КУРАПАТЫ

 

ЗЬМЕСТ

 

Прадмова. З.Пазьняк

Курапаты – дарога сьмерці. З.Пазьняк, Я.Шмыгалёў

Шумяць над магілай сосны. З.Пазьняк

Справаздача аб археалягічных раскопках пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты. З.Пазьняк, М.Крывальцэвіч, А.Іоў

Вершы. Зянон

 

ПРАДМОВА

 

Гэты зборнік склалі мае сябры зь іхнай ласкавай ініцыятывы й клопату. З чаго я ім вельмі ўдзячны, асабліва шаноўнай спадарыні Валянціне Трыгубовіч, спадару Вячаславу Вайткевічу, паважаным Юрасю Хадыку, Міхасю Ткачову, Валянціну Голубеву, Вінцуку Вячорку і ўсім тым, хто так ці інакш прычыніўся да гэтага выданьня. Разумею, што трэба было б напісаць новае, падрабязна і даўно. Але, на жаль, абставіны бываюць часам мацнейшыя за патрэбы. Дык няхай жа тады хоць незабытае старое нагадае яшчэ аб мінулым.

Час і падзеі бягуць цяпер так хутка і спрасавана, што няма калі азірнуцца, задумацца, як раней, над сваім жыцьцём у хвіліны мэлянхоліі й задуменьня. Карціны юнацтва й дзяцінства... Не ўспамінаю падзей. Але, як цяпер, усплываюць мне ўваччу месяц травень і Боскія дні. Што было? Не памятяю. Была цішыня. Распускалася хвоя лістоўніц перад хатай, падмецены чыста, пасыпаны жоўтым пясочкам дарожкі і граюць арганы ў касьцеле. Урачыстыя галасы. І воблакі над крыжамі...

Гэта Бацькаўшчына мая мілая. Далёкая-далёкая ў жоўтым сьвятле. Ты мроілася мне потым у Курапатах у чужой магіле гэтыя карціны. Мо таму, што сьвежы пясочак на сьцежках. Асацыяцыі. Мо таму, што жаночыя валасы пад прастрэленымі чарапамі сьветлыя, нібы лён. Я памятяю нават іхны пах у далёкія Боскія дні пад лістоўніцай – пах півоні і смольнай кары. Чыё застрэлілі юнацтва? Адно, другое... пятае... юнацтва маёй зямлі. Не забуду і не дарую.

Вось прастрэленая галава ў акулярах. Пільна ўглядаюся. Мой дзед Ясь таксама насіў акуляры. Можа ён? Нічога дзіўнага, што я так думаў. У Быкаўні пад Кіевам знайшлі ў магіле падпісаны муштук брата Янкі Брыля. Апазналі аднаго зь мільёнаў. Вось грабеньчык. Прамываю – і ў касым сьвятле ледзь бачныя драпінкі літар. Нехта перад сьмерцю выдрапаў на расчосцы, што цяжка яму было ў гэты дзень – расплакаўся. Уяўляю гэтага няшчаснага і думаю: scipta manent – напісанае застаецца. Праўду казалі рымляне.

Пачатак 70-х гадоў. Я жыў тады на ўскраіне Менска недалёка ад вёскі Зялёны Луг. Тады ўпершыню даведаўся пра расстрэлы на Бродзе (у Курапатах). Мясьціна ўразіла.

А на двары стаяла такое ліпкае камуністычнае задушша, што не вытрымлівалі нэрвы. Цынічна глуміліся з мовы й культуры, разбуралі старыя будынкі, цэрквы, гістарычныя вуліцы й кварталы, віжавала розная партыйная нечысьць – машэравы ды сурганавы, марцалевы ды паўлавы. Колькі зла, колькі бяды зрабілі яны Беларусі. Колькі самадурства. Тагачасны першы сакратар ЦК КПБ Машэраў пакляўся зьнішчыць старажытную вуліцу Нямігу ў Менску. Пакляўся – і зьнішчыў разам з усёй гістарычнай забудовай. Пачварныя вобразы, вартыя герояў Салтыкова-Шчадрына. Улада іх тады была бязьмежнай.

У тых умовах публічна раскрыць таямніцу Курапатаў было б злачынствам. Зьнішчылі б, як Нямігу, і абылгалі б усё. Дзякуй Богу, ніякіх ілюзіяў адносна камуністычнай нелюдзі ў мяне ніколі не было. Але ішлі гады і жыць было нязносна. Перадумана тысячу плянаў у бяссонныя ночы. Хацелася паставіць на тым месцы крыж у памяць па забітых. Мы абмяркоўвалі нават гэта са Шмыгалёвым, сябрам маім па таямніцы. Але што азначала паставіць крыж у тыя часы? Яго тут жа сьпілавалі б па загадзе райкаму. І хто б яго асьвяціў!?

Асеньнімі начамі, калі за шыбамі дождж, уяўлялася мне ў цемнаце, што вось даведаюцца ўсе людзі пра Курапаты і голасна ўсплачуць па нявінна забітых, і задумаюцца, і азірнуцца навокал. І спадуць бальшавікі і рассыплюцца, як гліна, і адродзіцца Беларусь. А на дарозе мільёны людзей падымуць на руках крыж пакуты і панясуць яго ў Курапаты, паставяць і пасьвяцяць навідавоку, сказаўшы праўду. Мне ўяўлялася працэсія з харугвамі і сьцягамі беларускімі – "А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе – беларусы".

29 кастрычніка 1989 году ўсё, што мроілася мне ў духаце 70-х, спраўдзілася да драбніц.

Дзясяткі тысячаў людзей пад харугвамі й беларускімі сьцягамі прайшлі праз горад, прынесьлі на руках сямімэтровы крыж пакуты, паставілі ў Курапатах і асьвяцілі з сьвятарамі.

Гэта незвычайна і ўспрымаецца як цуд. Ня ведаю толькі, ці паўтараюцца цуды. Бо цяпер уяўляюцца мне ў час маўчаньня дзе-небудзь у аўтобусе па дарозе ў Вільню ці Беласток, што Беларусь вольная, незалежная і заможная дзяржава. Паўсюдна гучаць нашы беларускія песьні і мова. Прыгожыя хораша апранутыя людзі ўсьміхаюцца і весяляцца. У нас дагледжаныя, акуратныя і багатыя гарады, роўныя, шырокія дарогі з прысадамі, чыстыя рэкі, шматлюдныя вёскі, выштукаваныя хаты. Няма п'яных, не чуваць бруднай расейскай лаянкі й хамства. Усюды пускаюць. Усё ёсьць.

Ня ведаю таксама, ці запісана гэта ўсё ўбачыць у маім лёсе. Але што яно спраўдзіцца скора – не сумняваюся.

Даўно завершаны дасьледаваньні па Курапатах, скончана і змаганьне за праўду. Ісьціна запанавала. Сабраны вялізны фактычны й псыхалягічны матэрыял. Ён так і просіцца ў кнігу. Аднак кніга не напісаная, нягледзячы на ўсе прапановы выдавецтваў і патрабаваньні сяброў. Ісьціна перамагла. І гэта галоўнае.

А кніга? Некалі напішацца й кніга, калі зьменіцца выбар. Я кажу выбар, бо такі цяпер час, калі шмат каму зь пісьменьнікаў і мастакоў, вучоных і журналістаў... шмат каму прыходзіцца рабіць выбар – альбо займацца творчасьцю, навукай, асабістым жыцьцём, альбо – палітыкай. І шмат хто выбраў палітыку, зразумеўшы, што немагчыма па справядлівасьці збудаваць асабістае, не стварыўшы агульнага – свабоды чалавека, незалежнасьці Беларусі, дэмакратыі ў грамадзтве. Часам гэта азначала прынесьці сябе ў ахвяру, свае дні і ночы, сваю працу і радасьці, падставіць голаў пад бруд дзеля будучыні і дабрыні. Якія кнігі, якія вершы, калі тлее, гарыць і дыміцца наш дом!

Некалі ў юнацтве любіў чытаць Калевалу. Так хораша на мове беларускай. Запомнілася, як мужны Вяйнямёйнэн, каб дасягнуць мэты, павінен быў узараць гадзючае поле, якое шыпела, кідалася ў вочы, кішэла ядавітымі гадамі. І толькі тады можна было ўзараць, калі ні разу не азірнуцца. І не азірнуўся Вяйнямёйнэн, ідучы за плугам. І ўзараў ён гадавае поле. Які прыгожы эпас Калевала, які цуд – фальклёр!

Канчаецца гадавае поле, застаецца з тылу бальшавіцкае шыпеньне, марксісцкае зло. Што чакае нас наперадзе? Якія выпрабаваньні? Мяркую, што выпрабаваньні цяжкія, але прыемныя. Выпрабаваньні стваральнай працы ў незалежнай Беларусі.

У Курапатах дзяржавай ня зроблена практычна нічога. Ніякага догляду. Руйнуюцца, псуюцца магілы, ні храма, ні парадку, быццам тут і ня могілкі, пра якія ведае ўвесь сьвет.

Зрэшты, у тым, што Курапаты ў такім стане, вінаватае ўсё грамадзтва. Пахадзіце па Беларусі, паглядзіце на могілкі. У большасьці развал і запусьценьне. Але настаў час зьбіраць камяні. І гэты час рэальны. У новай Беларусі ўшануем нявінназабітых, памятаючы пра справядлівасьць, бо нішто не мінае бясьсьледна.

Такая цана нашай народнай свабоды. Як хрысьціянства, заснаванае на нявінна пралітай крыві Хрыста, так і наша свабода павінна стаць вечнай. Ад нас дзеля гэтага патрабуецца так мала – толькі памятаць, верыць і любіць.

Калі мы азірнемся ў гісторыю Беларусі – гэта гісторыя пакутаў. Беларусы нясуць свой пакутны крыж ужо сотні гадоў – занядбаньне і здраду, фашызм, камунізм, генацыд, – а цяпер на плячах – палыновую зорку. Ужо сьвецяцца стронцыем нашыя душы. Жывем. Мы – некалі вялікі Боскі народ. Вялікая краіна. Мы вяртаемся да сваіх вытокаў. Не палохаймася, што нам цяжка. Не маркоцьмася з-за сваіх пакутаў. Пакутуючых і цярплівых любіць Бог. Успрымем жа з годнасьцю як народ багалюбны наш крыж. Бо мы ўваскрасаем. Ужо ўзьвіваецца над намі наш сьвяты і чысты бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта ж так проста: белае і чырвоная паласа, а ні ў кога на сьвеце, акрамя як у беларусаў, такога сьцяга няма. Толькі ці ведаем, братове, што бель з чырвонай паласой – гэта сьцяг і сымбаль Ісуса Хрыста.

Як радуе, як хвалюе мяне гэты сымбаль і сьцяг, пад якім так хораша нарадзіцца і ня страшна паміраць.

Мінуць гады, дзесяцігодзьдзі, але ў вольнай Беларусі, я ўпэўнены, заўсёды будуць памятаць Курапаты – гэты сымбаль нашага народнага мартыралёгу, гэты вобраз уваскрасеньня.

Хвойныя лясы ў Беларусі, сасновыя бары... над магіламі. Прыслухаймася. У пошуме хвой, як у хвалях марскіх, пад бяздонным сінім небам, чуваць голас вечнасьці.

Зянон Пазьняк
24 верасьня 1991 г.

Вярнуцца на пачатак

 

 

 

КУРАПАТЫ – ДАРОГА СЬМЕРЦІ

 

Чалавек, што зрабіў злачынства і існуе зь ім, злачынец. Ён здольны чыніць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся і праз пакуты сумленьня, сорам і боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць дабро, той ачысьціўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасьць жыцьця і сьмерці, вечнасьці і бясьсьмерця. Патрабаваньне ўсёй праўды аб злачынствах 1930-1950-х гадоў гэта голас народнага сумленьня.

Ачышчэньне сумленьня неабходнае грамадзтву, якое дапусьціла і спарадзіла генацыд – найвялікшае злачынства супраць чалавецтва. Вядома ж, ня стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават "ціхія пэнсіянэры". Раскайвацца павінны наступныя пакаленьні, якія і ня бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народу, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадзтва. Павінен быць рахунак сумленьня, каб вярнулася сьмерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасьць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй.

З.Пазьняк: У маладосьці ўсяго мяне да болю сардэчнага скаланулі апавяданьні людзей, што вярнуліся са сталінскіх турмаў і лягероў, амаль зь небыцьця. Я тады нічога не запісаў, не занатаваў і з жахам зразумеў сваю памылку ў духаце 70-х, калі ўбачыў, як спакваля ўсё вяртаецца, як фальклярызуецца, міталягізуецца народная памяць аб тых часох і проста зьнікае. Пачварныя вобразы з тых апавяданьняў стаяць у сьвядомасьці...

Вось гоняць людзей па этапах. У дваццаціградусны мароз вязуць цягніком. Спыніліся на станцыі. "Усім разьдзецца, – загадвае канвой, – пойдзем у лазьню". Голых людзей на лютым марозе абліваюць з брандспойтаў вадой. "Зь лёгкай парай, – рагочуць канваіры, – а цяпер спаць". І зачынілі дзьверы. Назаўтра з усяго цягніка жывымі засталіся нямногія. Абледзянелыя трупы грузілі на вазы так, каб зьвісалі галовы, а нехта з катаў разьбіваў іх калуном. Відаць, загадана для гарантыі. Мінаюць гады, і не зьнікае з уяўленьня забойца мерцьвякоў.

Вось прывозяць на Калыму, заганяюць у дзіравы дашчаны барак, сьвішча сіберны вецер. Праз ноч палавіна ня ўстала. Тады астатнія паставілі акалелыя, зьмерзлыя трупы ўздоўж сьцен, каб затуліць шчыліны, каб сагрэцца. І выразна паўстаюць перада мной тыя атланты і карыятыды, тая архітэктура эпохі, той вобраз – барак...

Расказаў Іван Трафімавіч Смаль, член партыі з 1917 году, член Гомельскаіа рэўкому. У 1937 ён працаваў на Магілеўскім аўтарамонтным заводзе намесьнікам дырэктара. Яго забралі па бязглуздым даносе аднаго камсамольца-стаханаўца – завод своечасова не адрамантаваў дзьве машыны. Уткнулі ў камэру, дзе стаяла шчыльна стуленая маса людзей, нельга нават варухнуцца. Людзі задыхаліся, вар'яцелі, паміралі стоячы, і трупы стаялі разам з жывымі. І калі ўжо нельга было ўціснуць нават паўчалавека, новых вязьняў ахоўнікі закідвалі наверх, на галовы жывых.

А каб выбіць паказаньні, была асобная камэра, цёмная, зь нізкай, ніжэй за паўтара мэтра стольлю, напоўненая ледзяной вадой. На адзіным сухім месцы ў цэнтры стаяла чорная труна. І толькі там чалавек мог знайсьці ад халоднай вады паратунак. Шмат хто звар'яцеў у той труне.

Іван Трафімавіч стрываў усе катаваньні і ня здаўся, не падпісаў абвінавачаньні. Пасьля краху Яжова яго выпусьцілі – хворага й сівога... А ў пачатку 50-х гадоў ён зайшоў па справах са сваім сынам у Міністэрства сацыяльнага забесьпячэньня БССР. У вэстыбюлі яны спаткаліся з упэўненай, шыкоўна апранутай жанчынай з горда ўзьнятаю галавой і сіваватай прычоскай. "Здравствуйте, Иван Трофимович", – не сказала, прасьпявала яна грудным голасам і пайшла. Іван Трафімавіч самлеў на руках у сына. "Бацька, хто гэта?" – "Гэта Байкова. Перад вайной яна была сьледчай у Магілеўскай НКВД". Яна катавала Івана Трафімавіча. Перад Байковай дрыжэлі ўсе магілеўскія вязьні. Садыстка, яна вяла допыты толькі мужчын, і асабліва любіла катаваць былых рэвалюцыянэраў. Вязьню загадвала распрануцца дагала і танцаваць пад мэлёдыю вальса "На сопках Маньчжурыі", патрабавала сьпяваць. Потым брала спэцыяльна зроблены для гэтай мэты бізун з драцянымі махрамі і сьцябала чалавека па органах і самых балючых месцах, даводзячы сябе да экстазу, а вязьня да немарасьці ад болю.

Да 1937 году сын Івана Трафімавіча вучыўся ў адной школе разам з сынам Байковых (муж Байковай таксама працаваў у НКВД), бываў у іх дома, ня ведаючы ні аб чым. Ветлівая гаспадыня ў фартушку частавала цукеркамі й гарбатай...

Я.Шмыгалёў: "У сярэдзіне 1950-х гадоў, будучы капітанам савецкай арміі, я служыў у Валагодзкай вобласьці. Там я пазнаёміўся са старшым лейтэнантам Пятром Уваравым, які ў 1940-х гадох прымаў удзел у высяленьні татараў з Крыму. Ён расказваў мне, што ўсе кварталы, дзе жылі крымскія татары, былі ў адначасьсе абкружаныя войскамі НКВД. На зборы далі тэрмін каля гадзіны. Зьбіраліся пад дуламі аўтаматаў. Пры спробе ўцёкаў – сьмерць. Татараў загналі ў вагоны і павезьлі ў Сібір і Казахстан. У эшалёнах іх кармілі толькі салёнай камсой і селядцамі. Пры гэтым не давалі вады, і яны паміралі: спачатку хворыя і старыя, а затым іншыя. На кожнай станцыі выкідвалі мёртвых. Людзі прасілі аб літасьці, але літасьці не было. Каштоўныя рэчы й грошы канваіры адбіралі сабе. Пра зьдзекі з татараў Увараў расказваў з задавальненьнем, са смакам, лічыў свае паводзіны правільнымі, а сталінскі акт у дачыненьні да татараў ухваляў».

З.Пазьняк: Павінна быць кніга народнай памяці. Уражваюць вобразы, што паўстаюць з чалавечых апавяданьняў. "Памятаю, у 1938-м зімой іду па вуліцы каля будынку НКВД, – успамінае мянчук Сяргей Фёдаравіч Ладуцька. – Мароз, аж дух займае. А з адкрытых вокнаў падвалаў НКВД, як з-пад зямлі, пара валіць праз краты, нібы з паравоза – гэтулькі там насадзілі людзей". Вобраз працінае, як маланка. На верхніх паверхах шморгаюцца строгія чалавечкі ў кіцелях і галіфэ, рапартуюць, раскрываюць і закрываюць папкі, дзелавіта ходзяць з паперамі, а пад імі ў бітма набітых падвалах дыхае парай, крывёй і потам прыдушаны народ. Куды ж ляціць гэты паравоз? Дзе яго прыпынак?

Мы знайшлі гэты прыпынак. Не давала спакою думка: куды падзелі людзей, якіх расстралялі? Дзе яны, іх жа ня два, ня тры чалавекі, а тысячы? У пачатку 1970-х гадоў на паўночнай ускраіне Менска, зьлева ад Лагойскай шашы, не даяжджаючы да кальцавой дарогі, існавала яшчэ вёска Зялёны Луг. Старажылы яе расказалі нам, што за два кілямэтры на поўнач ад вёскі, паміж кальцавой і Заслаўскай дарогамі, у лесе ад 1937 па 1941 году кожны дзень і кожную ноч расстрэльвалі людзей, якіх прывозілі сюды на машынах. Там на ўзгорках стаяў стары бор, вакол лясы і глухмень. Кавалак бору гектараў з 10-15 быў абгароджаны высокім, вышэй за тры мэтры, шчыльным дашчаным плотам унакладку – дошка на дошку, абцягнутым зьверху калючым дротам. За плотам была ахова і сабакі. Людзей вазілі сюды па гравійнай дарозе, што вяла ад Лагойскага тракту на Заслаўе. Шлях той называлі тады "дарогай сьмерці".

Апытаньне зялёналужцаў і жыхароў навакольных вёсак Цна-Ёдкава і Драздова – сьведак і відавочцаў тых страшных падзеяў – дапамагло ня толькі ўстанавіць факты, але і ўзнавіць карціну масавых забойстваў. Аднак у 70-х гадох абнародаваць, усім расказаць пра іх не было магчымасьці.

У 1987-1988 гадох мы расшукалі некаторых жыхароў зьнесенай ужо да гэтага часу вёскі Зялёны Луг, зноў зрабілі апытаньне старажылаў і сьведак падзеяў у навакольных вёсках, высьветлілі акалічнасьці, дэталі, занатавалі адказы...

Расстрэлы пачаліся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы ў дзень – на раніцы, у 14 гадзін і вечарам, калі сьцямнее, – у лес прывозілі па некалькі машын людзей і расстрэльвалі. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія ямы, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, ямы прысыпалі пластом пяску ня больш за 20-25 сантымэтраў. Часам зьверху саджалі сасонку.

У другой палове 1937 году месца абгарадзілі. Сьмяротнікаў пачалі прывозіць па іншым графіку: пасьля абеду, пад вечар і цэлую ноч. Вазілі безупынна штодня. Апытаныя ня памятаюць нават, ці былі перапынкі ў нядзелю. "Кожны дзень стралялі, – расказвае жыхарка Цны Кацярына Мікалаеўна Багайчук (1919 году нараджэньня), – і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны зьбяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзяцца».

"Іншы раз адразу па некалькі машын заяжджала ў загарадку, вазілі бесьперастанку, – расказвае Дар'я Ігнатаўна Тоўсьцік з Цны (з 1911 г.). – А дарога ў лесе выкатана, як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць было енкі, плач, праклёны".

"Уся вёска была ў страху. Пяць гадоў па начах не маглі спаць ад стрэлаў", – кажа старажыл Цны Бацян Раман Мікалаевіч (з 1913 г.). Тое пацьвярджае Няхайчык Мікалай Пятровіч (з 1929 г.) ды іншыя цнянцы. "Старэйшыя хлопцы, які сьмялейшы, дык нават лазілі за плот, – кажа Мікалай Пятровіч, – рабілі дзіркі ў агароджы і шмат што бачылі". Мы пытаемся, ці жыве яшчэ хто зь іх. "Ёсьць: Карповіч Мікола".

Мікалай Васілевіч Карповіч нарадзіўся ў 1919 годзе, самавіты, яшчэ досыць дужы чалавек. У 1939 годзе пайшоў у войска. Лёс пакідаў яго па сьвеце і па франтох. У 1937-1938 гадох ня раз бачыў, як забівалі людзей у лесе. Магілы, відаць, капалі ў першай палове дня, бо пад вечар (часта пасьля абеду), калі пачыналі пад'яжджаць машыны, ямы былі ўжо выкапаныя. М.Карповіч распавядаў, што людзей забівалі партыямі. Ставілі ў рад, затыкалі кожнаму рот коркам і завязвалі анучай (каб ня выплюнуў кляп). Забойцы былі ў форме НКВД. Яны стралялі зь вінтовак збоку ў галаву крайняга, каб прашыць куляй двух чалавек. "Як стрэліць, – кажа Мікалай Васільевіч, – дык адразу двое ў яму і падаюць. Патронаў шкадавалі". Настралялі адну партыю, крыху прысыпалі штабель, паправілі, каб роўна было, і падвозілі наступную партыю. Настраляўшы даверху, яму прысыпалі пяском і зараўноўвалі.

"Адзін раз, – апавядае М.Карповіч, – спатыкае мяне вартаўнік з Малінаўкі (вёска за 4 кілямэтры адсюль. – Аўт.), разнэрваваны, узрушаны. Ужо набілі, кажа, ідзі паглядзі, нават не засыпалі... Падышлі мы да плота, што ля дарогі. Аж блізка ў лагчыне вялікая шырокая яма, даверху трупамі напоўненая. Ляжаць, брат, у рад, як парасяты". Пытаньне: "Ці было, каб выратаваўся хто адтуль?" – "Куды там выратуешся – гэтакі плот, – адказвае Мікалай Васільевіч. – Праўда, раз пад вечар, ужо шарэла, ішоў я празь лес зь Зялёнага Лугу ў Цну з адным нашым. Вусьцішна было. Якраз страляць перасталі. Аж бачым, сядзіць чалавек пад дрэвам у акрываўленай бялізьне, ледзь жывы. Мы падышлі – што рабіць? Якраз машына завурчэла. Адскочылі мы, ідзём. Насустрач два энкавэдысты: "Кто такие?" – "Цнянскія". – "Никого не видели?" – "Не-а... сядзеў там нейкі", – задрыжэў дзядзька. Потым мы азірнуліся, а яны таго за ногі валакуць. Укінулі ў машыну, як палена, і паехалі. І як ён тады адтуль вылез – я і цяпер не магу зразумець..."

І ўсё ж у 1938 годзе адзін чалавек уцёк з-пад расстрэлу. "Праз плот – і не знайшлі", – сьведчыць Марыя Рыгораўна Пацяршук (з 1911 г.) з Цны. Адзін чалавек... Можа, ён яшчэ дзе жывы? Можа прачытае гэтыя радкі і адзавецца?

Марыя Рыгораўна пацьвердзіла, што перш чым людзей пастраляць, ім затыкалі рот коркам. Пра гэта кажуць таксама жыхар вёскі Драздова Скварчэўскі Васіль Якаўлевіч (з 1930 г.) і іншыя. Аднак шмат хто чуў крыкі, плач, маленьні аб літасьці. Можа, не хапала коркаў? Але, пэўна, справа ў іншым. Чалавек, які доўгі час забівае людзей, паступова робіцца садыстам. У яго ўзьнікае патрэба памучыць сваю ахвяру, перш чым яе забіць. Вось і мучылі людзей перад сьмерцю.

Відаць, не патроны эканомілі забойцы, калі імкнуліся прашыць адной куляй дваіх чалавек адразу. Гэта была свайго роду бравада, спорт для катаў, дэманстрацыя прафэсіяналізму. М.Карповіч, пэўна, якраз і ўбачыў гэты нетыповы спосаб расстрэлу зь вінтовак. Мы падрабязна апытвалі ўсіх, хто чуў, як гучалі стрэлы, і тых, хто бачыў, як забівалі, ці дачуўся ад тых, хто бачыў, – і прыйшлі да высновы, што стралялі ў асноўным з наганаў ці пісталетаў (што і пацьвердзілася потым раскопкамі).

"А моцна гучалі стрэлы?" – пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны Шаханавай (з 1929 г.) з Цны. "Не, гэтак суха – "хлоп-хлоп-хлоп", але ўвесь час. Пастраляюць, потым памаўчаць, і зноў – "хлоп-хлоп-хлоп". Валянціна Міхайлаўна таксама была ўнутры "душагубкі". Падкапаліся з суседнім хлапчуком пад плот і залезьлі, каб назьбіраць ягад (а было ім гадкоў па 10-12). Там яны ўбачылі ўскапаную зямлю і мноства засыпаных ямаў. Вылезьлі зь ягадамі, а насустрач вайсковец. "Стой! Ану, высыпай!" – загадаў хлопчыку. Забраў ягады і як гыркне: "Марш атседава!"

Расстрэлы адбываліся да самага пачатку вайны. У час вайны жыхары з навакольных вёсак разабралі плот на гаспадарчыя патрэбы, а стары бор неўзабаве сьпілавалі й расьцягнулі. Цяпер тут расьце пасьляваенны лес з 40-45-гадовымі дрэвамі.

"Немцы там не расстрэльвалі?" – пытаемся ў Валянціны Міхайлаўны. "Не, немцаў там не было, не расстрэльвалі". Гэтае пытаньне мы задавалі кожнаму апытанаму. Адказвалі ўсе аднолькава: – немцы гэтай мясьцінай не цікавіліся.

"Як выглядала тая мясьціна, калі разабралі агароджу?" – пытаемся ў В.Шаханавай. "Усё ўскапанае: пясок і высокая трава. І надта шмат чырвоных грыбоў, гэткіх пунсовых, на тоненькіх ножках. Нібы крывёй налітых. От, казалі, кроў людзкая прарасла". Пра чырвоныя грыбы на магільных ямах успаміналі многія людзі, лічылі, што гэта яны ад пралітай крыві зьявіліся. Зноў фальклёрны вобраз пакутаў, падумалі мы. Але потым высьветлілі: праўду казалі людзі. Такія грыбы называюцца часночнікі, растуць на глыбока ўскапаным пяску і пахнуць часнаком.

Цяжка размаўляць са старымі жанчынамі пра той час. "А мае дзеткі, колькі добрых людзей пастралялі! – выгукае Кацярына Мікалаеўна Багайчук. – Хоць бы ім помнік які паставіць!" Плача... "Асабліва жудасна было ноччу, – кажа Надзея Яфімаўна Хоміч (з 1922 г.) зь Зялёнага Лугу. Да вайны яна жыла ў Бабруйску, але часта прыяжджала ў Зялёны Луг да сястры, хата якой стаяла каля лесу. – Заўсёды стрэлы, брэх сабак, крыкі, галашэньне". Таксама плача...

"Сабакі былі злыя, відаць, галодныя, – дадае Соня Андрэеўна Козіч (з 1925 г.) зь Зялёнага Лугу. – А стралялі амаль бесьперапынку, асабліва ўначы".

"Шмат было кругом распырскана крыві, – расказвае Марыя Іванаўна Пацяршук (з 1925 г.) з Цны. – Стогны, стагналі нават закапаныя..."

Вера Фёдараўна Тоўсьцік (з 1933 г.) з Драздова памятае: калі было ёй гадкоў сем, са старэйшымі дзецьмі бегала глядзець на забойствы. Успаміны яе фрагмэнтарныя, што захавала дзіцячая памяць: – засыпаныя сьвежым жоўтым пяском ямы і кроў на траве. "І пясок над ямамі яшчэ варушыўся, нібы дыхаў".

Пытаньне: "Ці забралі каго з Драздова?" – "Не памятаю, малая была. Але старэйшыя расказвалі, што па вёсках забіралі. Езьдзіла машына. Ноччу заходзілі й казалі: – зьбірайся. Куды – не тлумачылі. От чалавек і зьбіраўся, клаў у торбачку хлеба, сала. А іх потым прывезьлі вунь туды і пастралялі ў ямах. Няўжо ж ніхто ім і помніка не паставіць? Колькі людзей забіта! Колькі народу зьвялі!"

Матруна Мікалаеўна Мантасава (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу расказвае, што ў 1937 годзе забралі двух мужчын Стрыгавых з Падбалоцьця. "Хто яны былі?" – пытаемся. – "А простыя людзі, рабочыя". – "За што ўзялі?" – "Ніхто ня ведае. Тады не казалі й не пыталіся. Ноччу па вёсках машына, буда такая хадзіла – "чорны воран" называлася. Людзей забіралі і адвозілі. І да сёньняшняга дня ніхто ня ведае, дзе яны. Можа, там і ляжаць... Схапілі яшчэ мужа Тані Матусевіч і настаўніка, што побач жыў. Прозьвішчы астатніх не прыпамінаю. Усе казалі, што па вёсках забіраюць. Колькі добрых людзей пазабівалі! Цяпер хоць бы ім помнік які паставілі. Гэта ж такі глум быў з народу!"

В.Шаханава паведаміла, што памятае, як забралі трох чалавек з суседняй вёскі Якубавічы. "За што?" – "От, кажуць, адзін на аднаго па злосьці нагаварылі – усе і загінулі. І ў нас у Цне схапілі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу. Добры быў чалавек". Валянціна Міхайлаўна сказала, што чула ў той час апавяданьні старэйшых, як чапляліся з дамаганьнямі да аднаго цнянскага актывіста-брыгадзіра, каб "паставіў" неабходную колькасьць "ворагаў народу".

Пра арышты ў акрузе пытаемся ў Марыі Рыгораўны Пацяршук. "З Хмарыншчыны (гэтай вёскі ўжо не існуе. – Аўт.) забралі трох чалавек: Філіповіча Андрэя, Цярлюка Сьцяпана, а трэцяга забылася, нейкага новага". – "Ці чулі пра запыты ці патрабаваньні выдаць "ворагаў народу"?" – "З 1937 году старшынёй сельсавету (мы тады былі Папярнянскага сельсавету) быў Бацян Цімафей Васілевіч, дык у яго дапытваліся – ці няма ў цябе якіх? А ён адказваў: не, у мяне няма".

Пытаньне: "Яшчэ дзе-небудзь у акрузе расстрэльвалі людзей?" – "Так, расстрэльвалі. У Ждановічах, ля Баравой, ля Драздова справа ад вузкакалейкі (цяпер вузкакалейкі няма. – Аўт.) і ў Менску за паркам Чалюскінцаў, там, дзе завод Вавілава".

Пытаньне да М.Р.Пацяршук, Д.І.Тоўсцік і М.І.Пацяршук (дэпутат сельсавету, член КПСС): "Што цяпер трэба зрабіць з гэтай мясьцінай? Горад жа ўжо пад бокам, дарога кальцавая закранула?" – "Паставіць помнік", – адказваюць усе.

Спаткаліся нам, аднак, людзі, што расказвалі пра ўсё амаль шэптам. Прасілі нідзе не называць іхнае прозьвішча. Некаторыя адмоўчваліся. А, напрыклад, Мікалай Васільевіч Ігнашоў (з 1914 г.) зь Зялёнага Лугу, які прайшоў праз усю вайну да Бэрліна, сказаў нам толькі, што баяўся нават набліжацца да таго плоту, бо хто за яго заходзіў – назад не вяртаўся.

Аднак былі і сарвігаловы, якія пацяшаліся тым, што выкопвалі трупы (асабліва спачатку, калі не было плоту) і саджалі іх пад дрэва, каб "насаліць" энкавэдзістам. "Аднаго разу нехта адкапаў і выцягнуў зь ямы дваіх, – расказвае В.Скварчэўскі. – Пасадзіў пад дрэва, даў у рукі газэту – хай чытаюць. Шум быў. Хацелі дазнацца, хто гэта зрабіў". Такі быў тут побыт... Абставіны, якія спараджалі ледзянячы жах і ледзянячае кашчунства.

Аналіз сталінскай сыстэмы генацыду, новыя факты, што выяўлены цяпер, робяць зразумелым, чаму зьнішчалася ў першую чаргу інтэлігенцыя, кіруючыя партыйныя і ваенныя кадры, працавітыя сяляне. Але не заўсёды зразумела, чаму забівалі цёмных, нават непісьменных сялян і рабочых. Цяжка ўявіць лёгіку сталінскую і тых, хто быў зь ім, бо яна, па сутнасьці, не чалавечая, яна зь нейкім іншым знакам. Тлумачэньне можа часткова даць так званая "плянавая эканоміка" рэпрэсіяў. У 1930-х гадох Молатаў паведаміў Сталіну, што не хапае турмаў, а самае галоўнае, скардзіўся Молатаў, што "арыштаваных трэба карміць". У краіне якраз быў голад. Тады шырока пачалі выкарыстоўваць лягерную сыстэму забойства людзей на этапах у дарозе, марэньне марозам і голадам. У зьнішчэньні народаў быў ужыты плянавы "прагрэсіўны" мэтад. На кожны горад, раён і г.д. выдавалася "разнарадка". Рэпрэсіі адбываліся па графіку. Узьнік "рух" за выкананьне й перавыкананьне пляну рэпрэсіяў (выяўленьня "ворагаў народу"). Колькасьць індывідуальна выяўленых "ворагаў" паведамлялася ў справаздачах, выступленьнях, газэтах. Калі ж плян не выконваўся, а быў канец плянавага пэрыяду, бралі любога. Тады й гойсалі "чорныя вораны" па вёсках.

Мясьціна ля заслаўскай дарогі звалася Брод. Тут непадалёк было некалі балота. А ці мела раней назву тое месца, што было потым абгароджана, той бор на ўзгорках, спыталіся мы ў жыхароў Драздова. Так, адказалі яны, мясьціна называлася Курапаты. "А чаму?" – "Бо вясной там скрозь расьлі белыя кветкі – "курапаты". – "Курасьлепкі хіба?" – "Ага, курасьлепкі – курапаты (дыялектная назва белых пралесак. – Аўт.)".

Невыказна цяжкае ўражаньне пакідаюць Курапаты. З паўднёвага боку мясьціну падрэзала кальцавая дарога, якую праклалі тут у 1957 годзе. Тады выграбалі чарапы і косьці. Падымаемся па адхоне, ступаем у лес, і адразу пачынаюцца магілы – безьліч праваленых зарослых ямін. Людзі згнілі – і зямля асела. Яміны розныя: 2x3; 3x3; 4x4; 6x8 мэтраў і большыя. Западзіны бываюць на 70-80 см. У цэнтры – вялікі ўзгорак-града. На схілах яго і ў лагчынах скрозь праваленыя ямы, ямы. Толькі па самай вяршыні грады больш-менш гладка – нібы дарога была некалі. Можа, па ёй пад'яжджалі машыны, каб пасьвяціць фарамі ўначы. З паўднёвага боку мы знайшлі месца, дзе стаяў плот. Добра захаваўся роў, што быў перад ім, як і распавядалі нам вяскоўцы. Па ледзь прыкметных выемках пазнаём, дзе стаялі слупы – на адлегласьці чатырох мэтраў адзін ад аднаго.

Ямы розныя памерамі. Магчыма, былі неаднолькава заглыбленыя. Таму колькасьць забітых падлічыць па магілах больш-менш дакладна не ўдаецца...

У 70-х гадох на Курапатах было адносна ціха. Цяпер сюды наблізіўся мікрараён Зялёны Луг-6. Калі прыйдзеш на магілы, ахоплівае нейкая роспач. Цяпер тут зона адпачынку менчукоў. Гуляюць дзеці...

З.Пазьняк: 1 траўня сёлета тут было весела й тлумна, як на праспэкце. Адпачываюць сем'ямі і кампаніямі. У магілах паляць вогнішчы, тут жа ядуць, п'юць, смажаць шашлыкі, іграюць на гітарах, у карты, ламаюць гольле, высякаюць дрэвы, хрыпяць транзістары. Адзін счэсвае бярэзіну, што вырасла з магільнай западзіны, хоча дастаць соку... Дзіўлюся, чаму не цячэ зь яе кроў. Вядома, людзі нічога ня ведаюць; ня ведаюць, што пад імі ляжыць пакаленьне. Але зноў успыхвае ў сьвядомасьці вобраз, як той паравоз, толькі з шашлычным дымам.

Я.Шмыгалёў: Калі паміраюць "ціхія пэнсіянэры", што стварылі гэтае бяспамяцтва, іх кладуць у труну, на хаўтурах кажуць пра іх добрыя словы, грае аркестар. А для тых, што ляжаць тут, аркестрам быў брэх і наганныя стрэлы. А як пакутвалі дзеці, сем'і рэпрэсаваных! О не, трэба памятаць усё. І пасьля сьмерці хай кожнаму аддасца ягонае.

Агляд некаторых магілаў спарадзіў у нас трывожныя падазрэньні. Занадта глыбокія западзіны, а па бакох часам бугаркі, нібы раскопваў хто некалі. Некаторыя ямы нядаўна раскапаныя ў глыбіню больш чым на мэтар. Нідзе ніводнай косткі. У адной магіле школьнікі паглыбляюць зямлянку. Глыбіня звыш мэтра. Чысты рыхлы незьляжалы паварушаны пясок. Трывога ўзмацнілася, калі мы ўспомнілі апавяданьне аднаго вяскоўца, які захацеў застацца інкогніта, – пра тое, што адразу пасьля вайны тут доўга капаліся салдаты.

5 траўня 1988 году сіламі археалягічнай групы Інстытуту гісторыі АН БССР мы правялі раскопкі адной з магілаў. Шурф 0,5x1 м у цэнтры западзіны быў выкапаны на глыбіню 1,5 мэтра. Ніякіх вынікаў. Чысты пясок.

Гэтае адкрыцьцё ўсю нашу групу ў складзе пяці чалавек уразіла ня менш, чым сам факт масавых рэпрэсіяў. Як жа мы недаацанілі іх подласьць! Вось хто капаўся тут пасьля вайны! Замяталі сьляды. Значыць, ведалі яшчэ тады, што тварылі! Дзе ж ваша "чэсная" упэўненасьць у справядлівасьці сваіх справаў, у справядлівасьці загадаў?! Аказваецца, вы баяліся яшчэ тады. Зрабіць такуя эгіпецкую работу! Выкапаць столькі трупаў! Куды ж вы іх падзелі? Вывезьлі і закапалі? Спалілі? Ня дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Малянкоў? Хто?

У той жа дзень выявілася, што не ўдалося забойцам замесьці сьляды. Да нас падышлі хлапчукі, што 1-га траўня капалі зямлянку ў магільнай западзіне, і павялі на другі канец тэрыторыі. Яны раскідалі яловыя лапкі, што прыкрывалі загарадку з жэрдак, і мы ўбачылі кучу прастрэленых чалавечых чарапоў, касьцей, скуранога й гумовага абутку. Заглыбіўшы сваю зямлянку амаль на два мэтры, хлопцы наткнуліся на завал чалавечых касьцей. Яны адкапалі ніжні штабель магілы.

Успомнім, як энкэвэдзісты, настраляўшы адну партыю людзей, прысыпалі трупы і раўнялі дно. Пры эксгумацыі салдаты выбралі косьці да глыбіні двух мэтраў і вырашылі, пэўна, што яме канец. Ці проста "схалтурылі", калі начальства побач не было. Сапраўдная глыбіня магільнай ямы 2,8 м, памер прыблізна 3x3 м. Хлопчыкі акуратна, як археолягі, выбралі палову штабеля (23 чалавекі). Сярод трупаў знайшлі фарфоравыя і эмаляваныя кубкі, скураны кашалёк з савецкімі капейкамі 1930-х гадоў (апошняя дата на манэтах – 1936 г.), зубную шчотку ў футарале вырабу віцебскай фабрыкі, шмат пустых страляных гільзаў ад нагана дыямэтрам 7,5 мм (прамерана лінейкай, дакладны калібар нагана 7,62 мм – З.П.) і круглыя паламаныя акуляры ў тонкай мэталёвай аправе. На ўсіх гумовых галёшах клеймы айчынных фабрык і дата выпуску – 1937 год. Знойдзены скураныя мужчынскія боты, таксама і жаночы абутак. Кулявыя адтуліны ў чарапох, як правіла, на патыліцы, дзе часта відаць побач па дзьве дзіркі. Ёсьць некалькі чарапоў зь дзіркамі ў скроні, на лбе і зьверху галавы (дастрэльвалі ў яміне). Усе ўваходныя адтуліны дыямэтрам 7,5 мм.

Пра што гавораць гэтыя знаходкі? Магіла была "настраляна" ў 1937-1938 гадох. Забівалі з наганаў. Людзей, відаць, расстралялі без суда, без аб'яўленьня выроку сьмерці. Вось тут яны і ляжаць са сваімі клуначкамі, сабранымі, калі загадалі "зьбірацца", кубачкамі, зубнымі шчоткамі і нават медзякамі. На расстрэл, пэўна, не рыхтаваліся.

Хочам назваць прозьвішчы хлопцаў, якія дапамаглі нам у нялёгкім дасьледаваньні. Гэта Ігар Бага (ён ужо скончыў школу і працуе мулярам) і вучні 171-й школы Менска Віктар Пятровіч і Аляксандар Макрушын.

Другая яміна-магіла была закранутая ў час пракладкі газавай траншэі па вяршыні ўзгорка-грады праз Курапаты. Магіла невялікая, разьмешчана была ўбаку ад былога праезду. У час эксгумацыі яе, пэўна, "прапусьцілі", забыліся раскапаць. Рабочыя БМУ "Белспэцмантаж" Дзяржкамгазу БССР і потым дзеці выявілі тут косьці і 15 прастрэленых чарапоў, 20 параў скуранога абутку й галёшаў. Сярод абутку – рэшткі жаночых туфляў. На галёшах клеймы айчынных фабрык і дата – 1939 год. На адным галёшы кляймо рыскай фабрыкі і падпісаны па-латыску. Дата – 1939 год. Зразумела, што гэта магіла 1940 году, дзе сярод іншых быў расстраляны латыш (з Латвіяй, здаецца, тады галёшамі не гандлявалі).

Пра раскопкі быў складзены адпаведны акт і паведамлена ў Бараўлянскі сельсавет. Старшыня сельсавету Сяргей Іванавіч Чачанец паставіўся з разуменьнем да зьвестак пра магілы расстраляных. Была нават створана камісія для высьвятленьня акалічнасьцяў і перазахаваньня чалавечых рэшткаў, а косьці сабраныя ў спэцыяльна зробленую труну.

Цяпер перш за ўсё трэба зьмясьціць адпаведныя надпісы ля Курапатаў зь інфармацыяй пра гэтую мясьціну, каб людзі ведалі, што яна не для пікнікоў і адпачынку. Ня думаем, што эксгумацыя ўсіх магіл, мяркуючы па тым, што выяўлена, была праведзена ў 1940-х гадох акуратна, да канца. Напэўна, там яшчэ ляжаць на дне глыбачэзных ямін тысячы забітых.

Неабходна таксама зрабіць публічнае перазахаваньне адкапаных рэшткаў і падумаць пра помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў на гэтым месцы.

Асобная тэма – пра дараваньне і пакараньне. Няхай чытач пра гэта падумае сам. Мы мяркуем, што няма дараваньня за генацыд. На тых, што рабілі такое, не павінен распаўсюджвацца тэрмін даўнасьці. Калі трапляеш у глыбокую і халодную трохмэтровую яму, усланую трупамі, бярэш у рукі сьлізкую падэшву ад маленькага, ня больш за 34 памер, жаночага туфля, – разумееш гэта адназначна.

...А яны яшчэ спрабуюць казаць пра нейкія "прынцыпы".

Зянон Пазьняк, Яўген Шмыгалёў
Упершыню надрукавана ў газэце "Літаратура і мастацтва",
3 чэрвеня 1988 г.

Вярнуцца на пачатак

 

 

 

ШУМЯЦЬ НАД МАГІЛАЙ СОСНЫ...

 

Дазволю сабе падзяліцца з чытачамі "ЛіМа" некаторымі вынікамі археалягічных раскопак.

Павінен адразу сказаць, што праведзеныя дасьледаваньні не далі нічога прынцыпова новага ў параўнаньні з вынікамі першых раскопак, зробленых у пачатку траўня гэтага году, пра якія напісана ў артыкуле "Курапаты – дарога сьмерці". Гэта абумоўлена добра вядомай археолягам заканамернасьцю, што для асьвятленьня сутнасных характарыстык аднатыпнага помніка (у дадзеным выпадку магільніка) дастаткова дасьледаваць яго частку (пажадана ў розных месцах). Гістарычны факт масавых расстрэлаў насельніцтва ў Курапатах, учыненых сталіністамі ў 1937-1941 гадох, быў высьветлены адразу. Наступная выбарачная эксгумацыя археалягічным мэтадам толькі пацьвердзіла яго на больш высокім навуковым узроўні. Раскопкі і эксгумацыю неабходна было зрабіць таксама, каб правесьці крыміналістычную экспэртызу, атрымаць безумоўныя юрыдычныя аргумэнты й доказы ў крымінальнай справе, якая павінна прадугледжваць высьвятленьне характару злачынства, асобаў вінаватых, пацярпелых, прад'яўленьне абінавачаньня і перадачы яго ў суд.

Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся шурфамі, раскопамі й траншэямі ў трох канцох тэрыторыі пахаваньняў. Усяго зроблена 7 раскопаў і 1 шурф (нумарацыя агульная). Ва ўсходнім канцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы No.1-3. Раскопы No.5 і 6 раскапаныя на паўднёвым баку Курапатаў (Броду) прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў No.1-3, бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп No.8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў No.1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца.

Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магіл, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтай мэтай пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі. Па лініях траншэяў былі зробленыя чарцяжы падоўжных і папярочных профіляў (разрэзаў) пахаваньняў у маштабе 1:20.

Выбарка і пераборка грунту запаўненьня магіл працягвалася да зьяўленьня пласта пахаваных па ўсёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага пласта ад пяску, што рабілася шуфлікамі, нажамі і шчоткамі і давала магчымасьць выявіць сытуацыю верхняга ўзроўню пахаваньня. Пасьля гэтага рабілася фіксацыя глыбіняў, індывідуальных знаходак, чарапоў, касьцей, абутку і адзеньня, здымаўся плян (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак і рэштак нябожчыкаў) у маштабе 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотастужку (а крыміналістамі яшчэ і на відэастужку).

Калі была закончана гэтая праца, тады разам з мэдыкамі-экспэртамі пачыналі разборку пласта пахаваных. Пры гэтым фіксаваліся ўсе індывідуальныя знаходкі, чарапы, абутак і рэшткі адзеньня, адзначаліся месцы і глыбіні іх знаходжаньня. Усе знаходкі з пласта і неабходныя рэшткі пахаваных пасьля апісаньня іх і фіксаваньня на пляне археолагамі забралі для экспэртызы мэдыцынскія экспэрты й крыміналісты.

Ва ўсіх раскапаных пахаваньнях выяўлена аднолькавая карціна. Магілы запоўненыя пяском да глыбіні 1,80-2,00 м. З гэтай адзнакі залягае суцэльны пласт касьцей, чарапоў, струхлелай вопраткі, абутку. Таўшчыня гэтага пласта ў цэнтры магіл ад 0,20 да 0,70 м. Адпаведна і глыбіня магільных ямаў ад 2,00 да 2,75 м. Прытым характэрна, што па краёх пахавальных ямаў чарапы й косьці ляжаць ужо на ўзроўні 0,70 м ад цяперашняй дзённай паверхні, а ў цэнтры, як ужо адзначана, – на 1,80-2,00 м. Розьніца ва ўзроўнях пахавальнага пласта паміж краямі й цэнтрам складае ў асобных пахаваньнях больш за 1,00 м, і ўвесь пласт касьцей уяўляе сабой глыбокую лейку. Па краёх гэтай "лейкі" разьмешчаны, як правіла, чарапы. У цэнтры, унізе "лейкі", усё перамяшана: косьці, абутак, сатлелае адзеньне; палажэньні шкілетаў парушаны, тут не хапае, як правіла, чарапоў і асобных касьцей, хрыбетнікі рассыпаны на асобныя пазванкі, да таго ж іх мала, шмаг якія галёшы, чаравікі, боты не зьвязаныя з касьцямі і валяюцца асобна. Некаторыя экзэмпляры абутку знойдзеныя вышэй, у пяшчаным грунце запаўненьня магілы, тут жа выяўлена шмат выстраленых гільзаў ад нагана.

Пра што гэта кажа і чаму ўтварылася такая сытуацыя? Утварылася яна ў выніку даўнейшай эксгумацыі, раскопак магіл і выбаркі касьцей, калі нехта, як мы ўжо пісалі, "замятаў сьляды".

Ранейшая эксгумацыя была праведзена неахайна, абы-як. Косьці не выбраныя да канца, пакінутыя на дне і па бакох. Гэта здарылася таму, што контуры магільнай ямы і ямы раскопкі не супадалі. Раскопвалі прыблізна, пераважна ў цэнтры. Яма раскопкі была, як правіла, меншая за памеры магілы. Акрамя таго, капаючы, зыходзілі "на конус". Таму пакінулі косьці па краёх магіл. Зразумела, што капалі без аніякай разумнай мэтодыкі, без зачысткі пласта пахаваных. У такім выпадку раскопка вядзецца ўсьляпую, пясок пры рабоце пастаянна абсыпаецца і намнажаецца на дне, што перашкаджае знаходзіць і вымаць косьці, стварае ілюзію канца пахаваньня, асабліва на заглыбленьні каля двух мэтраў, калі робіцца цяжка кідаць наверх рыдлёўкай і спрацоўвае стэрэатыпнае ўяўленьне аб стандартнай глыбіні магіл (2 м). А яны, як бачым, былі глыбейшыя.

Аналіз стану рэштак пахавальных пластоў, адкрытых у нашых раскопках, прыводзіць да высновы, што людзі, якія непасрэдна капалі і рабілі раней эксгумацыю магіл у Курапатах, не былі зацікаўленыя ў сваёй працы, рабілі яе абы-як і нават "халтурна", нядобрасумленна. Так працуюць звычайна пад прымусам. Усё гэта вымушае паставіцца з увагай да зьвестак, што ў 40-х гадох пасьля вайны тут "капаліся" салдаты. Можна б было знайсьці і сьведкаў тых раскопак. Тэарэтычна гэта магчыма, вядома, пры ўмове, што сталіністы іх пакінулі жыць.

Адназначна ўстанавіць факт эксгумацыі і ранейшых раскопак пахаваньня можна толькі археалягічным мэтадам, астатнія мэтады (мэдыцынскі аналіз і да т.п.) маюць дапаможнае значэньне. Таму археалягічная праца была праведзеная надзвычай пільна. Прыкметы ранейшай эксгумацыі вельмі наглядна былі відаць пры дасьледаваньні пахаваньня No.5, якое залічана намі ў разрад сярэдніх паводле памеру (4,00x3,10 м). На папярочным разрэзе добра выяўлена стратыграфія пластоў і контуры дзьвюх ямаў. Вонкавы контур адпавядае межам пачатковай магільнай ямы, унутраны – межам ямы даўнейшай эксгумацыі. Яны нібы "ўстаўлены" адна ў адну. Несупадзеньне шырыні складае 0,55 м. Вось у гэтым зазоры ля сьценкі магілы і выяўлены верхні ўзровень пласта пахаваных, пакінуты пры даўнейшай выбарцы. Косьці залягаюць тут на глыбіні 0,70 м ад цяперашняй дзённай паверхні. Аднак дзённая паверхня перадваеннага часу, калі ўзьнікла пахаваньне, была на 0,20 м ніжэйшая, што добра відаць на профілі (сьценцы) раскопу. Падвышэньне на 20 см атрымалася за кошт выкінутага з магілы пяску тады, калі капалі яму. Значыць, скажаце вы, пахаваныя знаходзіліся на глыбіні 0,50 м? Так, у той час, калі рабілася эксгумацыя 40-х гадоў, яны былі на гэтай глыбіні. Але сама магіла была настраляна амаль да верху. Трэба ўлічыць, што пасьля таго як спарахнела адзежа і згнілі целы, пласт пахаваных апусьціўся ніжэй, як мінімум на 20-30 сантымэтраў. Вось тут і ўспомнім паведамленьні людзей, відавочцаў, што магілы з расстралянымі прысыпалі зьверху пластом пяску таўшчынёй ня больш як 20-25 см. Супадзеньне зьвестак з вынікам дасьледаваньня відавочнае.

Усе археалягічна дасьледаваныя намі пахаваньні, у якіх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыі, мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Тымчасам усе існуючыя на сёньняшні дзень пахаваньні ў Курапатах характарызуюцца аналягічнымі западзінамі. Адсюль вынікае, што западзіны на магілах утварыліся пасьля папярэдняй эксгумацыі і недастатковай іх засыпкі малой колькасьцю грунту (паколькі зь іх быў выбраны значны аб'ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такім чынам, можна зрабіць заключэньне, што ўсе выяўленыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах паддаваліся раней раскопцы й эксгумацыі.

Амаль ва ўсіх адкапаных чарапох (312 шт.) выяўлены кулявыя прастрэлы, як правіла, на патыліцы, часта па дзьве і нават тры адтуліны. Ёсьць таксама бакавыя прастрэлы і прастрэлы ззаду "пад чэрап". Магчыма, некаторыя ахвяры вырываліся, тады стралялі як прыйдзецца, а мажліва, тут відаць розныя "почыркі" забойцаў.

Знойдзена каля дзьвюх сотняў гільзаў ад рэвальвэра сыстэмы "Наган" і адна ад пісталета "ТТ". Выяўленыя дзясяткі куляў, некаторыя ў чарапох. Дыямэтры наганных гільзаў, куляў, кулявых адтулінаў у чарапох супадаюць.

У большасьці чарапоў у лобнай частцы, збоку ці наверсе відаць вялікія, дыямэтрам да 5-6 см і нават больш, ірваныя адтуліны. Гэта выхады куляў. Сьведчаньне таго, што ствол нагана прыстаўлялі шчыльна да патыліцы. Пры стрэле парахавыя газы пад ціскам ішлі ўсьлед за куляй у чэрап і праз выхадны кулявы пралом распырсквалі вакол кроў і мазгі. Успомнім сьведчаньні Марыі Іванаўны Пацяршук і іншых людзей, якія казалі, што шмат было навокал крыві на лісьці і траве.

У магіле No.2 пры разборцы пахавальнага пласта выяўлены ў ім паміж касьцямі дзьве праслойкі сьветлага пяску, якія чаргаваліся праз 0,30-0,40 м. Гэта паслойная засыпка забітых. І зноў жа ўспомнім сьведчаньні відавочцаў аб тым, што людзей расстрэльвалі партыямі, а потым прысыпалі пяском, пакуль не настраляюць даверху.

Уся вопратка ў магілах ужо сатлела. Захаваліся толькі рэдкія фрагмэнты сынтэтычных тканін і часткова скураное адзеньне. У пахаваньні No.3 знойдзена акуратна складзенае скураное паліто, а ў ім загорнутыя туфлі. Складзенае скураное адзеньне, загорнуты абутак знаходзілі і ў іншых пахаваньнях, у тым ліку жаночыя боцікі і скураныя пальчаткі. Выяўлены нават прадмет, які па форме і кансыстэнцыі нагадвае бутэрброд (экспэрты лічаць, што гэта цалкам верагодна). У магіле No.3 знойдзеныя таксама курыныя косьці (грудзінка). Гэта рэшткі харчовых прыпасаў, якія чалавек узяў з сабой... у дарогу.

Найлепш захаваўся абутак. Выяўлены боты, жаночыя боцікі, чаравікі, туфлі, галёшы, жаночыя гумовікі, тапачкі, бахілы, чуні, пасталы. На савецкіх галёшах, як правіла, пазначана дата выпуску і фабрыка ("Красный богатырь", "Красный треугольник", "Резинтрест" і да т.п.). У пахаваньнях No.1-3 абутак толькі савецкай вытворчасці і саматужнага вырабу; большасьць галёшаў маркіраваная 1937 годам. Сустракаюцца клееныя самаробныя бахілы, у тым ліку зробленыя з аўтамабільных камэраў і пакрышак, – абутак бяднейшых сялян. На большасьці туфляў і ботах абцасы стаптаныя, падэшвы ня раз падбіваныя.

У магілах No.5-6 і 8 галёшы айчыннай вытворчасьці сустракаюцца рэдка. Маркіроўка тут зроблена ў асноўным лацінскімі літарамі з пазначэньнем фірмаў "Gentlman", "Record", "Rygawar" і інш. Тут жа на гэтым абутку клеймы – "Made in Poland". Адначасова знойдзеныя галёшы з маркіроўкай вядомай фабрыкі "Красный треугольник" і датай – 1939, а побач скураныя лапці, так званыя "пасталы", альбо, як іх называлі ў Заходняй Беларусі, – "хадакі". "Хадакі" насілі бяднейшыя сяляне, і да 1939 году яны былі яшчэ ва ўжытку. Абутак, знойдзены ў гэтых пахаваньнях, магло насіць тады насельніцтва з Заходняй Беларусі.

Варта адзначыць таксама, што паміж гэтымі групамі пахаваньняў у красавіку сёлета ў час пракопкі траншэі пад газатрасу выяўленая магіла, у якой знойдзена некалькі дзясяткаў параў абутку пераважна савецкай вытворчасьці; галёшы, датаваныя 1939 годам. А сярод іх знойдзены адзін з надпісам "Riga", "1939" і адзін туфель з маркіроўкай "Kvadrats", "Riga", "41".

Сярод рэчаў асабістага карыстаньня найбольш трапляліся мужчынскія і жаночыя грабеньчыкі, кашалькі й партманэты (часам з грашыма й манэтамі), зубныя шчоткі, футаралы ад зубных шчотак, акуляры, футаралы ад акуляраў, мыльніцы, кубачкі эмаляваныя й фарфоравыя, запалкі ў карабку, манэты, датаваныя 30-мі гадамі, муштукі, гузікі, устаўныя сківіцы, каталіцкія нацельныя мэдалікі (мэдальёны), знойдзена місачка, шкляная ампула зь лекам (таблеткі), футарал ад грабеньчыка, плястмасавы слоічак з-пад зубнога парашку, вянчальны пярсьцёнак з выгравіраванай датай "1935", манокаль, пэнснэ, лязо брытвы ды інш. Большасьць з гэтых прадметаў мае фабрычную маркіроўку. Надпісы на кубках – "Ростов-на-Дону", "Warszawa" ды інш., на грабеньчыках – "Моспластмас ф-ка 4", "НКЛП – БССР", "KING HALI FAX GARANTIE", "DURABIT-GARANTIE" ды інш., на зубных шчотках – "Арт. "ЩЕТКАГРЕБ", "ВИТЩЕ КОМБИНАТ", "MARQUE PEPOSEE BO-BO", "NON-PLUS-ULTRA" ды інш.

Археалягічны аналіз суадносін і разьмяшчэньня знаходак у пахаваньнях дае істотную інфармацыю аб забітых людзях. Па-першае, удалося прасачыць геаграфію й храналёгію пахаваньняў у Курапатах. Расстрэлы пачаліся ва ўсходняй палове тэрыторыі. Гэтая плошча густа пакрыта пахавальнымі западзінамі. Магілы датуюцца 1937-1938 гадамі. У раскопе 5 траўня 1988 году, а таксама ў раскопах No.1-3, распрацаваных у гэтым месцы, выяўлены рэчы й прадметы выключна савецкай вытворчасьці, у тым ліку БССР, шмат самаробнага і саматужнай вытворчасьці абутку. Мала прадметаў туалету. Усё гаворыць пра тое, што тут пахаваны мясцовыя людзі, якія належалі да працоўнага цывільнага насельніцтва. Сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (рабочыя, сяляне, вясковая інтэлігенцыя, магчыма, некаторыя службоўцы). Магіла No.1 была "настраляная", напэўна, зімой. Тут шмат спарахнелага зімовага скуранога адзеньня (кажухі), рэшткі валёнак, зімовыя бахілы і да т.п.

Далей на захад і паўднёвы захад разьмешчаны пахаваньні 1939 году і пасьля 1939 году. У магіле на газатрасе і ў раскопах No.5-6, распрацаваных тут, выяўлены, побач з савецкімі самаробнымі рэчамі, знаходкі польскай вытворчасьці і, відаць, прадметы замежнага імпарту ў даваенную Польшчу. Не выклікае сумневу, што тут ляжаць расстраляныя пасьля верасьня 1939 году сяляне і інтэлігенты з Заходняй Беларусі, сярод якіх, магчыма, былі і выхадцы з прыбалтыйскіх краін.

Найбольш нізкі сацыяльны ўзровень пахаваных з гэтай групы магіл зафіксаваны ў раскопе No.8. Тут адсутнічаюць прадметы туалету (зубныя шчоткі, мыльніцы і да т.п.) і ўвогуле мала рэчаў індывідуальнага карыстаньня. Абутак даволі звычайны, нізкай якасьці й вырабу, мала скуранога адзеньня, адсутнічаюць акуляры і г.д. Відаць, у гэтай магіле былі пераважна пахаваныя заходнебеларускія сяляне.

У раскопе No.5 выяўлена найбольш рэчаў "інтэлігентнага" карыстаньня (шмат прадметаў туалету, акуляраў, манокаль, пэнснэ, лекі і г.д.). Абутак тут высокай якасьці, фабрычны, стылёвы, пашыты па назе, жаночыя боцікі на высокім абцасе, знойдзены пальчаткі і да т.п. Няцяжка здагадацца, якая сацыяльная група насельніцтва тут ляжыць.

Тацяна Вікенцеўна Матусевіч (1906 году нараджэньня) зь Зялёнага Лугу, хата якой стаяла пры дарозе на Курапаты, успамінае, што перад вайной на расстрэл вазілі цэлымі днямі безь перапынку, машына за машынай. Кацярына Іванаўна Аўдзеенка, жыхарка вёскі Драздова, што побач з Курапатамі, памятае, як у 1939 годзе народ вазілі ў лес за вёскай на "Сяргееву гару" машынамі і расстрэльвалі ў ямах. (Відаць, на Бродзе не спраўляліся – так было завозна).

Па намэнклятуры прадметаў і па тым, што частка рэчаў (адзеньне, абутак) знойдзены ў складзеным выглядзе, па наяўнасьці харчовых прыпасаў, кашалькоў і г.д. можна зрабіць выснову, што людзі былі сабраўшыся ў далёкую дарогу, што родны дом яны пакінулі незадоўга да сьмерці, што не адбывалі турэмнага зьняволеньня. Гэта наводзіць на думку, што яны былі расстраляны без суда, кажучы мовай сталіністаў – "ликвидированы".

Т.В.Матусевіч згадвае такі выпадак, як аднойчы, калі яшчэ не было плоту на Бродзе, а ўжо стралялі, лясьнік Кароль Канановіч выявіў у лесе засыпаныя ямы, утыканыя сасонкамі, а побач у разьвілцы забытую сялянскую торбачку з прыпасамі (кілбаса, хлеб і да т.п.). Нават яшчэ і прагаладацца не пасьпеў чалавек, як трапіў пад расстрэл.

У рэштках пахавальных пластоў, якія засталіся на дне магіл пасьля эксгумацыі 40-х гадоў, выяўлена розная колькасьць пахаваных. Найменш у магіле No.3 (31 нябожчык, калі лічыць па чарапох) і найбольш у пахаваньні No.5 – 87 чарапоў, але 107 нябожчыкаў, падлічаных па парах сьцегнавых касьцей. (Несупадзеньне колькасьці чарапоў і параў сьцегнавых касьцей – вынік даўняй эксгумацыі.) Зрабіўшы абмеры і падсумаваўшы ўсе дадзеныя, можна прыпушчальна вылічыць пачатковую колькасьць пахаваных у дасьледаваных магілах. Яна вагаецца ад 150 у "зімовай" магіле No.1 да 260 у магіле No.5. Калі ўзяць сярэднюю лічбу 200 нябожчыкаў у магіле і зрабіць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаванняў (510), дык атрымаем 102 тысячы чалавек. Аднак сапраўдная лічба пахаваных, відаць, большая, бо існуе шмат магіл, большых памерамі за дасьледаваныя намі, а некаторыя пахаваньні ўяўляюць яміны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такіх магілах маглі быць пахаваныя тысячы забітых. Акрамя таго, каля сотні (калі ня больш) магільных западзін было засыпана і потым зьнівэлявана бульдозэрам у час пракладкі газатрасы й высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 году. Мноства магіл зьнікла, калі пракладвалі кальцавую дарогу ў канцы 1950-х – пач. 1960-х і, магчыма, у 1940-х гадох падчас высечак, траляваньня й падсадак лесу на гэтым месцы; ня ўлічаны пахаваньні на поўдзень ад кальцавой дарогі, там, дзе была паўднёвая ўскраіна тэрыторыі расстрэлаў. Рэальная колькасьць пахаваньняў у Курапатах магла сягаць 900, а можа, і больш, прытым аб памерах зьнішчаных і засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць цяпер толькі па велічыні існуючых магіл.

Што мяне больш за ўсё ўразіла не як дасьледніка, а як чалавека ў час раскопак – гэта вялікая колькасьць пахаваных жанчын. Жаночыя чарапы і рэчы знойдзены ва ўсіх пахаваньнях. У рэштках пахавальнага пласта раскопу No.6, напрыклад, засталося ўсяго 15 чарапоў; 10 з іх, найбольш ацалелых, адабраныя для экспэртызы. З гэтых 10 – 8 жаночыя. Адкрыцьцё яшчэ раз сьведчыць аб тым, што тады, у 30-я гады, адбываўся масавы тэрор супраць народу.

Другое – суб'ектыўныя адчуваньні. Карціны дзяцінства, 40-50-я гады, яркія вобразы й прадметы, што адклаліся ў памяці колерна і выразна і ўспамінаюцца потым, як ружовыя сны. Рэзка, як цяпер, памятаю дэталі быту роднага дому – лыжачку, якой еў, белы фарфоравы сэрвіз з "залатымі карункамі" па краёх, кубачак з надпісам "Warszawa", ярка-сінюю эмаляваную місачку зь белым малюнкам чайніка на донцы і літарамі "20 см". Я нават "гісторыю" яе памятаю. "А дзе гэта сіняя місачка?" – чую голас бабулі...

Раскоп No.8. Асьцярожна выбіраю пясок вакол эмаляванай місачкі, што ляжыць на тазавых касьцях шкілета. Зараз перавярну, зірну, якая маркіроўка, і пастаўлю назад... Яркая, сіняя эмаль і белы чайнік на донцы... і літары – "20 см"... І тут я пачуў, як ціха навокал стала, як сосны шумяць над магілай...

Аналізуючы вынікі раскопак у Курапатах, я зьвярнуў увагу на дакладнае супадзеньне шмат якіх зьвестак з апавяданьняў людзей, сьведкаў расстрэлаў, і фактаў, выяўленых у час эксгумацыі. Такое супадзеньне якраз і характэрнае для непасрэднага прамога сьведчаньня, дзе яшчэ няма фальклярызацыі падзеяў у народнай сьвядомасьці. Раскопкі пацьвердзілі такім чынам ня толькі праўдзівасьць саміх сьведчаньняў, але і правільнасьць мэтодыкі нашага, зробленага зь Я.Шмыгалёвым, апытаньня відавочцаў. З амаль 170 вядомых цяпер сьведак (сьледзтва выявіла больш за 220 сьведак. – З.П.) мы апыталі некалькі дзясяткаў. Клясыфікацыя адказаў і падсумаваньне высноваў прыводзяць у такім выпадку да таго ж вываду, што і пры апытаньні сотняў сьведак (паколькі ў аснове іх назіраньняў адназначная, храналягічна расьцягнутая і шматпаўтаральная зьява). Аднак крымінальнае сьледзтва ставіць больш канкрэтныя задачы. Таму будуць апытаныя ўсе сьведкі й відавочцы.

Аналіз зьвестак прыводзіць яшчэ і да думкі, што ў Курапатах забівалі спэцыяльныя каманды, сфармаваныя загадам, але былі, магчыма, і добраахвотнікі, што імкнуліся зарабіць ці проста "разьвеяцца" ў прыемным для іх занятку. Карціну забойства можна часткова ўявіць ужо на падставе раскопак. Але дамо слова відавочцу.

Вольга Цімафееўна Бароўская з Цны (1927 году нараджэньня) расказвае, што калі ёй было 11 гадоў, суседзкі старэйшы за яе хлопчык узяўся завесьці меншых дзяцей у "вялікія ягады". Сабралася іх шмат – 10-11 дзяўчатак – і пайшлі на Брод. Пералезьлі ў нару пад плотам і давай зьбіраць. Праўда, ягад там было шмат. Дзеці цьмяна ўяўлялі, куды іх завёў старэйшы хлопчык. Было каля 4 гадзін дня, як загулі машыны. "Атас! Ратуйся! Дзеўкі, ходу!" – закрычаў дзявочы камандзір, і ўсе сыпанулі як гарох да нары пад плотам. Пакуль тоўпіліся і пералазілі, расчынілася брама і ўехала ў яе легкавая "эмка", а за ёю цугам тры "чорныя вораны" і з тарахценьнем і выцьцём пруць проста на дзяўчынку, якая засталася ля нары апошняй. Вось ужо побач. І такі страх апанаваў яе, што кінулася на зямлю і схавалася пад густую елачку. І тады ўбачыла, што тут нейкі пясок і яна блізка гэтага пяску. "Эмка" пад'ехала сюды і выйшлі зь яе чатырох мужчын.

Пытаньне: "Як былі адзеты?" – "У ваеннае. Гімнасьцёркі і боты, галіфэ". – "Якога колеру галіфэ?" – "Добра ня памятаю. Гімнасцёрка зашчытная, здаецца, і галіфэ такія. І ўсе ў рамянёх, накрыж апяразаныя, як гэта называецца... партупея, ці што?" – "А пляншэткі, такія палявыя сумкі, на іх былі?" – "Былі на ўсіх. І пісталеты на поясе. На галаве круглыя фуражкі, падобныя, як цяпер". "Ваенныя з "эмкі" падышлі да ямы, – расказвае далей Вольга Цімафееўна, – (вось ад чаго пясок, думаю, тут жа яма выкапаная) і паглядзелі ў яе. У гэты час "вораны" разьвярнуліся і сталі ў рад. Адзін падышоў, адшчапіў будку і давай выводзіць адтуль людзей са зьвязанымі рукамі. Я думаю, што гэта яны тут будуць рабіць? Аднаго як разьвязалі, дык ён адразу на калені ўпаў, рукі склаў і як залямантуе: "А людцы мае, а Божа ж мой, а за што ж мяне, скажэце!? А ў чым жа я вінаваты?!"

Пытаньне: "На якой мове крычаў, на беларускай ці на расейскай?" – "Гаварыў так, як мы ў Цне, па-беларуску. Гляджу, аж яны іх да ямы падвялі і з наганаў у патыліцу "шпок-шпок-шпок"... І людзі ў яму падаюць, падаюць. Я ажно вочы заплюшчыла. Такі жах мяне апанаваў. Я ж ніколі ня думала, што людзей могуць забіваць. Так было страшна, што я проста губляла прытомнасьць, млела, мяне трэсла. А яны ўсё страляюць, выводзяць і страляюць. Засталіся два чалавекі. Вымаляюцца. Яны ім рыдлёўкі ў рукі – засыпайце. Пазасыпалі. А тады яны і гэтых... застрэлілі. Потым ужо самі ўзялі ў рукі рыдлёўкі і іх прысыпалі трохі".

Пытаньне: "Ці былі між людзей жанчыны?" – "Былі, бачыла, былі. І бацька мой казаў, а ён часта сюды зазіраў, што ў пяску на ямах жаночыя грабушкі валяліся". – "Як былі адзетыя гэтыя людзі, па-гарадзкому ці па-вясковаму?" – "Цяжка сказаць, неяк і не памятаю; проста адзетыя". – "Па колькі выводзілі чалавек з машыны?" – "Выводзілі партыямі па 6-8 чалавек. Рукі зьвязаныя назад. А перад ямай, перш чым забіць, – разьвязвалі". – "А колькі партыяў выводзілі з адной машыны?" – "Добра не памятаю: можа, па дзьве". – "Што яны адказвалі на лямант людзей, на іх пытаньні?" – "А нічога не адказвалі. Ніякіх размоў. Людзі крычалі, прасіліся, а яны сваю справу рабілі. Толькі: "Становись! Становись! Становись! Становись! – і ўсё". – "І ніхто не спрабаваў вырвацца, супраціўляцца, уцячы?" – "Не, ніхто. А куды ты ўцячэш? Наперадзе яма, а ззаду яны са зброяй. Куды ўцячэш? У яму? Яны і жывога цябе засыплюць. Так і было. Як вечарам настраляюць, то на раніцы зямля дыхае. Бацька ня раз бачыў, як зямля варушылася, настаяшча дыхала. Ён надта гэта ўсё браў да сэрца і перажываў. Казаў: "Божа, што творыцца – зямля дыша». Бывала, прыйдзе вечарам і кажа маме: маці, устань. Ты ж выйдзі, паслухай, як людзі плачуць. Паслухай, як крычаць. Мама выйдзе – і мы, дзеці, бяжым за ёй, і мы чуем тыя крыкі. Просяцца людзі: спасіце, за што, я не павінна – калі жанчына; мужчына – за што мяне, я ні ў чым не вінаваты, за што мяне, скажэце, хоць бы я ведаў віну, за што мяне? Дык, ведаеце, і мы наплачамся разам. Мы думалі, што там мучылі іх". (Дарэчы, тое, што людзі дапытваліся сваёй віны, сьведчыць, што іх забівалі без суда. – З.П.)

Пытаньне: "Расстрэльвалі ўсе ўчатырох ці як?" – "Не, удвух. Двое з наганамі стаялі па бакох ямы "на чаку", а двое падводзілі і стралялі". – "Скончылі страляць – што потым? Пра што яны гаварылі?" – "Нічога не гаварылі. Пазачынялі гэтыя "крумкачы", адправілі, селі ў "эмку" і сьледам паехалі. Выскачыла я адтуль, паляцела ў жыта, заблудзілася, наплакалася, дахаты не магла трапіць, нешта са мной сталася. Потым па начах усхоплівалася, крычала. Колькі мяне мама пацягала па тых бабках, знахарках. Я і цяпер, як успомню тое, мяне агортвае жах, дзікі жах..."

Зазваніў тэлефон. Жаночы голас прасіў аб спатканьні і душыўся ад плачу. Забілі бацькоў... тату і маму... у тым лесе...

Успамінае мянчанка Галіна Сьцяпанаўна Жукоўская (па мужу Сідзякіна, 1924 году нараджэньня). Бацька яе, Сьцяпан Іванавіч, нарадзіўся і жыў да 1932 году ў Цне. Потым пабудаваў хату на вуліцы Цнянскай у Менску і пераехаў зь сям'ёй у горад. Меў эканамічную адукацыю, працаваў плянавіком па сацыяльным забесьпячэньні ў Доме ўраду. Маці – Соф'я Адамаўна Саковіч – хатняя гаспадыня, абсалютна непісьменная, не магла расьпісацца. 31 кастрычніка 1937 году ў тры гадзіны ночы загула машына, спынілася, і ў дом уваліліся энкавэдысты. "Тады людзей забіралі па начах, – кажа Галіна Сьцяпанаўна, – і ўсе слухалі, ці не гудзе машына, былі нагатове". І вось загула... Перапаролі хату, без панятых, без прад'яўленьня абвінавачаньняў ці якіх-небудзь дакумантаў, нічога не тлумачачы. Забралі пашпарты, усе фатаграфіі і сказалі зьбірацца. "Мама пайшла ў тапачках, хоць была ўжо халодная восень", – успамінае Галіна Сьцяпанаўна. Ёй было тады 13 гадоў. У тую ноч яна асірацела. Прыйшлі, забралі і павялі навек. Ніякіх тлумачэньняў і ніякіх зьвестак, толькі пракляцьце члена сям'і ворага народу ўпала на галаву.

Назаўтра кінулася ў НКВД. Масы людзей. Доўгія чэргі да сьледчых стаяць па некалькі сутак. Начавала ў калідорах у чарзе, каб потым пачуць дзяжурны адказ: высланы на 10 гадоў бяз права перапіскі. Хадзіла і выстойвала тройчы. Апаратчык нават у сьпіскі не глядзеў, адказваў як заведзены ўсім адно і тое ж. Яны спадзяваліся, ня ведаючы, што іхных блізкіх і родных ужо расстралялі.

Па зьвестках, атрыманых мною ад сьведкаў, расстрэльвалі ў Курапатах спэцыяльныя каманды. У іх складзе былі, па словах Галіны Сьцяпанаўны, і свае, мясцовыя. Адзін зь іх нарадзіўся і жыў у Цне. (Паколькі вядзецца сьледзтва, прозьвішча не называю. Пазначым яго крыптанімам "Н".) Працаваў ахоўнікам у НКВД у Менску. Заўсёды хадзіў на працу па Цнянскай, паскрыпваючы партупеяй. Спатыкаючы маленькую Галю, глядзеў на яе зь лютай злосьцю. Сваіх, цнянскіх, ён ведаў. У вёсцы ня раз выхваляўся, што Жукоўскіх ён "сам стрелял" на Бродзе. Пахваляцца забойствамі "ворагаў народа" (хоць гэта было і забойства ў патыліцу) лічылася за гонар. Некаторыя дзяўчаты імкнуліся выйсьці замуж за энкавэдыстаў... "Рожа, грубая рожа, – успамінае пра "героя" Галіна Сьцяпанаўна, – ня твар, а нейкая доўгая, нялюдзкая фізіяномія. У 1960-х гадох я яго хацела знайсьці, думала, што ён жыве яшчэ. Здаецца, я яго б разарвала за маіх бацькоў".

Пытаньне: "Ён жыве ці памёр?" – "Памёр у 1954 годзе... А колькі нацярпелася прыніжэньняў, голаду. На працу нідзе не магла ўладкавацца. У 1947 годзе прынялі машыністкай у ваенную часьць. Напісала, што бацькі памерлі. Выклікаюць у контрразьведку. Сядзіць такі рыжы хам, фізіяномія чырвоная: Где твои родители, ё. т. м.? – і пісталет на стол. – Гэта вы мне скажыце, дзе мае бацькі, – адказваю. – Што вы мяне пытаеце? Дзе вы іх падзелі? – Иди! Тут жа мяне выгналі з работы".

Пытаньне: "Ці быў яшчэ хто-небудзь у НКВД зь мясцовых, акрамя "Н"?" – "Называюць яшчэ нейкага зь Зеляноўкі (вёска ўжо не існуе – З.П.) Казалі, што той нават адзежу з забітых здымаў і прадаваў за гарэлку".

Вядомыя прозьвішчы яшчэ двух забойцаў. Абодва ўжо памерлі. Адзін у Расеі, другі быў жанаты з тутэйшай і пахаваны ў нас. Думаю, пайду хоць на жонку яго пагляджу. Мяккая мэбля, дываны і да т.п. мяшчанскія радасьці. На фатаграфіі клясычная фізіяномія забойцы-сталініста. Што чакаў, тое і ўбачыў. Аж ня верыцца. "Муж работал в НКВД", – паведамлена было мне. З размовы адчуў, што ўсё яна ведала, чым ён займаўся, а вось жа выйшла замуж. Што ж, на тых матрацах з чалавечых валасоў, што гітлераўцы рабілі, павінен быў таксама нехта спаць.

Ва ўсе часы не абыходзіцца бяз вырадкаў. Што ўжо казаць пра грамадзтва 30-х? Дзеля справядлівасьці трэба адзначыць, што сярод цнянцаў было шмат добрых, прыстойных людзей. Пра аднаго зь іх – старшыню сельсавета, а потым калгаса Цімоха Васілевіча Бацяна – ужо ўспаміналася. Ён ня выдаў, не прадаў ніводнага земляка. Хоць ад яго патрабавалі. Цімох Васілевіч быў чалавек мужны і нетыповы для таго подлага часу. Былая цнянская настаўніца Надзея Апанасаўна Мікуліч (1926 году нараджэньня) расказвае, што калі забралі настаўніка Арсеня Паўлавіча Грушу, перад яго жонкай Вольгай Іванаўнай некаторыя напалоханыя цнянцы зачынялі дзьверы, каб не ўгнявіць сталіністаў. Толькі Цімох Бацян не зачыняў дзьвярэй і дапамог няшчаснай, забітай кабеце ў яе жыцьцёвых патрэбах і бядзе. Тады энкавэдысты схапілі ноччу Цімоха Васілевіча і тут жа павезьлі за плот. Паставілі на край ямы, наган у горла – "будешь давать врагов народа, али нет?" "У мяне няма ворагаў", – адказвае Бацян. "Давай врагов или убьем!" "У мяне няма ворагаў! – закрычаў на іх Цімох Васілевіч. І... дзіва – яны не застрэлілі яго. Пэўна, не хапіла фармальнасьцяў.

Затое хапала фармальнасьцяў, каб забіваць сотні тысяч бяспраўных. Сталіністы адправілі на той сьвет бацькоў Надзеі Апанасаўны. Яна ўспамінае, як у яе роднай вёсцы Малышэвічах пад Слуцкам забіралі сялян. Сярод іншых схапілі шасьцідзесяцігадовую адзінокую жанчыну Марылю Шмак. Яна была зусім глухая й непісьменная, жыла ў пограбе ў страшэннай беднасьці (нават хаты сваёй ня мела). Яе катавалі "з выдумкай", сыпалі ў горла пясок, дабіваліся нейкіх прызнаньняў. Потым, назьдзекаваўшыся, стукнулі па галаве – яна тут жа і сканала...

У 1986 годзе мне давялося рабіць самыя цяжкія археалягічныя дасьледаваньні ў маім жыцьці – раскопкі падмуркаў касьцёла й кляштара Дамініканцаў у Менску. Цяжкія ня ў тым сэнсе, што было ўскрыта 1000 кв.м плошчы за сэзон і прыйшлося працаваць часам па 18 гадзін у суткі, цяжкія тым, што помнік быў нібы "ўтоплены" ў чалавечых касьцях, пахаваньнях і брацкіх магілах сярэдзіны ХVІІ стагодзьдзя. Вось велізарная магіла, 11 мэтраў удаўжыню. Завал касьцей. Шкілеты ў тры штабелі. Мушкетныя прастрэлы ў чарапох, праломы. Гэта быў час страшнай вайны, час жахлівага вынішчэньня, калі было забіта, загінула, вымерла ад эпідэміяў больш за палову (51 адсотак) насельніцтва Беларусі. Тады наш народ перамог, адстаяў сваю незалежнасьць, але сілы яго ўжо былі падарваныя. Больш жахлівай пары ня ведала наша гісторыя аж да першай паловы XX ст., да часоў сталіншчыны, і, о няшчасьце, яно прыйшло якраз тады, калі мы толькі-толькі пачалі станавіцца на ногі, калі перад нашай нацыянальнай будучыняй яшчэ толькі трымцела сьвітаньне...

Вось яно, наша сьвітаньне, у раскапаных магілах у Курапатах глядзіць на мяне пустымі вачніцамі, зь якіх, нібы сьлёзы, высыпаецца, сыплецца жоўты пясок. Выбіраем рэшткі... Доўгія валасы жанчыны, сьветлыя, нібы лён, выцягваем з-пад прастрэленых чарапоў, асьцярожна, каб не парваць. Адна пасма, другая, трэцяя... гузікі з-пад бялізны... Мінае працоўны дзень, і ноччу прадаўжаецца ўсё ў сьвядомасьці – цягну, бясконца выцягваю з-пад касьцей кужэльныя валасы, сьветлыя, нібы лён, і няма ім канца...

Калісьці, расчышчаючы косьці забітых продкаў у брацкай магіле ля Дамініканца, я думаў: "Госпадзе, хоць бы апошні раз мне такія раскопкі, хоць бы гэтая чаша мінула мяне!" Не мінула. Мы нікуды ня дзенемся ад нашай гісторыі. І жывыя і мёртвыя – мы адно. Мы – народ. І калі мы ўжо мёртвых нічым не ўспаможам, то мёртвыя нас успамогуць. Яны могуць асьвяціць нам шлях, асьвяціць нашы душы сваімі пакутамі, ускалыхнуць нашы розумы, сэрцы і дух, калі толькі таго мы захочам... Чуеце, як шалеюць цемрашалы, як яны імкнуцца "забіць" нашых мёртвых, схаваць, абылгаць, апляваць, затаптаць. Гэй, хто там? Гэта вы, ледзі Макбэт? – Не змываецца ж кроў! О, гэтая глыбокая таемнасьць сьмерці! О, сіла продкаў, калі ў Дзень Задушны адбываецца яднаньне! І калі мы згубім, страцім гэтую сілу, нас – няма.

Кожны чалавек, братове, кожны сумленны чалавек павінен змагацца з сталінізмам – гэтай самай подлай, самай ілжывай, самай антыгуманнай зьявай, якая існавала калі-небудзь на сьвеце.

Зянон Пазьняк
Упершыню надрукавана ў газэце "Літаратура і мастацтва",
16 верасьня 1988 г.

Вярнуцца на пачатак

 

 

 

 

З.Пазьняк, М.Крывальцэвіч, А.Іоў

 

СПРАВАЗДАЧА

аб археалягічных раскопках (эксгумацыі) пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты (Брод) Менскага раёну Бараўлянскага сельсавету

 

АГУЛЬНЫЯ ЗЬВЕСТКІ

 

Археалягічныя раскопкі (эксгумацыя) магіл на тэрыторыі Бараўлянскага сельсавету Менскага раёну праводзіліся ў сувязі з расьсьледаваньнем крымінальнай справы, узбуджанай Пракуратураю БССР па факце выяўленьня пахаваньняў у лясным масіве Курапаты (ліст Пракуратуры БССР у Інстытут гісторыі № 19-462 сл. ад 30.06.88). Рашэньне аб эксгумацыі прынята Пракуратураю БССР пасьля публікацыі ў газэце "Літаратура і мастацтва" артыкула "Курапаты – дарога сьмерці". Працы праводзіла сьледчая група Пракуратуры з удзелам іншых спэцыялістаў. Навуковае ажыцьцяўленне археалягічных працаў па эксгумацыі праводзіла група археолягаў Аб'яднаньня аддзелаў археалёгіі Інстытуту гісторыі АН БССР у складзе старэйшага навуковага супрацоўніка Зянона Пазьняка (кіраўнік групы), навуковага супрацоўніка Мікалая Крывальцэвіча, асьпіранта Алега Іова.

Раскопкі праводзіліся з 6 да 15 ліпеня 1988 г. За гэты час былі распрацаваныя 1 шурф і 7 раскопаў на максімальную глыбіню да 2,75 м агульнай плошчай 44 кв.м. Акрамя таго, распрацаваныя ручным спосабам 4 разьведвальныя траншэі глыбінёй ад 0,30 да 1,50 м агульнай плошчай 43 кв.м і 4 траншэі мэханічным спосабам на глыбіню да 2 м агульнай плошчай 12 кв.м. (Агульная плошча ўсёй раскапанай тэрыторыі – 99 кв.м).

У 6 раскопах на дне магільных ямаў былі знойдзеныя рэшткі пахаваньняў людзей. У раскопе № 7 рэшткаў люзей ня выяўлена. Шурф № 4 быў выкапаны на поўдзень ад лініі рову, за былой агароджай Курапатаў, з мэтай высьвятленьня магчымасьці існаваньня агульных магілаў па-за межамі тэрыторыі расстрэлаў.

Археалягічныя дасьледаваньні праводзіліся ў трох частках тэрыторыі пахаваньняў (мал.1-2). Ва ўсходняй частцы на паўночным схіле ўзгорку (грады), парослага рэдкім яловым лесам, былі распрацаваныя раскопы № 1-3. Раскопы № 5 і 6 зробленыя ў паўднёвай частцы Курапатаў прыблізна на адлегласьці 200 мэтраў на паўднёвы захад ад раскопаў № 1-3, на поўдзень ад газатрасы, што ў красавіку 1988 г. пракладзена па вяршыні ўзгорыстай грады і бліжэй да кальцавой дарогі. Раскоп № 8 закладзены на адлегласьці прыблізна 75 і 160 м на паўночны захад ад раскопаў № 1-3 на паўночным краі ўзвышанага месца, пасьля якога пачынаецца паніжэньне тэрыторыі й лагчына.

Акрамя таго, былі дасьледаваныя і гэтае паніжэньне мясцовасьці, і гэтая лагчына на паўночна-ўсходняй ускраіне Курапатаў, што бліжэй да дарогі Калодзішчы-Заслаўе.

Раскопкі праведзены рыдлёўкамі па пластох з ручной пераборкай грунту і дасьледаваньнем яго мэталашукальнікам, з фіксаваньнем глыбіняў, характару й колеру запаўненьня магілаў, назіраньнем за стратыграфіяй. З гэтаю мэтаю пахаваньні спачатку дасьледаваліся скрыжаванымі траншэямі шырынёй 1,00 м уздоўж і ўпоперак западзін. Траншэі раскопваліся да зьяўленьня першых рэшткаў пласта пахаваных. Адначасна ў профілях траншэяў выяўляліся пачатковыя контуры пахавальных ямаў і межы перакопаў, вывучаліся напластаваньні. Па лініі траншэяў пасьля распрацоўкі раскопаў былі потым зробленыя падоўжныя і папярочныя профілі (разрэзы) пахаваньняў у маштабе 1:20.

Выбарка й пераборка грунту запаўненьня магілаў працягвалася да зьяўленьня пласта пахаваных па ўсёй плошчы раскопаў. Потым адбывалася зачыстка гэтага пласта ад пяску, якую рабілі садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Зачыстка касьцей выяўляла сытуацыю верхняга пласта пахаваньняў. Пасьля гэтага рабілася фіксацыя глыбіняў, індывідуальных знаходак, чарапоў, абутку й касьцей, здымаўся плян (схема разьмяшчэньня асноўных знаходак і рэшткаў нябожчыкаў) у сумеры 1:20, раскоп фатаграфаваўся на фотастужку (а крыміналістамі яшчэ і на магнітную відэастужку).

Пасьля заканчэньня гэтай работы пачыналася разборка пласта пахаваных сумесна з мэдыкамі-экспэртамі. Пры гэтым фіксаваліся ўсе індывідуальныя знаходкі, чарапы, абутак і рэшткі адзеньня, адзначаліся месцы й глыбіні іх знаходжаньня. Усе знаходкі з пласта і неабходныя рэшткі пахаваных пасьля апісаньня іх ды фіксаваньня на пляне і ў запісах археолягамі забраныя мэдыцынскімі экспэртамі й крыміналістамі для экспэртызы.

У канцы адбывалася зачыстка дна пахаваньняў і фіксаваньне мацерыка. Упоперак усіх раскопаў у мацерыку рабілася кантрольная траншэя глыбінёй ад 0,4 да 1,00 м і шырынёй 0,5-0,6 м. Потым у гэтую траншэю складваліся абутак і рэшткі пахаваных, не забраныя для экспэртызы, і засыпаліся. Усе працэсы раскопак фіксаваліся на фотастужку археолягамі й крыміналістамі.

Пасьля археалягічных дасьледаваньняў і эксгумацыі ўсе раскопы былі акуратна закапаныя рыдлёўкамі, а тэрыторыя працаў прыведзена ў належны парадак.

 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 1

I

Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,45 м). Яма зарыентаваная на паўночны ўсход. Па ўскрайку западзіны расьлі дрэвы. Відаць было сьмецьце (паперкі, бляшанка ад кансэрваў). Паверхня пакрытая ігліцай ад хвояў і елак.

 

II

Пачаткова закладзены шурф упоперак магільнай ямы. Памеры шурфа 1 х 3 м. Арыентацыя: паўночны захад – паўднёвы ўсход. У разрэзе праглядалася верхняя стратыграфія пахавальнай ямы: насыпаны пясок (0,10-0,15 м), які зьверху пакрыты тонкім пластом ляснога шыльніку (да 0,05 м). У шурфе былі відаць вэртыкальныя межы пахавальнай ямы (запаўненьне больш рыхлае, перамяшанае, трапляюцца рэшткі глебы). На глыбіні 1,65-1,68 м у паўднёва-ўсходнім і паўночна-заходнім канцах шурфа выяўлены рэшткі скуры (боты), косьці чэрапа. Паглыбленьне шурфа спынена. Вызначаны памеры раскопу (3,40 х 2,40 м), у межы якога ўключана пахавальная яма. Пасьля выбаркі насыпнога грунту пачалася зачыстка рэшткаў пахаваных. Памеры пахавальнай ямы на ўзроўні зачысткі 3,20 х 2,30 м. Зачыстка вялася нажамі, садовымі лапаткамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі праводзілася фіксацыя, абмеры. Рэшткі пахаваных разьбіраліся. Глыбей разборка вялася бяз пэўнай зачысткі да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку – да глыбіні 2,75 м. Пахавальная яма звужалася. Памеры ў прымацерыковай частцы 2,85 х 1,67 м. Магутнасьць пласта пахаваных у цэнтральнай частцы 0,70 м. Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй да 1 м.

 

III

Рэшткі адзеньня, косьці разьмяшчаліся з глыбіні 1,65 м па краёх і 2,00 м у цэнтральнай частцы ямы да глыбіні 2,75 м уключна.

Па краёх ямы – рэшткі скуранога адзеньня (курткі, паліто). Некаторыя ў складзеным выглядзе. Пласты скуранога адзеньня выяўлены і ў цэнтральнай частцы ямы. Рэшткі скураной вопраткі сустракаліся да мацерыка. У паўночным куце на глыбіні 1,20 м выяўлены тры чарапы; два зь іх ляжалі тварамі ўверх, 1 – уніз. У заходнім куце на глыбіні 1,35-1,38 м – пустая бутэлька, рыльца павернута ў цэнтральную частку ямы, заткнута гумавым коркам. Бутэлька ляжала на белым пяску. Ніжэй і побач пад пяском чарапы, іншыя рэшткі людзей (з глыбіні 1,40-1,45 м). (Бутэльку кінулі, магчыма, пасьля засыпкі чарапоў і іншых рэшткаў у час папярэдняй эксгумацыі). Знойдзена вялікая колькасьць ботаў (многія ў галёшах), рэшткі валёнак. Некаторыя галёшы самаробныя, зробленыя з аўтамабільнай гумы. Выяўлена 47 чарапоў. Падлік колькасьці асобін у час раскопак не праводзіўся. (Косьці забраныя на мэдэкспэртызу, фота 1). Усе чарапы разьмяшчаліся пераважна па краі ямы. На цэлых чарапох відаць скразныя адтуліны ад куляў. Стралялі пераважна ў патыліцу.

 

Знойдзены таксама:

1. Кашалькі, партманэты і іх фрагмэнты – 9 штук, у 4, магчыма, ёсьць манэты. (У час раскопак кашалькі не адкрывалі, каб не пашкодзіць).

2. 6 манэт – 2 трохкапеечныя (1933 і 1935 гг.) і 4 – 20-цікапеечныя (1931, 1932, 1933 і ? гг.).

3. 10 куляў, некаторыя дэфармаваныя, 1 – усярэдзіне чэрапа.

4. 2 вырабы з каляровага моцна акісьленага мэталу з рэшткамі скуры (нагрудны знак?).

5. Выраб жалезны. Брусок выгнуты (25 х 3 см).

6. 2 кубкі (1 у кішэні скуранога паліто). На адным, на дне, напісана "Ростов-на-Дону".

7. Устаўная сківіца.

8. Грабянец плястмасавы, чорны.

9. Гільзы ад савецкага нагана.

Знойдзена шмат гумовых галёшаў і ботаў. Некаторыя маркіраваныя: "Красный Богатырь" (2), "Красный треугольник" (2), "Резинтрест" (2). На падэшве апошняга лічба "36" і літары "ВСНХ". Знойдзены клееныя самаробныя гумовыя бахілы.

 

IV. Высновы

На падставе раскопак можна зрабіць наступныя высновы:

– пахаваньне праведзена ў халодную пару году;

– пахаваныя загінулі ў выніку стрэлаў у галаву (кулі, гільзы, дзіркі ў чарапох);

– пахаваньне да гэтага парушалася эксгумацыяй (заляганьне рэшткаў расстраляных па краі ямы, выбарка сярэдняй часткі магілы да глыбіні 2,00 м). (Гл. мал. 3-5. Розьніца паміж краямі і цэнтрам пахавальнага пласта 0,40-0,34 м);

– мяркуючы па агледжаных знаходках (манэты, галёшы), пахаваньне зроблена не раней за 1936 г. (манэты ў кашалькох не дасьледаваліся);

– мяркуючы па абутку і адзежы, сярод забітых, выяўленых у магіле, было шмат простых людзей, хутчэй за ўсё сялян. Пэўная колькасьць належала да інтэлігенцыі. Тут жа пахаваныя і жанчыны;

– у пахавальным пласьце магілы № 1 выяўлена 47 чарапоў. Калі дапусьціць (паводле аналёгіі зь іншымі магіламі і паводле сьведчаньняў некаторых відавочцаў), што пахаваньне было запоўнена да ўзроўню ня менш як на 40-45 см ад верху, дык аб'ём верхняй выбранай часткі магілы (гл. мал. 4-5) больш чым у тры разы перавышае аб'ём ніжняга пласта. У магіле № 1 магло быць пахавана ня менш за 150 нябожчыкаў.

Пасьля распрацоўкі раскопу рэшткі касьцей і абутку пахаваных, не забраныя на экспэртызу, пакладзены ў траншэю на дне пахавальнай ямы і засыпаны.

Раскопкі пахаваньня № 1 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў.

 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 2

I

Пахаваньне вылучана па западзіне глыбінёю 0,40 м. Падоўжаная яма зарыентавана па лініі поўдзень-поўнач. На паверхні паўднёва-ўсходняга сэктару ямы расьлі 2 дрэвы. З гэтай прычыны адпаведная частка пахаваньня спачатку не распрацоўвалася. У западзіне на паверхні сустракалася сьмецьце, некалькі кволых кусьцікаў маліны. Паверхня пакрыта ігліцай ад хваін і елак. Назіраўся нахіл паверхні ямы ў паўночны бок.

 

II

Пачаткова закладзены шурф упоперак пахавальнай ямы (2,50 х 1 м). Пахаваньні знойдзены на глыбіні 0,84 м каля заходняй сьценкі раскопу. Дзеля выяўленьня верхняй мяжы пласта заляганьня рэшткаў пахаваных па ўсім раскопе (4,00 х 2,70 м) праведзена расчыстка насыпнога пяску. З глыбіні 0,84-0,90 м, калі зьявіліся па краёх рэшткі пахаваных, пачалася зачыстка, якая вялася нажамі, шуфлікамі, шчоткамі. У цэнтральнай частцы рэшткі людзей зьявіліся на глыбіні каля 1,30 м (ад дзённай паверхні). Потым праводзілася агульная фіксацыя, абмеры. Памеры пахавальнай ямы 3,40 х 2,40 м. Рэшткі пахаваных разьбіраліся да мацерыковага ўзроўню, у гэтым выпадку да глыбіні 2,00-2,70 м (паўднёвая сьценка – паўночная сьценка). Магутнасьць пахавальнага пласта ў цэнтральнай частцы 0,60 м. Пахавальная яма звужалася. Прымацерыковыя памеры яе 2,85 х 1,67 м.

Пасьля поўнай выбаркі ўпоперак дна (лінія захад-усход) капалася кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, глыбінёй 0,60 м.

 

III

На глыбіні 0,84-0,90 м у паўднёва-заходнім куце выяўленыя рэшткі касьцяка (фота 3). Чэрап ляжаў на баку, твар павернуты на паўночны ўсход, рот раскрыты, рукі падвернутыя пад цела, ногі раскінутыя. Косьці левай галёнкі адсутнічаюць (выкінутыя пры папярэдняй эксгумацыі). У паўночна-ўсходнім куце – 2 чарапы (глыбіня 1,0 м; 0,98 м). Раты прыадкрытыя. Паміж чарапамі знойдзена куля. У адным з чарапоў 2 скразныя кулявыя адтуліны. У адной адтуліне (у лобнай частцы) засела куля. За 40 см на поўнач – чэрап (глыбіня 1,10 м). Галава задраная ўверх. Кулі трапляліся ў ніжняй частцы магілы.

Сустракаюцца рэшткі скуранога адзеньня (паліто, курткі). Выяўлена шмат галёшаў. Маркіроўка савецкая. Пераважна з трыкутнікамі й датамі "37". Боты й чаравікі скураныя. Адшуканы жаночы абутак (абцас высокі, халявы вузкія, памер 36-37). Сустракаўся абутак складзены, які не абувалі, а ўзялі з сабою. Пападаліся чаравікі самаробныя, гумовыя (некалькі параў). Сустракаліся самаробныя гумовыя галёшы (бахілы, фота 2).

 

Знойдзены:

– 3 кашалькі. У адным (глыбіня 1,54 м) 4 манэты (даты не чытаюцца), у другім – манэта і рэшткі папяровых грошай. 2 слупкі манэт ляжалі ў карабку ад запалак (глыбіня 2,10 м; даты ня вызначаны);

– два кубкі белыя фарфоравыя на глыбіні 2,05 м (адзін разьбіты);

– акуляры ў скураным футарале, зубныя шчоткі;

– некалькі чарапоў мелі на зубох каронкі з жоўтага й белага мэталу.

З глыбіні 2,00-2,30 м рэшткі пахаваных уяўлялі сабой суцэльны зьляжалы пласт. Амаль усе чарапы дэфармаваныя ад ціску верхніх пластоў. Прасочваюцца гарызантальныя праслойкі сьветлага пяску, якія ў двух выпадках чаргаваліся праз 0,3-0,4 м (паслойная прысыпка пахаваных).

Знойдзены 62 чарапы ў межах пахаваньня.

 

IV. Высновы

На падставе раскопак пахаваньня можна казаць, што:

– раней, задоўга да нашых раскопак, праводзілася эксгумацыя магілы (выбрана сярэдняя частка пахаваньня);

– магчыма, рабілася пачарговая перасыпка пяском партыяў расстраляных (праслойкі белага пяску);

– частка людзей, магчыма, мела пэўную сямейную, кроўную ці тэрытарыяльную сувязь (2 аднолькавыя фарфоравыя кубкі з фігурнай ручкай, некалькі параў аднолькавых самаробных гумовых чаравікаў);

– сацыяльны статус пахаваных даволі нізкі, ніжэйшы, чым у пахаваньні № 1 (абутак ніжэйшай якасьці, менш кашалькоў, шмат самаробнага абутку, менш прадметаў туалету, менш залатых каронак, скуранога адзеньня і г.д.);

– пахаваныя расстраляны (кулі, дзіркі ад куляў у патыліцы);

– сярод расстраляных былі жанчыны;

– частку рэчаў, безумоўна, бралі з сабою (складзеныя боты, прадметы туалету, кубкі). Людзі рыхтаваліся ў далёкую дарогу.

У межах пахаваньня знойдзены 62 чарапы. Аб'ём раней выбранай часткі магілы (пры першай эксгумацыі) ад верхніх крайніх пунктаў зьяўленьня знаходак прыблізна такі ж, як і аб'ём распрацаванага намі пахавальнага пласта, гэта значыць там таксама магло ляжаць больш за 60 касьцякоў. Хутчэй за ўсё, забітых засыпалі зьверху пяском таўшчынёй да 40 см. Да гэтага ўзроўню магло зьмясьціцца яшчэ каля 60 трупаў. Такім чынам, у магіле № 2 магло быць пахавана прыблізна каля 180 чалавек. Памеры прымацерыковай часткі магілы 2,85 х 1,67 м (мал. 6-8).

Пасьля выбаркі магілы ўпоперак яе пракапана на дне кантрольная траншэя шырынёй 0,50 м, да глыбіні 0,60 м. Рэшткі касьцякоў і адзеньня, не забраныя на экспэртызу, закладзены ў траншэю і засыпаны.

Раскопкі пахаваньня № 2 праводзілі археолягі М.Крывальцэвіч і А.Іоў.

 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 3

I

Пахаваньне вызначана па характэрнай прастакутнай западзіне глыбінёй да 18 см. Паверхня была пакрыта невысокаю рэдкаю травой і яловым шыльнікам; у цэнтры відаць вугольле ад былога вогнішча. У тонкім пласце дзірвану таўшчынёй 5 см таксама знойдзена вугольле й рознае сьмецьце. Паверхня была дасьледавана мэталашукальнікам. У траве і ў дзірване выяўлены ржавыя, перагарэлыя ў вогнішчы цьвікі, абрыўкі дроту, абломкі нейкіх жалезных вырабаў, паржавелыя кансэрвавыя бляшанкі, накрыўкі, доўгая й лёгкая куля ад вінтоўкі з круглай адтулінай у тыльнай частцы (хутчэй за ўсё запальная), дробныя асколкі шкла, абрыўкі поліэтылену. Арыентацыя пахаваньня па частках сьвету даўжынёй па лініі захад-усход.

 

II

З мэтай выяўленьня контураў магільнай ямы й глыбіні заляганьня рэшткаў людзей упоперак западзіны была пракапана траншэя (шурф) 1 х 2,3 м. Грунт – жоўты перакапаны пясок з украпінамі іншароднай засыпкі чорнага й шэрага колераў. На глыбіні 1,30 м ад дзённай паверхні выяўлены кавалак арганічнага рэчыва, падобны на струхнелую скуру ці адзеньне; тут жа выяўлена тазавая косьць чалавека, крыху ніжэй – косьці пальцаў рук, а на глыбіні 1,40 м – вялікія косьці чалавека, разьмеркаваныя ўздоўж паўночнай сьценкі шурфа па самым краі магільнай ямы. Вэртыкальны контур яе выразна чытаецца на профілі траншэі. На гэтай жа глыбіні (1,40 м) ў цэнтры магілы ў пяшчаным грунце знойдзены бязь ніякай сувязі з касьцямі гумовы галёш з маркіроўкай савецкай фабрыкі і надпісам "СССР". У цэнтры шурфа рэшткі людзей паказаліся на глыбіні 2,03 м. На гэтым узроўні распрацоўка шурфа спынена. Быў распрацаваны раскоп памерам 2,87 х 2,28 м. Выбарка пяску працягвалася да зьяўленьня верхніх фрагмэнтаў пахаваных. Па краёх да глыбіні 1,40 м і ў цэнтры – да 2,00-2,10 м. У паўночна-заходнім куце раскопу на глыбіні 1,43 м выяўлены чалавечы чэрап (замерана да сярэдзіны чэрапа). Чэрап нахілены тварам на ўсход прыкладна пад кут 45°. Побач на гэтым жа ўзроўні амаль у сьценцы раскопу знойдзеныя яшчэ два чарапы: адзін ляжаў на баку, другі – павернуты ўніз. У патылічнай частцы ўсіх чарапоў круглыя адтуліны ад куляў. У адным – тры адтуліны. У самым паўночна-ўсходнім куце раскопу на гэтай жа глыбіні выяўлены чэрап, які ляжаў на цемені з задранай уверх сківіцай. На верхнім радзе зубоў некалькі каронак з жоўтага мэталу. Зьлева разьмешчаны яшчэ адзін чэрап, косьці пазванкоў, рэбры й некалькі локцевых касьцей. Арыентацыя па самым краі магільнай ямы з усходу на захад.

У паўднёва-ўсходнім куце раскопу на глыбіні 1,45-1,50 м адкрыты вялікі кавалак скуры – фрагмэнт верхняй адзежы. У цэнтры магілы на глыбіні 1,8 і 1,9 м выяўлена некалькі экзэмпляраў абутку (галёшы, туфлі), якія разьмешчаны ў пяску без пасьлядоўнай сувязі з касьцямі. Абутак нібы "павіс" у пяшчаным запаўненьні ямы. Такая сытуацыя разьмеркаваньня фрагмэнтаў абутку, адзежы й касьцей (пальцы) у пласьце запаўненьня ямы магла скласьціся пры ўмове, калі магіла раней раскопвалася, рэшткі людзей былі паварушаныя ці выбраныя і пахаваньне зноў засыпана тым жа грунтам.

Пасьля выбаркі грунту рыдлёўкамі пачата зачыстка пахавальнага пласта шуфлікамі й шчоткамі. Зачыстка выявіла наступную сытуацыю: чарапы пераважна разьмешчаны па краёх магільнай ямы на глыбіні 1,40-1,43 м (5 шт.), астатнія (4 шт.) – на глыбіні 1,90-2,10 м. Тут жа косьці і абутак. У цэнтры ямы пласт пахаваньня пераважна на глыбіні 2,10 м (ад 2,00 да 2,10 м). Чарапы ў цэнтры пласта на паверхні адсутнічаюць. Некаторыя экзэмпляры абутку, што былі ў запаўненьні ямы, пры зачыстцы пакінуты на пяшчаным грунце для фіксацыі. Розьніца заляганьня чалавечых рэшткаў па краёх ямы і ў цэнтры яе складае 70 см (паўночны, заходні і часткова ўсходні бок пахаваньня). Уздоўж паўднёвай сьценкі раскопу рэшткі пахаваных узвышаюцца над цэнтрам магілы на 30 см, прытым фрагмэнтарна, суцэльнай лініі няма. Па краёх магілы на ўзроўні 1,40-1,50 м захаваліся больш-менш поўна толькі касьцякі, зарыентаваныя ўздоўж сьценак ямы. Адзін касьцяк у паўночна-заходнім куце (чэрап якога разьмешчаны на глыбіні 1,43 м ад дзённай паверхні) таксама захаваўся больш-менш поўна дзякуючы падоўжанай арыентацыі ўздоўж сьценкі і як бы "паўсядзячаму" разьмяшчэньню (чэрап на 0,43 м вышэй за ўзровень тазавай часткі). Рэшткі забітых у верхнім пласьце ляжаць бессыстэмна, многія экзэмпляры абутку не зьвязаныя з касьцямі (фота 5).

Пасьля зачысткі, абмераў і фіксацыі верхняй часткі пласта пахаваных зроблена выбарка чалавечых рэшткаў магілы супольна з мэдыкамі-экспэртамі. У ніжняй частцы пахаваньне звужалася. Памеры яго на ўзроўні ніжняга пласта пахаваных 2,74 х 2,02 м. Пры выбарцы пласта запаўненьня й пахаваньня ўвесь грунт уважліва перабіраўся рукамі і дасьледаваўся мэталашукальнікам. На глыбіні 2,35 м (месцамі 2,38 м) ад дзённай паверхні зробленая зачыстка мацерыка (жоўта-белы пясок). Упоперак дна раскопу пракапана кантрольная траншэя шырынёй і глыбінёй 0,6 м. Тут былі складзеныя і потым засыпаныя рэшткі пахаваных ды іхнага адзеньня, не забраныя на экспэртызу.

Такім чынам, магутнасьць (таўшчыня) пласта пахаваньня ў цэнтры магілы складае 0,25-0,28 м, па краёх – 0,95-0,98 м. Форма пласта пахаваньня, выгляд яго паверхні, аналіз разьмяшчэньня касьцей і абутку паказвае на тое, што рэшткі пахаваных былі раней паварушаныя і выбраныя, асабліва ў цэнтральнай і паўднёвай частках магільнай ямы (мал. 9-11).

 

III

У працэсе выбаркі пласта пахаваных выяўленая вялікая колькасьць скуранога й гумовага абутку (боты, туфлі, галёшы). Увесь абутак даволі прымітыўна зроблены. Ёсць самаробныя боты з выцяжкай суцэльнай халявы, туфлі са стаптанымі абцасамі, галёшы з маркіроўкай савецкіх фабрык "Красный богатырь", "Красный треугольник". На большасьці галёшаў пазначана дата – "1937".

З паўднёва-ўсходняга кута пахаваньня вынялі скураное паліто. Яно было складзена, а ўнутры яго знойдзены загорнутыя туфлі. Гэта рэчы, якія чалавек узяў з сабой у дарогу. Побач з гэтым палітом на глыбіні 1,45-1,50 м знойдзены карычневы плястмасавы грабеньчык з маркіроўкай "Моспластмасс ф-ка 4". За 20 см убок ад грабеньчыка выяўлена зубная шчотка ў круглым зялёным плястмасавым футарале. Маркіроўка зубной шчоткі – «Арт. "Щеткагреб"».

Каля ўсходняй сьценкі пахаваньня на глыбіні 2,10-2,15 м знойдзеныя чарапы з прыліплым жаночым грэбенем на патыліцы, тут жа на глыбіні 2,20 м – яшчэ адзін жаночы грэбень, а непадалёк на глыбіні 2,25-2,30 м выяўлены доўгія пасмы жаночых валасоў – сьветлыя і цёмныя. Тут жа былі дзьве палавінкі разламанага мужчынскага грабеньчыка. Маркіроўка яго: "НКЛП – БССР". Зь іншых прадметаў у пласьце пахаваных знойдзена яшчэ мыльніца, мэталічны выраб, падобны на гузік, і куля ад нагана. Сярод чалавечых рэшткаў знойдзеныя косьці птушкі (грудзінка), хутчэй за ўсё курыцы. Пэўна, рэшткі харчовых прыпасаў, узятых у дарогу. У пахавальным пласьце выяўлены 31 чалавечы чэрап. Колькасьць пахаваных па касьцёх на месцы не падлічвалася.

 

IV. Высновы

На падставе археалягічных дасьледаваньняў пахаваньня № 3, назіраньняў за грунтам, аналізу пахавальнага пласта й знаходак у ім можна зрабіць наступныя высновы:

– пахаваныя памерлі гвалтоўнай сьмерцю ад стрэлаў у галаву;

– да правядзеньня нашых археалягічных раскопак пахаваньне раней ужо раскопвалася, і верхнія пласты касьцякоў былі выбраныя з магілы;

– папярэдняя эксгумацыя была праведзеная неахайна, рэшткі нябожчыкаў засталіся па краёх і на дне пахаваньня;

– тыя, хто непасрэдна рабіў эксгумацыю (раскопкі), відаць, не былі зацікаўленыя ў гэтай працы;

– мяркуючы па маркіроўцы і датах на галёшах, пахаваньне ўзьнікла не раней 1937 году;

– паколькі рэшткі адзеньня, абутак і знойдзеныя прадметы індывідуальнага карыстаньня ўсе савецкай вытворчасьці (у тым ліку БССР), можна зрабіць заключэньне, што ў магіле пахаваныя мясцовыя людзі;

– пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва;

– мяркуючы па невялікай колькасьці індывідуальных знаходак, прадметаў туалету, адсутнасьці кашалькоў, невысокай якасьці й катэгорыі абутку (шмат самаробных ботаў), сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (рабочыя, сяляне, вясковая інтэлігенцыя, магчыма, некаторыя – службоўцы);

– сярод расстраляных былі жанчыны.

Улічваючы, што ніжні пласт пахаваных меў магутнасьць (таўшчыню) у сярэднім 0,25 м і мяркуючы*, што магіла засыпалася зьверху пластом пяску таўшчынёй да 40 см, можна падлічыць верагодную колькасьць пластоў у пахаваньні – 7 і адзін няпоўны (20 см). Адсюль вынікае, што ў магіле № 3 магло быць пахавана ў сярэднім ад 217 да 240 нябожчыкаў (калі лічыць колькасьць пахаваных па чарапох, якіх знойдзена 31). Але звычайна лік чарапоў, як правіла, меншы за колькасьць пахаваных у пласьце, калі меркаваць па наяўнасьці вялікіх (сьцегнавых) касьцей. (Гэтае парушэньне суадносінаў – вынік папярэдняй эксгумацыі). Такім чынам, лічба пахаваных у магіле № 3 магла дасягаць 250 расстраляных.

Раскопкі пахаваньня № 3 праводзіў археоляг З.Пазьняк.

* (паводле аналягаў, сьведчаньняў і зыходзячы з аналізу іншых пахаваньняў).

 

ШУРФ № 4

 

Шурф № 4 (нумарацыя агульная з раскопамі) быў распрацаваны па-за паўднёвай мяжой тэрыторыі пахаваньняў за канавай (ровам), уздоўж якой, паводле сьведчаньняў відавочцаў, з 1937 да чэрвеня 1941 г. стаяў дашчаны плот. Было раскапана паглыбленьне няпэўнага характару (западзіна глыбінёй 0,40 м) з мэтай высьвятленьня яго ўтварэньня, а таксама магчымасьці існаваньня магілаў за межамі раней абгароджанай тэрыторыі. Шурф памерам 2,6 х 1 м зарыентаваны па лініі захад-усход. Прарэзка паглыбленьня выявіла, што да глыбіні 0,6-0,8 м (замеры ад двух краёў ямы) назіраецца запаўненьне грунтам шэрага й чорнага колеру з украпінамі вугольчыкаў. Яма падсьцілаецца вугольлем, попелам і чорным гумусам (мал. 12). Ніжэй гэтай праслойкі – мацерыковы шчыльны грунт (жоўта-чырвоны буйназярністы пясок). Ніякіх адносінаў да пахаваньня дасьледаванае паглыбленьне ня мае. Хутчэй за ўсё яно штучнага паходжаньня. Магчыма, зроблена пад вогнішча (мал. 12).

Такім чынам распрацоўка шурфа № 4 не пацьвердзіла меркаваньне аб існаваньні магіл за межамі тэрыторыі расстрэлаў, (г.зн. за межамі таго ўчастка, які быў абгароджаны плотам).

 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 5

I

Пахаваньне вызначана па западзіне (глыбіня 0,65 м); зарыентавана па лініі поўнач-поўдзень. Па краёх западзіны расло некалькі дрэваў і кусты маліны. Дрэвы й кусты высякаліся. Паверхня пакрыта ігліцаю хвоі і елкі.

 

II

Пачаткова распрацаваныя дзьве траншэі ўздоўж і ўпоперак пахаваньня (5,65 х 1 м; 4,40 х 1 м; фота 6). Траншэі закладзеныя, як і ўсюды, з мэтай высьвятленьня межаў магільнай ямы, стратыграфіі напластаваньняў і глыбіні заляганьня касьцей. У выніку распрацоўкі папярочнай траншэі выяўлена выразная карціна напластаваньняў і перакопак (мал. 14, профіль DE). Стратыграфія зоны, непасрэдна прылеглай да магільнай ямы (DF; GE), разьмяркоўваецца наступным чынам:

1. Жоўты насыпны пясок – 0,20 м.

2. Шэры лясны падзол – прыблізна 0,20 м (DF) і 0,25 м (GE), які паступова пераходзіць у падглебавы мацерыковы пласт (жоўты пясок).

Насыпны пясок (1) быў выкінуты на край падчас выбаркі катлавану магілы. Лясны падзол шэрага колеру й мацерыковы пласт – некранутыя грунты прыроднага ўтварэньня.

Непасрэдна па краёх магільнай западзіны (FH; JG) зафіксавана наступная стратыграфія:

1. Двухпластовы насыпны пясок (FH), разьмежаваны тоненькай цёмнай праслойкай. Верхні пласт пяску утвораны ў выніку паўторнай раскопкі ямы (пры ранейшай эксгумацыі) і наступнай яе засыпкі. Ніжні пласт пяску – запаўненьне першапачатковай магільнай ямы.

2. Ніжэй ідзе пласт пахаваньня з рэшткамі людзей.

Аналягічная сытуацыя на ўсходнім канцы траншэі (JG) з той толькі розьніцай, што двухпластовы насыпны пясок разьдзелены тут больш выразнай праслойкай шэрага колеру таўшчынёй 3-4 см (месцамі да 7 см).

У выніку стратыграфічнага аналізу вылучаныя вонкавая і ўнутраная ямы. Шырыня вонкавай па лініі D1-E1 – 3,40 м, унутранай – 2,85 м.

Пасьля праходкі траншэямі ў заходнім баку раскопу ў сэктары FH на глыбіні 0,70 м выяўлены чалавечы чэрап, ніжэй – рэшткі пахаваных. Ля ўсходняй сьценкі раскопу ў сэктары JG рэшткі нябожчыкаў выяўленыя на глыбіні 1,10 м. Пасьля гэтага пачалася агульная выбарка грунту ў межах раскопу памерамі 4,95 х 3,60 м. На ўзроўні верхніх пунктаў пласта пахаваных выявіліся памеры магільнай ямы – 4,00 х 3,10 м. Яна мела ў пляне авальную форму і звужалася да мацерыка. Памеры ніжняй часткі магілы 3,40 м (уздоўж па цэнтральным сечыве пахавальнага пласта) на 2,30 м (упоперак за 20 см ад дна).

У цэнтральнай частцы пахаваньня знаходкі прадметаў і рэшткі людзей зьявіліся на глыбіні 1,80 м ад гарызанталі дзённай паверхні DE. Такім чынам, розьніца ў глыбіні заляганьня касьцей паміж цэнтральнай часткай магілы і яе краямі складае 1,10 м.

Верхні пласт пахаваных (фота 7, 9) быў зачышчаны садовымі шуфлікамі, нажамі й шчоткамі. Пасьля зачысткі выразна стала відаць лейкападобная форма пахавальнага пласта (выбарка касьцей у цэнтры, фота 8). Гэты пласт быў намі зафіксаваны, абмераны й паступова разабраны да глыбіні 2,30 м. Магутнасьць (таўшчыня) пахавальнага пласта ў цэнтры магілы складала 0,50 м. Пасьля поўнай выбаркі магілы й зачысткі мацерыка ўпоперак дна раскопу была выкапаная кантрольная траншэя шырынёй 0,5 м і глыбінёй 0,6 м.

Поўная распрацоўка й дасьледаваньне пахаваньня далі магчымасьць зрабіць падоўжаны й папярочны разрэз раскопу па лініі траншэяў. У папярочным найбольш выразным разрэзе (мал. 14) відаць межы й запаўненьні дзьвюх ямаў, нібы "ўстаўленых" адна ў адну. Першая, большая яма з рэшткамі пахаваных абмежаваная вонкаваю лініяй Z-K3-Z1, другая, меншая, – унутранай лініяй F-K2-G і запоўненая пяском. У разрэзе выразна чытаецца неахайны характар папярэдняй эксгумацыі: унутраная яма меншая памерам за магілу, пракапана найбольш у цэнтры, пласт пахаваных выбраны не да канца (мал. 13-15).

Можна зрабіць дапушчэньне, што тыя, хто непасрэдна рабіў эксгумацыю (выбіраў касьцякі), ня быў зацікаўлены ў гэтай працы. Акрамя таго, неахайная работа суправаджалася хутчэй за ўсё і неахайным мэтадам яе вядзеньня, без зачысткі касьцей ад грунту. У такім выпадку пясок пастаянна прысутнічае ў яме, абсыпаецца на ніз і намнажаецца, праца вядзецца нібы ўсьляпую. Працуючы такім чынам, выбраць чыста пласт пахаваных складана нават пры жаданьні.

 

III

У паўднёва-ўсходнім куце раскопу ў межах пахаваньня адшукана больш за 80 аднатыповых гільзаў ад нагана. Гільзы зьявіліся на глыбіні 0,92-1,10 м і трапляліся да мацерыковага ўзроўню ямы (у гэтым месцы да 2,15 м). Большасьць іх знойдзена ў межах глыбіняў 1,45-1,60 м, адна – пры капаньні прыступак па-за межамі магілы ў насыпным пяску, што ляжаў пад ігліцай каля раскопу, глыбіня 0,15 м (згубленая падчас расстрэлу?).

У паўднёвай частцы пахаваньня прасочваецца цэлы касьцяк, які ляжаў уздоўж сьценкі на левым баку; чэрап таксама на баку. Адтуліна ад кулі – справа, выхад насупраць – зьлева.

Абутак пераважна аднатыповы: добра пашыты, халявы высокія, звужаныя, насок абшыты, падэшвы вузкія. Знойдзены высокія боты з адваротамі. На халявах некаторых ботаў дзіркі з мэталёвай акантоўкай пад матузкі. Радзей трапляліся галёшы. На ўсіх галёшах клеймы з лацінскімі літарамі. Выяўленыя 8 экзэмпляраў жаночага абутку. Гэта туфлі на высокім абцасе з клеймамі, дзе праглядаюцца лацінскія літары. Трапілася пара скуранога абутку накшталт шкарпэтак, якія ляжалі складзенымі і ў нешта загортваліся (відаць, бралі з сабой). Грабеньчыкі плястмасавыя, пераважна мужчынскія (адзін жаночы). Клеймы зь літарамі лацінскага альфабэту ("KING HALI FAX GARANTIE", "DURABIT – GARANTIE", "PATRIA"). Некалькі грабеньчыкаў у плястмасавых футаралах. Знойдзена параўнаўча вялікая колькасьць зубных шчотак, некаторыя зь іх у футаралах, на дзьвюх – савецкае кляймо, на астатніх – надпісы літарамі лацінскага альфабэту. Трапляліся мыльніцы, круглая плястмасавая каробка для зубнога парашку (?), кубкі. На адным эмаляваным кубку чытаецца кляймо "Made in Poland". Пры засыпцы пахаваньня знойдзена лязовая частка брытвы.

Часта трапляліся рэшткі скураной вопраткі. Сярод кавалкаў скуранога паліта (?) адшуканыя зубная шчотка й акуляры. Вельмі шмат знаходак можна клясыфікаваць як рэшткі штучных тканін, што не сустракаліся ў іншых магілах.

Вельмі часта знаходзілі акуляры. Некаторыя зь іх разьмяшчаліся ў раскопе непасрэдна на чарапох ці каля чарапоў (фота 10). Пэўная частка такой катэгорыі знаходак была ў футаралах. Разам знойдзены акуляры і манокль (у футарале?). Вылучаецца адно пэнснэ, акуляры зь цёмнымі шкельцамі.

Асноўная частка кашалькоў, партманэтаў знойдзена пустымі (астатнія не раскрываліся). У адным партманэце відаць рэшткі папяровых грошай, у другім – папярос. Акрамя таго, заўважаецца адно кляймо з надпісам лацінскімі літарамі ("...MAN").

Знойдзены пластмасавыя муштукі, шкляная ўпакоўка (ампула) з рэшткамі лекаў (?), закаркаваная закруткай, карабкі з рэшткамі запалак, гузікі. Сярод апошніх шмат фігурных, з рэльефнымі выявамі, надпісамі. Знойдзены 2 пары скураных пальчатак. Яны хутчэй за ўсё ляжалі ў кішэні, бо складзены і парныя.

Вялікую цікавасьць уяўляюць мэдальёны. Адзін мэдальён з ланцужком. На двух праглядаецца выява Маці Боскай (?), на трэцім – фігура сьвятога ў промнях, манаграма зь літарай "M" і крыжам, надпісам лацінскімі літарамі.

Адшуканыя рэшткі двух караценькіх завостраных алоўкаў, 3 шлюбныя пярсьцёнкі з жоўтага мэталу. Адзін зь іх, магчыма, жаночы (малых памераў, знойдзены ў паўночна-заходнім куце, дзе часьцей сустракаліся рэшткі жаночага абутку). На адным такім пярсьцёнку кляймо "7?? M" і гравіроўка "R. O. 1935" (дата ўзяцьця шлюбу?).

Паводле папярэдняга заключэньня мэдыкаў, у межах пахаваньня знойдзеныя рэшткі сьцегнавых касьцей ад 107 чалавечых асобін. Акрамя таго, знойдзена 87 чарапоў (несупадзеньне гэтых лічбаў – сьведчаньне праведзенай раней эксгумацыі, фота 14). На цэлых чарапох відаць скразныя кулявыя адтуліны (збоку й на патыліцы, фота 11-13). Вызначана некалькі жаночых чарапоў. Параўнальна вялікая колькасьць чарапоў знойдзена з мэталёвымі каронкамі (жоўты й белы мэтал). Пападаліся зубныя пратэзы. Прасочваецца паслойнае заляганне рэшткаў людзей, дзе ад верхняга ўзроўню зачысткі да 1,80 м сабраныя косьці ад 37-39 асобін, на глыбіні 1,80-2,00 м – ад 50-52 асобін і ў межах ніжняга пласта 2,00-2,30 м – ад 16 чалавек (падлікі па сьцегнавых касьцях). У прыдоннай частцы магілы назіраецца моцная спрасаванасьць рэшткаў.

Маючы на ўвазе вышэйпрыведзеныя назіраньні, а таксама ўлічваючы дадзеныя магіл № 2,3,6,8*, можна меркаваць, што на пласт у 0,20 м прыходзілася прыблізна каля 30 пахаваных. Адсюль вынікае, што ў межах магілы № 5 было пахавана каля 250-260 чалавек.

 

IV. Высновы

На падставе праведзеных раскопак пахаваньня № 5 можна зрабіць наступныя высновы:

– пахаваныя расстраляны ў галаву;

– сярод пахаваных былі жанчыны;

– згодна з назіраньнямі за стратыграфіяй раскопу, характарам, формай і заляганьнем верхняга зачышчанага пласта пахаваных, несупадзеньнем колькасьці сьцегнавых касьцей і чарапоў, у межах магілы рабілася раней эксгумацыя; эксгумацыя была праведзена неахайна і не да канца;

– пахаваныя, безумоўна, – выхадцы з заходніх раёнаў СССР. Магчыма, гэта прадстаўнікі інтэлігенцыі з Заходняй Беларусі ці Прыбалтыкі. Пра гэта сьведчыць наступнае: замежныя клеймы на абутку ды іншых рэчах (у тым ліку польскія), вялікая колькасьць акуляраў (у тым ліку пэнснэ, манокль, акуляры зь цёмнымі шкельцамі), алоўкі, каталіцкія мэдальёны з выявай Маці Боскай, высакаякасны фабрычны абутак, параўнаўча вялікая колькасьць мэталёвых каронак, зубныя пратэзы, скураное адзеньне, адзеньне са штучных тканін, вялікая колькасьць туалетных прыналежнасьцяў, муштукоў і г.д.;

– расстрэл праводзіўся не раней за 1935 г. (дата на пярсьцёнку). Але, улічваючы тое, што знойдзеныя рэчы маглі належаць выхадцам з Заходняй Беларусі ці Прыбалтыкі, дык больш верагодная дата пахаваньня – 1939-1940 гг., гэта значыць час пасьля вяртаньня Заходняй Беларусі і далучэньня прыбалтыйскіх краін да СССР;

– людзям давалася магчымасьць сабрацца ў дарогу. Частка рэчаў бралася з сабою ў разьліку на працяглы час жыцьця па-за домам (прыналежнасьці туалету, у тым ліку мыльніцы, зубныя шчоткі, грабеньчыкі, зубны парашок, брытва, складзеныя шкарпэткі й пальчаткі, кубкі ды інш.);

– у магіле № 5 магло быць пахавана ў сярэднім 250-260 чалавек.

Пасьля дасьледаваньня рэшткі пахаваных, не забраныя для экспэртызы, закладзены ў кантрольную траншэю на дне магілы і засыпаны.

Раскопкі пахаваньня № 5 праведзены археолягамі М.Крывальцэвічам і З.Пазьняком.

* У магіле № 1 шмат аб'ёму займала скураное адзеньне. Пахаваньне № 1 вызначана як "зімовае".

 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 6

I

Месца пахаваньня вызначана на мясцовасьці па западзіне глыбінёй да 0,2 м, паверхня якой пакрыта ігліцаю, сухім лісьцем, рэдкай травою. Бліжэйшыя дрэвы разьмешчаны за 1-3 м ад западзіны. Пахаваньне зарыентаванае на ўсход-паўднёвы ўсход.

 

II

Для вызначэньня парамэтраў пахаваньня закладзеныя 2 траншэі (шурфы; уздоўж і ўпоперак) – 1 х 3 м і 1 х 3,90 м. Стратыграфія верхняй часткі шурфоў:

1. Тонкі пласт апалай ігліцы і лістоў (да 0,05 м).

2. Жоўты буйназярністы пясок з галькаю – пласт, які ўтварыўся ў выніку выкідаў мацерыковага пяску (выбарка катлавану магільнай ямы) – 0,10-0,15 м.

3. Падзол шэрага колеру (верхняя мяжа дзённай паверхні да пачатковага капаньня магілы) – 0,10-0,15 м. Падзол прасочваецца па краёх шурфоў на працягласьці 0,2-0,4 м, пад ім – мацерыковы цьвёрды шчыльны галечны пясок.

Запаўненьне ямы – аднастайны рыхлы жоўты галечны пясок. Розьніца ў шчыльнасьці паміж гэтымі грунтамі вельмі адчувальная. Такім чынам, межы разарванага пласта шэрага падзолу акрэсьліваюць катлаван магільнай ямы. Яе контуры вызначаны ў выніку аналізу стратыграфіі верхніх пластоў траншэяў, а таксама па адрозьненьні ў шчыльнасьці грунту запаўненьня й грунту бакавых сьценак пахаваньня. Памеры магілы ў верхняй частцы 3,50 х 2,30 м.

На глыбіні 1,40-1,60 м ад дзённай паверхні па краёх пахавальнай ямы ў траншэях зьявіліся рэшткі пахаваных – косьці, фрагмэнты адзеньня й абутку. Па выяўленых контурах магілы быў закладзены раскоп 2,30 х 3,50 м, пласт выбраны да ўзроўню рэшткаў пахаваных. Праведзена зачыстка. Узровень пласта пахаваных па краёх ямы вышэйшы на 0,15-0,20 м за цэнтральную частку (мал. 16-18).

Пры зачыстцы пласта пахаваных выяўлена 7 чарапоў, некалькі параў абутку (боты, галёшы), косьці, фрагмэнты тканіны й скуранога адзеньня. У сківіцах некаторых чарапоў былі каронкі з жоўтага мэталу.

Сярод рэчавых знаходак на паверхні пласта пахаваных былі тры зубныя шчоткі, грабеньчык, кубак (глыбіня 1,59-1,64 м). У заходнім куце раскопу пры зачыстцы знойдзена 6 гільзаў, 2 зь іх добра захаваліся, выкарыстоўваліся ў рэвальвэры сыстэмы "Наган". Астатнія гільзы моцна каразаваныя.

Пасьля зачысткі пачалася выбарка пласта пахаваных да мацерыка. Магутнасьць пласта па краёх ямы да 0,4 м, у нутраной частцы – 0,2 м. Пасьля выбаркі праведзена зачыстка мацерыка. Яго глыбіня – 1,85-2,00 м ад дзённай паверхні (замеры рабіліся з розных канцоў раскопу). Мацярык уяўляе сабою цьвёрды, шчыльны, зьляжалы галечны пясок з уключэньнямі вельмі шчыльнага суглінку шэрага колеру. У ніжняй частцы пахавальная яма звужалася. Памеры дна 1,90 х 3,10 м.

Пасьля зачысткі мацерыка ўпоперак ямы закладзена кантрольная траншэя (шырыня 0,8 м, глыбіня 0,4 м). У ёй пасьля агляду, рэгістрацыі й адбору для экспэртызы найбольш характэрнага матэрыялу былі закапаныя косьці, рэшткі адзеньня й абутку пахаваных.

 

III

Пры выбарцы пласта пахаваных выяўлена вялікая колькасьць касьцявых рэшткаў, скуранога й тканіннага адзеньня, абутку (боты, чаравікі, галёшы). Колькасны ўлік праведзены толькі па асобных катэгорыях знаходак (чарапы, буйныя косьці, індывідуальныя знаходкі, кулі, гільзы і г.д.).

Усяго ў магіле знойдзена 35 чарапоў, большая частка якіх захавалася дрэнна і прадстаўлена фрагмэнтамі. Ва ўсіх цэлых чарапох і некаторых пашкоджаных былі кулявыя адтуліны ў цемі, патыліцы і ў скроневай частцы. У 2 чарапох – па 2 кулявыя адтуліны.

Падлічана колькасьць сьцегнавых костак. Усяго было 36 параў, г.зн. колькасьць, вызначаная па сьцегнавых костках, перавышае колькасьць, вызначаную па чарапох, на 1. Трэба адзначыць, што многія чарапы ў пахаваньні прадстаўлены толькі невялікімі фрагмэнтамі, у той час як захаванасьць сьцегнавых костак добрая. Адсюль несупадзеньне колькасьці чарапоў і параў сьцегнавых костак папраўдзе больш значнае. Усё гэта сьведчыць, што пахаваньне было эксгумавана яшчэ да нашых раскопак.

Сярод абутку фіксаваліся пераважна экзэмпляры з чытэльнаю маркіроўкай. Такіх знаходак больш за 10. Сярод іх галёшы з надпісамі на падэшве: "RYGAWAR", "GENTLMAN", "Made in Poland", "PEFE...".

Знойдзена 8 гільзаў у раскопе, 2 у адвалах грунту. Добра захаваліся 5 гільзаў (4 ад рэвальвэра "Наган", 1 ад пісталета "ТТ").

У раскопе адшуканыя таксама: 4 зубныя шчоткі, 4 грабеньчыкі, 3 кубкі, 1 акуляры, 2 муштукі, 1 кашалёк, 1 мыльніца. На зубных шчотках надпісы: "ВИТЩЕ ...ОМБИНА...", "MARQUE PEPOSEE BO-BO", "FKC", "NON-PLUS-ULTRA"; на грабеньчыках: "DURABIT", "DURABIT – GARANTIE", "KING HALIFAX – GARANTIE"; на кубках: "WARSZAWA WU...", "BING 17".

 

IV. Высновы

На падставе раскопак можна зрабіць наступныя папярэднія высновы:

– пахаваныя памерлі ў выніку стрэлаў у галаву з рэвальвэра сыстэмы "Наган" і пісталета "ТТ";

– да правядзеньня археалягічных раскопак пахаваньне было часткова эксгумавана;

– на падставе знаходак можна зрабіць выснову, што сярод пахаваных былі выхадцы з раёнаў Прыбалтыкі і з Заходняй Беларусі. Значыць, пахаваньне зьявілася не раней верасьня 1939-1940 гг.;

– з 35 чарапоў было выбрана 10 адносна цэлых, добрай захаванасьці. Сярод іх мэдыкам-экспэртам было вызначана 8 жаночых. Зыходзячы з гэтага, можна зрабіць заключэньне, што ў магіле № 6 было пахавана шмат жанчын;

– той факт, што рэшткі людзей выяўлены на глыбіні 2,00 м у надзвычай цьвёрдым грунце, і тое, што пры зачыстцы пласта пахаваных не было вялікіх перападаў глыбіняў у цэнтры і па краёх, сьведчыць, што пахаваньне раней эксгумавалася ў памерах пачатковай магільнай ямы. Супадзеньню межаў магілы і першай эксгумацыі спрыяла вялікая розьніца па шчыльнасьці паміж пяском запаўненьня й мацерыковым грунтам у сьценках пахаваньня. Контуры яе лёгка вызначаліся ў працэсе раскопкі;

– у межах выбранага пласта пахаваных (магутнасьць 0,2 м) зафіксаваныя рэшткі ад 36 асобін. Калі ўлічыць, што забітых засыпалі зьверху пяском магутнасьцю да 40-45 см, то на астатняй глыбіні магло зьмясьціцца 7 пластоў па 0,2 м. Такім чынам, у межах 7 пластоў, верагодна, ляжала каля 250 забітых.

Распрацоўку й дасьледаваньне раскопу (пахаваньня) № 6 зрабілі археолягі А.Іоў і З.Пазьняк.

 

РАСКОП (ПАХАВАНЬНЕ) № 8

I

Пахаваньне вызначана па западзіне, характэрнай для ўсіх магіл у Курапатах. Западзіна № 8 глыбінёй 0,52 м. Паверхня правалу пакрытая хваёвым і яловым шыльнікам, парослая рэдкімі сьцябламі малін. У западзіне валялася некалькі ржавых кансэрвавых бляшанак, абрыўкі поліэтылену, іншае сьмецьце. Вакол растуць дрэвы – хвоі і елкі. Пахаваньне зарыентавана доўгім бокам па лініі поўдзень-поўнач зь невялікім зьмяшчэньнем ад восі на ўсход-захад.

 

II

Раскопкі магілы пачаліся з распрацоўкі перакрыжаваных траншэяў упоперак і ўздоўж пахаваньня. Памеры траншэяў: 1,00 х 4,30 м і 1,00 х 3,60 м. Адразу пасьля зьняцьця верхняй праслойкі з шыльнікам пайшоў жоўты пясок. Траншэі былі пракапаныя на глыбіню 1,00-1,10 м. На гэтым узроўні ў пласьце пяску выяўлены дробныя рэшткі арганічнага рэчыва. На глыбіні 1,12 м паказаліся падэшвы ботаў. Ва ўсходнім канцы папярочнай траншэі на профілях выразна відаць стратыграфія пластоў і вэртыкальны контур (мяжа) магільнай ямы (мал. 20). Спачатку ад паверхні да глыбіні 0,10 м ідзе пласт насыпнога пяску, які быў выкінуты наверх пры капаньні магілы. Потым ідзе 10-сантымэтровы пласт шэрага ляснога падзолу – гэта дзённая паверхня зямлі да ўзьнікненьня пахаваньня. Пад ім з глыбіні 0,20 м пачынаецца жоўты мацерыковы пясок. Контур магілы – шэрая выразная лінія – пачынаецца ад верхняй мяжы падзолу і апускаецца ўніз. На іншых профілях лінія перакопу вельмі невыразная, амаль нябачная. Розьніца грунтоў назіраецца толькі пры надзвычай уважлівым разглядзе. Таму, каб пазьбегнуць верагодных памылак, вырашана было распрацаваць раскоп, большы памерам за пахаваньне, асабліва ў паўднёвым кірунку, дзе розьніца ў грунтох ледзь праглядалася па пахілай лініі. Відаць, тут контур пахаваньня быў зьнішчаны ў час даўняй эксгумацыі магілы вельмі неахайным капаньнем бяз рэзкай мяжы ямы. Тады пры засыпцы тым самым грунтам рэзкі контур (асабліва пры блізкай шчыльнасьці грунтоў) не ўзьнікае, хоць і выяўляецца розьніца ў профілі паміж засыпкай і некранутым пяском. Падоўжны разрэз раскопу (мал. 21) ілюструе гэтае меркаваньне. Несупадзеньне ямы папярэдняй эксгумацыі і катлавану магілы адбылося ў гэтым месцы толькі на глыбіні каля 1,70 м, калі раскопка магілы завяршалася і яму пачалі звужаць, пакінуўшы па краёх рэшткі пахаваных. На процілеглым паўночным канцы звужэньне ямы папярэдняй эксгумацыі пачалося з глыбіні 1,20 м.

Аналягічная, яшчэ выразьнейшая сітуацыя відаць у папярочным разрэзе раскопу (мал. 20). Звужэньне ямы эксгумацыі пэчалося тут з узроўню 1,00 м ад цяперашняй дзённай паверхні. Тымчасам карціна ў заходнім баку раскопу такая самая, як і ў паўднёвым: звужэньне другой ямы пачалося амаль на той жа глыбіні, бліжэй да дна.

Раскоп быў распрацаваны рыдлёўкамі ў межах 4,30 х 3,20 м (верхні ўзровень). Памеры ніжняга ўзроўню 4,00 х 2,80 м. Пачынаючы з глыбіні 0,90 м у пяску пачалі трапляцца страляныя гільзы ад савецкага нагана. Па ўсёй глыбіні паўночна-заходняй паловы пахаваньня амаль да самага мацерыка знойдзена больш за 50 гільзаў, прычым чатыры зь іх знойдзены сярод рэшткаў пласта пахаваных на глыбіні каля 2,20 м.

Рэшткі пласта пахаваных (абутак, сатлелае адзеньне, косьці, чарапы) выяўлены па краёх магілы на глыбіні 1,12 м (фрагмэнты спарахнелага арганічнага рэчыва – з адзнакі 1,00 м). У цэнтры пахаваньня – пласт нябожчыкаў на ўзроўні 2,10 м. Такім чынам, розьніца ўзроўняў у цэнтры і па краёх (глыбіня выбаркі касьцей пры ранейшай эксгумацыі) складае ў сярэднім 1 м.

Пасьля выбаркі грунту запаўненьня, які быў уважліва перабраны рукамі, пачалася зачыстка рэшткаў пласта пахаваньня шуфлікамі й шчоткамі. Павялічаныя памеры раскопу № 8 далі магчымасьць больш наглядна назіраць разьмяшчэньне рэшткаў пласта пахаваных у магіле, яе арыентацыю, контуры пахаваньня, паніжэньне ў цэнтры, узвышэньні па краёх (мал. 19). Пасьля абмераў і фіксацыі рэшткі пласта пахаваных былі разабраны. Таўшчыня пласта нябожчыкаў у цэнтры складала ў сярэднім 0,20-0,25 м. Пасьля зачысткі дна быў аголены мацерыковы грунт – жоўты з чырвонымі пражылкамі пясок у паўночнай частцы; у паўднёвым баку пахаваньня – праслойка сіняватага пяску з галькай.

Пасьля заканчэньня дасьледаваньняў упоперак дна магільнай ямы была выкапана траншэя шырынёй 0,6 м і глыбінёй 0,7 м. У яе былі складзены і засыпаны косьці, чарапы, абутак – рэшткі, не забраныя на экспэртызу.

 

III

Пры зачыстцы рэшткаў пласта пахаваных у розных частках магілы былі выяўленыя рэчы індывідуальнага карыстаньня, фрагмэнты адзеньня, абутак. Прадметы пасьля зачысткі пакінутыя на месцах, зафіксаваныя й нанесеныя на плян (мал. 19). Толькі разьмяшчэньне наганных гільзаў дадзена ў праекцыі (г.зн. спраектавана на плян з усяго запаўненьня магільнай ямы). На паверхні пласта пахаваных знойдзеныя два эмаляваныя кубачкі (ёмістасьцю прыблізна 0,4 і 0,2 літра). На донцах кубкаў эмблема – імбрык. На адным – маркіроўка "9 с/м", на другім надпіс "Warszawa". У паўночным канцы пахаваньня выяўлена мэталёвая эмаляваная місачка, звонку пакрытая яркай сіняй эмаллю. На донцы такая ж эмблема – імбрык і надпіс: "20 см" (фота 16-17).

У пласьце знойдзена больш за два дзясяткі гузікаў ад мужчынскага й жаночага адзеньня, вопраткі, кашуляў, бялізны. Выяўлены два мужчынскія і рабеньчыкі і адзін скураны футарал ад грабеньчыка. Пры разборцы пласта пахаваных знойдзены чатыры кашалькі, у некаторых ёсьць манэты (кашалькі на месцы не адкрывалі, каб не пашкодзіць; яны перададзены экспэртам-крыміналістам).

Выяўлена некалькі фрагмэнтаў скуранога верхняга адзеньня. У паўночна-ўсходнім куце пахаваньня знойдзена скураная куртка, падобная ці то на паўпаліто, ці то на доўгі пінжак. Адзежа адносна добра захавалася. Крыміналістамі забраная на экспэртызу бакавая кішэнь ад гэтай вопраткі.

Як і ў астатніх магілах, у пахаваньні № 8 знойдзена шмат скуранога й гумовага абутку (боты, чаравікі, туфлі, галёшы). Ёсьць некалькі экзэмпляраў жаночага абутку (гумовік на туфлі ды інш.). Маркіроўка на галёшах пераважна лацінскімі літарамі: "Rygawar", "Rekord" і інш.; тут жа надпісы: "Poland", "Made in Poland". Побач з гэтымі галёшамі ёсьць экзэмпляры з маркіроўкай фабрыкі "Красный треугольник" і датай "1939". Побач з ботамі й чаравікамі знойдзены экзэмпляр скуранога лапця (так званыя "пасталы", пашыраныя да вайны сярод бяднейшых сялян у Заходняй Беларусі).

Косьці ў рэштках гэтага пахаваньня перамяшаныя, пласт нябожчыкаў шчыльны (фота 15). Чарапы разьмешчаныя, як і ў іншых раскопах, пераважна па краёх пласта магільнай ямы і на больш высокім узроўні. Такая сытуацыя з разьмяшчэньнем чарапоў склалася ў выніку неахайнай выбаркі касьцей пры першай эксгумацыі. У сківіцах некаторых чарапоў выяўленыя каронкі з жоўтага мэталу і адзін зубны пратэз. Пасьля падлікаў у рэштках пахавальнага пласта выяўленыя 52 нябожчыкі па сьцегнавых касьцях і 50 чарапоў (фота 23). Несупадзеньне касьцей – вынік даўняй эксгумацыі. Аналіз цэлых, найлепш захаваных чарапоў дазволіў мэдыкам зрабіць папярэдняе заключэньне аб прыналежнасьці 7 зь іх да жаночага полу (фота 24). Большасьць чарапоў захавалася кепска, некаторыя здэфармаваныя пад ціскам пласта. У чарапох скразныя адтуліны ад куляў пераважна ў патылічнай частцы.

 

IV. Высновы

Археалягічны аналіз раскопак пахаваньня № 8, стратыграфіі, пласта пахаваных, характару, разьмяшчэньня і намэнклятуры знаходак дазваляе зрабіць наступныя высновы:

– пахаваныя памерлі гвалтоўнай сьмерцю ад стрэлаў у галаву;

– наяўнасьць, як і ў іншых раскапаных магілах, вялікай колькасьці наганных гільзаў, супадзеньне дыямэтру гільзаў з адтулінамі на чарапох дазваляе меркаваць, што пахаваныя былі застрэлены з савецкага рэвальвэра сістэмы "Наган";

– пахаваньне ўзьнікла не раней за 1939 год (дата на галёшы);

– мяркуючы па рэштках адзеньня, па абутку й прадметах індывідуальнага карыстаньня, пахаваныя – выхадцы зь вернутых абшараў Заходняй Беларусі;

– сацыяльны ўзровень большасьці пахаваных быў невысокі (адсутнасьць сярод знаходак прадметаў туалету, сьціплы посуд, адсутнасьць акуляраў, даволі просты абутак, сярод якога пасталы й галёшы);

– сярод забітых былі жанчыны;

– пахаваньне раней раскопвалася, косьці нябожчыкаў выбраныя да глыбіні 2,10 м у цэнтры магілы;

– эксгумацыя была праведзена неахайна. Тыя, хто непасрэдна рабіў даўнюю эксгумацыю (раскопкі й выбарку касьцей), ня быў асабіста зацікаўлены ў рабоце.

Археалягічнае дасьледаваньне пахаваньня № 8 праведзена археолягам З.Пазьняком.

 

ПОШУКІ НЕЭКСГУМАВАНЫХ ПАХАВАНЬНЯЎ

 

Пошукі некранутых магілаў зыходзілі з адвольнага дапушчэньня пра іх існаваньне. Была сумнеўная верагоднасьць, што пры ранейшай эксгумацыі некаторыя пахаваньні маглі застацца некранутыя. Расшуканьне такіх верагодных магілаў – занятак практычна беспэрспэктыўны, паколькі няма аніякіх прыкметаў, якія б пазначалі іх на паверхні. Тым ня менш была дасьледавана лагчына ў паўночна-ўсходняй зоне Курапатаў, разьмешчаная за 33 м ад дарогі Калодзішчы-Заслаўе. Пошукі ў гэтым месцы грунтаваліся на зьвестках жыхара вёскі Цна-Ёдкава Карповіча М.В. (69 гадоў), які паведаміў, што ў 1937 г. бачыў на гэтай тэрыторыі агульнае пахаваньне расстраляных (яшчэ не засыпаную, напоўненую трупамі магілу). Дакладнага знаходжаньня магілы М.В.Карповіч ня памятае.

Мясьціна, паказаная М.В.Карповічам, была перакапаная (фота 26) уручную перакрыжаванымі траншэямі 1 х 20 м і 1 х 15 м (мал. 1) на глыбіню ад 0,30 да 1,50 м. Характар грунту й стратыграфія верхняга пласта (суцэльны лясны чарназём, характэрны для паніжанай мясьціны), адсутнасьць нават мінімальных сьлядоў перакопаў – усё сьведчыць, што пахаваньне тут не рабілася. Тым ня менш ва ўсіх чатырох сэктарах перакрыжаванай траншэямі зоны (мал. 1) былі зробленыя дадатковыя пракопкі на глыбіню ад 1,80 м да 2,00 м і даўжынёй 3-4 м. На поўнач ад лясной сьцяжынкі, што агінае лагчыну з паўночнага боку, былі пракапаныя ручным спосабам яшчэ дзьве траншэі 1 х 4 м, глыбінёй ад 0,7 да 1,5 м. Аднак пахаваньня выявіць не ўдалося.

Верагодна, М.В.Карповіч праз 51 год пасьля падзеяў не зарыентаваўся ў новай сытуацыі на мясцовасьці. (На гэтым месцы ўжо вырас новы лес, падвышана і расшырана былая гравійная дарога Калодзішчы-Заслаўе ды інш.).

 

ЗАКЛЮЧЭНЬНЕ

 

Падсумоўка зьвестак, здабытых у час археалягічнага дасьледаваньня й эксгумацыі пахаваньняў ва ўрочышчы Курапаты, дазваляе высьветліць агульныя факты й заканамернасьці:

– пахаваньні ўзьніклі ў другой палове 1930-х гадоў. Канкрэтна – не раней за 1937 г. (магілы № 1-3), не раней за 1939 г. (магіла № 8). Мяркуючы па знаходках, не раней за 1939 г. зьявіліся таксама пахаваньні № 5-6;

– удалося прасачыць дынаміку й храналёгію зьяўленьня пахаваньняў. Тэрыторыя расстрэлаў запаўнялася магіламі з усходу на захад. Магіла № 3, якая ўзьнікла не раней за 1937 г., зьяўляецца крайнім пахаваньнем з усходняга боку Курапатаў. За 90 м ад яе на захад разьмешчаныя магілы № 1-2, а таксама пахаваньне, раскапанае археолягамі (З.Пазьняк) 5 траўня 1988 г. Усе гэтыя пахаваньні датуюцца тым самым часам, што і пахаваньне № 3, вылучаюцца той жа намэнклятурай і характарам знаходак (усе савецкай вытворчасьці; даты на галёшах "1937", "1938" – раскоп 5 траўня. Далей, за 75 м на паўночны захад, дасьледавана пахаваньне № 8 з рэчамі савецкай і польскай вытворчасьці, якое ўзьнікла не раней за 1939 г. (дата на галёшы), хутчэй за ўсё, пасьля вяртаньня Заходняй Беларусі. Яшчэ далей, прыблізна за 150-170 м на захад ад пахаваньняў № 1-2, у час пракопкі газавай траншэі (красавік 1988 г.) выяўленая магіла з датамі на абутку – "1939". Тут акрамя галёшаў з маркіроўкай савецкіх фабрык выяўленыя два экзэмпляры абутку з надпісамі па-латыску: "Riga" "1939" (гумовы галёш) і "KVADRATS" "Riga" "41" (скураны туфель). На паўднёвы захад ад гэтага месца прыблізна за 50 і 70 м ад газавай траншэі разьмешчаны дасьледаваныя намі пахаваньні № 5-6, дзе большасьць абутку з маркіроўкай, як у магіле № 8.

Такім чынам, ва ўсходняй частцы тэрыторыі расстрэлаў разьмешчаны пахаваньні, што ўзьніклі не раней за 1937 г., у заходняй і паўднёва-заходняй частках – тыя, што зьявіліся не раней за 1939 г.;

– людзі ва ўсіх пахаваньнях былі забітыя стрэламі ў галаву (у асноўным у патыліцу) з савецкага рэвальвэра сыстэмы "Наган";

– усе пахаваныя належалі да цывільнага насельніцтва;

– характар і намэнклятура знойдзеных рэчаў сьведчыць, што пахаваныя зьбіраліся ў далёкую дарогу і родны дом яны пакінулі незадоўга да сьмерці. Гэта наводзіць на думку, што людзі былі расстраляныя без суда, яны не адбывалі працяглага зьняволеньня;

– пахаваныя ў розных магілах характарызуюцца розным бытавым узроўнем, паходзяць з розных мясьцін Беларусі (магчыма, ёсьць выхадцы з краін Прыбалтыкі);

– мяркуючы па абутку, рэштках адзеньня й прадметах індывідуальнага карыстаньня, большасьць пахаваных (акрамя магілы № 5) належалі да ніжэйшых дэмакратычных пластоў насельніцтва (рабочыя, сяляне, дробныя службоўцы, вясковая інтэлігенцыя);

– сярод расстраляных былі жанчыны;

– усе раскапаныя намі магілы, у якіх выяўлены рэшткі нябожчыкаў, раней паддаваліся эксгумацыі й выбарцы пласта пахаваных;

– ва ўсіх дасьледаваных пахаваньнях ранейшая эксгумацыя была праведзена неахайна; косьці выбраныя пераважна ў цэнтры да глыбіні 1,80-2,10 м ад гарызанталі дзённай паверхні. Тымчасам сапраўдная глыбіня магільных ямаў ад 2,00 да 2,75 м. Таўшчыня пахавальнага пласта, пакінутая ў магільных ямах, у цэнтры ад 0,20 да 0,70 м. Можна меркаваць, што людзі, якія непасрэдна рабілі папярэднюю эксгумацыю (выбарку касьцей), не былі зацікаўленыя ў сваёй працы;

– усе археалягічна дасьледаваныя намі пахаваньні, у якіх выяўлены сьляды папярэдняй эксгумацыі, мелі западзіны глыбінёй ад 0,18 да 0,65 м ад лініі краёў магілы. Тымчасам усе існуючыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах (510 магіл) характарызуюцца аналягічнымі западзінамі. Адсюль вынікае, што западзіны на магілах утварыліся пасьля папярэдняй эксгумацыі і недастатковай іх засыпкі малой колькасьцю грунту (паколькі зь ямаў быў выбраны значны аб'ём пахавальнага пласта нябожчыкаў). Такім чынам, усе выяўленыя на сёньня пахаваньні ў Курапатах паддаваліся раней раскопцы й эксгумацыі;

– раскапаныя намі пахаваньні памерам адносяцца да малых і сярэдніх. Колькасьць нябожчыкаў, якая згодна з разьлікамі магла быць пахаваная ў такіх магілах, – ад 150 да 260 забітых у кожным пахаваньні. Калі ўзяць сярэднюю лічбу 200 нябожчыкаў у магіле і зрабіць простае памнажэньне на колькасьць выяўленых сёньня пахаваньняў, дык атрымаем 102000 чалавек. Аднак сапраўдная лічба пахаваных павінна быць у 2-2,5 разоў большай і дасягаць, пэўна, 220-250 тысяч. Па-першае, існуе шмат магіл, большых памерам за дасьледаваныя намі, а некаторыя пахаваньні ўяўляюць сабой яміны даўжынёй да 10 м па большым баку. У такіх магілах могуць быць пахаваныя тысячы забітых. Акрамя таго, каля сотні (калі ня больш) магільных западзін было засыпана і потым зьнівэлявана бульдозэрам у час пракладкі газатрасы й высечкі лесу вакол яе ў сакавіку-траўні 1988 г. Мноства магіл зьнікла, калі пракладалі кальцавую дарогу ў канцы 1950 – пач. 1960-х гг., і, магчыма, у 1940-х гг. у час высечак, траляваньня й падсадак лесу на гэтым месцы. Рэальная колькасьць пахаваньняў у Курапатах магла сягаць да 900 магіл, а можа і больш, прычым аб памерах зьнішчаных і засыпаных пахаваньняў мы можам меркаваць толькі па велічыні існуючых цяпер магіл.

Вярнуцца на пачатак

 

 

 

Зянон

ВЕРШЫ

 

Устань і ідзі, –
Мне голас прагучэў у сьне глыбокім.
І ноч вакол за вокнамі.

24.ІV.1988


Развагі ў ціхую ноч

Асеньні сьнег хавае лес заслонай.
А думаю не аб зіме.
Хутчэй хай лета настае.
Ды толькі цяжка будзе мне
Пад шэлест цвыркуноў
У цішы начной Варфаламея
Глядзець, як сохнуць хвоі на касьцях
Людзей, пад лесам расстраляных,
Дзе атлусьцелы, як пітон,
Крыві напіўшыся навек,
Чырвоны зьвер гуляе.

1987-88


Вёска Зялёны Луг

1

Дзе вёска некалі стаяла — цяпер мікрараён.
На Курапаты — від.
З вакон дзявятага паверху
Т
ак вока суцяшае лясісты краявід.

2

Там чвэрць мільёна душ нявінных,
Людзей — цьвет нацыі,
Пад шыльнікам ляжыць,
Замучаных, забітых, скатаваных.
І вымірае памяць навакол
У
вёсках здратаваных.

3

Пяць год перад вайной бальшавікі
Штодня, штоноч машынамі вазілі,
Вязалі, ламалі рукі, білі,
Сьмярдзючым коркам затыкалі рот,
Каб слоў ня чуць на мове людзкай,
І па-майстэрску ў галаву
Стралялі куляй з матам рускім.

4

Калі ж магілу напаўнялі,
Насьпех прысыпаўшы пяском,
Сасонку кволую страмлялі,
Ды толькі дрэўца не расло.

5

О памяць нашая зямная!
Схаваў цябе лясны прасьцяг.
Як праваліліся пад вамі
Пяскі і нетры на касьцях!

6

Стаміўся сталінскі бандыт,
Хавае хвост забойца:
"Расьці, расьці, яловы лес,
Гуляй, гуляй, прапойца!"

7

Калі ж апошні сьведка дзён
У
дол пяшчаны сыйдзе,
Тады ізноў крывёй бакал
Налье сатрап і злыдзень
І баль пачне сярод чумы чырвонай,
Каб выпілі да дна
І вымерлі пад корань.

8

Зьвер зьвера пакрываў,
Зьвяр'ё зьвяроў хваліла.
Бяздоньне зьверскае хлусьні
Народ, душы затапіла,
Дзе самы подлы рэнэгат
С
таў самым годным.
О, Краю, Краю дарагі,
Ці выплыве калі
Н
аш карабель народны?

1987-88


Жыцьцё паэта

Майі Тодараўне Кляшторнай

Прыйшлі забіваць паэта
Ноччу,
Калі людзі сумленныя сьпяць,
Прыйшлі забіваць паэта.
I забралі ў яго блякнот,
І забралі пяро,
Абылгалі яго летуценьні.
Засланілі вакно.
Па дарозе імчаць
Крумкачовыя чорныя цені.

Ой, вы, сосны, не шуміце

На радзіме мілай.

Закурлыкай, журавелька,

Над маёй магілай.

Бальшавіцкая п'яная раць
Т
опча белыя кветкі ля хаты,
Ах ты, падла, тваю перамаць,
Мы пакажам табе Курапаты.

Ой, вы, сосны, не шуміце

На радзіме мілай.

Закурлыкай, журавелька,

Над маёй магілай.

Каля ямы глыбокай, сырой
Пахне кроў на траве і на лісьцях.
Зь берагамі напоўнены роў –
Не нап'юцца ніяк камуністы.

Ой, вы, сосны, не шуміце

На радзіме мілай.

Закурлыкай, журавелька,

Над маёй магілай.

Стаміўся Красны Іваноў,
Наган ад стрэлаў раскаліўся.
Шынэльку выцер ад крыві
І папяроскай задыміўся.

Ой, вы, сосны, не шуміце

На радзіме мілай.

Закурлыкай, журавелька,

Над маёй магілай.

Вырываюць з блякнота яго лісты
І кідаюць яму ў аблічча.
Вершы, вершы на жоўтым пяску.
Журавелька ў небе курлыча.

1988

Вярнуцца на пачатак

 

 

Internet-вэрсія кнігі: Курапаты. Менск, Тэхналогія, 1994. ISBN 5-85700-149-8. Беларуская Палічка: http://www.knihi.com

 

На галоўную