешчаны на
апошняй старонцы штотыднёвiка пад рубрыкай "Лiст у рэдакцыю". На
адваротным баку старонкi пад рубрыкай "З паэтычнай пошты" былi
надрукаваныя iншыя лiсты ў рэдакцыю -- вершы чытачоў пра Курапаты. "Праз
хвiлiну мяне расстраляюць", -- так, ад першай асобы, з краю курапацкага
рва пачынаўся верш Алеся Жыгунова:
...Нас, магчыма, пасьля апраўдаюць,
Толькi ўсё гэта будзе
пасьля.
А пакуль на крывавым
дасьвецьцi
Просiм лiтасьцi ў катаў
дарма.
А пакуль справядлiвасьцi ў
сьвеце,
Ў цэлым сьвеце нi кроплi няма.
Не адказваць было немагчыма.
Дырэктар лiтаратуры
На пачатку 60-х гадоў група
беларускiх пiсьменьнiкаў у часе творчай паездкi наведала Нарыльск. Для
некаторых -- Сяргея Грахоўскага, Яна Скрыгана, гэта было ня першае падарожжа на
Поўнач, але першае без канвою, сабак, звычайнага "крок налева-направа --
страляем". На лiтаратурных вечарынах гасьцей абступалi шматлiкiя землякi.
Пасьля вызваленьня зь лягераў многiм не было да каго вяртацца ў Беларусь --
сем'i загiнулi, сваякi адраклiся...
-- А цi ведае хто Васiля Барысёнка?
-- запытаўся адзiн з былых вязьняў. -- У Менску ёсьць крытык Барысенка... --
Гэта мой родны брат. Прозьвiшча толькi зьмянiў...
Да нядаўняга часу iмя акадэмiка,
заслужанага дзеяча навукi, ляўрэата Дзяржаўнай прэмii,
шматгадовага дырэктара Iнстытуту лiтаратуры сустракалася выключна ў станоўчым
кантэксце. У шэрагу публiкацыяў у "Звяздзе" (1987-88 г.) згадвалiся
акалiчнасьцi шляху крытыка да навуковых вяршынь, якiя раней замоўчвалiся... 1
верасьня 1989 году ў палемiку ўступiў крытык Вiктар Каваленка.
Чаму члену-карэспандэнту АН,
заслужанаму дзеячу навукi, ляўрэату Дзяржаўнай прэмii,
цяперашняму дырэктару Iнстытуту лiтаратуры спатрэбiўся адзiн год i адзiн месяц,
каб выступiць у абарону свайго былога кiраўнiка i настаўнiка? Прачнуўся
iнстытуцкi патрыятызм? Адкрылiся новыя факты, якiя дазваляюць iначай ацанiць
паводзiны Барысенкi? Цi трынаццацiмесячная паўза i выбар другога выданьня для
адказу спатрэбiлiся, каб чытачы ня ведалi або забылiся пра зьмест папярэднiх
матэрыялаў?...
Лепш за ўсё, каб чытачы самi
параўналi публiкацыi. Непрыемна адказваць на папрокi ва ўяўных скажэньнях,
палемiзаваць з вывадамi накшталт таго, што ўдакладненая рэдакцыяй назва
рэцэнзii штучна павялiчвае вiну Барысенкi. Яго вiну ня так проста павялiчыць. I
што можна запярэчыць апанэнту, якi лiчыць: раз Барысенка быў ажно трэцiм, хто
крытыкаваў чытанкi, дык гэта мяняе справу. У прынцыпе, канешне, мяняе: дабiваць
ахвяру -- горш. В.Каваленка, несумненна, разьлiчваў на адваротны эфэкт гэтага
факту. Але ня трэба раўняць выступленьне ў друку 1929 году i спэцводгук
1936-га. Апошнi, апроч ацэнкi чытанак, выносiў прысуд лiтаратурнай,
рэдактарскай дзейнасьцi I.Мазура ў цэлым:
“... як у асноўных яго працах, так i
паасобных артыкулах знаходзяць сваё яскравае ўяўленьне ўстаноўкi
контррэвалюцыйнага нацыянал-дэмакратызму ў галiне культурна-нацыянальнага
будаўнiцтва i ў галiне аграрных пытаньняў. Школьныя чытанкi, укладзеныя
Мазурам, зьяўляюцца па сваёй палiтычнай накiраванасьцi варожымi i
шкоднымi..."
Як можна сёньня, ведаючы пра махавiк
рэпрэсiяў у сярэдзiне 30-х, усур'ёз пiсаць пра
вышэйпрыведзены тэкст, што "адкрытых заклiкаў да расправы з кiм-небудзь у
рэцэнзii няма" i яе "нэгатыўная" роля ў лёсе I.Мазура -- ня
больш чым "абстрактная пасылка"? I.Мазур бачыў папку са сваёй
"справай" -- iншых доказаў вiны, апрача рэцэнзii, там няма...
Ня хочацца губляць час на
высьвятленьне экстралiнгвiстычных фактараў -- пафас лiста В.Каваленкi далёка
выходзiць за рамкi гэтай канкрэтнай спрэчкi. Фактычна размова iдзе пра вельмi
балючую для нашага грамадзтва праблему гiстарычнай адказнасьцi чалавека за свае
дзеяньнi. Цi, як жорстка сфармуляваў Васiль Быкаў, -- праблему катаў i ахвяраў.
Адкрыцьцё закрытай рэцэнзii Барысенкi
-- да болю рэдкая спроба на строга дакумэнтальнай аснове паставiць пытаньне аб
маральнай адказнасьцi аднаго з тых, чыiмi намаганьнямi круцiлася крывавая
сталiнская мясарубка. Таму прынцыпова важна разабрацца нават не з адвакацкiмi
абвiнавачаньнямi ў "лоўчым азарце", "новай несправядлiвасьцi i
жорсткасьцi", а ў сыстэме аргумэнтацыi артыкула "Дзе вiна, дзе
бяда..." Сканцэнтравана сваю пазыцыю В.Каваленка тлумачыць так:
“Недастаткова аб'ектыўнае
асьвятленьне асобы В.Барысенкi ў газэце "Звязда" выявiлася ня толькi
ў тым, што не даецца характарыстыка агульнага фону iдэйнага i духоўнага жыцьця
сярэдзiны 30-х гадоў. Справа яшчэ ў тым, якiм быў i як паводзiў сябе
В.Барысенка пасьля ХХ зьезду КПСС".
Сэнс першай пасылкi гранiчна празрысты:
ва ўсiм вiнаватыя абставiны. Дарэчы, цяперашнi дырэктар Iнстытуту ў такiх
разважаньнях зусiм не арыгiнальны. Менавiта так, "уплывам канкрэтнай
абстаноўкi", тлумачыў сваю рэцэнзiю сам Барысенка ў 1955 годзе (гл.
вышэй). Гэтае тлумачэньне было надрукаванае, так што "характарыстыка
агульнага фону" ў газэце даецца, да таго ж -- зь першых вуснаў. Iншая
справа, як да "фону" ставiцца -- як да iндульгенцыi, што робяць два
дырэктары розных пакаленьняў, цi як да жыцьця, у якiм заўсёды ёсьць месца для
чалавечага выбару.
Выбар быў. I ёсьць, i будзе.
Адмаўляць яго – значыць адмаўляць тых, хто выступаў супраць
сталiнскiх парадкаў, ня здрадзiў сабе, захаваў годнасьць i трапiў у Курапаты;
тых, хто расплочваўся за сумленнасьць дзесяцiгодзьдзямi чорнай работы на
лесапавалах i ў шахтах; тых, нарэшце, хто выбраў немату, якая спапяляла
ўнутры... Правамернай бачыцца i мяжа памiж тымi, хто падпiсаў нясправядлiвыя
паказаньнi ў няволi, i тымi, хто страцiў чалавечае аблiчча i рабiў кар'еру,
займаючы месцы таленавiтых, здольных, сумленных.
Мiф аб усеагульным удзеле ў
злачынствах (як i аб роўнай адказнасьцi) -- абразьлiвы i
зьдзеклiвы. Хоць гнюсная сiла маральных вырадкаў узрасла пры
Сталiне ў шмат разоў -- не яны вызначалi духоўнае аблiчча народа. I
калi мы ганебна мала ведаем пра супрацiў сталiншчыне, яго
формы, яго пакутнiкаў i герояў, дык гэта таму, што тыран iх
баяўся i ненавiдзеў. Яны, iх дзецi гiнулi першымi.
“Асьцярожнасьць, дакладнасьць, строгi
iндывiдуальны падыход..." -- пералiчвае В.Каваленка свае патрабаваньнi да
гiстарычнага рассьледаваньня i ўжывае ў адносiнах да Барысенкi падыход самы што
нi ёсьць масавы, настойлiва падкрэсьлiваючы, што у сваiх паводзiнах той ня быў
адзiнокi. "Разам зь iншымi лiтаратуразнаўцамi i крытыкамi даваў
нясправядлiвыя, iдэйна скажоныя ацэнкi... Незаслужана асуджаў, як i многiя
тагачасныя крытыкi i пiсьменьнiкi..." i да т.п. Па-першае, масавасьць
гвалту над iсьцiнай не здымае асабiстай адказнасьцi з вучонага (калi ён
вучоны). Па-другое -- не было адно толькi "многiх iншых".
Пад час расправы з сотнямi вучоных,
пiсьменьнiкаў права "караць i мiлаваць" манапалiзавала пэўная
група, у якую ўваходзiлi Барысенка, Бранштэйн, Бэндэ, Вольскi, Канакоцiн,
Клiмковiч, Кучар, Модаль... Iх ацэнкi рабiлi "надвор'е", зь iх лiку
сьледчыя выбiралi аўтараў рэцэнзiяў-прысудаў.
Ня варта, i тут можна пагадзiцца з
В.Каваленкам, перабольшваццць ролю гэтых асобаў. Яны нярэдка толькi паслухмяна
выконвалi волю iншых. Аднак нельга i прымяншаць, бо гэта была роля памагатых
катаў. I дацэнт Барысенка выступаў у ролi не проста "аднаго з многiх"
падручных. Подпiс дэкана лiтаратурнага факультэта Менскага педIнстытуту (з 1932
г.), дырэктара Iнстытуту лiтаратуры i мовы (з верасьня 1937 г.) важыў больш,
чым меркаваньне "неаступененага" крытыка без высокай пасады.
Дацэнта пабойвалiся нават калегi па
заплечнаму лiтаратуразнаўству: 30 чэрвеня 1937-га ў "ЛiМе" з'явiўся
яго артыкул "Вораг пад маскай крытыка", прысьвечаны
член-карэспандэнту АН БССР Я.Бранштэйну. Той быў арыштаваны i праз год, у маi
1938-га, растраляны. З цягам часу, пакуль паплечнiкi зыходзiлi са сцэны,
аўтарытэт Барысенкi ўзрос настолькi, што яго пiльныя выступленьнi, як сьведчыць
у манаграфii "Беларуская крытыка i лiтаратуразнаўства: 20-30 гады"
М.Мушынскi, ўспрымалiся як кiраўнiцтва да дзеяньня нават такiмi катамi
беларускай лiтаратуры, як Бэндэ!..
У 1971 годзе, у "Весцях АН
БССР", вiншуючы акадэмiка з 75-годдзем, В.Каваленка сьцьвярджаў, што
"ўжо ў даваенны час склалася творчае аблiчча В.В.Барысенкi як
вучонага-лiтаратара... Валодаючы глыбокiмi ведамi, вострым пачуцьцём iсьцiны,
вялiкiмi творчымi здольнасьцямi, цьвёрдай iдэйнай перакананасьцю, Васiль
Васiлевiч шмат зрабiў для выпрацоўкi правiльнай генеральнай лiнii беларускай
лiтаратурнай навукi i крытыкi."
Зараз у "ЛiМе" В.Каваленка
запэўнiвае, што будучы акадэмiк пры гэтым адчуваў сябе
"моташна i невыносна". Няйначай, "вострае пачуцьцё iсьцiны" вiнаватае, што ў вясёлым жанры крытычнай стральбы па бездапаможных жывых мiшэнях два згаданыя далiкатныя перажываньнi праяўлялiся як азарт варашылаўскага стралка ў спалучэньнi з учэпiстасьцю яжоўскага сьледчага.
Вялiкiя творчыя здольнасьцi ў
выпрацоўцы генеральнай лiнii Барысенка прадэманстраваў ужо ў
першай сваёй значнай працы "Нацдэмаўская лiтаратуразнаўчая
метадалогiя М.Гарэцкага". Вось некалькi фраз з
адной толькi старонкi (з 39 падобных):
“М.Гарэцкi, адзiн з найбольш вiдных
нацдэмаў, добра вядомы сваёй шкоднiцкай контррэвалюцыйнай дзейнасьцю...
зьяўляецца найбольш яркiм i тыповым прадстаўнiком буржуазнага
лiтаратуразнаўства на Беларусi. Робячы стаўку на адрыў Савецкай Беларусi ад саюзу
сацыялiстычных рэспублiк, робячы стаўку на рэстаўрацыю капiталiзму ў нашай
краiне, на ператварэньне яе ў калёнiю iмпэрыялiстычных дзяржаваў, нацдэмы...
праводзiлi шкоднiцкую дзейнасьць, накiраваную на падрыхтоўку iнтэрвэнцыi, на
ўмацаваньне i ўзмацненьне кулацтва... Уся гэтая тэарэтычная i практычная
дзейнасьць М.Гарэцкага падпарадкаваная задачам рэалiзацыi
вышэйазначаных мной палiтычных установак беларускага контррэвалюцыйнага
нацыянал-дэмакратызму".
Нават кароткi ланцуг тагачасных
палiтычных установак кан'юнктурнае лiтаратуразнаўства ў асобах асаблiва верных
служак рабiла яшчэ карацейшым, больш задушлiвым. У якасьцi камэнтара да
працытаванага ўрыўку можна паўтарыць радкi з леташняй публiкацыi
"Звязды":
“М.Гарэцкi, як вядома, загiнуў у 1939
годзе, i палiтычныя абвiнавачаньнi, зь якiмi В.Барысенка выступаў у друку з
1936 году, мякка кажучы, не спрыялi выратаваньню пiсьменьнiка. У 1937 годзе, у
ссылцы, ён быў асуджаны яшчэ раз i пайшоў на катаргу..."
В.Каваленка папракае аўтара гэтых
радкоў у тым, што не захацеў нiчога высьвятляць пра далейшыя грамадзянскiя
паводзiны Барысенкi. Можа, В.Каваленка вядзе размову пра пасьляваенныя
выступленьнi Барысенкi з красамоўнымi назвамi "Шкодны дакумэнт (аб
нацыяналiстычных скажэньнях у праграмах па беларускай лiтаратуры для
ВНУ)"; "Супраць нiзкапаклонства перад буржуазнай культурай";
"Супраць касмапалiтызму ў лiтаратуразнаўстве" i да т.п.? Не. Гаворка
iдзе пра паводзiны пасьля ХХ зьезду партыi.
Тут -- другi прынцыповы пункт апоры
публiкацыi "Дзе вiна, дзе бяда..." "Для нас сёньня павiнна быць
вельмi важна,-- указвае В.Каваленка,-- што В.Барысенка быў
чалавекам, якi ўсьведамляў свае памылкi i iмкнуўся калi ня выправiць iх, то,
прынамсi, не паўтарыць".
Дапусьцiм, неяк удасца заплюшчыць
вочы на зьнiжэньне маральнага крытэрыю да такой ступенi, што лiчыцца ўжо
нармальным не выпраўляць уласныя "памылкi" (нармалёвы сынонiм для
плённай працы прафэсара на НКВД, праўда?). Але ж празь некалькi абзацаў
В.Каваленка сам аўтарытэтна сьведчыць, што i пасьля ХХ зьезду Васiль Васiлевiч
застаўся верны сваёй генэральнай лiнii -- "традыцыям фальшывых установак,
стэрэатыпных прадпiсаньняў, дагматычных захапленьняў, неапраўданых
кан'юнктурных адрачэньняў". (Далiбог, сынанiмiка В.Каваленкi сапраўды захапляе, асаблiва дагмат пра "неапраўданыя
кан'юнктурныя адрачэньнi" -- гэта цi не адмову ад роднага брата i зьмену
прозьвiшча мае на ўвазе аўтар? Хоць не, гаворка ж пра пасьлязьездаўскiя часы,
значыць, намёк тут на нейкую iншую здраду.) В.Каваленка сам расшыфроўвае
некаторыя захапленьнi Барысенкi пасьля ХХ зьезду: асуджаў творчасьць В.Быкава,
выступаў з нападкамi на Б.Пастарнака, "памыляўся" ў кадравай
палiтыцы.
Чаго В.Каваленку не хапае ў гэтым
паслужным сьпiсе? Удзелу ў фiзычным зьнiшчэньнi iншадумцаў? Дык з iдэямi ХХ
зьезду распраўлялiся параўнальна бяскроўна. На сваёй дзялянцы дырэктар
Iнстытуту лiтаратуры не пускаў (цi не хадайнiчаў, каб пусьцiлi) заняць свае
законныя месцы ў духоўнай спадчыне З.Астапенку,
М.Багуна, С.Баранавых, А.Вольнага, С.Дарожнага,
В.Каваля, Л.Калюгу, Т.Кляшторнага, Ю.Лявоннага,
В.Маракова, Б.Мiкулiча, А.Мрыя, Р.Мурашку, Я.Нёманскага,
В.Сташэўскага, Ю.Таўбiна, У.Хадыку, В.Шашалевiча... На
дзесяцiгодзьдзi была адтэрмiнаваная рэабiлiтацыя "Нашай Нiвы" --
якраз на артыкулы Барысенкi спасылалiся Абэцэдарскi i iншыя магiльшчыкi сапраўднай
гiсторыi. Пад арыштам трымалася i творчасьць клясыка нацыянальнай лiтаратуры
Максiма Гарэцкага -- на што ў дырэктара, верагодна, былi i асабiстыя прычыны.
У 1957 годзе зьявiлася манаграфiя
Барысенкi "Францiшак Багушэвiч i праблема рэалiзму ў беларускай лiтаратуры
ХIХ стагодзьдзя". Гэта адзiная кнiга дырэктара, дзе на вокладцы няма
прозьвiшча суаўтара -- хаця, на думку некаторых дасьледчыкаў, суаўтар iснуе i
тут. У аснове падыходу манаграфii -- ацэнка Францiшка Багушэвiча ў
"Гiсторыi беларускай лiтаратуры" Максiма Гарэцкага. Той самай, якую
Барысенка збэсьцiў на пачатку "навуковай" дзейнасьцi. Факт не
застаўся незаўважаным, i ў 1958 годзе ў лiтаратурных колах стала вядомая
эпiграма Сяргея Грахоўскага "Вучоны флюгер":
Спачатку ганiў, лаяў, выкрываў
Паэта-клясыка, яго дачку i брата
I вось за гэта атрымаў
Дыплём i стаўку кандыдата.
А дачакаўся зручнае пары,
Пачаў хвалiць
нябожчыка-паэта.
Усё перавярнуўшы дагары,
Убiўся ён у дактары,
Але застаўся прайдзiсьветам.
(Паэт расказваў, калi на стол
дырэктара незаўважна паклалi зборнiк з эпiграмай, той разадраў кнiжку i шпурнуў
у кут...)
У манаграфii Барысенкi можна знайсьцi
спасылку нават на Бэндэ. На Гарэцкага -- няма. Няма асобнага разьдзела пра
Гарэцкага ў акадэмiчнай "Истории белорусской советской литературы". Барысенка
не дапусьцiў выдатнага мастака слова нi ў адно з 19-цi перавыданьняў школьнага
падручнiка беларускай лiтаратуры, аўтарам якога, разам з В.Iвашыным,
зьяўляўся...
У артыкуле "Дзе вiна, дзе
бяда..." пазыцыя ў абарону Барысенкi грунтуецца на двух пунктах апоры:
абстаноўка 30-х гадоў, якая прымушала ўсiх быць як "многiя iншыя", i
асабiстая перабудова пасьля ХХ зьезду. Для ўстойлiвасьцi патрабуецца заўсёды
трэцi пункт апоры, у дадзеным выпадку -- ў рэальным жыцьцi. Яго няма. Не было ў
30-я гады адных толькi "многiх iншых", не было годных грамадзянскiх
паводзiн пасьля ХХ зьезду. Вядома, за дзесяцiгодзьдзi дырэктарства немагчыма не
зрабiць нешта карыснае для Iнстытуту i супрацоўнiкаў. Але хiба ня быў акадэмiк
больш чым шчодра аддзячаны за гэта -- уладай, акладам, ганарарамi, ляўрэацтвам,
хвалебнымi артыкуламi ў друку i энцыкляпэдыях?
Ня так даўно ў Iнстытуце лiтаратуры
рабiлi захады, каб перавыдаць доктарскую працу Барысенкi. Што ж, вiдаць
сотнi твораў рэпрэсаванай беларускай лiтаратуры могуць
пачакаць, як чакалi паўстагодзьдзя i больш. Пачакаем -- не
прывыкаць -- i мы. Але калi так неабходна перавыдаць акадэмiка Барысенку,
дык гэта павiнна быць сапраўды акадэмiчнае выданьне. З усiмi без выключэньня
працамi, з дакладнымi зьвесткамi пра лёс паэтаў, празаiкаў, лiтаратуразнаўцаў,
якiя патрапiлi на вастрыё ягонага пяра. Пажадана было б хоць пералiчыць
рэпрасаваныя творы, якiя, дзякуючы акадэмiку, ня ўбачылi сьвет альбо былi
пушчаны пад нож цэнзара. Варта прывесьцi цэлыя вершы i асобныя радкi Янкi
Купалы, Якуба Коласа, якiя, пад кiраўнiцтвам дырэктара, былi выкiнутыя з
акадэмiчных выданьняў народных паэтаў, а сьляды вiвiсэкцыi замецены -- нi
спасылкi, нi шматкроп'я. А ў навуковым камэнтары да акадэмiчнага выданьня
Барысенкi хацелася б прачытаць не юбiлейныя абстракцыi накшталт
"мэтанакiраванай i актыўнай працы ў духу новага часу", а
аргумэнтаваны разбор таго, што ў iнстытуце было зроблена дзякуючы, а што --
насуперак намэнклятурнаму рэкардсмэну, якi ўзначальваў установу з 1937 па 1973
гады.
Ёмiстае, вiдаць, атрымаецца выданьне.
Але навуковая спадчына "старэйшыны беларускага лiтаратуразнаўства",
як велiчалi Барысенку некаторыя вучнi, зойме там няшмат месца. Ступень доктара
навук, званьнi прафэсара, членкара i акадэмiка фактычна прысвоеныя -- унiкальны
выпадак -- за адну адзiную самастойную працу, да таго ж пабудаваную на чужой
канцэпцыi. Творчы архiў Барысенкi, перададзены на захаваньне ў акадэмiчную
бiблiятэку, складаюць ня рукапiсы, пляны, перапiска i да таго падобныя
матэрыялы навуковай альбо асьветнiцкай дзейнасьцi, а... ганаровыя граматы.
Дзеля паўнаты ў акадэмiчнае выданьне
Барысенкi варта ўключыць лiсткi з апошняй анкеты асабiстай справы, якую
акадэмiк запаўняў незадоўга да сьмерцi. У графу "сямейнае становiшча"
дрыготкай рукой упершыню за паўстагодзьдзя ўпiсана: "брат Мiкалай, жыве i
працуе ў Нарыльску..."
Запазьнiўся запiс цi не -- вырашаць
брату. А чытачы пасьля знаёмства з усiмi матэрыяламi разьбяруцца: дзе вiна, дзе
бяда, а дзе -- сам колiшнi дырэктар лiтаратуры.
І дзе мы самi?...
Аляксандар Лукашук
"Звязда", 26
верасьня 1989 г.
Ад аўтара
Дзе мы самi -- пытаньне да самога
сябе... Для адказу на яго амаль непрыдатны чужы досьвед, трэба самому абдзiраць
каленi, каб падняцца зь iх.
У 1990 годзе мяне абралi членам
Камiсii пры Вярхоўным Савеце, якая займалася правамi ахвяраў палiтычных
рэпрэсiяў. Гэта аблегчыла здабываньне матэрыялаў у архiвах, зьявiлася больш
магчымасьцяў дапамагаць ахвярам i iх дзецям у рэабiлiтацыi, вяртаньнi
маёмасьцi, знаёмстве са справамi iх закатаваных бацькоў. З падтрымкай дэпутатаў
апазыцыi БНФ Сяргея Навумчыка, Галiны Сямдзянавай, удалося паскорыць
рэабiлiтацыю праваабаронцы зь Беларусi Мiхаiла Кукабакi, якi ў 60-80 гады
правёў 17 гадоў у турмах, лягерах, вар'ятнях. Праўда, амаль нiчога не ўдавалася
зрабiць у дачыненьнi да катаў -- сыстэма абараняла iх насьмерць.
Раз-пораз у архiўных дакумэнтах, зь
якiмi я працаваў, мiльгала iмя Барысенкi, але пасьля палемiкi
зь Вiктарам Каваленкам мне здавалася, што тэма вычарпаная. Так
яно i выглядала, пакуль амаль празь пяць гадоў -- цэлую
эпоху, калi памянялася нават карта Эўропы! -- я не раскрыў
"ЛiМ" за 1 красавiка 1994 г. i не пабачыў, што
памыляўся... Быццам у адказ на колiшнюю разгубленасьць
дырэктара Iнстытуту лiтаратуры, якi цi то сьцьвярджаў, цi
пытаўся "Дзе вiна, дзе бяда..." супрацоўнiк таго ж iнiстытуту Уладзiмiр Казьбярук
удакладняў:
I вiна,
i бяда...
Балюча адбываецца ў нас працэс пераасэнсаваньня i пераацэнкi мiнуўшчыны. I добра,
калi бяруцца за гэтую справу людзi кампэтэнтныя i
сумленныя. А калi не хапае цi адной, цi другой якасьцi?
Тады мы становiмся сьведкамi розных манiпуляцыяў. Так можна сказаць i пра цэлыя этапы або эпохi гiсторыi народа наогул, i пра ацэнку дзейнасьцi паасобных людзей.
У мiнулыя гады зьявiўся шэраг
публiкацыяў, у якiх без улiку канкрэтных абставiн ацэньвалiся чалавечыя якасьцi
i навуковая дзейнасьць былога дырэктара Iнстытуту лiтаратуры iмя Янкi Купалы
нацыянальнай Акадэмii Навук Васiля Васiлевiча Барысенкi. Думаецца, настала пара
спакойна, разважлiва зiрнуць на колiшнiя супярэчлiвыя падзеi з адлегласьцi, з
улiкам усяго нашага вопыту i па часьцi абвiнавачаньняў, i па часьцi
апраўданьняў. Тут давядзецца аглядвацца на дзьве даўнiя публiкацыi: на артыкул
В.Каваленкi "Дзе вiна, дзе бяда..." i разносна-пагромны адказ
А.Лукашука "Дырэктар лiтаратуры". Нагадаю, што В.Каваленка зрабiў
спробу пры характарыстыцы В.Барысенкi вельмi ўзважана i
пасьлядоўна, з усёй сур'ёзнасьцю ўлiчваць
незвычайную складанасьць сытуацыi ў 30-я гады. У той жа час А.Лукашук паставiў В.Барысенку побач з Л.Бэндэ i абвiнавацiў яго амаль што не ва ўсiх бедах, якiя ў 30-я гады навалiлiся на нашую лiтаратуру, на многiх яе прадстаўнiкоў. Ён безапэляцыйна адкiнуў думку пра неабходнасьць улiчваць агульны фон iдэйнага i духоўнага жыцьця 30-х гадоў.
Пад занавес свайго палемiчнага
выступленьня А.Лукашук падагульняе: "У артыкуле
"Дзе вiна, дзе бяда..." пазыцыя ў абарону Барысенкi
грунтуецца на двух пунктах апоры: абстаноўка 30-х гадоў, якая
прымушала ўсiх быць як многiя iншыя, i асабiстая перабудова пасьля ХХ зьезду.
Для ўстойлiвасьцi патрабуецца заўсёды трэцi пункт апоры, у дадзеным выпадку --
у рэальным жыцьцi. Яго няма. Не было ў 30-я гады адно толькi "многiх
iншых", не было грамадзянскiх паводзiн пасьля ХХ зьезду".
Мы ўсё ж такi паспрабуем пашукаць i
"многiх iншых" у перадваенныя i нават пасьляваенныя гады, i "пункт
апоры" "у рэальным жыцьцi" ў пасьлясталiнскую эпоху. Яшчэ ў 1930
г., у 11 i 12 нумарах часопiса "Маладняк" быў апублiкаваны артыкул
Цiшкi гартнага "Нацыянал-дэмакраты за "працай" (гл. часопiс
"Спадчына", 1991, №4 i 5). Тут няшчадна выкрывалiся нацдэмы -- тады
яшчэ жывыя людзi, якiя, як мы сёньня ведаем, верай i праўдай служылi
беларускаму народу, разьвiвалi i ўзбагачалi нацыянальную культуру, лiтаратуру,
навуку. Такой публiкацыяй Ц.Гартны дыскрэдытаваў сябе вельмi
моцна.
У пачатку 30-х гадоў у часопiсе
"Узвышша" малады Пятро Глебка ў артыкуле
"Нацдэмаўшчына, замаскаваная марксiсцкай фразай" дзялiўся такiмi
перакананьнямi, за якiя сёньня можна было б надзялiць аўтара рознымi ня надта
салодкiмi эпiтэтамi. Тады ўжо набiрала сiлы тая вакханалiя, якая ў сярэдзiне
30-х гадоў пацягнула ў сваё балота ўсе слаi грамадзтва, у тым лiку i iнжынэраў
чалавечых душ. А калi хто захоча пацiкавiцца, што, як i дзе адбывалася, то хай
пачытае хаця б справаздачу аб сходзе пiсьменьнiкаў БССР ("ЛiМ", 20
сакавiка 1937) або iнфармацыю аб партыйным сходзе ў СП ("ЛiМ", 25
сакавiка 1937). Дастаткова багатая iнфармацыя зьмешчаная i ў iншых нумарах
"ЛiМа", у "Звяздзе" ды i ў любым пэрыядычным выданьнi. I
калi б кiравацца крытэрыямi высокай сёньняшняй прынцыповасьцi, то што трэба
было б пiсаць пра Ц.Гартнага, П.Глебку, П.Броўку, А.Александровiча
(якому i ў тыя часы даставалася добра), А.Куляшова,
З.Бядулю, К.Крапiву, А.Астрэйку? I ня толькi прыемнае давялося б гаварыць пра
Купалу з Коласам (пра апошняга нават у пасьляваенны пэрыяд).
20 жнiўня 1993 г. у "ЛiМе",
у артыкуле "Таўро -- касмапалiт. Гiсторыя адной палiтычнай кампанii"
У.Семянюк расказаў пра бясслаўную кампанiю барацьбы з касмапалiтызмам у канцы
40-х гадоў. I зноў замiльгалi знаёмыя прозьвiшчы пiсьменьнiкаў (тых i
"нашых").
Адбывалася такая кампанiя на маёй
памяцi. У прыватнасьцi, 2 сакавiка 1949 г. у газэце "Сталiнская
молодежь" зьявiўся артыкул Ю.Пшыркова "До конца разоблачить
критиков-космополитов!", дзе бескампрамiсна выкрывалася шкоднае племя
бязродных касмапалiтаў i сярод iх -- Лука Бэндэ i Леў Бараг.
Першы зь iх у той час страцiў свой
злавесны ўплыў, i яго можна было не баяцца. А другi? Я слухаў у Беларускiм
дзяржаўным унiвэрсытэце ягоныя лекцыi па фальклёры. Ня проста адказаць на
пытаньне, што ў гэтых лекцыях больш прыцягвала -- эрудыцыя выкладчыка цi
натхненьне. Яны арганiчна спалучалiся. I цi ня той аўтарытэт, якiм карыстаўся
Леў Рыгоравiч, калоў у вочы некаторым ягоным менш адораным калегам на фiлфаку?
Л.Барагу давялося разьвiтацца з унiвэрсытэтам.
Цi варта сёньня ўсiх пералiчаных i
iншых пiсьменьнiкаў так безапэляцыйна выкрэсьлiваць з гiсторыi лiтаратуры за
тагачасныя выступленьнi ў друку i на сходах, за ўдзел у паляваньнi на ведзьмаў
эпохi перамоглага сацыялiзму? Тым больш, што многiя зь iх i самi потым
адпакутавалi за свае грахi. Хоць здаралася, што былi i слушныя выступленьнi.
Так, М.Ларчанка яшчэ да вайны пiсаў пра беспрынцыпнасьць i
хамэлеонства А.Кучара.
Ну, а цяпер пра тое, цi былi
"пункты апоры" ў "рэальным жыцьцi" ў
50-80 гады. Тут давядзецца спасылацца на факты i падзеi, сьведкам якiх я
зьяўляўся сам. Знаў я Васiля Васiлевiча з 1952 г., а працаваў у
Iнстытуце лiтаратуры зь лютага 1959 г. Вядома, як i кожны кiраўнiк, ён мог
камусьцi ў нечым не дагадзiць. Але заўсёды там, дзе гэта было магчыма, ён
абараняў сваiх супрацоўнiкаў ад празьмерна пiльных партыйных чыноўнiкаў i
iдэалягiчных наглядчыкаў. I тут я паспрабую прывесьцi пару канкрэтных
прыкладаў.
Неяк з рэкамэндацыi Н.Перкiна на
работу ў iнстытут трапiў фiлёзаф па адукацыi Л.Гаранiн, якi адразу ж паказаў
добрую эрудыцыю. Аднак даволi хутка кампэтэнтныя органы паведамiлi дырэктару,
што новы навуковы супрацоўнiк быў калiсьцi членам партыi, але за актыўны
пратэст супраць расправы над удзельнiкамi вэнгерскай рэвалюцыi 1956 г. быў
выключаны з партыi i адсядзеў 5 гадоў. Вядома, для гэтых зьвестак у
аўтабiяграфii месца не хапiла.
Як успрыняў такую неардынарную
iнфармацыю В.Барысенка? Па ўсiх тагачасных нормах i традыцыях ён абавязаны быў
бы зьняць з работы чалавека, якi, паступаючы на працу ў iдэалягiчны акадэмiчны
iнстытут, схаваў пра сябе такiя зьвесткi. I калi б Лявонцiя Якаўлевiча
адправiлi з Iнстытуту, то нiякi суд, нiякi прафсаюз нават не спрабаваў бы
заступiцца за яго. А ва ўсiх iнстанцыях лiчылася б, што В.Барысенка выканаў
свой партыйны, грамадзянскi i патрыятычны доўг. Аднак на гэты раз ён даверу
партыi не апраўдаў.
Звычайна В.Барысенка, вырашаючы
нейкiя справы, ня надта цiкавiўся думкай сакратара партарганiзацыi. Але пра тую
навiну ён адразу паведамiў парторгу. Вырашылi разам -- рабiць выгляд, быццам
нiчога ня здарылася. I толькi папярэдзiлi самога Л.Гаранiна,
што з боку дырэкцыi яму нiчога не пагражае. Н.Перкiн, якi даведаўся пра ўсё
некалькi паазьней, таксама быў на баку
Лявонцiя Якаўлевiча. Л.Гаранiн i сёньня працуе ў iнстытуце, i я спадзяюся, што ён не пакрыўдзiцца на мяне за маю iнфармацыю.
Але гэта ня ўсё. У iнстытуце завялося
занадта многа iдэйнай "распусты". Партыйную лiнiю "крывiлi"
член партыi А.Мальдзiс, беспартыйны В.Каваленка. А былi ж яшчэ
"нацыяналiст" М.Прашковiч, непакорлiвы,
непрыручлiвы В.Зайцаў, якога перад гэтым звольнiлi з працы ў Ленiнградзкiм
унiвэрсытэце.
Высокае-найвышэйшае начальства такога
цярпець доўга не магло. I хоць акадэмiку В.Барысенку ня так многа часу
заставалася да сямiдзесяцiгадовага юбiлею, але яго адправiлi ў адстаўку. I
адразу ж пад пэрсанальным кiраўнiцтвам i наглядам сакратара парткаму АН БССР
былi звольненыя з работы М.Прашковiч i В.Зайцаў.
Мне ўспамiнаецца адно пасяджэньне
бюро Аддзяленьня грамадзкiх навук АН БССР, на якiм я выпадкова прысутнiчаў.
Адзiн з членаў бюро, колiшнi партыйны функцыянэр, прапанаваў прыставiць да
Iнстытуту лiтаратуры афiцыйнага наглядчыка-кантралёра, каб не дапускаць больш
скрыўленьня партыйнае лiнii. Супраць гэтага вельмi рэзка выступiў В.Барысенка,
хоць ён i прызнаваў, што асобныя навуковыя супрацоўнiкi дапускаюць iдэйныя
памылкi. Самакрытыка была тады ў модзе.
В.Барысенка шмат гадоў працаваў
дырэктарам Iнстытуту лiтаратуры iмя Я.Купалы. Ён сабраў
працаздольны i квалiфiкаваны калектыў, прыкладаючы шмат намаганьняў для таго,
каб той калектыў не расколваўся ўнутранымi канфлiктамi. Калi зьявiлася ў друку
чатырохтомная "Гiсторыя беларускай лiтаратуры", у дырэктара была
магчымасьць вылучыць яе на Дзяржаўную прэмiю. Але ён адмовiўся, бо ўсiх аўтараў
уключыць у сьпiс ляўрэатаў ня мог бы. Выдзяляючы адных i абыходзячы другiх,
унёс бы ў калектыў разлад. Перш за ўсё ляўрэацтва на гэтым этапе абмiнула яго
самога, хоць ён меў права на такое званьне ў першую чаргу.
Сёньня Васiля Васiлевiча добрым
словам у друку ўспамiнаюць якраз тыя, каго найбольш у свой час публiчна
крытыкавалi за iдэйнае шкоднiцтва. Калiсьцi А.Мальдзiс надрукаваў пра Барысенку
ўспамiны пад загалоўкам "Як бацька вялiкай сям'i". Загаловак зусiм
апраўданы, бо колiшнi шматгадовы дырэктар Iнстытуту дбаў перш за ўсё аб тым,
каб у калектыве заўсёды панавала атмасфэра ўзаемаразуменьня i ўзаемападтрымкi.
А пра самога А.Мальдзiса калiсьцi аўтар адной ананiмнай паэмы пiсаў, што той
сваiмi публiкацыямi "падарваў марксiсцкi базiс".
Бясспрэчна, В.Барысенка ажыцьцяўляў
партыйную лiнiю i ня мог дазволiць выпускаць пад грыфам Iнстытуту цi ў
падручнiках нейкiя недастаткова вывераныя ў iдэйных адносiнах думкi або
меркаваньнi. Але надта ж наiўна гучыць абвiнавачаньне ў тым, што ён не
разглядаў у сваiх падручнiках творчасьцi таго цi iншага клясыка лiтаратуры.
Такiя справы залежалi не ад
пажаданьняў нейкага навукоўца хоць бы з найвышэйшымi званьнямi, вырашалiся яны
не ў Iнстытутах лiтаратуры або пэдагогiкi, не ў Мiнiстэрстве асьветы i нават не
на ўзроўнi загадчыкаў адпаведных аддзелаў ЦК КПБ.
Сёньня, вяртаючыся памяцьцю да
падзеяў далёкiх i трывожных 30-х гадоў, мы ня маем права забываць, што
абставiны жыцьця прымушалi ўсiх, незалежна ад iх перакананьняў, прыстасоўвацца
да воўчых законаў, якiя абуджалi ў многiх нечалавечыя iнстынкты. Толькi пасьля
сьмерцi Сталiна грамадзяне Краiны Саветаў маглi сябе адчуваць людзьмi, якiх
проста так, нi за што не пацягнуць у цёмную машыну. Да дэмакратыi было яшчэ
вельмi далёка, але ўжо не даводзiлася за месца пад сонцам шукаць i выкрываць
вакол сябе ворагаў, шкоднiкаў, трацкiстаў, дывэрсантаў, шпiёнаў. У новых умовах
В.Барысенка жыў i дзейнiчаў як чалавек сумленны, дабразычлiвы i спагадлiвы.
Уладзiмiр Казьбярук
Ад аўтара
Празрысты намёк на недахоп у мяне
кампэтэнтнасьцi альбо сумленнасьцi ня надта пакрыўдзiў. Факты для
"Дырэктара лiтаратуры" я зьбiраў i правяраў сам у архiвах,
бiблiятэках, кансультаваўся ў спэцыялiстаў, перачытаў творы "героя".
Вельмi карысным аказалася знаёмства з картатэкай да бiблiяграфiчнага слоўнiка
"Беларускiя пiсьменьнiкi", якi Адам Мальдзiс тады яшчэ толькi
рыхтаваў да друку. Гэтая сапраўды фундамэнтальная праца, пры ўсiх яе вымушаных
кан'юнктурных агаворках -- найлепшы на сёньня павадыр па ГУЛАГу беларускай
лiтаратуры, якi знаёмiць зь вязьнямi i ахоўнiкамi. Многае далi б некаторыя яго
пэрсанажы, каб назаўсёды зьнiклi зьвесткi пра iх "творчасьць" -- ды
часам напiсанае ўсё ж такi застаецца.
У выступленьнi У.Казьберука быццам не
адмаўлялася вiна В.Барысенкi ў арыштах i зьнiшчэньнi людзей ў 30-я
гады. Але i не заўважалася. Аўтар засяродзiўся выключна на аргумэнтах у абарону
свайго былога дырэктара i ўвогуле забыўся на ахвяраў. Iх немы крык, iх боль, iх
праўда iгнаравалiся, як i дзесяцiгодзьдзi да гэтага. Iх зноў ня чулi, ня
бачылi, iм зноў тыцкалi ў твар: вас няма, ясна?..
Адказ у "Лiтаратуру i
мастацтва" пiсаўся з халоднай ярасьцю.
Дырэктар лiтаратуры i яго
заступнiкi
... Абарона незаслужана пакрыўджанага
-- сьвятая справа. Чым, аднак, мяне моцна ўражваюць апанэнты --
вучоныя-лiтаратуразнаўцы, дык гэта нетаропкасцю, зь якой яны выступаюць на баку
iсьцiны. В.Каваленку спатрэбiўся адзiн год i адзiн месяц, каб выказаць сваё
меркаваньне наконт маiх публiкацыяў, У.Казьберуку -- ужо чатыры гады з паловай.
Калi так пойдзе далей, дык працяг размовы будзе ў наступным тысячагодзьдзi.
Зрэшты, я ўпэўнены, што размова пра
катаў i ахвяраў будзе iсьцi яшчэ доўга. Хаця б з адной прычыны: каты не
панесьлi нiякага пакараньня, ахвяры дагэтуль застаюцца ахвярамi. Ведаю гэта па
сваёй працы ў якасьцi сябра "Мартыралёгу Беларусi" i члена Камiсii
пры Вярхоўным Савеце ў справах ахвяраў палiтычных рэпрэсiяў. Iснуючая ўлада
абараняе былых катаў, бо ёй патрэбныя каты новыя. Стаўленьне грамадзтва --
апатыя i абыякавасьць, дастаткова паглядзець на Курапаты, дзе дагэтуль няма ня
тое што помнiка -- простай агароджы, як гэта мае быць на могiлках.
У сваiм выступленьнi "з
адлегласьцi" У.Казьбярук, тым ня менш, паўтарае старую аргумэнтацыю
В.Каваленкi: В.Барысенка паводзiў сябе у 30-я гады як i многiя iншыя (вiнаваты
"агульны фон"), а потым, пасьля ХХ зьезду ён перавыхаваўся i надалей
быў сьцiплым i сумленным вучоным i арганiзатарам навукi. Для пацьвярджэньня
першага тэзысу прыводзiцца стос прозьвiшчаў беларускiх пiсьменьнiкаў, якiя, на
думку У.Казьберука, паводзiлi сябе так як В.Барысенка. "Ня толькi прыемнае
давялося б гаварыць пра Купалу з Коласам", -- папярэджвае аб пагрозьлiвай
небясьпецы аўтар.
Дык можа ўжо час нашым вучоным
адмовiцца ад звычкi гаварыць толькi прыемнае? I паспрабаваць
перайсьцi да праўдзiвага? Тады, дарэчы, нiводнаму сумленнаму i
кампэтэнтнаму дасьледнiку ў галаву ня прыйдзе ставiць на адну
дошку няштатнага супрацоўнiка органаў, чые спэцдопiсы падшывалiся
ў сьледчую справу, i Купалу з Коласам, растаптаных з дапамогай
"лiтаратуразнаўцаў ад НКВД". I не шкадаваць трэба,
што акадэмiчная "Гiсторыя беларускай лiтаратуры", выдадзеная пад
кiраўнiцтвам В.Барысенкi, не ўдастоеная дзяржаўнай прэмii, а пiсаць
сапраўдную трагiчную гiсторыю беларускай лiтаратуры са скалечанымi i
зьнявечанымi лёсамi яе лепшых творцаў. Дзякаваць Богу, такiя дасьледаваньнi
робяцца. Пра гэта сьведчаць, дарэчы, i шмат якiя публiкацыi "ЛiМа".
Але робяцца ня ўсiмi i не пра ўсiх.
В.Барысенка -- зусiм не "адзiн з
многiх iншых", на чым так акцэнтуюць увагу яго абаронцы (быццам гэты
аргумэнт магiчна здымае пытаньне адказнасьцi). I справа ня толькi ў тым, што
асабiстая творчая, навуковая спадчына намэнклятурнага заiла блiзкая да нуля,
што не перашкодзiла яму атрымаць усе магчымыя званьнi i выгоды. Пасада дэкана
лiтфакультэту Менскага пэдiнстытуту (з 1932), а потым дырэктара Iнстытуту
лiтаратуры АН БССР (з 1937 па 1973 г.) надавала яго
"крытычным" артыкулам сапраўды забойную сiлу.
Яго баялiся i ў яго вучылiся калегi па заплечным
лiтаратуразнаўстве, яго "закрытыя рэцэнзii"
калечылi лёсы. Невыпадкова менавiта яго вылучыў з пагромнай
каманды 30-х гадоў Уладзiмiр Конан у самай першай публiкацыi
аб сталiншчыне ў Беларусi ў "Звяздзе" ("Узяць з гiсторыi
агонь", 22 снежня 1987).
Пасьля таго ў рэдакцыю прыйшоў сын
адной з ахвяраў В.Барысенкi, У.Мазур, было апублiкавана яго
пiсьмо "Помню высакароднасьць, помню подласьць" ("Звязда",
27 сакавiка 1988). Бацька, Iгнат Мазур, аўтар чытанак для школьнiкаў, пасьля iх
разгрому Барысенкам быў выключаны з партыi, хаваўся, быў арыштаваны i
адпраўлены на расстрэл -- выратаваў яго цуд.
У рэдакцыю з абвяржэньнем зьвярнулася
дачка Барысенкi, супрацоўнiца Iнстытуту лiтаратуры. У вынiку карпатлiвай
праверкi быў надрукаваны матэрыял "Закрытая рэцэнзiя"
("Звязда", 31 лiпеня 1988). У.Казбярук гэтую публiкацыю ня згадвае.
Цi не таму, што яна юрыдычна доказна сьведчыць аб асабiстай канкрэтнай вiне Барысенкi.
Прывяду яшчэ адзiн дакумэнт з
Нацыянальнага архiву Беларусi, якi нiколi не друкаваўся.
“З вызначэньня Судовай Калегii па
крымiнальных справах Вярхоўнага Суда БССР па пратэсту
пракуратуры на пастанову Асобай Нарады пры НКВД СССР ад
5.08.1939 г., па якой асуджаны Замоцiн Iван Iванавiч, 1873 г.н.,
акадэмiк АН БССР, член-карэспандэнт АН СССР, -- на 8 гадоў папраўча-працоўных
лягераў.
У якасьцi доказу шкоднiцкай
дзейнасьцi Замоцiна да справы былi далучаныя рэцэнзii на шэраг яго прац i акты
Камiсii АН БССР, у якiх адзначалася, што навуковыя працы Замоцiна прапагандуюць
буржуазную iдэалёгiю, беларускi нацыяналiзм i расейскi вялiкадзяржаўны
шавiнiзм, што паводле свайго зьместу гэтыя працы зьяўляюцца палiтычна шкоднымi.
У працэсе дадатковай праверкi
экспэртная камiсiя дала заключэньне аб тым, што працы
акадэмiка Замоцiна ўяўляюць несумненную навуковую каштоўнасьць,
а вывады Камiсii АН БССР i рэцэнзэнтаў у 1938 г. зьяўляюцца
неабгрунтаванымi i няслушнымi.
Барысенка В.В., якi ганьбаваў раней
навуковыя працы Замоцiна, цяпер працуе дырэктарам Iнстытуту
лiтаратуры i мастацтва АН БССР, у сваiм водгуку аб Замоцiне,
напiсаным у 1956 г., адзначае, што Замоцiна ён ведаў на працягу 10
гадоў толькi са станоўчага боку".
Іван Iванавiч Замоцiн загiнуў у
лягеры ў траўнi 1942-га. У "Энцыкляпэдыi гiсторыi
Беларусi", першы том якой выйшаў у 1993-м, у артыкуле
Л.С.Савiк непасрэдны ўдзел Барысенкi ў зьнiшчэньнi людзей адлюстраваны
наступным чынам: "У некаторых артыкулах i рэцэнзiях 1930-40-х гадоў аддаў
данiну вульгарнаму сацыялягiзму". (Дарэчы, цераспалосiца падыходаў у
гэтым, несумненна, цiкавым выданьнi такая, што мiжволi думаеш, што час для
праўдзiвай гiсторыi ўсё ж яшчэ не настаў -- занадта блiзкае мiнулае ўчэпiста
трымае шмат якiх аўтараў.)
“Вучоны флюгер", як ахрысьцiў
В.Барысенку ў сваёй вядомай эпiграме Сяргей Грахоўскi, ў 50-я гады, ды i
пазней, трымаўся строга па ветру. У публiкацыi "Дырэктар лiтаратуры"
прыводзяцца тлумачэньнi дырэктара аб справе I.Мазура, датаваныя 1955 годам,
калi той вымушана прызнаецца ў зьдзейсьненым. Дарма ў iх шукаць намёк на
пакаяньне -- усё тая ж спасылка на "агульны фон", якую зараз, нiбы
ваду ў ступе, таўкуць яго заступнiкi. Я перапiсваўся, сустракаўся з ахвярамi
акадэмiка, iх дзецьмi. Нi разу не пацiкавiўся гэты, па вызначэньню
У.Казьберука, "сумленны, добразычлiвы i спагадлiвы" чалавек далейшым
лёсам арыштаваных, а потым рэабiлiтаваных людзей, iх сем'яў. Як амаль нiчога не
зрабiў для вяртаньня ў лiтаратуру дзясяткаў iмёнаў закатаваных ў 30-я гады
пiсьменьнiкаў i iх твораў.
Не хачу паўтараць аргумэнтацыю i
факты, якiя выкладзеныя ў маiх публiкацыях 1987-89 гадоў. У.Казьбярук называе
iх "разносна-пагромнымi". Хаця б ў чыста фiлялягiчных мэтах, дзеля
правiльнага ўжываньня складаных прыметнiкаў у будучым, раю апанэнту пачытаць
В.Барысенку. Напрыклад, яго першую значную працу "Нацдэмаўская
лiтаратуразнаўчая мэтадалёгiя М.Гарэцкага". Цi пасьляваенныя
выступленьнi "Шкодны дакумэнт (аб нацыяналiстычных скажэньнях у праграмах
па беларускай лiтаратуры для ВНУ)", "Супраць нiзкапаклонства перад
буржуазнай культурай", "Супраць касмапалiтызму ў
лiтаратуразнаўстве". Гэтыя ды iншыя опусы можна знайсьцi ў акадэмiчнай
бiблiятэцы -- калi, канечне, заступнiкi Барысенкi не ўзялi на ўзбраеньне
няўдалы вопыт Лукаша Бэндэ (у такiм выпадку магу ахвяраваць некалькi сваiх
копiяў).
Цiшэй, на думку заступнiкаў, трэба
называць iмёны памагатых катаў, больш "добразычлiва" корпацца ў
архiвах, заплюшчыць вочы i закрыць вушы, каб ня чуць разьюшанага вою крытычнай
зграi...
На шчасце, так думаюць ня ўсе. Пасьля
публiкацыi артыкула "Дырэктар лiтаратуры" з падтрымкай званiлi
многiя, у тым лiку былыя падначаленыя Барысенкi -- супрацоўнiкi Iнстытуту.
Пазванiў i Фёдар Мiхайлавiч Янкоўскi. Мы зь iм не былi знаёмыя. Янкоўскi
расказаў, як у 1938 годзе на сустрэчы са студэнтамi-завочнiкамi Барысенку
перадалi запiску з пытаньнем пра Кузьму Чорнага -- дзе ён, як, цi пiша.
Барысенка падняў запiску, абшарыў залю поглядам.
-- Чорны -- хай ён там счарнее, дзе
ён чарнее...
Потым цэлая група, узгадваў Янкоўскi,
шнырыла па iнстытуце, шукала аўтара крамольнага пытаньня. Пашанцавала чалавеку,
сярод мноства завочнiкаў яго почырк не ўстанавiлi. Ужо ў 80-х, калi ў
выдавецтве "Мастацкая лiтаратура" паводле прапановы Iнстытуту
лiтаратуры спрабавалi перавыдаць творы Барысенкi, Янкоўскi, як член рэдкалегii
зборнiка, рэзка выступiў супраць перавыданьня. Праз два тыднi пасьля нашай
тэлефоннай размовы яго не стала...
Сьведкаў амаль не засталося. Цi ня
гэтая акалiчнасьць сёньня падштурхоўвае некаторых супрацоўнiкаў Iнстытуту
лiтаратуры аберагаць асобу акадэмiка. Зразумелая настойлiвасьць дачкi (не
забудземся толькi, што i ў ахвяраў былi дзецi). Можна вытлумачыць, зрэшты, i
ўдзячнасьць былых падначаленых, якiм В.Барысенка
асабiста не зрабiў нiчога дрэннага, дапамагаў (будзем памятаць, аднак, што так
склалася далёка не ва ўсiх). Немагчыма, i я пiсаў пра гэта, амаль 40 гадоў
узначальваць установу i не зрабiць нiчога карыснага для людзей i для справы.
Але няўжо ж Барысенка мала быў
аддзячаны за сваё служэньне -- пасадай, кватэрамi, званьнем акадэмiка,
элегантнымi фармулёўкамi ў энцыкляпэдыях, спакойным жыцьцём сваёй сям'i (калi
адкiнуць арыштаванага брата, ад якога адрокся, нават зьмянiў сваё
прозьвiшча)?..
Аказваецца -- мала. Аказваецца, трэба
яшчэ нешта -- добрую памяць.
І гэта самы галоўны i абнадзейваючы
вывад з нашай шматгадовай палемiкi. Нiхто не забаронiць блiзкiм i знаёмым
памятаць пра добрае, што было ў чалавеку. Але ня ўдасца выкрэслiць зь людзкой
памяцi i зло, якое ён нёс i якое засталося беспакараным.
Не магу не пагадзiцца з думкай, якой
пачынае свой артыкул У.Казбярук: "Балюча адбываецца
ў нас працэс пераасэнсаваньня i пераацэнкi мiнуўшчыны. I добра, калi бяруцца за
гэтую справу людзi кампэтэнтныя i сумленныя. А калi не хапае цi адной, цi
другой якасьцi? Мы тады становiмся сьведкамi розных манiпуляцыяў".
Далiбог, сапраўды так. Асаблiва, калi не хапае адразу абедзьвюх згаданых
якасьцяў .
Аляксандар Лукашук
"ЛiМ", 9 верасьня
1994 г.
Заўчасны постскрыптум
На момант друкаваньня гэтай кнiгi ў беларускiх газэтах i часопiсах, якiя выдаюцца нацыянальнымi
творчымi саюзамi, працягваюць зьяўляцца -- за аўтарытэтнымi подпiсамi -- чарговыя публiкацыi ў абарону "дырэктара лiтаратуры". Я
ня маю што дадаць да ўжо сказанага, хоць мог бы прывесьцi новыя архiўныя факты.
Выглядае, рэч зусiм ня ў фактах.
... А мы яшчэ пытаемся, што
з намi адбываецца.
(замест эпiлёгу)
Нiколi не апраўдвайся, вучыць
старажытная мудрасьць: сябрам гэта не
патрэбна, ворагi ўсё роўна не павераць. Пасьля адной публiкацыi мне пазванiла
мацi i сказала: "Кiнь, хопiць ужо з гэтых... А калi б гэта быў твой
бацька?.." "А калi б я быў сынам "ворага народа"?.."
Потым я працягваў дыялёг сам, узгадваючы папрокi i аргумэнты, якiя чуў, якiя
мог уявiць. Тэма патрабавала калi не апраўданьняў, дык
тлумачэньняў, не для сяброў альбо ворагаў -- для сябе.
-- Сказана: не судзiце i вас не
асудзяць. А калi тваю пiсанiну падняць пра розныя юбiлеi савецкай улады?..
-- Я за тое, каб судзiлi i каб кожны атрымаў паводле грахоў сваiх. I я --
таксама. Сярод маёй пiсанiны была лухта, але няма даносаў. На мяне даносы былi,
а ў мяне даносаў няма.
-- Чаму ты ня выступiў супраць вайны ў Афганiстане, хоць ўжо скончыў
iнстытут, меў 24 гады?
-- Што я разумеў тады...
-- Ты хочаш сказаць, што ўсе так сябе паводзiлi? Чаму ж для Барысенкi
адна мерка, а для цябе iншая?
-- На сумленьнi Барысенкi -- жыцьцi людзей. А пра сябе я хачу сказаць,
што ня ўдзельнiчаў у пратэстах супраць Афганiстану, няважна, былi яны ў
Беларусi цi не, i мне за гэта, як i за шмат што iншае, сорамна.
Вельмi цяжкае пытаньне -- зь якога
моманту наступае грамадзянская адказнасьць? Дзе праходзiць мяжа памiж прыватным
жыцьцём i саўдзелам у злачынствах, якiя робяцца i ад твайго iмя?.. Iснуе
меркаваньне, што ў таталiтарнай дзяржаве маральным i сумленным можна заставацца
толькi ў турме. Любая твая самая бяскрыўдная праца ўмацоўвае дзяржаву i
аб'ектыўна спрыяе злу. Гiсторык Юры Афанасьеў на зьедлiвае пытаньне, дзе ж ён
быў раней, адказаў: там, дзе i ўсе -- у дзярме. Супрацьлеглы падыход --
немагчымасьць паўплываць на дзяржаўныя рашэньнi быццам аўтаматычна здымае з
грамадзянаў усю вiну.
Мне здаецца, што адказ кожны павiнен
даваць сабе перш за ўсё сам. Формулу разьвiтаньня з рабствам прапанаваў Чэхаў,
якi сам прад'яўляў сабе такiя патрабаваньнi, што знаходзiў нейкiя кроплi
несвабоды.
І яшчэ адно практычнае назiраньне:
патрабуецца час, каб з раба стаць свабодным. Гэта працэс быццам i просты, але i
невытлумачальны цалкам. Што залежыць ад асяродку, што ад характару, ад генаў --
ня ведаю. Андрэй Сахараў спачатку зрабiў для камунiстычнага рэжыму
тэрмаядзерную бомбу, якая магла ўвогуле скончыць з цывiлiзацыяй, а пасьля стаў
адным з галоўных апанэнтаў сыстэмы. Аляксандар Салжанiцын назваў фэномэн
Сахарава цудам. А як растлумачыць цуд? Больш менш цьвёрда можна гаварыць хiба
пра накiрунак руху: ад зла цi абыякавасьцi -- да дабра i справядлiвасьцi для
сябе i iншых.
-- I гэты шлях прывёў цябе ў КПСС у
1988-м?
-- Неспазнаныя шляхi нашыя... Мой сябар, адзiн з заснавальнiкаў БНФ, неяк на сустрэчы з выбаршчыкамi заявiў: "Я ўступiў у дзьве арганiзацыi, у якiя ня мог не ўступiць: Мартыралёг Беларусi i КПСС!"
З пачатку 80-х я запiсваў для сябе
ўспамiны вязьняў ГУЛАГу, i ў iх расказах мiнулы жах быў выразна
зьмяшаны з жахам цяперашнiм: а раптам усё зноў паўторыцца?.. Памятаю,
як мяне скаланула першае пасьля абраньня генсекам публiчнае выступленьне М.Гарбачова. На ўрачыстасьцях да 40-годзьдзя Перамогi ён сказаў тое, што не гаварылi нi Хрушчоў, нi Брэжнеў, нi Андропаў з Чарненкам -- адзначыў выдатную ролю "Генэральнага
сакратара ЦК партыi Iосiфа Вiсарыёнавiча Сталiна". Зала сустрэла
гэтыя словы авацыяй.
І калi раптам гарбачоўская галоснасьць
прачынiла дзьверы гiстарычнай праўдзе, публiчныя
прызнаньнi злачынстваў мiнулага загучалi як пакаяньне i ачышчэньне, як аднаўленьне справядлiвасьцi, як гарантыя -- не
паўторыцца. I ў заяве ў партыю я напiсаў тады: "хачу актыўна ўдзельнiчаць у рэвалюцыйнай перабудове"...
-- Ну i як удзельнiчаў, актыўна?
-- Партбiлет адчынiў дзьверы ў архiвы, i я акунуўся ў дакумэнты 30-х з галавой. Гэтую тэму
тагачаснае кiраўнiцтва "Звязды" падтрымлiвала, i хаця за публiкацыi пад рубрыкай "Гiсторыя бязь белых плям" газэце часта ўлятала, але
чытачы прызналi. Адным словам, працэс iшоў. Iшоў ён i па-за рамкамi газэтнай паласы.
Разам зь Зянонам Пазьняком, Маяй
Кляшторнай, Вiктарам Крукоўскiм, Яўгенам Кулiком, Мiхасём Чарняўскiм,
Валянцiнай Вяргей, Мiколам Крывальцэвiчам, Юрам Дракахрустам ды iншымi мы
зьбiралiся ў пакоях Iнстытуту гiсторыi цi маiм рэдакцыйным кабiнэце i пiсалi
статут "Камiтэта 58", якi потым стаў называцца "Мартыралёг
Беларусi". Нашыя дэклярацыi пра "садзеяньне палiтыцы партыi",
"адраджэньне ленiнскiх прынцыпаў" ды "грунт ХIХ Усезаюзнай
партканфэрэнцыi" можна знайсьцi i ў дакумэнтах "Мартыралёгу", i
ў першай праграме БНФ, поўная назва якога тады гучала так: "Беларускi
Народны Фронт за перабудову "Адраджэньне".
-- Працьвярэзiлi вас "чаромхай" на Дзяды на ¶сходнiх могiлках!
-- Каго як... Зянон i так усё разумеў, толькi ўжываў тэрмiн
"бюракратыя" замест "камунiсты". А ў iншых яшчэ жыла вера ў
парыў Гарбачова. Я пазбавiўся партбiлету толькi ў 1990-м. Калегi ў газэце
наладзiлi нейкую пародыю на суд, шкадую, што ўвогуле пайшоў туды -- i сорамна
за iх, i шкада...
-- А самому ня сорамна за ўступленьне?
-- Сорамна. Хоць i ведаю, што бяз гэтага пропуску не патрапiў бы ў
архiвы, ня змог бы напiсаць, апублiкаваць, зьняць кiно пра ахвяраў камунiзму. Таксама
весялей было ў пракуратуры, мiлiцыi ды судах, куды мяне клiкалi падсудныя як
сябра, а ўлады дапускалi як карэспандэнта партыйнай газэты. I ўсё ж, усё ж...
Не геройскi крок, мякка кажучы. Сытуацыя даволi тыповая для пераходнага пэрыяду
i для тых, хто толькi пачынаў уздымацца з каленяў.
А наконт веры -- тады для мяне
сорамна было б яе ня мець, не адгукнуцца на жывы голас, якi ўпершыню загучаў з
арэапагу мерцьвякоў i павёў да свабоды. Ахматава не саромелася называць сябе
"хрушчоўкай". Калi Андрэй Сахараў гаварыў, што альтэрнатывы Гарбачову
няма, гэта значыла, што няма гуманнай альтэрнатывы. Лiгачовых было колькi
заўгодна. Я згодны з Алесем Адамовiчам: без Гарбачова кроў пры распадзе
ядзернай iмпэрыi была б шматкроць памножаная i хто ведае, цi ня стаў бы сам
распад ядзерным...
Сьлезацечны газ неблагi сродак
прачысткi мазгоў, але часам ня дзейнiчаюць i больш моцныя сродкi. У
жнiўнi 1991-га, пад час путчу мы з калегам, мастаком Генам
Мацурам, напiсалi зварот да камунiстаў-супрацоўнiкаў выдавецтва,
дзе я тады працаваў, у якiм заявiлi, што ня можам больш
цярпець партарганiзацыю ў калектыве. Адразу падпiсалi зварот
чалавек дзесяць, потым лiчба павялiчылася. А на агульным
сходзе праз пару дзён пачалося нешта няўцямнае: ня варта
сьпяшацца, трэба разабрацца... Мастак Коля Шалюта ускочыў тады i
зьвiнячым ад напружаньня голасам закрычаў: "Што вам яшчэ
трэба? Вам путчу мала?! Што вам трэба, каб зразумець?!!"
-- I што ж трэба?
-- Час, што мiнуў пасьля путчу, выразна засьведчыў iснаваньне дзьвюх
супрацьлеглых псыхалёгiяў або грамадзкiх лягераў: тых, хто хоча i можа
зразумець урокi мiнулага, i тых, хто разумець ня хоча i, думаю, ня можа. Ёсьць
яшчэ адна катэгорыя, менш выразная, але намнога большая, чым першыя дзьве разам
узятыя: тыя, каму ўсё роўна. Унутры плыняў iдуць свае працэсы, у вынiку якiх
адбываецца ўзаемаабмен памiж iмi, што розныя людзi называюць па-рознаму:
здрадзiць прынцыпам, перафарбавацца, выздаравець.
-- Чаму ж ты адмаўляеш Барысенку ў праве на выздараўленьне?
-- Ёсьць розьнiца памiж маўчаньнем i непасрэдным удзелам у зьнiшчэньнi
людзей. Рознае павiнна быць i ўшанаваньне. У выпадку Барысенкi не хапае
некалькiх зьвёнаў, якiя дазволiлi б пагадзiцца з тым, што пасьля ХХ зьезду ён
стаў iншым чалавекам. Ён па-ранейшаму ўдзельнiчаў у афiцыйных кампанiях
iдэалягiчнага цкаваньня iншадумцаў i нiчога не рабiў для вяртаньня зацкаваных у
30-я гады.
Адсутнiчае i яшчэ адно зьвяно.
Надзейным сьведчаньнем унутранага вызваленьня ад рабства зьяўляецца гатоўнасьць
адмовiцца ад таго, што дасягнуў у мiнулым рабскiм жыцьцi. Не зважаць на свой
сацыяльны статус, плюнуць на прывiлеi, паставiць пад пагрозу бесклапотную
будучыню сям'i, адчуць радасьць пакутаў за праўду. Ёсьць i апошяя мяжа. Мы
здымалi фiльм пра Курапаты пад час археалягiчных раскопак, i Зянон Пазьняк,
стоячы ў раскопе над рэшткамi ахвяраў, сказаў, што калi б у яго быў выбар --
страляць альбо легчы ў гэтую ямiну, ён ляжаў бы там.
-- Што выбраў бы ты?
-- Я ведаю свой сёньняшнi адказ. Ёсьць нейкая паласа, на якой колькасьць
ведаў, пачуцьцяў, назiраньняў пераходзiць у якасьць. Чалавек зь пераважна раба
робiцца пераважна свабодным. I з гэтага моманту пазбаўляецца выбару, бо ўжо ня
можа рабiць цi не рабiць пэўны крок. Драматург Аляксей Дудараў расказаў, як
пазванiлi яму 19 жнiўня, пад час путчу, i спыталiся пра яго стаўленьне. Ён
кажа: я баяўся. У мяне малая дачка. Але яшчэ больш я баяўся не сказаць, што
гэта банда i я яе не баюся.
-- А ты што рабiў тады, як модна пытацца?
-- Якраз ня модна, па-мойму. А шкада. У адрозьненьне ад 30-х, у 91-м пад iх танкi было каму кiнуцца. I гэта лепшае, што мы маглi зрабiць для памяцi ахвяраў рэжыму. А горшым, на маю думку, стала тое, што мы, дакладней, маскоўскiя дэмакраты ўпусьцiлi шанц суду над камунiстычнай iдэалёгiяй i правядзеньня люстрацыяў. У вынiку -- калатнеча рэстаўрацыi, местачковы
таталiтарызм...
-- О, вось мы дабралiся да сутнасьцi:
ты за паляваньне на ведзьмаў, за помсту!.. А як жа дэмакратычнае
чалавекалюбства, як жа "милость к падшим", як жа бiблейскi запавет не
судзiць?
-- Паўтаруся: я за тое, каб судзiлi. Не судзiць у хрысьцiянскiм сэнсе,
г.зн. дараваць -- i то толькi ў маральным пляне -- мае права выключна ахвяра.
Грамадзтва, дзяржава ня маюць i ня могуць мець такога права. Папа Рымскi
дараваў турку Агджу, якi рабiў на яго замах, i малiўся за яго. Што не
перашкодзiла ўладам Iталii адправiць злачынцу ў турму.
Дэмакратычнае грамадзтва праз сыстэму
законаў, судоў i турмаў павiнна жорстка абараняць сябе i свабоду сваiх
грамадзянаў. З камунiстычным вядзьмарствам, зь iншымi чалавеканенавiсьнiцкiмi
iдэалёгiямi i арганiзацыямi трэба змагацца як змагалiся з чумой i халерай.
Магчыма, у будучым будзе дастаткова проста адукацыйнай прышчэпкi, сёньня ж
патрэбны каранцiн i санацыя. У гэтым i ёсьць чалавекалюбства.
-- Многiя ахвяры самi стваралi мэханiзм рэпрэсiяў -- iдэалягiчна,
арганiзацыйна, юрыдычна. Многiя каты станавiлiся потым ахвярамi. Ты ўпэўнены,
што заўсёды можна адрозьнiць правага ад вiнаватага, пазьбегнуць новай
несправядлiвасьцi?
-- Каб адрозьнiць, трэба ведаць. Няма аднаго адказу для ўсiх. Але гэта ня
значыць, што няма такога адказу ўвогуле. Трэба шукаць, вывучаць, прыводзiць
факты. А меркаваньнi будуць розьнiцца, некаму i цяпер Ленiн, Гiтлер, Пол Пот
кумiры.
Што ж да новай несправядлiвасьцi...
Хiба пасьля маiх публiкацыяў прыяжджаў "чорны воран", людзей
кiдалi ў "амэрыканку", везьлi ў Курапаты? Хiба я заклiкаю ставiць
былых катаў, як некалi яны ахвяраў, на "канвэер", зашчымляць пальцы
дзьвярыма, спаражняцца ў твар, на вачах бацькоў гвалцiць дочак, жонак кiдаць на
пацеху ў камэру крымiнальнiкам? Хiба я пасылаю iх дзяўбсьцi запалярны вугаль,
патрабую марыць iх смагай i голадам, цкаваць сабакамi? Хiба -- ды задоўга
перачлiваць усё, што каты тварылi над ахвярамi. Я хачу толькi аднаго: назваць
iх iмёны i iх учынкi.
-- Але дзеля чаго? Катаў ўжо амаль не
засталося. На развалiнах Савецкага Саюзу ўзьнiклi рэжымы з "культам
асобы" ня горшымi за сталiнскi. Цi мала правiльных словаў было гаворана ў
гiсторыi, але цi пачутыя яны?
-- Некаторыя словы трэба паўтараць, каб не забыцца на iх увогуле. Хто
ведае, што было б, калi б час ад часу iх не паўтаралi зноў i зноў... Калi пад
час вучобы ў iнстытуце, а потым i пасьля заканчэньня я змог сказаць
"не" афiцэру КГБ, якi вэрбаваў мяне на ролю няштатнага
"памочнiка" органаў, дык не паддацца на пасулы i пагрозы дапамог
страх будучага сораму. Я ўявiў, што будзе, калi такое супрацоўнiцтва адкрыецца
-- нават праз сто гадоў... Але яшчэ большы, чым перад будучым, ёсьць абавязак
перад мiнулым, перад адным яго фрагмэнтам...
-- Якiм?
-- Апошнiя сэкунды перад стрэлам... Я бачу расстрэл у
Курапатах, калi ўсе просьбы
аб дапамозе выплаканыя, надзеi растаптаныя, спадзяваньнi адкiнутыя, ратунку
няма й ня будзе, i каты выцягваюць свае рэвальвэры. I мне здаецца, што адзiн з
тых, хто ўпадзе зараз у яму, пачынае здагадвацца i раптам верыць, што праклятыя
iмёны назавуць хоць празь пяцьдзесят гадоў, што хоць так яны будуць
адпомшчаныя, i тады на зьмярцьвелым твары зьяўляецца нешта, нешта падобнае на
апошнюю ўсьмешку...
Сьпiс супрацоўнiкаў НКВД БССР
па стану на 1937 год*
*Па парадку iдуць наступныя зьвесткi (калi вядомыя): прозьвiшча, iмя, iмя па-бацьку, год нараджэньня, год паступленьня ў органы
ЧК-ОГПУ-НКВД, пасада, месца службы (калi не пазначана -- Менск).
Ва ўмовах закрытасьцi архiваў зьвесткi носяць вымушана
фрагмэнтарны характар. Да прыкладу, у сьпiсе фiгуруюць толькi 8 з 54 супрацоўнiкаў 4-га сакрэтна-палiтычнага аддзелу
наркамату, 17 з 90 начальнiкаў райаддзелаў НКВД,
малая толiка опэрупаўнаважаных, якiя непасрэдна арыштоўвалi,
дапытвалi i катавалi.
Абрамаў -- намесьнiк начальнiка Магiлёўскай аблуправы
Абрамчук -- опэрупаўнаважаны, Магiлёў
Аверын Мiхаiл Iгнатавiч -- 1912, 1937,
опэрупаўнаважаны
Альтшулер Леанiд Яўсеевiч -- 1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Антонаў Пётр Сяргеевiч -- 1902, 1919,
опэрупаўнаважаны
Арагiковiч
Пахом Пахомавiч -- 1910, 1937, курсант
Артамонаў -- начальнiк аддзяленьня меншавiкоў i эсэраў НКВД
Архангельскi -- начальнiк аддзяленьня трацкiстаў i правых НКВД
Архiпаў -- памочнiк начальнiка аддзелу месцаў
зьняволеньня НКВД
Ашышкевiч -- начальнiк аддзяленьня трацкiстаў i правых НКВД
Багданаў I.А. -- начальнiк баявой падрыхтоўкi НКВД
Балоцiн -- опэрупаўнаважаны, Ворша
Бандарэнка Дзмiтры Сьцяпанавiч -- памочнiк опэрупаўнаважанага,
Старыя Дарогi
Бачкоў Мiхаiл
Паўлавiч -- 1899, 1920, адказны дзяжурны
НКВД
Барысаў Сямён Рыгоравiч -- 1900, 1926, начальнiк аддзелу НКВД
Беззабезнаў Дзьмiтры Карлавiч -- 1908, 1934, опэрупаўнаважаны
Берман Барыс Давыдавiч -- 1901, 1920, наркам
Бiбiкаў
Георгi Паўлавiч -- 1914, 1937, курсант
Блох Соф'я Iсакаўна -- 1898, 1925
Булатнiкаў Пётр Паўлавiч -- 1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Буцэвiцкi
Уладзiмiр Iгнатавiч -- 1908, 1930,
опэрупаўнаважаны
Быкоўская Лiлi
Рабэртаўна -- 1900, сакратар-машынiстка
Быхоўскi -- начальнiк аддзяленьня нацыянал-фашыстаў НКВД
Быстроў Мiкалай Мiхайлавiч
-- у ЧК з 1919, начальнiк Менскай аблуправы
Бычкоўскi Антон Захаравiч --
1909, 1932, опэрупаўнаважаны
Бягун Сямён Васiлевiч --
1911, 1933, опэрупаўнаважаны
Бяляеў Рыгор Аляксеевiч --
1903, 1929, тэхработнiк
Бяспалаў -- начальнiк
Пухавiцкага райаддзелу
Валавiк I.Я. -- 1904, 1922,
начальнiк Рэчыцкага райаддзелу
Валынкiн Якаў Цiтавiч --
1905, 1930, сакратар
Васiленка Кузьма Iванавiч --
1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Васiлеўскi Мiкалай
Аляксандравiч -- 1911, опэрупаўнаважаны, Жлобiн
Васiльеў Аляксандар
Аляксеевiч -- 1897, 1921, начальнiк аддзелу НКВД
Вашукевiч Мiхаiл Фёдаравiч
-- 1903, памочнiк опэрупаўнаважанага, Гомель
Вiгдэргаўз Матус Абелевiч --
1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Вiдзякiн А.Д.
Вiльман Герман Францавiч --
1897, 1925, памочнiк опэрупаўнаважанага, Сураж
Вiтка -- начальнiк Грэсскага
райаддзелу
Вiткоўскi Дамiнiк
Уладзiслававiч -- 1904, 1930, памочнiк опэрупаўнаважанага, Гомель
Волкаў -- опэрупаўнаважаны,
Ворша
Волчак -- начальнiк 4
аддзелу НКВД
Воранаў Фёдар Васiлевiч --
1911, 1937, опэрупаўнаважаны
Высоцкi -- опэрупаўнаважаны,
Менск
Галубкiн Сяргей Мiхайлавiч
-- памочнiк опэрупаўнаважанага, Слуцак
Гарбаты -- начальнiк
аддзяленьня савецкага апарату i рабочага класу НКВД
Гарбачэўскi Макар Давыдавiч
-- 1906, 1930, начальнiк Старобiнскага райаддзелу
Гардзееў Iван Сямёнавiч --
1904, начальнiк Сеньненскага (потым Жлобiнскага) райаддзелу
Гарохаў -- намесьнiк
начальнiка Слуцкага гараддзелу
Гепштэйн -- начальнiк 3
аддзелу НКВД
Гласкоў -- начальнiк
аддзелу, Слуцак
Голанд -- Магiлёўская
абласная ўправа
Грышчанка Мiкалай Георгiевiч
-- 1913, опэрупаўнаважаны
Губская М.А. -- сакратар
наркама
Гудкоў Iван Iванавiч --
1911, 1937, опэрупаўнаважаны
Гушча -- опэрупаўнаважаны,
Магiлёў
Данiленка --
опэрупаўнаважаны, Вiцебскi дарожна-транспартны аддзел
Далiнка Лiзавета Давыдаўна
-- 1918, 1937, опэрупаўнаважаная
Драздоў Аляксандр Яўсеевiч
-- 1905, 1926, опэрупаўнаважаны
Дуброўскi Iван Аляксандравiч
-- 1896, 1925, начальнiк аддзелу Магiлёўскай абласной управы
Дудараў -- опэрупаўнаважаны,
Магiлёў
Дудзенка Сяргей Пiлiпавiч -- 1910, 1932, старшына ДБ
Дулесаў -- начальнiк Крычаўскага райаддзелу
Ермалаеў Васiль Андрэевiч
--1990, 1924, начальнiк Лепельскага райаддзелу (потым начальнiк 4 аддзелу НКВД)
Ермаловiч В.А. -- памочнiк
начальнiка Полацкага акраддзелу
Жуковiч -- начальнiк
Рагачоўскага райаддзелу
Жураўлёў Аляксандр
Леанiдавiч --1902, 1930, опэрупаўнаважаны
Жыдкоў Iосiф Аляксандравiч
--1901, 1928, опэрупаўнаважаны
Завацкi -- опэрупаўнаважаны
Задзiрака -- начальнiк
Дубровенскага райаддзелу
Зайцаў -- начальнiк
Аршанскага гараддзелу
Зотаў Сяргей Амяльянавiч -- 1905, 1929, памочнiк опэрупаўнаважанага
Iасiлевiч Яўсей Гiршавiч -- 1898, 1926, адказны дзяжурны
Iваноў Уладзiмiр Георгiевiч
-- 1914, 1937, тэхработнiк
Iльянкоў Амяльян Ларыёнавiч -- 1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Iофэ Роза Барысаўна -- 1899,
сакратарка
Iсакаў Васiль Акiмавiч --
1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Кавалеўскi Аляксандр
Антонавiч --1904, 1923, начальнiк райаддзелу
Каган -- опэрупаўнаважаны
Казакевiч --
опэрупаўнаважаны, Магiлёў
Кайдала Мiкалай Цiханавiч --
1914, 1937, опэрупаўнаважаны
Камяк Георгiй Васiльевiч --
памочнiк опэрупаўнаважанага Узьдзенскага
райаддзелу
Каплан Д.Я.-- начальнiк
Мазырскага акраддзелу
Каралёў -- опэрупаўнаважаны,
Слуцак
Каралёў Пiлiп Ягоравiч -- 1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Каралько --
опэрупаўнаважаны, Магiлёў
Катужэнец Мiкалай Дзьмiтрыевiч --1903, 1932, начальнiк аддзелу, Магiлёў
Катцэн -- начальнiк Сьмiлавiцкага райаддзелу
Кашмель-- Магiлёў
Кашыцын -- намесьнiк
начальнiка Гомельскай аблуправы
Каўфман -- начальнiк Палескай аблуправы
Кiсялёў -- начальнiк Магiлёўскай турмы
Кiсялёў -- в.а. асаблiваўпаўнаважанага НКВД
Клейнберг -- начальнiк 4 аддзела НКВД
Колас Iван Мiхайлавiч -- 1904, 1928,
опэрупаўнаважаны
Корзун Мiкалай Адамавiч -- 1909, 1935, экспэдытар
Корсак Валер’ян Дзяменцевiч --1896, 1932, шафёр
Красiльшчыкаў Аляксандр Герасiмавiч --1911, 1932, опэрупаўнаважаны
Краўцоў -- начальнiк Узьдзенскага райаддзелу
Крэмераў Сямён Абрамавiч -- начальнiк Слуцкай турмы
Кужэль Неанiла Сьцяпанаўна --1902, машынiстка
Кулакоў Павал Антонавiч --1896, памочнiк опэрупаўнаважанага, Расоны
Кунцэвiч -- начальнiк адддзяленьня царкоўнiкаў НКВД
Лайман-Сапiэт Карл Iванавiч -- намесьнiк начальнiка аддзела месцаў
зыняволеньня НКВД
Лапцёнак Барыс Фядосавiч -- 1909, 1934,
опэрупаўнаважаны
Лiсоўскi М.М. -- начальнiк Полацкага акраддзелу
Левiн Залман Мiронавiч --1893, 1933, начальнiк аддзелу НКВД
Левiн Сямён Iзраiлевiч --1910, 1928, начальнiк
аддзелу, Вiцебск
Лонскi -- опэрупаўнаважаны, Магiлёў
Луганскi -- начальнiк аддзелу месцаў зьняволеньня НКВД
Лук’яненка -- Вiцебск
Лучко Акiм Сьцяпанавiч -- опэрупаўнаважаны, Слуцак (потым старшы опэрупаўнаважаны
2 аддзелу НКВД)
Лягаеў -- начальнiк аддзяленьня савецкага
апарату i рабочага класу НКВД
Ляховiч Мiхаiл Сьцяпанавiч --1905, 1933 , ст. iнспектар
Макарэвiч Мiкалай
Мiхайлавiч --1908, 1932,
опэрупаўнаважаны
Марошак -- начальнiк управы НКВД на Беларускай чыгунцы
Мартыненка -- начальнiк
Глускага райаддзелу
Макшанцаў -- Магiлёў
Машэнец Аляксандр Iванавiч
-- памочнiк опэрупаўнаважанага, Слуцак
Мiркiн -- начальнiк Менскай
турмы
Молчан Рыгор Iванавiч
--1912, 1937, опэрупаўнаважаны
Навiцкая Кацярына Адольфаўна
--1898, 1926, сакратар
Наседкiн А.А -- наркам
Насьцянка Андрэй Цярэнцявiч
--1912, 1937, опэрупаўнаважаны
Пазьнякоў Андрэй Мітрафанавiч -- опэрупаўнаважаны, Слуцак (потым ст. iнспэктар Менскай аблуправы)
Падбярэзскi Мiхаiл Раманавiч
--1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Падалка Мiхаiл Iльiч --1910,
1932, опэрупаўнаважаны
Падгароднiкаў Васiль
Фёдаравiч --1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Пазiн Вiктар Фёдаравiч
--1899, 1924 начальнiк аддзяленьня
Палiтыка -- начальнiк
аддзяленьня эсэраў i меншавiкоў НКВД
Папутчык Аляксей Цiтавiч
--1911, 1937, опэрупаўнаважаны
Парахонька Яфiм Iванавiч
--1912, 1934, опэрупаўнаважаны
Перавозчыкаў --
опэрупаўнаважаны
Петрусенка Iван Карнеевiч --
1898, 1921, начальнiк Магiлёўскай турмы
Пiсараў -- опэрупаўнаважаны
Пужэвiч Элеанора Андрэеўна
--1906, машынiстка
Пятроў I.М. -- начальнiк
Расонскага райаддзелу
Радноў Пётр Якаўлевiч
--1902, 1920, начальнiк Вiцебскай управы
Ражкоў Iван Паўлавiч -- 1901, 1921, опэрупаўнаважаны
Розкiн -- начальнiк 1 спэцаддзелу НКВД
Рулёў Аляксей Iванавiч -- опэрупаўнаважаны
Рыскiн -- начальнiк Гомельскай турмы
Савельеў Iван Цiмафеевiч -- памочнiк опэрупаўнаважанага, Орша
Сакалоўскi Iосiф Пятровiч --1912, 1937,
опэрупаўнаважаны
Сахараў Пётр Мiхайлавiч --1889, 1918 , памочнiк
начальнiка аддзелу
Сiманоўскi -- начальнiк Аршанскай турмы
Серышаў -- намесьнiк начальнiка 3 аддзелу НКВД
Слукiн -- начальнiк аддзяленьня моладзi НКВД
Слуцкi -- начальнiк Хоцiмскага райаддзелу
Смагарэўскi -- начальнiк
Вiцебскага абласнога дарожна--транспартнага аддзелу
Сьмiрноў Сяргей Нiкiтавiч --1908, 1934, опэрупаўнаважаны
Сокалава Ганна Усьцiнаўна
--1897, 1928, машынiстка
Сокалаў Iван Паўлавiч
--1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Сокалаў -- памочнiк
начальнiка Менскай турмы
Сухадольскi М.А. --
начальнiк Даманавiцкага райаддзелу
Сусман -- опэрупаўнаважаны
Сталяроў --
опэрупаўнаважаны, Слуцак
Стаяноўскi -- памочнiк
наркама
Сяргеенка Мiкалай Карпавiч,
1919, 1937, опэрупаўнаважаны
Тамарчанка Леў Iосiфавiч
--1906, 1931, опэрупаўнаважаны
Тараканаў Сяргей Iванавiч --
начальнiк Слуцкага гараддзелу
Тарасаў Васiль -- 1904
Томышаў -- опэрупаўнаважаны,
Вiцебск
Трасьнiкоў -- опэрупаўнаважаны, Вiцебскi дарожна--транспартны аддзел
Уласаў -- намесьнiк
начальнiка Вiцебскай аблуправы
Урачоў Г.Я. -- начальнiк 4
аддзелу НКВД
Федарцоў Сава Мiкалаевiч --
1914, 1937, курсант
Фёдараў -- начальнiк
аддзяленьня нацыянал-фашыстаў НКВД
Фяцiсаў -- опэрупаўнаважаны
Вiцебскага абласнога дарожна--транспартнага аддзелу
Хархорын Г.С. -- намесьнiк
наркама
Хвашчынскi Барыс Цiханавiч
--1916, 1937, курсант
Церабiла Мiкалай Дзмiтрыевiч
-- 1901,1920, начальнiк аддзелу НКВД
Цiханцоў --
опэрупаўнаважаны, Магiлёў
Цiвунчык К.С. -- начальнiк 2 аддзелу НКВД
Цэйтлiн -- опэрупаўнаважаны
Чатанаў Мiкалай Сяргеевiч
--1913, 1935, тэхработнiк
Шлiфенсон -- начальнiк
Гомельскай аблуправы
Шмiдткiн Уладзiмiр Пятровiч
-- 1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Штэйнберг Майсей Пiлiпавiч -- сяржант дзяржбясьпекi
Шэвелёў Павал Iванавiч -- памочнiк опэрупаўнаважанага, Слуцак
Шэйнкман -- начальнiк
аддзяленьня трацкiстаў i правых НКВД
Эмануiлаў -- начальнiк
Аршанскага райаддзелу
Юркоў -- опэрупаўнаважаны,
Магiлёў
Юрчансон Р.П -- начальнiк
аддзелу НКВД
Ягодкiн В.П. -- начальнiк
Магiлёўскай абласной управы
Якавенка Васiль Сьцяпанавiч
-- 1913, 1937, опэрупаўнаважаны
Якiмаў -- опэрупаўнаважаны
Яндоўскi --
опэрупаўнаважаны, Магiлёў
Працяг будзе.
Лукашук
Аляксандар. “За кіпучай чэкісцкай работай”: З жыцьця катаў. – Менск: Наша Ніва,
1997. – 192 с. – (Архіў Найноўшай Гісторыі) ISBN 985-6374-03-0
Паводле www.martyraloh.org