Рэпрэсаваныя дзеячы культуры

 

(Крыніца: Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы 1794—1991)

 

 

1.     АБРАНТОВІЧ Фабіян (14.9.1884, засьценак Вераскоўшчына Наваградзкага пав. – 2.1.1946, Масква, турма «Бутырка»), бел. рэлігійны і грамадзкі дзяяч, каталіцкі сьвятар усх. абраду, публіцыст, філёзаф. Духоўную адукацыю атрымаў у Пецярбургу ў сэмінарыі і ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі. 9.9.1909 пасьвечаны ў сьвятары. Працягваў вучобу ў каталіцкім ун-це ў Лёвэне (Бэльгія, 1912-14), дзе абараніў доктарскую дысэртацыю ў філязофіі. Адзін з заснавальнікаў у траўні 1917 бел. хрысьціянскага руху і саюзу «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць». Быў адным з ініцыятараў і арганізатараў правядзеньня ў траўні 1917 у Менску зьезду бел. каталіцкага духавенства. 6.8.1918 А. разам зь біскупам Лазінскім адправіў першую бел. імшу ў Менску. Сябраваў з Б.Эпімах-Шыпілам і Я.Купалам (у студз. – лют. 1920 дзяжурыў каля ложка хворага паэта ў менскім шпіталі). Актыўна выступаў за ўвядзеньне бел. мовы ў набажэнства ў каталіцкім касьцёле і духоўных навучальных установах, пра што неаднаразова пісаў на старонках пэрыядычных бел. рэлігійных выданьняў «Krynica» (1917-20, Петраград – Менск – Вільня) і «Chryscijanskaja Dumka» (1928-29, Вільня). З 1918 рэктар Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Выкладаў у сэмінарыі і пасьля эвакуацыі яе спачатку ў Наваградак, а потым у Пінск. З 1926 ў Ордэне айцоў марыянаў у Друі. У 1929-38 вёў місіянэрскую дзейнасьць у Харбіне (Кітай) сярод расейскай эміграцыі. У 1939 вярнуўся ў Зах. Беларусь, дзе ў канцы вер. арыштаваны савецкімі ўладамі і зьняволены ў турму ў Львове. Закатаваны ў Бутырскай турме. Месца пахаваньня невядомае.

 

Літ.: Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. Vilnia, 1939; Божым шляхам (Парыж). 1957, № 76-81; Гарбінскі БРД, с. 3-4, 233-256; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. Lublin, 1998; Царква (Менск). 1998, № 1; ЭГБ, т. 1.

 

2.     АГОЛ Язэп (Ізраіль) (2.12.1891, Бабруйск – 10.3.1937, Менск), філёзаф, біёляг, публіцыст, паліт. дзяяч. Член РСДРП з 1915. За ўдзел у рэвалюцыйным руху ў Бабруйску высланы ў Туруханскі край. Са жн. 1918 сябра Краявога камітэту камуністычных арганізацыяў Беларусі і Літвы, які кіраваў дзейнасьцю падпольных арганізацыяў. Са студз. 1919 сакратар Менскага гарвыканкаму, намесьнік камісара ў справах фінансаў БССР. Дэлегат Першага Ўсебеларускага зьезду Саветаў (лют. 1919), член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР. З 1921 слухач Інстытуту чырвонай прафэсуры ў Маскве. З 1924 супрацоўнік Інстытуту філязофіі (сэкцыі прыродазнаўчых навук) у Маскве, пазьней – лябараторыі генэтыкі Біялягічнага інстытуту. У праблемах генэтыкі дразафілы некалькі гадоў працаваў у ЗША. З 1934 акадэмік АН Украінскай ССР. Распрацоўваў філязофскія праблемы біялёгіі, асабліва генэтыкі. У 1936 арыштаваны. Расстраляны 10 сак. 1937. Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Тв.: Новый мятеж // Правда. 4.3.1921; Происхождение животных и человека. – Масква, 1924 (Кіеў, 1935); Диалектический метод и эволюционная теория. – Маск.; Лен., 1927; Хочу жить: повесть. – Маск., 1936.

Літ.: ЭГБ, т. 1.

 

3.     АГУЛЬНІК Мэнахем (1889 – пасьля 1956, Чувашыя?), гісторык. Працаваў загадчыкам гэбрайскага аддзелу БелАН. Арыштаваны 6.12.1937. 10.10.1938 прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Паўторна арыштаваны 5.4.1949 МГБ Чуваскай АССР. 15.6.1949 прысуджаны да ссылкі ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны 20.6.1956. Пасьля 1956 жыў у Ібрэсі ў Чувашыі. Далейшы лёс невядомы.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

4.     АГУРСКІ Самуіл (29.4.1884, Горадня – 19.8.1947, Паўладар, Казахстан), гісторык і публіцыст. Член Бунду, удзельнік рэвалюцыі 1905, у 1906-17 у вымушанай эміграцыі ў Англіі і ЗША. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Беларусь. У 1918 быў вайсковым камісарам у Віцебску. Працаваў у гісторыка-партыйных установах у Менску і Маскве: у 1924-29 загадчык Гістпарту ЦК КП(б)Б, нам. дырэктара Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б; у 1930-33 дырэктар Гіспарту пры Маскоўскім камітэце ВКП(б). З 1934 дырэктар Інстытуту гэбрайскай пралетарскай культуры, намесьнік дырэктара Інстытуту нацыянальных меншасьцяў БелАН. З 1936 член-карэспандэнт БелАН. Шмат займаўся гісторыяй Бунду і рэвалюцыйнага руху. У «Нарысах па гісторыі рэвалюцыйнага руху на Беларусі (1863-1917)» (1928) зрабіў спробу сыстэматызаваць гісторыю рознанацыянальнага рэвалюцыйнага руху. Адным зь першых распачаў барацьбу супраць т. зв. беларускага нацыянал-дэмакратызму. Паліт. абвінавачаньні А. паўплывалі на трагічныя лёсы Ігнатоўскага, Жылуновіча і інш. Ва ўмовах вострай ідэйна-паліт. барацьбы і прычэпліваньня ярлыкоў падпаў пад крытыку сам. Арыштаваны 4.3.1938, пастановай Асобай нарады пры НКВД СССР ад 15.8.1939 сасланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у Паўладары ад крывацёку ў мозаг. Рэабілітаваны 7.4.1956 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР.

 

Тв.: Борьба против уклонов на историческом фронте // Пролетарская революция. 1929, № 11; Октябрьские бои в Москве. – Маск., 1932.

Літ.: Михнюк В.Н. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 г.). – Менск, 1985; ЭГБ, т. 1; Возвращенные имена.

 

5.     АДАМАЎ Уладзімер (12.6.1875, Санкт-Пецярбург – 1937?) батанік, дасьледнік расьліннага сьвету Беларусі. Выпускнік Пецярбурскага ун-ту (1899). Працаваў у навуковых установах Беларусі: загадчык аддзелу Менскай балотнай досьледнай станцыі, сэкцыі Беларускага аддзяленьня Ўсесаюзнага Інстытуту прыкладной батанікі, кіраўнік геабатанічнай экспэдыцыі Наркамзему БССР. Заснавальнік батанічных садоў БДУ і Вялікалятчынскага (каля Віцебску). Ахвяра рэпрэсіяў.

 

Тв.: Бачэйкаўскі сад і палац // Віцебшчына. Т. 1. – Менск, 1925; Обзор растительности Белорусского Полесья. Менск, – 1928 (разам з А.Д.Лазук).

Літ.: БЭ, т. 1.

 

6.     АДАМОВІЧ Антон (26.6.1909, Менск – 12.6.1998, ЗША), бел. літаратуразнавец, гісторык, празаік. У 1920-х пісаў пра творчасьць сучасных яму бел. літаратараў, у тым ліку манаграфічнае дасьледаваньне пра творчасьць М.Гарэцкага. Першая друкаваная праца – рэцэнзія на зборнік В.Маракова «Пялёсткі» (Чырвоны сейбіт, 1926). У 1928 скончыў МБПТ, паступіў у БДУ. 25.7.1930 арыштаваны ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Глазаў, у 1934 пераведзены ў Вятку (Кіраў), дзе працаваў у навучальных установах. Арыштоўваўся зноў 25(?).6.1937. Вызвалены ў 1938, вярнуўся ў Менск. Скончыў БДУ, працаваў настаўнікам у сярэдняй школе. У час вайны заставаўся ў Менску. Зь ліп. 1941 – адзін з арганізатараў выданьня шэрагу бел. газэт, часопісаў, кніг. Узначаліў выдавецкі аддзел, створаны пры Менскай гарадзкой управе для арганізацыі выпуску газэт. Адначасова быў галоўным рэдактарам Краявога выдавецтва «Менск», кіраваў Беларускім навуковым таварыствам, працаваў у «Менскай (Беларускай) газэце». У канцы 1943 пераехаў у Нямеччыну. Працаваў у газ. «Раніца» (Бэрлін). У лягеры для перамешчаных асоб выдаваў газ. «Ведамкі», «Бацькаўшчына», час. «Конадні» і «Сакавік». З 1960 жыў у ЗША. Тады ж стаў адным з кіраўнікоў радыёстанцыі «Свабода». Творчая спадчына А. – каля 250 прац, у тым ліку, на ангельскай, нямецкай і расейскай мовах.

 

Тв.: Максім Гарэцкі: (Спробы манаграфіі аб творчасьці) // Узвышша. 1928, № 1-6; Большевизм на путях установления контроля над Белоруссией. – Мюнхен, 1954; Якуб Колас у супраціве саветызацыі: досьледы і матэрыялы. – Мюнхен, 1955; Большевизм в революционном движении в Белоруссии: Исследования и материалы. – Мюнхен, 1956; Супраціўленьне саветызацыі ў беларускай літаратуры. – Мюнхен, 1956, (анг. пераклад 1958); Як дух змаганьня Беларусі (да 100-х угодкаў нараджэньня Івана Луцкевіча) (1981).

Літ.: Пастанова беларускага літаратурна-мастацкага згуртаваньня «Узвышша» аб палітычных памылках у літаратурна-публіцыстычнай творчасьці // Узвышша. 1930, №1; Куніцкі С. Крытычныя артыкулы Антона Адамовіча як адлюстраваньне буржуазнай нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіі // Полымя. 1931, №2; Мальдзіс А. Адамовіч Антон // БП, т. 1; Маракоў Л. Антон Адамовіч // Голас Радзімы. 1999, 13-20 траўня.

 

7.     АДАМОВІЧ Язэп (26.12(7.1).1897, Барысаў – 22.4.1937), дзяржаўны дзяяч. Удзельнічаў у 1-й сусьветнай вайне, ваяваў на Паўднёва-Зах. і Румынскім франтах (ст. унтэр-афіцэр; узнагароджаны 3 Георгіеўскімі крыжамі). У войску (1916) далучыўся да сацыялістычнага руху. У канцы таго ж году быў паранены і знаходзіўся на лячэньні ў Харкаве, дзе і сустрэў Лютаўскую рэвалюцыю 1917. Праводзіў рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат, выбіраўся членам палкавога камітэту і Харкаўскага Савету. Каб нэўтралізаваць ягоны ўплыў, камандаваньне зноў адправіла А. на фронт. Увосені 1917 дэмабілізаваны, працаваў сакратаром Барысаўскага павятовага Савету. Улетку 1918 начальнік гарнізону і вайсковы камісар Смаленскай губ.; зь вер. 1918 – вайсковы камісар Магілёўскага і Лепельскага вайсковых Саветаў, потым вайсковы камісар Менскай губ. Зь вер. 1920 народны камісар у вайсковых справах БССР, адначасова з 1921 народны камісар унутраных справаў БССР і намесьнік старшыні ЦВК і СНК БССР. Браў удзел у падрыхтоўцы да ўтварэньня СССР. Актыўна займаўся ўзбуйненьнем тэрыторыі БССР – быў упаўнаважаным СНК БССР у справе далучэньня Віцебскай губ. У сак. 1924 – траўні 1927 старшыня СНК БССР. Паводле словаў Я.Пушчы, у А. знаходзілі падтрымку нацыянальна арыентаваныя літаратары. Дзеля канфлікту зь першым сакратаром ЦК КП(б)Б А.Крыніцкім быў пераведзены на працу ў Маскву. З траўня 1927 старшыня праўленьня Цукратрэсту СССР, з 1932 працаваў на Далёкім Усходзе начальнікам Камчацкага акцыянэрнага таварыства, кіраўніком цукровых і рыбакансэрвавых прадпрыемстваў. У атмасфэры масавых рэпрэсіяў і цкаваньняў скончыў жыцьцё самагубствам. Яго імем названая вуліца ў Барысаве.

 

Літ.: Шамардзіна С. Старонкі зь біяграфіі Язэпа Адамовіча // Полымя. 1966, №4; ЭГБ, т. 1.

 

8.     АДВАЖНЫ Вінцук (сапр.: Германовіч Язэп; 4.3.1890, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі р-н – 26.12.1978, Лёндан), каталіцкі сьвятар усх. абраду, паэт, публіцыст. Вучыўся ў Гальшанскай пачатковай і Ашмянскай гарадзкой школах; у 1913 скончыў Віленскую духоўную каталіцкую сэмінарыю. 29.6.1913 пасьвечаны ў сьвятары; працаваў у розных парафіях Беластоцкага дэканату. У 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; арганізаваў адну зь бел. школ, у касьцёле прамаўляў па-беларуску. Гэта выклікала незадаволенасьць ерархаў, і А. вымушаны быў пераехаць у Друю, дзе ў 1924 уступіў у ордэн марыянаў. Служыў там пробашчам, адначасова выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў мясцовай гімназіі. Празаічныя і паэтычныя творы А. рэгулярна зьяўляліся на старонках пэрыядычнага друку («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»). З 1932 на місіянэрскай працы ў Харбіне, дзе таксама быў дырэктарам гімназіі. У 1936 вярнуўся ў Вільню, кіраваў Беларускім марыянскім домам студэнтаў. У 1938 дэпартаваны разам са студэнтамі ў Цэнтральную Польшчу. Зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кітайскай паліцыяй і перададзены савецкім ворганам бясьпекі. Быў прысуджаны да 25 гадоў прымусовых работ у лягерах. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Сібіры. Пасьля сьмерці Сталіна вызвалены. Выехаў у Польшчу, а ў 1959 у Італію, затым у Вялікабрытанію. Пра сваё знаходжаньне ў лягерах напісаў успаміны «Кітай – Сібір – Масква», што былі апублікаваныя на бел., італьянскай, польскай, літоўскай мовах. У эміграцыі рэдагаваў час. «Божым шляхам» (Лёндан).

 

Тв.: А.В. Унія на Палесьсі: Вершаваная дыскусія ўніята, праваслаўнага манаха і р.-к. ксяндза. – Альбэртын, 1932; W.A. Bielaruskija Cymbaly (Zbornik wiersau). – Wilnia, 1933; Chlapiec: Powiesc. – Wilnia, 1935; Na Daloki Uschod. – Wilnia, 1937 (пад сваім прозьвішчам); Вінцук Адважны. Кітай – Сібір – Масква. – Мюнхен, 1962; Вінцук Адважны. Байкі і іншыя вершы. – Лёндан, 1973.

Літ.: Ласкоў І. Шлях пакутніка: Па старонках адной малавядомай кнігі // ЛіМ, 9.2.1990; Сачанка Б. Сняцца сны... С. 12-14; Станкевіч А. Аб жыцьці і творчасьці В.А. (Вінцука Адважнага) // W.A. Bielaruskija Cymbaly. Wilnia, 1933; Юрэвіч Л. Літаратурная спадчына: новы погляд // Беларус (Нью-Йорк). 1997. Жнівень; Гарбінскі БРД С. 51-52, 289-296; БП, т. 1.

 

9.     АДЗІНЕЦ Аркадзь (9.8.1895, в. Парэчча Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Глускі р-н – пасьля 1957, Башкірыя?), мовазнавец. У 1915-18 служыў у царскай арміі. У 1918-19 вучыўся на пэдкурсах, працаваў загадчыкам Народнага дому ў в. Рудабелка. У 1920 мабілізаваны ў Чырвоную армію, у якой служыў да канца 1921. У 1922-23 настаўнічаў на вёсцы. У 1924 скончыў Бабруйскі пэдтэхнікум, працаваў настаўнікам у Мазыры. У 1928 скончыў БДУ, вучыўся ў асьпірантуры БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Чэбаксары Чуваскай АССР на 5 гадоў. 25.7.1935 пастановай Асобай нарады тэрмін высылкі падоўжаны на 3 гады. Працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры, бухгалтарам Водаканалтрэсту. З 1941 ва Ўфе, працаваў бухгалтарам трэсту «Стэрлітамакбуд». Рэабілітаваны 15.11.1957. Пасьля рэабілітацыі жыў у Стэрлітамаку Башкірскай АССР. Далейшы лёс невядомы.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

10.         АДЗЯРЫХА Міхась (1904, в. Белічы Слуцкага пав. – 1938, ?), краязнавец. З 1922 вучыўся на пэдагагічным ф-це БДУ. Дасьледаваў руіны замку ў Койданаве. Удзельнічаў у краязнаўчым руху. У 1927 арыштаваны ГПУ БССР, як «удзельнік маладзёжнай контррэвалюцыйнай арганізацыі». Сасланы ў Вятку. Абставіны і дата сьмерці невядомыя.

 

Тв.: Апісаньне Койданаўскага замку // Наш край. 1926, №1.

Літ.: Вяргей В. Археалягічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992; Улашчык М. Краязнаўства. – Менск, 1999. С.13.

 

11.         АЗБУКІН Мікалай (1894, Бабруйск – 24.11.1943, ?), географ, краязнавец, публіцыст, дзяяч бел. нацыянальнага руху. Паходзіў зь сям‘і патомных дваранаў. У 1912-17 вучыўся ў Пецярбурскім ун-це. Пасьля сканчэньня вучобы выкладаў геаграфію і прыродазнаўства ў Бабруйскай гімназіі. Далучыўся да бел. нацыянальнага руху, сябра камітэту Беларускага культурна-асьветнага таварыства ў Бабруйску. Падчас польскай акупацыі ў 1919 арыштаваны. Восеньню 1920 стаў дырэктарам бабруйскай школы імя Я.Купалы. Увесну 1921 зноў арыштаваны ўжо савецкімі ўладамі дзеля падазрэньня ў прыналежнасьці да партыі бел. эсэраў. З 1921 працаваў у Менску: у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР, у Інстытуце беларускай культуры, з 1929 на катэдры геаграфіі БелАН. У кнізе «Географія Эўропы» трактаваў Беларусь як самадастатковую краіну. Адзін з галоўных арганізатараў краязнаўчага руху ў Беларусі, сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства, першы рэдактар часопіса «Наш край». У пачатку 1928 у БССР існавала ўжо 301 краязнаўчая арганізацыя, якія аб‘ядноўвалі 10510 чалавек. Імклівае пашырэньне краязнаўчага руху, глыбока патрыятычнага ў сутнасьці, выклікала занепакоенасьць камуністычных уладаў, і на краязнаўцаў абрынуліся рэпрэсіі. А. быў арыштаваны 21.7.1930 і абвінавачаны ў прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі» і пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Налінск на 5 гадоў. Ёсьць зьвесткі, што зноў быў асуджаны ў 1937 (?). Загінуў у 1943 у зьняволеньні. Паводле сьведчаньня Ю.Бібілы, расстраляны нібыта за спробу перайсьці мяжу на поўдні СССР. Рэабілітаваны 15.11.1957 Вярхоўным судом БССР.

 

Тв.: Географія Эўропы. – Маск.-Лен., 1924 (у суаўтарстве з А.Смолічам); Географія па-заэўрапейскіх краёў. –Менск, 1925 (у суаўт.); Школьная карта Беларусі. – Менск, 1925 (разам з А.Смолічам); Нашы мястэчкі (Матэрыялы да геаграфічнага слоўніка) // Наш край. 1925, №2-3; Мястэчка Шацак // Тамсама. 1927, №1.

Літ.: ЭГБ, т. 1; Возвращенные имена.

 

12.         АКСЭЛЬРОД Зэлік (30.12.1904, Маладэчна – 26.6.1941, Менск), паэт, перакладчык. Пачаў выступаць у друку з 1921. Пісаў на ідыш. У 1922-25 вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава ў Маскве, у 1928 скончыў літаратурны ф-т Маскоўскага пэдінстытуту. Перакладаў бел. і расейскую клясыку (Я.Купала, А.Пушкін, М.Някрасаў). Член БелАПП з 1928, член СП СССР з 1934. Пасьля вяртаньня ў Беларусь працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, а з 1931 адказны сакратар гэбрайскага час. «Штэрн» («Зорка»). Пераклаў паэму «Вялікаму Сталіну ад беларускага народу». Арыштаваны НКВД 30.5.1937; расстраляны 26.6.1941 у Менску. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Літ.: БП, т. 1.

 

13.         АКСЭЛЬРОД Любоў (1868, мяст. Дунілавічы Вялейскага пав. Віленскай губ, цяпер Пастаўскі р-н – 5.2.1946, Масква), філёзаф, літаратуразнавец. З 1884 у рэвалюцыйным руху. У 1887 эмігравала ў Францыю. Член групы «Вызваленьне працы», пасьлядоўніца Г.Пляханава. У 1900 скончыла Бэрнскі ун-т. Уступіла ў «Саюз расейскіх сацыял-дэмакратаў за мяжой». Супрацоўнічала ў газ. «Заря» (1901-02), «Искра» (1901-05). У 1903 пасьля ІІ зьезду РСДРП далучылася да меншавікоў. Вярнулася ў Расею (1906). Друкавалася ў газ. «Северо-Западный край», час. «Наша заря», «Современный мир», «Дело». Распрацоўвала пытаньні эстэтыкі, гісторыі філязофіі і гістарычнага матэрыялізму. У 1915 выслана з Петраграду. У 1917 член ЦК партыі меншавікоў, пляханаўскай групы «Адзінства». У 1918 адышла ад паліт. дзейнасьці. З 1921 у Маскве, выкладала філязофію ў Інстытуце чырвонай прафэсуры, Дзяржаўнай акадэміі мастацкіх навук, займалася сацыялёгіяй мастацтва. Рэпрэсаваная ў 1930-я.

 

Тв.: Философские очерки. – Маск., 1906.

Літ.: ЭГБ, т. 1.

 

14.         АЛЕКСАНДРОВІЧ Андрэй (9(22).1.1906, Менск – 6.1.1963, Падмаскоўе), паэт, перакладчык, публіцыст, член-карэспандэнт АН БССР. Сярэднюю і вышэйшую адукацыю атрымаў у Менску: скончыў МБПТ (1925), БДУ (1930). У гады 1-й сусьветнай вайны стаў удзельнікам хору У.Тэраўскага. Наведваў «Беларускую хатку». Адзін з арганізатараў літаратурнага аб‘яднаньня «Маладняк». У 1925 рэдактар час. «Малады араты», працаваў у рэдакцыях розных рэгіянальных і менскіх выданьняў («Наш працаўнік», «Чырвоная Полаччына», «Бальшавік Беларусі», «Заклік»). Першыя паэтычныя зборнікі «Па беларускім бруку», «Прозалаць». У 1934-37 намесьнік старшыні праўленьня СП БССР, дырэктар Інстытуту мовы БелАН, у 1931-37 член ЦВК БССР, у 1936-37 кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1930-я ў час цкаваньня бел. руху далучыўся да гэтай кампаніі. У паэме «Цені на сонцы» (1930) «выкрыў» вядомых бел. літаратараў і вучоных. Разгромным у дачыненьні да бел. літаратуры быў і яго выступ на ІІІ пленуме праўленьня СП СССР. Вылучыўся ў русіфікацыі бел. мовы – у падрыхтаваным пад яго рэдакцыяй «Руска-беларускім слоўніку» (1937) былі парушаныя лексычныя нормы бел. мовы. Першы раз арыштаваны 2.7.1938 і асуджаны на 15 гадоў лягераў; у 1938-47 на Крайняй Поўначы, працаваў на будоўлі Нарыльскага мэталургічнага камбінату. Тэрмін зьняволеньня быў скарочаны да 8 гадоў, і ў 1947 ён выйшаў на волю. У 1947-48 – літсупрацоўнік шматтыражкі Менскага трактарнага заводу, але ў 1948 яму забаранілі працаваць у друку, нейкі час быў брыгадзірам будаўнікоў. Зноў арыштаваны 26.2.1949 і сасланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1955. Потым жыў і працаваў у Менску. Памёр у санаторыі ў Падмаскоўі. Пахаваны ў Менску.

 

Тв.: Зб. тв. Т. 1-2. –Менск, 1963; Творы. – Менск, 1981.

Літ.: Да дзесяцігодзьдзя творчай працы Андрэя Александровіча: Сьпіс літаратуры // Кніга масам. 1932, № 1; БП, т. 1.

 

15.         АЛЬШЭЎСКІ Анатоль (21.6(4.7).1904, мяст. Бяроза-Картуская Пружанскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер г. Бяроза Берасьцейскай вобл. – 1937, Менск), публіцыст, дзяяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1919 у 15-гадовым узросьце ўступіў у Чырвоную армію, ваяваў на Палесьсі; тады ж стаў членам РКП(б). У 1920 быў накіраваны на вучобу ў Камуністычны ун-т імя Сьвярдлова ў Маскве. У 1925, як ураджэнец Зах. Беларусі, накіраваны туды на падпольную работу. Быў сакратаром ЦК КСМЗБ, членам ЦК КСМ Польшчы. У 1926 і 1928 выбіраўся членам ЦК КПЗБ. Актыўна займаўся публіцыстыкай і рэдактарскай справай – рэдагаваў цэнтральныя ворганы ЦК КПЗБ «Бальшавік» і «Чырвоны сьцяг». Востра крытыкаваў палітыку польскага ўраду ў Зах. Беларусі. У 1927 арыштаваны польскімі ўладамі і зьняволены ў Варшаве. У 1928 праз абмен паліт. вязьнямі трапіў у СССР. У 1932 зноў закінуты ў заходнебел. камуністычнае падпольле, але ў ліп. таго ж году вернуты ў Менск. Працаваў у рэдакцыі Прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. З 1933 на прафсаюзнай рабоце. У 1937 арыштаваны; загінуў у засьценках НКВД. Рэабілітаваны пасьмяротна. Імя Альшэўскага нададзена вуліцам у Бярозе і Пружанах. У Бярозе захаваўся дом, дзе ён жыў; там устаноўлена мэмарыяльная шыльда.

 

Літ.: Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. – Менск, 1983; Калесьнік Ул. Пасланец Прамэтэя: Дакум. аповесьць. – Менск, 1984; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў; ЭГБ, т. 1.

 

16.         АЛЯХНОВІЧ Мікола (8(21).4.1903, Барысаў – 9.4.1959, Ленінград), літаратурны крытык. Паводле ўласных прызнаньняў (у анкеце «Маладняка») літаратурнай дзейнасьцю пачаў займацца з 1918, друкавацца – з 1919. З 1919 да 1921 удзельнічаў у грамадзянскай вайне на баку «чырвоных»: спачатку партызаніў на Барысаўшчыне, потым у складзе стралковай дывізіі ваяваў на Зах. фронце. Пасьля вяртаньня ў 1921 да цывільнага жыцьця пачаў вывучаць мэдыцыну ў БДУ, але ў 1924, на трэцім курсе, пакінуў вучобу. На працягу году выкладаў бел. мову і літаратуру ў працоўнай школе, а потым на агульнаадукацыйных курсах у Барысаве. З 1925 належаў да літаратурнага аб‘яднаньня «Маладняк», у 1925-27 кіраўнік Барысаўскай філіі аб‘яднаньня. 24.11.1925 удзельнічаў у першым зьезьдзе «Маладняка». У 1930 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. Вучыўся ў асьпірантуры, у 1932-34 быў навуковым супрацоўнікам сэкцыі літаратуры Інстытуту мовы, літаратуры і мастацтва Беларускай Акадэміі навук. У 1930-36 – выкладчык МВПІ; у 1935 атрымаў званьне дацэнта. Арыштаваны НКВД 26.11.1936, у 1938 асуджаны на 12 гадоў зьняволеньня. Высланы на Калыму, працаваў доктарам у лягерным мэдпункце, пазьней – у псыхіятрычным аддзяленьні клінікі. У 1945 пераведзены ў Тайшэт (Іркуцкая вобл.), у 1956 – у Карагандзінскую вобл. Рэабілітаваны ў 1957. Пасьля вызваленьня жыў у Ленінградзе. Да літаратурнай дзейнасьці не вярнуўся, займаўся мэдычнымі дасьледаваньнямі.

 

Літ.: Саламевіч Я. Адзін зь першых // ЛіМ. 1978, 21 крас.; БП, т. 1.

 

17.         АЛЯХНОВІЧ Францішак (9.3.1883, Вільня – 3.3.1944, Вільня), драматург, тэатральны дзяяч, публіцыст. Зь дзяцінства выхоўваўся ў артыстычным асяродзьдзі: бацька працаваў скрыпачом у тэатры. Сыстэматычнай адукацыі не атрымаў, хоць і рабіў некалькі спробаў вучыцца ў Віленскай гімназіі, Віленскай хімічна-тэхнічнай школе і ў Кракаўскім ун-це. У 1904 паступіў у Варшаўскую драматычную школу, пасьля сканчэньня якой у 1907 вандраваў з трупай акцёраў. У 1908 вярнуўся ў Вільню, дзе ўладкаваўся рэпарцёрам, пачаў выдаваць на польскай мове гумарыстычны час. «Perkunas». Тады ж далучыўся да бел. нацыянальнага руху. За публікацыю антыцарскага артыкула часопіс «Perkunas» быў закрыты, а рэдактар трапіў пад сьледзтва. Уцёк у Аўстра-Вугорскую імпэрыю, дзе працаваў акцёрам у Кракаве і ў польскіх тэатрах Галіччыны. У 1913 у Расейскай імпэрыі была аб‘яўлена амністыя, і хоць пад яе трапляла толькі частка «злачынстваў» рэдактара час. «Perkunas», А. вярнуўся ў Вільню, дзе яго асудзілі на год астрогу. У Лукіскай турме ў Вільні пачаў пісаць п‘есы. У чэрв. 1918 перабраўся ў Менск. Увесну 1919 вярнуўся ў Вільню і выдаваў час. «Беларускае жыцьцё», спрабаваў арганізаваць тэатар. Увосені 1919 зноў пераехаў у Менск, дзе быў дырэктарам і рэжысэрам Беларускага тэатру, які фундаваўся польскімі ўладамі. Зь ліп. 1920 у Вільні, у 1921-23 рэдагаваў газ. «Беларускі звон». Выдаў кнігу «Беларускі тэатар» (1924). У ліст. 1926 прыехаў у Менск на Акадэмічную канфэрэнцыю, застаўся ў Савецкай Беларусі; працаваў літаратурным кіраўніком у адкрытым БДТ-2 у Віцебску. Там і быў арыштаваны 1 студз. 1927; атрымаў 10 гадоў зьняволеньня на Салаўках. У вер. 1933 абмяняны ўладамі на вязьня польскай турмы Б.Тарашкевіча. Пасьля вяртаньня ў Вільню напісаў успаміны пра знаходжаньне ў сав. лягерах «У капцюрох ГПУ». Твор упершыню надрукаваны ў польскай віленскай газ. «Slowo»; расейскі пераклад успамінаў апублікавала парыская газ. «Возрождение». У 1935 у Вільні ўспаміны выйшлі асобнай кнігай на польскай мове пад назвай «Siedem lat w szponach G.P.U.» У 1937 у Варшаве выдадзены яшчэ адзін польскі варыянт кнігі пад назвай «Prawda o Sowietach». Твор перакладаўся на італьянскую мову («La verita sulla Russia Bolscevica») і на партугальскую ў Бразіліі («Sete annos nas garras sovieticas»). Украінскі пераклад друкавала газ. «Діло», рэдакцыя якой затым выпусьціла ўспаміны асобнай кнігай «7 літ на Соловках». Толькі ў канцы 1937 аўтар здолеў выдаць кнігу на бел. мове. Калі ў 1940 у Вільню ўвайшлі савецкія войскі, А. апынуўся на нелегальным становішчы. У часе нямецкай акупацыі рэдагаваў газ. «Bielaruski holas». У сак. 1944 застрэлены на сваёй кватэры савецкімі дывэрсантамі, засланымі з-за лініі фронту. А. – аўтар 20 п‘ес. Яго творы зноў пачалі друкаваць і ставіць на бел. сцэне ў 1990-я.

 

Тв.: Беларускі тэатр. – Вільня, 1924; У капцюрох ГПУ. – Менск, 1994.

Літ.: Крывіцкі Л. (Луцкевіч Л.). Францішак Аляхновіч // Ніва (Беласток).1990, № 2-3; Сабалеўскі А. Адметны сьлед // Спадчына. 1990, №3; Яго ж. На адраджэнскай хвалі // Полымя. 1992, № 5; Бяляцкі А. «Як я памру…» // Маладосць. 1990, № 10; Няфёд У.І. Францішак Аляхновіч: Тэатральная і грамадзка-палітычная дзейнасьць. – Менск, 1996; БП, т.1; ЭГБ, т. 1.

 

18.         АНІСАЎ Сяргей (6(19).10.1906, в. Тур‘я Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н – 7.3.1987, Менск), дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Зах. Беларусі, журналіст. У 1927-32 на камсамольскай рабоце ў БССР; працаваў нам. галоўнага рэдактара газ. «Чырвоная зьмена» і «Рабочий». У траўні 1932 накіраваны на падпольную работу ў Зах. Беларусь. Быў членам сакратарыяту ЦК КСМЗБ; актыўна працаваў як журналіст, быў рэдактарам газ. «Малады камуніст» і «Poborowiec», час. «Маладая гвардыя» і «Камсамолец». Са сьнеж. 1934 першы сакратар ЦК КСМЗБ, са жн. 1935 першы сакратар Берасьцейскага акруговага камітэту КПЗБ. У 1932-33 арганізоўваў страйкі рабочых лясных промыслаў у Белавескай і Ружанскай пушчах, беластоцкіх тэкстыльшчыкаў. З кастр. 1935 зьняволены ў польскай турме. У 1939-45 у нямецкім лягеры ваеннапалонных. Пасьля вайны працаваў у друку. Арыштаваны савецкімі ўладамі 10.2.1950. Аўтар прац з гісторыі Зах. Беларусі і КСМЗБ.

 

Літ.: ЭГБ, т. 1; БЭ, т. 1.

 

19.         АНІСЬКА Дамінік (7.1.1888, в. Слойнікі Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 28.12.1971, Лёндан, Вялікабрытанія), бел. рэлігійны і грамадзкі дзяяч, публіцыст. Скончыў расейскую пачатковую школу ў в. Яноўшчына (Сакольcкі пав.), у 1906 – гарадзкую школу ў Саколцы. У 1907-09 служыў у расейскай арміі. Аўтар віленскай газ. «Беларус». Ваяваў у 1-ю сусьветную вайну ў складзе расейскай арміі. Вярнуўшыся ў родныя мясьціны ў 1918, быў мабілізаваны ў польскае войска. З 1923 афіцэр запасу. Браў удзел у бел. рэлігійным і грамадзкім руху, быў аўтарам бел. каталіцкага час. «Хрысьціянская думка». Выдаў некалькі брашур: «Да беларускага народу», «Усё ў міласьці». У 1939 мабілізаваны ў польскае войска. Да 1940 знаходзіўся ў Літве. Быў арыштаваны бальшавікамі, спачатку знаходзіўся ў лягеры ў Казельску, пасьля – у Валагодзкай вобл. У 1942 уступіў у армію генэрала Андэрса, разам зь ёю выйшаў у Іран, а адтуль у Палестыну. З 1949 жыў у Вялікабрытаніі. Быў аўтарам бел. рэлігійнага час. «Божым шляхам» (Парыж-Лёндан).

 

Літ.: Дамінік Аніська: Нэкралёг // Беларус (Нью-Ёрк). 1972, №178.

 

20.         АНІХОЎСКІ Аляксандр (29.5.1897, в. Старыца Слуцкага пав. – пасьля 1956), пэдагог, дацэнт. У 1915-24 працаваў настаўнікам на Случчыне, затым загадчыкам акруговых аддзелаў палітасьветы і народнай асьветы ў Клімавічах. У 1927 скончыў пэдагагічны ф-т БДУ. У 1927-30 інспэктар пэдагагічных тэхнікумаў Наркамасьветы БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 13.7.1930, праходзіў у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у Слабадзкім Кіраўскай вобл. З 1934 жыў у Вятцы. Працаваў эканамістам на заводзе безалькагольных напояў. Паўторна арыштаваны ў пачатку жн. 1935 за адказ ад супрацоўніцтва з НКВД; сасланы на 5 гадоў у Іванава. Зноў арыштаваны 31.7.1943. Вайсковым трыбуналам войскаў НКВД 14.10.1943 асуджаны на 10 гадоў лягераў. З 1956 жыў у Іванава-Вазьнясенску, працаваў эканамістам на мэблевым камбінаце. Рэабілітаваны па першым прысудзе 15.11.1957, па другім – 15.10.1956.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000; Илькевич Н. Адам Бабарека: арест, лагерь, смерть. – Смоленск, 1999; Міхнюк У. «Забраны ў астрог мы з забранага краю» // Полымя. 1999, №5.

 

21.         АНІШЧЫК Аляксей (19.7.1912, хутар Мондзіна Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Наваградзкі р-н), мэмуарыст, пэдагог, журналіст, грамадзкі дзяяч. Скончыў Наваградзкую гімназію і эканамічны ф-т Пазнанскага ун-ту; магістар эканамічных навук. Працаваў у Катавіцах, кіраваў курсамі для інжынэраў і тэхнікаў. У вер. 1939 запісаўся ў батальён, які абараняў Варшаву ад немцаў, за што пазьней быў узнагароджаны мэдалём. Пасьля капітуляцыі Польшчы вярнуўся ў Наваградак, дзе выкладаў у школе бел. мову і літаратуру. Потым на Беласточчыне быў дырэктарам школы. У 1941 выкладчык і загадчык школы ў мяст. Уселюб Наваградзкага р-ну. З 1942 выкладчык Наваградзкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Публікаваўся ў газ. «За праўду», са студз. 1944 яе рэдактар. У лют. – траўні 1944 загадчык Наваградзкай друкарні, у траўні – чэрв. супрацоўнік сэктару радыёперадач Беларускага культурнага цэнтру ў Менску. Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу 1944. Пры адступленьні нямецкіх войскаў выехаў у Нямеччыну. У 1945-46 жыў у Кракаве, працаваў у газэтах. Узначаліў ваяводзкі аддзел выдавецтва «Czytelnik» у Вроцлаве і Шчэціне. Арыштаваны савецкімі спэцслужбамі ў траўні 1948; вывезены ў Менск. За супрацоўніцтва зь немцамі прысуджаны да расстрэлу, замененага 25 гадамі зьняволеньня. Правёў у лягерах Запаляр‘я і Мардовіі 14 гадоў. Вызвалены ў 1962. Вярнуўся на Радзіму. Працаваў эканамістам у Наваградзкім р-не і ў Лідзе. Потым пераехаў у Літву (Эйшышкі). Цяпер жыве ў Вільні. Узначальвае суполку віленскіх бел. палітвязьняў. Член СП Беларусі з 2000.

 

Тв.: Мондзінская балада: Дакумэнтальная аповесьць. – Вільня, 1996; За калючым дротам: (Нарысы, вершы). – Вільня, 1996; Наваградзкая Беларуская Гімназія. – Вільня, 1997; Сяргей Хмара. – Вільня, 1998.

Літ.: Мілаш Л. Аляксею Анішчыку – 90 // Кантакты і дыялогі. 2002, № 5-6.

 

22.         АПАЦЁНАК Фёдар (Тодар) (1902, Менск – ?), пэдагог. У 1921 скончыў бел. настаўніцкія курсы. Вучыўся ў БДУ. Выкладаў у школе, на вышэйшых курсах беларусазнаўства, у Менскім палітэхнікуме. 25.7.1930 арыштаваны, 25.4.1931 асуджаны і высланы на Поўнач (Кем). Рэабілітаваны 28.12.1989.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

23.         АРАНШТАМ Лазар (9(21).6.1896, Роўны, Украіна – 1939, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч. З 1915 у РСДРП(б). Удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Маскве. Служыў у Чырвонай арміі – камісар дывізіі, камісар інспэкцыі артылерыі. У 1924 накіраваны на падпольную работу ў Зах. Беларусь. Сакратар ЦК КПЗБ, член ЦК КПП. Арыштаваны ў лют. 1924. Праз абмен палітзьняволенымі ў 1928 апынуўся ў СССР. Жыў і працаваў у Беларусі (сакратар Віцебскага акруговага камітэту КП(б)Б). З 1929 член РВС і начальнік Палітупраўленьня БВА. У 1933 накіраваны на Далёкі Ўсход начальнікам Палітупраўленьня Асобай арміі. Арыштаваны ў 1937, загінуў у зьняволеньні. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Літ.: Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. – Менск, 1983; ЭГБ, т. 1.

 

24.         АРСЕНЬНЕВА (Кушаль) (20.9.1903, Баку – 25.7.1997, ЗША), паэтэса, перакладчыца, драматург. У часе вайны ў 1914 сям‘я Арсеньневых жыла ў бежанстве ў Яраслаўлі, дзе будучая паэтка напісала свой першы верш на расейскай мове. Радавод бацькі А. узыходзіць да роду маці М.Лермантава. У 1920 сям‘я вярнулася ў Вільню, там А. скончыла Віленскую Першую беларускую гімназію, паступіла ва ун-т. На яе паэтычныя здольнасьці звярнуў увагу М.Гарэцкі. У 1922 А. выйшла замуж за Ф.Кушаля, якога, як афіцэра польскага войска, накіравалі служыць у зах. рэгіён Польшчы. Пасьля вер. 1939 А. жыла ў Вялейцы, працавала ў абл. «Сялянскай газэце». У крас. 1940 як жонка палоннага польскага афіцэра была выслана з сынамі ў Казахстан. У траўні 1941 вярнулася з ссылкі ў Менск. Тут яе напаткала вайна. У акупаваным Менску супрацоўнічала з «Беларускай газэтай». Напісала некалькі лібрэта да опэр, займалася перакладамі. У 1944 эмігравала ў Нямеччыну, з 1949 жыла ў ЗША. Працавала ў эмігранцкай газ. «Беларус», на радыё «Свабода», у Беларускім інстытуце навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. У 1970-80-я адышла ад актыўнага ўдзелу ў паліт. жыцьці бел. эміграцыі. Зь сярэдзіны 1980-х яе творы зноў робяцца вядомымі і папулярнымі на Радзіме.

 

Тв.: Пад сінім небам: Вершы (1921-1925 г.). – Вільня, 1927 (факс. выд.: Менск, 1991); Сягоньня: Вершы, 1941-1943. – Менск, 1944; Між берагамі: Выбар паэзіі, 1920-1970. – Нью-Ёрк, Таронта, 1979; Яшчэ адна вясна: Выбраныя вершы. – Менск, 1996; Выбраныя творы. – Менск, 2002.

Літ.: Байкоў М. Аб творчасьці Натальлі Арсеньневай // Полымя. 1927, №8; Сачанка Б. Сьняцца сны... С. 43-48; Мішчанчук М. «Між берагамі» // Культура беларускага замежжа. Кн. 1. – Менск, 1993; Тарасюк Л. Праз акіян забыцьця // ЛіМ. 1993, 5 лют.; Яе ж. Пад небам паэзіі // Полымя. 1995, №6; Сямёнава А. Лёс – і над лёсам // Голас Радзімы. 1993, 30 верас.; Калесьнік У. Натальля Арсеньнева // ЛіМ. 1994, 9 сьнеж.; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1; Савік Л. Жывём Айчынай мы... // Пакліканыя. Літаратура Беларускага Замежжа. – Менск, 2001.

 

25.         АСТАПЕНКА Зьмітрок (10(23).11.1910, в. Сяргееўка Шумілінскага (цяпер Хіславіцкага) р-ну Смаленскай вобл. – кастр. 1944?, Славаччына?), паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1926. У 1929 перавёўся з Мсьціслаўскага пэдтэхнікуму ў МБПТ, які скончыў у 1931. Працаваў у рэспубліканскай прэсе. У 1931-32 выйшлі кнігі вершаў «На ўсход сонца: Першая кніжка вершаў», «Краіне», «Абураныя». Стаяў ля вытокаў беларускай навукова-фантастычнай літаратуры (раман «Вызваленьне сіл»), перакладаў на бел. мову творы расейскай літаратуры ХХ ст. Арыштаваны 16.3.1933 у справе «Беларускай народнай грамады». Асуджаны на тры гады высылкі, пакараньне адбываў у Арлова-Розаўскім аддзяленьні Сіблагу. У 1935 вызвалены з канцлягеру. Некаторы час жыў у Маскве. Працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў СШ №252. Паўторна арыштаваны 5.12.1936. Асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. У часе вайны А. удаецца вырвацца з канцлягеру. Некаторы час жыў у Маскве, працягваў пісаць вершы. У канцы вер. 1944 у складзе падразьдзяленьня разьведчыкаў быў перакінуты на тэрыторыю Славаччыны, дзе, паводле некаторых зьвестак, і загінуў.

 

Тв.: Выбранае. – Менск, 1957; Вершы і паэмы. – Менск, 1968.

Літ.: Бярозкін Р. Выпрабаваньне гісторыяй // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. – Менск, 1974; Шушкевіч С. Лёс паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв. Т. 2. – Менск, 1978; Арочка М. Беларуская савецкая паэма. – Менск, 1979. С. 139-140, 186-191; Скрыган Я. Рэквіем // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцьця. 2 выд. – Менск, 1990; Маракоў Л. Шасьцёра на фотаздымку // Роднае слова. 1999, №6.

 

26.         АСТРАМОВІЧ Аляксандр (26.11(7.12).1878, в. Навасады Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі р-н – 17.1.1921, Сянно Віцебскай вобл.), рыма-каталіцкі сьвятар, паэт. Вучыўся ў Гальшанскай народнай (1888-90) і Ашмянскай павятовай (1890-92) вучэльнях. У 1901-03 на вайсковай службе. У 1903-04 няўдала спрабаваў паступіць у Віленскую духоўную каталіцкую сэмінарыю. У 1905 выехаў у Пецярбург, зноў пачаў рыхтавацца да паступленья ў сэмінарыю. У студз. 1906 вытрымаў іспыты на званьне аптэкарскага вучня. У 1906-11 вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пецярбургу. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1910. Падчас вучобы пад уплывам земляка А.Лісоўскага далучыўся да бел. культурніцкага і рэлігійнага руху. Арганізаваў аб‘яднаньне клірыкаў-беларусаў. З 1909 друкаваўся ў бел. прэсе. Служыў ксяндзом у мяст. Трабы, Ракаў, Сьвержань, Сьмілавічы, Абольцы, Сянно. Прыхільнік беларусізацыі рэлігійнага жыцьця беларусаў-католікаў. Практыкаваў бел. казані ў душпастырскай дзейнасьці. Аўтар зборніка паэзіі «Z rodnaha zahonu» (Вільня, 1914, перавыдаваўся ў 1931). Патрыятычны верш «Slowa praudy ab mowie i doli bielarusa: (Paswiacaju bielaruskaj moladzi)» быў выдадзены асобнай брашурай (1917). Запісаў і апублікаваў разам з А.Грыневічам бел. народныя песьні. Быў адным з арганізатараў 1-га зьезду беларускіх каталіцкіх сьвятароў (Менск, 24-25.5.1917). Пасьля абвяшчэньня БНР на даручэньне Народнага сакратарыяту арганізоўваў рэгіянальныя Рады ў Магілёўскай губ. За нацыянальна-рэлігійную дзейнасьць перасьледаваўся бальшавіцкімі ўладамі, быў арыштаваны і некалькі тыдняў сядзеў у турме Віцебскай ЧК. Апошні год свайго жыцьця працаваў у мяст. Сянно. Пахаваны на мясцовых могілках.

 

Літ.: Раніца П. Вясковы лірнік // Беларус. 1914, 2 крас.; Гарэцкі М. Андрэй Зязюля // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. – Вільня, 1920; Краўцоў М. Аляксандр Астрамовіч: Кароткі ўспамін // Беларускі звон. 1921, 16 сьнеж.; Станкевіч А. Кс. А.Астрамовіч (А.Зязюля) // Беларуская крыніца. 1923, 13 студз.; Сакалінскі А. (Станкевіч А). У дзясятыя ўгодкі сьмерці Андрэя Зязюлі // Шлях моладзі. 1931, №1; Беларуская крыніца. 1931, 27 лют.; Божым шляхам (Лёндан). 1951, №3; 1965, №2; 1968, №6 (перадрукі: Гарбінскі БРД, с. 269-274); Саламевіч Я. Паэт-сьвятар Андрэй Зязюля // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1991, №7-8; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3; BS; Гарбінскі БРД.

 

27.         АСТРЭЙКА Сяргей (25.7.1913 (у іншых зьвестках 9.7.1912), в. Каласоўшчына Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Капыльскі р-н – 14.9.1937, Чалябінская вобл., НКВД), паэт, перакладчык. Падчас вучобы ў Капыльскай сямігодцы пачаў пісаць вершы. У 1928 паступіў у МБПТ, які скончыў у 1930. У 1928 з рэкамэндацыяй Ц.Гартнага вершы А. зьявіліся ў газ. «Чырвоная зьмена». Працаваў літрэдактарам выданьняў Беларускага НДІ прамысловасьці. З 1932 навуковы супрацоўнік Інстытуту мовы, літаратуры і мастацтва БАН, працаваў у слоўнікавай Камісіі. Яго паэму «Бэнгалія» ўхваліў Я.Купала. А. рыхтаваў да выданьня паэтычны зборнік «Смарагды кроз», які ня выйшаў. 23.2.1933 арыштаваны ГПУ БССР у справе «Беларускай народнай Грамады». Высланы ў Ірбіт Сьвярдлоўскай вобл. Працаваў бухгалтарам. У ссылцы зрабіў пераклад «Яўгенія Анегіна» А.Пушкіна (рукапіс не зьбярогся). Тэрмін ссылкі яшчэ ня скончыўся, калі ў вер. 1937 паэта зноў арыштавалі. 13.9.1937 быў вынесены сьмяротны прысуд, на наступны дзень А. расстралялі. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: (Вершы) // Полымя. 1965, №8; (Вершы) // Дзень паэзіі. – Менск, 1965; Смарагды кроз: (Паэма) // Шляхам гадоў. – Менск, 1990.

Літ.: Салаўёва А. Недапетая песьня // Дзень паэзіі. – Менск, 1965; БП, т. 1.

 

28.         АЎРАЛЁЎ Іван (1.2.1904, в. Гарошкава Магілёўскай губ., цяпер Дубровенскі р-н Віцебскай вобл. – 10.2.1942?), хімік. У 1931 быў залічаны ў асьпірантуру БелАН. У ліп. 1933 пераведзены на 3 курс хімічнага аддзяленьня асьпірантуры. Арыштаваны 26.9.1933. Пастановай «тройкі» ОГПУ ад 13.12.1933 прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Рэабілітаваны 16.7.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

29.         АФАНАСЬЕЎ Якаў (21.10.1877, Балашоў Саратаўскай вобл., Расея – 20.12.1937, Менск, НКВД), глебазнавец. У 1901 скончыў Пецярбурскі ун-т. Выкладаў на Галіцынскіх жаночых курсах у Маскве. З 1913 сябра Глебазнаўчага камітэту Маскоўскага таварыства сельскай гаспадаркі. З 1921 прафэсар, загадчык катэдры глебазнаўства Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту (з 1925 у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі). Акадэмік БелАН (1928). У 1931-37 дырэктар Інстытуту аграглебазнаўства БелАН. Кіраваў складаньнем першай мапы глебаў Беларусі і адной зь першых глебазнаўчых мапаў сьвету. Арыштаваны 9.8.1937. 19.12.1937 прысуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР да расстрэлу. Рэабілітаваны 18.7.1957. Тв.: Глебавыя раёны БССР. Менск, 1931; Як павысіць ураджайнасьць на глебах БССР. – Менск, 1933; Аб мерах барацьбы са збыткоўнай вільгацьцю і недахопам аэрацыі ў глебах БССР у сувязі зь іх рэльефам і тыпам. – Менск, 1935.

 

Літ.: Возвращенные имена; Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі. Т. 1. – Менск, 1983.

 

30.         АШАРОВІЧ Ілья (1879, Панявеж Ковенскай губ. – 29.11.1938, Менск, НКВД), рэдактар, гісторык, паліт. дзяяч. Уваходзіў у гэбрайскія партыі Паалей-Цыён (1902-04), Бунд (1904-19). З 1919 у ВКП(б). У гады грамадзянскай вайны быў на падпольнай рабоце ў Вільні, Горрдні, Беластоку. З 1921 у Менску рэдагаваў газэты на ідыш «Штэрн» і «Вэкер». Член Камісіі нацыянальнай палітыкі ў БССР. Уваходзіў у Праўленьне беларускага філіялу Таварыства гісторыкаў-марксыстаў. Дасьледаваў гісторыю рэвалюцыйнага руху гэбрайскіх рабочых арганізацыяў, выступаў супраць канцэпцыі «двухкарэннасьці» – узьнікненьня КП(б)Б з арганізацыяў РСДРП і Бунду. Арыштаваны 29.10.1937, 29.11.1938 расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Супраць бундаўскага скажэньня гісторыі бальшавізму. 2-е выд. – Менск, 1934. Літ.: Билявичюс Э. Человек удивительной судьбы // Коммунист (Вильнюс). 1966, №12; ЭГБ, т. 1.

 

31.         БАБАРЭКА Адам (2(14).10.1899, в. Слабада-Кучынка Слуцкага пав., цяпер Капыльскі р-н – 10.10.1938, Паўночлаг), празаік, літаратуразнавец. Вучыўся ў Слуцкай школе і Менскай духоўнай сэмінарыі (скончыў у 1918). Настаўнічаў на Случчыне. Удзельнік антыпольскага падпольля і партызанскага руху. У 1920 арыштаваны польскімі ўладамі. У 1922-27 вучыўся ў БДУ на этноляга-лінгвістычным аддзяленьні. Адначасова працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб‘яднаньняў «Маладняк» (1923) і «Ўзвышша» (1926). Публікаваўся з 1918. У 1925 выдаў кнігу «Апавяданьні». Распрацоўваў метадалагічныя прынцыпы літаратуразнаўства і эстэтыкі. Арыштаваны ГПУ БССР 25.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў у Слабадзкім Кіраўскай вобл. і ў Кіраве (Вятка). Працаваў бухгалтарам. Тэрмін ссылкі быў падоўжаны на 2 гады ў адміністрацыйным парадку. Паўторна арыштаваны 24.7.1937 у рамках сфабрыкаванай маштабнай акцыі рэпрэсіяў супраць беларусаў, сасланых ОГПУ ў пачатку 1930-х г. Паводле пастановы «тройкі» па Кіраўскай вобл. ад 15.2.1938 атрымаў 10 гадоў зьняволеньня ў лягерах. Пакараньне адбываў у пас. Княж-Пагост Комі АССР. Памёр у Паўночным чыгуначным лягеры НКВД. Рэабілітаваны 4.7.1959. У Маскве жыве дачка Алеся.

 

Літ.: Конан У. Адам Бабарэка: Крытычна-біяграфічны нарыс. – Менск, 1976; Бабарэка Алеся. Слова пра бацьку // Скарыніч. – Менск, 1999. Вып. 4.; Илькевич Н.Н. Адам Бабарека: арест – лагерь – смерть. Расправа со ссыльными белорусами в Кирове в 1937-1938 г.: Документальный очерк. – Смоленск, 1999; Угасание. Письма Адама Бабареки из ссылки, тюрем и лагеря. Материалы к биографии /Сост. и вступ. ст. Н.Н.Илькевич. – Смоленск, 2001; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў; Возвращенные имена.

 

32.         БАБРОВІЧ Лявон (1904, в. Мацкі Пастаўскага пав. Віленскай губ. – 17.5.1934, Менск, НКВД), гісторык і публіцыст. У 1932 скончыў асьпірантуру БелАН, працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Камісіі вывучэньня Зах. Беларусі. Займаўся гісторыяй мяст. Койданава і Койданаўшчыны, а таксама БСРГ. Арыштаваны 21.9.1933 ГПУ БССР у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 Судовай калегіяй ОГПУ СССР прысуджаны да расстрэлу. Прысуд выкананы 21.5.1934. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

Тв.: Мястэчка Койданава. – Менск, 1929; Шпілеўскі І., Бабровіч Л. Гістарычны нарыс Дзяржыншчыны (Койданаўшчыны). – Менск, 1932; Багданскі Я., Бабровіч Л. Аб клясавай барацьбе ў Заходняй Беларусі ў часы Беларускай сялянска-работніцкай Грамады. – Менск, 1932.

Лiт.: Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў, с. 23, 168; Возвращенные имена.

 

33.         БАБРОВІЧ Ян (2(15).6.1902, в. Параф‘янава Вялейскага пав., цяпер Докшыцкі р-н – 8.1.1943, Паўночлаг), дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. З 1916 у войску. У 1918-20 вучыўся ў гімназіі і на рабфаку ў Вільні. У 1921 працаваў школьным інспэктарам у Польшчы. У 1922-25 вучыўся ў Праскім ун-це. Там далучыўся да левых рухаў. З 1925 член Кампартыі Чэхаславаччыны, з 1926 член КПЗБ. У Зах. Беларусі быў прадстаўніком КПЗБ пры ЦК БСРГ, паліт. рэдактарам газет БСРГ «Беларуская ніва», «Беларуская справа», «Жыцьцё беларуса», «Народная справа», «Наша справа». 23.12.1928 арыштаваны, прысуджаны да 15 гадоў турмы. У вер. 1932 у выніку абмену палітвязнямі з Польшчы перададзены ў СССР. Узначальваў Камісію вывучэньня Зах. Беларусі пры АН БССР. 18.10.1933 арыштаваны у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 судовай калегіяй ОГПУ прысуджаны да 10 гадоў зьняволеньня. Пакараньне адбываў на Далёкім Усходзе. 14.8.1939 Амурскі абл. суд прысудзіў яго яшчэ да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Накіраваны ў Паўночнадзьвінскі лагер (Архангельская вобл.), дзе і памёр. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16.8.1956.

 

Лiт.: ЭГБ, т. 1; Возвращенные имена.

 

34.         БАГАРОДЗКІ Мікалай (2(14).6.1877, в. Барыса-Глеб Бежацкага пав. Цвярской губ. – 27.11.1937, Віцебск, НКВД), гісторык, краязнавец, публіцыст. Вучыўся на гістарычным аддзяленьні Маскоўскай духоўнай акадэміі (скончыў у 1904). Вучань В.Ключэўскага (пакінуў пра яго ўспаміны). У 1904-17 выкладаў у Віцебскай духоўнай сэмінарыі лацінскую мову і царкоўную даўніну. Тады стаў актыўна займацца грамадзкай дзейнасьцю для захаваньня і папулярызацыі віцебскіх старажытнасьцяў: з 1908 грамадзкі загадчык царкоўна-археалягічнага сховішча старажытнасьцяў; у 1910 стварыў у сэмінарыі гурток царкоўнай даўніны; адзін з ініцыятараў і арганізатараў Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909-18). Рэдактар неафіцыйнай часткі «Полоцких епархиальных ведомостей» (1914–16). У 1918-28 працаваў настаўнікам у Віцебску, у 1928-37 у Віцебскім культурна-гістарычным музэі, адначасова ў 1930-37 у Віцебскім гістарычным архіве. Аўтар артыкулаў пра гісторыка А.Сапунова, гісторыю Віцебскай духоўнай сэмінарыі. 1.11.1937 арыштаваны; загінуў у засьценках НКВД. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: А.П.Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваньню Віцебшчыны // Віцебшчына. Т.1. Віцебск, 1925; Горад як прадмет крыніцазнаўчага дасьледаваньня // Тамсама.

Лiт.: Падліпскі А. Зь любоўю да роднага краю // ПГКБ. 1981, №2; ЭГБ, т. 1.

 

35.         БАГДАНОВІЧ Адам (Адольф Георгіевіч) (20.3(1.4)1862 (паводле аўтабіяграфіі 25.3(6.4)), мяст. Халопенічы Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Крупскі р-н – 16.4.1940, Яраслаўль), этнограф, фальклярыст, мэмуарыст, гісторык. Бацька М.Багдановіча. У 1882 скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Падчас вучобы там арганізаваў гурток самаразьвіцьця і самаадукацыі, пачаў зьбіраць фальклёрна-этнаграфічныя матэрыялы. У жн. 1882 уступіў у «сэмінарскую» групу нарадавольцаў Менску. На працягу 3 гадоў вёў прапагандысцкую работу ў вёсках Ігуменшчыны. У 1885-91 загадчык 1-й гарадзкой пачатковай вучэльні ў Менску. З 1886 выступаў у пэрыядычным друку з артыкуламі на этнаграфічныя тэмы. Уваходзіў у кіраўніцтва менскай арганізацыі «Народная воля». Пасьля рэзкага пагаршэньня здароўя адышоў ад рэвалюцыйнай дзейнасьці. У 1892 пераехаў у Горадню, дзе паступіў на службу ў мясцовае аддзяленьне Сялянскага пазямельнага банку. Адначасова быў дырэктарам публічнай бібліятэкі. З 1896 жыў у Ніжнім Ноўгарадзе, з 1907 у Яраслаўлі. У 1920-31 загадчык навуковай бібліятэкі Яраслаўскага дзяржаўнага музэю. Адначасова выкладаў гісторыю культуры ў мастацкім, музычным і тэатральным тэхнікумах. У 1932 арыштаваны ГПУ. Правёў у зьняволеньні 3 тыдні, вызвалены пасьля хадайніцтва Кацярыны Пешкавай. Быў сябрам М.Горкага і яго сям‘і, вёў актыўную перапіску зь дзеячамі бел. і расейскай культуры, напісаў пра іх успаміны.

 

Тв.: Про панщину: Рассказ из белорусской жизни времен крепостного права. – Гродно, 1894; Пережитки древнего миросозерцания у белорусов: Этнографический очерк. – Гродно, 1895; Страницы из жизни Максима Горького. Материалы к биографии Максима Богдановича. Мои воспоминания. – Менск, 1965; Язык земли: Этнологический очерк. – Ярославль, 1966.

Літ.: Бандарчык В. Гісторыя беларускай этнаграфіі ХІХ ст. – Менск, 1964; Пширков Ю. А.Е.Богданович. – Менск, 1966; Шлях паэта / Склад. Н.Ватацы. – Менск, 1975; Зуборев Л. Крик буревестника: Ист.-докум. повесть о М.Горьком и Богдановичах. – Менск, 1989; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1.

 

36.         БАГДАНОВІЧ Вячаслаў (1878, Лепельшчына Віцебскай губ. – 1941?, Вялейка), царкоўны дзяяч, публіцыст. Зь сям‘і праваслаўнага сьвятара. Скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю і Кіеўскую духоўную акадэмію; кандыдат багаслоўя (1903). З канца 1903 выкладчык біблейскай і царкоўнай гісторыі ў Віцебскай праваслаўнай сэмінарыі; з траўня 1907 інспэктар Менскай праваслаўнай сэмінарыі; з восені 1907 інспэктар Літоўскай духоўнай сэмінарыі (Вільня); у пачатку 1920-х выконваў абавязкі рэктара Літоўскай духоўнай сэмінарыі; у 1920-30-я выкладаў у Віленскай расейскай гімназіі і жаночым епархіяльным вучылішчы. У 1921-22 адказны рэдактар «Литовских епархиальных ведомостей». З 1920-х актыўна далучыўся да бел. культурніцкага і паліт. руху: у вер. 1921 уступіў у Таварыства беларускай школы; у 1920-30-я сябра Беларускага нацыянальнага камітэту (БНК) у Вільні; да сьнежня 1933 старшыня Царкоўнай праваслаўнай камісіі пры БНК; адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускага праваслаўнага аб‘яднаньня ў Вільні. Вядомы і як кампазытар, аўтар музыкі да некалькіх рамансаў на словы А.Пшчолкі. Першы раз арыштаваны польскімі ўладамі ў кастр. 1922 і вывезены ў Кракаў. Але ў канцы 1922 быў абраны ў Сэнат Польскай Рэспублікі; уваходзіў у Беларускі пасольскі клюб. У 1932 зноў арыштаваны польскімі ўладамі. 1.9.1939 зьняволены без суду ў Бяроза-Картускім канцэнтрацыйным лягеры. 30.9.1939 арыштаваны органамі НКВД. Расстраляны.

 

Тв.: Церковно-славянский язык как религиозно-культурная ценность. – Гродно, 1938; Царква і Дзяржава // Праваслаўная Беларусь. 1927, №1; Патрыярх Ціхан // Праваслаўная Беларусь. 1928, №9.

Лiт.: Лабынцев Ю. Литературное наследие В.В.Богдановича – белорусского сенатора ІІ Речи Посполитой // Славяноведение (Москва). 1997, №3; Праваслаўе (Менск). 1997, №5; Гарбінскі БРД; Чэмер А. (Анішчык А.). Партрэты. – Вільня, 2001; Kazlowska-Glogowska H. Bialoruski senator // Czasopis. 2001, №10-12; ЭГБ, т. 1.

 

37.         БАГДАНОВІЧ Генадзь (31.8.1885, в. Мікольскае Дрысенскага пав. Віцебскай губ., цяпер в. Луначарскае Верхнядзьвінскага р-ну – 15.1.1938?), пэдагог, рэдактар. Скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю (1907), Яраслаўскі юрыдычны ліцэй (1911), Віленскі настаўніцкі інстытут. З 1911 настаўнічаў у Вілейцы і Кастрамской губ. У 1916 – лют. 1919 працаваў у Міністэрстве (з кастр. 1917 Народны камісарыят) поштаў і тэлеграфаў у Маскве. Далучыўся да бел. нацыянальнага руху. У 1917 ад БСГ увайшоў у Асобую нараду дзеля падрыхтоўкі праекту закону аб выбарах ва Ўстаноўчы сход Расеі. У пачатку 1918 загадчык юрыдычнага аддзелу Беларускага нацыянальнага камісарыяту ў Петраградзе. З 1919 настаўнік у Дрысе, пазьней – у Віленскай беларускай гімназіі. Рэдагаваў час. «Незалежная думка». У 1924 пераехаў у СССР; выкладаў у Віцебскіх пэдагагічным тэхнікуме і вэтэрынарным інстытуце. Арыштаваны ГПУ БССР у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі» 15.7.1930; Калегія ОГПУ 10.4.1931 прысудзіла яго да 5 гадоў ссылкі, якую адбываў у Слабадзкім Кіраўскай вобл. Падлягаў пільнаму нагляду ОГПУ СССР, трактаваўся як «нераззброены нацдэм». Паўторна арыштаваны 25.7.1937. Загінуў у зьняволеньні. Абставіны сьмерці невядомыя. Рэабілітаваны 15.11.1957.

 

Лiт.: ЭГБ, т. 1.

 

38.         БАГДАНОВІЧ Глеб (1913, Вільня – 1960-я?, г.п. Рудзенск, Пухавіцкі р-н Менскай вобл.), бел. паліт. і вайсковы дзяяч, публіцыст, доктар мэдыцыны. Сын В.Багдановіча. Скончыў Віленскую беларускую гімназію, мэдычны ф-т Віленскага ун-ту. Быў сябрам Беларускай студэнцкай карпарацыі «Скарынія» ў Вільні, друкаваўся ў час. «Новая варта». Падчас нямецкай акупацыі працаваў доктарам у Івянцы на Валожыншчыне. Удзельнічаў у нацыянальным падпольным руху, быў сябрам Беларускай незалежніцкай партыі. З траўня 1944 афіцэр Беларускай краёвай абароны. З ліп. 1944 знаходзіўся ў дэсантным баталёне «Дальвіц». Браў удзел у падпольным антыкамуністычным руху, спачатку ў Беларусі, а з 1945 у Польшчы, куды прарваўся з групай АК «Лялюся». Зь лета 1945 жыў і працаваў доктарам на Беласточчыне. Быў прызваны ў польскае войска, у рангу паручыка служыў старэйшым палкавым лекарам. 14.4.1949 арыштаваны польскай Службай бясьпекі і дэпартаваны ў СССР. Зьняволеньне адбываў у Варкуце. Пасьля вяртаньня ў Беларусь жыў у Рудзенску, працаваў доктарам.

 

Літ.: Антысавецкія рухі.

 

39.         БАГДАНОВІЧ Янка (4(17).11.1906, в. Гібінята Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Валожынскі р-н – 13.7.1990, Вільня), празаік, паэт, публіцыст, мэмуарыст. Пасьля сьмерці бацькоў у 1918 жыў і выхоўваўся ў Барунскім і Віленскім дзіцячых прытулках, якія былі арганізаваныя ў часе 1-й сусьветнай вайны бел. інтэлігенцыяй. У 1927 скончыў Віленскую беларускую гімназію. Да 1941 працаваў у друкарні імя Ф. Скарыны. Публікаваўся з 1930. Адзін з выдаўцоў час. «Шлях моладзі» (1929-38). У гады 2-й сусьветнай вайны вучыўся ў Віленскай настаўніцкай сэмінарыі; адначасова і пасьля заканчэньня яе настаўнічаў. У 1952 паступіў у Нова-Віленскі пэдагагічны інстытут, але ў жн. таго ж году арыштаваны і сасланы ў Варкуту. Рэабілітаваны ў вер. 1956. Вярнуўся ў Вільню, дзе працягваў настаўнічаць. Скончыў пэдагагічны інстытут. Напісаў кнігу ўспамінаў, якая выйшла пасьля яго сьмерці. Пахаваны на віленскіх могілках Саўлес.

 

Тв.: На жыцьцёвым шляху: Успаміны. – Менск, 1992.

Лiт.: БП, т. 6; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў.

 

40.         БАГДАНЧУК Аляксандр (15.6.1905, Ляхавічы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Берасьцейскай вобл. – 26.11.1976), грамадзка-паліт. дзяяч, рэдактар, мэмуарыст. Падчас 1-й сусьветнай вайны быў у эвакуацыі ў Пензенскай губ. У 1922 вярнуўся ў Зах. Беларусь, стаў членам КПЗБ. У 1926-35 сакратар Слонімскага райкаму КСМЗБ, сакратар Слонімскага, Наваградзкага акруговых камітэтаў КПЗБ. У ліп. 1935 рэдактар газ. «На акупанта!» – воргану Наваградзкага акруговага камітэту КПЗБ. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі; правёў у турмах каля 7 гадоў. У 1935 перайшоў у СССР. Рэпрэсаваны ў 1937, асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. У 1953 рэабілітаваны. Прататып аднаго з герояў паэмы М.Танка «Нарач». Аўтар мэмуараў.

 

Тв.: Як мы выдавалі нелегальную газету «На акупанта!» // У суровыя гады падпольля. – Менск, 1958; На озере Нарочь // Годы испытаний и мужества. –Менск, 1973; У суровыя гады падпольля // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мядзельскага р-ну. – Менск, 1998.

Літ.: ЭГБ, т 1.

 

41.         БАГУН Міхась (сапр. Блошкін Міхал Фёдаравіч; 9.11.1908, Менск – 17.2.1938), паэт, празаік, перакладчык. Пачаў друкавацца ў 1925. У 1928 скончыў курсы пры МБПТ; настаўнічаў у в. Рожна Бягомальскага р-ну. У 1931-32 супрацоўнічаў з газ. «Чырвоная Полаччына». У 1932 вярнуўся ў Менск, дзе працаваў стыльрэдактарам Белдзяржвыдавецтва. У 1935-36 літсупрацоўнік газ. «Літаратура і мастацтва». Некаторыя яго вершы, пакладзеныя на музыку, шырока вядомыя ў народзе, увайшлі ў фальклёрныя запісы. Займаўся перакладамі з расейскай мовы. Арыштаваны 4.11.1936, прысуджаны да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Зьнясілены і хворы памёр у перасыльным лягерным пункце. Рэабілітаваны Вярхоўным судом БССР 29.12.1954.

 

Тв.: Рэха бур: Выбр. вершы. – Менск, 1931; Выбр. – Менск, 1961.

Лiт.: Звонак А. Паэзія Міхася Багуна // ЛіМ. 1958, 2 жн.; Грахоўскі С. Другое жыцьцё паэта // ЛіМ. 1961, 5 траўня; Хведаровіч М. Пясьняр залатой рані: Да 60-годзьдзя з дня нараджэньня М. Багуна // ЛіМ. 1968, 15 ліст.; БП, т. 1.

 

42.         БАДУНОВА Палута (1885, Навабеліца, цяпер у межах Гомеля – 29.11.1938, Менск, НКВД), паліт. дзяячка, публіцыстка. У 1917 у Петраградзе скончыла вышэйшыя гісторыка-літаратурныя курсы. Уступіла ў Беларускую сацыялістычную грамаду, у чэрв. 1917 абраная членам ЦК БСГ. Удзельнічала ва Ўсебеларускім зьезьдзе 1917 у Менску. З сак. 1918 народны сакратар апекі ў Нацыянальным сакратарыяце Беларусі. У 1918-25 член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, сакратар ЦК партыі. У 1919 увайшла ў Раду БНР. Арыштоўвалася польскімі ўладамі. У 1921 зьняволеная савецкімі ўладамі; вызваленая пасьля хадайніцтва А.Чарвякова. Выехала ў Польшчу. Напісала ўспаміны пра А.Бурбіса і Ядвігіна Ш. (Адраджэньне. 1922. Сшытак 1). У 1923-25 жыла ў Празе. У ліст. 1925 пераехала ў СССР. Працавала настаўніцай Навабеліцкай школы, на курсах беларусазнаўства ў Гомелі. Абвінавачаная ў антысавецкай дзейнасьці, 3.9.1937 арыштавана. 30.11.1937 асуджаная на 10 гадоў лягераў. 25.5.1938 паўторна асуджаная з абвінавачаньнем ва ўдзеле ў «Аб‘яднаным антысавецкім падпольлі», прысуджаная да сьмяротнага пакараньня. Расстраляная ў Менску. Рэабілітаваная ў 1989.

 

Лiт.: Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903-1928). – Вільня, 1928 (перавыданьне: Менск, 1991); Лебедзева В. Старонка ў мартыралёгу: Палута Бадунова // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагодзьдзі. – Менск, 1998; ЭГБ, т. 1.

 

43.         БАЙКОЎ Мікола (10(22).2.1889, Бежацк Цьвярской губ. – пасьля 1946?), мовазнавец і літаратуразнавец, пэдагог. Нарадзіўся ў сям‘і сьвятара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Бежацкай мужчынскай духоўнай вучэльні, сярэднюю – у Цьвярской духоўнай сэмінарыі, вышэйшую – у Маскоўскай духоўнай акадэміі (скончыў у 1913). Накіраваны выкладчыкам філязофскіх і пэдагагічных дысцыплін у Менскую духоўную сэмінарыю. Адначасова выкладаў у гарадзкой гімназіі і ў прыватных навучальных установах. З 1918 чытаў лекцыі ў Менскім настаўніцкім інстытуце. З 1921 выкладчык МБПТ. Рэдактар час. «Школа и культура Советской Белоруссии» (1919, 1921), з 1924 супрацоўнік час. «Асьвета». З 1921 вучоны сакратар Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасветы БССР, у 1922-28 Слоўнікавай камісіі Інбелкульту, потым Інстытуту мовазнаўства АН БССР. Атрымаў вядомасьць як аўтар прац у літаратуразнаўстве, крытыцы і пэдагогіцы, але асабліва як укладальнік слоўнікаў: «Практычны расейска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Гарэцкім), «Беларуска-расейскі слоўнік» (1925), «Расейска-беларускі слоўнік» (1928, абодва разам з С.Некрашэвічам), «Практычны беларускі вайсковы слоўнік» (1927, разам з А.Бараноўскім). Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 з абвінавачаньнем у прыналежнасьці да «Саюзу вызваленьня Беларусі». Вызвалены 2.9.1930. На акадэмічную працу вярнуцца яму не дазволілі. У 1931-41 літсупрацоўнік Менскага рэклямнага бюро, стыліст у газ. «Чырвоная зьмена». Падчас вайны знаходзіўся ў Менску, супрацоўнічаў зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. У 1944 выехаў у Нямеччыну. Працаваў у прапагандысцкім бюро «Вінэта». Паводле некаторых зьвестак, арыштаваны савецкай ваеннай контрразьведкай «Смерш» у Бэрліне і перавезены ў Менск. Далейшы лёс невядомы.

 

Тв.: На літаратурныя тэмы: Зб. артыкулаў. – Менск, 1929 (пад псэўданімам М.Крывіч).

Лiт.: Булахов М. Восточнославянские языковеды. Т. 2. – Менск, 1977. С. 42-43; Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы. – Менск, 1985; Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20–30-я гады. – Менск, 1975. С. 21-28, 54; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў, с. 168; БП, т. 1; ЭГБ, т. 1.

 

44.         БАКАЧ Пётр (каля 1910, Вільня – ?), грамадзка-культурны дзяяч. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У ліст. 1932 асуджаны на чатыры гады зьняволеньня. Пасьля вызваленьня выехаў у Прагу, скончыў Карлаў ун-т, браў удзел у працы бел. эміграцыі ў Чэхіі. Аўтар «Падручніка нямецкага языка для Беларусаў», артыкулаў у час. «Іскры Скарыны» (Прага) і «Рэха» (Парыж), дасьледчык гісторыі бел. літаратуры. Напрыканцы 1943 узначаліў бэрлінскі філіял Беларускага камітэту самапомачы, працаваў у бел. аддзеле міністэрства прапаганды. 20 студз. 1945 быў уведзены ў склад Беларускай цэнтральнай рады. Пасьля капітуляцыі Нямеччыны арыштаваны СМЕРШам у Бэрліне, высланы ў Магаданскі лягер, зь якога пасьля сьмерці Сталіна быў вызвалены. Далейшы лёс невядомы.

 

Тв.: Падручнік нямецкага языка для Беларусаў. – Берлін, 1941.

Літ.: Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. –Менск, 2002.

 

45.         БАЛІЦКІ Антон (4(16).9.1891, в. Балічы Гарадзенскага пав., цяпер Гарадзенскі р-н – 31.10.1937, Менск), дзяржаўны дзяяч, публіцыст. У 1910 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З 1916 у арміі, ваяваў на Румынскім фронце. У 1917-20 браў удзел у бел. грамадзка-паліт. жыцьці – гуртаваў беларусаў-вайскоўцаў, арганізоўваў бел. школы ў Адэсе. З 1921 у Менску, з кастр. 1921 намесьнік наркама, у 1926-29 наркам асьветы БССР. Адзін з праваднікоў палітыкі беларусізацыі. Аўтар артыкулаў па пытаньнях нацыянальнай і культурнай палітыкі. Правадзейны сябра Інбелкульту, старшыня сэкцыі бел. мовы і літаратуры. У 1929-30 член ЦВК БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 3.9.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ ад 18.3.1931 атрымаў 10 гадоў лягераў. Пры паўторным разглядзе справы 30.10.1937 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны ў Менску. Па першым прысудзе рэабілітаваны 14.6.1988, па другім – 25.3.1958.

 

Тв.: Інстытут беларускай культуры // Асьвета. 1924, №3; Беларусізацыя культурна-асьветных устаноў // Полымя. 1925, №4.

Лiт.: Васілеўская Н. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме (пра наркама асьветы Беларусі А.Баліцкага). – Менск, 1995; (Біяграфія Баліцкага) // Вестник Народного Комиссариата просвещения ССРБ. 1922, №4. С. 21-22; Цыхун А. Памяць жыве // ЛіМ. 1988, 30 сьнеж; Возвращенные имена, с. 20-21; ЭГБ, т. 1.

 

46.         БАРАДЗІН (Грузэнбэрг) Маркавіч (9.7.1884, мяст. Янавічы Віцебскага пав., цяпер Віцебскі р-н – 29.5.1951), паліт. дзяяч, рэдактар. З 1900 член Бунду, у 1905-06 сакратар камітэту Рыскай арганізацыі РСДРП. З 1907 да 1918 жыў у ЗША. У 1908 стварыў у Чыкага спэцыяльную школу для паліт. эмігрантаў; удзельнічаў у працы Сацыялістычнай партыі Амэрыкі. Быў скарбнікам Таварыства дапамогі расейскім палітвязьням. З 1919 генэральны консул РСФСР у Мэксіцы. Працаваў у Камінтэрне. У 1923-27 на запрашэньне Сун Ят-Сена жыў у Кітаі, быў паліт. дарадцам ЦВК партыі Гаміньдан. Пасьля вяртаньня ў СССР працаваў нам. наркама працы. Быў нам. дырэктара ТАСС, з 1932 галоўны рэдактар газ. «Moscow News». У 1941-45 у рэдакцыі Саўінфармбюро. У 1951 падчас кампаніі «барацьбы з касмапалітызмам» рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Лiт.: Мировицкая Р. Михаил Бородин // Видные советские коммунисты – участники китайской революции. – М., 1970. С. 22-40; ЭГБ, т. 1.

 

47.         БАРАН (Баранаў) (27.9.1892, в. Віцькі Гарадзенскага пав., цяпер Гарадзенскі р-н – ?, ГУЛАГ), грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог. Член Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў. У часе 1-й сусьветнай вайны ўзначаліў Гарадзенскае таварыства дапамогі ахвярам вайны. У 1919 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Горадні. Заснаваў Гарадзенскую беларускую гімназію, выкладаў у ёй. У 1922 абраны паслом у сэйм Польшчы. У 1923 арыштаваны польскімі ўладамі, абвінавачаны ў падрыхтоўцы паўстаньня ў Зах. Беларусі. На судовым працэсе ў Беластоку атрымаў 8 гадоў турмы. У канцы 1920-х пасьля выхаду з турмы эміграваў у СССР. 25.9.1933 арыштаваны ГПУ БССР у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Апошні раз яго бачылі жывым 25.4.1935 у Дальлагу. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

Літ.: ЭГБ, т. 1.

 

48.         БАРАНАВЫХ Сымон (сапр. Баранаў (Баран) Сымон Якаўлевіч; 1.9.1900, в. Рудакова Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Узьдзенскі р-н – 10.11.1942), празаік. У 1920-23 служыў у Чырвонай арміі, браў удзел у баях з польскімі войскамі. У 1924-25 старшыня сельсавету, загадчык хаты-чытальні, адначасова карэспандэнт бел. газет. У 1925-28 вучыўся на Менскім рабфаку, у 1931 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. Уваходзіў у літаратурныя аб‘яднаньні «Маладняк» (з 1927) і БелАПП (з 1928). Пасьля сканчэньня БДУ працаваў у Беларускім радыёцэнтры, потым адказным сакратаром час. «Беларусь калгасная». Сябраваў з Я.Купалам. Асноўная тэма творчасьці – бел. вёска і сацыяльныя працэсы, якія адбываліся там у 1920-30-я г. Член СП СССР з 1934. Пасьля выхаду ў 1936 у сьвет аповесьці «Новая дарога» пакінуў службу і вырашыў цалкам аддацца мастацкай творчасьці. Арыштаваны 4.11.1936; асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Загінуў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1954.

 

Тв.: Злосьць: Апавяданьні. – Менск, 1930; Межы: Аповесьць. – Менск, 1930; Чужая зямля: Аповесьць. – Менск, 1930; Пастка: Аповесьць. – Менск, 1935; Калі ўзыходзіла сонца: Раман. – Менск, 1957; Новая дарога: Апавяданьні, аповесьці, раман, лісты. – Менск, 1989.

Лiт.: Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў // Пальчэўскі А. Выбр. тв. Т. 2. – Менск, 1975; Казека Я. Сымон Баранавых // Казека Я. Падарожжа ў маладосьць. – Менск, 1984; Савік Л. Сымон Баранавых // Беларускія пісьменьнікі і літаратурны працэс 20–30-х гадоў. – Менск, 1985; БП, т. 1.

 

49.         БАРАНКЕВІЧ Іван (1888, в. Трасьцівец Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Быхаўскі р-н – 27.6.1942, Караганда, Казахстан), празаік, журналіст, перакладчык. Удзельнік рэвалюцыі 1905-07. За правядзеньне прапагандысцкай работы сярод сялян Быхаўскага пав. затрымліваўся паліцыяй. Пачаў друкавацца ў 1913. З 1914 працаваў у час. «Вестник Могилевского земства»; у 1918-19 супрацоўнічаў з газ. «Чырвоны шлях», быў рэдактарам час. «Белорусская криница»; у 1923-25 – вядучы аўтар газ. «Соха и молот» (з 1924 – «Магілёўскі селянін»). У 1927-29 выступаў як празаік у ленінградзкім час. «Резец» (цыкл нарысаў «Новые люди деревни»). Літаратурная студыя «Резец» у 1929 выпусьціла «Альманах белорусской литературы», усю прозу для якога пераклаў Б. Вядомы таксама як перакладчык на расейскую мову твораў Я.Коласа. Арыштоўваўся ў 1924, 1931 і 1939. Загінуў у ГУЛАГу. Рэабілітаваны ў 1982.

 

Тв.: Н.Ленин. – Пг., 1919; Старый Нил. – Маск., 1920.

Лiт.: Скалабан В. Под псевдонимом «Белорус»: История одного поиска // Нёман. 1983, №12; Яго ж. Сьцежкі вяртаньня // Братэрства-83. – Менск, 1983.

 

50.         БАРАНОЎСКАЯ Ганна (17.4.1907, в. Машчыцы Слуцкага пав. Менскай губ. – 10.11.1937, Ворша, НКВД), мовазнавец. Скончыла літаратурна-лінгвістычны ф-т БДУ. З кастр. 1934 працавала ў Інстытуце літаратуры і мовы АН БССР малодшым навуковым супрацоўнікам. Арыштаваная 27.8.1937. Прысуджаная да расстрэлу 29.10.1937. Рэабілітаваная 13.9.1966.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

51.         БАРКОЎСКІ Сьцяпан (28.3(10.4).1905, Слуцак – 11.6.1966, Менск), крытык, літаратуразнавец, этнограф. Падлеткам браў удзел у Слуцкім паўстаньні 1920. У 1926 скончыў пэдагагічны ф-т БДУ. Пасьля сканчэньня ў 1931 асьпірантуры працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР. Першыя публікацыі аб этнаграфіі зьявіліся ў 1925. Як літаратурны крытык сфарміраваўся ў «Маладняку». У сярэдзіне 1920-х у яго на кватэры ўтварыўся «літаратурны салён» маладых літаратараў. 14.11.1936 арыштаваны; атрымаў 10 гадоў лягераў. У 1936-46 як зняволены працаваў у лягерах Краснаярскага краю і Сярэдняй Азіі. З канца 1946 жыў у Фрунзе (Кіргістан); у 1950 накіраваны ў Казахстан на асваеньне цаліны. Рэабілітаваны ў 1955; змог вярнуцца ў Беларусь. З 1956 працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклёру АН БССР. Займаўся этнаграфіяй Беларусі 19 ст. Укладальнік кніг твораў рэпрэсаваных літаратараў. Пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках.

 

Тв.: 1 траўня на Беларусі. – Менск, 1927 (3-е выд. 1932).

Лiт.: БП, т. 1; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў.

 

52.         БАТРАК Іван (сапр. Казлоўскі Іван Андрэевіч; 17(29).2.1892, в. Малое Гальцэва Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н – 1938?), паэт, публіцыст, перакладчык. З 1911 рабочы ў Пецярбургу. Удзельнік літаратурнага гуртка паэта А.І.Машырава-Самабытніка. У 1914 уступіў у РСДРП(б). Арганізаваў у Пецярбургу падпольную друкарню, удзельнічаў у выданьні нелегальнага час. «Рабочий голос», газ. «Пролетарский голос». З 1913 публікаваўся ў газ. «Правда». У 1915 за ўдзел у рэвалюцыйнага руху арыштаваны, асуджаны на 8 гадоў катаргі. Правёў 2 гады ў зьняволеньні ў Шлісэльбурскай крэпасьці. Вызвалены падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917. Са сьнеж. 1917 сакратар Аршанскага павятовага камітэту РКП(б), адказны рэдактар аршанскай газ. «Набат». У 1920 пераведзены ў Растоў-на-Доне. З 1921 у Маскве, працаваў у газ. «Беднота», «Правда», час. «Комбайн». Адзін з кіраўнікоў Усесаюзнага таварыства сялянскіх пісьменьнікаў. У 1924 скончыў Маскоўскі ун-т. Аўтар зборнікаў баек і вершаў. Пісаў на расейскай мове; перакладаў творы Я.Коласа і К.Крапівы. У 1930-я г. арыштаваны. Абставіны і месца сьмерці невядомыя.

 

Тв.: Обручи и клепки. – Маск.-Лен., 1926; Басни. – Маск.-Лен., 1928; Пауки и мухи. – Маск., 1931; Фабричная труба. –Маск., 1931; Басни. – Маск., 1933; Избранное. – Маск., 1958.

Лiт.: Карніловіч Э. Рэвалюцыяй мабілізаваны // Полымя. 1980, №3; Яго ж. На гребне истории. – Менск, 1989. С. 188-198; Русские советские писатели. Поэты: Биобиблиогр. указ. Т. 2. – Маск., 1978. С. 254-265; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў. С. 180; ЭГБ, т. 1.

 

53.         БЕЛАГАЛОВЫ Язэп (11.2.1883, Санкт-Пецярбург – 1928?, Масква?, ОГПУ), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч, пэдагог. Вучыўся ў Пецярбургу ў прыватнай каталіцкай гімназіі пры касьцёле св. Кацярыны і ў 6-й гімназіі. Скончыў у Пецярбургу Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю (1903) і Мітрапалітальную духоўную акадэмію (1907). Кандыдат тэалёгіі і магістар кананічнага права. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1906. У 1907-10 працаваў настаўнікам рэлігіі ў Смаленску ў мужчынскай гімназіі і ў рэальнай вучэльні. 14.8.1910 прызначаны выкладчыкам Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пецярбургу. Адмовіўся прасьпяваць «многие лета» расейскаму цару і быў высланы за мяжу, жыў у Рыме, Інсбруку. У 1913-18 зноў у Пецярбургу, нам. прафэсара грамадзянскага і кананічнага права ў духоўнай акадэміі. Адначасова выкладаў Закон Божы ў Інстытуце архітэктуры, у Мікалаеўскай школе кавалерыі і ў Канстанцінаўскай школе артылерыі. У 1918 прызначаны пробашчам і дэканам у Магілёў. Выконваў абавязкі афіцыяла біскупскай курыі ў Менску. Арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі і інтэрнаваны ў Смаленску. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Магілёў. Актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцьця. Зьнявольваўся ЧК у 1921. У 1926 схоплены ОГПУ, асуджаны на 5 гадоў лягераў бяз права на амністыю. У 1928 з Салаўкоў дастаўлены ў Маскву ў турму на Лубянцы, дзе, верагодна, і быў закатаваны.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998.

 

54.         БЕЛЫ Лявон (нар. 1.4.1927, в. Мiкалаеўшчына Стаўпецкага пав. Наваградзкага ваяв., цяпер Стаўбцоўскi р-н), публіцыст. Вучыўся ў польскай школе ў Мiкалаеўшчыне. У 1943-44 працягваў вучобу ў Нясьвiскай настаўнiцкай сэмiнарыi. У 1947 скончыў сярэднюю школу ў Стоўбцах i ў 1948 паступiў на ф-т бел. i расейскай мовы i лiтаратуры БДУ. У 1953-56 вучыўся ў асьпiрантуры на спэцыяльнасьцi «Беларуская лiтаратура». Выказваючы сваё стаўленьне да палітыкі русіфікацыі Беларусі, у 1957 напiсаў верш у абарону бел. мовы «Усе народы прагнуць сваёй волi, улады, песьнi...», якi пасьля размножыў i расклеiў у Менску разам са сваiм братам Мiхалам Белым. КГБ вызначыў аўтара ўлётак па почырку, i пасьля некалькiх месяцаў сьледзтва адбыўся закрыты суд над абодвума братамi. Асуджаны паводле арт. 67 (антысавецкая агiтацыя i прапаганда), атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волi. Этапам накiраваны ў лягер Явас на станцыi Поцьма Мардоўскай АССР. Пазьней тэрмiн зьняволеньня быў скарочаны на 4 гады. Вызвалены ў 1963 i да выхаду на пэнсiю ў 1992 працаваў у бiблiятэцы №10 Менску. Не атрымаў дазволу абаранiць дысэртацыю. Друкаваў артыкулы пра бел. лiтаратуру i бiблiятэчную справу ў «Чырвонай змене», «Мiнскай праўдзе», «Вечернем Минске», у кнiзе свайго брата Сымона Белага «На бацькоўскай зямлi» (пад iмем брата там апублiкаваны артыкул «Да новага жыцьця»). Інвалiд 1-й групы.

 

Літ.: Кашталян І. Лявон Белы // Дэмакратычная апазыцыя.

 

55.         БЕНЯШЭВІЧ Уладзімер (9(21).8.1874, мяст. Друя Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Браслаўскі р-н – 27.1.1938, НКВД), гісторык (візантыст, гісторык царкоўнага права, палеограф), публіцыст. У 1897 скончыў юрыдычны ф-т Пецярбурскага ун-ту; у 1897-1900 слухаў лекцыі ў Ляйпцыгскім, Бэрлінскім, Гейдэльбэрскім ун-тах. З 1905 прыват-дацэнт, з 1909 прафэсар Пецярбурскага ун-ту. Рэдактар пэрыёдыкаў «Памятники древнерусского канонического права» (ч. 1, 1908; ч. 2, вып. 1, 1920), «Обзор трудов по славяноведению, 1908-1913» (1909-18). Апошняе выданьне можна лічыць бібліяграфіяй з гісторыі, этнаграфіі, мовазнаўства, літаратуры Беларусі. У гады савецкай улады прафэсар Ленінградзкага ун-ту і галоўны бібліятэкар аддзелу рукапісаў Публічнай бібліятэкі. У 1925 абраны членам-карэспандэнтам АН СССР; зьяўляўся членам-карэспандэнтам Бэрлінскай, Мюнхенскай, Страсбурскай акадэміяў навук, ганаровы сябра Афінскага таварыства візантыязнаўства. Першы раз асуджаны з абвінавачаньнем у шпіянажы і контррэвалюцыйнай дзейнасьці 14.6.1929 на 3 гады турмы. Другі раз – 8.8.1931 на 5 гадоў лягераў. Дзякуючы хадайніцтву А.Эйнштэйна, Ф.Нансэна і У.Бонч-Бруевіча вызвалены ў 1933. 27.11.1937 зноў арыштаваны і расстраляны разам з двума сынамі і братам. Рэабілітаваны ў 1958.

 

Тв.: Древнеславянская кормчая XIV титулов без толкований. Т. 1. – СПб., 1906-07; Описание греческих рукописей монастыря св. Екатерины на Синае. Т. 1, 3. – СПб., 1911-17; Очерки по истории Византии. Вып. 1-4. –СПб., 1912-15; Синагога в 50 титулов и другие юридические сборники Иоанна Схоластика. – СПб., 1914; Сборник памятников по истории церковного права, преимущественно русской церкви до эпохи Петра Великого. Вып. 1–2. – Пг., 1914-15.

Лiт.: Гранстрем Е. В.Н.Бенешевич (к 100-летию со дня рождения) // Византийский временник. 1973. Т. 35; ЭГБ, т. 2.

 

56.         БЕРГМАН Аляксандра (дзявочае Кучкоўская; 1.5.1906, Горадня), гісторык, публіцыст. Член КПЗБ з 1925. Вучылася ў партшколах пры ЦК КПЗБ і ЦК ПАРП. Сакратар падпольных акруговых камітэтаў КСМЗБ у Горадні, Вільні, Берасьці, Баранавічах, Беластоку. У 1931 стала членам Краявога Сакратарыяту ЦК КПЗБ. У 1934 накіраваная ў БССР, працавала нам. сакратара парткама завода «Гомсельмаш». Арыштаваная ў 1935, абвінавачаная ў шпіянажы і контррэвалюцыі. 10 гадоў знаходзілася ў зьняволеньні. У 1946 у рамках праграмы рэпатрыяцыі перасялілася ў ПНР. Рэабілітаваная ў 1956. Працавала ў час. «Zycie Partуi». Даследавала гісторыю КПЗБ, БСРГ, пэрыядычны друк («Наша ніва», «Вольны сьцяг», «Змаганьне»). Аўтар манаграфіяў і артыкулаў пра грамадзка-паліт. дзеячоў Зах. Беларусі ў міжваенны пэрыяд – А.Луцкевіча, Б.Тарашкевіча, У.Самойлу, І.Дварчаніна, Л.Родзевіча, В.Харужую, С.Рак-Міхайлоўскага, М.Перавалоцкага і інш.

 

Тв.: Rzecz o Bronislawie Taraszkiewiczu. – Warszawa, 1977; бел. пераклад – Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гістарычны жыцьцяпіс. – Менск, 1996; Sprawy bialoruskie w II Rzeczypospolitej. – Warszawa, 1984.

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

57.         БІБІЛА Юлія (10.1.1897, мяст. Поразава Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Сьвіслацкі р-н – 9.12.1974, Менск), бібліёграф. З 1922 працавала загадчыцай бел. аддзелу Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Вучылася ў БДУ (скончыла ў 1925). Распачала бібліяграфічную рэгістрацыю друку БССР, складаньне краязнаўчай бібліяграфічнай картатэкі. Склала бібліяграфію твораў Ц.Гартнага, надрукаваную ў зборніку «Цішка Гартны ў літаратурнай крытыцы» (1928). Апублікавала матэрыялы да біяграфіі Цёткі (у час. «Запіскі аддзелу гуманітарных навук», 1928, кніга 2, Працы клясы філялёгіі). У 1930-я рэпрэсаваная і высланая за межы Беларусі. У 1937-59 была галоўным бібліёграфам бібліятэкі Саратаўскага ун-ту. Вярнулася ў Менск у 1959. Працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, пакінула ўспаміны.

 

Літ.: БЭ, т. 3.

 

58.         БІРАЛА Захар (2(15).2.1906, в. Раўнапольле Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 14.9.1993, Мар‘іна Горка Пухавіцкага р-ну Менскай вобл.), паэт, сатырык. Пасьля сканчэньня пачатковай школы займаўся самаадукацыяй. У 1925-28 працаваў разам з бацькамі на сваёй гаспадарцы. Першыя вершы надрукаваў у 1926 у газ. «Беларуская вёска». У хуткім часе яго творы пачалі зьяўляцца на старонках газ. «Чырвоная зьмена», «Савецкая Беларусь», час. «Малады араты». У 1931 скончыў рабфак БДУ; у 1934 – МВПТ. У 1934-36 выкладаў бел. і расейскую мовы ў Лагойскай сярэдняй школе. Арыштаваны 14.11.1936; у 1937 прысуджаны да 8 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Горкаўскай (цяпер Ніжагародзкай) вобл. на станцыі Сухабязводная, дзе працаваў на лесанарыхтоўках. Вызвалены ў 1940. У 1940-41 настаўнічаў у в. Сеньніца Менскага р-ну, выкладаў бел. мову і літаратуру. У час вайны жыў з бацькамі ў пас. Астравы на Меншчыне. У 1944-45 у дзеючай арміі, быў цяжка паранены. У 1945-73 выкладчык бел. і расейскай мовы і літаратуры Мар‘інагорскага сельгастэхнікуму. Арганізаваў у тэхнікуме літаратурны гурток. Быў кіраўніком літаб‘яднаньня пры раённай газ. «Сцяг працы». Рэабілітаваны ў 1958. Толькі пасьля рэабілітацыі ў Б. зьявілася магчымасьць зноў публікаваць свае кнігі. Аўтар зборнікаў гумару і сатыры. Член СП СССР з 1980.

 

Тв.: Сьмех і радасьць вёскі: Песьні, вершы і частушкі. – Менск, 1929; Цьвітуць кветкі: Вершы. – Менск, 1963; У пажарным парадку: Гумарыст. вершы. – Менск, 1968; На сьветлым чорнае: Гумарыст. вершы. – Менск, 1974; Прыляцела птушка: Вершы. – Менск, 1977; Ружы і крапіва: Лірыка. Сатыра. Гумар. – Менск, 1986.

Літ.: Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў, с. 169; БП, т. 1.

 

59.         БІТЭЛЬ Пятро (6(19).6.1912, мяст. Радунь Лідзкага пав. Віленскай губ., цяпер Воранаўскі р-н – 18.10.1991, в. Вішнева Валожынскага р-ну Менскай вобл.), паэт, перакладчык, мэмуарыст, пэдагог, краязнавец. У 1925 паступіў у Барунскую настаўніцкую сэмінарыю, вучыўся ў Віленскай настаўніцкай сэмінарыі імя Тамаша Зана (скончыў у 1931). Пачаў публікавацца з 1929 у час. «Шлях моладзі». У 1933-34 служыў у польскім войску. З 1934 загадчык пачатковай школы ў в. Даўгінава каля Карэліч. Завочна скончыў гісторыка-філялягічнае аддзяленьне Вышэйшых настаўніцкіх курсаў пры Віленскім ун-це. У 1937-39 апублікаваў шэраг артыкулаў аб пэдагогіцы ў час. настаўніцкага прафсаюзу Віленскай акругі «Sprawy nauczycielskie». У сувязі з пачаткам вайны Нямеччыны супраць Польшчы (1939) мабілізаваны і накіраваны на фронт. Вярнуўся на Радзіму, дзе ўжо была ўсталяваная савецкая ўлада. Працаваў настаўнікам у мяст. Вішнева, дырэктарам СШ №2 у Валожыне, інспэктарам-мэтадыстам школ Валожынскага р-ну. У раённых газ. «Іскра» (Валожын) і «Ўперад» (Ліда) зьявіліся вершы Б. У часы нямецкай акупацыі жыў у Валожыне, настаўнічаў, працаваў у БНС. У чэрв. 1944 разам зь сям‘ёй быў вывезены ў Нямеччыну. Па дарозе ў часе аварыі цягніка яму ўдалося ўцячы і знайсьці прытулак у Польшчы. Пасьля вызваленьня Польшчы быў мабілізаваны ў Чырвоную армію, служыў да канца 1945. Потым настаўнічаў у Валожынскім р-не. У 1947 беспадстаўна звольнены з працы. Стаў праваслаўным сьвятаром у Докшыцах. Арыштаваны ў 1950, у 1951 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Кемераўскай вобл., Омску, Джэзказгане. У той час пераклаў паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Дзяды», пішучы на паперы ад мяшкоў з-пад цэмэнту (рукапісы захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры). У 1956 вызвалены са зняцьцем судзімасьці. Да 1963 служыў сьвятаром у Петрыкаве. У 1963-74 выкладчык бел. мовы і літаратуры і нямецкай мовы ў Вішнеўскай СШ. У 1970 завочна скончыў філялягічны ф-т Менскага пэдінстытуту. Цалкам рэабілітаваны ў 1978. Аўтар эпічна-гістарычных паэм і краязнаўчых нарысаў. Перакладаў з польскай, расейскай, украінскай, нямецкай, ангельскай, італьянскай моваў. Член СП СССР з 1986.

 

Тв.: Замкі і людзі: Гістарычная паэма. – Менск, 1968; Паэмы. – Менск, 1984; Дзьве вайны: Вершаваныя аповесьці. – Менск, 1990; Празь церні і завалы: (Успаміны) // Куфэрак Віленшчыны. 2001, №3 (5).

Літ.: Huszcza J. Kartki z podrozy // Huszcza J. Opowiesci w czarnych ramkach. – Lodz, 1979; Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў, с. 169; БП, т. 1; Янушкевіч Я. Пчала бяз вульля // ЛіМ. 1997, 20 чэрв.; ЭГБ, т. 2.

 

60.         БЛАЖЭВІЧ Андрэй (сапр.: Вангін; 1895, мяст. Відзы Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., цяпер Браслаўскі р-н – 1977, Польшча). Вядучы акцёр трупы У.Галубка, выступаў у характарных ролях. Арыштаваны ў 1937. Пасьля вайны выехаў у ПНР. Удзельнічаў у аматарскіх спэктаклях на Памор‘і. Памёр у доме састарэлых.

 

61.         БОЙКА Іван (? – 1933), аграном. Арыштаваны ў 1930. Расстраляны ў 1933.

 

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

62.         БОНЧ-АСМАЛОЎСКІ Глеб (22.10(3.11).1890, маёнтак Блонь Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер в. Блонь Пухавіцкага р-ну – 1.11.1943, Казань), антраполяг і археоляг. Доктар гістарычных навук. Скончыў Менскую камэрцыйную вучэльню і Петраградзкі ун-т (1923). У 1-ю сусьветную вайну на фронце. У 1924-30 працаваў у Ленінградзкім ун-це. З 1930 супрацоўнік Геалягічнага інстытуту АН СССР і Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. У 1926-27 і 1934 разам з К.Палікарповічам праводзіў раскопкі палеалітычных паселішчаў на Гомельшчыне і Смаленшчыне. Удзельнік этнаграфічных і археалягічных экспэдыцыяў на Каўказе і ў Крыме. Арыштаваны ОГПУ у 1934. Асуджаны на 3 гады лягераў. Пакараньне адбываў у Варкуце. Пасьля вызваленьня жыў пад Ленінградам. Рэабілітаваны ў 1942. Памёр у эвакуацыі ў Казані.

 

Тв.: Грот Киик-Коба. – Маск.-Лен., 1940.

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

63.         БОНЧ-АСМАЛОЎСКІ Радзівон (1884, маёнтак Блонь Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер в. Блонь Пухавіцкага р-ну – 10.10.1938, Чымкент Паўднёва-Казахстанскай вобл., НКВД), эканаміст, публіцыст. У 1904-08 член партыі эсэраў, за што быў асуджаны на 3 гады зьняволеньня. Спрабаваў уцячы праз падкоп; закаваны ў кайданы. Пасьля вызваленьня ў 1912-15 вучыўся на Пецярбурскіх вышэйшых сельскагаспадарчых курсах, затым працаваў у земскім харчовым камітэце. У 1916-17 у арміі. У 1917-21 у земскіх установах Ігумена (Чэрвеня) і Менску. З 1923 сакратар, загадчык сельскагаспадарчай сэкцыі Дзяржпляну БССР. Распрацоўваў праблемы аднаўленьня народнай гаспадаркі, хутарызацыі, разьвіцьця каапэрацыі. Пісаў пра гэта ў друку. Арыштаваны ГПУ БССР 5.7.1930 у справе «Беларускага філіялу Працоўнай сялянскай партыі». У 1931 асуджаны да вышэйшай меры пакараньня. Прысуд заменены на 10 гадоў ППЛ. Да 1936 працаваў на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу. За ўзорную працу датэрмінова вызвалены. У 1938 быў эканамістам-плянавіком у Чымкенце. Арыштаваны органамі НКВД у чэрв. 1938. «Тройка» пры Ўправе НКВД Паўднёва-Казахстанскай вобл. 10.10.1938 вынесла рашэньне аб расстрэле Б.-А. Рэабілітаваны.

 

Тв.: Земельная площадь БССР и еe распределение по угодиям, землевладению и формам землепользования // Советское строительство БССР. 1926, №10–11.

Літ.: Микула Е. Забытые имена: Родион Бонч-Осмоловский // Человек и экономика. 1992, №10; ЭГБ, т. 2.

 

64.         БОХАН Дарафей (4.2.1878, Менск – 1942, Тэгеран), паэт, празаік, перакладчык, крытык. Пісаў на расейскай мове. Вучыўся ў Полацкім кадэцкім корпусе і Канстанцінаўскай вайсковай вучэльні (Пецярбург). Служыў у арміі (штабс-капітан артылерыі). З канца 1890-х у Менску, журналіст – супрацоўнік газ. «Минский листок», «Северо-Западный край», «Голос провинции» (у 1907 адзін зь яе рэдактараў), «Минские ведомости» і інш. Зьбіраў і апрацоўваў мясцовыя паданьні. Перакладаў на расейскую мову творы польскіх паэтаў. У 1907 асуджаны Віленскай судовай палатай на 8 месяцаў турмы за публікацыю антыўрадавых матэрыялаў у газ. «Голос провинции». У 1919 быў супрацоўнікам Наркамасьветы БССР. У 1919-20 друкаваўся ў газ. «Минский курьер». У 1920-30-х г. жыў у Вільні. Супрацоўнічаў зь віленскім расейскім друкам. У 1939 арыштаваны савецкімі ўладамі. У ссылцы ў Сібіры ўступіў у польскую армію Андэрса. Памёр у Іране.

 

Тв.: Глаз Христов: Минское предание. – Менск, 1898; Минские предания и легенды. – Менск, 1902; Игорь, князь Северский: Древнерусская поэма в поэтическом переложении Д. Бохана. – Менск, 1897; Из польской поэзии. – Менск, 1906; Адам Мицкевич. – Вильно, 1911.

Літ.: Бас І. Літаратуразнаўчыя эцюды. – Менск, 1977; Яго ж. Справа аб Дарафею Бохану // Маладосць. 1976, №8; Зарэмба Л. Новыя зьвесткі пра літаратурную дзейнасьць Д.Д.Бохана // Веснік БДУ. Серыя 4. 1993, №3; Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. – Менск, 1972. С. 220-224; Zienkiewicz T. Dorofiej Bochan – tlumacz literatury polskiej na jezyk rosyjski i krytyk // Polsko-wschodnioslowianskie powiazaniа kulturowe, literackie i jezykowe. 1. Literatura i kultura. – Olsztyn, 1994; «Zachodnia Bialorus» 17.IX.1939 – 22.VI.1941. Wydarzenia i losy ludzkie. Т. 1. – Warszawa, 1998. S. 410, 411, 414; БП, т. 1; ЭГБ, т. 2.

 

65.         БРАНШТЭЙН Якаў (10.11.1897, Бельск Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 29.10.1937, Менск, НКВД), крытык і літаратуразнавец. У 1914-18 жыў у Варшаве. Друкавацца пачаў у 1918. У 1919 пераехаў у Савецкую Расею (Арол). Дабраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію. Пасьля дэмабілізацыі з 1921 працаваў у рэдакцыі газ. «Орловская правда». У 1925 скончыў літаратурны ф-т 1-га Маскоўскага ун-ту; у 1926-30 вучыўся ў Камуністычнай акадэміі ў Маскве. У 1930-37 навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры і мастацтва АН БССР; з 1932 адначасова прафэсар МВПІ. У 1932-37 быў адказным сакратаром СП БССР. Член СП СССР з 1934. Член-карэспандэнт АН БССР з 1936. Як крытык пачаў выступаць з 1925. Прытрымліваўся вульгарна-сацыялагічных пазыцыяў. Арыштаваны 6.6.1937. Асуджаны ў кастр. 1937 да расстрэлу. Рэабілітаваны 27.7.1956.

 

Тв.: Атака: (Зборнік артыкулаў). – Менск, 1930 / Ідыш; Аб стане гэбрайскай літаратуры ў перыяд рэканструкцыі. – Менск, 1932 / Ідыш; Літаратурная вучоба: У дапамогу выкладчыкам літаратуры і кіраўнікам літгурткоў. Вып. 1. – Менск, 1935.

Літ.: Бародзіч Д. Спадчына Я. Бранштэйна // ЛіМ. 1958, 23 ліп.; Лынькоў М. Ён быў сярод нас… // ЛіМ. 1962, 25 сьнеж.; Возвращенные имена; БП, т. 1.

 

66.         БРАЎКОВІЧ Фадзей (1894, в. Слабодка Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Шклоўскі р-н – ?, ГУЛАГ), партыйны і дзяржаўны дзяяч. Скончыў Аршанскую гарадзкую вучэльню. У 1915 мабілізаваны ў царскую армію. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі. З 1918 у Чырвонай арміі. У 1918-27 на вайсковай, партыйнай і савецкай рабоце ў Магілёўскай акрузе, затым вобл. У 1920-х г. быў наркамам фінансаў БССР, старшынём Полацкага акруговага камітэту КП(б)Б. З 1927 пастаянны прадстаўнік ураду БССР пры СНК СССР у Маскве. З 1928 другі саветнік Паўпрэдзтва СССР у Варшаве. У 1933-36 дырэктар Белдзяржвыдавецтва ў Менску. Член ЦК КП(б)Б і ЦВК БССР у 1924-35. Арыштаваны ў 1936. Асуджаны на 10 гадоў лягераў. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Літ.: Платонаў Р. Лёсы. – Менск, 2000; ЭГБ, т. 2.

 

67.         БРЭСЛАЎ Барыс (29.9 (10.10).1882, в. Мікуліна Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н – 20.4.1943, НКВД), публіцыст, гісторык. У 1901 за кіраўніцтва забастоўкай на фабрыцы Калбаноўскага ў Віцебску сасланы ва Ўсх. Сібір. Пасьля вызваленьня ў 1904 працаваў у розных гарадах Расеі, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху (Пецярбург, Нікалаеў, Днепрапятроўск, Масква, Екацярынбург). У 1909-11 слухач партыйнай школы ў Ланжумо (Францыя). За рэвалюцыйную дзейнасьць арыштоўваўся 4 разы, каля 10 гадоў правёў на катарзе. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 супрацоўнік газ. «Правда», рэдактар газ. «Голос правды» ў Кранштаце. З 1918 на гаспадарчай і дыпляматычнай рабоце. Аўтар кніг і артыкулаў пра рэвалюцыйны рух. Арыштаваны ў 1937. Памёр у турме. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Характер и этапы русской революции: К 1-й годовщине русской революции 27 февраля 1917 – 27 февраля 1918 г. – Витебск, 1918.

Літ.: Корнилович Э.А. Слушатель школы в Лонжюмо // Корнилович Э.А. Люди революционного подвига. – Менск, 1985; ЭГБ, т. 2.

 

68.         БУДЗІНСКІ Станіслаў (9.9.1894, Варшава – 22.8.1937, НКВД), рэвалюцыйны дзяяч, публіцыст. У 1912-15 член Варшаўскага камітэту СДКПіЛ. З чэрв. 1917 член Выканкаму груп СДКПіЛ у Расеі. Удзельнік Кастрычніцкага ўзброенага паўстаньня 1917 у Маскве. У сьнеж. 1917 – сак. 1918 наркам сацыяльнага забесьпячэньня Масквы і Маскоўскай губ. Са сьнеж. 1918 у Польшчы. У 1919 арыштаваны польскімі ўладамі. У 1920 праз абмен палітвязнямі – у Савецкай Расеі. Рэдактар польскамоўных газэт Вайскова-рэвалюцыйнага савету Зах. фронту. З 1930 рэдактар газ. «Зьвязда», сябра рэдкалегіі час. «Бальшавік Беларусі». Член ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1929-32. З 1934 прафэсар Міжнароднай ленінскай школы ў Маскве. Аўтар грамадзка-паліт. брашур і артыкулаў. Спрабаваў падвесьці ідэалягічную і тэарэтычную аснову пад паліт. кампанію выкрыцьця бел. нацдэмаў (артыкул «Вораг у доме» пра раман М.Зарэцкага «Крывічы»). Арыштаваны ў чэрв. 1937. Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

69.         БУДКЕВІЧ Барбара (зь Цеханоўскіх; 20.11(2.12).1886, маёнтак Глухавец Мсьціслаўскага пав. Магілёўскай губ. – 21.8.1937, НКВД), гісторык. Паходзіла са шляхецкай сям‘і. З 1904 працавала на варшаўскай фабрыцы. Дзяячка ППС, з 1906 – ППС-лявіцы. Арыштоўвалася царскімі ўладамі ў 1906 і 1909. Вывучала эканоміку ва ун-це Nouvelle ў Брусэлі. З 1913 у Пецярбургу. Пасьля кастр. 1917 працавала ў Польскім нацыянальным камісарыяце пры Наркамнацы РСФСР. У 1921-23 кіраўніца польскіх сэктараў Камуністычнага ун-ту імя Сьвярдлова і Камуністычнага ун-ту нацыянальных меншасьцяў Захаду. У 1926-30 выкладчыца гісторыі ВКП(б) у Камуністычным ун-це Беларусі. З 1931 навуковы супрацоўнік польскага сэктару, вучоны сакратар Інстытуту польскай пралетарскай культуры АН БССР. Арыштаваная і расстраляная ў 1937. Рэабілітаваная ў 1956.

 

Тв.: Ruch robotniczy w Krolestwie Polskim w latach 1870–1890. Cz. 1. – Minsk, 1934.

Літ.: Горяинов А. Славяноведы – жертвы репрессий 1920-1940-х годов: Некоторые неизвестные страницы из истории советской науки // Советское славяноведение. 1990, №2; SHP; ЭГБ, т. 2.

 

70.         БУЗУК Пётра (2.7.1891, в. Шарпены Бендэрскага пав. – 7.12.1938, Волагда, НКВД), лінгвіст-славіст, літаратуразнавец, паэт, празаік, пэдагог. Вучыўся ў Ціраспальскай рэальнай вучэльні (1904-10), на гісторыка-філялягічным ф-це Новарасійскага ун-ту ў Адэсе (скончыў у 1916), выкладаў у гэтым ун-це расейскую мову. З 1920 дацэнт гэтага ун-ту. З 1924 – доктар філялягічных навук. На запрашэньне рэктара БДУ У.Пічэты з восені 1925 працаваў у Менску. У 1926 перайшоў у Інбелкульт, з 1929 старшыня дыялекталягічнай камісіі. Арыштаваны ГПУ БССР 6.8.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», празь некаторы час вызвалены. З 1931 дырэктар Інстытуту мовазнаўства АН БССР. Адначасова з 1931 загадваў катэдрай мовазнаўства ў МВПІ. Пад псэўданімам выступаў у друку з апавяданьнямі, вершамі, перакладамі. У 1928 стаў сябрам «Маладняка». Зноў арыштаваны 9.2.1934. Пастановай «тройкі» пры ГПУ БССР ад 3.4.1934 высланы ў Волагду тэрмінам на 3 гады. У 1934-35 працаваў бібліятэкарам, потым выкладаў нямецкую мову ў Валагодзкім пэдінстытуце. Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі зноў арыштаваны 15.7.1937. Прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 26.10.1956; па другім – 31.1.1956; цалкам рэабілітаваны 1.6.1988.

 

Тв.: Очерки по психологии языка. – Одесса, 1918; Основные вопросы языкознания. – Маск., 1924; Да характарыстыкі паўночна-беларускіх дыялектаў: Гутаркі Невельскага і Вяліскага паветаў. – Менск, 1926; Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі. Ч. 1. – Менск, 1928.

Літ.: Рамановіч Я., Юрэвіч А. П.А.Бузук. – Менск, 1969; Яны ж. Бузук П.А. // Беларуская мова; Бузук П.А. // Булахов М. Восточнославянские языковеды: Библиографический словарь. Т. 2. – Менск, 1977; Зленко Г. Страницы биографии П.А.Бузука: (Несколько существенных уточнений) // Кодры (Кишинев). 1973, №2; Возвращенные имена; БП, т. 1.

 

71.         БУКЛЯРЭВІЧ Міхал (12.10.1884, в. Лінгі Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Воранаўскі р-н – 27.6.1919, в. Бігосава Верхнядзьвінскага р-ну Віцебскай вобл.), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч. Вучыўся ў гарадзкой 2-кл. вучэльні пры Віленскім настаўніцкім інстытуце, якую скончыў у чэрв. 1901. У 1-й Віленскай мужчынскай гімназіі здаў экзамэн на званьне аптэкарскага вучня. З 1904 вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1908. З 1908 адміністратар парафіі Нараўка Сакольскага пав. З 1917 адміністратар парафіі ў мяст. Іказьнь Дзісенскага пав. Займаўся бел. культурна-асьветнай дзейнасьцю, адкрываў бел. школы. Прымаў удзел у зьезьдзе каталіцкага духавенства Дзісенскага дэканату (6-7.8.1918). У часе ваенных падзеяў 1919 выступіў супраць бальшавіцкіх уладаў. За антыбальшавіцкую дзейнасьць 27.6.1919 асуджаны на сьмяротнае пакараньне. Расстраляны ў в. Бігосава. 24.3.1920 урачыста перазахаваны ў Іказьні (Браслаўскі р-н).

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Stankiewicz A. Rodnaja mowa u swiatyniach. – Wilnia, 1929.

 

72.         БУРБІС Алесь (8(20).10.1885, Вільня – 20.3.1922, Менск), паліт. дзяяч, публіцыст. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Адзін з заснавальнікаў БСГ, член яе ЦК. З пачатку 1906 вёў агітацыю і арганізоўваў забастоўкі ў Менску і ў Наваградзкім пав. Арыштаваны царскімі ўладамі 24.8.1906 у Шчорсаўскай вол. на Наваградчыне, у зьняволеньні да канца ліп. 1909. Пасьля працаваў у Віленскім таварыстве сельскай гаспадаркі. Адзін са стваральнікаў бел. прафэсійнага тэатру. Удзельнічаў у Першай беларускай трупе І.Буйніцкага, у Беларускім музычна-драматычным гуртку ў Вільні. З 1915 – у Народным банку (Масква). У 1918 консул БНР у Маскве. Арыштоўваўся органамі Савецкай улады 18.12.1917 і ў 1918. З траўня 1919 у Наркамземе Літоўска-Беларускай ССР. У 1920 удзельнічаў у выданьні газ. «Савецкая Беларусь». З ліп. 1921 нам. наркама замежных справаў БССР. Актыўна выступаў за ўзбуйненьне тэрыторыі БССР. Адзін з арганізатараў Таварыства Чырвонага Крыжа Беларусі.

 

Тв.: Кароткі агляд беларускага нацыянальна-рэвалюцыйнага руху // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1921, №1-2; Кароткі нарыс па эканамічнай геаграфіі Беларусі // Народное хозяйство Белоруссии. 1922, №4; Беларуская сацыялістычная грамада ў першым перыядзе яе працы (1903–1907) // Беларусь. – Менск, 1924.

Літ.: П. Б(адунова). Памяці А. Бурбіса // Адраджэньне. 1922. Сш. 1; Байкоў М. Памяці А. Бурбіса // Вести народного комиссариата просвещения ССРБ. 1922, №3-4; Луцкевіч А. Аляксандар Бурбіс // Беларускі звон. 1922, 22 крас.; Хлебцевич Е. Памяти А. Л. Бурбиса // Каторга и ссылка. 1923, №5; Жылуновіч З. Алесь Бурбіс // Полымя. 1927, №2; Пазняк З. Бурбіс і Цётка – на сцэне // ЛіМ. 1972, 17 сак.; Біч М. «Стары змаганец» // Мастацтва Беларусі. 1986, №3; ЭГБ, т. 2.

 

73.         БУРДЗЕЙКА Андрэй (8(20).6.1899, Менск – 1941?), гісторык. У 1925 скончыў БДУ. Працаваў навуковым супрацоўнікам у Беларускім дзяржаўным музэі. Вывучаў Статуты ВКЛ. Даказаў існаваньне прыгоньніцтва ў ВКЛ. Упершыню ў бел. гістарыяграфіі адзначыў ролю Наваградка як сталіцы ВКЛ у ХІІІ ст. Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў у Елабузе (Татарстан). Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Нарыс сацыяльна-эканамічнага жыцьця места Наваградка ў XVI ст. // Гістарычна-археалягічны зборнік. 1927, №1; Землеўласьнік і земляроб па Літоўскаму статуту 1566 г. // Працы БДУ. 1927, №14-15; 1928, №20.

Літ.: Пичета В. Изучение Литовских статутов в новейшей историко-юридической литературе (1918-1940 г.) // Пичета В. Белоруссия и Литва в XV-XVI в. – Маск., 1961; ЭГБ, т. 2.

 

74.         БУРСЕВІЧ Максім (9.8.1890, в. Чамяры Слонімскага пав. Гарадзенскай губ. – 13.11.1937, Салаўкі, НКВД), дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Зах. Беларусі, пэдагог, публіцыст. Скончыў Слонімскую вучэльню. З 1911 настаўнічаў на Палесьсі. У 1915-21 жыў на Ўкраіне (Харкаўшчына). Вярнуўся на Радзіму ў 1921; працаваў настаўнікам на Віленшчыне. У першай палове 1920-х г. двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі за спробы арганізаваць прыватныя бел. школы на Наваградчыне і Слонімшчыне. У 1925 увайшоў у актыў Беларускага пасольскага клуба. З 1926 член БСРГ, кіраўнік яе Цэнтральнага сакратарыяту. Арыштаваны польскімі ўладамі ў лютым 1927. На «працэсе 56-ці» ў 1928 прысуджаны да 8 гадоў турмы; у 1929 апэляцыйны суд скараціў тэрмін да 4 гадоў. Пасьля вызваленьня жыў у Вільні. У 1931 у выніку абмену палітвязьнямі трапіў у СССР, жыў у Менску. Працаваў у Дзяржпляне БССР і ў Камісіі па вывучэньні Зах. Беларусі пры АН БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 21.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Прысуджаны 9.1.1934 да расстрэлу, які быў заменены 10 гадамі зьняволеньня. Пакараньне адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага каналу. 9.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16.8.1956.

 

Літ.: Бергман А. Максім Бурсевіч: (Кароткі біяграфічны нарыс) // Беларускі каляндар – 1981. Беласток, 1981; Микула Е. Максим Бурсевич: «Я – из венка Громады» // Чалавек і закон. 1993, №1; ЭГБ, т. 2.

 

75.         БУРСТЫН Цэлясьцін (28.1.1888, Цярнопаль, Аўстра-Вугоршчына, цяпер Украіна – 21.10.1938, Менск, НКВД), матэматык, філёзаф. Нарадзіўся ў гэбрайскай купецкай сям‘і. У 1911 скончыў Венскі ун-т. Доктар філязофіі (1912). З 1925 член Камуністычнай партыі Аўстрыі. З-за левых поглядаў ня мог знайсьці працу ў Аўстрыі паводле спэцыяльнасьці. У 1929 на запрашэньне БДУ пераехаў у Менск. Прафэсар, загадчык катэдры вышэйшай матэматыкі БДУ. З 1931 дырэктар Фізыка-тэхнічнага інстытуту БелАН. Акадэмік БелАН (1931). Апрача навуковых прац напісаў на бел. мове навучальны дапаможнік. Арыштаваны 10.12.1937. Памёр у менскім турэмным шпіталі ад хваробы сэрца. Рэабілітаваны 2.3.1956.

 

Тв.: Матэматычныя працы. – Менск, 1932; Курс дыфэрэнцыяльнай геамэтрыі. – Менск, 1933; Фізычныя мэтады матэматыкі. – Менск, 1933.

Літ.: Возвращенные имена.

 

76.         БЫЛІНА Янка (сапр.: Семашкевіч Янка; 1883, в. Лакцяны Сьвянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Астравецкі р-н – 18.2.1956, мяст. Мар‘янава, Польшча), рыма-каталіцкі сьвятар, паэт, драматург. У 1907 скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю. У гэтым жа годзе пасьвечаны ў сьвятары. Служыў у касьцёлах на Слонімшчыне, Вялейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне, Беласточчыне. За ўжываньне бел. мовы ў казанях прасьледаваўся польскімі ўладамі. Пачаў друкавацца з 1917 (газ. «Гоман»). Публікаваўся ў пэрыядычных выданьнях Зах. Беларусі, у тым ліку ў рэлігійных («Krynica», «Chryscijanskaja Dumka»), сатырычных (час. «Авадзень» і «Маланка»), дзіцячым (час. «Пралескі», пад псэўд. Ядловец). Патрыятычныя і гумарыстычныя творы Б. выкарыстоўваліся аматарскімі калектывамі ў Зах. Беларусі. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў канцы вер. 1939?. Апошнія гады жыцьця правёў на Беласточчыне.

 

Тв.: Na pryzbie. – Wilnia, 1918 (2-е выд.: 1924); Wybar starsyni: Wiaskowaja trahikamedyja u 3-ch dziejach z casou carskich. – Wilnia, 1926 (2-е выданьне: Выбар старшыні. Вільня, 1938); Daroha kryza. – Wilnia, 1930; Na pokuci: Bajki i roznyja wiersy. – Wilnia, 1934.

Літ.: Гарэцкі М. Быліна Я. // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. – Менск, 1992; БП, т. 1; Гарбінскі БРД.

 

77.         БЯГАНСКАЯ Ядвіга (16(29).2.1908, Верхне-Удзінск, цяпер Улан-Удэ – 3.4.1992, Менск), празаік, перакладчыца. Нарадзілася ў сямі бел. перасяленцаў у Сібір, якія вярнуліся ў Беларусь у 1922. З 1924 у Менску. У 1924 паступіла на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ, якое скончыла ў 1930. Настаўнічала. Пачала публікаваць вершы з 1926. У 1937 былі арыштаваныя яе муж паэт А.Сак і бацька Язэп Вікенцевіч (абодвух расстралялі). 6.11.1937 арыштаваная і сама Б. і 4.1.1938 асуджаная на 10 гадоў лягераў; адпраўленая на Калыму. Вызваленая 6.11.1947. У пачатку 1948 узяла шлюб з мастаком М.Лебэрфарбам, жыла на Чукотцы. У 1948 ёй дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Да 1955 жыла ў Рэчыцы. Рэабілітаваная ў 1954. Пасьля рэабілітацыі першага мужа ў 1955 пераехала зь сям‘ёй у Менск. У 1956-63 працавала рэдактарам на Беларускім радыё. З 1963 на пэнсіі. З 1953 пачала выступаць як празаік. Перакладала з польскай і славацкай моваў. Член СП СССР з 1957.

 

Тв.: Далёка на Поўначы. – Менск, 1954; Нечаканая сустрэча: Аповесьці і апавяданьні. – Менск, 1978; Сланечнікі: Апавяданьні. – Менск, 1980; Ля самага сіняга мора: Аповесьці і апавяданьні. Менск, 1982; Сонцу і ветру насустрач: Аповесьці і апавяданьні. – Менск, 1988.

Літ.: Агняцвет Э. Слова пра сяброўку // ЛіМ. 1968, 27 лют.; Васілеўская Г. Вытокі творчасьці // Работніца і сялянка. 1978, №2; БП, т. 1.

 

78.         БЯЛЬКЕВІЧ Янка (22.2(6.3).1883, в. Варонічы Слонімскага пав. Гарадзенскай губ. – 18.10.1960, Жданаў, цяпер Марыупаль Данецкай вобл., Украіна), мовазнавец, пэдагог. У 1909 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю; выкладаў у школах Слонімшчыны. З 1915 у эвакуацыі ў Саратаўскай губ. (Расея), у 1919-20 зноў на Слонімшчыне. Са жн. 1920 працаваў у Наркамаце асьветы БССР, у школах Менску. У пачатку 1920-х г. быў членам БПС-Р. У 1925 скончыў этноляга-лінгвістычнае аддзяленьне БДУ. У 1925-27 выкладчык і дырэктар Мсьціслаўскага пэдтэхнікуму. З 1927 навуковы супрацоўнік Інбелкульту і Інстытуту мовазнаўства АН БССР. Вывучаў дыялекталёгію і культуру бел. літаратурнай мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка Ўсходняй Магілёўшчыны» (падрыхтаваны ў 1920-х, выдадзены ў 1970). Арыштаваны ГПУ БССР 17.2.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Вінаватым сябе не прызнаў. Паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Іашкар-Алу. Працаваў на лесапавале. Пасьля вызваленьня выехаў у Данецкую вобл., дзе выкладаў у школах расейскую мову і літаратуру. У 1948-58 працаваў у розных навучальных установах Жданава. Да канца жыцьця не атрымаў дазволу вярнуцца на Радзіму. Рэабілітаваны 19.9.1960.

 

Тв.: Слоўнік граматычна-лінгвістычны // Узвышша. 1928, №2(8).

Літ.: Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцьця і навуковай дзейнасьці. – Менск, 1985. С. 133-179; ЭГБ, т. 2; Беларуская мова.

 

79.         БЯРОЗКІН Рыгор (3.7.1918, Магілёў – 1.12.1981, Менск), крытык, журналіст. Вучыўся на пэдрабфаку ў Магілёве, у 1933-38 на літаратурным ф-це МВПІ. Пачаў друкавацца ў 1935. У 1938-41 працаваў загадчыкам аддзелу крытыкі час. «Полымя рэвалюцыі», літкансультантам у кабінэце маладога аўтара пры СП БССР (1938-39), загадчыкам аддзелу крытыкі газ. «Літаратура і мастацтва» (1939-41). Член СП СССР з 1939. Арыштаваны НКВД БССР у крас. 1941. Знаходзіўся пад сьледзтвам у Менску. Паводле адной з вэрсіяў, калі 26.6.1941 калёну зьняволеных, сярод якіх быў Б., пакінуў канвой, ён уцёк. Удзельнічаў у баях пад Сталінградам, Кіевам, у Карпатах. Атрымаў баявыя ўзнагароды. Пасьля вайны быў карэспандэнтам газэты савецкай вайсковай адміністрацыі ў Нямеччыне «Советское слово». Паўторна арыштаваны 9.8.1949; у чэрв. 1950 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў Карагандзінскай і Омскай абласьцях. У 1955 вызвалены; рэабілітаваны ў 1956. З 1960 працаваў у час. «Советская Отчизна», газ. «Літаратура і мастацтва», літсупрацоўнікам бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». У канцы 1950 – пачатку 1960-х г. шмат публікаваўся, імкнуўся аднавіць імёны рэпрэсаваных паэтаў. Пісаў на бел., расейскай, гэбрайскай мовах. Пахаваны на Усх. могілках Менску.

 

Тв.: Кніга пра паэзію. – Менск, 1974; Сьвет Купалы. – Менск, 1981; Человек на заре: Рассказ о Максиме Богдановиче – белорусском поэте. – Маск., 1970; Паэзія – маё жыцьцё. – Менск, 1989.

Літ.: Клышко А. Мастерство критика // Дружба народов. 1960, №1; Адамовіч А. Талент крытыка // Полымя. 1962, №6; Лойко О. Открытие поэта // Вопросы литературы. 1967, №3; Каваленка В. Крытык і паэт // Полымя. 1969, №5; Бечик В. В неразрывном единстве // Нёман. 1978, №6; БП, т. 1.

 

80.         ВАЗІЛА Аляксандар (28.8(9.9).1888, мяст. Прапойск Быхаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Слаўгарад – 4.12.1937, Уладзімір, НКВД), грамадзкі дзяяч, паэт, публіцыст. Вучыўся на Вышэйшых курсах Т.Лесгафта ў Пецярбургу; у 1908 выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху і, паводле некаторых зьвестак, сасланы ў Сібір. У 1912-13 друкаваўся ў газ. «Белорусский вестник». Выдаў у 1914 у Златавусьце Ўфімскай губ. зборнік паэзіі «Волны», які быў канфіскаваны цэнзурай (у кнізе была і аўтабіяграфічная частка пра жыцьцё ссыльных у Сібіры); супраць аўтара распачата судовая справа. Гэта перашкодзіла выданьню В. заяўленага ім штотыднёвіка «Уральская искра». У 1916-17 займаўся на курсах каапэрацыі ў Петраградзе. У 1917-18 сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. На 1-м Усебеларускім зьезьдзе 1917 выступіў супраць намеру абвясьціць бел. дзяржаўнасьць. У 1918 быў рэдактарам час. «Чырвоны шлях». З 1919 адышоў ад паліт. дзейнасьці. Арыштоўваўся 18.12.1917, у 1924 і 1932. Пасьля арышту 1937 загінуў у сьледчым ізалятары Ўладзіміра. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Волны: Стихи. – Златоуст, 1914; Речь, произнесенная на 1-м Всебелорусском съезде. – Пг., 1918.

Літ.: Мельнікаў М. Ці ведаеце вы Аляксандра Вазілу? // ЛіМ. 1963, 2 жн.; Белюшин М. Арестованная брошюра // Нёман. 1975, №1; БП, т. 1; ЭГБ, т. 2.

 

81.         ВАЙНОЎ (ВОЙНАЎ) Віктар (23.2.1904, в. Палужжа Наваградзкага пав. Менскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), журналіст. У 1926-27 сакратар Магілёўскага акружкаму КП(б)Б. Быў загадчыкам сельгассэктару газ. «Зьвязда». На момант арышту працаваў на фабрыцы «Камунарка». Прысуджаны да расстрэлу 28.10.1937. Рэабілітаваны 28.4.1956.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

82.         ВАЙНШТЭЙН Арон (23.11.1877, Вільня – 1938), палітычны дзяяч, публіцыст. У 1897 скончыў Віленскі гэбрайскі настаўніцкі інстытут. Працаваў на пэдагагічных курсах у Варшаве. Удзельнічаў у выданьні газ. «Варшаўскі рабочы». З 1897 член Бунду, з 1901 член яго ЦК, у 1917-21 старшыня ЦК Бунду (да яго роспуску). Неаднаразова арыштоўваўся царскімі ўладамі; у 1914-17 сасланы ў Сібір. У 1917 старшыня Менскай гарадзкой думы. 31.7.1920 ад імя Бунду падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэньні незалежнасьці Беларускай ССР. У сьнеж. 1920-21 старшыня Саўнаргасу БССР. У канцы 1921 накіраваны ў Кіргізію, нам. старшыні СНК Кіргізіі. З 1923 у Наркамаце фінансаў СССР. Арыштаваны ў 1938; загінуў у зьняволеньні.

 

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

83.         ВАЙШНАРАС Фэлікс (Vajsnoras Feliksas; 18.5.1897, в. Пільвішкіс Ковенскай губ., цяпер Вілкавіскі р-н, Літва – 21.8.1972, Вільня), літоўскі паэт, перакладчык, журналіст. У 1916-18 знаходзіўся ў працоўным лягеры, арганізаваным нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. У 1919 стаў членам ВКП(б). Арганізоўваў прафсаюзны рух у родных мясьцінах. У 1921-23 зьняволены ў ковенскай турме, дзе пачаў пісаць вершы. У 1923 у выніку абмену палітвязьняў апынуўся ў Маскве. У 1925 скончыў Камуністычны ун-т нацыянальных меншасьцяў Захаду. Працаваў у розных выдавецтвах Масквы і Смаленска. З 1930 у Менску, працаваў у газ. «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), у 1934-37 – яе рэдактар. З 1934 член СП СССР. Быў членам бюро літоўскай сэкцыі БелАПП, сакратаром літоўскай сэкцыі СП БССР. Перакладаў на літоўскую мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, Т.Кляшторнага, І.Харыка, расейскіх і латыскіх пісьменьнікаў. Арыштаваны 23.8.1937; у 1939 прысуджаны да 5 гадоў ссылкі, якую адбываў у Казахстане. Пасьля вызваленьня ў 1944-45 служыў у 16-й літоўскай дывізіі Чырвонай арміі. З 1945 у Вільні, працаваў у розных выдавецтвах і грамадзкіх арганізацыях. З 1957 на пэнсіі. У 1965 стаў заслужаным дзеячам культуры Літоўскай ССР. Апублікаваў кнігу ўспамінаў.

 

Тв.: Po darbo ir kovos veliava. – Minskas, 1934; I sviesu gyvenima: Atsiminimas. – Vilnius, 1960.

Літ.: Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязей. Менск, 1970; БП, т. 1.

 

84.         ВАЛАСЕВІЧ Янка (1912 – 1937, Менск, НКВД), паэт. Скончыў літаратурны ф-т МВПІ. Арыштаваны ў 1936 (?). Закатаваны ў менскай «амэрыканцы».

 

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

85.         ВАЛОШЫН Павал (28.6(10.7).1891, в. Гаркавічы Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Беластоцкае ваяв., Польшча – 3.11.1937, Салаўкі, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст. У 1908-12 працаваў паштовым служкам у Крынках (Беласточчына). У 1912 прызваны ў войска. Удзельнічаў у 1-й сусьветнай вайне, быў паранены, трапіў у нямецкі палон. Пасьля кастр. 1917 служыў міліцыянтам у Екацярынаславе. У жн. 1919 у дзянікінскай арміі. Потым ваяваў на баку Чырвонай арміі (у атрадзе Р.Катоўскага). У 1922 вярнуўся на Радзіму. Уваходзіў у Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, потым у Беларускую партыю незалежных сацыялістаў. 31.7.1923 абраны дэпутатам польскага сэйму, увайшоў у Беларускі пасольскі клюб. Стаў адным з заснавальнікаў БСРГ, у 1926-27 член яе ЦК. У 1926 увайшоў у КПЗБ. Пасьля забароны БСРГ арыштаваны польскімі ўладамі ў лют. 1927; на працэсе над грамадоўцамі («працэс 56-ці») асуджаны на 12 гадоў турмы. У выніку абмену паліт. зьняволеных з 1932 у СССР. Выступаў зь лекцыямі і публікацыямі. З сак. 1933 у Менску. Працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і ў Бібліяграфічным інстытуце пры гэтай бібліятэцы, займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Арыштаваны 1.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 Калегіяй ГПУ БССР прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў лягераў. Сасланы на Салаўкі. 9.10.1937 Асобай «тройкай» УНКВД Ленінградзкай вобл. зноў прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16.8.1956.

 

Літ.: Бергман А. Павел Валошын // Беларускі каляндар на 1983 год. – Беласток, 1983; ЭГБ, т. 2.

 

86.         ВАЛЫНЕЦ Флягонт (27.12.1878 (8.1.1879), Вялейка – 27.11.1937, Салаўкі, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст, пэдагог. У 1900 скончыў курсы падрыхтоўкі народных настаўнікаў пры Сьвянцянскай народнай вучэльні. Настаўнічаў на Віленшчыне. За паліт. ненадзейнасьць пазбаўлены права выкладаць. Працаваў страхавым агентам. У 1916-17 служыў вайскоўцам у Менску. Зь ліст. 1917 гарадзкі галава Вялейкі, зь лютага 1918 старшыня гарсавету; у часе нямецкай акупацыі абраны жыхарамі гораду бурмістрам. У 1920-х неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. З 1926 у БСРГ, са сьнеж. 1927 сябра Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Разам з сэнатарам А.Уласавым і Р.Шырмам удзельнічаў у працы павятовых і акруговых управаў ТБШ. У 1928 і 1930 абіраўся дэпутатам польскага сэйму. Адзін з кіраўнікоў рэвалюцыйнай арганізацыі «Змаганьне». Пасьля роспуску сэйму 30.8.1930 арыштаваны; член КПЗБ з 1932. 15.9.1932 у выніку абмену паліт. зьняволеных пераехаў у Менск. Працаваў у Наркамаце камунальнай гаспадаркі БССР. Арыштаваны 31.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 Калегіяй ГПУ БССР прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў лягераў. Сасланы на Салаўкі. 9.10.1937 Асобай «тройкай» УНКВД Ленінградзкай вобл. прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16.8.1956.

 

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

87.         ВАЛЬКОВІЧ Аляксандар (21.4(3.5). 1892, Менск? – 4.11.1937, Менск, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч. У 1914-15 працаваў у Віленскім аддзяленьні Дзяржаўнага зямельнага банку. У пачатку 1-й сусьветнай вайны ў эвакуацыі ў Тамбове. Зь вер. 1915 у арміі, у 1916 скончыў школу прапаршчыкаў (Горы). Член БПС-Р. З 1918 у Менску. Прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністар фінансаў БНР. У часе польскай акупацыі Беларусі 1919-20 арыштоўваўся, уцёк за мяжу. У сьнеж. 1925 вярнуўся ў Менск. Працаваў інспэктарам у Наркамаце фінансаў. У выніку чысткі апарату Наркамфіну ў сак. 1930 пазбаўлены работы. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Белябей (Башкірыя). 25.5.1937 арыштаваны НКВД Башкірскай АССР з абвінавачаньнем у прыналежнасьці да «Польскай вайсковай арганізацыі». 28.10.1937 «двойкай» (наркам унутраных справаў і пракурор СССР) прысуджаны да расстрэлу. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

88.         ВАНСОЎСКІ Браніслаў (1898, Варшава – 1.9.1938, Менск, НКВД), публіцыст. На момант арышту дырэктар «Белсельгасэлектра». Арыштаваны 26.3.1937. Асуджаны 17.12.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны 18.10.1963.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

89.         ВАСІЛЕВІЧ Язэп (4(16).9.1870, мяст. Крывічы Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 1934, Башкірыя), грамадзка-паліт. дзяяч, пэдагог, археоляг, публіцыст. Вучыўся ў настаўніцкай сэмінарыі, Маскоўскім археалягічным інстытуце (скончыў у 1914), Маскоўскім юрыдычным інстытуце (1914-17). У 1917 стаў адным зь лідэраў Беларускай народнай грамады. Адзін са стваральнікаў і ў 1917-19 дырэктар Будслаўскай беларускай гімназіі. У 1919-20 жыў у Маскве. У жн. 1920 вярнуўся ў Будслаў, да кастр. быў дырэктарам школы. З 1921 дырэктар МБПТ. Адначасова выкладаў у БДУ археалёгію. У 1924 перасяліўся ў Віцебск і стаў дырэктарам культурна-гістарычнага музэю. Браў удзел у падрыхтоўцы і скліканьні Першага зьезду дасьледчыкаў беларускай археалёгіі і археаграфіі. Арыштаваны ГПУ БССР 1.8.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 высланы ва Уфу (Башкірыя), дзе і памёр. Рэабілітаваны.

 

Тв.: Віцебскі дзяржаўны культурна-гістарычны музэй // Віцебшчына. Т. 2. Віцебск, 1928.

Літ.: Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992; ЭГБ, т. 2.

 

90.         ВАСІЛЕЎСКІ Даніла (17.12.1889, в. Новае Сяло Віцебскага пав., цяпер Шумілінскі р-н – 28.12.1963, Феадосія, Крым), краязнавец, гісторык, літаратуразнавец, пэдагог. Вучыўся ў Полацкай настаўніцкай сэмінарыі, дзе ўвайшоў у гурток «Вястун ведаў», што знаходзіўся пад уплывам народніцкіх і сацыял-дэмакратычных ідэй. З 1910 пачаў зьбіраць фальклёр на Полаччыне. Працягваў адукацыю ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце. У 1914-15 на пэдагагічнай рабоце. Дасылаў свае допісы ў час. «Школа и жизнь» (псэўданім М.Доброведовский) і ў газ. «Наша ніва» (псэўданімы Шчыры і Вітэнь). З 1919 інструктар школ на Віцебшчыне, пасьля – інспэктар народнай асьветы ў Воршы. У 1920-я далучыўся да краязнаўчага руху: у 1923 арганізоўвае Віцебскае губэрнскае бюро краязнаўства, з 1924 намесьнік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1925 стаў кандыдатам Аршанскай філіі «Маладняка». Публікаваўся ў газ. «Савецкая Беларусь» і «Придвинский край». З 1930 у Магілёве, дэкан геаграфічнага ф-ту Магілёўскага пэдінстытуту. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж. Дасьледаваў гісторыю бел. літаратуры ХІХ ст., бел. кнігадрукаваньня, пытаньні этнаграфіі і сацыяльна-эканамічнага развіцьця. Арыштаваны 9.12.1936, высланы ў Котлас. Потым працаваў буравіком у Варкуце. Пасьля вызваленьня з 1945 тэхнік-геоляг у Варкуце. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі.

 

Тв.: Друк на Аршаншчыне. – Ворша, 1927; Паэт Ян Баршчэўскі аб Беларусі: (З уласных лістоў яго да пані Карсак) // Аршанскі маладняк. 1925, №2; Краязнаўчая праца на ўсходзе Беларусі // Аршаншчына. 1926. Ч. 1; Сталецьце краязнаўчай працы на Беларусі // Наш край. 1926, №2-3; Друк на Аршаншчыне // Аршаншчына. 1927; Паэма «Тарас на Парнасе» ў краязнаўчым асьвятленьні // Наш край. 1929, №5; Арцём Ігнатавіч Вярыга і яго літаратурна-грамадзкая чыннасьць // Полымя. 1929, №6.

Літ.: Васілеўская А. Памяць // Полымя. 1990, №7; Кісялёў Г.В. Пошукі імя. – Менск, 1978; Яго ж. Разыскивается классик… – Менск, 1989; Яго ж. Ад Чачота да Багушэвіча. – Менск, 1993; Вяргей В.С. Археалягічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992; БП, т. 1; ЭГБ, т. 2.

 

91.         ВЕРАМЕЙ Мікалай (1898, в. Кавальцы Віленскай губ., цяпер Маладачанскі р-н – 22.10.1937, Хабараўскі край), грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст. Вучыўся ў Невельскай настаўніцкай сэмінарыі. Працаваў настаўнікам на Маладачаншчыне. У 1919 уступіў у Камуністычную рабочую партыю Польшчы (КРПП); з 1922 член Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі; з 1923 член КПЗБ. У 1922 выехаў на вучобу ў Чэхаславаччыну; у 1929 скончыў Праскі электратэхнічны інстытут. Вярнуўся ў Зах. Беларусь. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выбараў у сэйм, друкаваў улёткі і іншую нелегальную літаратуру; арганізоўваў бел. школы. Фактычна знаходзіўся на нелегальным становішчы. У 1930 перапраўлены ў СССР. У 1930 арганізатар і дырэктар Энэргетычнага інстытуту ў Менску. З 1931 у Маскве – у польскай сэкцыі Камінтэрну. Прозьвішча «Пабядзінскі» нададзена вясною 1931 з кансьпіратыўных меркаваньняў. Арыштаваны ГПУ БССР 16.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру»; высланы ў Хабараўскі край (Арцёмаўск), дзе і загінуў. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

92.         ВЕРНІКОЎСКІ Аляксандар (25.7.1884, Вільня – 6.7.1984, Ворша), праваслаўны сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог. Паходзіў зь сям‘і псаломшчыка Віленскага Прачысьценскага сабору. У 1893-97 вучыўся ў Замкавай 2-кл. прыходзкай вучэльні. У 1901 скончыў Віленскую андрэеўскую духоўную вучэльню. У 1901-07 вучыўся ў Менскай духоўнай сэмінарыі. З чэрв. 1907 – канцылярскі служка Віленскага філіялу Дзяржаўнага банку. 5.5.1908 прызначаны псаломшчыкам у царкву Казанскай пяхотнай юнкерскай вучэльні. 25.8.1909 паступіў у Казанскую духоўную акадэмію, скончыўшы якую, атрымаў ступень кандыдата багаслоўя. Са жн. 1914 канцылярскі служка Казанскай кантрольнай палаты. У канцы 1914 прызначаны на пасаду нам. інспэктара Тульскай духоўнай сэмінарыі; адначасова выкладаў у ёй нямецкую і францускую мовы. Вярнуўся ў Зах. Беларусь у лют. 1922. Працаваў псаломшчыкам Нараўскай царквы Белавескага пав. У 1922-23 дырэктар бел. гімназіі ў Радашкавічах. З 16.10.1923 настаўнік гісторыі, царкоўных сьпеваў і бел. мовы ў Віленскай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі. Пэўны час жыў у Беластоку. Пазьней пераехаў у Менск, дзе служыў настаяцелем Сьвята-Петрапаўлаўскай царквы на Нямізе. У жн. 1944 браў удзел у сходзе духавенства, дзе выступіў з асуджэньнем камуністычных парадкаў. Арыштаваны савецкімі ўладамі 3.1.1945, асуджаны на 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў на Ўрале, у Сібіры і Казахстане. У Беларусь вярнуўся ў 1950. Служыў настаяцелем у мяст. Дварэц (Дзятлаўскі р-н) і ў мяст. Леніна (Слуцкі р-н), дзе выйшаў на пэнсію. Потым пераехаў да сына Сьвятаслава ў Воршу.

 

Літ.: Гарбінскі БРД.

 

93.         ВЕЧАР Алесь (12(25).3.1905, в. Машчыцы Слуцкага пав. Менскай губ. – 4.4.1985, Менск), паэт, біёляг. Пачатковую адукацыю атрымаў у Слуцку. У 1923 паступіў у Слуцкі сельгастэхнікум. У 1925-29 студэнт агранамічнага ф-ту Беларускай сельгасакадэміі (Горкі). Першы верш апублікаваў у 1926 у час. «Аршанскі маладняк». Быў адным з кіраўнікоў Аршанскай філіі «Маладняка», у 1928-30 узначальваў Менскую філію БелАПП. Першую кніжку вершаў апублікаваў у 1930. У 1930-31 працаваў выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме мэханізацыі сельскай гаспадаркі. У 1931 паводле абвінавачаньня ў прыналежнасьці да кулацкай сям‘і выключаны з КП(б)Б. У пошуках працы выехаў за межы Беларусі. У 1932-33 аграхімік Сочынскай заалягічнай досьледнай станцыі. У 1933 вярнуўся ў Беларусь. Паводле сьведчаньня С.Кандыбовіча, у 1933 быў арыштаваны, але неўзабаве вызвалены. З 1933 працаваў у НДІ харчовай прамысловасьці БССР. З 1937 у Інстытуце харчовай прамысловасьці ў Краснадары. З 1959 у Інстытуце біялёгіі АН БССР, з 1970 у Інстытуце экспэрымэнтальнай батанікі АН БССР. Доктар біялягічных навук, прафэсар (1951). Акадэмік АН БССР (1966). Заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі Беларусі (1975). Член СП Беларусі з 1978.

 

Тв.: Кола дзён: Вершы. – Менск, 1930; Основы физической биохимии. – Менск, 1966; Зварот да слова: Вершы. – Менск, 1977; Фізіялёгія і біяхімія бульбы. – Менск, 1979 (у сааўт. з М.Ганчарыкам); Водородные ионы в биосфере. – Менск, 1986.

Літ.: Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў. – Менск, 1928; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000; Шушкевіч С. Шчодрасьць душы // ЛіМ. 1980, 21 сак.; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.

 

94.         ВІТАЛІН Змітро (сапр.: Сергіевіч Зьміцер Рыгоравіч; 8.8.1912, в. Сухое Пінскага пав. Менскай губ., цяпер Іванаўскі р-н), паэт, празаік, журналіст. З 1915 быў з бацькамі ў эвакуацыі ў Бранску. Улетку 1919 вярнуліся ў Беларусь у Калінкавічы. У 1928 скончыў Калінкавіцкую васьмігодку. З 1929 у Менску. Набыў спэцыяльнасьць электраманцёра і працаваў у Радыёцэнтры БССР радыёманцёрам, потым карэспандэнтам. Друкуецца з 1930. Член БелАПП з 1930. Сакратар час. «Шляхі калектывізацыі». Зь вясны 1932 адказны сакратар крычаўскай раённай газэты. У вер. 1932 паступіў вучыцца на творчае аддзяленьне МВПІ. Арыштаваны ГПУ БССР 23.2.1933 у справе «Беларускай народнай Грамады». Асуджаны на ссылку 10.8.1933. Знаходзіўся ў «Сіблагу» каля Томску. Вярнуўся ў Калінкавічы ў канцы 1935. Адбыўшы вайсковую службу, працаваў на фанэрнай фабрыцы ў Мазыры. Быў карэспандэнтам газ. «Бальшавік Палесься». У вайну на фронце. З канца 1943 карэспандэнт дывізійнай газэты «Вперёд за Родину!». З чэрв. 1945 у рэдакцыі газ. «За честь Родины», якая дысьлякавалася ў Вене. У 1950 пераведзены ў адэскую акруговую газ. «Защитник Родины». У 1956 накіраваны ў Будапешт, дзе працаваў у рэдакцыі газэты групы войскаў «Ленинское знамя». Дэмабілізаваны ў 1961 у чыне маёра. Вярнуўся ў Адэсу. З 1961 на творчай рабоце.

 

Тв.: Будзем жыць: Вершы. – Менск, 1932. Літ.: Пруднікаў П. Абарваная струна // Чырвоная змена. 1985, 17 кастр.; БП, т. 2, 6.

 

95.         ВІТКОЎСКІ Іван (20.4(2.5).1888, в. Чэрчыцы Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Шумілінскі р-н – 27.12.1937, Менск, НКВД), гісторык. У 1912 скончыў Пецярбурскую каталіцкую духоўную сэмінарыю, 2 курсы Петраградзкай духоўнай акадэміі (1914). З канца 1916 вікарый у Мазыры. Пазбаўлены духоўнага сану ў 1918. Пераехаў у Растоў-на-Доне, дзе ў гімназіі выкладаў лацінскую мову, гісторыю і псыхалёгію. У 1919 дабраахвотнікам пайшоў у Чырвоную армію; у 1920 паранены. У ВКП(б) з 1920. У 1921 вярнуўся на Радзіму; працаваў у савецкіх і партыйных ворганах у Воршы і Сяньне, прарэктарам Віцебскага вэтэрынарнага інстытуту. З 1925 у Менску, выкладчык Камуністычнага ун-ту, нам. загадчыка польскага аддзелу Інбелкульту, нам. дырэктара, з 1932 дырэктар Інстытуту польскай пралетарскай культуры БелАН. Адначасова загадчык катэдры гісторыі МВПІ. Прафэсар з 1932. Вывучаў паўстаньне 1863-64, сувязі паміж рэвалюцыйнымі рухамі Беларусі, Польшчы, Расеі. Арыштаваны 26.7.1933. Паводле пастановы пазасудовага воргану ад 27.2.1934 накіраваны на 3 гады ў лягеры. Знаходзіўся ў Марыінску (Сібір). Пасьля вызваленьня жыў у Ленінградзкай вобл. (Баравічы), працаваў рахункаводам і выкладаў лацінскую мову. Зноў арыштаваны 22.2.1937 у справе «Польскай вайсковай арганізацыі». Этапаваны ў Менск, дзе расстраляны. Рэабілітаваны ў 1959.

 

Тв.: 1863 г. на Меншчыне. – Менск, 1927 (разам з О.Яневічам, Л.Лехам); Паўстаньне 1863 г. і расейскі рэвалюцыйны рух пачатку 1860 гадоў. Кн. 3. – Менск, 1931; Рэвалюцыйныя гурткі 70 гг. на Беларусі // Полымя. 1929, №4; «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаньнем 1863 // Полымя. 1930, №4.

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

96.         ВОЛЬНЫ Анатоль (сапр.: Ажгірэй Анатоль Іўсьцінавіч; 19.11(2.12).1902, ст. Пухавічы Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт, празаік, кінадраматург, журналіст. Вучыўся ў Ігуменскай гімназіі (паступіў у 1911). У 1920 пайшоў добраахвотнікам у Чырвоную армію. Пасьля дэмабілізацыі ў 1921 працаваў у ЦК ЛКСМБ; у газ. «Малады араты». Вучыўся ў БДУ. Публікаваўся з 1921. У 1920-30-х г. быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. З 1923 у літаб‘яднаньні «Маладняк». Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў бел. прозе. Член СП Беларусі з 1934; заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1935). Паводле сцэнарыяў В. пастаўленыя фільмы. Арыштаваны 4.11.1936; вынесены сьмяротны прысуд. Расстраляны ў Менску. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Камсамольская нота: Вершы. – Менск, 1924 (з А. Александровічам); Ваўчаняты: Раман беларускіх лясоў / Суаўт. А.Александровіч, А.Дудар. – Менск, 1925 (2-е выд. 1929); Два: Аповесьць. – Менск, 1925; Чарнакудрая радасьць: Вершы. – Менск, 1926; Барацьбіт: Зборнік. – Менск, 1927; Зборнік фэльетонаў. – Менск, 1927; Табе: Вершы. – Менск, 1927; Суседзі: Гумарэскі і фэльетоны. – Менск, 1932; Шасьцідзясятая паралель: Кінааповесьць. – Менск, 1935.

Літ.: Айзенштадт Г. Ждите нас, звезды!: Докум. очерк о комс. поэте, журналисте и сценаристе А.Вольном // Знамя юности. 1978, 5 окт.; Айзенштат Г. Зь ліку першапраходцаў // Чырвоная змена. 1981, 21 крас.; Брадзянскі Б. На шляху да рэалізму: Пра творчасьць кінадраматурга А.Вольнага // ЛіМ. 1935, 16 сак.; Шушкевіч С. Талент, загартаваны Кастрычнікам: Да 70-годзьдзя з дня нараджэньня А.Вольнага // ЛіМ. 1972, 1 сьнеж.; Яго ж. Яго ўспамінаюць добрым словам // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. Т. 2. – Менск, 1978; БП, т. 2.

 

97.         ВОЎК-ЛЕВАНОВІЧ Язэп (6.11.1891, хутар Лявонаўка Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Асіповіцкі р-н – 19.8.1943, ГУЛАГ), мовазнавец. У 1911 скончыў Бабруйскую гімназію і паступіў на гісторыка-філялягічны ф-т Пецярбурскага ун-ту. З пачаткам 1-й сусьветнай вайны пайшоў дабраахвотнікам у войска. Быў паранены. У лют. 1918 дэмабілізаваўся, вярнуўся на Радзіму. Тут перажыў нямецкую і польскую акупацыі. Выкладаў у Бабруйскай і Клецкай гімназіях расейскую і лацінскую мовы. У жн. 1920 мабілізаваны ў Чырвоную армію. Дэмабілізаваўся ў 1922. Скончыў Петраградзкі ун-т (1923). Прыехаў у Менск, дзе выкладаў бел. мову ў польскім і гэбрайскім пэдтэхнікумах. Зь лют. 1924 у БДУ на катэдры гісторыі бел. мовы. Адначасова з 1927 навуковы сакратар Камісіі па ўкладаньні гістарычнага слоўніка беларускай мовы Інбелкульту. У 1929-30 працаваў у Інстытуце мовазнаўства БелАН. Асноўныя сфэры навуковых інтарэсаў – гісторыя бел. мовы і бел. дыялекталёгія. У вер. 1930 вымушаны выехаць зь Беларусі. Працаваў у Саратаве ва ун-це, з 1931 – у пэдінстытуце. Зь вер. 1934 у Арэнбурскім пэдінстытуце. Арыштаваны 17.9.1937. Сасланы ў лягер на Поўначы. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны.

 

Тв.: Лекцыі з гісторыі беларускай мовы. Уступ і фанэтыка. – Менск, 1927 (факсымільнае выд. 1994); Гістарычнае вывучэньне беларускай мовы ў славянскай філялёгіі: Гісторыка-мэтадалягічны нарыс // Працы БДУ. 1925, №6-7; Мова выданьняў Францішка Скарыны // Чатырохсотлецьце беларускага друку. – Менск, 1926; Форма «прошлага ў будучым» у мове дакумэнтаў «Літоўскай мэтрыкі» // Працы БДУ. 1927. Т. 16; Ещё к вопросу о «ляшских» чертах в белорусской фонетике // Slavia (Praha). 1930. R. 9. Seљ. 3.

Літ.: Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцьця і навуковай дзейнасьці. – Менск, 1985. С. 115–126; Возвращенные имена; Беларуская мова.

 

98.         ВЫДРА Рувім (1894, Дзьвінск – 28.6.1938, Менск, НКВД), філёзаф, публіцыст. У 1930-я г. прафэсар БДУ, старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі і права БелАН. У кастр. 1937 выключаны з ВКП(б). Арыштаваны 6.3.1938. У чэрв. 1938 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 4.8.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

99.  ВЯРСОЦКІ Янка (17.2.1888, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ. – 22.12.1937, Алма-Ата, НКВД), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч. У 1904-08 вучыўся ў Ашмянскай гарадзкой 3-кл. вучэльні. 6.4.1909 пасьпяхова здаў іспыт на званьне аптэкарскага вучня пры экзамэнацыйнай камісіі Пецярбурскай навучальнай акругі. У 1910-15 вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пецярбургу. Падчас вучобы наведваў культурна-асьветны гурток бел. студэнтаў-клерыкаў. У 1915 пасьвечаны ў сьвятары. Служыў вікарыем парафіяў сьв. Тройцы ў Менску і Смаленску. Удзельнік 1-га зьезду беларускага каталіцкага духавенства (Менск, 24-25.5.1917). Член Саюзу ксяндзоў-беларусаў. З 1919 адміністратар парафіі Забелы Дрыса-Себескага дэканату Віцебскай губ. 8.8.1927 арыштаваны ОГПУ. Прысуджаны да 3 гадоў лягераў. З 1.1.1928 – на Салаўках. Пасьля сканчэньня тэрміну зьняволеньня зноў арыштаваны і высланы ў Алма-Ату (Казахстан). У высылцы арыштаваны чарговы раз; 11.12.1937 прысуджаны да сьмяротнага пакараньня. Расстраляны ў турме НКВД.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. – Vilnia, 1939.

 

100.      ГАВАРУШКА Яўхім (15.10.1911, в. Востраў Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. – 3.6.1992, Смалявічы Менскай вобл.), празаік, публіцыст, пэдагог. Выхоўваўся ў дзіцячым доме ў Бабруйску. У 1935 скончыў МВПІ. Выкладаў бел. мову і літаратуру ў Смалявічах. Арыштаваны 9.12.1936. Асуджаны 2.10.1937 на 6 гадоў пазбаўленьня волі і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Смалявічы. Рэабілітаваны ў 1955. Працаваў настаўнікам і дырэктарам дзіцячага дому. Уклаў кнігу рэпрэсаванага акадэміка І.Замоціна «Творы» (Менск, 1991). У апошнія гады жыцьця складаў анталёгію паэзіі рэпрэсаваных паэтаў «Песьня падуладных». Пахаваны ў Смалявічах.

 

Тв.: Калецтва: Апавяданьне // Узвышша. 1930, №6; На дороге // Советская Отчизна. 1959, №6; Колас і Замоцін // Маладосць. 1982, №11.

Літ.: БП, т. 6.

 

101.      ГАДЫЦКІ-ЦЬВІРКА Кастусь (5(17).4.1880, Менск – пасьля 1931), пэдагог, публіцыст. У 1898 скончыў Менскую клясычную гімназію, у 1903 – фізыка-матэматычнае аддзяленьне Маскоўскага ун-ту. У 1903-23 выкладчык Слуцкай гімназіі, Дзьвінскай і Менскай рэальных вучэльняў, Менскага настаўніцкага інстытуту (з 1920 Менскі інстытут народнай адукацыі), Менскіх пэдагагічнага і політэхнічнага тэхнікумаў, рабфаку БДУ. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду (сьнеж. 1917, Менск). У чэрв. 1918 сябра камісіі БНР у арганізацыі Беларускага ун-ту; у кастр. 1918 увайшоў у Беларускі настаўніцкі саюз. Друкаваўся ў 1919 у менскай газ. «Звон». У 1920 ад Інстытуту народнай адукацыі абраны ў склад Менскай камісіі ў справе ўтварэньня БДУ. Выкладаў у БДУ. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выданьня «Беларускай навуковай тэрміналёгіі» («Элемэнтарная матэматыка», 1922; «Слоўнік матэматычнай тэрміналёгіі», 1927). У сьнеж. 1931 з абвінавачаньнем ў нацыянал-дэмакратызме выключаны з БДУ. Далейшы лёс невядомы.

 

Тв.: Дзеці // Звон. 1919, №14; Успамін // Звон. 1919, №19.

Літ.: Карский Е.Ф. Белорусы. – Т. 3, вып. 3. С. 437; ЭГБ, т. 2.

 

102.      ГАЙКА Сяргей (1912, в. Ясьвілы Гарадзенскай губ. – 11.5.1989, Сібір), стыльрэдактар. У пачатку 1930-х вучыўся ў МБПТ разам з Л.Калюгам, Л.Мараковым (брат В.Маракова), С.Астрэйкам, У.Дудзіцкім, М.Кавылём, Ф.Гінтаўтам, У.Сядурам. Пасьля сканчэньня працаваў у бел. пэрыядычных выданьнях у Менску. Арыштаваны ГПУ БССР 25.2.1933 у справе «Беларускай народнай Грамады». Асуджаны 10.8.1933. Сасланы ў Сібір, дзе і застаўся пасьля вызваленьня. У 1980-я г. перапісваўся з Я.Брылём. Рэабілітаваны 24.8.1956.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

103.      ГАЙЛЕВІЧ Язэп (26.2.1893, в. Дразды Дзісенскага пав. Віленскай губ. – 18.10.1971), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог. У 1913 паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Пецярбургу. З-за падзеяў 1917-18 у Расеі быў вымушаны перапыніць вучобу. Заняткі прадоўжыў у Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. 29.2.1920 пасьвечаны ў сьвятары. У 1920-21 вікары ў мяст. Друя Браслаўскага пав. У 1921-34 адміністратар у Бальбінаве Дзісенскага пав. У 1934-35 вікары ў касьцёле Сэрца Ісуса ў Рэзекне (Латвія). У 1935-43 вікары ў касьцёле Панны Марыі ў Дзьвінску, адначасова выкладаў Закон Божы ў бел. школах. Прымаў удзел у культурным і грамадзкім жыцьці беларусаў Латвіі. У 1943-49 адміністратар касьцёла ў Бальбінаве. У 1949 арыштаваны ворганамі МГБ. З абвінавачаньнем у нацыяналістычнай дзейнасьці асуджаны на 10 гадоў лягераў. Да 22.6.1956 знаходзіўся ў лягеры ў Мардовіі. У 1956-59 служыў адміністратарам касьцёла ў мясцовасьці Рундак (Латвія). У 1959-71 адміністратар касьцёла ў Бальбінаве.

 

 Літ.: Гарбінскі БРД.

 

104.      ГАЛАВАЧ Платон (5(18).4.1903, в. Пабокавічы Бабруйскага пав. Менскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), празаік, рэдактар. У 1922-23 інструктар Барысаўскага павятовага камітэту камсамолу, з 1926 загадчык аргаддзелу, з 1928 першы сакратар ЦК ЛКСМБ. У 1929-30 нам. наркама асьветы БССР. У 1922-23 вучыўся ў Менскай партшколе, у 1926 скончыў Камуністычны ун-т Беларусі. Быў рэдактарам газ. «Чырвоная зьмена», час. «Маладняк», «Полымя». Зьяўляўся адным зь лідэраў літаратурных аб‘яднаньняў «Маладняк» і БелАПП. Друкавацца пачаў з 1921. Першае бел. апавяданьне «Загубленае жыцьцё» апублікавана ў газ. «Савецкая Беларусь» у 1925. У 1927 выйшла першая кніга апавяданьняў «Дробязі жыцьця». Тэматыка шматлікіх аповесьцяў, апавяданьняў, нарысаў зьвязаная з грамадзянскай вайной і жыцьцём вёскі. Яго творы карысталіся посьпехам, яны перакладаліся на польскую, украінскую, чэскую, гэбрайскую мовы. Арыштаваны 10.8.1937. Прысуджаны да расстрэлу 28.10.1937 выязной сэсіяй Вярхоўнага суду СССР. Рэабілітаваны 28.7.1956. Многія творы засталіся няскончанымі, у тым ліку кніга пра паўстаньне 1863-64 і К.Каліноўскага. Імем Г. названыя вуліца і завулак у Бабруйску; у 1968 на будынку Гарбацэвіцкай школы Бабруйскага р-ну, дзе вучыўся Г., адкрытая мэмарыяльная дошка.

 

Тв.: Зб. тв.: У 3 т. – Менск, 1958; Пісьмы // Полымя. 1963, №4; Некалькі слоў пра сябе // Пра час і пра сябе. – Менск, 1966; Праз гады. – Менск, 1992; Спалох на загонах. – Менск, 1996.

Літ.: Булацкі Р., Карніловіч Э. Платон Галавач – публіцыст. – Менск, 1973; Бугаёў Дз. З кагорты першых // Бугаёў Дз. Талент і праца. – Менск, 1979; Каленкович И. Творчество Платона Галавача: (Жанрово-стилевое своеобразие): Автореферат дис. канд. филол. н. Менск, 1979; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.

 

105.      ГАЛАВІНСКІ Аляксандар (кастр. 1886, в. Муравільле Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Касьцюковіцкі р-н – 1937?, Ніжні Ноўгарад, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, рэдактар. У 1912 скончыў Кіеўскі політэхнічны інстытут. Падтрымліваў кантакты з эсэрамі; арыштоўваўся за ўдзел у студэнцкім руху. З 1918 сябра прэзыдыюму Кіеўскай беларускай рады, прадстаўнік ураду БНР ва Ўкраіне. З канца 1918 у Горадні, дарадца МЗС БНР. У 1919 затрыманы румынскімі ўладамі. З 1921 у Літве, старшыня Беларускай нацыянальнай сувязі, замежнага ЦК БПС-Р (у Коўне). Выдаваў час. «Покліч». Удзельнічаў у ліквідацыі ўраду БНР на Бэрлінскай канфэрэнцыі ў кастр. 1925. У 1927 арыштаваны літоўскімі ўладамі. Пасьля вызваленьня пераехаў у СССР. Працаваў у ВСНГ БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі ГПУ БССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

106.      ГАЛАДЗЕД Мікалай (9(21).5.1894, с. Стары Крывец Навазыбкаўскага пав. Чарнігаўскай губ., цяпер Навазыбкаўскі р-н Бранскай вобл., Расея – 21.6.1937, Менск, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст. Скончыў рабфак Горы-Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту. У 1-ю сусьветную вайну ў царскай арміі. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Расеі. З 1918 у ВКП(б). У 1918-21 на адміністрацыйнай рабоце ў Навазыбкаўскім пав. У 1921-24 старшыня выканкаму Горацкага Савету. З 12.12.1925 2-і сакратар ЦК КП(б)Б; з 7.5.1927 да 30.5.1937 старшыня СНК БССР. Арыштаваны 14.6.1937 у Маскве; накіраваны ў Менск, дзе ў часе допыту ў будынку НКВД выкінуўся з вакна 5-га паверху. Рэабілітаваны ў 1956. Яго імем названы вуліца і праезд у Менску.

 

 Літ.: Якутов В. Н.М. Голодед: Страницы биографии. – Менск, 1981; Страницы истории Компартии Белоруссии: суждения, аргументы, факты. – Менск, 1990; ЭГБ, т. 2.

 

107.      ГАЛУБОК Уладзіслаў (Голуб Уладзіслаў Язэпавіч; 3(15).5.1882, станцыя Лясная Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н – 28.9.1937, Менск, НКВД), драматург, празаік, рэжысэр, акцёр, мастак. Вучыўся ў менскіх мастакоў. Пачаў літаратурную дзейнасьць як паэт і празаік у 1908: друкаваўся ў газ. «Наша ніва», час. «Лучынка», альманаху «Маладая Беларусь» і інш. У 1913 выдаў зборнік «Апавяданьні» (Пецярбург). З 1917 выступаў як драматург; напісаў каля 40 п‘ес, якія шырока ставіліся ў бел. тэатрах. У ліп. 1915 – пачатку 1917 адзін з кіраўнікоў Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (Менск). У 1917-20 выступаў як акцёр і рэжысэр у Першым таварыстве беларускай драмы і камэдыі. Улетку 1920 узначаліў Драматычную сэкцыю культурна-асьветніцкай арганізацыі «Папараць-кветка» ў Слуцку. У 1920 арганізаваў у Менску Трупу беларускіх артыстаў (з 1926 Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр, з 1932 Беларускі трэці дзяржаўны тэатар з базай у Гомелі). Першы народны артыст Беларусі (1928). Як мастак-дэкаратар афармляў пастаноўкі ўсіх сваіх п‘ес. Арыштоўваўся ў 1919, 15.2.1920 і ў вер. (студз. ?) 1924. З канца 1920-х г. пачаўся перасьлед Г. Ён быў адхілены ад мастацкага кіраўніцтва БДТ-3. Арыштаваны 21.6.1936. Расстраляны ў 1937 г. Рэабілітаваны 26.8.1957.

 

Тв.: П‘есы. – Менск, 1968; Творы: Драматургія; Паэзія; Проза; Публіцыстыка. – Менск, 1983.

Літ.: Атрошчанка А. Уладзіслаў Галубок. – Менск, 1969; Адхінуўшы заслону часу…: Успаміны пра Уладзіслава Галубка. – Менск, 1979; Карабанава Л. В. Драматургія Уладзіслава Галубка. – Менск, 1982; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.

 

108.      ГАНСЯРОЎСКІ Віктар лацініст, публіцыст, літаратар, падарожнік. У 1920-х – 1-й палове 1930-х выкладаў лацінскую мову ў Наваградзкай беларускай гімназіі. Вязень ГУЛАГу. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Наваградак, дзе і памёр.

 

Літ.: Чэмер А. (Анішчык А.) Наваградзкая Беларуская Гімназія. – Вільня, 1997.

 

109.      ГАНЧАРЫК Міхал (12(24).11.1899, в. Кляньнік Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Смалявіцкі р-н – 11.4.1986, Менск), вучоны-біёляг, пісьменьнік. У 1914 скончыў Ігуменскую пачатковую вучэльню. Першыя вершы апублікаваныя ў 1914 у газ. «Наша ніва». У 1917-24 вучыўся ў Горы-Горацкім земляробчым інстытуце, дзе ўзначальваў Беларускую сэкцыю студэнтаў. У 1925-28 кіраўнік Аршанскай філіі «Маладняка». Выступаў зь літаратурна-крытычнымі артыкуламі і рэцэнзіямі. Друкаваўся ў газ. «Вольная Беларусь», «Беларусь», час. «Аршанскі маладняк», «Рунь», «Зоркі». У 1924-29 працаваў у Беларускай сельгасакадэміі (БСГА). З 1929 працаваў у Інстытуце біялёгіі БелАН, з 1931 нам. дырэктара, в.а. дырэктара. Арыштаваны 14.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Паводле пастановы ОГПУ СССР ад 9.1.1934 прысуджаны да 10 гадоў лягераў; накіраваны на будоўлю Байкала-Амурскай магістралі. Пасьля вызваленьня з 1947 старшы навуковы супрацоўнік Арлоўскай досьледнай станцыі. Арыштаваны 15.2.1949 УГБ Арлоўскай вобл. Пастановай Асобай нарады ад 18.5.1949 высланы на пасяленьне ў Краснаярскі край. У 1949-56 працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, дырэктарам Ігарскай досьледнай станцыі Інстытуту сельскай гаспадаркі Крайняй Поўначы. Знаходзячыся ў высылцы, распрацаваў асновы палярнага земляробства. Вызвалены ў ліп. 1954. Рэабілітаваны 18.4.1956. З 1956 у БСГА, з 1958 старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту біялёгіі АН БССР, у 1961-86 загадчык аддзелу, дырэктар, загадчык лябараторыі Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі АН БССР. З 1960 доктар біялягічных навук, прафэсар; з 1969 член-карэспандэнт АН БССР; з 1972 заслужаны дзяяч навукі БССР. Аўтар шматлікіх навуковых прац зь фізіялёгіі і біялёгіі расьлін. Аўтар кнігі пра прэзыдэнта АН БССР В.Купрэвіча «Рэвалюцыянэр, арганізатар, вучоны» (1981). Апошнія гады працаваў над кнігай мэмуараў, якія не пасьпеў скончыць. Пахаваны ў Менску на Паўночных могілках.

 

Тв.: Фізіялёгія і біяхімія бульбы. – Менск, 1979 (разам з А.Вечарам); Праз гады і дзесяцігодзьдзі: (Успаміны) // ЛіМ. 1981, 21 жн. Літ.: Вечер А., Смоляк Л., Иванченко В. М.Н.Гончарик // Весці АН БССР. Сэрыя біяляг. н. 1969, №6; Возвращенные имена; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.

 

110.      ГАРАЎСКІ Вільгельм (19.4.1908, Барысаўшчына – 27.8.1937, Менск, НКВД), празаік. Як адзначаў М.Гарэцкі, «пад уплывам польскага патрыятызму» ў 1921 выехаў у Польшчу. Знаходзіўся там два месяцы. Калі скончыліся грошы, бо працы так і не знайшоў, вярнуўся ў БССР. Трапіў у Інстытут сацыяльнага перавыхаваньня ў Менску, адкуль потым уцёк і як беспрытульнік вандраваў па Ўкраіне і Каўказе. У 1922 вярнуўся ў інстытут. Настаўнічаў. Пісаў апавяданьні, друкаваўся ў менскіх і бабруйскіх выданьнях. У 1931 браў удзел у Першым усесаюзным зьезьдзе польскіх пралетарскіх пісьменьнікаў (гл. «Полымя». 1931, №8). Арыштаваны ў пачатку 1937. Расстраляны.

 

Літ.: Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. – Менск, 1992; Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

111.      ГАРБУК Вісарыён (11(24).11.1913, в. Шкілякі Полацкага пав. Віцебскай губ. – 8.8.1986, Пяцігорск, Расея), празаік. Скончыў пэдтэхнікум у Лепелі. З 1933 працаваў настаўнікам і вучыўся завочна, з 1935 стацыянарна на літаратурным ф-це МВПІ. Пісаў вершы, займаўся ў сэкцыі паэтаў-пачаткоўцаў пры СП БССР. Арыштаваны 26.4.1936, сасланы на Калыму. Вызвалены ў 1940. Працаваў настаўнікам у Мехаўскай школе (Гарадоцкі р-н). У 1941-46 у Чырвонай арміі; ваяваў пад Масквой, у Беларусі, пад Варшавай, у Бэрліне. Франтавая хвароба на 14 гадоў прыкавала Г. да шпітальнага ложка; інвалід 1-й групы. Жыў у Пяцігорску. Літаратурнай працай стала пачаў займацца ўжо цяжка хворым. Публікаваўся ў расейскім друку з 1957, у беларускім – з 1961. Першы зборнік апавяданьняў выйшаў у 1963 у Менску. Перакладаў на бел. мову казкі народаў Паўн. Каўказу (зборнік «Напітак волатаў», Менск, 1969). У 1971 паводле яго апавяданьня «Твар у палоску» зьняты тэлефільм. Член СП Беларусі з 1963. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1979).

 

Тв.: Горад без папугайчыкаў: Выбр. тв. – Менск, 1983; Лицо в полоску: Рассказы. – Менск, 1967; Мышки и мишки: Рассказы. – Ставрополь, 1974.

Літ.: Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. – Менск, 1984; БП, т. 2.

 

112.      ГАРОДНЯ Алесь (сапр.: Функ Аляксандар Эраставіч; 8.1.1899, Перм, Расея – 12.9.1944, ГУЛАГ), празаік, крытык, рэдактар. Паходзіў зь нямецкай сям‘і, якая мела маёнткі на Пружаншчыне. У 1917 прыехаў зь Фінляндыі ў Маскву, дзе стаў членам мясцовай арганізацыі БСГ. Працаваў тэхнічным рэдактарам час. «Чырвоная Беларусь». Друкавацца пачаў у 1925. Сябра «Літаратурнай камуны». У літаратуры 1920-х у асноўным вядомы як крытык, стаяў на пазыцыях ваяўнічага вульгарнага сацыялягізму. Апалягет пралетарскай клясавай культуры. Арыштаваны з абвінавачаньнем у нацыянал-дэмакратызме 3.11.1930; у зьняволеньні да 1934. Зноў арыштаваны 30.11.1935. У высылцы ў Самаркандзкай вобл. Узбэкістану 19.12.1942 прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Памёр у зьняволеньні.

 

Тв.: На крэсах: Аповесьць. – Менск, 1927; Варта на Рэйне: Аповесьць. – Менск, 1930.

Літ.: Мікуліч Б. Пра аповесьці Гародні // Літ. дадатак да газ. «Савецкая Беларусь». 1928, 28 жн.; Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: (20 – 30-я гады). – Менск, 1975; БП, т. 2.

 

113.      ГАРТНЫ Цішка (сапр.: Жылуновіч Зьміцер Хведаравіч; 23.10(4.11).1887, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ. – 11.4.1937, Магілёў, вар‘ятня), пісьменьнік, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905-07. Працаваў рамесьнікам-гарбаром у Капылі, Літве, Украіне, на заводзе ў Пецярбургу. Друкавацца пачаў з 1908 у газ. «Наша ніва». Першая кніга «Piesni» выйшла ў 1913. У 1918 сакратар Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Рэдактар першай бел. бальшавіцкай газ. «Дзяньніца». З кастр. 1918 у РКП(б). З 1.1. да 3.2.1919 старшыня Часовага ўраду Савецкай Беларусі. Потым палітработнік Чырвонай арміі. У 1921 у Бэрліне наладзіў выданьне бел. кніг. Пасьля вяртаньня ў Менск рэдактар газ. «Савецкая Беларусь», ініцыятар стварэньня літ. аб‘яднаньня і час. «Полымя», узначальваў Дзяржвыдавецтва БССР і Цэнтральны архіў БССР, працаваў нам. наркама асьветы БССР, у Інстытуце гісторыі БелАН. Акадэмік БелАН з 1928. Выключаны з ВКП(б) 16.1.1931 з фармулёўкай «за сувязь з (…) нацдэмаўскімі і фашысцкімі элемэнтамі». Арыштаваны 15.11.1936. 7.4.1937 пераведзены ў Магілёўскую псыхіятрычную лякарню, дзе і памёр (паводле афіцыйнай вэрсіі ад гангрэны лёгкіх; паводле іншых зьвестак – скончыў жыцьцё самагубствам). Пахаваны на ўскраіне Пячэрскага парку ў Магілёве. На выяўленым месцы пахаваньня 11.4.1989 устаноўлены помнік. Рэабілітаваны ў грамадзянска-прававых адносінах 15.10.1955. Цалкам (палітычна) рэабілітаваны 10.9.1987. Яго імем названыя вуліцы ў Менску, Капылі.

 

Тв.: Зб. тв.: У 4 т. Менск, 1929-1932; Зб. тв: У 4 т. Менск, 1987-1989. Насустрач сонцу: Выбр. апавяданьні. – Менск, 1978.

Літ.: Клачко А. Цішка Гартны: (Крытычна-біяграфічны нарыс). – Менск, 1961; Ялугін Э. Без эпітафіі: Дакумэнтальная аповесьць. – Менск, 1989; Успаміны пра Цішку Гартнага. – Менск, 1984; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3; Возвращенные имена.

 

114.      ГАРЭЦКІ Гаўрыла (28.3(10.4).1900, в. Малая Багацькаўка Мсьціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер в. Багацькаўка Мсьціслаўскага р-ну – 20.11.1988, Менск), геоляг, географ, эканаміст, статыстык, дэмограф, публіцыст, грамадзкі дзяяч. Брат М.Гарэцкага. У 1917-19 супрацоўнічаў зь Беларускай сэкцыяй студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту. Адзін з ініцыятараў выданьня і аўтараў зборніка «Маладая Беларусь» (1922). Арыштаваны ОГПУ у вер. 1922 у Маскве; вызвалены празь месяц. У 1924 скончыў Пятроўскую (Ціміразеўскую) сельгасакадэмію. З 1925 дацэнт БСГА; з 1927 дырэктар Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі пры СНК БССР. З 1928 акадэмік БелАН. Распрацоўваў шляхі рэалізацыі папулярнай у 1920-я ў БССР канцэпцыі «Беларусь – «чырвоная» Данія». Аўтар прац у эканоміцы, эканамічнай геаграфіі, фальклёры. Арыштаваны ГПУ БССР 24.7.1930 у справе «Працоўнай сялянскай партыі». Пазбаўлены званьня акадэміка 6.12.1930. Асуджаны 6.6.1931 на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены ў 1934. Працаваў у геалягічных экспэдыцыях Гідрапраекту СССР. Арыштоўваўся ў 1937 і 1938. У 1946 стаў доктарам геоляга-мінэралягічных навук. Рэабілітаваны 22.4.1958; адноўлены ў званьні акадэміка ў ліп. 1965. З 1969 да 1985 загадчык аддзелу (з 1977 лябараторыі) геалёгіі і палеапатамалёгіі антрапагена Інстытуту геахіміі і геафізікі АН БССР. З 1972 заслужаны дзяяч навукі БССР. Яго імем названыя многія віды выкапнёвых расьлін і жывёл. У 1997 створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

 

Тв.: Расейска-беларускі слоўнік. – Смаленск, 1918 (2-е выд. Вільня, 1920; разам з М.Гарэцкім); Народны прыбытак Беларусі. – Менск, 1926; Межы Заходняй Беларусі ў Польшчы: (Нацыянальны склад насельніцтва Заходняй Беларусі). – Менск, 1928; Нацыянальныя асаблівасьці насельніцтва БССР і беларускага насельніцтва СССР паводле перапісу 1926 г. – Менск, 1929; Аллювий великих антропогеновых прарек Русской равнины. Прареки Камского бассейна. – Маск., 1964; Формирование долины р. Волга в раннем и среднем антропогене. Аллювий Пра-Волги. – Маск., 1966; Аллювиальная летопись великого Пра-Днепра. – Маск., 1970; Асноўныя вынікі вывучэньня антрапагену Беларусі ў Акадэміі навук БССР // Дасьледаваньні антрапагену Беларусі. – Менск, 1978; Каля вытокаў беларускай савецкай навукі // Весці АН БССР. Сэрыя грамад. н. 1979, №1; Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). – Менск, 1980; Палеопотамологические эскизы Палео-Дона и Пра-Дона. – Менск, 1982.

Літ.: Бібліяграфія навуковых прац акадэміка АН БССР Г.Гарэцкага. – Менск, 1980; Илькевич Н. Академик Гавриил Горецкий: первое столкновение с ГПУ. К истории высылки за границу отечественной интеллигенции в 1922 году. – Смоленск, 1998; Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі : Успаміны, артыкулы, дакументы. – Менск, 2000; Кригер Н.И. О жизни и научной деятельности Г.И. Горецкого // Бюллетень Комиссии по изучению четвертичного периода. №37. М., 1970; Меннер В., Никифорова К. Ровесник века // Известия АН СССР. Серия геолог. н. 1976, №5; Гарэцкая Г. Дзядзька Гурык // Полымя. 1993, №1; Гарэцкі Р. Першы арышт // ЛіМ. 1993, 27 жн., 3 верас.; ЭГБ, т. 2.

 

115.      ГАРЭЦКІ Максім (6(18).2.1893, в. Малая Багацькаўка Мсьціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер в. Багацькаўка Мсьціслаўскага р-ну – 10.2.1938, Вязьма Смаленскай вобл., НКВД), клясык беларускай літаратуры, празаік, драматург, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык, лексыкограф, фальклярыст. Брат Г.Гарэцкага. У 1913 скончыў Горацкую каморніцка-аграрную вучэльню. У 1913-14 працаваў у Вільні чарцёжнікам і каморнікам. Публікавацца пачаў з 1912 (газ. «Наша ніва»); першы зборнік выйшаў у 1914 («Рунь», Вільня). У 1916 скончыў Паўлаўскую вайсковую вучэльню ў Петраградзе. Быў паранены на фронце. У 1917 служыў у Смаленскім Савеце, супрацоўнічаў з газ. «Известия Смоленского Совета». Са жн. 1918 супрацоўнік газ. «Звезда», з рэдакцыяй якой пераехаў спачатку ў Менск, потым у Вільню. У гэты час Вільня была ўзятая польскімі войскамі. Выкладаў бел. мову на настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. У сьнеж. 1920 – ліп. 1921 рэдактар і выдавец газ. «Наша думка», зь вер. 1921 – газ. «Беларускія ведамасьці». У 1922 двойчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У кастр. 1923 перабраўся ў БССР. Выкладаў мову і літаратуру на рабфаку БДУ і ў Камуністычным ун-це Беларусі; загадваў катэдрай бел. мовы, літаратуры і гісторыі Горацкай сельгасакадэміі. У 1929-30 працаваў у Тэрміналагічнай камісіі БАН. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 паводле арт. 58 п. 4, 7, 11 КК РСФСР высланы ў Вятку на 5 гадоў. Там працаваў чарцёжнікам, на іншых работах. З 1935 у пасёлку Пасочня Смаленскай вобл. (цяпер Кіраў Калускай вобл. Расеі) выкладаў у школе расейскую мову і літаратуру. Зноў арыштаваны 4.11.1937. Паводле рашэньня «тройкі» НКВД расстраляны. Рэабілітаваны 15.11.1957. У в. Багацькаўка створаны яго музэй. Імем Г. названая бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Менску, Мсьціславе, Горках; устаноўленыя помнікі ў Менску і Вязьме. У 1997 створаны Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

 

Тв.: Зб. тв. Т. 1-4. – Менск, 1984-86; Творы / Пасьляслоўе П.Васючэнкі, М.Мушынскага. – Менск, 1990; Гісторыя беларускай літаратуры. – Менск, 1992.

Літ.: Адамовіч А. // Узвышша. 1928. №1-6; Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы / Склад. А.Ліс, І.Саламевіч. – Менск, 1984; Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю…» – Менск, 1980; Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. – Менск, 1968; Ліс А. Браты Гарэцкія // Песьню – у спадчыну. – Менск, 1989; Дасаева Т. Летапіс жыцьця і творчасьці Максіма Гарэцкага. – Менск, 1993; Першыя Гарэцкія чытаньні. – Горкі, 1992; Гарэцкія чытаньні. – Горкі, 1993, 1994, 1996; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.

 

116.      ГАЎРУК Юрка (23.4(6.5).1905, Слуцак Менскай губ. – 18.2.1979, Менск), перакладчык, крытык, паэт. З 1915 сям‘я Г. у бежанстве ў Пскове. У 1921 скончыў Слуцкую школу другой ступені. Вучыўся ў Маскве ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В.Брусава (скончыў у 1925). З 1924 запісваў на Случчыне бел. фальклёр. Зь першымі перакладнымі творамі дэбютаваў у 1925. Свае творы друкаваў у час. «Аршанскі маладняк», «Маладняк», «Полымя» і інш. Сябра «Маладняка». Увосень 1925 абраны дацэнтам катэдры бел. мовы і літаратуры БСГА, пераехаў у Горкі. У 1931-35 дацэнт катэдры літаратуры Магілёўскага пэдінстытуту. Арыштаваны 8.2.1935. Высланы зь Беларусі; працаваў у Карэліі, ва Ўсх. Сібіры, у Комі. Рэабілітаваны ў 1956. Пераехаў у Менск. У 1957-67 працаваў памочнікам галоўнага рэжысэра па літаратурнай частцы тэатра імя Я.Купалы. У гэтым тэатры, а таксама ў тэатры імя Я.Коласа пастаўлены ў яго перакладзе п‘есы з сусьветнай клясыкі.

 

Тв.: Агні ў прасторах: Выбраныя пераклады. – Менск, 1975; Узьвіхраны ветразь: Вершы. Паэма. Пераклады. – Менск, 1990; Ступень адказнасьці: Літаратурна-крытычныя артыкулы, эсэ. – Менск, 1986.

Літ.: Гілевіч Н. Майстар «з краю музыкі і слова» // Гілевіч Н. У гэта веру. – Менск, 1978; Яго ж. Паэт-інтэлігент брусаўскай школы: Памяці Ю.П.Гаўрука // Гілевіч Н. Удзячнасьць і абавязак. – Менск, 1982; Семяжон Я. Урокі настаўніка // ЛіМ. 1980, 16 траўня; БП, т. 2.

 

117.      ГАЎРЫЛІК Язэп (25.3(6.4).1893, в. Калодчына Вялейскага пав. Віленскай губ., – 8.12.1937, Салаўкі, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, пэдагог, мэмуарыст. У 1914 скончыў Барунскую настаўніцкую сэмінарыю. Браў удзел у заснаваньні ў 1922 Радашкавіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. З 1925 член БСРГ. У траўні 1930 безь яго згоды залічаны ў КПЗБ. У 1928 абраны дэпутатам польскага сэйму. Старшыня арганізацыі «Змаганьне». Арыштаваны дэфэнзывай у жн. 1930 і асуджаны на 9,5 года зьняволеньня. Зь вер. 1932 у выніку абмену палітзьняволеных – у Менску. Працаваў у Народным камісарыяце асьветы БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 1.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 паводле пастановы судовай калегіі ОГПУ прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў ссылкі. Накіраваны на Салаўкі і на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу. 21.11.1937 «тройкай» НКВД Ленінградзкай вобл. прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух прысудах 16.8.1956.

 

Літ.: Годы испытаний и мужества. – Менск, 1973; Муха-Мухновский Г. М. Пути-дороги. – Менск, 1973; ЭГБ, т. 2.

 

118.      ГВАЗДОЎ Мікола (1.6.1916, Полацк – 1938?, УхтпечЛАГ?, Комі), паэт. Нарадзіўся ў сям‘і службоўцаў. Дзяцінства правёў у дзіцячым доме. Пісаць вершы пачаў у 13 гадоў, калі жыў у Віцебску. Знаходзіўся пад моцным уплывам паэзіі С.Ясеніна, У.Маякоўскага, А.Блока. Першы верш «Рабочы-прызыўнік» апублікаваны ў 1932 у газ. «Віцебскі пралетары». Друкаваўся ў газ. «ЛіМ», «Звязда», час. «Работніца і калгасьніца Беларусі». У 1933 паступіў на літаратурны ф-т МВПІ. У 1935, адчуваючы небясьпеку, перавёўся на завочнае аддзяленьне і паехаў працаваць настаўнікам расейскай мовы і літаратуры ў Чэрыкаў, але хутка быў звольнены. Адной з прычын было ягонае «зьневажэньне ў вачах вучняў правадыроў партыі». Пераехаў у Мсьціслаў, потым у Менск. Арыштаваны 13.3.1936 на кватэры яго сябра крытыка Пятра Хатулёва. Асуджаны на 5 гадоў лягераў. Накіраваны ў Чыб‘ю (УхтпечЛАГ), дзе, верагодна, і загінуў.

 

Кр.: НАРБ, ІКР. Літ.: БП, т. 6.

 

119.      ГЕДРОЙЦЬ Міхал Генрык (25.1.1929, б. маёнтак Лобзаў Слонімскага пав. Наваградзкага ваяв., цяпер Зэльвенскі р-н), гісторык. У 1940 разам зь сям‘ёй дэпартаваны савецкімі ўладамі ў Сібір. У 1942 з польскай арміяй генэрала У.Андэрса эвакуяваўся ў Іран. З 1947 у Англіі. У 1951 скончыў Лёнданскі ун-т. Дасьледуе гісторыю ВКЛ, найперш 13-14 ст. Аўтар прац пра ўвядзеньне хрысьціянства ў Беларусі і Літве, Крэўскую вунію 1385, камэнтароў да ангельскага перакладу «Хронікі Быхаўца».

 

Тв.: The Arrival of Christianity Lithuania… // Oxford Slavonic Papers. 1985–1989. Vol. 18, 20, 22.

Літ.: ЭГБ, т. 2.

 

120.      ГЕЛЬТМАН Стафан (4.10.1886, Замосьце Люблінскага ваяв., Польшча – 20.9.1937, Масква, НКВД), рэдактар, гісторык, выдавец. У 1903-05 рэдактар час. «Glos». У 1912 скончыў Ягелонскі ун-т у Кракаве. З 1915 у Менску. Адзін з арганізатараў Польскага сацыялістычнага аб‘яднаньня (ПСА), у 1917-18 старшыня праўленьня яго менскай групы. Заснавальнік і рэдактар воргану ПСА «Prawda». У 1917 сябра Менскай гарадзкой думы. Са сьнеж. 1917 камісар Зах. вобласьці і фронту ў польскіх справах. Пасьля акупацыі Менску нямецкімі войскамі арыштаваны і 9 месяцаў знаходзіўся ў зьняволеньні. У 1919 нам. наркама земляробства Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-23 на розных дзяржаўных і партыйных пасадах; адначасова ўзначальваў выдавецкі каапэратыў «Трыбуна». У 1924-25 наркам земляробства, старшыня Дзяржпляну, нам. старшыні Саўнаркаму БССР. З 1925 рэктар і загадчык катэдры эканомікі і палітыкі Камуністычнага ун-ту Беларусі. З 1927 адначасова загадчык польскага сэктару Інбелкульту. Займаўся гісторыяй сялянскага пытаньня і ўдзелам палякаў Беларусі ў рэвалюцыі; апублікаваў на гэтыя тэмы кнігі. У 1930-я ў Маскве; працаваў у Наркаматах земляробства і зернесаўгасаў СССР. Арыштаваны ў ноч з 4 на 5.4.1937. Прысуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 20.9.1937 да расстрэлу. Рэабілітаваны 31.3.1956.

 

Тв.: Chlopskie partactwo czy gospodarka spoleczna. Sprawa rolna podczas rewolucji. – Mn., 1920; Nacjonalizacja ziemi na Bialej Rusi. – Mn., 1921; Robotnik polski w rewolucji pazdziernikowej na Bialorusi. – Mn., 1927.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 2.

 

121.      ГЕЛЬФАНД Хаім Янкель (1877, Слуцак – 1932, ЗША), паліт. дзяяч, публіцыст. Адзін з кіраўнікоў Бунду, з 1905 член ЦК. Аўтар кніг пра паліт. і ідэалягічныя праблемы гэбрайскага сацыялістычнага руху. Неаднаразова арыштоўваўся за паліт. дзейнасьць. У 1896 сасланы ў Якуцію, дзе знаходзіўся да 1902. Жыў у Пецярбургу. У 1915 выехаў у ЗША, дзе быў прадстаўніком Бунду. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расею. Адмоўна ўспрыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю. На ХІ канфэрэнцыі Бунду ў 1919 у Менску ўзначаліў сацыял-дэмакратычнае крыло. У 1921 арыштаваны ЧК. Пасьля вызваленьня нейкі час жыў у Вільні. У 1925 канчаткова пераехаў у ЗША.

 

Тв.: Мелкобуржуазный социализм на еврейской почве (Критика «теории» социалистов-сионистов). – СПб., 1906; Поалей сионизм: Новое течение в русском еврействе – рабочий сионизм: Критический очерк. – СПб., 1907.

Літ.: БЭ, т. 5.

 

122.      ГЕНIЮШ Ларыса (дзявочае прозьвiшча Мiклашэвiч; 27.7(9.8.).1910, маёнтак Жлобаўцы каля в. Воўпа Гарадзенскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Ваўкавыскі р-н – 7.4.1983, Зэльва Гарадзенскай вобл.), паэтэса, празаік, грамадзкая дзяячка. Скончыла Ваўкавыскую гiмназiю (1928). Узяла шлюб зь Янкам Генiюшам і ў 1937 пераехала ў Прагу, дзе ён вучыўся, а потым працаваў лекарам. Пасьля таго, як Чырвоная армiя заняла ў 1939 Зах. Беларусь, быў арыштаваны бацька Г. Пасьля нядоўгага зьняволеньня ў гарадзенскай турме яго расстралялі. Мацi Г. i дзьвюх яе сясьцёр выслалі ў Казахстан. У 1937-48 жыла ў Празе. Наладзiла стасункi зь бел. эмiграцыяй, брала ўдзел у працы ўраду БНР на эмiграцыi. У сак. 1943 стала Генэральным сакратаром ураду i займалася захаваньнем і парадкаваньнем архiву БНР. Апекавалася бел. эмiгрантамi, палiт. уцекачамi, бел. работнiкамi i ваеннапалоннымi ў Нямеччыне. 5.3.1948 арыштаваная з мужам у Вiмперку (Чэхiя); 12 жн. iх перадалi савецкiм уладам. Утрымліваліся ў савецкiх турмах Вены i Львова, з канца 1948 у турме ў Менску, дзе Г. дапытваў мiнiстар Дзяржбясьпекi БССР Л.Цанава, які беспасьпяхова патрабаваў ад Г. перадаць архiвы БНР. У лют. 1949 Вярхоўны суд БССР прысудзіў Г. да 25 гадоў зьняволеньня ў лягерах. На такi ж тэрмiн быў асуджаны Я.Генiюш. Пакараньне адбывала ў лягерах Iнта i Абедзе (Комi АССР) i ў Мардоўскай АССР. У 1956 разам з мужам часткова рэабiлiтаваная, тэрмiн пакараньня зьменшаны да 8 гадоў, якiя ўжо прайшлi з моманту прысуду. Пасьля вызваленьня пасялiлiся на Радзiме мужа ў Зэльве. Прынцыпова адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства, засталася грамадзянкай Чэхаславаччыны. Дом Генiюшаў у Зэльве стаў прыцягальным асяродкам для нацыянальнай інтэлігенцыі Беларусi. Нягледзячы на нагляд КГБ, тут бывалi гасьцямi паэты i пiсьменьнiкi, мастакi, навукоўцы. Вершы Г. пісала яшчэ ў гiмназii, а друкавацца пачала ў 1939 у бел. пэрыядычных выданьнях «Ранiца», «Беларускi работнiк», «Новы шлях» і iнш. У 1942 у Празе выйшаў першы зборнiк яе паэзii. Пiсала вершы i ў зьняволеньнi. Пасьля вызваленьня яе творчасьць на працягу 10 гадоў была забароненая. У 1967 пры садзеяньні М.Танка надрукаваны яе першы ў савецкай Беларусi зборнiк «Невадам зь Нёмана». Апублікавала 2 кнiжкi вершаў для дзяцей. Пасьля заняпаду таталiтарызму пасьмяротна былi выдадзены найбольш поўныя i значныя зборнiкi яе твораў. Пахаваная ў Зэльве.

 

Тв.: Ад родных нiў. – Прага, 1942 (факсымільнае выд. Слонім, 1995); Невадам зь Нёмана. – Менск, 1967; Казкi для Мiхаськi. – Менск, 1972; Добрай ранiцы, Алесь. – Менск, 1976; На чабары настоена. Лiрыка. – Менск, 1982; Dziewiac wiersau. – Bielastok, 1987; Белы сон: Вершы i паэмы. – Менск, 1990; Вершы: Рукапісны зборнік з 1945-1947. – Лёндан, 1992; Маці і сын. – Беласток, 1992; Споведзь. – Менск, 1993; Выбр. вершы. – Менск, 1997; Ларыса Геніюш. Выбраныя творы. – Менск, 2000.

Літ.: Бiчэль-Загнетава Д. З прынямонскiх вярбiн // Полымя. 1988, №4; Neureiter F. Larysa Henijus // Weissrussische Antologie. – Munchen, 1983; Марцiновiч А. «Ты мой боль святы, Беларусь траўня...» // Роднае слова. 1992, №3; Сачанка Б. Ларыса Генiюш // Маладосць. 1988, №10; Чарняўскі М. Ларыса Геніюш // Дэмакратычная апазыцыя; БП, т. 2; ЭГБ, т. 2.

 

123.      ГЕСЭН Уладзімер (1901, Санкт-Пецярбург – ?), гісторык. Працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН, выкладаў у МВПІ. Арыштаваны 8.3.1933. Вызвалены з-пад варты 26.3.1933 пад падпіску аб нявыезьдзе. 9.7.1933 тэрмін знаходжаньня пад вартай залічаны ў тэрмін пакараньня з адменай падпіскі аб нявыезьдзе. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны Вайсковым трыбуналам БВА 9.5.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

124.      ГІНТАЎТ Франц (Гінтаўт-Дзевалтоўскі; 9.3.1910, в. Баршчэўнік Барысаўскага пав. Менскай губ., цяпер Лагойскі р-н – 20.7.2002, Горадня), пісьменьнік, біёляг. У 1923-27 вучыўся ў 13-й досьледна-паказальнай сямігадовай школе пры пэдфаку БДУ. У канцы 1920-х паступіў у Менскі Белпэдтэхнікум, які скончыў у 1931. Займацца літаратурнай творчасьцю пачаў у тэхнікуме. Яго карэспандэнцыі і апавяданьні друкаваліся ў газ. «Беларуская вёска» і «Піянэр Беларусі», час. «Чырвоны сейбіт». У 1931 паступіў на філялягічны ф-т БДУ, пасьля мусіў перавесьціся на біялягічны ф-т, бо на філфаку «ворганы» пачалі вышукваць нацдэмаў. Арыштаваны 23.2.1933 у справе «Беларускай народнай Грамады»; утрымліваўся ў менскай турме «амэрыканка». Высланы на 3 гады на Далёкі Ўсход. Працаваў на будаўніцтве непадалёку ад Нікольска-Усурыйска, пасьля на Сяданскай плаціне каля Ўладзівастоку. У 1935 пераехаў у Саратаў, аднавіў навучаньне ў Саратаўскім ун-це імя Чарнышэўскага. Удзельнічаў у навуковых экспэдыцыях у стэпах Дона і Волгі. У 1940 пасьля сканчэньня ун-ту быў пакінуты асыстэнтам на катэдры заалёгіі пазваночных. У лют. 1941 па конкурсе абраны загадчыкам навуковага аддзелу Беларускага дзяржаўнага запаведніка (сядзіба ў Бягомлі). У пачатку вайны не пасьпеў эвакуявацца; падчас нямецкай акупацыі знаходзіўся ў Беларусі. З 1944 жыў у Вільні, працаваў перакладчыкам з польскай мовы і загадчыкам навучальнай часткі ў 6-й жаночай гімназіі. У 1945 на жаданьне жонкі перабраўся на яе Радзіму ў Куйбышаў. Працаваў інжынэрам-рыбаводам і назіральнікам-гідрабіёлягам, асыстэнтам у мэдычным інстытуце і нам. дырэктара ў сярэдняй школе. У 1955 вярнуўся ў Беларусь, жыў у Менску. Потым па накіраваньні Міністэрства асьветы БССР пераехаў у Горадню. Працаваў нам. дырэктара СШ №12; з восені 1958 асыстэнт катэдры біялёгіі ў Гарадзенскім мэдінстытуце; з 1965 у пэдагагічным інстытуце – старшы выкладчык і дацэнт катэдры заалёгіі і анатоміі. З 1975 на пэнсіі. У 1980-90-х г. артыкулы і нарысы Г. публікаваліся ў час. «Полымя», «Маладосць», «Свіцязь», газ. «Літаратура і мастацтва», «Народнай газеце».

 

 Тв.: З картатэкі памяці. – Горадня, 2000; Жменька думак, згадак пра Янку Купалу // Полымя. 1984, №5.

Літ.: Лабовіч А. «Моладзевых ветразяў узвівы...» // Пагоня. 1998, 11 жн.; Выкладчыкі Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівжрыітэту імя Янкі Купалы. Біябібліяграфічны даведнік. – Горадня, 1999.

 

125.      ГОЛАСАЎ Уладзімер (12.7.1913, мяст. Ілья Вялейскага пав. Віленскай губ., – пасьля 1944, ГУЛАГ), праваслаўны сьвятар. Паходзіў зь сям‘і праваслаўнага сьвятара. У 1931 скончыў Віленскую духоўную праваслаўную сэмінарыю. Прадоўжыў вучобу на багаслоўскім ф-це Варшаўскага ун-ту, які скончыў у 1935 са ступеньню магістра багаслоўя. 17.5.1934 рукапаложаны ў сан сьвятара. Пачаў служыць у в. Ятвеску Шчучынскага пав. 25.9.1935 пераведзены ў Маладэчна. Служыў нам. настаяцеля ў праваслаўным прыходзе ў Радашкавічах. Удзельнічаў у беларусізацыі праваслаўнай царквы. У 1944 арыштаваны органамі НКВД. Памёр у лягеры.

 

 Літ.: Гарбінскі БРД; За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. – Лёндан, 1960.

 

126.      ГОЛЬДБЕРГ Шолам (13.9.1903, Менск – 24.11.1937, Менск, НКВД), гісторык. У 1930 скончыў БДУ. У 1931-34 асьпірант БДУ. З 1934 старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі БелАН. Кандыдат гістарычных навук. Звольнены з інстытуту ў лют. 1937. Арыштаваны 3.3.1937. 24.11.1937 прысуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР да расстрэлу. Рэабілітаваны 1.8.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

127.      ГОЛЬМАН Міхал (17(29).10. 1894, Кабялякі Палтаўскай губ., Украіна – 27.12.1937), эканаміст, публіцыст. З 1914 член партыі эсэраў-максымалістаў. У 1916 скончыў Харкаўскі ун-т. Са жн. 1916 у войску. За рэвалюцыйную агітацыю сярод салдат арыштаваны ў студз. 1917. З траўня 1917 старшыня Магілёўскага Савету сялянскіх дэпутатаў. Арыштаваны ў ліп. 1917 за эсэраўскую прапаганду сярод сялян. Пасьля кастр. 1917 левы эсэр, старшыня выканкаму Савету Магілёўскай губ. Дэлегат Усебеларускага зьезду 1917. Зноў арыштаваны 18.12.1917. З траўня 1918 на савецкай рабоце і ваеннай службе ў Сімбірску. Зь вер. 1918 член РКП(б). У 1921-23 працаваў у Камінтэрне і Наркамаце замежных справаў СССР. У 1924-25 у Дзяржпляне СССР і аддзеле друку ЦК ВКП(б). З 1927 дацэнт катэдры палітэканоміі і сусьветнай гаспадаркі БДУ. Выступаў супраць палітыкі беларусізацыі. Публікаваў артыкулы аб праблемах эканомікі. У ліп. 1927 за ўдзел у «левай апазыцыі» (трацкісцка-зіноўеўскі блёк) выключаны з ВКП(б). Арыштаваны 27.4.1929. Асуджаны на 10 гадоў ссылкі. Паўторна асуджаны 14.6.1936 на 5 гадоў зьняволеньня. Пазней прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1965.

 

Тв.: Туган-барановщина: К критике буржуазной политической экономии. – Лен., 1926; Монополистический капитализм в России и строительство социализма в СССР. – Лен., 1927; Всеобщий кризис капитализма: Введение в изучение современного кризиса мирового капиталистического хозяйства. – Менск, 1928; Русский империализм. 2 изд. – Менск, 1929.

 Літ.: ЭГБ, т. 3.

 

128.      ГОМАНАВА Серафіма (27.6.1904, Горкі, Магілёўскай губ. – 1969), эканаміст. Працавала ў Інстытуце эканомікі БелАН. Арыштаваная 5.11.1937. Прысуджаная 28.11.1937 Асобай нарадай да 8 гадоў лягераў. Рэабілітаваная 2.10.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

129.      ГОРЫН Павал (сапр.: Каляда; 15.1.1900, мяст. Картуз-Бяроза Пружанскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер г. Бяроза Берасьцейскай вобл. – 5.2.1939, Масква, НКВД), гісторык. Падчас 1-й сусьветнай вайны разам з бацькамі ў эвакуацыі ў Ніжагародзкай губ. Член РКП(б) з 1918. У 1919 вярнуўся на Радзіму. У 1920 камэндант Пружан. У 1921 скончыў Камуністычны ун-т імя Сьвярдлова ў Маскве; у 1925 – Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1925-30 вучоны сакратар Таварыства гісторыкаў-марксістаў. У 1926-28 сябра рэдкалегіі час. «Историк-марксист»; у 1927-30 нам. рэдактара час. «Пролетарская революция». У 1929-30 нам. дырэктара Інстытуту гісторыі Камуністычнай акадэміі. Старшыня Таварыства палітэмігрантаў Зах. Беларусі (1926-28). У 1931-36 прэзыдэнт БелАН, адначасова дырэктар Інстытуту гісторыі. З 1936 у Маскве, загадчык катэдры гісторыі СССР МДУ, рэдактар аддзелу гісторыі Вялікай савецкай энцыкляпэдыі. Арыштаваны 23.8.1937. Прысуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 25.4.1938 да расстрэлу. Рэабілітаваны 17.9.1955. Яго імем названая вуліца ў Бярозе. У 2000 на будынку Інстытуту гісторыі НАН Беларусі адкрытая памятная шыльда.

 

 Тв.: Пролетариат в 1917 г. в борьбе за власть. – Маск.-Лен., 1917; М.Покровский – большевик-историк. – Менск, 1933; Нарысы па гісторыі Саветаў рабочых дэпутатаў у 1905 годзе. – Менск, 1934 (1 выд. на рас. мове: Маск., 1925).

Літ.: Сербента В., Токараў М. Памяці акадэміка АН БССР П.В.Горына // Весці АН БССР. Сэрыя грам. навук. 1980, №1; Президент Академии наук академик П.Горин: выступления и статьи, посвященные 100-летию со дня рождения. – Менск, 2001; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 3.

 

130.      ГРАМЫКА Міхайла (31.10(12.11).1885, в. Чорнае Рэчыцкага пав. Менскай губ., цяпер Рэчыцкі р-н – 30.6.1969, Хімкі Маскоўскай вобл.), празаік, паэт, геоляг, пэдагог. У часе вучобы ў Магілёўскай гімназіі стаў членам рэвалюцыйнага гуртка. Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1907. У 1911 скончыў Маскоўскі ун-т. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 удзельнічаў у рабоце культурна-асьветніцкай арганізацыі бел. уцекачоў «Беларускі гай». З 1921 у Менску; выкладаў геалёгію і мінэралёгію ў Белпэдтэхнікуме і БДУ; працаваў у Інбелкульце, БелАН. Распрацоўваў бел. навуковую тэрміналёгію. Аўтар падручнікаў геаграфіі і мінэралёгіі. Браў удзел у пошуках нафты на Палесьсі. П‘есы Г. ставіліся ў тэатрах. Арыштаваны ГПУ БССР 13.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; паводле пастановы Калегіі ГПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Іванава-Вязьнясенск на 5 гадоў. Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі ў 1936 выехаў зь сям‘ёй у Мурманскую вобл. (Кіраўск); працаваў у горным тэхнікуме. Потым жыў у Пермскай вобл. і Удмурціі. Рэабілітаваны 15.11.1957. Апошнія гады жыў у Хімках. Член СП Беларусі з 1965.

 

 Тв.: Выбр. – Менск, 1967; Родная пушча: П‘есы, вершы, паэмы, успаміны, лісты. – Менск, 1987; Пачатковая геаграфія. – Менск, 1923 (2 выд. Менск, 1925; 3 выд. Менск, 1927; 4 выд. Менск, 1928); Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе: Ч. 1. Крышталаграфія; Ч. 2. Мінэралёгія. Менск, 1926; Дзьве паэмы. – Менск, 1927; Плынь: Лірычныя паэмы і вершы. – Менск, 1927; Каля тэрасы: Драмы. – Менск, 1929 (2 выд. Менск, 1975).

Літ.: Казека Я. Міхайла Грамыка // Казека Я. Голас часу. – Менск, 1975; Шушкевіч С. Сьлед на зямлі // Полымя. 1965, №11; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

131.      ГРАХОЎСКІ Сяргей (12(24).9.1913, мяст. Нобель Пінскага пав. Менскай губ., цяпер Зарэчанскі р-н Ровенскай вобл., Украіна – 11.12.2002, Менск), паэт, празаік, перакладчык. У 1914 разам з бацькамі пераехаў у Глуск на Магілёўшчыне. Першы верш апублікаваны ў 1926. У 1931-32 працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР, у газ. «Чырвоная зьмена». У 1935 скончыў МВПІ (газэтна-выдавецкае аддзяленьне літаратурнага ф-ту). Працаваў на Беларускім радыё, выкладчыкам літаратуры на рабфаку пры БДУ. Арыштаваны 19.10.1936. Сасланы на 10 гадоў на лесанарыхтоўкі ў Горкаўскую вобл. У 1946-49 настаўнік у Слуцкім р-не. У 1947 з Г. зьнята судзімасьць, але 19.5.1949 ён быў паўторна арыштаваны; высланы ў Навасібірскую вобл. 19.10.1955 рэабілітаваны. З 1956 у Менску. У 1957-73 працаваў у час. «Бярозка», «Вясёлка»; літкансультантам СП БССР. У 1973-74 адказны сакратар Камітэту дзяржаўных прэміяў БССР у галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры. Член СП Беларусі з 1956. У 1958 выйшаў у сьвет першы зборнік вершаў «Дзень нараджэньня». Інсцэніроўкі аповесьці «Рудабельская рэспубліка» пастаўленыя тэатрамі імя Я.Купалы і Гомельскім абласным драматычным у 1968; у 1972 створаны аднайменны кінафільм. Перакладаў на бел. мову творы А.Блока, Р.Тагора і інш. Аўтар успамінаў пра пэрыяд рэпрэсіяў (аўтабіяграфічная трылёгія «Такія сінія сьнягі», 1988; «Зона маўчаньня», 1990; «З воўчым білетам», 1991). З 1974 на пэнсіі.

 

Тв.: Выбр. тв. Т. 1-2. – Менск, 1994; Споведзь. – Менск, 1990.

Літ.: Гілевіч Н. Cталасьць думкі, маладосьць душы // Гілевіч Н. У гэта веру. – Менск, 1978; Скрыган Я. Адданасьць // ЛіМ. 1985, 23 верас.; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

132.      ГРЫНЕВІЧ Антон (3.5.1877, фальварак Іваноўшчына Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Полацкі р-н – 8.12.1937, Ленінградзкая вобл, НКВД), фальклярыст, выдавец, пэдагог, кампазытар. З 1896 жыў у Пецярбургу, быў чыноўнікам Дэпартамэнту гандлю і промыслу. З 1906 сябра бел. выдавецкай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца»; у 1910 заснаваў уласнае выдавецтва (дзейнічала да 1913). Сабраў і выдаў разам з А.Зязюлем «Беларускія песьні з нотамі» (Т. 1-2, 1910-12). Пасьля кастр. 1917 супрацоўнік культурна-асьветніцкага аддзелу Белнацкаму ў Маскве. У 1919 – чэрв. 1920 у Менску, выкладаў у школе і бел. гімназіі. З 1920 у Вільні, працаваў у каапэратыве друкароў. Пісаў музычныя творы, якія апублікаваў разам з народнымі ў зборніку «Школьны сьпеўнік» (1920). Яго песьні (напрыклад, «Гэй, наперад!», «Касцу») шырока бытавалі ў Зах. Беларусі. У 1921 зьняволены ў Лукіскай турме (Вільня), у кастр. вызвалены пад нагляд паліцыі. У 1922-23 сакратар ТБШ. Аўтар першага бел. падручніка музыкі «Навука сьпеву» (1923). З 1925 жыў у Менску. Сакратар музычнай падсэкцыі Інбелкульту, старшыня песеннай камісіі. У 1928-33 у Гарадку, Віцебску; рабіў запісы мэласу. Арыштаваны ГПУ БССР 6.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.3.1934 асуджаны на 10 гадоў лягераў. У 1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956. Частка архіву Г. захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі.

 

Тв.: Народны сьпеўнік. – Вільня, 1920; Беларускі дзіцячы сьпеўнік. – Вільня, 1925; Праграма-інструкцыя для зьбіральніка беларускай музычна-этнаграфічнай творчасьці // Наш край. 1925, №1.

Літ.: Ліс А. Песьня прасілася ў сьвет // Полымя. 1966, №2; Каруза П. Музычная спадчына Антона Грыневіча // Мастацтва Беларусі. 1983, №9; Александровіч С. Гісторыя і сучаснасьць. – Менск, 1968; ЭГБ, т. 3.

 

133.      ГРЫНЕВІЧ Клім (5(18).2.1912, в. Шасьцёраўка Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Клімавіцкі р-н – 3.3.1941, Балагое Калінінскай вобл., цяпер Цьвярская вобл., Расея), паэт. Першыя вершы зьявіліся ў друку ў 1929. У 1930 стаў студэнтам Рагачоўскага пэдтэхнікуму. У 1930 пераехаў у Менск. Працаваў карэктарам у друкарні, літсупрацоўнікам газ. «Рабочий», у прафсаюзах. У 1932 паступіў на творчае аддзяленьне літаратурнага ф-ту МВПІ. Апублікаваны ў 1932 зборнік паэзіі прыхільна сустрэты крытыкай. 16.3.1933 арыштаваны; 10.8.1933 прысуджаны да двух гадоў адміністрацыйнай высылкі. Знаходзіўся ў Сары-Атачы Паўднёва-Казахстанскай вобл. Праз два гады быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. Пасьля сканчэньня службы вярнуўся ў Сары-Атач. Пераехаў у Балагое. Настаўнічаў; у 1937-41 завочна вучыўся ў Ленінградзкім пэдінстытуце. Памёр ад сухотаў. Вершы апошніх гадоў жыцьця не захаваліся.

 

Тв.: На бераг: Паэзія. – Менск, 1932.

Літ.: Пруднікаў П. Далёкае і блізкае // Пруднікаў П. Мая магістраль. – Менск, 1981; БП, т. 2.

 

134.      ГРЫНЕВІЧ Уладзіслаў (? – ?), заходнебел. пісьменьнік. Друкаваў апавяданьні ў час. «Студэнцкая думка», «Родныя гоні» і інш. У 1925 эміграваў у БССР. Згадваўся ў сакрэтным дакладзе ГПУ БССР у ЦК КП(б)Б ад 29.10.1925 «Аб беларуска-эсэраўскім шавіністычным руху», дзе названы «несумненным польскім шпіёнам». Рэпрэсаваны.

 

Літ.: Платонов Р. Перед крутым поворотом: Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925-1928): Отражение времени в архивных документах. – Менск, 2001.

 

135.      ГРЫНКЕВІЧ Станіслаў (2.2.1902, в. Новы Двор Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 25.7.1945, Магілёў, НКГБ), грамадзкі, рэлігійны і культурны дзяяч, лекар-псыханэўролаг, публіцыст, перакладчык, папулярызатар навукі. Пляменьнік бел. сьвятара Францішка Грынкевіча. Вучыўся на мэдычных ф-тах Віленскага і Пазнанскага ун-таў. Працаваў у клініках Познані, на Беласточчыне, у Вільні. У 1931-36 віцэ-старшыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі; сябра прэзыдыюму Беларускага нацыянальнага камітэту. Друкаваўся ў час. «Студэнцкая думка», «Калосьсе», «Шлях моладзі», газ. «Беларуская крыніца», «Хрысьціянская думка», «Новае жыцьцё». У 1936 яго брашура «Асьвета» была канфіскаваная паліцыяй, а ён аштрафаваны і на два тыдні зьняволены. Аўтар навукова-папулярных прац па мэдыцыне і гігіене, зь лекцыямі езьдзіў па заходнебел. мястэчках і вёсках. Пераклаў з лацінскай мовы працу вядомага аскета і містыка Тамаша Кемпійскага «Сьледам за Хрыстом». З прыходам у Вільню савецкіх войскаў арыштаваны, але здолеў уцячы зь цягніка падчас вывазу вязьняў. У гады нямецкай акупацыі ў Вільні, займаўся культурніцкай дзейнасьцю. Устрымваўся ад супрацоўніцтва зь немцамі. Браў удзел у нацыянальным падпольлі. Зноў арыштаваны савецкімі ўладамі ў ліст. 1944. Вывезены спачатку ў Менск, потым у Магілёў, дзе расстраляны.

 

Тв.: Ab teatry: Praktycny padrucnik dla amatarskich teatrau. – Wilnia, 1927; Arlanio. – Wilnia, 1927; Narod. – Wilnia, 1927; Zanimstva pa radyjo: Pjesa u 3-ch abrazoch. – Wilnia, 1927; Carkwa, pomsta, wiaznica: Apowiesc. – Wilnia, 1928; Rady chworym i zdarowym. Castka I. – Wilnia, 1935 (разам зь Я.Грынкевічам); Рады хворым і здаровым. – Вільня, 1935 (разам зь Я.Грынкевічам); Aswieta. – Wilnia, 1936; У братоў украінцаў. – Вільня, 1936 (2 выд. Вільня, 1937); Rady chworym i zdarowym. Castka II. – Wilnia, 1937 (разам зь Я. Грынкевічам); Народ. – Вільня, 1937; Алькагалізм. – Вільня, 1937 (разам зь Я.Грынкевічам); Умовы і загады, неабходныя для здароўя. – Вільня. 1939 (разам зь Я.Грынкевічам).

Літ.: Валтупскі А. Доктар Станіслаў Грынкевіч – перакладчык «Сьледам за Хрыстусам» Т. Кемпійскага // Znic / Зьніч. 1973, №117 (травень – снежань); Ліс. А. Літаратура Заходняй Беларусі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. – Менск, 1999. Т. 2; Чэмер А.(Анішчык А.). Партрэты. – Вільня, 2001; БП, т. 6; Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 3.

 

136.      ГРЫШКЕВІЧ Францішак (1904 ці 1906, мяст. Сухаволя Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 1946, Менск, НКГБ), паэт, публіцыст, перакладчык, пэдагог. У 1926 скончыў Віленскую беларускую гімназію. Нелегальна перайшоў польска-чэскую мяжу, паступіў на літаратурны ф-т Карлава ун-ту (Прага). Скончыў яго ў 1931 са ступеньню доктара філязофіі. Пачаў друкавацца з 1924. Публікаваўся ў газ. «Беларуская крыніца», «Сялянская ніва», час. «Студэнцкая думка», «Родныя гоні», «Іскры Скарыны», «Крыгалом», «Беларускі летапіс», «Przaglad Wilenski». Перакладаў з чэскай, нямецкай, сэрбахарвацкай, украінскай, славенскай моваў. У Празе супрацоўнічаў з час. «Slovansky prehled», рэцэнзаваў у ім менскія выданьні. Вярнуўся ў Вільню. Служыў у польскім войску. Пасьля ўступленьня савецкіх войскаў у Вільню супрацоўнічаў з новай уладай; пісаў для газ. «Prawda Wilenska»; у 1940 загадваў бел. школамі Віленскай школьнай акругі. Падчас нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. Удзельнічаў у 2-м Усебеларускім кангрэсе (чэрв. 1944), за што ў ліп. быў арыштаваны ў Вільні, пасьля ўступленьня туды Чырвонай арміі. Прывезены ў Менск, дзе, паводле ўскосных сьведчаньняў, скончыў жыцьцё самагубствам.

 

Тв.: Веснавыя мэлёдыі. – Вільня, 1927.

Літ.: Ліс. А. Літаратура Заходняй Беларусі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. – Менск, 1999. Т. 2; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

137.      ГУРЛО Алесь (19(31).1.1892, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ. – 4.2.1938, Менск), паэт, празаік, перакладчык, лінгвіст. Публікаваўся з 1907 (газ. «Наша Ніва»). У 1909 уступіў у РСДРП; удзельнічаў у выданьні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910-11, Капыль). У 1912 з дапамогай Ц.Гартнага ўладкаваўся на працу на ліцейны завод «Вулкан» у Санкт-Пецярбургу. З 1914 служыў на Балтыйскім флёце. Падчас 1-й сусьветнай вайны быў паранены. Удзельнічаў у кастрычніцкім перавароце ў Пецярбургу на баку бальшавікоў; браў удзел у захопе Зімняга палаца. У 1919 цяжка паранены пад Казаньню; камісаваны з войска як інвалід. У 1919-20 працаваў у Ніжагародзкім порце. З 1921 жыў у Менску. Працаваў у Наркамаце асьветы БССР. У 1922-23 у газ. «Савецкая Беларусь». У 1920-я ў тэрміналягічнай камісіі Інбелкульту; займаўся ў асьпірантуры. У 1929-30 навуковы супрацоўнік Інстытуту мовы БелАН. Браў удзел у стварэньні тэрміналягічных слоўнікаў; падрыхтаваў і выдаў слоўнік «Тэхнічная тэрміналёгія» (вып. 1. Менск, 1932). Рыхтаваў слоўнік краўцоўскай мовы мяст. Капыль і краёвы слоўнік Капыльшчыны (матэрыялы загінулі падчас 2-й сусьветнай вайны). Выдаў некалькі зборнікаў вершаў; перакладаў творы расейскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў. Быў сябрам літаб‘яднаньняў «Маладняк» і «Пробліск». Арыштаваны ГПУ БССР 25.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы Калегіі ГПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Самару на 5 гадоў (умоўна). У 1934 стаў членам СП БССР. Памёр ад сухотаў. Пахаваны на Вайсковых могілках Менску. Рэабілітаваны 15.11.1957.

 

Тв.: Выбр. тв. – Менск, 1950; Вершы. – Менск, 1972; Нашы птушкі: Вершы. – Менск, 1974.

Літ.: Агіевіч У. Алесь Гурло // Агіевіч У. Літаратура і жыцьцё. – Менск, 1954; А.К.Гурло // Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы. – Менск, 1985; Хведаровіч М. Шлях паэта // Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. – Менск, 1977; Міхнюк У. Штрыхі да аўтапартрэту, напісанага Алесем Гурло ў сталінскіх засьценках // ЛіМ. 1992, 10 крас.; БП, т. 2; Возвращенные имена.

 

138.      ГУРСКІ Міхась (9(21).11.1890, в. Салтанава, цяпер Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл. – пасьля 1960, Менск?), тэатральны дзяяч, рэдактар. У 1908 скончыў Гомельскую гарадзкую вучэльню. У тым жа годзе пры Гомельскай гімназіі вытрымаў экзамэн на званьне народнага настаўніка. У 1910-13 вучыўся ў Віленскім ун-це. У 1914-18 служыў у расейскай арміі. Затым настаўнічаў. Са сьнеж. 1922 да чэрв. 1926 дырэктар БДТ-1. У 1929-30 працаваў у Акадэміі навук БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 23.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы Калегіі ГПУ БССР ад 10.4.1931 высланы ў Мамлыж на 5 гадоў. Рэабілітаваны 19.9.1960.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

139.      ГУРЫН-МАРАЗОЎСКІ Міхал (19.11.1891, в. Ярэмічы Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Карэліцкі р-н – 16.3.1928, Вільня), паліт. дзяяч, журналіст. У 1912 скончыў Пскоўскі настаўніцкі інстытут; настаўнічаў. У 1-ю сусьветную вайну мабілізаваны ў царскую армію; прапаршчык кавалерыі. Далучыўся да эсэраў. Пасьля кастр. 1917 у Чырвонай арміі; вучыўся ў Акадэміі Генштаба. З 1920 у Беларусі. Уваходзіў у Беларускую камуністычную арганізацыю, якая ў жн. 1920 улілася ў КП(б)Б. З 1921 рэдактар газ. «Белорусская деревня» і «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 за крытыку Галоўпалітасьветы БССР Бюро ЦК КП(б)Б пазбавіла яго на 6 месяцаў права абірацца на кіраўнічыя пасады. 28.2.1924 пасланы на падпольную работу ў Зах. Беларусь. Узяў курс на падрыхтоўку ў Зах. Беларусі ўзброенага паўстаньня і далучэньня да БССР. Гэта выклікала раскол у КПЗБ («Сэцэсія»). 7.1.1925 на закрытым пасяджэньні Бюро ЦК КП(б)Б ліквідавала Замежнае бюро ЦК КП(б)Б і прапанавала Г.-М. вярнуцца ў БССР. Г.-М. адмовіўся гэта зрабіць; выйшаў з КПЗБ і разам з Л.Родзевічам арганізаваў у Вільні падпольную друкарню, пачаў выпускаць газ. «Чырвоны сьцяг». Польскія ўлады арыштавалі Г.-М. На «працэсе 56-ці» над лідэрамі БСРГ ён даў паказаньні супраць Б.Тарашкевіча і С.Рак-Міхайлоўскага. У канцы 1927 у газ. «Беларускі дзень» пачаў друкаваць успаміны «Зь недалёкага мінулага». Але скончыць іх не пасьпеў, бо быў застрэлены С.Клінцэвічам і А.Капуцкім. Рашэньне аб ліквідацыі Г.-М. прыняло ЦК КПЗБ.

 

Тв.: Белы дом толькі журыцца… // Полымя. 1923, №2.

Літ.: Клінцэвіч С. Як я расправіўся з правакатарам Гурыным // У суровыя гады падпольля: Успаміны былых членаў КПЗБ. – Менск, 1958; ЭГБ, т. 3.

 

140.      ГУТКОЎСКІ Мікалай (21.7(2.8).1886, в. Забелы Слуцкага пав. Менскай губ. – 8.2.1938), юрыст, публіцыст. Брат графіка Паўла Гуткоўскага. У 1907-08 настаўнічаў у мяст. Багушэвічы Менскай губ. У 1912 скончыў юрыдычны ф-т Варшаўскага ун-ту. Працаваў у Варшаве, Маскве. Падчас 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны; юрысконсульт штаба Румынскага фронту. У 1917-19 удзельнічаў у стварэньні бел. арганізацыяў у Адэсе. Нейкі час знаходзіўся ў складзе войскаў Урангеля ў Крыме. З чэрв. 1921 у Менску. Працаваў у Наркамаце асьветы БССР; адначасова з 1922 навуковы супрацоўнік Інбелкульту, выкладчык БДУ. У 1924-25 супрацоўнік Пастаяннага прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР. Пасьля ў СНК БССР. Дасьледаваў крыніцы заканадаўства БССР, функцыянаваньне цэнтральных ворганаў улады. Удзельнічаў у распрацоўцы бел. навуковай тэрміналёгіі. Аўтар успамінаў і артыкулаў па гісторыі бел. культуры пачатку ХХ ст. Арыштаваны ГПУ БССР у 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Тв.: Сыстэматычны паказчык (спроба сыстэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919-1928 г. – Менск, 1929; Стварэньне законаў у БССР // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы катэдры сучаснага права. Менск, 1929; З жыцьця беларускай моладзі ў Варшаве // Вестник Народного комиссариата просвещения ССРБ. 1922, №2; Беларуская культурная праца на Ўсходзе // Там жа. №3-4; Адкрыты ліст // Вобраз-89; Літаратурна-крытычныя артыкулы. Менск, 1989.

Літ.: Круталевіч В. Юрыдычныя дасьледаваньні // Інстытут Беларускай культуры. –Менск, 1993; ЭГБ, т. 3.

 

141.      ДАБУЛЯВІЧУС Андрус (Dabulievicius Andrius; 19.7.1896, у іншых крыніцах 1898, маёнтак Паравеяй, цяпер Біржайскі р-н, Літва – 20.6.1938, Магадан, ГУЛАГ), паэт, публіцыст. У час 1-й сусьветнай вайны служыў у царскім войску. У 1918-19 на Радзіме. Вясной 1919 арыштаваны літоўскімі ўладамі за камуністычную дзейнасьць. Уцёк з турмы і перабраўся ў Савецкую Расею. У 1922-25 вучыўся ў Маскве ў Камуністычным ун-це нацыянальных меншасьцяў Захаду; у 1929-32 у Акадэміі камуністычнага выхаваньня, потым у Інстытуце чырвонай прафэсуры. З 1927 жыў і працаваў у Беларусі (Ворша, Менск). З 1935 сябра літоўскай сэкцыі СП БССР; кіраўнік літоўскай сэкцыі Белдзяржвыдавецтва. Арыштаваны ў жн. 1935; неўзабаве вызвалены. У 1936 у Менску на літоўскай мове апублікаваў зборнік паэзіі «Mano tevyne» («Мая радзіма»). Паўторна арыштаваны 17.10.1936; прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Магадан, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Mano tevyne. – Minskas, 1936; Mano tevyne. Vilnius, 1960.

Літ.: Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязяў. – Менск, 1970; БП, т. 2.

 

142.      ДАНIЛАЎ Вiктар (нар. 20.7.1927, Яраслаўль, Расея) – рэлiгiйны дысыдэнт, публіцыст, з 1976 – сьвятар грэка-каталiцкай царквы ў падпольлi; вязень ГУЛАГу ў 1948-55. У 1947 паступіў у Яраслаўскі пэдагагiчны iнстытут, у чэрв. 1948 арыштаваны за свае крытычныя выказваньнi пра Сталiна i абвiнавачаны ў антысавецкай агiтацыi. Асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Тэрмiн адбываў у лягеры для асаблiва небясьпечных палiт. злачынцаў у Iнце, Комi АССР. За падрыхтоўку ўцёкаў атрымаў паўторную судзiмасьць тэрмiнам на 10 гадоў. За час знаходжаньня ў няволі пераасэнсаваў свае пазыцыi, адмовiўся ад таталiтарнага калектывiзму, марксызму і атэiзму. У лягеры прыняў каталiцкае веравызнаньне. У 1955 вызвалены па амнiстыi i пасьля ў падпольлі займаўся мiсiянэрскай дзейнасьцю. Са сьнеж. 1955 узнавiў вучобу на гiстарычным ф-це Яраслаўскага пэдагагiчнага iнстытуту. Аднак пасьля сканчэньня дыплём яму спачатку не выдалі з той прычыны, што ён быў актыўным каталiком, пра што адмiнiстрацыi iнстытуту стала вядома з даносу. Толькi настойлiвасьць Д., яго афiцыйныя звароты ў дзяржаўныя ўстановы з заявамi пра рэлiгiйную дыскрымiнацыю дазволiлi ва ўмовах палiт. лiбэралiзацыi – «адлiгi» часоў М.Хрушчова, адстаяць свае правы i атрымаць дыплём. Але ўладкавацца паводле спэцыяльнасьцi ён ня змог, з 1959 працаваў электрамантажнiкам. У 1960 пераяжджае ў больш лiбэральныя рэгiёны СССР – спачатку ў Вiльню, а ў 1967 у Горадню. У пачатку 1970-х атрымаў прапанову вучыцца на сьвятара грэка-каталiцкага абраду. У 1976 у Львове тайна пасьвечаны ў сьвятары мiтрапалiтам Уладзiмерам Сьцернюком. Вярнуўся ў Горадню i пачаў сьвятарскае служэньне ва ўмовах падпольля. Пiсаў рэлiгiйныя працы для самвыдату. З 1992 легальна iгумен грэка-каталiцкай парафii ў Горадні.

 

Тв.: Мой путь к Богу и к Католической Церкви. – Полоцк, 1997.

Лiт.: Дзярновіч А. Віктар Данілаў // Дэмакратычная апазыцыя, с. 29–30.

 

143.      ДАНІЛЬЧЫК Арцём (1896, в. Пяскі Пухавіцкага р-ну Менскай вобл. – ?), работнік культуры. У 1935-36 быў дырэктарам Музэя рэвалюцыі. Арыштаваны 5.9.1936 з абвінавачаньнем у антысавецкай прапагандзе і агітацыі. Асуджаны 17.12.1936 на 5 гадоў зьняволеньня. Пакараньне адбываў ва Ухтпечлагу на ст. Котлас. Рэабілітаваны 12.9.1956.

 

 Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Гужалоўскі А. Музэі Беларусі (1918-1941 г.). – Менск, 2002.

 

144.      ДАНЯЛЮК Аляксандр (30.11.1897, Варшава – лют. 1937?), паліт. дзяяч, публіцыст. У 1917 у Расеі, член Чугуеўскага рэўкаму. У 1919 вярнуўся ў Польшчу. У 1921-23 сакратар акруговага камітэту Дамброўскага басэйну КПП, член ЦК КП Усх. Галіцыі. Адзін са стваральнікаў КПЗБ. У 1924 кааптаваны ў ЦК, член Сакратарыяту ЦК КПЗБ. Выступаў у друку з публіцыстычнымі матэрыяламі. Тройчы арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1930 у апараце Выканкаму Камінтэрну. У 1931-35 у КП Румыніі: член ЦК і Палітбюро ЦК. З канца 1935 на гаспадарчай рабоце ў СССР. Арыштаваны ў лют. 1937; загінуў. Рэабілітаваны ў 1955.

 

Літ.: ЭГБ, т. 3.

 

145.      ДАРКЕВІЧ Пётра (1898, в. Міхайлава Вяліскага р-ну Смаленскай вобл. – 4.11.1937, Віцебск, НКВД), мастацтвазнаўца. Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1927 выкладаў у Віцебскім мастацкім тэхнікуме, з 1932 адначасова ў кінатэхнікуме, а таксама пэдінстытуце. Арыштаваны 27.4.1937. Асуджаны 20.10.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны 6.9.1957.

 

Тв.: Да пытаньня аб праблеме мастацкага стылю // Полымя. 1929, №11–12.

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

146.      ДАРОЖНЫ Сяргей (сапр.: Серада Сяргей Міхалавіч; 25.2.1909, Слонім Гарадзенскай губ. – 19.7.1943, Камсамольск-на-Амуры, ГУЛАГ), паэт. У часе 1-й сусьветнай вайны сям‘я была ў бежанстве ў Варонежы. З 1921 выхоўваўся ў Мазырскім дзіцячым доме, бо застаўся бяз бацькі (паплечніка Булак-Балаховіча). У 1924 паступіў у МБПТ. Першыя вершы зьявіліся ў друку ў 1925. У 1926 выйшла першая паэтычная кніга (сумесна з І.Плаўнікам). Быў сябрам літаб‘яднанбняў «Маладняк» (1926-27), «Узвышша» (з 1928). У 1930 скончыў БДУ (у часе вучобы быў выключаны «за сокрытие социального происхождения» свайго бацькі, які ў той час жыў у Польшчы, і аб чым паведаміла газ. «Зьвязда», але потым змог аднавіцца). Працаваў у рэдакцыях рэспубліканскіх газэт, стыльрэдактарам час. «Работніца і сялянка Беларусі», на радыё, адкуль быў звольнены за «сыстэматычнае працягваньне ў сваіх літаратурных перадачах нацдэмаўскіх установак да мікрафону, нарачытае змазваньне ролі партыі ў барацьбе з контррэвалюцыйным нацдэмакратызмам, паклёп на палітыку партыі на вёсцы». Член СП Беларусі з 1934. На прапанову А.Александровіча выключаны ў 1935. Арыштаваны ГПУ БССР 29.8.1936; асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Быў абвінавачаны ў падрыхтоўцы замаху на першага сакратара ЦК КП(б)Б М.Гікалу, пра якога зьбіраў матэрыялы для кнігі. Накіраваны на будаўніцтва Камсамольска-на-Амуры, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Выбр. вершы. – Менск, 1966; Звон вясны. – Менск, 1926; Васільковы россып: Вершы. – Менск, 1929; Пракосы на памяць: Вершы. – Менск, 1932.

Літ.: Шушкевіч С. Ён песьню насіў у грудзях… // Шушкевіч С. Выбр. тв. – Менск, 1978. т. 2.; Маракоў Л. Асуджаны, як «тэрарыст». // ЛіМ. 1999. 5 сак.

 

147.      ДАЎГАПОЛЬСКІ Цодзік (30.7(11.8).1879, Гарадок Віцебскай губ. – 16.7.1959, Ленінград), празаік, паэт, драматург. Пасьля здачы экстэрнам экзамэнаў на званьне хатняга настаўніка выкладаў у Магілёўскай губ. (1910-11). У 1912-18 загадваў гэбрайскай вучэльняй у Гарадку. Друкавацца пачаў у 1914. У 1917 уступіў у Бунд. У 1918-24 працаваў інструктарам Наркамату асьветы па Віцебскай і Магілёўскай абласьцях. У 1922-24 дырэктар дзіцячага дому ў Віцебску. У 1925-32 літсупрацоўнік гэбрайскай газ. «Октобэр» у Менску. З 1933 у Дзяржвыдавецтве БССР. Арыштаваны 27.4.1938; сасланы ў Казахстан. У 1943 вызвалены. Жыў на Ўрале, дзе займаўся пэдагагічнай працай. Пасьля вайны – у Віцебску. Цяжка захварэўшы, пераехаў да дачкі ў Ленінград, дзе і памёр. Выдаў некалькі кніг прозы, паэзіі, п‘ес. Найбольш значны твор – раман «Калі адчыняецца брама» (1930) – быў перакладзены на бел. мову (1931). Выступаў у газэтах з нарысамі і фельетонамі. Да арышту пісаў пераважна па-гэбрайску. У 1950-х публікаваў кнігі па-расейску.

 

Тв.: На берегах Сыльвы: Повесть. – Менск, 1955; На рассвете: Из далекого прошлого. – Менск, 1957; Пять лепестков: Повести и рассказы. – Менск, 1959.

Літ.: Рэлес Р. Старасьць адступае перад працай // Полымя. 1969, №7; БП, т. 2.

 

148.      ДАЎГЯЛА Зьміцер (20.10(1.11).1868, в. Казьяны Гарадоцкага пав. Віцебскай губ., цяпер Шумілінскі р-н – 1942?, Казахстан), гісторык, клясык бел. археаграфіі. Скончыў Віцебскую сэмінарыю і Пецярбурскую духоўную акадэмію (1894). Выкладаў у Віцебску ў сэмінарыі і мужчынскай гімназіі. З 1897 архіварыюс Віцебскага цэнтральнага архіву старажытных актаў. У 1903 пераехаў у Вільню, дзе працаваў у аб‘яднаным Архіве старажытных актаў, выкладаў у навучальных установах. У 1906 рэдагаваў газ. «Белая Русь». У 1906-15 сябра Віленскай археаграфічнай камісіі, з 1913 яе старшыня. Рэдактар «Записок Северо-Западного отдела Русского географического общества» (1910-14), апублікаваў у іх шэраг прац з гісторыі Беларусі. Пасьля эвакуацыі зь Вільні ў 1915 – у Магілёўскім архіве. Удзельнічаў ва Ўсебеларускім кангрэсе 1917. З 1921 загадчык Магілёўскага губэрнскага архіву. З 1925 супрацоўнік Інбелкульту, дацэнт БДУ, з 1929 дырэктар бібліятэкі БелАН, у 1937 навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі БелАН. Найбольшую вядомасьць Д. прынесла яго археаграфічная праца – падрыхтоўка і выданьне зборнікаў дакумэнтаў: «Историко-юридические материалы…» (т. 27-32, Віцебск, 1899-1906), «Акты, издаваемые Виленской комиссией…» (т. 32-37, Вільня, 1907-12), «Беларускі архіў» (т. 1-3, Менск, 1927-30), «Матэрыялы да гісторыі мануфактуры Беларусі ў часы распаду феадалізму» (т. 1-2, Менск, 1934-1935), «Гісторыя Беларусі ў дакумэнтах і матэрыялах» (т. 1, Менск, 1936). Арыштаваны 10.12.1937; пастановай пазасудовых ворганаў ад 11.9.1939 высланы ў Казахстан на 5 гадоў. Памёр у ссылцы. Рэабілітаваны 9.6.1964.

 

Тв.: Радошковичи, заштатный город Виленской губернии. – Вильна, 1907; З гісторыі беларускага пісьменства XVII ст. – Менск, 1927; Літоўская Мэтрыка і яе каштоўнасьць для вывучэньня мінуўшчыны Беларусі. – Рыга, 1933.

Літ.: Улащик. Очерки; ЭГБ, т. 3; Возвращенные имена.

 

149.      ДАШКЕВІЧ Леў (31.1(12.2).1882, Менск –9(?).12.1957, Менск), фотамастак, вучоны, вынаходнік, публіцыст, пэдагог. Паходзіў з шляхецкага роду герба «Ляліва». У 1882-96 вучыўся ў Менскай мужчынскай гімназіі і Віленскім інтэрнаце-канквіце. З 1903 вучыўся ў Варшаўскім ун-це (на мэдычным ф-це). У 1904 за ўдзел у студэнцкай забастоўцы арыштаваны і выключаны з ун-ту бяз права паступаць у ВНУ Расейскай імпэрыі. У 1906-11 вучыўся ў Францыі – на ф-це філялёгіі ун-ту ў Дыжоне. Паралельна ў 1908-09 займаўся на фатаграфічным аддзяленьні Вышэйшай школы графічных мастацтваў у Парыжы. З 1911 пачаў друкавацца ў навуковых выданьнях (La Nature. Paris). У 1911-20 жыў у Закаўказьзі, працаваў выкладчыкам францускай мовы, фізыкі, прыродазнаўства і інш. у гімназіях Эрывані (Ерэван), Елізаветполя (цяпер Гянджа, Азэрбайджан), Тыфлісу (Тбілісі). Езьдзіў па рэгіёне ў якасьці фатографа Камісіі па апісаньні мясцовасьцяў і плямён Каўказа. У 1918 служыў дзяржаўным фатографам ураду Азэрбайджанскай рэспублікі. У канцы траўня 1920 вярнуўся ў Менск. З кастр. 1920 чытаў курсы лекцыяў аб сусьветнай літаратуры і фатаграфіі ў Менскім інстытуце народнай адукацыі, са сьнеж. 1920 выкладаў францускую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце. У 1921 працаваў у Навукова-тэрміналягічнай камісіі Наркамасьветы БССР (прыродазнаўчая сэкцыя). У траўні – чэрв. 1923 удзельнічаў у этнаграфічнай экспэдыцыі ў Ігуменскім і Барысаўскім пав. У 1923-24 навуковы фатограф на мэдычным ф-це БДУ. Фатаграфічныя працы Д. друкаваліся ў выданьнях: Азбукін М. «Географія Эўропы» (2-е выд. Менск, 1924), Грамыка М. «Пачатковая географія» (Менск, 1926), «Чатырохстолецьце беларускага друку» (Менск, 1926), Багдановіч М. «Творы». Т. 1 (Менск, 1927-28), «Сучаснае беларускае мастацтва» (Менск, 1929), «Беларусь Савецкая: Фотаальбом» (Менск, 1931), «IV Усебеларуская мастацкая выстаўка» (Менск, 1931), час. «Чырвоная Беларусь» (1930, №1, 2, 9). Удзельнічаў у Першай Усебеларускай выставе краязнаўчых фатаграфіяў і замалёвак (Менск, крас.–май 1928), у выставе ў Дрэздэне (1930?). Арыштаваны ГПУ БССР 21.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Вызвалены ў вер. 1930. Затым працаваў у Менскім Доме тэхнікі, на геаграфічным ф-це БДУ, 1-й клініцы Менскага мэдінстытуту, Інстытуце тэарэтычнай і клінічнай мэдыцыны АН БССР. У 1941-44 жыў у эвакуацыі ў Фрунзе (цяпер Бішкек, Кіргізія), працаваў у мэдычных установах. У верасьні 1944 вярнуўся ў Менск. Працаваў у Інстытуце тэарэтычнай мэдыцыны і Інстытуце фізіялёгіі. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску. У вер. – сьнеж. 2002 у Нацыянальным музэі гісторыі і культуры Беларусі адбылася выстава твораў Д. «Зачараваны Беларусяй».

 

Тв.: Сенсибилизация бромистых эмульсий к И-красным лучам // Физик-любитель. Николаев, 1916; Пасьля выстаўкі (Нататкі і ўражаньні) // Маладняк. 1929, №2; Вада і жыцьцё. – Менск, 1930; Ультрафиолетовые лучи, как метод научного исследования // Медицинский журнал БССР. 1938, №4-5; Особенности люминесценции мочи при раковых заболеваниях // Там жа. 1938, №7-8; Люминесцентная реакция организма // Бюллетень экспериментальной биологии и медицины. Т. XXII, вып. 3. Маск., 1946; Химическая радиация в кинетике химических реакций // Известия АН БССР. 1951, №5.

Літ.: Дашкевич Л. (1882-1957): Каталог фотографий. – Менск, 2002.

 

150.      ДВАРЧАНІН Ігнат (27.5(8.6).1895, в. Погіры Слонімскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Дзятлаўскі р-н – 8.12.1937, Ленінградзкая вобл., НКВД), паэт, літаратуразнавец, паліт. і культурны дзяяч. У 1912 здаў экзамэны на званьне народнага настаўніка. Працаваў на Слонімшчыне. У 1915-17 на вайсковай службе. Стаў членам БСГ. Першыя вершы надрукаваў у 1917. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Ўсебеларускага кангрэсу 1917. Арыштаваны 18.12.1917. У 1918 на запрашэнене А.Чарвякова працаваў у Беларускім нацыянальным камісарыяце ў Маскве. У 1919-20 вёў культурна-асьветную работу на Дзятлаўшчыне; інтэрнаваны польскімі ўладамі ў Беластоцкі лягер, адкуль уцёк. З 1921 ў Дзьвінску, удзельнічаў у бел. культурнай працы. Пераехаў у Прагу, у 1925 скончыў Карлаў ун-т са званьнем доктара філязофіі (дысэртацыя «Францішак Скарына як культурны дзяяч і гуманіст на беларускай ніве»). Публікаваўся ў выданьнях «Перавясла», «Студэнцкая думка», «Прамень», «Наш сьцяг», «Наш шлях» і інш. З 1926 у Вільні; выкладчык бел. гімназіі, сябра Галоўнай управы ТБШ (1926-30). Супрацоўнічаў у час. «Маланка», «Родныя гоні». У 1927 уклаў і выдаў «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 году)». У 1928 абраны дэпутатам сэйму; адзін з кіраўнікоў арганізацыі «Змаганьне» (1928-30). У 1930 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. З 1932 у выніку абмену палітзьняволеных у Менску. Працаваў у Камісіі па вывучэньні Зах. Беларусі БелАН; выконваў абавязкі дырэктара Інстытуту мовазнаўства. Арыштаваны ГПУ БССР 16.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Паводле пастановы судовай калегіі ГПУ БССР 9.1.1934 прысуджаны да расстрэлу, замененага зьняволеньнем у лягерах тэрмінам на 10 гадоў. Накіраваны на Салаўкі, потым на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу. Паводле пастановы «тройкі» НКВД Ленінградзкай вобл. ад 25.11.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956. У 1983 у Погірах устаноўлена мэмарыяльная дошка, у 1989 у Дзятлаве адкрыты помнік Д.

 

Тв.: Францішак Скарына як культурны дзяяч і гуманіст на беларускай ніве: Пераклад з чэскай. – Менск, 1991; (Вершы) // Беларусь. 1988, №1; (Вершы) // Ростані волі. – Менск, 1990.

Літ.: Калесьнік У. Чалавек з паходняй // Звязда. 1985, 8 чэрв.; Barszczewski A., Bergman A., Tomaszewski J. Ignacy Dworczanin, bialoruski polityk i uczony. – Warszawa, 1990; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

151.      ДЗЕКУЦЬ-МАЛЕЙ Лукаш (1.10.1888, Слонімскі пав. Гарадзенскай губ. – 20.1.1955, Гданьск, Польшча), пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны дзяяч, перакладчык, выдавец. З 1910 вернік баптысцкай царквы, зьвязаны з пратэстанцкім рухам. Вучыўся на Першых беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. Калі жыў у Санкт-Пецярбургу, два гады наведваў біблейскія курсы. У 1918 браў удзел у Беларускім сялянскім зьезьдзе ў Горадні, на якім абраны ў Гарадзенскую павятовую раду. Арыштаваны польскімі ўладамі 13.2.1919 за выступы ад імя Літоўскай дзяржавы. З 1920 адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага камітэту і старшыня Беларускай школьнай рады ў Горадні. З пачатку 1920-х займаўся рэлігійнай дзейнасьцю; прапаведнік у Берасьці. У 1920-24 пераклаў на бел. мову з польскай і расейскай 17 рэлігійных брашур. Сумесна з А.Луцкевічам выдаў па-беларуску «Новы Запавет і Псальмы» (Гэльсынкі, 1931). Займаўся дабрачыннай дзейнасьцю. Арыштаваны 19.6.1941 савецкімі ворганамі бясьпекі. Падчас нямецкай акупацыі прасьвітар бел. баптыстаў. У 1942 выдаў у Менску малітоўнік па-беларуску. У канцы вайны пакінуў Беларусь. З 2-й паловы 1940-х г. жыў у Гданьску.

 

Літ.: Picarda J. The haevenly fire: A study of the origins of the Byelorussian New Testament and Psalms // Божым шляхам. 1975, №1-2; Луцкевіч А. Дзёньнік // Полымя. 1991, №4-5; Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 3.

 

152.      ДЗЕМІДОВІЧ Адам (31.12.1881, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н – 10.11.1938, Менск, НКВД), геадэзыст. Верагодна, брат П.Дземідовіча. Працаваў у Інстытуце геалягічных навук БелАН, Геоляга-разьведвальнай управе Наркампраму БССР. Арыштаваны 8.8.1938. Пастановай «тройкі» НКВД 1.11.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 28.5.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

153.      ДЗЕМІДОВІЧ Павал (29.6(10.7).1871, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н – 7.3.1931, Менск), этнограф, фальклярыст, краязнавец, пэдагог. Верагодна, брат А.Дземідовіча. У 1890 скончыў Нясвіскую настаўніцкую сэмінарыю, у 1897 – Віленскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у Менскім і Наваградзкім пав. Выкладаў у Выбарскай настаўніцкай сэмінарыі і на настаўніцкіх курсах у Выбаргу і Юр‘еве (Тарту). З 1908 супрацоўнік аддзяленьня этнаграфіі Таварыства аматараў прыродазнаўства, антрапалёгіі і этнаграфіі пры Маскоўскім ун-це. Публікаваўся ў выданьнях «Виленский вестник», «Этнографическое обозрение», «Живая старина». З 1915 настаўнік у Віцебску. З 1919 у Менску; арганізатар і загадчык бел. гімназіі. У ліп. 1920 – вер. 1921 у Наркамаце асьветы БССР. З 1921 выкладчык Менскага інстытуту народнай адукацыі. Арыштаваны ў лют. 1921 з абвінавачаньнем у антысавецкай дзейнасьці. З 1922 выкладаў у сярэдніх школах Менску. З 1925 сябра этнаграфічнай сэкцыі Інбелкульту. Частку сваіх збораў перадаў М.Доўнар-Запольскаму. Спадчына Д. выкарыстаная пры падрыхтоўцы выданьняў «Легенды і паданьні» (1983), «Земляробчы каляндар» (1990) сэрыі «Беларуская народная творчасьць».

 

 Літ.: Гурскі А. Зь любоўю да народу: З жыцьця і фальклёрна-этнаграфічнай дзейнасьці Д.Г.Булгакоўскага і П.П.Дземідовіча. – Менск, 1989; ЭГБ, т. 3.

 

154.      ДЗЯМІДАЎ Мікалай (10.12.1888, Беласточчына? – 23.6.1967, Чыкага, ЗША), вайсковы, паліт., грамадзкі дзяяч, публіцыст, настаўнік. У 1905 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю, у 1910 Беластоцкую рэальную сярэднюю вучэльню. У 1907 працаваў у канцылярыі Прывісьленскіх чыгунак, адначасова вольны слухач Варшаўскага ун-ту. З 1914 на вайсковай службе ў царскай арміі. У 1917 скончыў Паўлаўскую вайсковую вучэльню ў Петраградзе. У 1918 займаўся ў Вільні арганізацыяй бел. вайсковых адзінак. У 1918-19 камэндант Горадні, прадстаўляў у камэндатуры Раду БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі ў чэрв. 1919. Улетку 1920 уступіў у армію С.Булак-Булаховіча, арганізаваў асобны бел. баталён, які ўдзельнічаў у паходзе 1920. З 1921 у Польшчы. З 1923 у Латвіі. З 1924 у Рызе. Арганізаваў таварыствы «Беларуская хатка» і «Рунь»; працаваў у бел. грамадзкіх арганізацыях. Рэдагаваў час. «Школа і жыцьцё» (1930). У 1940 арыштаваны і этапаваны на Лубянку. Неўзабаве вызвалены. У 1941 кіраваў Беларускім нацыянальным камітэтам у Дзьвінску, потым увайшоў у склад Беларускага нацыянальнага камітэту ў Рызе. У 1942 пераехаў у Беларусь, працаваў інспэктарам Генэральнага камісарыяту, потым рэфэрэнтам у школьных справах. Удзельнічаў у фармаваньні баталёну Беларускай краёвай абароны ў Лідзе. У 1944 вярнуўся ў Рыгу. З канца 1944 у Бэрліне пры БЦР. У 1948 адзін з ініцыятараў скліканьня сабору Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Канстанцы (Зах. Нямеччына). З 1950 у ЗША.

 

Літ.: Латышонак А. Дзень герояў // Ніва. 1994, 27 лістап.; Яго ж. Мікалай Дзямідаў – беларускі палітычны дзяяч з роду Каліноўскага // Лідзкі летапісец. 2002, №17; Соловьёв А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. – Менск, 1995; Latyszonek O. Mikolaj Demidow // Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 1995, №1.

 

155.      ДЗЯРГАЙ Сяргей (17.9.1907, Менск – 25.12.1980, Менск), паэт, перакладчык. У 1927 скончыў агульнаадукацыйныя курсы ў Менску. Працягваць вучобу ня змог з-за хваробы. Шмат займаўся самаадукацыяй. З 1934 працаваў карэктарам у друкарні газ. «Зьвязда». Арыштаваны 15.3.1935; прысуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Пасьля вызваленьня ў 1937 жыў на вёсцы. У 1938 у газ. «Літаратура і мастацтва» апублікаваны першы верш Дз. Зноў арыштаваны ў 1939; высланы ў Казахстан. Пасьля вызваленьня з 1941 жыў у Навабеліцы пад Гомелем. Падчас нямецкай акупацыі падтрымліваў сувязь з партызанамі, уваходзіў у падпольную антыфашысцкую групу. З 1946 жыў у Менску. Член СП Беларусі з 1950. З 1951 працаваў загадчыкам аддзелу паэзіі час. «Полымя». У 1953-67 адказны сакратар, загадчык аддзелу літаратуры час. «Вожык». Першы зборнік «Вачыма будучыні» выйшаў у 1953. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы (1964) за зборнік «Чатыры стыхіі» (1962). Перакладаў з польскай, расейскай, украінскай моваў. Пахаваны на Паўн. могілках Менску.

 

Тв.: Выбр. – Менск, 1967; Вершы. – Менск, 1974; На вогненнай сьцяжыне. – Менск, 1977; Чатыры стыхіі. – Менск, 1988.

Літ.: Яфімаў Ф. Чатыры стыхіі Сяргея Дзяргая // Полымя. 1970, №11; БП, т. 2.

 

156.      ДЗЯРКАЧ Анатоль (сапр.: Зіміёнка Анатоль Рыгоравіч; 6(18).4.1887, мяст. Турэц Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Карэліцкі р-н – 5.9.1937, Менск, НКВД), паэт, сатырык, гумарыст, мэмуарыст. У 1904 скончыў народную вучэльню ў Наваградку. Пачаў публікавацца з 1904; спачатку пісаў на расейскай мове. Служыў у земскай і гарадзкой управах у Менску. Член партыі эсэраў. У 1908 арыштаваны, адпраўлены ў ссылку. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 служыў у менскіх адміністрацыйных ворганах Часовага ўраду. Пасьля 1917 працаваў у газ. «Беларуская вёска»; з 1924 рэдактар сатырычнага час. «Дубінка» (дадатак да газ. «Звязда»); працаваў у газ. «Піянэр Беларусі», час. «Полымя». Працуючы ў сатырычным жанры, узяў сабе псэўданім Анатоль Дзяркач. Член СП Беларусі з 1934. Пісаў творы для дзяцей. Перакладаў з расейскай і ўкраінскай моваў. Аўтар успамінаў. Арыштаваны 16.10.1936; расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў: Сатырычныя вершы. – Менск, 1925; Міколава гаспадарка: Агра-паэма. – Менск, 1927; Нашы прыяцелі. – Менск, 1928; Зьвяры нашых лясоў. – Менск, 1929; Бог удвох. – Менск, 1930; Усім патроху…: Сатыра і гумар: Вершы. – Менск, 1930; Качаргой па абразох. – Менск, 1930; Оккупация и интервенция в Белоруссии. – Маск., 1932.

Літ.: Семяжон Я. Сатыра не старэе // Беларусь. 1967, №4; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

157.      ДОМБАЛЬ Тамаш (29.12.1890, в. Собаў Тарнобжэгскага пав., Галіцыя, Аўстра-Вугоршчына, цяпер Жэшаўскае ваяв., Польшча – 4.12.1938, Менск, НКВД), эканаміст, публіцыст, дзяяч міжнароднага сялянскага руху. У 1909-14 вучыўся ў Венскім і Кракаўскім ун-тах. У 1919 дэпутат польскага сэйму. У ліп. 1921 адзін з ініцыятараў стварэньня ў ім камуністычнай фракцыі. Арыштаваны ў сьнеж. 1921; асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня. У выніку абмену палітвязняў з 1923 у СССР. Ініцыятар скліканьня ў 1923 І Міжнароднай сялянскай канфэрэнцыі ў Маскве; нам. генэральнага сакратара Выканкаму Сялянскага Інтэрнацыяналу. У 1926 заснаваў навукова-дасьледчы Міжнародны аграрны інстытут. У 1927 скончыў Маскоўскую сельгасакадэмію, у 1932 Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1932-35 віцэ-прэзыдэнт БелАН, дырэктар Інстытуту эканомікі БелАН. Прафэсар (1932), акадэмік БелАН (1933), доктар эканамічных навук (1934). Аўтар прац пра міжнародны сялянскі рух, эканоміку Беларусі. Арыштаваны 29.12.1936. Асуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР на расстрэл. Рэабілітаваны 21.12.1956.

 

Літ.: Cimek H. Tomasz Dombal, 1890-1937. Rzeszow, 1993; ЭГБ, т. 3; Возвращенные имена.

 

158.      ДОЎБІК Аляксандар (6.7.1921, хутар Сеньнiца Слуцкага р-ну Бабруйскай акругi), праваабаронца, публіцыст. У 1940 скончыў курсы падрыхтоўкi настаўнiкаў пры Карагандзiнскiм пэдагагiчным iнстытуце. У вер. 1940 мабiлiзаваны ў Чырвоную армiю, дзе знаходзiўся да сьнеж. 1945. З 1946 настаўнічаў у Мiрскім і Карэлiцкім раёнах Гарадзенскай вобл. У 1950 завочна скончыў Баранавiцкi настаўнiцкi iнстытут. Для Д. былi вiдавочнымi разыходжаньнi памiж прынцыпамi, якiя дэкляравала кiраўнiцтва СССР, і рэальнай практыкай у галiне правоў чалавека. Асаблiва, паводле яго меркаваньня, гэта выяўлялася ў падпiсаньнi СССР у 1948 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека i адначасовым парушэньнi гэтай Дэкларацыi. Д. меркаваў, што iснуюць мiжнародныя iнструмэнты ўплыву на ўнутраную палiтыку СССР. Гэта падштурхнула яго ў 1958 праз пасольствы ў Маскве накiраваць лiсты да кiраўнiкоў шэрагу ўплывовых краiн сьвету: прэзыдэнту ЗША, прэм‘ер-мiнiстру Вялiкабрытанii, прэм‘ер-мiнiстру Iндыi. У лiстах Д. называў iмёны вядомых яму ахвяраў савецкага рэжыму. Гэтыя лiсты былi перахопленыя КГБ. 15.10.1958 Д. быў арыштаваны i 22.11.1958 на закрытым судовым працэсе Гарадзенскага абл. суду асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волi. Зьняволеньне адбываў у лягерах Мардовii. У 1990-я старшыня Карэлiцкай раённай суполкi Беларускай асацыяцыi ахвяр палiт. рэпрэсiяў (БААПР). Выяўленыя iм iмёны ахвяраў рэпрэсiяў увайшлi ў кнiгу «Памяць» Карэлiцкага р-ну, а таксама зьмешчаныя ў створаным у Вашынгтоне Мэмарыяле-музэi ахвяраў камунiстычных рэжымаў. Цяпер жыве ў в. Уша Карэлiцкага р-ну Гарадзенскай вобл.

 

Літ.: Грыбоўскi Ю. Доўбік Аляксандр // Дэмакратычная апазыцыя.

 

159.      ДОЎНАР Іван (11.9.1902, в. Гонча Менскай губ. – 25.1.1982, Маладэчна), эканаміст. У 1927 скончыў БДУ. Вучыўся ў асьпірантуры БелАН. У 1933 навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР 11.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Калегіяй ОГПУ 19.5.1934 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Тэрмін пакараньня адбываў на Салаўках; з 1940 у Нарыльску. Атрымаў паўторны тэрмін зьняволеньня. Вызвалены ў 1948. З 1952 жыў у Маладэчне. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

 Літ.: Возвращенные имена.

 

160.      ДРАЖВЕЦКІ Зьміцер (1897, в. Колкі Валынскай губ., Украіна – 8.8.1938, Магадан, ГУЛАГ), эканаміст-географ. Вучыўся ў асьпірантуры БелАН. З 1932 працаваў навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзелу картаграфіі Інстытуту эканомікі БелАН. Арыштаваны 15.12.1935. 23.2.1936 асуджаны Спэцыяльнай судовай калегіяй Вярхоўнага суду БССР на 5 гадоў лягераў. Накіраваны ў Паўн.-Усх. лагер (Магадан). 8.8.1938 прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 21.11.1956, па другім – 24.10.1962.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

161.      ДРУЖЧЫЦ Васіль (Друшчыц; 27.1.(8.2).1886, в. Блудзень Пружанскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер в. Першамайская Бярозаўскага р-ну Берасьцейскай вобл. – 20.12.1937, Менск, НКВД), гісторык. У 1901 скончыў Жыровіцкую духоўную вучэльню, у 1907 – Літоўскую духоўную сэмінарыю (Вільня), у 1911 – Юр‘еўскі (Тартускі) ун-т. У 1911-22 выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску. Удзельнічаў у рабоце Беларускага культурна-асьветнага таварыства ў Бабруйску. З 1922 выкладчык, з 1927 прафэсар катэдры гісторыі Беларусі БДУ. Адначасова з 1924 правадзейны сябра Інбелкульту; з 1927 старшыня камісіі Інбелкульту па гісторыі гарадоў. З 1933 супрацоўнік Інстытуту гісторыі БелАН, прафэсар катэдры гісторыі народаў СССР Літаратурнага інстытуту імя Герцэна (Масква). Дасьледаваў бел. сярэднявечча, магдэбурскае права ў бел. гарадах, гісторыю кнігадрукаваньня. Арыштаваны 14.1.1937. Асуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 19.12.1937 на расстрэл. Рэабілітаваны 5.7.1958.

 

Тв.: Палажэньне Літоўска-Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай уніі // Працы БДУ. 1925, №6-7; Места Менск у канцы XV і пачатку XVI ст. // Тамсама. 1926, №12; Беларускія месты ў гістарычнай літаратуры // Гістарычна-археалягічны зборнік. – Менск, 1927.

Літ.: Іофэ Э. Летапісец айчыннай гісторыі // ЛіМ. 1986, 14 лют.; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 3.

 

162.      ДРУЦКІ-ПАДБЯРЭСКІ Баляслаў (1894, Лідчына – 1940, Вялейка?, НКВД), літаратар, лексыколяг. Паводле адукацыі юрыст. Паходзіў з княскага роду. У 1920-я друкаваўся ў пэрыёдыцы: час. «Беларуская культура», «Беларускі радны», «Беларуская хата», газ. «Беларускае слова», «Беларускі дзень». Выступаў пераважна як байкапісец і аўтар гумарэсак у прозе. Пераніцоўваў на бел. мову клясыкаў-байкапісцаў. Д.-П. падрыхтаваў і выдаў пад рэдакцыяй В.Грышкевіча першы бел.-польскі слоўнік. Займаўся краязнаўчым апісаньнем Лідчыны. Арыштаваны органамі НКВД увосені 1939 у рэдакцыі газ. «Вялейская праўда», куды Д.-П. зайшоў як аўтар. Загінуў бязь вестак.

 

Тв.: Байкі, гумар, сатыра. Сш. 1, 2. – Вільня, 1928; Падручны беларуска-польскі слоўнік. – Вільня, 1929.

 

163.      ДУБІНСКІ Сяргей (13(25).10.1884, в. Наройкі Бельскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 27.8.1937, Ленінград, НКВД), археоляг, гісторык. У 1914 скончыў Пецярбурскі ун-т. Настаўнічаў. З 1925 сябра гісторыка-археалягічнай камісіі, з 1928 навуковы супрацоўнік Інбелкульту, з 1929 у Інстытуце гісторыі БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР летам 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі», але ў хуткім часе вызвалены. З 1933 у Ленінградзе, навуковы супрацоўнік Акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры. Дасьледаваў помнікі жалезнага веку і сярэднявечча. Падрыхтаваў і выдаў першую «Бібліяграфію па археалёгіі Беларусі і сумежных краін» (Менск, 1933). Арыштаваны і расстраляны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1958.

 

Літ.: Вяргей В. Археалягічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992; Каробушкіна Т. Археоляг С.А.Дубінскі // ПГКБ. 1986, №4; ЭГБ, т. 3.

 

164.      ДУБОЎКА Уладзімер (2(15).7.1900, в. Агароднікі Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Пастаўскі р-н – 20.3.1976, Масква), паэт, празаік, перакладчык, крытык. У 1918 скончыў Нова-Вялейскую настаўніцкую сэмінарыю; у 1924 – Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В.Брусава. Першы верш апублікаваў у 1921. У 1920-я – адзін зь вядучых бел. паэтаў незалежніцкай арыентацыі. У 1922-25 рэдактар бел. выданьня «Весьніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР», адначасова адказны сакратар прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР. У 1924-27 выкладчык бел. мовы ў Камуністычным ун-це народаў Захаду. У 1926-30 рэдактар «Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўраду Саюза ССР». Нягледзячы на тое, што пастаянна жыў у Маскве, браў актыўны ўдзел у бел. літаратурным руху – сябра літаб‘яднаньняў «Маладняк», «Узвышша». Першы рэдактар час. «Беларускі піянэр». Каб пазьбегнуць цэнзуры, некаторыя вершы друкаваў у заходнебел. час. «Беларуская культура». Арыштаваны ОГПУ СССР 20.7.1930 у Крамлі ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Яранск. У ліп. 1935 тэрмін высылкі падоўжаны на 2 гады. У ліст. 1937 асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Кіраўскай вобл., Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У зьняволеньні літаратурнай працай не займаўся. Зноў арыштаваны 16.2.1949 у Грузіі. Асобай нарадай МГБ СССР у крас. 1949 асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня. Канчаткова рэабілітаваны 15.11.1957. Член СП Беларусі з 1958. Ляўрэат Літаратурнай прэміі імя Я.Купалы (1962) за кнігу паэзіі «Палеская рапсодыя».

 

Тв.: Выбр. тв. – Менск, 1959; Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1965; (Вершы). Менск, 1970.

Літ.: Бугаёў Дз. Уладзімер Дубоўка. – Менск, 1965; Лойка А., Пшыркоў Ю. Пясняр высокіх дум і глыбокіх пачуцьцяў // На высокай хвалі. Менск, 1980; Міхнюк У. Вязень сумленьня // Полымя. 1996, №2; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

165.      ДУБРОЎСКІ Іларыён (23.5.1907, в. Багушэвічы Бярэзінскага р-ну Менскай вобл. – пасьля 1937?, ГУЛАГ?), журналіст. У 1930-я працаваў у газ. «Чырвоная зьмена». Арыштаваны 26.11.1936. 1.10.1937 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Рэабілітаваны 18.12.1954. Далейшы лёс невядомы.

 

Кр.: НАРБ, ІКР. Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

166.      ДУДАР Алесь (сапр.: Дайлідовіч Аляксандар Аляксандравіч; 24.12.1904, в. Навасёлкі Мазырскага пав. Менскай губ., цяпер Петрыкаўскі р-н – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт, крытык, перакладчык. Нарадзіўся ў сям‘і безьзямельнага селяніна. У часе 1-й сусьветнай вайны Дайлідовічы былі ў бежанстве ў Тамбоўскай вобл. (Казлоў, цяпер Мічурынск). Вясной 1917 сям‘я вярнулася ў Беларусь. Пасьля сканчэньня (1921) сярэдняй школы (у іншых зьвестках – сямігодкі) Д. уступіў у тэатральную трупу славутага У.Галубка. Першы верш апублікаваў у 1921 у газ. «Савецкая Беларусь». У 1923 адзін з заснавальнікаў менскай, віцебскай і полацкай філіяў «Маладняка». Выступаў таксама як крытык і празаік. Перакладаў з расейскай, нямецкай, францускай моваў. У 1927-28 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага ф-ту БДУ. У выніку кампаніі супраць бел. пісьменьнікаў-студэнтаў быў вымушаны пакінуць ун-т. У сьнеж. 1927 выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да новага аб‘яднаньня «Полымя». За верш «Пасеклі наш край папалам…» арыштаваны ГПУ 20.3.1929; высланы на тры гады ў Смаленск. Зноў арыштаваны ў Смаленску 22.7.1930 і прывезены ў Менск на допыты у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». У 1931 зноў у Смаленску. Пасьля сканчэньня тэрміну высылкі вярнуўся ў Менск. Сябра СП БССР з 1934. У 1935-36 у асноўным займаўся перакладамі. У трэці раз арыштаваны 31.10.1936; пасьля году катаваньняў і допытаў расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Выбр. тв. – Менск, 1959; Вежа: Вершы і паэмы. – Менск, 1984.

Літ.: Багдановіч І. Будучыня з сінімі крыламі: Літаратурны партрэт А.Дудара // Роднае слова. 1994, №12; Міхнюк У. Арыштаваць у высылцы: Дакумэнтальны нарыс пра Алеся Дудара. – Менск, 1996; Маракоў Л. Алесь Дудар: штрыхі да партрэту пісьменьніка // Роднае слова. 2001. №12.

 

167.      ДУДЗІЦКІ Уладзімер (сапр.: Гуцька Уладзімер Ермалаевіч; 27.12.1910 (8.1.1911), в. Дудзічы Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – ?), паэт, празаік, перакладчык, публіцыст. У 1927 пераехаў у Менск; у 1930 скончыў 22-ю менскую сямігодку і паступіў у МБПТ. Разам з С.Астрэйкам, Л.Калюгам, С.Русаковічам Д. быў выключаны з «воўчым білетам» як «нацдэм». Пры дапамозе Л.Калюгі і У.Хадыкі ўладкаваўся стыльрэдактарам у газ. «Савецкая Беларусь». Пазьней працаваў стыльрэдактарам у выдавецтве БелАН; адначасова займаўся на падрыхтоўчых курсах пры БДУ. Паступіў на літаратурна-лінгвістычны ф-т МВПІ. Арыштаваны ГПУ БССР 23.2.1933; праз 9 месяцаў сасланы на 3 гады ў лягеры. Пакараньне адбываў у Новасібірску, Марыінску, Казахстане, Узбэкістане. Пасьля дазволу вярнуцца ў Беларусь жыў у Віцебску. Працаваў выкладчыкам бел. мовы і літаратуры; экстэрнам здаў экзамэны за курс пэдінстытуту. Друкавацца пачаў у 1937. У 1939 звольнены з пэдагагічнай работы рашэньнем Віцебскага абкаму КП(б)Б. Быў вымушаны пакінуць Віцебск, а потым і Беларусь. Хаваўся ў Расеі. Напярэдадні вайны вярнуўся ў Беларусь. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Менску, Барысаве. Займаўся культурнай дзейнасьцю. Увайшоў у склад БЦР, узначаліў аддзел прапаганды Беларускай Краёвай Абароны. Актыўна выступаў у друку зь вершамі, паэмамі, артыкуламі. У 1944 выехаў у Нямеччыну. Служыў у Міністэрстве прапаганды. Потым жыў у амэрыканскай акупацыйнай зоне; перасяліўся ў Вэнэсуэлу. У 1950 – пачатку 1960 галоўны рэдактар бел. рэдакцыі радыё «Свабода» ў Мюнхене. Публікаваўся ў бел. эмігранцкіх выданьнях. З 1961 у ЗША; выкладаў расейскую мову ва ун-це Блумінгтана (штат Індыяна). Неўзабаве вярнуўся ў Вэнэсуэлу. У канцы 1970-х знік. Паводле некаторых зьвестак (успаміны жонкі Веры), магчыма, у былым Савецкім Саюзе. Па справе 1933 рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Напярэймы жаданьням. – Нью-Йорк, 1994; Туга па Радзіме: Паэзія беларускай эміграцыі. – Менск, 1992.

Літ.: Сачанка Б. З малавядомага і забытага // ЛіМ. 1991, 28 чэрв.; Савік Л. Напярэймы жаданьням // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. – Менск, 2001.

 

168.      ДУНЕЦ Хацкель (студз. 1897, Слонім Гарадзенскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), крытык, публіцыст. З 1920 у РКП(б); быў на партыйнай рабоце ў Віцебску. З 1926 жыў у Менску. Публікаваўся з 1927. Быў нам. рэдактара гэбрайскай газ. «Октобэр», рэдактарам газ. «Літаратура і мастацтва»; адным з кіраўнікоў гэбрайскай сэкцыі СП БССР. У 1930-35 – нам. наркама асьветы БССР. Сябра СП БССР з 1934. У сярэдзіне 1930-х г. абвінавачваўся ў трацкізме. У 1935 выключаны з партыі і зьняты з усіх адказных пасад. Працаваў культработнікам на заводзе імя Кірава. Арыштаваны 8.6.1936; 27.8.1936 асуджаны на 5 гадоў лягераў; накіраваны ва Ухт-Пячорскі лягер. Зноў арыштаваны ў крас. 1937, дастаўлены ў Менск і 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1967.

 

Літ.: Рашэньні парткаму Наркамасьветы і Саюзу савецкіх пісьменьнікаў у справе тав. Дунца: Пастанова бюро Менскага гаркаму КП(б)Б // ЛіМ. 1935, 23 лют.; БП, т. 2.

 

169.      ДУРНАВО Мікалай (4.11.1876, Масква – 27.10.1937, Салаўкі, НКВД), мовазнавец. Скончыў Маскоўскі ун-т. З 1918 прафэсар Саратаўскага і Маскоўскага ун-таў. Член-карэспандэнт АН СССР з 1924. У 1924-27 жыў у Чэхаславаччыне. З 1928 у Менску. Супрацоўнік Інбелкульту, потым БелАН; прафэсар БДУ. Дасьледаваў славянскае мовазнаўства, дыялекталёгію і гісторыю расейскай мовы. Уклад у бел. мовазнаўства ўнёс, вывучаючы Супрасьльскі рукапіс (1926), напісаўшы артыкул «Увагі да беларускай фанэтыкі» (1929). У 1929 пазбаўлены званьня акадэміка БелАН. Арыштаваны 28.12.1933; паводле пастановы Калегіі ОГПУ СССР ад 29.3.1934 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Паўторна арыштаваны ў 1937 і расстраляны. У 1938 пасьмяротна пазбаўлены званьня члена-карэспандэнта АН СССР. Рэабілітаваны 26.10.1964. Адноўлены ў званьні акадэміка АН БССР у 1978, у званьні члена-карэспандэнта АН СССР у 1990.

 

Літ.: Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 2. – Менск, 1977; Возвращенные имена.

 

170.      ДУШЭЎСКІ Клаўдзій (Дуж-Душэўскі; 27.3 (паводле іншых зьвестак 13(26).4.1891, мяст. Глыбокае Дзісенскага пав. Віленскай губ. – 25.2.1959, Вільня), паліт. дзяяч, дыплямат, архітэктар, рэдактар, пэдагог. У 1912 скончыў Віленскую рэальную вучэльню, дзе далучыўся да бел. руху. Граў Крыніцкага ў «Паўлінцы» Я.Купалы. У 1912-18 вучыўся ў Пецярбурскім горным інстытуце. Удзельнічаў у выданьні час. «Раніца». Стварыў эскіз бел-чырвона-белага сьцяга. З 1917 у БСГ. У 1918 працаваў загадчыкам бежанскага аддзелу Белнацкаму. З крас. 1919 у Вільні. Увосені 1919 – дыпляматычны прадстаўнік ураду БНР у дзяржавах Балтыі. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі і на беларускіх настаўніцкіх курсах. У пачатку 1921 арыштаваны польскімі ўладамі. Вызвалены 7.2.1921; эміграваў у Літоўскую рэспубліку (Коўна). У 1920-30-х г. працаваў у міністэрствах Літвы. У 1927 скончыў Літоўскі ун-т (Коўна). Рэдагаваў час. «Беларускі сьцяг» (1922), браў удзел у выданьні час. «Крывіч» (1923-26), рэдагаваў час. «Беларускі асяродак» (1933). Перакладаў на бел. мову падручнікі для сярэдніх школ. Арыштаваны савецкімі ўладамі 2.7.1940. У жн. 1943 арыштаваны нямецкімі ўладамі за дапамогу гэбраям; зьняволены ў лягеры каля Правянішак. У 1944-46 дацэнт Ковенскага ун-ту. У сьнеж. 1946 – траўні 1947 пад сьледзтвам у Вільні. Зноў арыштаваны ў лют. 1952; асуджаны на 25 гадоў зьняволеньня як бел. нацыяналіст. Вызвалены ў крас. 1955. Працаваў у інстытуце «Літбудпраект». Пахаваны ў Коўне.

 

Літ.: Рудовіч С. Белы, чырвоны, белы… // Звязда. 1992, 25 сак.; ЭГБ, т. 3.

 

171.      ДЫЛА Язэп (2(14).4.1880, Слуцак – 7.4.1973, Саратаў, Расея), празаік, драматург, грамадзкі дзяяч. У 1890-98 вучыўся ў Слуцкай гімназіі. У 1899 паступіў у Юр‘еўскі (Тартускі) вэтэрынарны інстытут, адкуль у 1903 выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях. У 1903-04 у Менску працаваў у газ. «Северо-Западный край». У 1905 узначальваў арганізацыйную групу Менскага камітэту РСДРП. У 1906-18 у выдавецтвах Пецярбурга, Арэнбурга, Казані, Масквы. У студз. – лют. 1919 камісар працы ў Часовым урадзе БССР. Супрацьстаяў палітыцы А.Мясьнікова, за што ў лют. 1919 арыштаваны і высланы зь Беларусі. У 1921-24 на розных кіраўнічых пасадах у Менску. З 1924 правадзейны сябра і вучоны сакратар Інбелкульту, дырэктар Інстытуту па вывучэньні мастацтва, дырэктар БДТ-1, нам. загадчыка Белдзяржкіно. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; 10.4.1931 высланы ў Кунгур Пермскай вобл. на 5 гадоў. Потым жыў у Саратаве. 22.8.1938 зноў арыштаваны (10.3.1939 справа спынена). Рэабілітаваны 15.11.1957.

 

Тв.: Творы. – Менск, 1981; Праз гады барацьбы і выпрабаваньняў // Крыніца. 1989, №1.

Літ.: Родчанка Р. Язэп Дыла // Беларусь. 1984, №10; Юрэвіч Л. Язэп Дыла і яго гістарычны раман «На шляху з вараг у грэкі» // Весці АН БССР. Сэрыя грамадзкіх навук. 1991, №5; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

172.      ЕЗАВІТАЎ Кастусь (5(17).11.1893, Дзьвінск – 23.5.1946, Менск, НКВД), паліт., грамадзкі, вайсковы дзяяч, публіцыст, перакладчык, пэдагог. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Удзельнік 1-й сусьветнай вайны; скончыў Паўлаўскую вайсковую вучэльню (Петраград). У 1917-18 нам. старшыні і сакратар вайсковага аддзелу Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага кангрэсу 1917. Арыштаваны ЧК у студз. 1918; 19.2.1918 яму ўдалося ўцячы. Удзельнік абвяшчэньня БНР; народны сакратар вайсковых справаў у першым урадзе БНР. У сак. 1919 выдаваў у Горадні газ. «Бацькаўшчына». У 1919 начальнік канцылярыі Міністэрства беларускіх справаў ва ўрадзе Літвы. Кіраўнік Вайскова-дыпляматычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. З 1921 у Рызе; займаўся асьветніцкай дзейнасьцю і публіцыстыкай; удзельнічаў у выданьні час. «На чужыне», «Беларуская школа ў Латвіі», газ. «Голас беларуса». У 1923-24 дырэктар Люцынскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Старшыня Беларускага камітэту ў Латвіі. У 1924 арыштаваны латвійскімі ўладамі за бел. дзейнасьць. Пазьней арыштоўваўся яшчэ 3 разы. У 1929 пераклаў з латыскай мовы драму А.Упіта «1905» (рукапіс захоўваецца ў Вільні). Падчас 2-й сусьветнай вайны займаўся арганізацыяй у Латвіі бел. школ. На 2-м Усебеларускім кангрэсе (чэрв. 1944, Менск) абраны ў склад БЦР. Выехаў у Бэрлін. Затрыманы савецкай вайсковай контрразьведкай «Смерш» 26.4.1945. Памёр у Менску ў турэмным шпіталі ў часе сьледзтва.

 

Тв.: Белорусы и поляки. – Ковно, 1919; Беларусы ў Латвіі. – Рыга, 1927; Беларусы ў Літве. – Рыга, 1932; Першы Усебеларускі кангрэс // Беларуская мінуўшчына. 1993, №1.

Літ.: Герасімаў В. Да праўды светлай, братка, йдзі! // Полымя. 1994, №2; Міхнюк У., Паўлаў Я. Канстанцін Езавітаў: матэрыялы да біяграфіі // Маладосць. 1995, №1; Чэмер А. (Анішчык А.). Партрэты. – Вільня, 2001; БП, т. 6; ЭГБ, т. 3.

 

173.      ЕМЯЛЬЯНАЎ Нестар (30.10(11.11). 1898, в. Ляцягі Прапойскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Слаўгарадзкі р-н – 29.9.1970, Менск), хімік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў Расеі на баку чырвоных. У 1932 скончыў Гомельскі пэдінстытут. У 1933-36 асьпірант Інстытуту хіміі БелАН. Арыштаваны 7.6.1936. 22.6.1936 Асобай нарадай накіраваны на «Варкуткамбінат», дзе працаваў у цэнтральнай хімічнай лябараторыі. У 1941 вызвалены датэрмінова і накіраваны ў Чырвоную армію. У 1942-45 у нямецкім палоне. У 1945 рэпатрыяваны ў СССР. У 1946-52 працаваў хімікам у спэцлябараторыі спэцаддзяленьня МУС СССР. У ліп. 1952 высланы на пасяленьне ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны 11.6.1956. З 1956 працаваў у Інстытуце хіміі (з 1959 Інстытут фізыка-арганічнай хіміі – ІФАХ) АН БССР. У 1962-70 загадчык лябараторыі нафтахімічнага сынтэзу ІФАХ. Доктар хімічных навук (1970).

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

174.      ЕРМАЛОВІЧ Якуб (7.8.1910, в. Вяшэўка Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Бярэзінскі р-н – 18.4.1987, Бярэзінскі р-н), празаік. Друкавацца пачаў у раённых газэтах у 1929, у цэнтральных бел. выданьнях у 1931. У 1931 скончыў Мсьціслаўскія двухгадовыя пэдагагічныя курсы. Настаўнічаў у Магілёўскай вобл. У 1932-33 літсупрацоўнік газ. «Калектывіст» у Чэрвені Менскай вобл. У 1933 паступіў на літаратурны ф-т МВПІ. Арыштаваны 2.10.1936; асуджаны да зьняволеньня. У 1939 прысуд адменены, вызвалены быў толькі ў чэрв. 1941 (са зьняцьцем судзімасьці). У пэрыяд нямецкай акупацыі жыў у в. Вяшэўка. Зь вер. 1944 настаўнік бел. мовы і літаратуры ў Беразіне, потым у СШ в. Пагост Бярэзінскага р-ну. У 1959 завочна скончыў Магілёўскі пэдінстытут. Член СП Беларусі з 1961. Пахаваны ў в. Вяшэўка.

 

Тв.: Над Бярозай: Апавяданьні. – Менск, 1960; Душа чалавека: Аповесьць і апавяданьні. – Менск, 1962; Родная зямля: Аповесьць і апавяданьні. – Менск, 1967; Твар у твар: Аповесьць і апавяданьні. – Менск, 1970; Сьлед на зямлі: Аповесьці. – Менск, 1977; Сіняя птушка: Аповесьці і апавяданьні. – Менск, 1980; Акопы не пазарасталі: Аповесьці. – Менск, 1985.

Літ.: Стральцоў М. Дзеля адзінага слова // ЛіМ. 1960, 20 сьнеж.; БП, т. 2.

 

175.      ЖАБРОЎСКІ Вацлаў (1895 – 1937, НКВД), грамадзкі і партыйны дзяяч. У 1913 далучыўся да сацыял-дэмакратычнага руху ў Польшчы і Літве. У Камуністычную партыю ўступіў у чэрв. 1917. У 1918 адзін са стваральнікаў партыйнай арганізацыі ў Коўне ў час нямецкай акупацыі. Неаднаразова арыштоўваўся нямецкімі, польскімі і літоўскімі ўладамі. З канца 1920-х на партыйнай рабоце ва Ўкраіне, член ЦК КП(б)У. З 1930 адказны інструктар, нам. загадчыка аддзелу агітацыі і масавых кампаній ЦК ВКП(б). У 1932-34 сакратар ЦК КП(б)Б. Затым у Маскве, рэдактар газ. «За коммунистическое воспитание». Арыштаваны 8.6.1937, асуджаны Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду 20.11.1937 на расстрэл. Рэабілітаваны 3.11.1955.

 

Літ.: Бюро ЦК КПБ // ЭГБ, т. 2.

 

176.      ЖАМОЙЦІН Янка (нар. 28.1.1922, в. Клімавічы Лідзкага пав. Наваградзкага ваяв.), бел. грамадзкі дзяяч, літаратурны крытык, мэмуарыст. У другой палове 1930-х вучыўся ў Варшаўскай гімназіі. У 1943 скончыў Беларускую настаўніцкую сэмінарыю ў Наваградку. У 1944 кіраваў Саюзам беларускай моладзі ў Наваградку. Быў сябрам падпольнай антыкамуністычнай і антыгітлераўскай Беларускай незалежніцкай партыі. Пасьля вайны жыў у Польшчы. У 1945 арыштаваны органамі КГБ, але вызвалены польскімі ўладамі. У 1949 паўторна арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў канцлягераў і 5 гадоў пазбаўленьня ў грамадзянскіх правах. У Польшчу вярнуўся ў 1957. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це. Актыўны ўдзельнік бел. культурнага жыцьця ў Варшаве. Аўтар успамінаў «Зь перажытага».

 

Тв.: Зь перажытага // Лёс аднаго пакаленьня. – Беласток, 1996.

Літ.: Катковіч А., Катковіч-Клентак В. Успаміны. – Беласток, 1999. С. 114-115.

 

177.      ЖАРСКІ Генрык (1902, Варшава – 14.10.1937, Менск, НКВД), празаік. У 1918 далучыўся да дзейнасьці КПП; арыштаваны, зьняволены ў варшаўскім астрозе Павіяк. Вызвалены пад заклад. Эміграваў у Францыю. Супрацоўнічаў з газ. «L‘Humanite». За арганізацыю забастоўкі высланы за межы Францыі. Пасьля жыў у СССР, вучыўся ў Маскоўскім інстытуце журналістыкі (скончыў у 1928). У 2-й палове 1920-х пачаў займацца літаратурнай дзейнасьцю. Працаваў у Саратаве ў абл. газ. У 1930-32 рэдактар газэты Пугачоўскага р-ну (Саратаўская вобл.). У сярэдзіне 1932 пераведзены ў Беларусь. Спачатку нам. рэдактара, потым рэдактар польскай газ. «Orka». Член СП Беларусі з 1934. Пісаў на польскай, расейскай, бел. мовах. Арыштаваны 20.1.1937. Расстраляны. Значная частка рукапісаў Ж. загінула. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Proszek do kichania. – Minsk, 1935. Літ.: БП, т. 2.

 

178.      ЖАРСКІ Платон (1901, Слуцкі пав. Менскай губ. – ?), філёляг. Арыштаваны ГПУ БССР у 1930. У часе нямецкай акупацыі Беларусі жыў у Менску. Працаваў у Беларускім навуковым таварыстве ў сэкцыі мовазнаўства. Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу (чэрв. 1944).

 

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

179.      ЖАЎНЯРОВІЧ Ігнат (7.11.1890 – жн. 1937, Казахстан), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч. У 1912 скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Санкт-Пецярбургу. У 1913-14 вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, дзе ўваходзіў у культурна-асьветны гурток бел. студэнтаў. У 1915 пасьвечаны ў сьвятары. У ліст. 1915 прызначаны вікарыем у Прыдруйскі касьцёл. 22.12.1915 камандзіраваны ў Рыбінск на дапамогу сьвятару. Адначасова выкладаў Закон Божы ў мясцовых навучальных установах. З 17.2.1917 часова пробашч Рыбінскага касьцёла. Пазьней пераведзены ў Магілёўскую архідыяцэзію. Удзельнік 1-га зьезду беларускага каталіцкага духавенства (Менск, 24-25.5.1917). Сябра саюзу ксяндзоў-беларусаў. У 1921-24 сьвятар у Аршанскай парафіі. У 1924-25 выконваў абавязкі адміністратара парафіі ў Маскве. У 1925-27 адміністратар парафіі Сьвяцілавічы Магілёўска-Горацкага дэканату. У канцы 1930-х арыштаваны НКВД. Прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Быў у зьняволеньні на востраве Анзер Салавецкага архіпэлагу. Да ліп. 1932 браў удзел у тайных набажэнствах сярод зьняволеных. За гэта атрымаў яшчэ 5 гадоў пазбаўленьня волі. Высланы ў Казахстан. Памёр у ссылцы.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Stankiewicz A. Rodnaja mowa u swiatyniach. – Wilnia, 1929.

 

180.      ЖАЎРЫД Павал (1(13).6.1889, в. Цецяроўка Слуцкага пав. Менскай губ. – 14.5.1939, пасёлак Княж-Пагост, Комі АССР, ГУЛАГ), грамадзка-паліт. дзяяч, журналіст. Скончыў Слуцкую гімназію (1909); вучыўся на юрыдычным ф-це Варшаўскага ун-ту. У 1916 мабілізаваны ў войска; у 1917 скончыў Віленскую вайсковую вучэльню, эвакуяваную ў Палтаву. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду 1917. Працаваў юрысконсультам у Слуцку. У 1919 арыштаваны ЧК, абвінавачаны ў дапамозе Дзянікіну. Вызвалены, у ліст. 1919 вярнуўся ў Слуцак. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстаньня 1920. У 1921 у Вільні; потым вярнуўся на Случчыну. У 1920-х працаваў на розных гаспадарчых пасадах у Менску і Мар‘інай Горцы; пасьля ў Інбелкульце і рэдакцыі газ. «Звязда». Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 асуджаны на 3 гады лягераў. Пасьля выхаду зь лягера жыў у ссылцы ў Сарапуле Удмурцкай АССР. Зноў арыштаваны ў 1937 і асуджаны на 10 гадоў лягераў. Накіраваны ў пас. Княж-Пагост Комі АССР, дзе памёр ад хваробы. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Літ.: ЭГБ, т. 3.

 

181.      ЖДАНОВІЧ Антон (18.4.1898, Менск – 26.12.1937, Менск, НКВД), акцёр. Брат Ф.Ждановіча. З 1917 у трупе Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі, з 1918 у Беларускім савецкім тэатры, з 1920 у БДТ-1. Сярод лепшых роляў: Лявон, Сьцяпан Крыніцкі («Раскіданае гняздо», «Паўлінка» Я.Купалы), Сымон Мікула, Паўлюк («Рысь», «Хам» Э.Ажэшкі), Ваявода, Красінскі («Каваль-ваявода», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Бжазіцкі («Над Нёманам» М.Грамыкі), Разанаў, Кульмскі («Крывая аблона», «Вір» Я.Рамановіча), Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Міронаў («Капітанская дачка» паводле А.Пушкіна). У 1937 арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958.

 

Літ.: ЭЛіМБел, т. 3; ЭГБ, т. 4.

 

182.      ЖДАНОВІЧ Фларыян (16(28).10.1884, Менск – 22.10.1937, Менск, НКВД), акцёр, рэжысэр, тэатральны дзяяч. Брат А.Ждановіча. У 1902 скончыў Варшаўскую драматычную школу. Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі. Далучыўся да бел. культурніцкага руху; у 1913 у Радашкавічах паставіў «Паўлінку» Янкі Купалы; падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасьля паказу ў в. Старое Сяло пад Менскам спэктаклю «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазьбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на расейскай сцэне. Да Лютаўскай рэвалюцыі 1917 працаваў у Менскай гарадзкой думе. У 1917 мастацкі кіраўнік Першага таварыства драмы і камэдыі ў Менску. У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў бел. нацыянальны тэатар. 14.9.1920 пад кіраўніцтвам Ж. у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы). Адначасова ў Наркамаце асьветы БССР курыраваў беларускія тэатры. З 1922 у акцёрскім складзе тэатру. Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Асуджаны на 5 гадоў лягераў. Паўторна арыштаваны 8.7.1937; расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Літ.: Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біяграфічны нарыс. – Менск, 1972; Міхнюк У. Фларыян Ждановіч: Матэрыялы да біяграфіі // Тэатральная творчасьць. 1996, №6; ЭГБ, т. 3.

 

183.      ЖУК-ГРЫШКЕВІЧ Вінцэнт (10(23).2.1903, мяст. Будслаў Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 14.2.1989, Канада), паліт. і грамадзкі дзяяч, літаратуразнавец, гісторык, пэдагог. У 1922 скончыў Віленскую беларускую гімназію, у 1927 філязофскі ф-т Карлава ун-ту (Прага). З 1927 выкладаў гісторыю, бел. мову і літаратуру ў Віленскай беларускай гімназіі, Праваслаўнай духоўнай сэмінарыі, Вышэйшай школе паліт. навук. Актыўна публікаваўся ў пэрыядычным друку. Пасьля ўваходжаньня ў Вільню Чырвонай арміі арыштаваны 30.9.1939; асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня; накіраваны ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, уступіў у Польскую армію генэрала Андэрса. Удзельнічаў у бітве пад Монтэ Касіна (17.1-4.6.1944, Італія). У 1945-49 выкладаў гісторыю і псыхалёгію ў вайсковых школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі (1946). Рэдагаваў час. «На шляху», «Беларус на чужыне». З 1950 жыў у Таронта (Канада). Публікаваўся ў газ. «Беларускі эмігрант», «Бацькаўшчына». У 1952 у Атаўскім ун-це абараніў дысэртацыю на тэму «Лірыка Янкі Купалы»; доктар філязофіі. У 1954 пераехаў у Мюнхен (ФРГ), дзе ўзначаліў бел. сэкцыю радыё «Вызваленьне». У 1956 вярнуўся ў Канаду. Супрацоўнічаў у газ. «Бацькаўшчына», «Беларус» (ЗША). У 1970-82 старшыня Рады БНР. Аўтар кнігі «25 сакавіка» (1978). Пахаваны на бел. могілках у Іст-Брансьвіку (ЗША).

 

Літ.: Жук-Грышкевіч Р. Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. – Таронта, 1993; Аляхновіч Р. Верны сын беларускага народу // Наша слова. 1993, 26 траўня – 2 чэрв.; ЭГБ, т. 3.

 

184.      ЖУРАЎСКІ Караль (1903-1994, Вроцлаўскае ваяв., Польшча), рыма-каталіцкі сьвятар, краязнавец. Перад 2-й сусьветнай вайной быў сьвятаром у мяст. Крошын. Зьбіраў успаміны і дакумэнты пра паэта П.Багрыма, вырабіў фотакопіі адпаведных дакумэнтаў. Падрыхтаваў рукапіс па гісторыі мястэчка. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1940. Пасьля вайны пасяліўся ў Польшчы. У 1988 даслаў у Інстытут літаратуры АН БССР захаваныя ім матэрыялы пра П. Багрыма і свой рукапіс пра гісторыю сям‘і паэта.

 

Літ.: Янушкевіч Я. «Зайграй, зайграй, хлопча малы…» // Культура. 1992, 26 кастр.; Яго ж. «Ледзьве здымкі ўратаваў…» // ЛіМ. 1988, 4 ліст.; Яго ж. За архіўным парогам. – Менск, 2002; Паўлюк Багрым. – Менск, 1994.

 

185.      ЖУРЫК Сьцяпан (12(24).8.1898, в. Крупка Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 25.11.1938), дзяяч бел. маладзёвага руху, вучоны-аграном, публіцыст. Вучыўся ў Мар‘іна-Горскай вучэльні. У 1919-20 працаваў у Наркамаце земляробства. У 1919-21 старшыня Беларускай сэкцыі студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту; скончыў інстытут у 1924. На пачатку 1920-х адзін з ідэолягаў бел. маладзёвага і студэнцкага нацыянальнага руху; на гэтую тэму выступаў у друку. З 1925 асыстэнт Беларускай сельска-гаспадарчай акадэміі; член-карэспандэнт Інбелкульту. З 1930 прафэсар. Арыштаваны ГПУ БССР 11.1.1933. Паводле пастановы Калегіі ОГПУ СССР ад 9.7.1933 накіраваны ў лягеры. Паўторна асуджаны 2.11.1938. Памёр у зьняволеньні. Па першым прысудзе рэабілітаваны 21.8.1956, па другім – 12.5.1965.

 

Тв.: Культурна-асьветная праца Беларускае Сэкцыі студэнтаў Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту // Савецкая Беларусь. 1921, 19 чэрв.; Пытаньні бэконізацыі ў БССР. – Менск, 1930.

Літ.: ЭГБ, т. 3.

 

186.      ЖЫЛКА Ўладзімер (27.5.1900, в. Макашы Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Нясвіскі р-н – 1.3.1933, Уржум Кіраўскай вобл.), паэт, перакладчык, крытык. Падчас 1-й сусьветнай вайны сям‘я Ж. была ў бежанстве ў Тульскай губ. З 1917 жыў у Менску; друкаваўся ў менскіх выданьнях. Увосені 1920 захварэў на сухоты і пераехаў да дзеда ў в. Падлесьсе Наваградзкага пав. Пасьля Рыскай дамовы застаўся ў Зах. Беларусі. З 1921 друкаваўся у заходнебел. прэсе («Беларускія ведамасьці», «Наша думка», «Наша будучыня», «Новае жыцьцё»). У 1923 выдаў першы зборнік паэзіі. Працаваў у Вільні ў бел. кнігарні. Ратуючыся ад перасьледу рэжыму генэрала Л.Жалігоўскага, выехаў у Коўна, затым у Дзьвінск. Потым на стыпэндыю чэхаславацкага ўраду вучыўся ў Карлавым ун-це (Прага, 1923-26). Рэдагаваў час. «Новы прамень» (Прага). У 1926 прыехаў у Менск для ўдзелу ў Акадэмічнай канфэрэнцыі дзеля рэформы бел. правапісу. Застаўся ў БССР. Працаваў у газ. «Зьвязда» і музычным тэхнікуме. Быў сябрам літаб‘яднаньня «Маладняк», потым «Узвышша». Перакладаў для Белдзяржкіно. Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў ссылкі, якую адбываў ва Ўржуме. Выкладаў літаратуру ў мэдычным тэхнікуме. Памёр ад тубэркулёзу лёгкіх. Пахаваны на мясцовых могілках. Рэабілітаваны ў 1960.

 

Тв.: Вершы. – Менск, 1970; Пожні. – Менск, 1986; Творы. – Менск, 1996; Творы. – Менск, 1998.

Літ.: Калесьнік У. Ветразі Адысея: Уладзімер Жылка і рамантычная традыцыя ў беларускай паэзіі. – Менск, 1977; Яго ж. Усё чалавечае. – Менск, 1993; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

187.      ЖЫХАР Аўген (1925?, в. Навадруцк Пастаўскага пав. Віленскага ваяв. – жн. 1955, Пастаўcкі р-н), паэт, пэдагог, арганізатар антыкамуністычнага руху. Паходзіў з праваслаўнай сялянскай сям‘і. Да 1941 вучыўся ў сямігодцы ў в. Асінавы Гарадок. Падчас нямецкай акупацыі – навучэнец Пастаўскай настаўніцкай сэмінарыі. Быў сябрам Саюзу Беларускай Моладзі. Пісаў вершы. У 1944 уступіў у падпольную антыфашысцкую і антыкамуністычную Беларускую Незалежніцкую Партыю. З прыходам бальшавікоў настаўнічаў у в. Верацеі на Пастаўшчыне. У 1945 пры пагрозе арышту перайшоў на нелегальнае становішча. Кіраваў антыкамуністычным супрацівам на Пастаўшчыне, зрываў мерапрыемствы савецкай улады, перашкаджаў стварэньню калгасаў. Да 1955 амаль увесь яго атрад быў зьнішчаны савецкімі ворганамі дзяржбясьпекі. Сам ён быў акружаны чэкістамі на хутары за сем кілямэтраў ад Пастаў. Застрэліўся апошнім патронам.

 

Літ.: Антысавецкія рухі; Ёрш С. Вяртаньне БНП: Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. – Менск-Слонім, 1998.

 

188.      ЗАБЕЛА Тодар (сак. 1896, в. Чабусы Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Любанскі р-н – пасьля 27.7.1935, Елабуга, Татарская АССР), гісторык. У 1920 настаўнічаў на вёсцы; з 1921 у Менску. У 1925 скончыў БДУ. У 1925-28 вучыўся ў асьпірантуры БДУ пад кіраўніцтвам У.Пічэты. З 1928 навуковы супрацоўнік Інбелкульту, потым БелАН. З 1929 архівіст у Магілёўскім дзяржаўным архіве. Дасьледаваў гісторыю сялянства і сельскай гаспадаркі, гарадоў Беларусі 16-18 ст. Арыштаваны ГПУ БССР 24.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Елабугу, дзе і памёр. Рэабілітаваны 15.11.1957.

 

Тв.: Землеўласьнік і земляроб па Статуту Літоўскаму 1588 г. – Менск, 1928; Панская гаспадарка на Беларусі і быт падданага сялянства ў другой палове XVIII сталецьця. – Менск, 1928; Места Берасьцейскае ў XVI ст.: (сацыяльна-эканамічны нарыс). – Менск, 1930.

Літ.: Іофе Э. Дасьледчык эпохі феадалізму // ПГКБ. 1987, №2; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 3.

 

189.      ЗАЙЦАЎ Вячаслаў (18.9.1917, в. Ахлябiнiна Уфiмскага р-ну, Башкірыя – 19.4.1992, Уладзiмiр, Расея) – лiтаратуразнавец, перакладчык, касмоляг. Скончыў Уфiмскi мэханiчны тэхнiкум (1935), Ленiнградзкi ун-т (1951). Уступіў у КПСС. З 1951 выкладчык, дацэнт катэдры славянскай філялёгіі Ленiнградзкага ун-ту. Кандыдат фiлялягiчных навук (1954). З 1964 жыў у Менску, працаваў навуковым супрацоўнiкам Iнстытуту лiтаратуры iмя Янкi Купалы АН БССР. Аўтар прац аб праблемах харвацкай i сэрбскай лiтаратуры. Вывучаў бел. культуру эпохi Адраджэньня. Дасьледаваў касьмiчныя рэмiнiсцэнцыi ў помнiках старажытных лiтаратур, займаўся тэмай «Космас i Бiблiя». У маскоўскай газ. «Известия» быў абвешчаны «саюзьнікам заходніх багасловаў». Значны рэзананс сярод акадэмiчнага грамадзтва меў яго ўдзел у фiльме заходненямецкага рэжысэра Э. фон Дэнiкена «Успамiны пра будучыню». Абарона доктарскай дысэртацыi навукоўца не адбылася. У 1974, падчас кампанii пераследу ў АН БССР апазыцыйна настроеных супрацоўнiкаў, публічна выйшаў з КПСС. За два гады да пэнсii быў звольнены з iнстытуту. Распачаў лектарскую дзейнасьць у гарадах СССР. За публiчныя эсхаталягiчныя выступы арыштаваны КГБ 23.11.1978. У сак. 1979 Iнстытут судовай псыхiятрыi (Масква) вынес дыягназ – шызафрэнiя. Вярхоўны суд БССР 15.6.1979 накiраваў яго на прымусовае лячэньне ў Казанскi спэцыяльны псыхiятрычны шпiталь. Пасьля неаднаразовых зваротаў казанскiх псыхiятраў Вярхоўны суд БССР 18.1.1982 спынiў прымусовае лячэньне i З. быў вызвалены. Крымiнальная справа ў адносiнах да яго была спынена 14.9.1992.

 

Тв.: Между Львом и Драконом: Дубровницкое Возрождение и эпическая поэма И.Гундулича «Осман». – Менск, 1969; Боги приходят из космоса // Байкал. 1967, №5-6; 1968, №1; Франциск Скорина и гуманистическая мысль в Белоруссии XV-XVI в.: Автореф. дисс. д-ра филог.н. – Менск, 1970.

Лiт.: Букчин Семен. И увидел я отверстое небо… Судьба ученого Вячеслава Зайцева // Букчин С. Хроника суверенного болота. – Менск, 1996; БП, т. 6; Скалабан В. Зайцаў Вячаслаў // Дэмакратычная апазыцыя; БЭ, т 6.

 

190.      ЗАМОЦІН Іван (20.10(1.11).1873, в. Крывуліна Бежацкага пав. Цьвярской губ., цяпер Бежацкі р-н Цвярской вобл., Расея – 25.5.1942(?), Горкі, цяпер Ніжні Ноўгарад, Расея), літаратуразнавец, паэт. У 1893 скончыў Пскоўскую гімназію, у 1897 Пецярбурскі гісторыка-філялягічны інстытут. Працаваў у гімназіях Пецярбургу і Варшавы. З 1904 прыват-дацэнт Варшаўскага, потым Пецярбурскага ун-таў. У 1908 прафэсар Варшаўскага, у 1917-22 Данскога ун-таў. Яркі прадстаўнік культурна-гістарычнай школы ў літаратуразнаўстве; яшчэ да рэвалюцыі яго працы былі вельмі папулярныя. З 1922 у Менску, прафэсар БДУ, з 1931 МВПІ. З 1925 адначасова працаваў у Інбелкульце, потым БелАН. Падрыхтаваў 1-ае акадэмічнае выданьне твораў М.Багдановіча. Акадэмік БелАН (1928), член-карэспандэнт АН СССР (1929), доктар філялягічных навук (1934). У 1931-33 дырэктар Інстытуту літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР 4.4.1938; 5.8.1939 пастановай калегіі ОГПУ СССР асуджаны да зьняволеньня ў лягерах тэрмінам на 8 гадоў. Знаходзіўся ў Комі АССР. Памёр у турэмным шпіталі ў Горкім. Рэабілітаваны 18.4.1956. На будынку Беларускага пэдагагічнага ун-ту ў Менску ўстаноўлена шыльда ў гонар З.

 

Тв.: Творы: Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Менск, 1991.

Літ.: Гаварушка Я. З літаратурнай спадчыны І. І. Замоціна // ЛіМ. 1987, 20 лют.; БП, т. 2.

 

191.      ЗАРЭЦКІ Міхась (сапр.: Касянкоў Міхал Яўхімавіч; 20.11.1901, в. Высокі Гарадзец Сеньненскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Талачынскі р-н – 29.10.1937, Менск, НКВД), празаік, драматург, перакладчык, крытык. Дзяцінства прайшло ў в. Зарэчча пад Шкловам – адсюль паходзіць і псэўданім. Вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні і Магілёўскай духоўнай сэмінарыі (у 1917 пакінуў сэмінарыю пасьля 2 гадоў вучобы). У 1919 настаўнічаў на Магілёўшчыне. У 1920-27 палітработнік Чырвонай арміі. Публікавацца пачаў у 1922. З 1924 сябра літаб‘яднаньня «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926-27 рэдагаваў час. «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэньня новага літаб‘яднаньня «Полымя». У жн. – кастр. 1927 у складзе дэлегацыі бел. літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну, Францыю. Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў ліст. 1928 (артыкулы «Два экзамэны (Да пытаньня аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага пляну)»). Выступы З. у друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А.Александровічам і А.Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928). У 1929 выключаны з ВКП(б). Член СП Беларусі з 1934. Працаваў загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3.11.1936. Расстраляны. Многія рукапісы З. загінулі, у прыватнасьці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы». Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Зб. тв. Т. 1-4. – Менск, 1989-1992.

Літ.: Мушынскі М. Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцьця і творчасьці Міхася Зарэцкага. – Менск, 1991; БП, т. 2; ЭГБ, т. 3.

 

192.      ЗАРЭЧНЫ Людвіг (сапр.: Галубовіч; 17.5.1915 – 15.9.1964, Зах. Нямеччына), бел. вайсковы дзяяч, выдавец, сьвятар. У 1920-30-х быў сакратаром Вярхоўнага Суду БССР, працаваў на іншых пасадах, удзельнічаў у бел. антысавецкім падпольлі. У 1930-х рэпрэсаваны. На пачатку нямецка-савецкай вайны служыў у Чырвонай арміі, трапіў у палон. Падчас нямецкай акупацыі дзейнічаў на Смаленшчыне, маёр Беларускае Краёвае Абароны. У 1950 арганізаваў антыбальшавіцкую вайсковую арганізацыю «Беларускі вызвольны рух» (БВР), якая напачатку дзейнічала кансьпіратыўна. Выдаваў газ. «Незалежная Беларусь». У 1954 увайшоў у канфлікт з прэзыдэнтам Беларускай Цэнтральнай Рады Р.Астроўскім. Пасьля гэтага арганізацыя раскалолася. Спрабаваў арганізаваць «Трэцюю сілу» на эміграцыі, але беспасьпяхова. Пазьней адышоў ад актыўнай дзейнасьці, стаў сьвятаром «Беларускай (Літоўскай) Рэфармаванай Каталіцкай Субожні». Пісаў вершы. Памёр пры нявысьветленых абставінах. Пахаваны ў Глядбаху (Зах. Нямеччына).

 

Літ.: С.І. Памёр палкоўнік Зарэчны // Беларускі Голас (Таронта). 1964, №121, кастр.; Антысавецкія рухі.

 

193.      ЗАХАРКА Васіль (1.4.1877, в. Дабрасельцы Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Зэльвенскі р-н – 14.3.1943, Прага), паліт. дзяяч, публіцыст. З 1895 настаўнік царкоўнапрыходзкай школы. У 1898-1902, 1904-17 на вайсковай службе. Член БСГ; член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў. На 1-м Усебеларускім зьезьдзе 1917 абраны членам Рады. Арыштаваны бальшавікамі ў студз. 1918. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыяту (ураду) БНР, скарбнік. Пасьля займаў розныя міністэрскія пасады. У чэрв. 1920 старшыня Надзвычайнай беларускай дыпляматычнай місіі ў Маскве. Зь ліст. 1923 жыў у Празе. Пасьля 2-й Усебеларускай канфэрэнцыі ў Бэрліне (10.10.1925) не прызнаў Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адражэньня Беларусі. Застаўся ў эміграцыі ў Празе, захаваўшы непарыўнасьць традыцыі БНР. Нам. старшыні Рады БНР, з 8.3.1928 да 6.3.1943 Прэзідэнт Рады. Паводле некаторых зьвестак, зьбіраў архіў БНР, далучыў да гэтай справы Л.Геніюш. Праводзіў актыўную кампанію зваротаў і пэтыцыяў у Лігу Нацыяў і іншыя міжнародныя арганізацыі ад імя БНР. Аўтар прац «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апублікаваная ў кнізе: Byelorussian statehood: Reader and bibliography. – New York, 1988), «Беларусь – роля і значэньне на ўсходзе Еўропы» (не апублікаваная).

 

Тв.: Дзьве культуры і дзьве экспансіі // Іскры Скарыны. 1934, №4.

Літ.: Геніюш Л. Споведзь. – Менск, 1993; Глагоўская Г. Васіль Захарка – другі Прэзыдэнт БНР // Спадчына. 1994, №1; ЭГБ, т. 3.

 

194.      ЗАЯЦ Леанард (сак. 1890, в. Даўгінава Вялейскага пав. Віленскай губ. – 23.9.1935, Уфа, НКВД), паліт. дзяяч, публіцыст, мэмуарыст. Скончыў Пецярбурскі ун-т. Працаваў у падатковых і крэдытных установах: у 1914-16 у Вільні, у 1916-17 у Менску. Член партыі бел. эсэраў. На 1-м Усебеларускім зьезьдзе 1917 абраны сябрам Рады. Зь лютага 1918 у складзе Народнага сакратарыяту БНР. Пасьля расколу Рады БНР 13.12.1919 загадчык канцылярыі і дзяржаўны сакратар у Народнай Радзе БНР. Аўтар публіцыстычных артыкулаў і ўспамінаў пра дзеячоў бел. культуры. Удзельнік 2-й Усебеларускай канфэрэнцыі 1925 у Берліне, дзе прызнаў Менск адзіным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня Беларусі. З 1925 у БССР. Кансультант Народнага камісарыяту фінансаў. Падпаў пад «чыстку апарату», звольнены. Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Высланы на 5 гадоў ва Ўфу. Паўторна арыштаваны НКВД 25.7.1935; памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Тв.: Максім Багдановіч // Шлях паэта: Зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча. – Менск, 1975.

Літ.: ЭГБ, т. 3.

 

195.      ЗВОНАК Алесь (сапр.: Пётра Барысавіч; 1(14).2.1907, Менск – 2.2.1996, Менск), паэт, драматург, перакладчык, тэатразнавец. У 1925 скончыў агульнаадукацыйныя курсы ў Менску. Першыя вершы апублікаваў у 1925. Працаваў у таварыстве «Кніга – вёсцы», адказным сакратаром полацкай акруговай газ. «Чырвоная Полаччына». Кіраваў Полацкай філіяй «Маладняка». Пасьля ў Менску; рэдактар літаратурных перадач Беларускага радыё (1927-29), адказны сакратар і рэдактар аддзелу паэзіі час. «Маладняк» (1929-31). Адначасова вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага ф-ту БДУ, якое скончыў у 1931. У тым жа годзе стаў студэнтам 3 курсу літаратурнага ф-ту МДУ; потым перайшоў у асьпірантуру Тэатральнага камбінату. Накіраваны ў Ленінградзкую акадэмію мастацтвазнаўства, дзе спэцыялізаваўся ў гісторыі тэатру 20 ст. Член СП Беларусі з 1935. У 1935-36 напісаў дысэртацыю пра гісторыю бел. тэатру, тэкст якой знаходзіўся ў Белдзяржвыдавецтве. У той час З. быў навуковым супрацоўнікам БелАН і загадчыкам аддзелу мастацтва ў газ. «Літаратура і мастацтва». 14.11.1936 арыштаваны; асуджаны на 10 гадоў лягераў і накіраваны ў Магаданскую вобл. Рукапісы некалькіх манаграфіяў З. (у тым ліку пра тэатры У.Меерхольда і У.Галубка) загінулі. Пасьля вызваленьня ў 1946 працаваў вольнанаёмным у залатаносных капальнях. Рэабілітаваны ў 1954. У канцы 1955 вярнуўся ў Менск, займаўся творчай працай. Выступаў у галіне крытыкі, драматургіі тэатра і кіно. Пісаў сцэнарыі навукова-папулярных фільмаў. Перакладаў на бел. мову творы расейскіх, украінскіх, літоўскіх, латыскіх аўтараў. На тэксты вершаў З. напісаны песьні.

 

Тв.: Выбр. тв. Т. 1-2. – Менск, 1977; Сябрына: Выбр. тв. – Менск, 1987.

Літ.: Броўка П. Пра Алеся Звонака // Броўка П. Зб. тв.: У 7 т. Т. 7. – Менск, 1968; БП, т. 2.

 

196.      ЗГІРОЎСКІ Антон (24.1(6.2).1906, Менск – 1937), акцёр. У 1921 паступіў у Трупу У.Галубка (пазьней БДТ-3), напачатку быў дапаможным рабочым. У час вандраваньняў тэатру ўдзельнічаў у канцэртах, сьпяваў у хоры. З 1926 акцёр. Найбольш значныя ролі: памешчык («Пінская мадонна» У.Галубка), Вася Балабан («Гісторыя пяці хвастоў» Л.Левіна), Лундышаў «Гадзіншчык і курыца» І.Качаргі), Кадлуб-Дабравольскі («Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка), Юсаў («Даходнае месца» А.Астроўскага). У 1935 стаў заслужаным артыстам Беларусі. Арыштаваны і расстраляны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Літ.: Звонак А. Антон Згіроўскі // Слова пра майстроў сцэны. – Менск, 1967; ЭЛіМБел, т. 2; БЭ, т 7.

 

197.      ЗМАГАР Алесь (сапр.: Яцэвіч Аляксандар Хведаравіч; 1.10.1903, в. Цароўка Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер в. Кірава Слуцкага р-ну – 1995, Флёрыда, ЗША), паэт, празаік, драматург, перакладчык. Брат (па маці) пісьменьніка Янкі Золака (А.Даніловіча). Пасьля сканчэньня народнай школы ў 1914 прадоўжыў вучобу ў Слуцкай клясычнай гімназіі. Друкаваў вершы ў гімназічным час. «Прамень». У ліст. 1920 разам з бацькам удзельнічаў у Слуцкім паўстаньні, за што бацька быў расстраляны бальшавікамі, а сам З. асуджаны на 2 гады зьняволеньня. Уцёк зь месца зьняволеньня. Прыехаў у Менск. Дзякуючы дапамозе пісьменьніка Р.Мурашкі З. удалося пазьбегнуць перасьледу ўладаў. У 1925-30 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні МВПІ. Пасьля сканчэньня вучобы настаўнічаў на ст. Радашкавічы. У часы нямецкай акупацыі працаваў журналістам у рэд. «Беларускай газэты». Потым настаўнічаў, быў інспэктарам бел. школ у Радашкавіцкім, Лідзкім, Шчучынскім паветах. Як паэт і публіцыст актыўна выступаў на старонках друку. Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу (27.6.1944, Менск). У 1944 выехаў зь Беларусі. Жыў у Аўстрыі, дзе браў удзел у арганізацыі бел. школ. З 1949 у Францыі. Узначальваў эмігранцкую арганізацыю «Беларускі вызвольны рух»; удзельнічаў у выданьні час. «Баявая ўскалось» і «За волю». У 1956 эміграваў у ЗША. Жыў у Кліўлендзе, дзе выдаваў газ. «Незалежная Беларусь». Быў старшынём Галоўнай управы Беларускага вызвольнага руху. Апошнія гады правёў у Флёрыдзе.

 

Тв.: Рэпка: Казачны абразок. – Лінц, 1946; Случчакі: Апавяданьне. – Зальцбург, 1947; Да згоды: Вершы. – Кліўленд, 1962; Вызвольныя шляхі: Артыкулы. – Кліўленд, 1965; Лесавіка: Апавяданьні. – Клевэланд, 1973; Случчына ў вагні: Раман. – Флёрыда, 1986.

 Літ.: Алесь Змагар // Баявая ўскалось. 1970, №8; БП, т. 6; БЭ, т. 7.

 

198.      ЗМАЧЫНСКІ Антон (6.11.1902, в. Печышча Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н – 5.6.1936, Менск, НКВД), мовазнавец. Пасьля сканчэньня асьпірантуры працаваў ў Інстытуце мовазнаўства БелАН. Арыштаваны 31.5.1936. Знаходзячыся ў зьняволеньні, скончыў жыцьцё самагубствам.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

199.      ЗМУДЗІНСКІ Генадзь (17(29).1.1897, Ніжняўдзінск Іркуцкай губ., Расея – 22.9.1938, Менск, НКВД), графік. Вучыўся ў Петраградзкай Акадэміі мастацтваў (1914-15). Потым быў мабілізаваны ў армію; удзельнік 1-й сусьветнай вайны. З 1918 у Чырвонай арміі: камандзір палка, начальнік разьведаддзела брыгады. З 1921 у Менску. У 1921 выканаў некалькі плякатаў для Белдзяржвыдавецтва і Галоўпалітасьветы. Аўтар эскіза ордэна Працоўнага Чырвонага Сьцяга БССР і граматы да яго (1924), фірменнай маркі Белдзяржвыдавецтва (1924). Адзін з заснавальнікаў школы бел. кніжнай графікі. Ілюстраваў школьныя падручнікі, аформіў шмат кніг для дзяцей (М.Гарэцкі «Досьвіткі», 1926; А.Нявераў «Як у нас была вайна», 1927; казку «Воўк і лес», 1928, і інш.). Супрацоўнічаў з газ. «Зьвязда» (1927-28), на старонках якой друкаваліся яго плякаты і паліт. карыкатуры. Удзельнічаў у Першай усебеларускай мастацкай выставе (1925), у Міжнароднай выставе кнігі ў Ляйпцыгу (1927). Найбольш вядомыя творы станковай графікі: «Пагром», «Мінская конка», «Згода нявесты», «Бежанцы» (1916), «Араты» (1925). Рэпрэсаваны ў 1938.

 

Літ: Шматаў В. Беларуская графіка 1917-1941 г. – Менск, 1975; Церашчатава В. Беларуская кніжная графіка 1917-1941. – Менск, 1971; ЭЛіМБел, т. 2; БЭ, т. 7.

 

200.      ЗНАЁМЫ Сяргей (сапр.: Клопаў Сяргей Зьмітравіч; 14(27).6.1909, в. Звонь Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Ушацкі р-н – 20.1.1944?), журналіст, празаік, паэт. Працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы ў Нова-Барысаве, рабкарам і рэдактарам газ. «Чырвоны Бярэзінец». Паступіў на рабфак. Стаў членам КПСС (1928). З 1930 вучыўся ў БДУ. У 1929 дэбютаваў у друку вершамі (газ. «Рабочий»), але як пісьменьнік больш сьцьвердзіў сябе ў жанры публіцыстыкі і прозы (аўтар некалькіх кніг нарысаў). У 1933 скончыў МВПІ; працягваў вучобу ў асьпірантуры (у некаторых зьвестках – без адрыву ад настаўніцкай працы). У сярэдзіне 1930-х аказаўся аб‘ектам цкаваньня. Пасьля разгромнай рэцэнзіі М.Лынькова была зьнята з друку новая кніга З. «Кантакт». У 1935 выключаны з партыі. У 1936 працаваў на радыё. Арыштаваны 26.11.1936; асуджаны на 8 гадоў лягераў. Накіраваны на Калыму, адкуль паводле некаторых зьвестак у часу 2-й сусьветнай вайны ўцёк. Далейшы лёс невядомы.

 

Тв.: Відагоршчы: Падарожныя нататкі ўдзельніка Чырвонаармейскага аграпаходу. – Менск, 1930; Дом №31: Вытворча-бытавыя нарысы. – Менск, 1930; За дамбаю: Кніга нарысаў. – Менск, 1931; Лес гарыць: Кніга нарысаў. – Менск, 1932; Ганчары: Аповесьць. – Менск, 1933; Біяграфія майго героя: Аповесьць. – Менск, 1935.

Літ.: Маракоў Л. «Жыцьцё турмы адведаў кожны...» // ЛіМ. 1999. 9 ліп.; БЭ, т. 7.

 

201.      ЗЮЗЬКОЎ Андрэй (13(26).9.1904, Шклоў Магілёўскага пав. – 28.6.1938, Менск, НКВД), гісторык, рэдактар. У 1927 скончыў Камуністычны ун-т Беларусі. Працаваў у партыйных арганізацыях у Барысаве і Жыткавічах. З 1930 у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б: навуковы супрацоўнік, загадчык аддзелу, нам. дырэктара. Адначасова загадчык катэдры гісторыі партыі ў Беларускім інстытуце масавага завочнага навучаньня. У 1932-37 сябра сакратарыяту рэдкалегіі гісторыі Грамадзянскай вайны ў Беларусі. Быў навуковым і паліт. рэдактарам зборніка дакумэнтаў «КП(б)Б у рэзалюцыях» (Ч. 1, 1934). Аўтар прац па гісторыі КП(б)Б, рэвалюцыйнага руху пачатку ХХ ст., Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайны ў Беларусі. У манаграфіі «Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі» (1931) зьмясьціў дакумэнты з архіву БНР. 26.11.1937 арыштаваны НКВД БССР. 28.6.1938 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 10.11.1959.

 

Тв.: Бальшавікі – арганізатары Кастрычніка ў Беларусі. – Менск, 1934; Беларускія нацдэмы – ворагі народа // Бальшавік Беларусі. 1937, №5.

Літ.: Михнюк В. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 г.). – Менск, 1985; ЭГБ, т. 3.

 

202.      ІВАНІШЧАНКА Мікалай (13.10.1903, в. Ліпавы Ручай Касьцюковіцкага р-ну Магілёўскай вобл. – 19.10.1938, Менск, НКВД), хімік. У 1931-33 вучыўся ў асьпірантуры, у 1936-38 старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту хіміі БелАН. Кандыдат хімічных навук. Сакратар партбюро БелАН. У 1938 выключаны з КП(б)Б. Арыштаваны 11.7.1938. 11.10.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 22.5.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

203.      ІВАНОЎ Міхал (12.11.1904, Санкт-Пецярбург – 1955, Сібір), кампазытар. У 1931 скончыў Менскі музычны тэхнікум. У 1931-38 загадчык музычнай часткі Беларускага тэатру рабочай моладзі, адказны сакратар аргкамітэту Саюзу кампазытараў БССР. Працаваў пераважна ў жанры песьні, раманса (пісаў на вершы Я.Купалы і М.Багдановіча). Аўтар аперэты «Зарэчны барок» на лібрэта А.Жаўрука і А.Ушакова (з С.Палонскім, пастаўлена ў 1940 Тэатрам музычнай камэдыі БССР), дзіцячай опэры «Мухамор» на лібрэта В.Таўлая паводле аднайменнай казкі М.Танка (1943), музыкі да спэктакляў «Новы горад» І.Гурскага (1932) у Беларускім тэатры рабочай моладзі і «Шлях далёкі» М.Шастакова (1934) у Тэатры юнага гледача БССР. Падчас нямецкай акупацыі заставаўся ў Менску, у 1941-42 артыст аркестру Менскага гарадзкога тэатру. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1944. Загінуў у зьняволеньні. Рэабілітаваны ў 1988.

 

Літ.: БЭ, т. 7.

 

204.      ІВАНОЎСКІ Вацлаў (25.5(7.6).1880, фальварак Лябёдка Лідзкага пав. Віленскай губ., цяпер Шчучынскі р-н – 7.12.1943, Менск), грамадзкі і паліт. дзяяч, выдавец, публіцыст. У 1902 стаў адным з заснавальнікаў Беларускай рэвалюцыйнай грамады, потым Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1904 скончыў Пецярбурскі тэхналягічны інстытут. Доктар тэхналягічных навук (1909). Да 1913 на выкладчыцкай рабоце ў Пецярбургу. У 1906-14 стварыў і кіраваў першым бел. выдавецтвам «Загляне сонца і ў наша ваконца». Супрацоўнічаў з газ. «Наша доля» і «Наша ніва». Дзеля таго, каб адрозьніць бел. лацінку ад польскай, ініцыяваў увядзеньне літар «c», «s», «z». У 1913-15 у Вільні; працаваў у Сельскагаспадарчым таварыстве, кіраваў Беларускім выдавецкім таварыствам. У 1915 старшыня Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У канцы 1915 – пачатку 1917 жыў у Расеі. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду 1917. У 1918 міністар асьветы ва ўрадзе БНР, які ўзначальваў А.Луцкевіч. У траўні 1919 арыштаваны савецкімі ўладамі як закладнік і вывезены ў Смаленск. Пасьля вызваленьня адмовіўся ехаць у Польшчу, вярнуўся ў Менск, дзе працаваў загадчыкам літаратурна-выдавецкага аддзелу Менскага губэрнскага камісарыяту асьветы Літоўска-Беларускай ССР. Выдавец час. «Рунь». З сак. 1920 рэктар МВПІ. З кастр. 1920 дырэктар дэпартамэнту гандлю ва ўрадзе Сярэдняй Літвы. Пасьля падпісаньня Рыскай дамовы 1921 адышоў ад паліт. дзейнасьці. У 1922-39 прафэсар Варшаўскага політэхнічнага інстытуту. З восені 1939 выкладчык Віленскага ун-ту. 17.11.1941 прызначаны нямецкай адміністрацыяй бургамістрам Менску. Старшыня Беларускай рады даверу. Падтрымліваў сувязі з арміяй Краёвай. Забіты членамі спэцгрупы НКГБ СССР. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках у Менску.

 

Літ.: Вацлаў Іваноўскі, 1880-1943. – Менск, 1990; Turonek J. Waclaw Iwanowski i odrodzenie Bialorusi. – Warszawa, 1992; Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэньне Беларусі // Маладосць. 1994, №8-9; ЭГБ, т. 3.

 

205.      ІГНАТОЎСКІ Усевалад (19.4.1881, в. Такары Берасьцейскага пав., цяпер Камянецкі р-н – 4.2.1931, Менск), гісторык, грамадзкі і паліт. дзяяч. У 1911 скончыў Юр‘еўскі (Тартускі) ун-т. У 1912-14 працаваў выкладчыкам у Вільні ў прыватнай жаночай гімназіі; у 1914-19 у Менскім настаўніцкім інстытуце. У 1915 стварыў культурна-асьветніцкую арганізацыю «Наш край», якая ў 1917 ператварылася ў леваэсэраўскую арганізацыю «Маладая Беларусь». З чэрв. 1917 член ЦК БСГ, у 1918 член ЦК БПС-Р. У пэрыяд польскай акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю. 31.7.1920 удзельнічаў у падпісаньні «Дэклярацыі аб абвяшчэньні незалежнасьці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь». З 30.7.1920 член РКП(б). У 1920-я займаў шэраг адказных пасад у партыйных і дзяржаўных ворганах; актыўна ўдзельнічаў у рэалізацыі палітыкі беларусізацыі. У 1921-30 прафэсар БДУ. У 1926-28 старшыня (з 1927 прэзыдэнт) Інбелкульту; у сьнеж. 1928 – студз. 1931 прэзыдэнт БелАН, дырэктар Інстытуту гісторыі. З 1928 акадэмік БелАН. Працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі Беларусі, у аснову якой пакладзена пэрыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасьці і грамадзкага стану бел. зямель. Падчас кампаніі супраць нацыянал-дэмакратызму 26.12.1930 зьняты з пасады прэзыдэнта БелАН. 16.1.1931 ЦК КП(б)Б выключыла І. з партыі як «лідэра нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі». Выклікаўся на допыты ў ГПУ. Пасьля аднаго зь іх скончыў жыцьцё самагубствам. Паводле другой вэрсіі быў застрэлены супрацоўнікамі ГПУ ў сваім доме. Рэпрэсіі былі абрынутыя і на сям‘ю І. – жонку і двух сыноў.

 

Тв.: Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. – Менск, 1919 (5 выд. 1991); Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэньня Беларусі. – Менск, 1921; Гісторыя Беларусі ў ХІХ і ў пачатку ХХ сталецьця. – Менск, 1923 (3 выд. 1928); 1863 год на Беларусі. – Менск, 1930.

Літ.: Друшчыц В. Агляд навукова-літаратурнай дзейнасьці У.М.Ігнатоўскага // Полымя. 1925, №2; Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. – Менск, 1991; У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцьця і навуковай дзейнасьці. – Менск, 1991; Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навуковых чытаньняў, прысьвечаных 110-годзьдзю з дня нараджэньня. – Менск, 1993; ЭГБ, т. 3.

 

206.      ІЛЬІНСКІ Рыгор (23.3.1876, Санкт-Пецярбург – 1937), мовазнавец. Нарадзіўся ў сям‘і выкладчыка сэмінарыі, які да 1870 працаваў ва Ўкраіне. Скончыў Пецярбурскую гімназію і гісторыка-філялягічны ф-т Пецярбурскага ун-ту. У 1901-03 знаходзіўся ў замежнай навуковай камандзіроўцы. У 1909-15 прафэсар Нежынскага гісторыка-філялягічнага інстытута, з 1916 – Юр‘еўскага (Тартускага), у 1920-24 Саратаўскага, з 1927 – Маскоўскага ун-таў. Член-карэспандэнт Расейскай АН з 1921, АН СССР з 1925, Балгарскай АН з 1929, Польскай АН з 1930. Дасьледаваў параўнальную граматыку славянскіх моваў, праславянскую мову, гісторыю і паходжаньне славянскага пісьменства. Шэраг артыкулаў прысьвяціў пытаньням бел. мовы: «Блр. нетра = рас. «болото» трясина, дебри» (1928), «Аб канчатку –эй назоўнага склону адзіночнага ліку мужчынскага роду прыметнікаў і назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах наогул і беларускай паасобку» (1929). Арыштаваны ў 1937; расстраляны. Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Тв.: Праславянская грамматика. – Нежин, 1916. Літ.: Булахов М. Восточнославянские языковеды. Т. 2. – Менск, 1977; Журавлев В. Г.А.Ильинский. – М., 1962.

 

207.      ІЛЬЮЧОНАК Пётра (31.1(12.2).1891, в. Русьцягі Нова-Аляксандраўскага пав. Ковенскай губ., цяпер Браслаўскі р-н – 27.6.1945, Тайшэтлаг), дзяржаўны дзяяч, рэдактар. У 1910-12 рабочы ў Пецярбургу; у 1912-17 у арміі. Займаўся распаўсюджаньнем нелегальнай літаратуры. Зь лета 1917 у Адэсе, нам. старшыні Беларускага бежанскага камітэту, сябра культурніцкай арганізацыі «Беларускі гай». З 1920 у Менску, потым накіраваны на падпольную работу ў Зах. Беларусь. Пасьля перапынку зноў накіраваны туды ў 1923. У 1921-22 працаваў у Менску ў наркаматах сацзабесьпячэньня і асьветы. У 1924-25 і 1926-28 тэхнічны рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва. У 1925-26 супрацоўнік паўпрэдзтва ў Варшаве. У сьнеж. 1929 выключаны з ВКП(б) у рамках кампаніі барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам. Арыштаваны 16.2.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Накіраваны ў Тагіл. Паўторна арыштаваны 4.07.1937 і 16.11.1937 прысуджаны дадаткова да 5 гадоў лягераў. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і асуджаны ў студз. 1943 Іркуцкім абл. судом на 10 гадоў лягераў. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Літ.: Колас Г. Здарэньне ля піўнушкі на Савецкай // Крыніца. 1994, №7; ЭГБ, т. 3.

 

208.      ІМШЭНІК Хведар (4.9.1884, в. Хоцінава Брэст-Літоўскага пав. Гарадзенскай губ. – пасьля 1931?, Уфа?), літаратуразнавец, мэмуарыст, пэдагог. Вучыўся ў Жыровіцкай духоўнай вучэльні, Літоўскай духоўнай сэмінарыі (1900-07). Быў супрацоўнікам газ. «Наша Ніва». Скончыў Юр‘еўскі (Тартускі) ун-т. У час вучобы арыштоўваўся за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях. У 1906-12 член БСГ. Пасьля сканчэньня ун-ту на запрашэньне М.Багдановіча пераехаў у Яраслаўль; выкладаў у прыватнай мужчынскай гімназіі. У 1918 разам зь Менскім настаўніцкім інстытутам вярнуўся ў Менск. Працаваў выкладчыкам філялёгіі і гісторыі ў Мар‘іна-Горскім сельгастэхнікуме. У 1923-24 дырэктар Бабруйскага, у 1924-27 Рагачоўскага, у 1927-30 выкладчык Гомельскага пэдтэхнікумаў. Напісаў успаміны пра М.Багдановіча, «Нашу Ніву». Арыштаваны 15.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 паводле пастановы Калегіі ОГПУ сасланы на 5 гадоў ва Уфу. Далейшы лёс невядомы.

 

Тв.: «Наша Ніва» і дваццацігадовы юбілей беларускае пэрыядычнае прэсы // Полымя. 1926, №7; Цішка Гартны як селькор «Нашае Нівы» 1908-1910 // Там жа. 1929, №1; 15 гадоў цяжкай, але пачэснай працы: (Юбілей У. М. Ігнатоўскага) // Савецкая Беларусь. 1924, 2 лістап.

Літ.: Каханоўскі Г. Таямніцы за Чортавым мостам // Маладосць. 1992, №5; ЭГБ, т. 3.

 

209.      ІСПРАЎНІКАЎ Прохар (16.3.1902, в. Трыбулінцы Сураскага р-ну Віцебскай вобл. – 30.10.1937, Менск, НКВД), журналіст. Працаваў загадчыкам сельгасаддзела газ. «Віцебскі пралетарый». Арыштаваны 3.7.1937. Рэабілітаваны 10.6.1958.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

210.      КАВАЛЕНЯ Аляксандар (21.2(5.3).1895, в. Кашанцы Гарадзенскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Бераставіцкі р-н – 27.8.1937, Менск, НКВД), археоляг. У 1915 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю, у 1929 БДУ. Яшчэ ў студэнцкія гады праводзіў раскопкі ў Тураве (1927). З 1932 навуковы супрацоўнік сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі БелАН. Дасьледаваў унікальныя помнікі – стаянкі палеаліту (Бердыж, Юравічы), гарадзішчы жалезнага веку (Банцараўшчына). Зьбіраў матэрыялы для археалягічнай карты Беларусі. Арыштаваны ў 1937; паводле пастановы пазасудовага воргану ад 25.8.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.10.1958.

 

Тв.: Археалягічныя разьведкі ў Магілёўскай, Бабруйскай і Менскіх акругах // Запіскі аддзелу гуманітарных навук БАН. Кн. 11. Працы археалягічнай камісіі, т. 2. Менск, 1930; Матэрыялы з дагісторыі Тураўшчыны // Там жа (разам з С.Шутавым); Археалягічныя росшукі ў вярхоўях рэк Друці, Усяж-Бук і Лукомкі // Працы сэкцыі археалёгіі БАН. Менск, 1932. Т. 3.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 3.

 

211.      КАВАЛЬ Васіль (сапр.: Кавалёў Васіль Пятровіч; 4(17).8.1907, в. Сава Горацкага пав. Магілёўскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), празаік. У 1925 скончыў агульнаадукацыйныя курсы пры Горацкай сельгасакадэміі; увосень 1925 паступіў у Магілёўскі пэдтэхнікум. Тады ж быў прыняты ў літаб‘яднаньне «Маладняк». Пачаў друкавацца ў 1926 у час. «Аршанскі маладняк». У 1926-29 (зь перапынкам) вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага ф-ту БДУ, але кінуў вучобу і пайшоў на творчую працу. Пасьля другога расколу «Маладняка» ў 1928 абраны сябрам Цэнтральнага Бюро аб‘яднаньня і ўведзены ў рэдакцыйную групу час. «Маладняк», дзе застаўся пасьля ўтварэньня БелАПП. У 1931 актыўны ўдзельнік Беларускага літаратурнага аб‘яднаньня Чырвонай арміі і флёту. У 1932-34 служыў у войску, быў вайсковым журналістам газ. «Красноармейская правда» ў Смаленску. Арыштаваны 2.11.1936; прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Выбр. тв. – Менск, 1932; Выбр.: Аповесьці і апавяданьні. – Менск, 1959; Сьледапыты; Санька-сыгналіст. – Менск, 1961.

Літ.: Пальчэўскі А. Васіль Каваль // Пальчэўскі А. Выбр. тв. Т. 2. – Менск, 1975; Казека Я. Васіль Каваль // Казека Я. Падарожжа ў маладосьць. – Менск, 1984; Грамадчанка Т. Васіль Каваль // Беларускія пісьменьнікі і літаратурны працэс 20-30-х г. – Менск, 1985; БП, т. 3; ЭГБ, т. 3.

 

212.      КАВАЛЬСКІ Ўладзімер (21.12 (у дакумэнтах 21.10).1912, в. Варонеж Сосьніцкага пав. Чарнігаўскай губ., цяпер Карукаўскі р-н Чарнігаўскай вобл., Украіна – 29.12.1937, Менск, НКВД), паэт, драматург; пісаў на польскай мове. З двухгадовага ўзросту выхоўваўся ў Кіеве. У трынаццаць гадоў пачаў працаваць рабочым на заводах і шахтах. З 1929 вучыўся ў польскай тэатральнай студыі Вышэйшага музычна-драматычнага інстытуту ў Кіеве. У 1930 пераехаў у Менск. Працаваў загадчыкам польскага сэктару Камітэту радыёвяшчаньня пры СНК БССР. Публікавацца пачаў з 1930 у менскім польскамоўным час. «Orka». Супрацоўнічаў з польскімі газэтамі і часопісамі, якія выходзілі ў Кіеве, Маскве; з украінскім друкам. Член СП Беларусі з 1934. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў польскай сэкцыі СП БССР. Аўтар п‘ес для польскіх тэатраў Беларусі і Ўкраіны. Паэтычныя творы К. перакладаліся на бел., грузінскую, літоўскую, расейскую мовы. Арыштаваны ў ліст. 1937. Тыраж апошняга зборніка К. «Вершы пра Грузію» быў канфіскаваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1979.

 

Тв.: Chlopi w Marchat. – Minsk, 1930; Dwa poematy. – Minsk, 1934; Poezje. – Minsk, 1934; Droga na polnoc: Poezje. – Minsk, 1930; Rodzina Woroncow: Sztuka sceniczna w osmiu obrazach z prologiem. – Minsk, 1936.

Літ.: Гапава В. Непражытае жыцьцё: Да 75-годзьдзя з дня нараджэньня і да 50-годзьдзя з дня сьмерці Ўладзімера Кавальскага // ЛіМ. 1987, 25 сьнеж.; БП, т. 3.

 

213.      КАВЫЛЬ Міхась (сапр.: Лешчанка Язэп Казіміравіч; 1.11.1915, в. Покрашава Слуцкага пав. Менскай губ.), паэт, крытык, празаік, рэдактар. Першы верш апублікаваў у 1929. У 1930 паступіў на пазашкольнае аддзяленьне МБПТ. Супрацоўнічаў з час. «Вясна» і «Маладняк». Быў сябрам літаб‘яднаньня «Маладняк». 23.2.1933, на апошнім курсе тэхнікуму, арыштаваны ў справе «Беларускай народнай Грамады». Праз паўгода асуджаны на 3 гады зьняволеньня; накіраваны на Далёкі Ўсход (4-е аддзяленьне Дальлагу). Пасьля вызваленьня вярнуўся дадому, але неўзабаве зьехаў (ад перасьледу НКВД) у Варонеж; паступіў на рабфак мэдінстытуту, потым на літаратурны ф-т пэдінстытуту. Настаўнічаў. З пачаткам вайны мабілізаваны. У траўні 1942 трапіў у палон да румынскіх войскаў. Вызвалены ў 1943, вярнуўся ў Менск, скончыў курсы прапагандыстаў. Друкаваўся ў газ. «Раніца». З восені 1944 у Нямеччыне, потым у Бэльгіі. У 1950 выехаў у ЗША. Публікаваўся ў выданьнях бел. эміграцыі «Беларуская думка», «Конадні», «Шыпшына», «Бацькаўшчына», «Беларус». Рэдагаваў час. «Беларуская думка». Жыве ў Саўт Рыверы (штат Нью Джэрсі, ЗША).

 

Тв.: Міжагнёўе: Выбр. тв. – Ню Ёрк, 1990; Ростань: Вершы. – Рэгенсбург, 1947; Пад зорамі белымі: Зб. вершаў. – Нью-Йорк, 1954; Першая рана: Зб. вершаў. – Манчэстэр, 1960; Цяжкія думкі: Зб. вершаў. – (Нью-Йорк), 1961; Казённы дом і далёкая дарога /// Запісы. 1992. №20.

Літ.: Савік Л. Калі ў сэрцы збудую храм // Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. – Менск, 2001; Маракоў Л. На прыступках у пекла. Маладосць. 2001. №3.

 

214.      КАЗАК Аляксей (11.2.1886, в. Бучаціна Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Капыльскі р-н – 1.9.1938, Менск, НКВД), краязнавец, публіцыст. У 1925-30 працаваў нам. старшыні Цэнтральнага бюро краязнаўства Інбелкульту і БелАН. Потым настаўнічаў. Арыштаваны 11.12.1937. 28.5.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 10.9.1959.

 

Тв.: Краязнаўства ў БССР к дзесяцігодзьдзю Кастрычніцкай рэвалюцыі // Наш край. 1927, №10; Вынікі ІІ Усебеларускай краязнаўчай канфэрэнцыі // Наш край. 1929, №2.

 Літ.: Возвращенные имена.

 

215.      КАЗЛОЎ Мікалай (17.5.1907, Цьвер, Расея – 4.4.1993, Менск), хімік-арганік. У 1928 скончыў Цьверскі пэдагагічны інстытут, у 1932 – аспірантуру пры Маскоўскім ун-це. У 1933-38 дырэктар Інстытуту хіміі БелАН, адначасова загадчык катэдры арганічнай хіміі БДУ. Прафэсар (1933), доктар хімічных навук (1935). Арыштаваны 24.7.1938. 19.2.1940 пастановай Асобай нарады прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Адбыў у лягерах і ссылцы 8 гадоў. У 1946-67 загадчык катэдры хіміі Пермскага пэдагагічнага і Пермскага сельскагаспадарчага інстытутаў. Рэабілітаваны 20.1.1956. Заслужаны дзяяч навукі і тэхнікі РСФСР (1965). Акадэмік АН Беларусі (1966). У 1967-72 дырэктар Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі АН БССР. З 1973 загадчык лябараторыі гэтага інстытуту, з 1988 – дарадца пры дырэктары інстытуту. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984).

 

Тв.: Химия промышленных нефтей Белоруссии. – Менск, 1972 (у суаўтарстве).

Літ.: Н.С.Козлов // Весці АН БССР. Сэрыя хімічных навук. 1987, №3; Возвращенные имена; БЭ, т 7.

 

216.      КАЗЛОЎ Фёдар (16(28).2.1898, в. Слабодка Магілёўскага пав., цяпер у межах г. п. Круглае Магілёўскай вобл. – 1941?), гісторык. У 1917 скончыў Магілёўскую духоўную сэмінарыю, у 1918 вучыўся ў Петраградзкім горным інстытуце. З 1919 на савецкай рабоце і ва ўстановах адукацыі ў Магілёве і Гомелі. З 1925 у Маскве; у 1929 скончыў Інстытут чырвонай прафэсуры, загадчык кабінэту 1-га Інтэрнацыяналу, выкладчык Інстытуту Маркса-Энгельса-Леніна. З 1932 загадчык катэдры Ўсеагульнай гісторыі Інстытуту чырвонай прафэсуры. Доктар гістарычных навук (1936). Аўтар падручнікаў, прац па гісторыі ЗША, рэвалюцыйнага руху. Арыштаваны ў 1937. Абставіны сьмерці невядомыя.

 

Тв.: Первый Интернационал. – Маск., 1933; США в период довоенного империализма и после мировой войны. – Маск., 1936.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

217.      КАЛМАНСОН Гілель (1868, Магілёў – 1937, Масква, НКВД), паэт, публіцыст; пісаў на расейскай мове. Жыў у Кіеве (уступіў там у 1884 у рэвалюцыйны гурток), Чарнігаве, Адэсе. З 1895 у Магілёве, ствараў тут сацыял-дэмакратычныя гурткі. З 1903 член РСДРП. У 1907 апублікаваў першы вершаваны зборнік «Песни босяка». У.Бонч-Бруевіч адабраў некаторыя вершы К. для складзенага ім зборніка «Избранные произведения русской поэзии» (3-е выданьне, 1908). У 1917-22 быў на партыйнай і савецкай рабоце ў Магілёве, Самары, Гомелі. Напісаў і апублікаваў успаміны. З 1922 жыў у Маскве. Арыштаваны і расстраляны ў 1937. Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Тв.: Свобода: Элегия в прозе. – Киев, 1915; Плакучая акация: Сказка-притча. – Киев, 1915; Красная Армия: Стихи. – Самара, 1919; Первые шаги: (Из воспоминаний) // Известия Гомельского губернского комитета РКП(б). 1921, №7-8.

 

218.      КАЛУБОВІЧ Аўген (5.3.1912, мяст. Ціхінічы Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. – 25.5.1987, Кліўленд, ЗША), пісьменьнік, гісторык, грамадзкі і паліт. дзяяч. У 1930 скончыў пэдтэхнікум у мяст. Бабчын Хойніцкага р-ну. Арыштаваны 30.5.1930 за прыналежнасьць да тайнай арганізацыі альтруістаў. Прысуджаны да 3 гадоў канцлягераў. Пакараньне адбываў у Вішарскіх лягерах, Дальлагу, Бамлагу. У Беларусь вярнуўся ў 1933. Настаўнічаў у Хойніцкім р-не; быў звольнены, адноўлены на рабоце з дапамогай А.Чарвякова. У 1934-35 выкладаў бел. мову і літаратуру ў Менску. У 1939 скончыў МВПІ, працаваў кансультантам-мэтадыстам Наркамасьветы БССР. З пачаткам вайны мабілізаваны ў армію; трапіў пад Масквой у акружэньне; вярнуўся ў Менск. Супрацоўнічаў зь нямецкімі ўладамі; уваходзіў у Беларускую раду даверу (1943), Беларускую цэнтральную раду (1944). Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэсу. З 1944 у Нямеччыне. З 1945 у зах. зоне акупацыі Нямеччыны; выкладаў у Беларускай гімназіі імя Я.Купалы. Пасьля аднаўленьня ў сьнеж. 1947 Рады БНР увайшоў у яе склад. Быў прэм‘ер-міністрам Ураду БНР. З 1950 у ЗША. Спачатку жыў у Нью-Йорку, потым у Кліўлендзе. Выдаваў «Бюлетэнь» Злучанага беларускага камітэту ў Кліўлендзе. У 1953 арганізаваў выданьне бюлетэня «Абежнік Цэнтральнага Камітэту Аб‘яднаньня беларускіх нацыянал-дэмакратаў». Напісаў успаміны пра паліт. рэпрэсіі 1930-х г. у Беларусі. Укладальнік, рэдактар і адзін з аўтараў зборніка «Янка Купала і Якуб Колас. 1882-1982: Вянок успамінаў пра іх» (1982).

 

Тв.: Крокі гісторыі: Дасьледаваньні, артыкулы, успаміны. – Беласток-Вільня-Менск, 1993; На крыжовай дарозе: Творы з эміграцыі. – Менск, 1994; Паэтычная стылістыка. – Б.м. (Нямеччына), 1947; Пясьняр свабоды й красы: (У 30-я ўгодкі сьмерці М.Багдановіча). – Б.м. (Нямеччына), 1947; Мова ў гісторыі беларускага пісьменства. Т.1. – Мюнхен-Лёндан, 1974-1975. Т. 2. –Кліўленд, 1978; «Айцы БССР» і іхны лёс. – Кліўлэнд, 1982, 2-е выд.: Кліўлэнд, 1985.

Літ.: Другі Усебеларускі кангрэс. Пад рэд. праф. Р.Астроўскага. 1954; Каханоўская І. Сын верны маці-Беларусі. // Беларускі свет. 1888, №20; Калубович Н. Когда мы были молодыми… // Нёман. 1994, №1. Ёрш С. Закон генаў. Калубовічы// Наша Ніва. 2003, 21 сак.

 

219.      КАЛЮГА Лукаш (сапр.: Вашына Канстанцін Пятровіч; 27.9.1909, в. Скварцы Менскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н – 5.10.1937, Чалябінская вобл., НКВД), празаік, перакладчык. Яшчэ ў школе захапляўся вельмі пашыранай у 1920-я краязнаўчай працай, запісваў народныя песьні і іншыя фальклёрныя творы сваёй мясцовасьці. Сабраныя матэрыялы адсылаў у Менск у Інбелкульт, дзе яны атрымалі высокую ацэнку, як лепшыя з прысланых. У 1925 скончыў сямігодку. У 1926 паступіў у Магілёўскі пэдтэхнікум, але вучыцца ня стаў, вярнуўся дадому. У чэрв. 1927 К.Чорны зьмясьціў у час. «Чырвоны сейбіт» першае апавяданьне К. «Вясна» (творы К., надрукаваныя пад псеўданімам Кастуся Палявецкага, ня знойдзеныя). З 1928 – студэнт МБПТ. Адначасова з вучобай рэдагаваў і перакладаў розныя тэксты для Белдзяржвыдавецтва. У 1928 у час. «Узвышша» на працягу году друкавалася першая аповесьць К. «Ні госьць, ні гаспадар», пасьля якой пісьменьніка прыкмеціў М.Гарэцкі. З траўня 1929 – сябра літаратурнага аб‘яднаньня «Узвышша». У 1931 выключаны з тэхнікуму як «узвышанскі лазутчык і пачынаючы нацдэм». Са студз. і да сярэдзіны 1932 К. працаваў сакратаром час. «Книга массам», які выдаваўся пры Белдзяржвыдавецтве, потым стыльрэдактарам (да канца 1932) у радыёцэнтры. Арыштаваны ГПУ БССР 23.2.1933 у справе «Беларускай народнай Грамады». Асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Высланы ў Ірбіт (цяпер Краснаярскі край). У ссылцы працягваў пісаць; частка рукапісаў той пары захавалася (у іх ліку незавершаны раман «Пустадомкі», апубл. 1990; аповесьці «Дзе косьці мелюць», «Зоры Вам Вядомага гораду», «Утрапеньне», апубл. 1989). Зноў арыштаваны 6.11.1935. Расстраляны паводле прысуду Чалябінскага суду. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Ні госьць ні гаспадар. – Менск, 1974; Творы. – Менск, 1992.

Літ.: Драздова З. Творчасьць А.Мрыя і Л.Калюгі: Стылявыя асаблівасьці. – Менск, 1997; Грахоўскі С. Лукаш Калюга: (Успаміны) // Грахоўскі С. Так і было. – Менск, 1986; Скрыган Я. Каляровы аловак // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцьця: Літаратурныя ўспаміны, сустрэчы, шляхі. – Менск, 1979; Янкоўскі Ф. Чытаючы Кастуся Вашыну: Старонкі зь дзёньніка // Вобраз-81. – Менск, 1981; Маракоў Л. Падстрэлены на ўзлёце // ЛіМ. 1999. 24 вер. (№38).

 

220.      КАМЯНЕЦКІ Гірш (15.12.1895, в. Чарняўка Сеньненскага пав. Віцебскай губ., цяпер Крупскі р-н – 25.4.1957, Барысаў), паэт; пісаў на ідыш. Вучыўся ў хедары і ешыбоце. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расеі – з 1919 да 1921 быў у Чырвонай арміі. Пасьля дэмабілізацыі працаваў у цырульні. Паводле ўспамінаў, вершы пачаў пісаць і друкаваць з 1924. У 1928-30 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленьні пэдагагічнага ф-ту БДУ. Першая кніга паэзіі «Простай дарогай» выйшла ў 1933. Член СП Беларусі з 1934. У 1937-41 адказны сакратар гэбрайскай сэкцыі СП БССР. Падчас вайны жыў у Бугуруслане Чкалаўскай вобл., працаваў цырульнікам. Вярнуўшыся ў Беларусь, у 1948-49 быў рэдактарам мастацкай літаратуры Дзяржвыдавецтва БССР. Перакладаў прозу і паэзію зь бел. і расейскай моваў. У сваю чаргу паэзію К. перакладалі на бел. і расейскую мовы. Арыштаваны 23.6.1949 у рамках кампаніі барацьбы супраць «касмапалітаў». Асуджаны на зьняволеньне ў лягерах; накіраваны ў Іркуцкую вобл. Вызвалены ў 1956. Вярнуўся інвалідам. Рэабілітаваны і адноўлены ў правах члена СП БССР у 1956. Пахаваны на гарадзкіх могілках Барысава.

 

Тв.: Выбр. вершы. – Менск, 1960; Дороже хлеба. – Менск, 1973.

Літ.: Рэлес Р. Голас сьціплы, шчыры // ЛіМ. 1975, 25 сьнеж.; БП, т. 3.

 

221.      КАНДЫБОВІЧ Сымон (21.7.1891, в. Старыца Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Капыльскі р-н – 27.9.1972, Мюнхен, Нямеччына), паліт. дзяяч, гісторык. Атрымаў вышэйшую адукацыю; настаўнічаў. У 1932-37 кіраўнік справаў і ўпаўнаважаны Камітэту нарыхтовак СНК БССР. Арыштаваны НКВД БССР у 1940. Застаўся на акупаванай немцамі тэрыторыі. У сьнеж. 1943 увайшоў у склад Беларускай цэнтральнай рады, са студз. 1944 кіраўнік яе фінансавага аддзелу. У чэрв. 1944 удзельнічаў у 2-м Усебеларускім кангрэсе (Менск). Выехаў у Нямеччыну. Працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце. З 1954 пастаянна жыў у Мюнхене: супрацоўнік Інстытуту па вывучэньні СССР, супрацоўнік бел. рэдакцыі радыё «Свабода». Публікаваўся ў «Запісах» Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (Нью-Йорк), выданьнях Інстытуту па вывучэньні СССР.

 

Тв.: Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

222.      КАПУЦКІ Андрэй (2.5.1897, Маладэчна – 17.5.1934, Менск, НКВД), грамадзкі і паліт. дзяяч, празаік, паэт, журналіст. Скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю, у 1916 прызваны ў войска. У 1917 жыў у Петраградзе. З 1918 у Маладэчне. У пэрыяд нямецкай і польскай акупацыі займаўся падпольнай дзейнасьцю. Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (1922), разам зь якой у сьнеж. 1923 уступіў у КПЗБ. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі – у 1919-22, 4.10.1925 (апошні раз прасядзеў у турме без суду 14 месяцаў). У ліп. 1927 нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Жыў у Менску, працаваў у рэдакцыі газ. «Зьвязда», час. «Полымя рэвалюцыі». У сак. 1928 разам з С.Клінцэвічам па даручэньні ЦК КПЗБ удзельнічаў у забойстве ў Вільні М.Гурына-Маразоўскага. Зноў вярнуўся ў БССР. У 1931 скончыў Камуністычны ун-т Беларусі. Працаваў у Гістпарце пры ЦК КП(б)Б, загадчыкам сэктара друку ЦК КП(б)Б, в.а. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». Як паэт публікаваўся з 1929. Арыштаваны 29.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956. Імем К. названа вуліца ў Маладэчне.

 

Тв.: Паноў трэба зьнішчаць гуртам: Апавяданьні з жыцьця Заходняй Беларусі. – Менск, 1932.

Літ.: Каханоўскі Г. Дасьледаваньне пра заходнебеларускі тэатар // Полымя. 1971, №2; БП, т. 3; ЭГБ, т. 4.

 

223.      КАРАВАЙЧЫК Павал (3(15).6.1896, мяст. Любча Наваградзкага пав. Менскай губ. – 21.11.1937, Чэбаксары, Чувашыя), крытык, публіцыст, паэт, мэдык. Пачатковую адукацыю атрымаў у Наваградку. У 1911 паступіў у Менскую гімназію, скончыў яе з залатым медалём у 1916 у Маскве, куды гімназія была эвакуяаваная падчас 1-й сусьветнай вайны. Вярнуўся ў Менск, супрацоўнічаў з Таварыствам дапамогі ахвярам вайны. У 1917 – у рэдакцыі газ. «Вольная Беларусь», дзе пачаў друкаваць свае творы. Паступіў у Вайскова-мэдычную акадэмію ў Петраградзе. Супрацоўнічаў зь Белнацкамам і час. «Чырвоны шлях», з Наркаматам нацыянальнасьцяў РСФСР. На пачатку 1919 загадваў выдавецкім аддзелам Белнацкаму і рэдагаваў газ. «Дзяньніца». У 1919 перавёўся на 3 курс мэдычнага ф-ту Маскоўскага ун-ту, але быў прызваны ў Чырвоную армію, у якой служыў да 1921. У 1921-23 чытаў лекцыі аб бел. літаратуры на настаўніцкіх курсах у Бабруйску і Менску. З 1922 у Менску, паступіў на 3 курс мэдычнага ф-ту БДУ, які скончыў у 1925. З восені 1922 да канца 1926 загадчык аддзелу замежнага друку газ. «Савецкая Беларусь». У крас. 1926 удзельнічаў у заснаваньні Мэдычнай сэкцыі Інбелкульту; член-карэспандэнт Інбелкульту з 1926. Аўтар дасьледаваньня бел. фальклёру, суаўтар падручніка «Выпісы зь беларускае літаратуры» (Ч.1, Менск, 1926). У 1926-30 працаваў у клініцы нэрвовых хвароб мэдычнага ф-ту БДУ. Арыштаваны ГПУ БССР 25.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Чабаксары Чуваскай АССР. 29.7.1937 быў арыштаваны зноў. Прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны па абодвух справах у 1957 і 1959.

 

Літ.: Скалабан В. Будынак новы мы будуем…: (Вершы Паўла Каравайчыка) // Дзень паэзіі – 82. Менск, 1982; БП, т. 3.

 

224.      КАРАВАЦКІ Францішак (14.5.1907, фальварак Каладзянка Сьвянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 1988, Бэльгія), паэт, журналіст; пісаў на бел. і польскай мовах. З 1925 член Незалежнай сялянскай партыі. З 1926 член КПЗБ. За падпольную дзейнасьць арыштаваны польскімі ўладамі ў 1927; зьняволены ў Пастаўскай турме. У зьняволеньні напісаў верш «Мы ішлі ў цяжкім змаганьні», які стаў рэвалюцыйнай песьняй. Зноў арыштаваны і зьняволены ў 1929. Вызвалены ў 1936 па амністыі. Пасьля вызваленьня ў падпольным Краёвым сакратарыяце ЦК КПЗБ у Варшаве. Падчас 2-й сусьветнай вайны супрацоўнічаў з рухам польскага Супраціву. З 1943 у падпольлі ў Варшаве. Арыштаваны пасьля вайны; 5 гадоў знаходзіўся ў савецкіх лягерах. Пасьля рэабілітацыі з 1952 працаваў у віленскай польскай газ. «Czerwony sztandar». З 1957 у Польшчы. Потым выехаў на Захад. Большасьць твораў К. засталася ў рукапісах. Некаторыя творы запісаныя ў 1950-х як народныя песьні, у тым ліку «Нарачанка» пра адстойваньне нарачанскімі рыбакамі сваіх правоў (апублікаваны ананімна ў зборніку «Сьцягі і паходні». – Менск, 1965).

 

Тв.: Памятные годы // Люди Нарочанского края. – Менск, 1975; Важная пляцоўка // Беларускі каляндар. Беласток, 1980.

Літ.: Калесьнік У. Зорны сьпеў. – Менск, 1975. С. 192-203; Яго ж. Лёсам пазнанае. – Менск, 1982. С. 269-283; Саламевіч І. Іскра з вогнішча // ЛіМ. 1966, 9 сьнеж.; БП, т. 3.

 

225.      КАРАНЕЎСКІ Язэп (30.12.1887 (11.1.1888), Заслаўе – 29.10.1937, Менск, НКВД), дзяржаўны дзяяч, пэдагог, публіцыст. У 1909 скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю, у 1914 Віленскі настаўніцкі інстытут. З 1915 выкладаў у Менскім настаўніцкім інстытуце. У 1915-17 сябра культурна-асьветніцкага гуртка «Наш край», з траўня 1917 – арганізацыі «Маладая Беларусь». З 1916 у эвакуацыі ў Яраслаўлі. У траўні 1918 вёў перамовы з урадам БНР у справе рээвакуацыі Менскага настаўніцкага інстытуту. У 1919-20 школьны інспэктар і выкладчык геаграфіі Менскай беларускай гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі; са жн. 1920 член КП(б)Б, загадчык аддзелу ў Наркамаце асьветы БССР. Правадзейны сябра Інбелкульту з 1924. Быў дырэктарам МБПТ. Публікаваўся ў пэрыядычным друку аб праблемах адукацыі. З 1926 намесьнік старшыні Інбелкульту. У 1929-31 рэктар БДУ. З 1932 у Маскве, нам. дырэктара Інстытуту чырвонай прафэсуры. Арыштаваны і 15.6.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Да пачатку вучэбнага году // Асьвета. 1924, №3; Пасьлякастрычніцкі пэрыяд // Беларусь: Нарысы гісторыі, эканомікі, культурнага і рэвалюцыйнага руху. – Менск, 1924; Інстытут беларускае культуры (Інбелкульт) // Наш край. 1927, №10.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

226.      КАРДАШ Фёдар (нар. 5.1.1932, в. Харашкi Дзятлаўскага р-ну Гарадзенскай вобл.), журналiст. У 1955 скончыў ф-т журналiстыкi БДУ. Працаваў у раённай газэце адказным сакратаром. Падрыхтаваў рукапiсны лiст з крытыкай калгаснай сыстэмы, ананiмна паслаў яго тагачаснаму першаму сакратару ЦК КПСС М.Хрушчову. Канкрэтныя факты ў лiсьце (прозьвiшчы, назвы калгасаў, лiчбы i iнш.), а таксама почырк дазволiлi КГБ хутка выявiць аўтара. У пачатку восенi 1956 быў арыштаваны ў студэнцкiм iнтэрнаце ў Менску. 16.10.1956 асуджаны «за антысавецкую агiтацыю i прапаганду» на два гады зьняволеньня. Пакараньне адбываў у лягерах Мардовii. Па залiках за звышпланавае выкананьне заданьняў знаходжаньне ў лягеры скарацiлі яму амаль на год, i 23.10.1957 ён быў выпушчаны на волю. Першыя месяцы пасьля вяртаньня ў Беларусь прайшлi ў пошуках работы, затым удалося ўладкавацца школьным настаўнiкам, а прыкладна праз 3 гады з дапамогай вядомага журналiста i лiтаратара Яраслава Пархуты, якi выкарыстаў часовую адсутнасьць галоўнага рэдактара пружанскай раённай газэты, атрымаў работу журналiста. Пазьней, да пэнсii, працаваў у лiдзкай газэце. Жыве ў Лiдзе.

 

Тв.: Братазабойства // Народная воля. 2002, 26 верас.

Літ.: Чарняўскi М. Фёдар Кардаш // Дэмакратычная апазыцыя.

 

227.      КАРОЛЬ Усевалад (18.10.1919, в. Старое Сяло, Міншчына – кастр. 1984, Баранавічы), лекар, бел. грамадзкі і культурны дзяяч, публіцыст. Скончыў мэдычны ф-т Віленскага ун-ту. Быў апошнім кіраўніком Беларускага студэнцкага саюзу, які спыніў сваё існаваньне ў 1940. Друкаваўся ў віленскай бел. прэсе. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Баранавічах лекарам. Браў удзел у нацыянальным падпольным руху, кіраваў Баранавіцкім камітэтам падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі. Кіраўніцтва БНП плянавала пераправіць яго, як паўнамоцнага прадстаўніка, у Лёндан праз Швэцыю, што зрабіць не ўдалося. У 1944 арыштаваны, праходзіў у справе кіраўнікоў БНП. Атрымаў 10 гадоў канцлягераў. Пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну жыў у Баранавічах, трымаў сувязь са старымі сябрамі.

 

Літ.: Антысавецкія рухі; Ёрш С. Вяртаньне БНП: Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. – Менск-Слонім, 1998; Катковіч А., Катковіч-Клентак В. Успаміны. – Беласток, 1999.

 

228.      КАРУЗА Павал (25.2.1906, мяст. Ваўкалата Дзісенскага пав. Віленскай губ. – 20.2.1988, Вільня), фальклярыст, этнамузыколяг, кампазытар, грамадзкі дзяяч. У 1928 скончыў Віленскую кансэрваторыю ў клясе тэорыі і кампазыцыі. З 1925 удзельнік грамадзка-паліт. і культурнага жыцьця ў Зах. Беларусі. У 1927 старшыня ЦК Беларускай хрысьціянска-дэмакратычнай партыі (БХД) і галоўны рэдактар пэрыядычнага воргану БХД газ. «Bielaruskaja krynica». Як рэдактар газэты неаднаразова прыцягваўся польскай адміністрацыяй да судовай адказнасьці. Пад уплывам фальклярыста і кампазытара А.Грыневіча пачаў зьбіраць бел. мелас, апрацоўкі якога плённа выкарыстоўваў у выканаўчай практыцы як дырыжор хору Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1928 ад БХД і Беларускага сялянскага саюзу абраны выбаршчыкамі Сьвянцянскага пав. ў сэйм Польшчы. Пасьля разгону сэйма Ю.Пілсудзкім летам 1930 стаў беспрацоўным. У 1934 праз абяцаньні надрукаваць яго аўтарскія творы і фальклёрныя зборы падманным шляхам вывезены цераз Гдыню ў Менск. Арыштаваны і сасланы на Салаўкі. Вярнуўся ў Беларусь у 1947 пасьля 13-гадовага зьняволеньня. У 1947-48 працаваў у Доме творчасьці ў Маладэчне. У 1949 паўторна арыштаваны і высланы ў Сібір. Вызвалены ў 1955, рэабілітаваны ў 1957. Вярнуўся ў Вільню. Працаваў як дырыжор і кампазытар у Дзяржаўным ансамблі польскай песьні і танца Літоўскай ССР. Супрацоўнічаў з фальклярыстамі ІМЭФ АН БССР, друкаваўся ў час. «Мастацтва Беларусі», газ. «ЛіМ». Падрыхтаваў да выданьня музычныя запісы бел. фальклёру А.Грыневіча. Напісаў «Камэpную сымфонію», пабудаваную на бел. меласе, песьні на тэксты Я.Купалы, Я.Коласа, Н.Гілевіча і іншых бел. паэтаў.

 

229.      КАСЬПЯРОВІЧ Мікалай (9(22).5.1900, в. Ізабалёва Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 26.12.1937, Новасібірск, НКВД), крытык, літаратуразнавец, краязнавец, лексыкограф, мастацтвазнавец. У 1917 скончыў Ігуменскую вучэльню, здаў экзамэны пры Бабруйскай мужчынскай гімназіі на званьне народнага настаўніка (у 1917-21 працаваў у Ігуменскім пав.). Вучыўся ў МВПІ (1918-20). У 1921 скончыў Менскі інстытут народнай асьветы. У 1921-22 вучыўся ў БДУ. Быў сябрам арганізацыі «Маладая Беларусь», партыі бел. эсэраў. З 1921 інструктар Наркамасьветы БССР; з 1922 інспэктар Слуцкага, з 1924 – Віцебскага аддзелаў народнай асьветы. З 1926 навуковы сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце, сакратар краязнаўчага час. «Наш край». Адзін зь вядучых бел. краязнаўцаў. Аўтар значных лексыкаграфічных прац «Беларуска-расейскі слоўнічак» (Віцебск, 1925), «Віцебскі краёвы слоўнік» (Віцебск, 1926-27). Арыштаваны ГПУ БССР 29.6.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай ОГПУ СССР ад 10.4.1931 зьняволены ў лягерах тэрмінам на 5 гадоў (Асінкі Кемераўскай вобл.). Пасьля вызваленьня ў 1935 жыў у Новасібірску, выкладаў расейскую мову і літаратуру ў тэхнікуме сувязі. Паўторна арыштаваны 28.8.1937; пастановай ад 17.12.1937 прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 19.9.1960, па другім – 14.2.1958.

 

Тв.: Беларуская архітэктура. – Віцебск, 1925; Вывучэньне культурнага стану краю. – Менск, 1927; Матэрыялы для вывучэньня віцебскай краёвай літаратуры і мастацтва. – Менск, 1927; Краязнаўства: (Нарысы). – Менск, 1929.

Літ.: Лісаў А., Падліпскі А. Краязнавец Мікалай Касьпяровіч. – Віцебск, 2000; Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы. – Менск, 1985; Яго ж. М.Касьпяровіч як мовазнавец // Веснік БДУ. Сэрыя 4. 1975, №3; Яго ж. Жыцьцё праляцела зьнічкай // ЛіМ. 1980, 22 жн.; Булахов М. Восточнославянские языковеды. Т. 2. – Менск, 1977; Возвращенные имена; БП, т. 3; ЭГБ, т. 4.

 

230.      КАЎЦЭВІЧ Міхал (25.7.1899, мяст. Любча Наваградзкага пав. Менскай губ. – 27.10.1937, Менск, НКВД), электратэхнік. У 1922 эміграваў з Зах. Беларусі ў Чэхаславаччыну. У 1928 скончыў Праскі электрамэханічны інстытут; у 1928-30 асьпірант гэтага інстытуту. У 1930 пераехаў у БССР, атрымаў савецкае грамадзянства. З 1931 старшы навуковы супрацоўнік Фізыка-тэхнічнага інстытуту БелАН, з 1932 вучоны сакратар інстытуту. Кандыдат тэхнічных навук (1932). У 1931-32 член бюро палітэмігрантаў пры ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) БССР. У вер. 1927 у Празе пазнаёміўся зь Я.Купалам. Пасьля пераезду ў БССР бываў у доме Я.Купалы ў Менску. Арыштаваны 25.8.1937. 25.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 20.7.1957.

 

Літ.: Возвращенные имена; Каўцэвічы // Янка Купала: Энцыклапедычны даведнік. – Менск, 1986.

 

231.      КАХАНОВІЧ Міхал (27.9.1882, в. Вялікія Лукі Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н – 17.5.1934, Менск, НКВД), паліт. дзяяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст. У 1910 скончыў Харкаўскі ун-т. Зь лета 1915 жыў у Магілёве, працаваў выкладчыкам Магілёўскай рэальнай вучэльні. Член Беларускага нацыянальнага камітэту. У 1917 рэдактар газ. «Могилевские известия». Улетку 1918 выехаў у Вільню; з 1919 кіраўнік школьнага аддзелу Цэнтральнай Беларускай рады Віленшчыны і Гарадзеншчыны. У 1919-22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцьці», «Беларускіх ведамасьцях» і інш. Аўтар успамінаў пра І.Луцкевіча (апублікаваныя ў зборніку: «Памяці Івана Луцкевіча. У першыя ўгодкі сьмерці яго», 1920). У 1922 абраны дэпутатам польскага сэйму, сябра Беларускага пасольскага клюбу. Прытрымліваўся прынцыпу беспартыйнасьці. З 1925 у БССР. Працаваў у рэдакцыях газ. «Савецкая Беларусь» і час. «Савецкае будаўніцтва»; у выдавецтвах; займаўся перакладамі. Арыштаваны ГПУ БССР 11.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

Тв.: Здрада ў Вільні: (Да 10-х угодкаў Віленскай беларускай гімназіі) // Асьвета. 1929, №4.

 Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

232.      КЕПЕЛЬ Юры (? – 1944), журналіст. Рэдактар-выдавец літаратурна-мастацкага час. «Крыгалом», які выдаваўся ў лют. 1933 у Вільні. Адразу пасьля выхаду 1-га нумару выданьне было забаронена польскімі ўладамі. Арыштаваны савецкімі ўладамі. Загінуў у 1944.

 

233.      КЕРНАЖЫЦКІ Канстанцін (25.9(8.10).1902, в. Выдранка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н – 28.2.1942, Канск Краснаярскага краю, ГУЛАГ), гісторык. У 1926 скончыў БДУ. З 1930 працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН, адначасова выкладаў у БДУ. Кандыдат гістарычных навук (1934), дацэнт. Дасьледаваў аграрную гісторыю Беларусі XVIII – пачатку XX ст. Адзін з укладальнікаў зборніка дакумэнтаў «Гісторыя Беларусі ў дакумэнтах і матэрыялах» (т. 1. Менск, 1936). Арыштаваны 11.12.1937. 14.5.1939 асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня ў лягерах. Памёр у лягерным шпіталі. Рэабілітаваны 5.6.1958.

 

 

Тв.: Аграрная рэформа ў Бабруйскім старостве і эканамічнае становішча яго насельніцтва з XVII да паловы XIX ст. – Менск, 1931; Да гісторыі аграрнага руху на Беларусі перад імпэрыялістычнай вайной. – Менск, 1932; Гаспадарка прыгоньнікаў на Беларусі ў канцы XVIII і першай палове XIX ст.: (Да праблемы разлажэньня фэадалізму ў Беларусі). – Менск, 1935.

Літ.: Токарев Н. «Его работы сохраняют свою научную ценность» // Навіны Беларускай Акадэміі навук. 1992, 25 верас.; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.

 

234.      КІЙКО Мікалай (жн. 1902, в. Гарадзея Нясьвіскага пав. Менскай губ. – ?), музэйны работнік. У 1930-35 быў навуковым супрацоўнікам Музэя рэвалюцыі. Арыштаваны 2.12.1935 з абвінавачаньнем у контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Асуджаны 1.7.1936 на 3 гады зьняволеньня. Пакараньне адбываў ва Ухтпечлагу (Варкута і Чыб‘ю Комі АССР). Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 30.5.1989.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Гужалоўскі А. Музэі Беларусі (1918-1941 г.). – Менск, 2002.

 

235.      КІПЕЛЬ Яўхім (25.12.1895(7.1.1896), в. Байлюкі Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Глускі р-н – 27.7.1969, ЗША), грамадзкі і паліт. дзяяч, пэдагог, публіцыст. З 1915 удзельнік 1-й сусьветнай вайны, скончыў 2-ю Кіеўскую вайсковую школу прапаршчыкаў. З 1918 у Чырвонай арміі. З 1921 у Менску, сябра Навукова-тэрміналягічнай камісіі пры Наркамасьвеце БССР. Вучыўся ў БДУ (скончыў у 1926), у 1922-27 выкладаў бел. мову і прыродазнаўства ў школах Менску. З 1926 сакратар аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі Інбелкульту, адначасова лектар на пэдкурсах у Менску. Са студз. 1928 асьпірант БДУ, у кастр. 1929 выключаны па ідэалагічных матывах. З сак. 1930 выкладчык Менскіх пэдкурсаў пры пэдтэхнікуме. Арыштаваны ГПУ БССР 28.6.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; паводле пастановы Калегіі ОГПУ СССР ад 10.3.1931 высланы ў Налінск Вяцкай вобл. на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны ў Арле ў сьнеж. 1935; асуджаны на 5 гадоў лягераў. Вызвалены ў сьнеж. 1940. Пасьля вызваленьня настаўнічаў у Саратаве. У пачатку 1942 мабілізаваны ў Чырвоную армію. З чэрв. 1942 у Менску. Супрацоўнічаў зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі. Працаваў у Інспэкцыі беларускіх школ, Беларускай народнай самапомачы. Рэдагаваў газ. «Голас вёскі». З 1944 кіраўнік навуковага аддзелу БЦР. На 2-м Усебеларускім кангрэсе абраны яго старшынём. Зь сярэдзіны 1944 у Нямеччыне. Падрыхтаваў да друку кнігу ўспамінаў пра савецкія лягеры «Зь іхняга раю». З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амэрыкі, стварыў Аб‘яднаньне беларускіх вязьняў савецкіх лягераў. Публікаваўся ў бел. эмігранцкай прэсе. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНіМ) у Нью-Йорку. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Тв.: Шляхі да паляпшэньня чалавечага роду // Полымя. 1927, №2; Як нас вучылі // Запісы БІНІМ. 1977. Т. 15; Эпізоды. Нью Ёрк, 1998.

Літ.: Ляхоўскі У. Пра Яўхіма Кіпеля // Спадчына. 1995, №3; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.

 

236.      КІРЖНІЦ Абрам (3(15).8.1887, Бабруйск – 15.4.1940), бібліёграф, гісторык, журналіст. Вучыўся ў камэрцыйнай вучэльні; працаваў прыватным настаўнікам. У 1910 уступіў у Бунд. Удзельнік 1-га Ўсерасейскага зьезду ў бібліятэчнай справе (1911). За рэвалюцыйную дзейнасьць неаднаразова арыштоўваўся; у 1915 высланы ў Сібір. Супрацоўнічаў з іркуцкай газ. «Сибирь»; дасьледаваў пэрыядычны друк Сібіры. У пэрыяд грамадзянскай вайны ў Расеі выехаў у Харбін (Кітай), займаўся журналістыкай. З 1924 у Маскве, загадчык аддзелу бібліяграфіі газ. «Дер Эмес». Удзельнічаў у падрыхтоўцы «Сибирской советской энциклопедии». Складальнік кніг «Еврейский рабочий» (т. 4, ч. 1, 1927) і «Еврейское рабочее движение: Обзор, материалы и дакументы» (1928). Дасьледаваў гэбрайскую прэсу Беларусі і СССР; гісторыю Бунду. Пісаў успаміны. Арыштаваны ў 1938. Вызвалены ў пачатку 1940.

 

Тв.: У порога Китая. – Маск., 1924; В годы империалистической войны: Очерк рабочего движения России. – Маск., 1924; Ленский расстрел. – Маск., 1925; Еврейская пресса в Советском Союзе (1917-1927). – Менск, 1928; Еврейская пресса в Белоруссии (1917-1927). – Менск, 1929; Еврейская пресса в бывшей Российской империи (1823-1916). – М., 1930; У няволі буржуазнага нацыяналізму // Бальшавік Беларусі. 1928, №3.

Літ.: Киржниц Д.А. Библиограф демократической печати // Советская библиография. 1987, №6; ЭГБ, т. 4.

 

237.      КІРКЕВІЧ Антон (1871 – 1.11.1937, Менск, НКВД), праваслаўны сьвятар, протаіярэй Менскай япархіі, рэлігійны і грамадзкі дзяяч. Скончыў духоўную праваслаўную сэмінарыю. У 1926 служыў у Менскім катэдральным саборы. Удзельнік зьезду прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства і вернікаў Менскай япархіі 9-10.7.1927. Адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 2-й палове 1930-х служыў у царкве сьв. Марыі Магдалены ў Менску. 28.7.1937 арыштаваны НКВД. Расстраляны. Літ.: Гарбінскі БРД; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии (1918-1951) / Составил священник Федор Кривонос. 1996.

 

238.      КІСЬЛЯКОЎ Іван (1895, мяст. Бобр Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Крупскі р-н – 1955, Амутнінск Кіраўскай вобл., Расея), вучоны-аграрнік, грамадзкі дзяяч, публіцыст. Паводле партыйнай прыналежнасьці – эсэр. У сьнеж. 1918 – сак. 1919 настаўнічаў у мяст. Бобр, пасьля працаваў аграномам у Сеньненскім пав. У 1923 скончыў Маскоўскі межавы інстытут. З чэрв. 1923 у Наркамземе БССР, адначасова ў Інбелкульце. З 1925 дацэнт, з 1929 прафэсар Беларускай сельгасакадэміі. Старшыня Навуковага таварыства па вывучэньні Беларусі (Горкі). Распрацоўваў пытаньні аграрнай палітыкі ў БССР, быў прыхільнікам хутарской і аднаасобнай формаў вядзеньня сельскай гаспадаркі. Арыштаваны 27.6.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Амутнінск. Пасьля ссылкі жыў у Паўлаве-на-Ацэ, Вязьме. Мабілізаваны ў армію ў 1941; праз год камісаваны з-за хваробы. Жыў у Амутнінску. Рэабілітаваны 19.9.1960.

 

Тв.: Пасёлкі: Оптымум тэрыторыі і эфэкт землеўпарадкаваньня. – Менск, 1928; Характеристика типов сельского хозяйства БССР и их эволюция // Перспективный план развития сельского и лесного хозяйства БССР на 1925/26-1929/30 г. – Менск, 1927.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.

 

239.      КЛІМОВІЧ Адольф (5.5.1900, в. Клюшчаны Сьвянцянскага пав. Віленскай губ., цяпер Астравецкі р-н – 24.11.1970, Вільня), грамадзкі дзяяч, журналіст, выдавец. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Адзін з арганізатараў час. «Маладое жыцьцё». Вучыўся ў Карлавым ун-це (Прага), які скончыў у 1928. Падчас вучобы ў Празе кіраўнік аддзелу міжнародных зносін Аб‘яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. Публікаваўся ў час. «Студэнцкая думка». У 1932-39 рэдагаваў гаспадарчы час. «Самапомач». Дзеяч Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, у 1939-40 удзельнічаў у выданьні газ. «Беларуская крыніца». Працаваў у Беларускім інстытуце гаспадаркі і культуры, адначасова выкладаў у Віленскай беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Падчас вайны працаваў у Беларускай Самапомачы ў Лідзе. Арыштаваны МГБ БССР у 1952; 28.2.1953 вайсковым трыбуналам Маскоўскай вайсковай акругі прысуджаны да вышэйшай меры пакараньня. У крас. 1953 расстрэл заменены на 25 гадоў зьняволеньня. Амніставаны ў 1956; вярнуўся ў Вільню. Склаў біяграфічны слоўнік бел. культурных і паліт. дзеячоў (рукапіс у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі).

 

Літ.: Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў, с. 183; Казлоўскі М. Нашчадак слаўных крывічоў // Куфэрак Віленшчыны. 2001. №2; ЭГБ, т. 4.

 

240.      КЛІМОВІЧ Рыгор (3.10.1924, ваколіца Нова-Цярэшкавічы Гомельскага р-ну – 1.7.2000, Гомель), публіцыст, паэт, мэмуарыст. Перад пачаткам вайны паступіў у Гомельскi індустрыйна-пэдагагічны тэхнiкум. Не пасьпеў эвакуявацца. У канцы 1942 перайшоў лінію фронту, шэсьць месяцаў дабіраўся да Саратава, дзе разьмясьціўся яго тэхнiкум. На пачатку 1943 накiраваўся ў Маскву, дзе быў арыштаваны НКВД. З 1943 да 1947 знаходзiўся ў Сьвярдлоўскай калёніі. У зьняволеньні напiсаў некалькi дзясяткаў антысталінскіх вершаў. Гэтыя вершы былі знойдзеныя, і ў якасьцi пакараньня ў 1947 К. накiроўваюць у Горлаг пад Нарыльскам – лягер строгага рэжыму. У 1950 паўторна асуджаны, атрымаў 10 гадоў лягераў. З 1950 да 1953 утрымлiваўся ў Нарыльскай турме. У 1953 яго зноў вяртаюць у Горлаг, дзе неўзабаве К. узначальвае паўстаньне палiтвязьняў, якое распачалося 25.5.1953 i працягвалася сорак дзён. З канца 1953 да 1956 утрымлiваўся ў турмах Уладзiмiра, Iркуцка і ў Азёрлагу. У гэты пэрыяд яго яшчэ раз судзяць за антысавецкую дзейнасьць, але па амнiстыі ў 1956 вызваляюць. Упершыню iнфармацыя аб Нарыльскiм паўстаньнi адкрыта прагучала ў 1991 у Кiеве на Сусьветнай канфэрэнцыi ўкраiнскiх палiтзьняволеных. Тады ж упершыню быў публiчна названы аўтар гiмну паўстанцаў «Не страшны нам тиранства большевизма» – К. Сёньня гiмн перакладзены на польскую, нямецкую, літоўскую і ўкраiнскую мовы. З 1957 да канца 1980-х, калi К. выйшаў на пэнсiю, знаходзiўся пад наглядам КГБ. Вёў актыўную, наколькi гэта было магчыма, дзейнасьць па падтрымцы сувязяў памiж вэтэранамi ГУЛАГу, а таксама па распаўсюджваньнi праўдзiвай iнфармацыi аб рэпрэсiях савецкага рэжыму. У 1986 падрыхтаваў рукапiс успамiнаў пад назвай «Канец Горлагу». З пачатку 1990-х стаў пастаянным удзельнiкам форумаў, прысьвечаных рэпрэсіям савецкага рэжыму, ладзiў публiчныя выступы, публікаваўся ў сродках масавай iнфармацыi. У 1993 маскоўская студыя «Лад» зьняла пра К. дакумэнтальны фiльм.

 

Тв.: Конец Горлагу. – Менск, 1999; Паўстаньне духу // ЛiМ. 1995. 2 чэрв.

Літ.: Квяткоўскі С. Рыгор Клімовіч // Антысавецкія рухі; Яго ж. Рыгор Клiмовiч: «Я бачу новых змагароў» // Наша Нiва. 1998, 6 ліпеня; Фурсевіч І. Крывёю сэрца напісана // Народная воля. 2000, 8 лют.; Пазьняк З., Старчанка У. Памяці Рыгора Клімовіча // Народная воля. 2000, 8 ліп.

 

241.      КЛІНЦЭВІЧ Сямён (крас. 1899, мяст. Трабы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Іўеўскі р-н – 7.10.1937, Менск, НКВД), дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У часе 1-й сусьветнай вайны ў бежанстве ў Самары. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расеі, з 1918 у Чырвонай гвардыі. Увосень 1919 быў накіраваны на курсы ў Саратаўскую партшколу. Член РКП(б) зь ліст. 1921. З чэрв. 1921 у Беларусі; працаваў у Слуцку ў партыйных і савецкіх органах. У канцы 1921 накіраваны на падпольную работу ў Зах. Беларусь. З 1923 член КПЗБ. Неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. З траўня 1924 жыў у БССР. Вучыўся ў Камуністычным ун-це Беларусі. З канца 1926 працаваў у Заслаўскім райвыканкаме. У чэрв. 1927 зноў накіраваны ў Зах. Беларусь. На даручэньне ЦК КПЗБ 16.3.1928 разам з А.Капуцкім забіў М.Гурына-Маразоўскага. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1929; прысуджаны да пажыцьцёвай катаргі. З 15.9.1932 у БССР у выніку абмену палітвязьняў паміж Польшчай і СССР. Пісаў успаміны. Прыцягваўся да допытаў у сьнеж. 1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Арыштаваны 21.8.1937; 5.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 11.5.1957.

 

Тв.: Як я расправіўся з правакатарам Гурыным // У суровыя гады падпольля: Успаміны былых членаў КПЗБ. – Менск, 1958; ЭГБ, т. 4.

 

242.      КЛІШЭВІЧ Уладзімер (27.2(12.3).1914, в. Краснадворцы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Салігорскі р-н – 14.11.1978, Лос-Анджэлес, ЗША), паэт, публіцыст. Скончыў пэдагагічныя курсы ў Слуцку. Настаўнічаў. Публікаваць вершы пачаў з 1931. У 1933-36 вучыўся ў МВПІ, але скончыць яго не пасьпеў, бо 25.10.1936 быў арыштаваны і ў 1937 сасланы ў Верхні Ат-Урах (Калыма). У жн. 1939 вернуты ў Менскую турму на дасьледаваньне. У часы акупацыі жыў у Слуцку, рэдагаваў «Газэту Случчыны». Тады ж аднавіў з памяці свае творы і публікаваў іх у пэрыядычным друку. Падрыхтаваў зь іншымі і выдаў зборнік «Песьняры Случчыны» (Слуцак, 1943). У 1944 выехаў у Нямеччыну; з 1948 жыў у ЗША. Рэдагаваў ратапрынтны час. «Беларус у Амэрыцы», выкладаў у каледжы ў штаце Індыяна. У 1955 удзельнічаў у выданьні эмігранцкага зборніка «Ля чужых берагоў». У паэме «Васіль Каліна» паказаў пэрыяд калектывізацыі, масавыя рэпрэсіі ў Беларусі. Перакладаў на бел. мову антычных, украінскіх, нямецкіх і іншых аўтараў. Неаднаразова наведваў БССР, станоўча выказваўся ў друку пра парадкі ў БССР. Бел. эміграцыя ў сувязі з гэтым наладзіла яму абструкцыю. К. зьбіраўся пераехаць у БССР, але раптоўная сьмерць перапыніла гэты намер.

 

Тв.: Далячынь: Вершы. – Саўт-Рывэр, 1964; Васіль Каліна: Паэма. – Лёндан, 1965; Сьняцца сны мне залатыя: (Вершы). – Менск, 1973; (Вершы) // Туга па Радзіме. – Менск, 1992.

Літ.: Сачанка Б. Сьняцца сны...; Савік Л. Веру ў народ мой смелы // Савік Л. Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. – Менск, 2001; БП, т. 3; ЭГБ, т. 4.

 

243.      КЛЯШТОРНЫ Тодар (крыптанім: Т.К.; 26.2(11.3).1903, в. Парэчча Лепельскага пав. Віцебскай губ. – 30.10.1937, Менск, НКВД), паэт, перакладчык. Пасьля службы ў войску вучыўся на рабфаку ў Воршы. Першыя вершы апублікаваў у 1925 у час. «Аршанскі маладняк». Першы зборнік вершаў «Кляновыя завеі» выйшаў у 1927. Аўтар паэмы «Калі асядае муць», у якой адзін з герояў сьведчыў: «Мы ходзім пад месяцам і ГПУ». Пасьля выйшлі зборнікі «Сьветацені» (1928), «Ветразі» (1929), «Палі загаманілі» (1930), «Праз шторм – на штурм» (1934). Тагачасная крытыка непрыхільна сустрэла яго паэзію; К. абвінавачвалі ў багемнасьці і пэсымізме. Сябра літаб‘яднаньняў «Маладняк», «Узвышша», БелАПП. Перакладаў расейскую паэзію на бел. мову. На вершы К. напісаныя песьні І.Івановым, М.Равенскім. У 1931 скончыў БДУ. Працаваў на радыё, у рэдакцыях бел. газэт і часопісаў. Член СП Беларусі з 1934. Арыштаваны 3.11.1936; у 1937 расстраляны. Сям‘я К. сасланая ў Акмолінскі лягер. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Залатое вязьмо: Выбр. вершы. – Менск, 1960; Выбр. вершы. – Менск, 1970.

Літ.: Багдановіч І. Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэньня. – Менск, 2001; Шушкевіч С. Права на песьню // Шушкевіч С. Выбр. творы: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2.; БП, т. 3; ЭГБ, т. 4.

 

244.      КОБЕЦ Рыгор (сапр.: Сандыга Міхал Мусіевіч; 12(24).7.1898, Елісаветград, цяпер Кіраваград, Украіна – 9.9.1990, Менск), драматург, празаік, сцэнарыст. З 1921 жыў у Менску. Працаваў у рэдакцыі газ. «Рабочий». З 1925 сябра расейскай сэкцыі «Маладняка» – «Звенья», з 1929 – «Маладняка». Член СП БССР з 1935. У 1931-37 на кінастудыі «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе, пазьней на студыі кінахронікі на Далёкім Усходзе. Аўтар сцэнарыяў фільмаў: «Двойчы народжаны» (1933), «Шукальнікі шчасьця» (1936), «Дняпро ў агні» (1937). У 1935 стаў заслужаным дзеячом мастацтваў Беларусі. Арыштаваны 15.7.1938; высланы ў Хабараўск. Зноў арыштаваны 5.12.1941; пастановай Асобай нарады атрымаў 10 гадоў лягераў. Будаваў чыгункі Тайшэт-Лена, ад станцыі Наушка да Улан-Батара; потым знаходзіўся ў лягеры ў Заярску. З 1951 на пажыцьцёвым пасяленьні ў кіргіскіх стэпах (с. Кара-Балты Фрунзэнскай вобл.) бяз права жыць у сталічных і абл. гарадах. У 1958 дазволена вярнуцца ў Менск; цалкам рэабілітаваны ў 1960. У 1967 на просьбу Кіраваградзкага гісторыка-краязнаўчага музэя напісаў успаміны (у тым ліку пра лягернае жыцьцё) «Аўтабіяграфія» (друкавалася ў Беларусі ў 1973 са скарачэньнямі). Аўтабіяграфічную тэму працягнуў у аповесьці «Ноеў Каўчэг» (1964). Член Саюзу кінематаграфістаў Беларусі з 1967. Пахаваны на Паўночных могілках Менску.

 

Тв.: Гута: П‘еса ў 3 дзеях. – Менск, 1970; Аўтабіяграфія // Вытокі песьні. – Менск, 1973; Ноеў Каўчэг: Старонкі з аповесьці // ЛіМ. 1988. 22 ліп.; Ноев Ковчег: Повесть // Нёман. 1989. №3; Письма из ссылки (1958-1960 гг.) // Нёман. 1998. №9.

 Літ.: Азгур З. Гнеў і любоў // ЛіМ. 1969. 13 траўня; БП, т. 3.

 

245.      КОРЧЫК Павал (сапр.: Лагіновіч Язэп Каятанавіч; 14(26).2.1891, в. Заўшыцы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Салігорскі р-н – 15.4.1940, Менск, НКВД), грамадзкі і паліт. дзяяч, публіцыст. У 1907 скончыў Слуцкую гарадзкую вучэльню. Да 1912 настаўнічаў на Капыльшчыне. У 1910 увайшоў у групу прыхільнікаў БСГ. У 1912–17 служыў у арміі, удзельнік 1-й сусьветнай вайны. Быў членам партыі БПС-Р. Удзельнічаў у Слуцкім паўстаньні 1920. З траўня 1921 да 1922 працаваў у Вільні карэктарам у бел. пэрыядычных выданьнях. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА), рэдактар-выдавец друкаванага воргану БРА газ. «Наш сьцяг» («Вольны сьцяг»). Пасьля аб‘яднаньня 30.12.1923 БРА з КПЗБ кааптаваны ў склад ЦК КПЗБ. Арыштаваны польскімі ўладамі ў ліп. 1924 у Стоўбцах, але неўзабаве вызвалены партызанамі, і пераехаў у БССР. З восені 1924 працаваў у Бюро дапамогі КПЗБ пры ЦК КП(б)Б у Менску. З 1925 у Польшчы. У траўні 1928 на пасяджэньні ЦК КПП у Берліне арыштаваны нямецкай паліцыяй, высланы ў СССР. У сак. – жн. 1933 у Менску, кіраваў дзейнасьцю Бюро ЦК КПЗБ. Са сьнеж. 1933 зноў на падпольнай рабоце ў Зах. Беларусі. Публікаваўся ў час. «Бальшавік» (орган ЦК КПЗБ), «Nowy przeglad» (орган ЦК КПП), «Бальшавік Беларусі» (орган ЦК КП(б)Б), газ. «Еднасьць», «Родная страха», «Наша будучыня». Арыштаваны НКВД 19.2.1936; 25.6.1936 асуджаны на 5 гадоў лягераў. Накіраваны ва Ухтапячлаг (Комі АССР). 15.3.1938 «тройкай» УНКВД Архангельскай вобл. прысуджаны да расстрэлу. Зь невядомых прычынаў прысуд ня выканалі. У 1938 вернуты ў Менск. 26.10.1939 Вайсковым трыбуналам прысуджаны да расстрэлу. Памёр у турме. Рэабілітаваны 31.8.1955.

 

Літ.: Ладысеў У. І.К.Лагіновіч: Нарыс жыцьця і палітычнай дзейнасьці // Беларускі гістарычны часопіс. 1996, №3–4; ЭГБ, т. 4.

 

246.      КРАСІНСКІ Мікалай (1891, Вялейка Віленскай губ. – 23.11.1938, НКВД), тэатральны дзяяч, удзельнік хрысьціянскага руху. Паходзіў са шляхецкай сям‘і. Скончыў 1-ю гімназію ў Вільні і юрыдычны ф-т Пецярбурскага ун-ту (1915). З 1920 жыў у Вільні. Працаваў настаўнікам і інспэктарам у Віленскай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі. Адначасова быў на службе ў праваслаўнай духоўнай сэмінарыі. У асяродзьдзі віленскіх бел. дзеячоў празваны «архімандрытам». У 1922-24 выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і арганізатараў «Беларускай драматычнай майстроўні», дзе ў 1922 паставіў спэктаклі «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.Караленкі. У 1923 эміграваў у БССР. Працаваў у Наркамаце асьветы БССР. З 1925 нам. старшыні сэкцыі мастацтва і старшыня тэатральнай сэкцыі Інбелкульту. У 1926-28 дырэктар БДТ-2; з 1928 – вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музэя. Пісаў аб праблемах культуры ў Зах. Беларусі (у тым ліку ў зборніку «Беларускае мастацтва»). Арыштаваны ГПУ БССР 14.3.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». На 5 гадоў высланы ў Шадрынск. У 1935 пераехаў у Сарапул. Другі раз арыштаваны 12.6.1938. «Тройкай» НКВД Туркменскай ССР 30.10.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1960.

 

Літ.: Лабовіч А. Тэатар змаганьня. – Менск, 1969; Гарбінскі БРД.

 

247.      КРАСКОЎСКІ Іван (24.6.1880, в. Дубічы Бельскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 23.8.1955, Браціслава, Славаччына), паліт. дзяяч, публіцыст, пэдагог. Скончыў Пецярбурскі ун-т. Працаваў у Кіеве ў Зямельным саюзе. Член БСГ; БСДП. У вер. 1917 на зьезьдзе народаў у Кіеве прадстаўляў бел. нацыянальныя арганізацыі. Арыштаваны бальшавікамі 18.12.1917. У 1918 уваходзіў у склад ураду Ўкраінскай Народнай Рэспублікі (УНР); быў паслом УНР у Грузіі. У 1920 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. З 1922 дырэктар Дзьвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі. Зь лета 1925 у Менску, працаваў у БДУ, Інбелкульце (потым БелАН). Старшыня сацыяльна-культурнай сэкцыі і член прэзыдыюму Дзяржпляну БССР. З 1930 у Дзяржпляне СССР. У пэрыёдыцы быў зьмешчаны анонс яго кнігі «Гісторыя Беларусі». Арыштаваны ОГПУ СССР 8.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Этапаваны для сьледзтва ў Менск. Пастановай Калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Самару. Зноў арыштаваны НКВД СССР 4.11.1937. Рашэньнем ад 4.3.1940 тэрмін папярэдняга зьняволеньня залічаны ў тэрмін адбыцьця пакараньня; вызвалены 19.3.1940. Пасьля вайны выехаў у Чэхаславаччыну да дачкі, якая працавала ў музэі ў Браціславе. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Тв.: На порозі нового життя // Літературно-науковій вістнік. К., 1919.

Літ.: Міхнюк У. «Невінаватым ад нас ня выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, №6; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.

 

248.      КРАЎЦОЎ Макар (сапр.: Косьцевіч Макар Мацеевіч; 6(18).8.1891, в. Баброўня Гарадзенскага пав. – сьн. 1939, Беласток, НКВД), грамадзкі і паліт. дзяяч, паэт, публіцыст, крытык, перакладчык. У 1910 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю; настаўнічаў на Гарадзеншчыне. З 1915 у дзейнай арміі; ад Паўднёва-Зах. фронту абраны дэлегатам 1-га Ўсебеларускага зьезду 1917. У 1917-19 у Менску падрыхтаваў да друку «Беларускі лемантар». У 1918 пачаў літаратурную дзейнасьць. З 1918 член БПС-Р. Пасьля ўтварэньня ў 1919 Міністэрства беларускіх справаў у Літоўскім урадзе ствараў ворганы ўлады ў Сакольскім пав. Гарадзенскай губ. Са сьнеж. 1919 уваходзіў у склад Беларускай вайсковай камісіі. 30.10.1919 у газ. «Беларусь» пад назвай «Ваяцкі гімн» апублікаваў верш «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», які быў пакладзены на музыку У.Тэраўскім і стаў гімнам БНР. Удзельнічаў у Слуцкім паўстаньні 1920, у Першай Усебеларускай палітычнай канфэрэнцыі ў Празе (вер. 1921). З 1921 жыў у Вільні, займаўся літаратурнай і грамадзкай дзейнасьцю, настаўнічаў. У крас. 1923 выдаў час. «Саха», які быў забаронены пасьля 1-га нумару. У 1926 арыштаваны польскімі ўладамі. У Вільні выйшлі перакладзеныя К. на бел. мову кнігі М.Лермантава, А.Купрына, А.Талстога, М.Гогаля, М.Твэна і інш. З кастр. 1939 працаваў у рэдакцыі газ. «Віленская праўда». Арыштаваны ў кастр. 1939 разам зь іншымі бел. паліт. дзеячамі. Загінуў у зьняволеньні.

 

Літ.: Цыхун А. Лёс Макара Краўцова // ЛіМ. 1992, 3 крас.; Гесь А. Макар Краўцоў пра Ўсебеларускі зьезд // Спадчына. 1996, №1; Ліс А. Літаратура Заходняй Беларусі // Беларуская літаратура ХХ ст. – Менск, 1999. Т. 2; БП, т. 3; ЭГБ, т. 4.

 

249.      КРАЧКОЎСКІ Кліменці (1905, в. Каселаны Холмскага пав., Польшча – 8.5.1939, ГУЛАГ), эканаміст. У 1920-я настаўнік Радашкавіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. У 1926 нелегальна эміграваў у СССР. Працаваў вучоным сакратаром Савету па вывучэньні вытворчых сіл пры БелАН. 31.10.1935 выключаны з КП(б)Б. Арыштаваны 3.11.1935. Пастановай Асобай нарады НКВД СССР ад 10.4.1936 прысуджаны да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны 6.8.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

250.      КРУКОЎСКІ Аляксандар (23.2.1901, в. Зарэчча Любанскага р-ну Менскай вобл. – 2.8.1945, ГУЛАГ), геоляг. Працаваў нам. дырэктара Інстытуту геалёгіі БелАН, старшым гідрагеолягам Белвадгасу. Арыштаваны 8.12.1936. 30.11.1937 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны 30.5.1956.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 Літ.: Возвращенные имена.

 

251.      КРЫВІЧАНІН Лявон (сапр.: Савёнак Леанід Вікенцевіч; 26.6.1897, в. Вялец Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі р-н – 21.2.1974, Памон, ЗША), пісьменьнік, журналіст. У 1917 скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю. Быў прызваны ў царскае войска, дзе знаходзіўся да сьнеж. 1917. Потым працаваў у Петраградзе. З 1922 у Менску. Друкаваўся зь першай паловы 1920-х. На прапанову У.Ігнатоўскага да 1929 працаваў у газ. «Савецкая Беларусь». У 1929 апублікаваў зборнік фэльетонаў «Чароўная іголка». У 1930 выйшла брашура Дж.Эйтана «Школа джэнтльмэнаў», перакладзеная з расейскай К. Зь ліп. 1931 працаваў у навукова-тэхнічным выдавецтве. Арыштаваны ГПУ БССР 1.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Паводле пастановы Калегіі ОГПУ ад 9.1.1934 асуджаны на 5 гадоў лягераў. Пасьля вызваленьня ў 1939 вярнуўся ў Беларусь; настаўнічаў на Крычаўшчыне. Падчас нямецкай акупацыі заставаўся ў Беларусі. Быў супрацоўнікам «Беларускай газэты». У 1944 пераехаў у Нямеччыну. Пасьля вайны працаваў дырэктарам Беларускай гімназіі ў лягерах для перамешчаных асоб. Удзельнічаў у выданьні літаратурнага час. «Сакавік», газ. «Бацькаўшчына» (Мюнхен). З 1950 у ЗША. Браў удзел у жыцьці бел. эміграцыі. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

Тв.: Беларусізацыя пад №… – Нью-Йорк, 1998.

Літ.: Пашкевіч А. Малавядомы сатырык з Глыбоччыны // ЛіМ. 2001. 29 чэрв.; Савік Л. Творчасьць Лявона Крывічаніна. Запісы БіНІМ, №24. 2001.

 

252.      КРЫНЧЫК Павал (5(17).9.1898, в. Едначы Слонімскага пав. Гарадзенскай губ. – 22.9.1975, Слонім), дзяяч вызваленчага руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. У 1921 скончыў Екацярынаслаўскі палітэхнікум шляхоў зносін. У 1920-я актыўны ўдзельнік Таварыства беларускай школы; з 1927 віцэ-старшыня Слонімскай акруговай управы ТБШ, з траўня 1929 сябра Галоўнай управы ТБШ. У 1928 быў абраны дэпутатам польскага сэйму па сьпісе бел. арганізацыяў. Адзін з арганізатараў і сябра Галоўнага сакратарыяту клюбу «Змаганьне». Уваходзіў у заходнебел. аргкамітэт па падрыхтоўцы Эўрапейскага сялянскага кангрэсу ў Бэрліне. У жн. 1930 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 10 гадоў турмы. Зь вер. 1932 у выніку абмену палітвязняў у СССР. Працаваў на гаспадарчай рабоце. Арыштаваны НКВД БССР 26.11.1935. Паводле пастановы Асобай нарады НКВД СССР ад 1.4.1937 прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Рэабілітаваны 30.3.1956. Жыў у Слоніме. Аўтар успамінаў.

 

Тв.: Як мы змагаліся за ўдзел у Эўрапейскім сялянскім кангрэсе // У суровыя гады падпольля. – Менск, 1958.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

253.      КРЭНЬ Платон (4.4.1896, фальварак Ярашэва Слонімскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер в. Ярашоўка – 23.9.1962, в. Ярашоўка), паэт, мэмуарыст. Вучыўся ў Келецкай мужчынскай гарадзкой гімназіі (Польшча), Клецкай настаўніцкай школе (скончыў у 1913). У 1915 мабілізаваны ў войска. Накіраваны ў Пецяргофскую школу прапаршчыкаў, якую скончыў у 1916 з афіцэрскім чынам. Служыў у Фінляндыі ў 423-м пяхотным палку. Публікаваў вершы ў газ. «Финляндские известия». Пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Чырвонай арміі. У сьнеж. 1917 накіраваны на Дон. Там захварэў, трапіў у шпіталь. Потым перайшоў у Белую гвардыю генэрала Каледзіна. З войскам адступіў у Крым і эвакуяваўся ў Турцыю. У жн. 1921 вярнуўся ў Зах. Беларусь. Жыў на гаспадарцы ў роднай вёсцы. У 1920-я член БСРГ. Друкаваўся пад псэўданімамі ў віленскіх бел. выданьнях, ладзіў у вёсцы бел. вечарыны і спэктаклі. З прыходам Чырвонай арміі зімой 1939-40 настаўнічаў. Пісаў у абл. газ. «Зьвязда». Звольнены са школы з запісам «Кулак і белагвардзеец». Занесены ў сьпісы на дэпартацыю зь Беларусі. Высылцы перашкодзіў пачатак ІІ сусьв. вайны. Ратаваў савецкіх акружэнцаў. Перад альтэрнатывай вывазу ў Нямеччыну на прымусовыя работы пайшоў працаваць у Баранавіцкую гарадзкую ўправу. Публікаваў фэльетоны ў «Баранавіцкай газэце». Падтрымліваў сувязі з партызанамі. Вясною 1943 па даносе арыштаваны СД. Быў вызвалены дзякуючы сваім фэльетонам, якія спадабаліся начальству. Арыштаваны савецкай бясьпекай у 1945. Асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Пакараньне адбываў ва Унжлагу МУС у Горкаўскай вобл. Пасьля вызваленьня ў 1953 вярнуўся ў Ярашоўку. Хварэў. Пачаў занатоўваць успаміны, выйшаў на магістральную тэму сваёй творчасьці – ГУЛАГ. Пісаў па-беларуску і па-расейску. Частка рукапісных твораў была выкрадзеная з хаты. Літаратурная спадчына 1952-62 выдадзеная пасьмяротна.

 

Тв.: Бывай, Ярашоўка. Успаміны, нарысы, вершы / Уклад. Ірына Крэнь. – Менск, 1999; Грамадзянская вайна // Полымя. 1998. №5; Унжлаг // Полымя. 1999. №7, 8.

 

254.      КУЗЬМЕНКА Міхал (8.11.1915, Гомель – 12.3.1986, Полацк), праваслаўны сьвятар, гісторык царквы, публіцыст. У 1935 скончыў Віленскую духоўную сэмінарыю; спяваў у хоры Р.Шырмы; вучыўся да 1939 на праваслаўным багаслоўскім ф-це Варшаўскага ун-ту. Пасьля паступіў у Віленскую кансэрваторыю і да 1941 пасьпеў скончыць 2 курсы. У 1942 дыякан; у 1943 пасьвечаны ў сьвятары. У гады вайны ў Вільні; сакратар управы Свята-Духава манастыра; выкладчык і інспэктар Віленскай духоўнай сэмінарыі. З 1945 служыў у прыходах Віленскай і Менскай епархій. Арыштаваны ў 1951; асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. Накіраваны ў лягер Інты Комі АССР. 25.5.1956 вызвалены са зьняцьцем судзімасьці. З 1958 да 1970 служыў сьвятаром Барысаглебскай царквы ў Магілёве. Пасьля настаяцель Спаса-Эўфрасінеўскага храма ў Полацку. Кандыдат багаслоўя (1971). Аўтар публікацыяў з гісторыі праваслаўнай царквы. Рэабілітаваны 28.11.1978.

 

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

255.      КУКАБАКА Мiхась (3.12.1936, Бабруйск), праваабаронца, публiцыст. Выхоўваўся ў дзiцячым прытулку, скончыў рамесную вучэльню, накiраваны на працу ў Сiбiр. Пасьля пераяжджаў у розныя рэгiёны СССР. КГБ вызначыў, што ён шукае кантактаў з зах. карэспандэнтамi. 14.4.1970 арыштаваны. Падчас ператрусу знайшлі яго «Адкрыты лiст ангельскаму пiсьменьнiку Айвару Мантэгю» ў абарону Анатоля Кузьняцова, аўтара «Бабяга яру». Гэта быў адказ К. на паклёпнiцкую публiкацыю ангельскага лiтаратара ў газ. «Комсомольская правда». 4.11.1970 Судовая калегiя ў крымiнальных справах Уладзiмiрскага абл. суду накiравала яго на прымусовае псыхiятрычнае лячэньне ў спэцпсыхшпіталь у Сычэўцы Уладзiмiрскай вобл., праз 3 гады пераведзены ва Ўладзiмiрскі псыхіятрычны шпіталь. Вызвалены ў 1976. Жыў у Маскве, потым вярнуўся ў Бабруйск. Там у 1978 напiсаў свой знакамiты нарыс «Скрадзеная Бацькаўшчына», прысьвечаны плянавай русыфiкацыi Беларусi. Запiсаў на магнiтную стужку тэкст гэтага нарыса, а таксама тэкст артыкула «Абарона правоў чалавека i разрадка – непадзельныя». Стужка трапiла на Захад. Тэксты нарысаў зачытваліся радыёстанцыямі «Нямецкая хваля» і «Свабода», перадрукоўваліся эмiгранцкімі выданьнямі. Увосені 1976 i 1977 К. прымусова зьмяшчалi ў Магiлёўскі псыхiятрычны шпіталь з дыягназам «шызафрэнiя i паранаiдальны сындром». У кастр. 1978 арыштаваны, а 20-21.6.1979 у Бабруйску над iм адбыўся суд. Асуджаны на 3 гады лягераў агульнага рэжыму паводле артыкула 186-1 КК БССР. Знаходзiўся ў Наваполацкiм лягеры. У зьняволеньнi абараняў правы вязьняў, пiсаў скаргi ў пракуратуру, праводзiў галадоўкi пратэсту. У 1982 зноў паводле артыкула 186-1 КК БССР прысуджаны да 3-х гадоў лягераў. 7.3.1985 атрымаў чарговы прысуд – 6 гадоў пазбаўленьня волi з высылкай на 4 гады з адбываньнем пакараньня ў папраўча-працоўным лягеры ўзмоцненага рэжыму. У справе падтрымкі К. удзельнічаў акадэмік А.Сахараў. На Захадзе была арганiзаваная грамадзкая кампанiя ў абарону К. – адпаведныя публiкацыi зьявiлiся ў «Нью-Йорк Таймс», iнфармацыю распаўсюджвала радыё «Свабода». Бел. дыяспарай у ЗША быў створаны «Камiтэт вязьняў сумленьня ў Беларусi». 6.12.1988 напярэдаднi вiзыту ў ЗША М.Гарбачова ў «Нью-Йорк Таймс» была апублiкаваная нататка аглядальнiка Разэнталя пад назвай «Падарунак Гарбачова Нью-Йорку» – так было ацэнена вызваленьне апошняга паліт. вязьня зь Пермскага лягеру. У 1989 незалежная псыхiятрычная экспэртыза ў Маскве засьведчыла псыхiчнае здароўе К. Жыве ў Маскве.

 

Тв.: Украденная Родина // Время и Мы (Мюнхен). 1986, №3; КГБ – социальная чума: свидетельствует жертва советского гестапо // Содействие (Вiльня). 1990. №15.

Літ.: Mikhail Kukobaka. Byelorussian Worker, Imprisoned in the Soviet Union for Defending Human Rights // Amnesty International Campaign. London. June 1988; Susan Richards. Encounters in a changing Russia. Epics of Everyday Life. London, 1989. P. 282-286; Oн боролся за нас (судьба М.Кукобаки) // Ратуша (Магiлёў). 1990. №2; Улiцёнак А. Iншадумцы = Мыслящие иначе. – Менск, 1991. С. 223-243; Дзярновіч А. Міхась Кукабака // Дэмакратычная апазыцыя.

 

256.      КУЛЬБАК Масей (13(25).3.1896, мяст. Смаргонь Ашмянскага пав. Віленскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт, празаік, драматург. Вучыўся ў Валожынскім ешыбоце. У сувязі з пачаткам 1-й сусьветнай вайны ў 1914 пераехаў у Менск. Экстэрнам здаў экзамен на званьне народнага настаўніка. Працаваў у школах і гімназіях Смаргоні, Менску, Вільні. Пачаў публікавацца з 1916. Прыхільна сустрэў Кастрычніцкую рэвалюцыю, якой прысьвяціў пафасную паэму «Горад» (1919). У 1919 К. знаходзіўся ў Вільні, трапіў пад польскую ўладу. З 1920 да 1927 жыў у Вільні і Берліне. Вярнуўся ў Менск у 1928. Працаваў у рэспубліканскіх газэтах; у гэбрайскім сэктары БелАН. Член СП Беларусі з 1934. Перакладаў на ідыш творы Я.Коласа і Я.Купалы. Арыштаваны 11.9.1937. У кастр. 1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 15.12.1956.

 

Тв.: Выбр. тв. – Менск, 1970; Зельманцы: Раман. – Менск, 1960.

Літ.: Барскі А. Масей Кульбак – прыгожая і трагічная кветка беларускай зямлі // Ніва (Беласток). 1984. 15 студз.; Хведаровіч М. Шчыры сябра, самабытны пісьменьнік: Да 70-годзьдзя з дня нараджэньня М.Кульбака // ЛіМ. 1966. 22 сак.; Возвращенные имена; БП, т. 3.

 

257.      КУЛЬЧЫЦКІ Стафан (1873 – 1.11.1937, Менск, НКВД), праваслаўны сьвятар, протаіерэй Менскай япархіі, рэлігійны і грамадзкі дзяяч. Скончыў духоўную праваслаўную сэмінарыю. Удзельнік зьезду беларускага праваслаўнага духавенства ў Маскве ў 1917. Прадстаўляў бел. сьвятарства Менскай япархіі на Памесным саборы ў 1917-18. З крас. 1918 як прадстаўнік Камітэту Менскага беларускага прадстаўніцтва ўвайшоў у склад Рады БНР. Працаваў у Камісіі міжнародных справаў БНР. Абраны ў выканаўчы камітэт Менскага беларускага прадстаўніцтва. З 1926 служыў у Петрапаўлаўскай (Кацярынінскай) царкве ў Менску. Удзельнік зьезду прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства і вернікаў Менскай япархіі 9-10.7.1927. Адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У 1930-я служыў у царкве сьв. Марыі Магдалены ў Менску. 28.7.1937 арыштаваны НКВД. Расстраляны.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии (1918-1951) / Составил священник Федор Кривонос. Киевиц, 1996; Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны: Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. – Менск, 2001.

 

258.      КУЛЯШОЎ Фёдар (5(18).6.1913, в. Вялікія Стралкі Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. – 29.12.1993, Менск), літаратуразнавец, крытык, журналіст, пэдагог. У 1925-30 выхоўваўся ў дзіцячых дамах у Бабруйску і в. Пірэвічы. Пасьля сканчэньня ў 1931 СШ працаваў уласным карэспандэнтам газ. «Савецкая Беларусь» у Рагачоўскім р-не, адначасова ў рагачоўскай газ. «Камунар». У 1933 паступіў у Ленінградзкі пэдагагічны інстытут, які скончыў у 1935. З восені 1935 выкладаў расейскую мову і літаратуру ў Кіраўску. Паводле некаторых зьвестак арыштоўваўся ў 1935. Зноў быў арыштаваны 26.4.1938, асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня; быў у Варкутлагу. Вызвалены 26.4.1943, высланы ў Міяс Чалябінскай вобл., дзе працаваў настаўнікам. У 1944-51 выкладаў у ВНУ Чалябінска, Кустаная, Кзыл-Арды. Літаратурна-крытычныя артыкулы публікаваў з 1946. У 1949 абараніў кандыдацкую дысэртацыю. З 1951 у Менску, дзе да 1955 працаваў у БДУ і адначасова ў Інстытуце літаратуры АН БССР. Член СП Беларусі з 1955. З 1955 да 1961 выкладаў у Паўднёва-Сахалінскім пэдінстытуце; рэдагаваў «Ученые записки» інстытуту. Са жн. 1961 зноў у Менску; працаваў у БДУ. Доктар філялягічных навук (1964), прафэсар (1965). У 1966-69 загадваў катэдрай расейскай клясычнай літаратуры. З 1985 на пэнсіі. Дасьледаваў гісторыю расейскай літаратуры ХІХ – пачатку ХХ ст., сучасную бел. літаратуру.

 

Тв.: Жизнь и творчество Льва Николаевича Толстого. – Менск, 1953; Антон Павлович Чехов. – Южно-Сахалинск, 1959; Міхась Лынькоў. – Менск, 1961; Міхась Лынькоў: Сэмінар. – Менск, 1963; Эцюды аб прозе. – Менск, 1964; Іван Мележ. – Менск, 1968; Літаратурныя партрэты: Літаратурна-крытычныя нарысы. – Менск, 1983; Творческий путь А.И.Куприна: 1883-1907. – Менск, 1983; Творческий путь А.И.Куприна: 1907-1938. – Менск, 1987; У дарозе: Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Менск, 1988.

Літ.: Супрун А. Федор Иванович Кулешов // Веснік БДУ. Сэрыя 4. 1983. №1; БП, т. 3.

 

259.      КУНІЦКІ Сымон (28.2.1902, в. Гарані Менскага пав. – 14.10.1940, Калыма), крытык, літаратуразнавец. У 1925-28 вучыўся на рабфаку БДУ. Першае апавяданьне надрукаваў у 1928 (газ. «Чырвоная зьмена»). У 1929 выйшаў яго першы крытычны артыкул. У 1931 скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. У 1931 залічаны як крытык у БелАПП ад Менскай філіі. У 1932-36 працаваў вучоным сакратаром Інстытуту мовы, літаратуры і мастацтва АН БССР. Арыштаваны 27.11.1936. 1.10.1937 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны 18.12.1954.

 

Літ.: Скрыган Я. На вячэры // Скрыган Я. Ранішнія росы. – Менск, 1965; Яго ж. Незабыўныя рысы друга // ЛіМ. 1962. 11 сьнеж.; Возвращенные имена; БП, т. 3.

 

260.      КУПЦЭВІЧ Фэлікс (21.10.1900, Горадня – 31.3.1938, Мінусінск, ГУЛАГ), крытык, празаік, паэт, перакладчык. Падчас 1-й сусьветнай вайны быў у бежанстве ў Калузе і Петраградзе. У 1918 вярнуўся ў Горадню. У 1920 разам з Чырвонай арміяй пакінуў Горадню. З 1924 працаваў у статыстычным аддзеле ЦК КП(б)Б. У 1925 сакратар Крычаўскага райкаму КП(б)Б; загадчык аддзелу прапаганды Калінінскага акругкаму КП(б)Б (цэнтар – Клімавічы). Друкавацца пачаў у 1920. У 1926 публікаваў апавяданьні ў час. «Маладняк Калініншчыны». Дасьледаваў творчасьць Ц.Гартнага, А.Дудара, М.Зарэцкага, К.Чорнага. У 1926 накіраваны на працу ў Латвію. Пасьля вяртаньня ў 1927 нам. рэдактара газ. «Зьвязда». З 1929 вучыўся на літаратурным аддзяленьні Інстытуту чырвонай прафэсуры ў Маскве. З абвінавачаньнем у бел. нацыянал-дэмакратызме ў 1930 выключаны з інстытуту. Арыштаваны ГПУ БССР 29.8.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; вызвалены 4.10.1930. Працаваў у Маскве на заводзе. Арыштаваны 9.4.1933 у справе «Беларускай народнай грамады». Асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня; накіраваны ў Мінусінскі лягер. Арыштаваны ў лягеры 23.11.1937; прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Аб маністычным разуменьні творчасьці Цішкі Гартнага // Узвышша. 1928. №6; Літаратурная хлестакоўшчына... // Тамсама. 1929. №1; Супраць эклектызму // Тамсама. 1929. №3; Пра «Верасьнёвыя ночы» К.Чорнага // Тамсама. 1929. №5; Белорусская художественная периодика // Печать и революция. 1929. №11.

Літ.: Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20-30-я гады. – Менск, 1975; Міхнюк У. «Забраны ў астрог мы з забранага краю» // Полымя. 1999. №5; БП, т. 6; ЭГБ, т. 4.

 

261.      КУРДЗІН Зьміцер (1(13).10.1899, в. Дзьмітрычукі Каменскага пав. Пензенскай губ., Расея – 12.12.1937, Віцебск, НКВД), драматург, паэт. Вучыўся ў Саратаўскім вэтэрынарным інстытуце, які скончыў у 1925. Накіраваны ў Беларусь. Служыў вайсковым вэтлекарам у Менску, потым у Віцебску. Выкладаў у Віцебскім вэтінстытуце. Літаратурную дзейнасьць пачаў як паэт, выступаў зь вершамі ў друку з 1925. Пісаў на расейскай і бел. мовах. Літаратурную вядомасьць К. прынесла п‘еса «Міжбур‘е», якая ўпершыню была пастаўлена Е.Міровічам у 1929 (БДТ-1). П‘есу з посьпехам ставілі тэатры Масквы, Ленінграда, Баку, Смаленска, Ульянаўска, Саратава і інш. У 1932 была пастаўлена яго п‘еса «Контратака», у 1934 – «Чалавек вырашае» (БДТ-2). Аўтар п‘ес «Азеляненьне цэха» (1935) і «Алюр. Тры крыжы». Арыштаваны 12.8.1937; расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: У бліндажы: Апавяданьне // ЛіМ. 1934. 6 крас.; Міжбур‘е: П‘еса. Другі акт // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатру і драматургіі. Т. 2. – Менск, 1975.

Літ.: Хомчанка В. І сьніўся яму белы конь… // ЛіМ. 1986. 14 лістап.; БП, т. 3.

 

262.      КУЧЫНСКІ Аляксей (4(16)2.1892, в. Выдранка Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н – 29.10.1937, Менск, НКВД), дзяржаўны і грамадзкі дзяяч, пэдагог, рэдактар. Скончыў гарадзкую вучэльню, здаў экстэрнам экзамэны на званьне сельскага настаўніка. З 1909 працаваў у школах Рагачоўскага пав. У 1916 скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут. Мабілізаваны ў армію. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў. Са сьнеж. 1917 у Мсьціслаўскім пав.; працаваў у дзяржаўных і партыйных ворганах. Рэдактар газ. «Думы бедняка». З 1922 у Смаленску; працаваў у губкаме РКП(б); у рэдакцыі газ. «Рабочий путь», быў рэдактарам газ. «Смоленская деревня». З траўня 1929 у Беларусі, в.а. рэдактара газ. «Рабочий», з 1930 нам. рэдактара газ. «Савецкая Беларусь». Выконваў абавязкі рэктара БДУ. Арыштаваны 7.2.1937. Выязной сэсіяй Вайсковай калегіі Вярхоўнага суду СССР 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 4.7.1957.

 

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

263.      КУШАЛЬ Францішак (16.2.1895, в. Пяршаі Менскага пав., цяпер Валожынскі р-н – 25.5.1968, ЗША), вайсковы і паліт. дзяяч, публіцыст. Муж паэтэсы Н.Арсеньневай. У 1916 скончыў Віленскую пяхотную вучэльню; накіраваны на Зах. фронт; штабс-капітан. У 1919 арыштоўваўся польскімі ўладамі за бел. дзейнасьць, у тым ліку за распаўсюджаньне літаратуры. У 1919-21 уваходзіў у Беларускую вайсковую камісію. З 1922 на службе ў польскім войску. З пачаткам 2-й сусьветнай вайны ўдзельнічаў у абарончых баях супраць нямецкіх войскаў у раёне Львова; камандзір баталёну. 22.9.1939 інтэрнаваны ў СССР. Са сьнеж. 1941 начальнік падафіцэрскай школы паліцыі ў Менску. Зь ліп. 1942 у Беларускім корпусе самааховы; галоўны вайсковы рэфэрэнт. Са сьнеж. 1943 уведзены ў склад БЦР; начальнік аддзелу вайсковых справаў. З сак. 1944 шэф галоўнага камандаваньня Беларускай краёвай абароны. Удзельнічаў у выданьні час. «Беларус на варце». З 1944 у Нямеччыне. У 1947 заснаваў Аб‘яднаньне беларускіх вэтэранаў. Потым пераехаў у ЗША. У 1952-54 узначальваў Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне; удзельнічаў у выданьні газ. «Беларус». Адзін з заснавальнікаў газ. «Бацькаўшчына». Выступаў у друку з публіцыстычнымі матэрыяламі; аўтар успамінаў пра дзеячоў бел. культуры.

 

Тв.: Спробы стварэньня беларускага войска. – Менск, 1999; Сорак два гады таму: (Жменя ўспамінаў аб Алесю Гаруну) // На суд гісторыі: Успаміны, дыялёгі. – Менск, 1994.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

264.      ЛАГОДЗIЧ Мiкалай (6.12.1928, в. Радаўня Палескага ваяв., цяпер Іванаўскі р-н), праваабаронца, палiт. вязень, публіцыст. У 1956 пасялiўся ў Пiнску. Працаваў на Пiнскiм фанэрным заводзе, адначасова завочна вучыўся ў тэхнiкуме. Тады Л. яшчэ верыў у магчымасьць зьменаў у СССР праз адкрытую дыскусiю, праз публiкацыi ў савецкай прэсе. На пачатку 1960-х накiроўвае свае артыкулы ў маскоўскiя газ. «Известия» i «Правда». Яшчэ адзiн рукапiсны тэкст выслаў у менскi карпункт газ. «Правда» з подпісам «Пiнчук Палескі». КГБ пачынае шукаць аўтара. 29.1.1963 па дарозе з працы Л. быў арыштаваны i дастаўлены ў Берасьцейскi аддзел КГБ. 11.4.1963 Берасьцейскiм абл. судом асуджаны паводле арт. 67 КК БССР («антысавецкая агiтацыя i прапаганда») на тры гады пазбаўленьня волi. Тэрмiн адбываў у Мардоўскiх лягерах. Пасьля вызваленьня пастаянна меў праблемы з працаўладкаваньнем. Яго прыватная перапiска доўгi час была пад наглядам. Рэабiлiтаваны ў 1992. Жыве ў Пінску. Бярэ актыўны ўдзел у дэмакратычным руху – быў старшынём Беларускага дэмакратычнага аб‘яднаньня «Вэтэран».

 

Тв.: Мае ўспамiны // Маю права! (Бюлетэнь Пiнскага рэгiянальнага аддзяленьня Беларускага Хельсiнкскага камiтэта). 1998, №3.

Літ.: Сьнiтко Т. Мікалай Лагодзіч // Дэмакратычная апазыцыя.

 

265.      ЛАЗІНСКІ Зыгмунд (5.6.1870, в. Барацін каля Наваградка – 26.3.1932, Пінск), рыма-каталіцкі сьвятар, біскуп Менскі і Пінскі, грамадзкі і культурны дзяяч. Паходзіў з польскай сям‘і. Вучыўся ў гімназіях Варшавы і Пецярбургу. З 1889 – клерык Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі (Пецярбург), потым – студэнт Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу. Пасьвечаны ў сьвятары 23.6.1895. Працаваў выкладчыкам Сьвятога Пісьма і гамілетыкі ў духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу. У 1898 з-за канфлікту з расейскімі ўладамі звольнены з працы і ў якасьці пакараньня адпраўлены ў Аглонскі кляштар у Латвіі. У чэрв. 1900 прызначаны вікарыем у Смаленск. На працягу 1901-02 выконваў сьвятарскія абавязкі ў Туле і Рызе. Потым быў пробашчам менскай Кальварыі і Менскага катэдральнага касьцёла. З 1908 прафэсар Сьвятога Пісаньня ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу; адначасова выкладаў у мясцовай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. У гады 1-й сусьветнай вайны служыў капэлянам у лягерах для нямецкіх і аўстра-вугорскіх ваеннапалонных. 12.11.1917 прызначаны біскупам адноўленай Менскай дыяцэзіі, заняў катэдру 14.8.1918. Браў удзел у беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцьця беларусаў-католікаў. Адзін з арганізатараў бел. каталіцкай сэмінарыі ў Менску (1918). Падтрымліваў дзейнасьць Хрысьціянскай дэмакратычнай злучнасьці. Арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі; утрымліваўся ў Смаленску і Маскве. Вызвалены ў выніку абмену на ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Вярнуўся ў Менск. Перад наступам Чырвонай арміі ўлетку 1920 выехаў у Наваградак. Пазьней пераехаў у Пінск. 2.12.1925 прызначаны біскупам Пінскай дыяцэзіі. Супрацоўнічаў з рэлігійнымі час. «Miesiecznik Diecezji Pinskiej» (1925-26), «Pinski Przeglad Diecezjalny» (1927-32). Пахаваны ў крыпце Пінскага катэдральнага касьцёла.

 

Тв.: Chrzescjanska milosc Ojczyzny i praca narodow. – Gniezno, 1918; Rozwazania majowe dla duchowienstwa. – Pinsk, 1927; Pedagogika w pierwszych rozdzialach Pisma Swietego. – Pinsk, 1929.

Літ.: PSB XVIII; Гарбінскі БРД; Stankiewicz A. Rodnaja mowa u swiatyniach. – Wilnia, 1929; Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. – Vilnia, 1939; Рэлігія і царква на Беларусі. – Менск, 2001.

 

266.      ЛАСТОЎСКІ Вацлаў (27.10(8.11).1883, засьценак Калесьнікі Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Глыбоцкі р-н – 23.1.1938, Саратаў, НКВД), пісьменьнік, грамадзкі і паліт. дзяяч, гісторык, філёляг, літаратуразнавец. У 1902 уступіў у Польскую сацыялістычную партыю ў Літве. У 1904-05 слухаў лекцыі ў Пецярбурскім ун-це. З 1906 у Рызе, дзе далучыўся да мясцовага бел. руху. У 1906-08 член БСГ. З сак. 1909 у Вільні. У 1909-14 сакратар газ. «Наша Ніва». Рэдагаваў газ. «Гоман» (1916-17). У часе 1-й сусьветнай вайны заставаўся ў Вільні; кіраваў «Беларускай кнігарняй» і Беларускім выдавецкім таварыствам. У сак. 1918 кааптаваны ў Раду БНР. У ліст. 1918 увайшоў у склад Літоўскай Тарыбы. У сьнеж. 1919 узначаліў Кабінэт міністраў Народнай рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі 17.12.1919; вызвалены ў лют. 1920; пераехаў у Рыгу, потым у Коўна. Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху. 20.4.1923 падаў у адстаўку з пасады прэм‘ер-міністра БНР. У 1923-27 выдаваў час. «Крывіч». Пасьля паліт. перавароту ў Літве (17.12.1926) у крас. 1927 пераехаў у БССР. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэя, загадчыкам катэдры этнаграфіі пры Інбелкульце. З 1928 акадэмік БелАН. Быў неадменным сакратаром Інбелкульту. Вызвалены ад гэтай пасады 20.11.1929. 21.7.1930 арыштаваны ГПУ БССР у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 6.12.1930 пазбаўлены званьня акадэміка. Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Саратаў. Паўторна арыштаваны 20.8.1937. 23.1.1938 прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10.6.1988; па другім – 16.9.1958. Адноўлены ў званьні акадэміка АНБ у 1990.

 

Тв.: Кароткая гісторыя Беларусі. – Вільня, 1910 (факсым. выд.: Менск, 1992); Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі: (Спроба паясьніцельнай кнігапісі ад канца Х да пачатку ХІХ стагодзьдзя). – Коўна, 1926; Творы. – Мюнхен, 1956; Выбр. тв. – Менск, 1997.

Літ.: Сидоревич А. Экскурс в историю, необходимый для восстановления правды об одном человеке – писателе и ученом // Нёман. 1988, №9; Міхнюк У. Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць. 1993, №8-9; Ількевіч М. За чатыры месяцы да расстрэлу: Аб адной архіўнай знаходцы // Пагоня. 1994. 27 жн. – 2 вер.; Кісялёў Г. Власт: Першае набліжэньне // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. – Менск, 1994; Янушкевіч Я. Неадменны сакратар Адраджэньня: Вацлаў Ластоўскі. – Менск, 1995; БП, т. 4; ЭГБ, т. 4.

 

267.      ЛАЎСКІ Вячаслаў (15(27).11.1900, в. Слачва Наваградзкага пав. Менскай губ. – 25.9.1951, Інта, Комі АССР, ГУЛАГ), грамадзкі дзяяч, пэдагог, публіцыст. У 1916 быў у бежанстве на Бабруйшчыне. Зь вясны 1919 браў удзел у арганізацыі на Ігуменшчыне бел. школ. У 1920-22 вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі, потым у Праскім політэхнічным інстытуце, які скончыў у 1929. Падчас вучобы ў Празе быў адным з кіраўнікоў студэнцкай філіі Беларускага сялянскага саюзу і сэкцыі БСРГ, сакратаром скаўцкай арганізацыі «Сокал». Адзін з заснавальнікаў у жн. 1924 Аб‘яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў (АБСА). Публікаваў артыкулы аб праблемах бел. студэнцкага руху. У час. «Новы шлях», «Студэнцкая думка» надрукаваў шэраг апавяданьняў. Пасьля вяртаньня ў Зах. Беларусь у 1930-34 выкладаў у Наваградзкай беларускай гімназіі. З 1939 начальнік Лідзкага дарожнага аддзелу. Падчас 2-й сусьветнай вайны супрацоўнічаў зь нямецкімі ўладамі. У 1942-44 быў членам Лідзкага Беларускага нацыянальнага камітэту. Арыштаваны органамі НКГБ у 1945. Памёр у зьняволеньні.

 

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

268.      ЛЕАНІДАЎ Васіль (сапр.: Багамольцаў; 1912? – 1937?, Менск?, НКВД), паэт. Вучыўся ў МВПІ. Друкавацца пачаў у 1932; яго вершы зьяўляліся на старонках час. «Полымя рэвалюцыі», «Беларусь калгасная», «Чырвоная Беларусь», газ. «Зьвязда», «Літаратура і мастацтва», у альманахах «Аднагодкі», «Заклік», «Ударнікі». Арыштаваны ў канцы 1937. Абставіны сьмерці невядомыя.

 

Тв.: У гарах Гвадарамы: (Верш) // Зьвязда. 1937, 6 кастр.; Кніга, якая выкрывае твар фашызму // ЛіМ. 1937, 1 траўня.

 

269.      ЛЕБЯДА Тодар (сапр.: Шырокаў або Шыракоў Пётра Фёдаравіч; 6.1.1914, Віцебск – 1970, Разанская вобл.), драматург, паэт, празаік. Скончыў Віцебскую сямігадовую школу і чыгуначную рамесную вучэльню. У 1933 паступіў у МВПІ. Пісаў нарысы і вершы, якія зьмяшчаў у газ. «Віцебскі рабочы», «Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі». Арыштаваны 31.10.1936 разам з А.Дударом. Асуджаны на 5 гадоў зьняволеньня; накіраваны ва Ухтпечлаг. У 1940 пасьля хадайніцтва жонкі прывезены ў Менск для перагляду справы. Зь Менску адпраўлены ў Чэрвень. Тут Л. застала вайна. У часе акупацыі жыў зь сям‘ёй у Віцебску; у 1943-44 рэдактар газ. «Беларускае слова». У гэтыя гады і напісаў асноўныя творы, у тым ліку п‘есу «Загубленае жыцьцё» – першы антысавецкі твор у бел. драматургіі (пастаўлена ў 1943 В.Селях-Качанскім). У 1944 апублікаваў паэтычны зборнік «Песьні выгнаньня». Выехаў на Захад у 1944. У канцы 1945 вярнуўся на Радзіму. У траўні 1947 паўторна арыштаваны. Асуджаны вайсковым трыбуналам войскаў МУС Менскай вобл. на 25 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у сібірскіх канцлягерах. У Беларусь вярнуўся ў 1960. Жыў у Слоніме, працаваў рэзчыкам паперы на кардоннай фабрыцы «Альбярцін». Напісаў п‘есу ў трох актах «У нас, на Гарадзеншчыне». У студз. 1962 пераехаў у Чэрвень, працаваў у раённай газэце. У канцы 1962 выехаў зь Беларусі. Хварэў на сэрца, перанёс два інфаркты. Пахаваны ў пасёлку Воршава Пуцяцінскага р-ну Разанскай вобл. Рэабілітаваны 12.7.1989.

 

Тв.: Песьні выгнаньня. – Менск, 1944 (факсым. выд.: Менск, 1991); Загубленае жыцьцё: Драма ў 3 дзеях. – Монтрэаль, 1952; Загубленае жыцьцё: Драма ў 3 дзеях // Тэатральная Беларусь. 1995, №2.

Літ.: Адамовіч І. «Мне лёсам вызначаны гэтакі прымус…» // Голас Радзімы. 1994, 24 лют.; Чыгрын С. Трагічны лёс Тодара Лебяды // Тэатральная Беларусь. 1995, №2; Маракоў Л. «Успомніш Беларусь, і кроў у жылах стыне…» // ЛіМ. 1999, 14 траўня.

 

270.      ЛЕВІН Саламон (жн. 1912, пас. Ратамка Менскага пав. – 29.10.1937, Менск, НКВД), крытык. Паводле некаторых зьвестак вучобу ў МВПІ (1931-34) сумяшчаў з працай на кніжнай базе, дзе нейкі час працаваў разам з П.Пруднікавым, якога ён туды і ўладкаваў. Блізкі сябар літаратурнага крытыка П.Хатулёва. На момант арышту (13.11.1936) выкладаў літаратуру ў СШ. 28.10.1937 асуджаны на расстрэл. Рэабілітаваны 29.11.1989.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

271.      ЛЕНСКІ Юльян (сапр.: Ляшчынскі; 8.1.1889, Плоцк, Польшча – 20.8.1939, НКВД), паліт. дзяяч, публіцыст. Удзельнік сацыял-дэмакратычнага руху, з 1905 член СДКПіЛ. У 1909-12 вывучаў філязофію ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Зняволены ў 1914-15. Удзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі. Камісар у польскіх справах у Наркамнацы РСФСР. Са сьнеж. 1918 у Менску, адзін з арганізатараў і рэдактараў газ. «Mlot». У 1919 народны камісар асьветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920 член Польскага бюро пры ЦК РКП(б). Удзельнічаў як экспэрт у савецка-польскіх перамовах у Рызе (1920). З 1925 член ЦК і Палітбюро ЦК КПП. У 1929-37 генэральны сакратар КПП. Арыштаваны НКВД у 1937; расстраляны. Рэабілітаваны ў 1955. Пасьмяротна выдадзены зборнік яго публіцыстыкі.

 

Тв.: O front ludowy w Polsce 1934–1937. – Warszawa, 1956.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

272.      ЛЕНЦНЭР Навум (1902 – 1936), рэдактар, журналіст. У 1926 скончыў Інстытут чырвонай прафэсуры. Быў асабістым сакратаром Л.Троцкага. Адзін з рэдактараў і аўтар камэнтароў да 3-га тому Поўнага збору твораў Л.Троцкага. З 1932 у Беларусі. Сакратар Сеньненскага райкаму КП(б)Б. Сваёй гаспадарчай дзейнасьці прысьвяціў брашуру «Из отстающих в передовые». Быў прызначаны рэдактарам газ. «Рабочий» і «Зьвязда». Спрабуючы пазьбегнуць рэпрэсіяў, з дапамогай М.Гікалы накіраваны ў Днепрапятроўскую вобл. Арыштаваны ў 1936, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

273.      ЛЕЎШЧАНКА Леанід (Леўчанка; 4.8.1882 – 1954), публіцыст, літаратуразнавец. Уваходзіў у актыў бел. дыяспары ў Кіеве. Уклаў і ў 1919 выдаў у Кіеве анталёгію «Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства» (пад псэўданімам). Аналізаваў тэндэнцыі ў бел. літаратуры ў рэвалюцыйны пэрыяд – артыкул «Адбіткі клясавага змаганьня ў беларускім пісьменстве» (час. «Школа и культура Советской Белоруссии». 1919, №2-3). Улетку 1919 загадчык Літаратурна-выдавецкага аддзелу Наркамату асьветы Літоўска-Беларускай ССР (у той час знаходзіўся ў Бабруйску). Звольнены з пэдінстытуту і арыштаваны ў 1936 (?). Пасьля вызваленьня працаваў на вёсцы ў школе.

 

Літ.: Карский Е. Белорусы. – Т. 3, вып. 3. С. 152; Скалабан В. Леўшчанка Леанід // Янка Купала: Энцыкл. даведнік. – Менск, 1986. С. 338.

 

274.      ЛЕЦКА Раман (1912?, хутар Вярбіца Наваградзкага пав. Менскай губ. – 1993, Наваградак), самадзейны мастак, краязнавец, калекцыянэр. У 1920-х вучыўся ў Наваградзкай беларускай гімназіі. Скончыўшы дарожныя курсы, працаваў пры гарадзкой управе майстрам на пабудове дарог. Вязень ГУЛАГу. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Наваградак. Зь юнацкіх гадоў зьбіраў этнаграфічныя і краязнаўчыя матэрыялы, найперш па Наваградчыне, меў багатую калекцыю бел. віленскіх выданьняў.

 

Літ.: Чэмер А. (Анішчык А.). Наваградзкая беларуская гімназія. – Вільня, 1997.

 

275.      ЛЁСІК Язэп (6(18).11.1883, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н – 1.4.1940, Саратаў, НКВД), празаік, публіцыст, мовазнавец, літаратуразнавец, паліт. дзяяч, пэдагог. Вучыўся ў Маладачанскай настаўніцкай сэмінарыі (1898-99), скончыў Ноўгарад-Северскую гарадзкую вучэльню (1902). З 1903 настаўнічаў у мяст. Грамяч Ноўгарад-Северскага пав. Чарнігаўскай губ. За ўдзел у рэвалюцыйных выступах 1905 арыштаваны; зьняволены ў Ноўгарад-Северскую турму. У 1907 прывезены на суд у Старадуб; уцёк зь мясцовай турмы. Хаваўся ў Стоўбцах, Пецярбургу, пад Луганскам. Зноў арыштаваны ў 1911 у Ноўгарад-Северскім; прысуджаны да бестэрміновага пасяленьня ў Сібіры. Адпраўлены ў Кірэнск, потым у Бадайба Іркуцкай губ., дзе пасябраваў з А.Гаруном. Са ссылкі вярнуўся пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917. У 1917-18 рэдагаваў газ. «Вольная Беларусь». Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня БНР. У 1919 старшыня Найвышэйшай Рады БНР. Чарговая хваля рэпрэсіяў напаткала Л. у 1922, пасьля выхаду яго «Практычнай граматыкі беларускай мовы». У газ. «Зьвязда» падручнік быў названы контррэвалюцыйным, а ў пачатку ліст. 1922 Л. быў арыштаваны. Пасьля ўмяшаньня тагачаснага наркама асьветы У.Ігнатоўскага ў сьнеж. 1922 быў вызвалены. З 1928 акадэмік АН Беларусі. Зноў арыштаваны ГПУ БССР 17.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 6.12.1930 пастановай СНК БССР пазбаўлены званьня акадэміка. Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Саратаўскую вобл. Жыў у Камышыне і Нікалаеўску, дзе выкладаў у пэдтэхнікуме. У ліст. 1934 атрымаў амністыю ВЦВК бяз права вяртаньня ў Менск. У 1935 пераехаў зь сям‘ёй на Браншчыну; восеньню 1937 пасяліўся ў Саратаўскай вобл. Арыштаваны 25.6.1938 у справе «Контррэвалюцыйнай арганізацыі палітссыльных у Саратаве». 31.3.1940 Асобай нарадай прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Памёр ад сухотаў у Саратаўскай турме. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10.6.1988; па другім – 8.10.1958. Адноўлены ў званьні акадэміка ў 1990.

 

Тв.: Аўтаномія Беларусі. – Менск, 1917 (2 выд.: Менск, 1990); Практычная граматыка беларускай мовы: Курс першы. – Менск, 1921; Беларуская мова: Правапіс. – Менск, 1924; Да рэформы беларускага правапісу. – Менск, 1926 (суаўт. А.Лёсік); Творы: Апавяданьні, казкі, артыкулы. – Менск, 1994.

Літ.: Нацдэмы; Багдановіч І., Жынкін А. «Гэтага слаўнага пісьменьніка чакаець яшчэ слаўнейшая будучыня» // За передовую науку. 1990, 4 траўня; Возвращенные имена; БП, т. 4; ЭГБ, т. 4.

 

276.      ЛІБМАН Ганна (1908 – ?), гісторык. Вучылася ў БДУ. У 1932 скончыла асьпірантуру БелАН. З 1934 – старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі БелАН. Пастановай Асобай нарады пры НКВД СССР ад 15.8.1936 прысуджаная да пазбаўленьня волі. Адпраўленая ў Комі АССР. Рашэньнем Вярхоўнага суду Комі АССР ад 7-10.7.1942 асуджаная на 10 гадоў зьняволеньня. Далейшы лёс невядомы. Па першым прысудзе рэабілітаваная 9.6.1956, па другім – 21.1.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

277.      ЛІСОЎСКІ Адам (6(18).1.1884, в. Каранды Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 9.10.1929, Варшава), рыма-каталіцкі сьвятар, перакладчык. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую сэмінарыю, Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію ў Пецярбургу (1906). Пасьвечаны ў сьвятары ў 1907. Вучыўся ў Інсбруку (Аўстрыя, 1908-09), Мюнхене (1909-10). Быў сьвятаром у парафіях Беларусі і Расеі. Спрыяў увядзеньню бел. мовы ў жыцьцё касьцёла. Да зьезду бел. ксяндзоў у Менску ў 1917 падрыхтаваў рэфэрат «Беларускі рух і яго адносіны да жыцьця касьцельнага, а таксама да акцыі каталіцкай у Беларусі». З 1917 служыў у касьцёлах Меншчыны. У 1922 узначаліў Менскі дэканат. Выступіў супраць канфіскацыі касьцёльнай маёмасьці. Арыштаваны ГПУ 31.5.1922; прысуджаны да сьмяротнага пакараньня, замененага на 5 гадоў зьняволеньня. Быў у зьняволеньні ў турмах Менску, Масквы («Бутырка»), Яраслаўля. 28.4.1924 у выніку абмену палітвязьняў перададзены польскім уладам. Канонік Пінскага капітула. Пераклаў на бел. мову кнігі Новага Запавету. Пахаваны ў Кляшчэлях Бельскага пав. (Польшча).

 

Літ.: Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Гарбінскі БРД.

 

278.      ЛІСТАПАД Юры (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага пав. Менскай губ. – 5.7.1938, Бамлаг), паліт. дзяяч, публіцыст. У 1914 скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў на Случчыне і ў Слуцку. Член Беларускай Рады Случчыны; удзельнік Слуцкага збройнага чыну 1920. Выехаў у Польшчу. У 1922 вярнуўся ў Слуцак. Настаўнічаў, выкладаў на Слуцкіх агульнаадукацыйных курсах. У сярэдзіне 1920-х працаваў стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 22.10.1925; у сак. 1926 асуджаны на 5 гадоў турэмнага зьняволеньня. Вызвалены ў ліст. 1927. Зноў арыштаваны летам 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; вызвалены празь некалькі месяцаў. У ліп. 1933 перасяліўся ў Ржэў. У кастр. 1933 арыштаваны у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру»; у студз. 1934 асуджаны на 8 гадоў зьняволеньня. Адпраўлены ў Бамлаг; паводзіў сябе там непакорліва. У жн. 1935 на яго была заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прысуджаны да расстрэлу. Па прысудах 1934 і 1938 рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Слуцкае вясельле // Беларусь. 1920, №108-110; Узьбіліся на свой шлях // Наша думка (Вільня). 1921, №9-10.

Літ.: Скаруліс С. Лістападаўская справа і Якуб Колас // Полымя. 1992, №11; Яго ж. Працяг трагедыі // Полымя. 1994, №3; Скідан В. Рэабілітаваны пасьмяротна // Настаўніцкая газэта. 1993, 24 сак.; ЭГБ, т. 4.

 

279.      ЛІХАДЗІЕЎСКІ Сьцяпан (26.4(9.5).1911, в. Баслаўцы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер в. Барок Слуцкага р-ну – 13.2.1979, Ташкент), паэт, перакладчык, крытык, літаратуразнавец. Падчас вучобы ў Грозаўскай сямігодцы пачаў дасылаць допісы ў час. «Малады араты». У 1926-30 вучыўся ў Менскім Белпэдтэхнікуме; у 1930-31 у БДУ; у 1931-33 у МВПІ. У 1928 уступіў у літаб‘яднаньне «Маладняк»; потым стаў членам БелАПП. Як малады літаратар атрымліваў пэрсанальную стыпэндыю ад Наркамасьветы. У 1931-32 апублікаваў чатыры паэтычныя зборнікі. Арыштаваны 23.2.1933; 10.8.1933 асуджаны на 3 гады высылкі ў Казахстан. У 1933-37 настаўнічаў там у школах Сары-Ачагскага р-ну. Працягваў пісаць вершы. У 1937 залічаны на 3 курс літаратурнага ф-ту Ташкенцкага пэдінстытуту. У 1939 скончыў Томскі пэдінстытут; паступіў у асьпірантуру Ташкенцкага пэдінстытуту. Член СП Узбекістану з 1948. Доктар філялягічных навук (1967), прафэсар (1968). Рэдагаваў кнігі ўзбэцкіх паэтаў. Уваходзіў у рэдкалегію час. «Звезда Востока». Пісаў на бел., расейскай, узбэцкай мовах. Падрыхтаваў да выданьня ў Менску некалькі паэтычных зборнікаў. Перакладаў на бел. мову творы ўзбэцкіх, францускіх, нямецкіх пісьменьнікаў.

 

Тв.: Берасьцянка жывых трывог: Выбраныя вершы і пераклады. – Менск, 1962; Анатоль Франс: Очерк творчества. – Ташкент, 1962; Поиски сердолика: Стихи; Переводы. – Ташкент, 1973; Чырвоныя макі: Вершы. – Менск, 1981.

Літ.: Мірачыцкі Л. Любоў да жыцьця: Пра паэзію Сьцяпана Ліхадзіеўскага // Звязда. 1974, 7 сьнеж.; Шушкевіч С. Паэт, вучоны, пэдагог // Голас Радзімы. 1971, №39; БП, т. 4.

 

280.      ЛОЙКА Міхал (1(14).11.1892, мяст. Ярэмічы Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Карэліцкі р-н – 28.9.1937, Менск, НКВД), эканаміст, географ, матэматык. Скончыў у 1912 Пецярбурскія агульнаадукацыйныя курсы А.Чарняева. З 1921 у Маскве загадчык Бюро беларускай сэкцыі Наркамасьветы РСФСР. З 1924 вучыўся ў Маскоўскім інстытуце народнай гаспадаркі. Разам з Г.Гарэцкім апісаў эканамічны профіль маскоўскага рэгіёну. У 1931-33 вучоны сакратар, нам. дырэктара Інстытуту эканомікі БелАН; адначасова ў 1932-33 загадчык катэдры эканамічнай геаграфіі МВПІ. Аўтар навуковых прац і падручнікаў па фізычнай і эканамічнай геаграфіі, эканамічным раянаваньні БССР, матэматыцы. Займаўся папулярызацыяй навукі. У 1935 абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме; выключаны з партыі; арыштаваны 3.12.1936. Прысуджаны пазасудовым ворганам да расстрэлу 22.9.1937. Рэабілітаваны ў 1957 і 1990.

 

Тв.: Беларуская ССР у задачах: Рабочая кніга па матэматыцы. – Менск, 1927; Наш калгас: Рабочая кніга па матэматыцы. Ч. 1. – Менск, 1930; Геаграфія (фізычная і паліт. карта сьвету). Вып. 1-2. – Менск, 1932-33 (разам зь Езавітам, Сакольчыкам).

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.

 

281.      ЛУЖАНІН Максім (сапр.: Каратай Аляксандар Амвросевіч; 20.10(2.11).1909, в. Прусы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Салігорскі р-н – 13.10.2001, Менск), паэт, празаік, кінадраматург, перакладчык. У 1924-28 вучыўся ў Менскім Белпэдтэхнікуме. Публікавацца пачаў у 1925. Першая кніга вершаў («Крокі») выйшла ў 1928. У 1928-31 вучыўся ў БДУ. З 1931 працаваў у час. «Узвышша» і на Беларускім радыё. Арыштаваны ГПУ БССР 23.2.1933 у справе «Беларускай народнай грамады»; асуджаны на 2 гады пазбаўленьня волі. Адпраўлены ў ссылку ў Марыінск Кемераўскай вобл., празь некалькі месяцаў быў вызвалены і вярнуўся дадому. У 1935-41 рэдактар Галоўнай рэдакцыі літаратуры аб машынабудаваньні ў Маскве. Падчас вайны на фронце. З 1944 загадчык аддзелу культуры газ. «Звязда», адказны сакратар час. «Вожык». Рэабілітаваны ў 1956. З 1959 сябра сцэнарнай калегіі, у 1967-72 галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». Аўтар сцэнарыяў фільмаў («Паўлінка», 1951; «Народны паэт», 1952; «Першыя выпрабаваньні», 1960; «Запомні гэты дзень», 1967, разам з А.Куляшовым). На бел. мову пераклаў асобныя творы А.Грыбаедава, М.Гогаля, А.Радзішчава, А.Пушкіна, У.Маякоўскага, А.Міцкевіча, У.Сыракомлі. Заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1969), заслужаны дзяяч культуры Польшчы (1975).

 

Тв.: Зб. тв.: У 4 т. – Менск, 1979-1981.

Літ.: Бечык В. Прасторы творчасьці // Бечык В. Прад высокаю красою… Літаратурна-крытычныя артыкулы. – Менск, 1984; Кісялёў Г. Крокі // Полымя. 1984, №11; Гніламёдаў У. Натхненьне і майстэрства: Творчасьць М.Лужаніна // Роднае слова. 1998, №5; Маракоў Л. Павышэньне // Маракоў Л. 100 мініяцюр. –Менск, 2002; БП, т. 4; ЭГБ, т. 4.

 

282.      ЛУПІНОВІЧ Карл (14.7.1891 – 1937?, ГУЛАГ), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч. У 1914 скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Пецярбургу. У 1914-17 вучыўся ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі (Петраград). Сябра культурна-асьветнага гуртка клерыкаў-беларусаў. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1915. Быў прызначаны вікарыем ў Менск. Арыштаваны бальшавікамі вясной 1919. Вызвалены ў выніку абмену на ваеннапалонных чырвонаармейцаў. У 1922-23 адміністратар парафіі ў Рэчыцы Мазырска-Рэчыцкага дэканату. З 1924 у Маскве, дзе служыў у парафіі сьвятых Пятра і Паўла. Выконваў абавязкі генэральнага вікарыя і фактычна зьяўляўся апостальскім адміністратарам у Маскве. Арыштаваны ОГПУ СССР 20.2.1929. Пад націскам падпісаў заяву аб супрацоўніцтве. Пасьля вызваленьня паведаміў пра гэта каталіцкім уладам. Зноў арыштаваны і адпраўлены на 3 гады ў ссылку ў Казахстан. Арыштаваны ў ссылцы ў сьнеж. 1933 і дастаўлены на сьледзтва ў Менск. 29.3.1934 прысуджаны да 3 гадоў ссылкі і дэпартаваны ў Казахстан. Зноў арыштаваны ў ссылцы ў чэрв. 1934 і прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Рашэньнем Калегіі НКВД 11.12.1937 прысуджаны да расстрэлу.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998.

 

283.      ЛУЦКЕВІЧ Антон (17(29).1.1884, Шаўлі Ковенскай губ. – 23.3.1942, перасыльны пункт Актарска Саратаўскай вобл.), паліт. і грамадзкі дзяяч, публіцыст, літаратурны крытык, гісторык, лінгвіст, выдавец. Паходзіў з шляхецкага роду герба «Навіна». У 1902 скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізыка-матэматычным ф-це Пецярбурскага ун-ту, юрыдычным ф-це Дэрпцкага ун-ту. Адзін з заснавальнікаў у 1903 БРГ. Арыштаваны ў Менску ў 1904 за распаўсюджваньне партыйнай літаратуры; выпушчаны бяз права пакідаць горад. У лют. 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад рэдакцыяў газ. «Наша Доля» і «Наша Ніва». Першы артыкул апублікаваў у 1906 у №1 газ. «Наша Доля». Пасьля акупацыі Вільні ў 1915 нямецкімі войскамі ўзначаліў Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Адзін з выдаўцоў газ. «Гоман». У 1918 быў ініцыятарам абвяшчэньня незалежнасьці БНР; з кастр. 1918 старшыня Рады народных міністраў і міністар замежных справаў БНР. У пачатку вер. 1919 інтэрнаваны ў Варшаве; 1.12.1919 вярнуўся ў Менск. У ліп.–жн. 1920 зьняволены бальшавікамі. З 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. У 1921 арганізатар Беларускага музэя імя І.Луцкевіча. З 1925 працаваў у рэдакцыйным камітэце БСРГ. Арыштаваны польскімі ўладамі ў кастр. 1927; апраўданы судом у пач. 1928. У 1928 арыштоўваўся яшчэ раз. У 1930 польскія ўлады забаранілі дзейнасьць Беларускага выдавецкага таварыства, якім кіраваў Л. У 1931 звольнены з працы ў Віленскай беларускай гімназіі. Стаў аб‘ектам паліт. спэкуляцыяў і нападаў; у 1933-39 бел. газэты яго не друкавалі. Арыштаваны 30.9.1939 савецкімі ўладамі ў Вільні; этапаваны ў Менск. Рашэньнем Асобай нарады пры НКВД СССР 14.6.1941 прысуджаны да 8 гадоў зьняволеньня. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны ў 1989.

 

Тв.: Белорусы. – СПб., 1909; Нашы песьняры: літаратурна-сацыяльныя нарысы. – Вільня, 1918; Ekanamicnaja ewalucyja i bielaruski ruch. – Wilnia, 1918; Польская акупацыя на Беларусі. – Вільня, 1920; Пуцяводныя ідэі беларускае літаратуры. – Вільня, 1921; Вільня ў беларускай літаратуры. – Вільня, 1925; За дваццаць пяць гадоў (1903-1928): Успаміны аб працы першых беларускіх паліт. арганізацыяў. – Вільня, 1928 (перавыданьне: Менск, 1991); Адбітае жыцьцё. – Вільня, 1929; Янка Купала як прарок адраджэньня. – Вільня, 1933.

Літ.: Bergman A. Antoni Luckiewicz (1884-1946). Szkic biograficzny // Przeglad Historyczny. 1974. T. LXV, y. 4; Сидоревич А. Антон Луцкевич: Главы из книги // Нёман. 1990, №7; Янушкевіч Я. Луцкевічы // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. Вып. 4. Менск, 1994; Антон Луцкевич: материалы следственного дела НКВД БССР / Подг. к печати, введение и комментарии В.Н.Михнюка, Н.М.Климовича и А.Н.Гесь. – Менск, 1997; Бяляцкі А. Антон Луцкевіч // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. – Менск, 1999. Т. 2; БП, т. 4; ЭГБ, т. 4.

 

284.      ЛУЦКЕВІЧ Лявон (13.3.1922, Вільня – 28.7.1997, Вільня), бел. грамадзкі і культурны дзяяч, пэдагог, мэмуарыст. Сын Антона Луцкевіча, закатаванага бальшавікамі. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаў, браў удзел у нацыянальным падпольлі. У 1944 уступіў у Беларускую Краёвую Абарону. Арыштаваны савецкай дзяржбясьпекай у Польшчы ў канцы 1945. Быў асуджаны на судовым працэсе над кіраўніцтвам Беларускай Незалежніцкай Партыі. Пасьля вызваленьня з канцлягера жыў у Вільні, з канца 1980-х актыўна падтрымліваў бел. адраджэнскі рух.

 

Тв.: Вандроўкі па Вільні. – Вільня, 1998.

Літ.: Ёрш С. Вяртаньне БНП: Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. – Менск-Слонім, 1998; Антысавецкія рухі.

 

285.      ЛЯБЕЦКАЯ Алена (2(15).7.1903, хутар Лягуцева Слонімскага пав. Гарадзенскай губ. – 28.1.1982), паліт. і грамадзкая дзяячка, мэмуарыстка. Актывістка Таварыства беларускай школы ў Зах. Беларусі. Зь ліст. 1927 сакратар Слонімскай акруговай управы ТБШ. За сваю дзейнасьць арыштаваная польскімі ўладамі ў 1928. У 1929 дэлегат 1-га антыфашысцкага кангрэсу ў Бэрліне; дэлегат Эўрапейскага сялянскага кангрэсу. Зноў арыштаваная ў лют. 1930; асуджаная на 6 гадоў зьняволеньня. З 1933 у выніку абмену палітвязьняў у БССР. Працавала ў ЦК Міжнароднай арганізацыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі Беларусі. Арыштаваная НКВД і зьняволеная 14.10.1937. У пасьляваенны час пісала ўспаміны.

 

Тв.: Дзейнасьць гурткоў «Таварыства беларускай школы» // У суровыя гады падпольля. – Менск, 1958; Иного пути не было // Вильнюсское подполье. – Вильня, 1966.

Літ.: ЭГБ, т. 4.

 

286.      ЛЯБОВІЧ Марцін (28.11.1900, Сатмар, Вугоршчына – ?), гісторык. Скончыў Інстытут чырвонай прафэсуры ў Маскве. Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, вучоным сакратаром Інстытуту гісторыі БелАН. Арыштаваны 22.2.1938. Крымінальная справа спынена 15.12.1939, вызвалены з-пад варты. Далейшы лёс невядомы.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

287.      ЛЯВОННЫ Юрка (сапр.: Юркевіч Леанід Мікалаевіч; 16(29).7.1908, Чавусы Магілёўскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт. Вучыўся ў Чавускай сямігодцы, Магілёўскім пэдтэхнікуме, МВПІ (у 1934 скончыў літаратурны ф-т). Друкавацца пачаў у 1924. Першыя зборнікі паэзіі «Камсамольскія вершы» і «Штурм» выйшлі ў 1930. Член СП Беларусі з 1934. Працаваў у рэдакцыях газ. «Магілёўскі селянін», «Зьвязда», час. «Работніца і калгасніца Беларусі». Разам з С.Грахоўскім пераклаў на бел. мову раман Ж. Верна «80000 кілямэтраў пад вадой». Некаторыя вершы Л. пакладзеныя на музыку. Арыштаваны 30.10.1936; расстраляны. Таксама была рэпрэсаваная сям‘я паэта.

 

Тв.: Выбранае. – Менск, 1960.

Літ.: Грахоўскі С. Савецкая №68: Трыццатыя гады...: Успаміны // Дзень паэзіі. – Менск, 1978; Шушкевіч С. З маладнякоўскага племя // ЛіМ. 1968, 30 ліп.; БП, т. 4.

 

288.      ЛЯЖНЕВІЧ Алесь (1890, в. Сенцяняты Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 1937, НКВД), драматург. У 1914 быў мабілізаваны ў царскую армію; ваяваў на Румынскім фронце. У 1917-20 у Адэсе ў Чырвонай арміі, працаваў у абл. тэатры, быў акцёрам бежанскай суполкі «Беларускі гай». Вучыўся ў прыватнай тэатральнай школе. З 1920 у Менску, акцёр БДТ-1, у 1921 – яго дырэктар. У 1922-26 у Маскве, дырэктар бел. студыі Дзяржаўнага інстытуту тэатральнага мастацтва, затым працаваў інспэктарам Наркамасьветы БССР у справах мастацтва. Публікаваўся з 1924. Разам з Я.Купалам і Ц.Гартным уклаў анталёгію «Беларускі дэкляматар Чырвоны Дудар» (1924). У 1924 падчас партыйнай чысткі быў выключаны з партыі з прычыны «адарванасьці ад мас і палітычнай непісьменнасьці». З кастр. 1927 кансультант, асыстэнт рэжысэра на кінафабрыцы «Савецкая Беларусь» у Ленінградзе. Арыштаваны ОГПУ СССР 20.7.1930 у Ленінградзе ў справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 пастановай Калегіі ОГПУ СССР сасланы на 5 гадоў у Пашахоньне-Валадарск (Яраслаўская вобл.). Арыштаваны паўторна ў 1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Новыя ўсходы: П‘еса ў 6-ці актах. – Менск, 1927; Таміла: Мэладрама ў 5-ці дзеях. – Менск, 1927; З дымам-пажарам: Рэвалюцыйная п‘еса ў 3-х дзеях. – Менск, 1928; Сялянскі тэатар: Дарады ў пытаньнях тэатральнай тэхнікі і мэтоды пастаноўкі п‘ес сялянскімі і гарадзкімі клюбнымі драмгурткамі. – Менск, 1928.

Літ.: БП, т. 4; ЭГБ, т. 4.

 

289.      ЛЯЛЕВІЧ Г сапр.: Калмансон Лабары Гілелевіч; 17(30).9.1901, Магілёў – 1937, НКВД), гісторык, паэт, крытык. Сын паэта Г.Калмансона. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыяў 1917 і грамадзянскай вайны ў Расеі. З 1917 публікаваў вершы (магілёўская газ. «Молот»). Пазьней працаваў у Маскве рэдактарам час. «На посту»; быў кіраўніком ВАПП, дзе разам з І.Вардзіным і С.Родавым абвясьцілі сябе «палітбюро пралетарскай літаратуры». Адзін з праваднікоў партыйнай крытыкі, дагматычна ацэньваў творчасьць С.Ясеніна, Дз.Фурманава, А.Фадзеева. У 1920-1930-я апублікаваў шэраг літаратурных твораў, прысьвечаных рэвалюцыі – зборнікі вершаў «Набат» (1921), «У Смольным» (1925), паэма «Голад» (1921). Дасьледаваў рэвалюцыйны рух і грамадзянскую вайну ў Расеі. Арыштаваны (1937) і расстраляны як трацкіст. Рэабілітаваны пасьмяротна.

 

Тв.: Ставка и Октябрьская революция // Революционная борьба в Гомельской губернии: Исторические материалы. Вып. 1. – Гомель, 1921; Октябрь в Ставке. – Гомель, 1922; Из истории крестьянского движения в Могилевской губернии накануне Октябрьской революции // Пролетарская революция. 1922. №11; Стрекопытовщина: Страничка из истории контрреволюционных выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. Маск.-Пг., 1923; Сергей Есенин. – Гомель, 1926; Клинок и книга: Памяти Дмитрия Фурманова. – Маск.-Лен., 1926.

Літ.: Михнюк В. Становление и развитие исторической науки Советской Белоруссии (1919-1941 г.). – Менск, 1985; ЭГБ, т. 4.

 

290.      ЛЯПІЧ Раман (1.7.1906, в. Бор Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 9.1.1977, Менск), крытык, перакладчык. З пачатку 1923 жыў у Менску. У 1923-26 курсант школы міліцыі. У 1926-28 вучыўся на вячэрнім рабфаку, у 1928-31 – на літаратурным ф-це БДУ. Працаваў літработнікам у рэдакцыях газ. «Зьвязда», «Рабочий». Друкавацца пачаў у 1929 (перакладаў на расейскую мову творы бел. аўтараў). Зь літаратурна-крытычнымі артыкуламі ўпершыню выступіў у 1931. У 1931-35 у асьпірантуры БелАН; пасьля яе сканчэньня да 1938 малодшы навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры. Адначасова выкладаў у МВПІ; у сак. – ліп. 1938 дэкан філялягічнага ф-ту. Арыштаваны 20.7.1938; 10.10.1938 асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі і адпраўлены на Калыму ў адзін з паўночна-ўсх. канцлягераў. Пасьля вызваленьня з 1946 працаваў як вольнанаёмны геоляг на капальнях у Магаданскай вобл. Падарваў здароўе; з 1965 інвалід 2-й групы. У 1968 вярнуўся ў Менск. Рэабілітаваны ў 1969. Апошні год перад сьмерцю быў паралізаваны. Пахаваны на Чыжоўскіх могілках.

 

Тв.: Нацыянал-дэмакратычная фальсыфікацыя беларускай літаратуры: (Крытычны агляд артыкулаў па беларускай літаратуры, зьмешчаных у «Литературной Энциклопедии» і «БСЭ» // Літаратура і мастацтва. Менск, 1936. Кн. 4-5 (суаўтар Э. Галубок).

Літ.: Возвращенные имена; БП, т. 4.

 

291.      ЛЯЎДАНСКІ Аляксандар (29.8(10.9).1893, в. Юр‘ева Барысаўскага пав. Менскай губ., цяпер Смалявіцкі р-н Менскай вобл. – 27.8.1937, Менск, НКВД), археоляг. У 1922 скончыў Смаленскае аддзяленьне Маскоўскага археалягічнага інстытуту; у 1922-25 вучыўся ў Смаленскім ун-це, з 1925 яго выкладчык, супрацоўнік Смаленскага музэя. З 1927 у Менску; сябра гісторыка-археалягічнай камісіі Інбелкульту; загадчык сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі БелАН. Адначасова працаваў у БДУ; дацэнт. Кандыдат гістарычных навук з 1934. Арганізатар першых навукова-археалягічных экспедыцыяў у БССР. Арыштаваны 19.5.1937; пастановай НКВД ад 25.8.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 7.5.1958.

 

Тв.: Археалягічныя раскопкі ў м. Заслаўі Менскай акругі // Запіскі аддзяленьня гуманітарных навук БАН. Кн. 5. Працы катэдры археалёгіі. Т. 1. – Менск, 1928; Археалягічныя досьледы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Кн. 11. Працы катэдры археалёгіі. Т. 2. – Менск, 1930; Археалягічныя досьледы ў Полацкай акрузе // Там жа; Археалягічныя досьледы ў БССР пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі БАН. Т. 3. – Менск, 1932.

Літ.: Каробушкіна Т. Заснавальнік савецкай археалягічнай навукі ў Беларусі // Весці АН БССР. Сэр. грамад. навук. 1983, №6; Вяргей В. Археалягічная навука ў Беларускай ССР, 1919-1941 г. – Менск, 1992; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 4.

 

292.      МАГАРАМ Элізары (26.12.1899, Адэса – ?), глебазнавец. У 1935-38 працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам, нам. дырэктара Інстытуту аграглебазнаўства і ўгнаеньняў БелАН. Арыштаваны 6.4.1938. Асуджаны 19.2.1940. Вызвалены 6.4.1940. Паўторна арыштаваны і прысуджаны да 8 гадоў зьняволеньня 29.10.1949. Пакараньне адбываў у адным зь лягераў на Поўначы. Рэабілітаваны 10.8.1955. У 1958 жыў у Сыктыўкары Комі АССР. Рэабілітаваны 25.6.1955. Далейшы лёс невядомы.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

293.      МАГУЧЫ Адам (7.3.1891, Віцебск – 7.5.1953, турма Штум, Польшча), вайсковы дзяяч, спэцыяліст у мараходнай справе, контрадмірал. Паходзіў зь бел. шляхецкай сям‘і. Вучыўся ў Віленскай гімназіі. Скончыў Марскі корпус у Пецярбургу (1908). Служыў на розных надводных і падводных караблях. Кіраваў адукацыяй афіцэраў падводных лодак, у тым ліку ў Петраградзкай марской акадэміі. 25.11.1919 быў прыняты ў Польскую армію, камандаваў караблямі. Напісаў падручнікі марской справы. Вызначаўся незалежнасьцю поглядаў, за што ў 1929 яго звольнілі з вайсковага флёту. Перайшоў на гандлёвы. 1.10.1939, спрабуючы прарвацца празь нямецкую блякаду, трапіў у палон. Некалькі гадоў правёў у фашысцкіх канцлягерах. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Польскі вайсковы флёт у званьні камандора. З 1.1.1946 контрадмірал. Нейкі час камандаваў Вайсковым флётам. У 1948 дзеля стану здароўя перайшоў на пэнсію. 7.12.1949 арыштаваны па фальсыфікаваным даносе. 7.3.1950 асуджаны на 13 гадоў турмы. 21.6.1957 цалкам рэабілітаваны. Адзначаны Крыжам Віртуці Мілітары, крыжам Грунвальда.

 

Літ.: PSB XXI.

 

294.      МАЁРАЎ Міхал (10(22).1.1890, в. Скародна Мазырскага пав. Менскай губ., цяпер в. Скароднае Ельскага р-ну – 20.1.1938, Масква, НКВД), паліт. дзяяч. Удзельнік рэвалюцыі 1905-07; член РСДРП(б) з 1906. За сваю дзейнасьць неаднаразова арыштоўваўся ўладамі. У 1917 кіраўнік арганізацыі РСДРП(б) у Кіеве. З 1920 на партыйнай і дзяржаўнай рабоце ў Кіеве, Адэсе, Астрахані, Томску. Аўтар прац з гісторыі рэвалюцыйнага руху ва Ўкраіне. У 1930-32 наркам забесьпячэньня УССР. У 1932-33 сакратар Сярэднеазіяцкага бюро ЦК ВКП(б). З 1934 нам. старшыні Цэнтрасаюзу СССР. Арыштаваны і расстраляны ў 1938.

 

Рэабілітаваны. Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

295.      МАЗУРКЕВІЧ Язэп (1887, в. Цялякава Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Узьдзенскі р-н – 4.11.1937, Віцебск, НКВД), празаік, крытык, краязнавец. У 1906 здаў экстэрнам экзамэн на званьне настаўніка пачатковай школы; да 1915 настаўнічаў на Наваградчыне. У 1918-19 настаўнічаў у Саратаўскай губ. З 1919 зноў на Наваградчыне; працаваў у прыватнай школе; удзельнічаў у падпольным і партызанскім антыпольскім руху. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1921; зьняволены ў Баранавіцкай турме, зь якой уцёк і перабраўся ў БССР. Настаўнічаў на Случчыне. У 1924 скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Менску. Працаваў у Віцебску – выкладаў у навучальных установах; быў супрацоўнікам краязнаўчага музэя. Пачаў публікавацца з 1922 – у час. «Полымя», «Маладняк», у менскіх і абл. газэтах. Пры яго ўдзеле падрыхтаваны і выдадзены альманахі «Пачатак» (1926) і «Світаньне» (1927; у абодвух аўтар прадмоваў). Удзельнічаў у стварэньні Віцебскай філіі «Маладняка» і Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў; уваходзіў у склад Цэнтральнага бюро «Маладняка» і ў праўленьне БелАПП. Арыштаваны 15.9.1937; расстраляны. Рэабілітаваны 16.5.1957.

 

Тв.: Зьдзекі: Апавяданьне // Полымя. 1924, №3; Літаратурны рух на Віцебшчыне // Маладняк. 1929, №3.

Літ.: Лаўшук С. Станаўленьне беларускай савецкай драматургіі (20-я – пач. 30-х г.). – Менск, 1984. С. 178-179; БП, т. 4.

 

296.      МАЙЗЕЛЬ Юры (студз. 1902, в. Кулікі Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н – вер. 1942, ГУЛАГ), гісторык, журналіст. З 1918 супрацоўнічаў у гэбрайскай газ. «Штэрн»; у газ. «Дело революции». Служыў у Галоўміліцыі БССР. З 1924 в.а. загадчыка ўлікова-інфармацыйнага аддзелу СНК БССР. З 1925 у Гістпартце ЦК КП(б)Б. У 1928-30 асьпірант БДУ. З 1929 навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі партыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі пры ЦК КП(б)Б. Адначасова выкладаў у Вышэйшай сельскагаспадарчай школе і ў Інстытуце журналістыкі. Вывучаў гісторыю КП(б)Б і нацыянальнае пытаньне ў БССР. Падрыхтаваў да друку ч. 1 зборніка «КП(б)Б у рэзалюцыях» (1934). Абвінавачваўся ў сувязях з трацкістамі і прыцягваўся да партыйнай адказнасьці падчас кампаніяў барацьбы з трацкізмам у 1924, 1929 і 1934. 28.11.1935 выключаны з КП(б)Б. З 1936 супрацоўнік Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобл. Арыштаваны 22.6.1941. Пастановай Асобай нарады НКВД СССР ад 5.1.1942 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Рэабілітаваны ў 1957. Тв.: Кароткі нарыс гісторыі КП(б)Б. – Менск, 1929 (разам з М.Шапавалавым); Десять лет борьбы и строительства, 1920 – 11 июля 1930: (К разрешению национального вопроса в БССР). – Менск, 1930 (разам з Л.Майзелем).

 

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

297.      МАМОНЬКА Язэп (28.1.1889, в. Залесьсе Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Слуцкі р-н Менскай вобл. – 10.9.1937, Комі АССР, ГУЛАГ), паліт. дзяяч, публіцыст. У 1907-17 член партыі эсэраў; у 1918-24 член БПС-Р. Двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў. Падчас 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны ў царскае войска. Адзін з арганізатараў і дэлегатаў 1-га Ўсебеларускага зьезду 1917. Арыштоўваўся савецкімі ўладамі 18.12.1917 і ў 1918. Са сьнеж. 1919 сябра прэзыдыюму Рады БНР. Арыштаваны польскімі ўладамі. Пасьля вызваленьня перабраўся ў Коўна. У пачатку 1921 прыехаў у Менск дзеля каардынацыі падпольнай дзейнасьці ў Зах. Беларусі. Арыштаваны ў сак. 1921, прывезены ў Маскву. У крас. 1921 высланы ў Казань, адкуль уцёк у Коўна. У канцы 1922 выехаў у Чэхаславаччыну. У часе 2-й Усебеларускай канфэрэнцыі 1925 у Берліне выступіў супраць роспуску ўраду БНР і пакінуў канфэрэнцыю. У 1928 жыў у Рызе. У вер. 1928 прыехаў у СССР; 11.9.1928 арыштаваны ГПУ БССР на станцыі Бігосава; адпраўлены ў Маскву. 3.1.1929 пастановай Калегіі ОГПУ СССР прысуджаны да 10 гадоў лягераў. 2.9.1937 пастановай «тройкі» НКВД Комі АССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны пракуратурай Комі АССР 12.4.1989, Генэральнай пракуратурай Расеі 25.3.1993.

 

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

298.      МАМЧЫЦ Мікалай (1899, Менск – ?), пэдагог. У 1923-24 вучыўся ў БДУ. Працаваў інспэктарам школ у Калінінскай акрузе (да 1927), у Полацку. У 1929 працаваў у апараце Наркамату асьветы БССР, вучыўся на пэдагагічным факультэце БДУ. Арыштаваны ГПУ БССР 20.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Асуджаны 10.4.1931 на 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у Яранску Кіраўскай вобл. Паўторна асуджаны 31.7.1935 на 2 гады лягераў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 19.9.1960.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

299.      МАРАКОЎ Валеры (14(27).3.1909, мяст. Козырава Менскага пав., цяпер у межах Менску – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт, перакладчык. Старэйшы сын З.Маракова. У часе 1-й сусьветнай вайны ў бежанстве ў Мцэнску (Расея) і Ромнах (Украіна). У 1924 скончыў 4-ю Менскую сямігодку і да канца 1925 працаваў мулярам разам з бацькам. З чэрв. у друку пачалі зьяўляцца яго першыя вершы («Чырвоная зьмена», «Малады араты» і інш.). У сьнеж. пастановай ЦБ юных піянэраў і пры спрыяньні А.Якімовіча прызначаны сакратаром рэдакцыі час. «Піянэр Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І.Барашка. У канцы 1926 пэўны час (на запрашэньне А.Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газ. «Чырвоная Полаччына». Першы зборнік вершаў выйшаў у 1926. Другі («Пасьля якога яго заўважыў і акрыліў бацькоўскай ласкай Я.Купала», – С.Шушкевіч) – у 1927. У тым самым годзе паступіў у МБПТ, але пасьля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзелу газ. «Савецкая Беларусь», дзе працаваў зь перапынкам да канца 1930. У 1931 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне МВПІ (скончыў у 1934). Адначасова працаваў у час. «Чырвоная Беларусь». Сябра Саюзу пісьменьнікаў Беларусі з 1934. У пачатку 1935, спрабуючы пазьбегнуць арышту, паехаў у мяст. Чэрнеўка Барысаўскага р-ну. 1 сак. вярнуўся дадому. Праз 3 тыдні арыштаваны ворганамі Дзяржбясьпекі. Пасьля 3 месяцаў знаходжаньня ва ўнутранай турме НКВД вызвалены. Паўторна арыштаваны 6.11.1936. Пасьля году катаваньняў выязная сэсія вайсковай калегіі Вярхоўнага Суду СССР прысудзіла М. да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасьці. 29.10.1937 разам з 22 іншымі бел. літаратарамі расстраляны. Рэабілітаваны 23.4.1957.

 

Тв.: На залатым пакосе: Вершы. – Менск, 1927; Вяршыні жаданьняў. Паэзія. – Менск, 1930; Права на зброю: Вершы. – Менск, 1933; Лірыка. – Менск, 1959; Вяршыні жаданьняў: Вершы, паэмы. – Менск, 1989.

Літ.: Рагойша В. Сердце, согретое грустью // Вопросы литературы. 1990. №6; Пруднікаў П. Паэт эмоцый // Маладосць. 1998. №3; Грахоўскі С. Растоптаныя пялёсткі // Голас Радзімы.. 1998. 7 траўня; Звонак А. З успамінаў аб В.Маракове // Першацвет. 1998. №10-11; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. – Менск, 1999.

 

300.      МАРАКОЎ Зьміцер (21.9.1880, в. Азяроўка Пскоўскай губ., цяпер Пскоўская вобл. – 18.11.1968, Менск), удзельнік антыкамуністычнага руху, рэлігійны дзяяч. Паводле некаторых зьвестак, удзельнік расейска-японскай вайны 1904-05, I Усебеларускага кангрэсу. Са зьвестак С.Шушкевіча і П.Пруднікава, вуліца Вялікаморская, дзе М. паставіў (каля 1906-07) першы дом, спачатку мела назву Марская, а потым, калі яна пашырылася, была перайменавана ў Вялікаморскую. Адзін з арганізатараў (зь япіскапам Менску М.Семянякам і настаяцелямі Козыраўскай царквы У.Бірулем і І.Зенюком (цесьцем паэта Я.Бобрыка) рэлігійнай антысавецкай арганізацыі ў мяст. Козырава (1933-35). У канцы сак. 1935 ў арганізацыю пранік правакатар і ў пачатку крас. ўсе яе члены былі арыштаваныя. 10.8.1935 М. і іншыя ўдзельнікі арганізацыі прызнаны «судом» вінаватымі ў тым, што: «пачынаючы з 1933 г., пасьля прыезду ў Менск М.Семянякі на пасаду япіскапа, у Козыраўскай царкве пачалі групавацца рэлігійныя, кулацкія і іншыя антысавецкія элемэнты, якія паставілі сабе за мэту, пад прыкрыцьцём царквы і выкананьня рэлігійных абрадаў, настройваць у антысавецкім духу насельніцтва гораду і бліжэйшых раёнаў… Толькі пасьля арышту гэтай контррэвалюцыйнай групы сьвятароў прыпынілася распаўсюджваньне правакацыйных чутак і пачаўся масавы прыліў людзей у калгасы». На працэсе 25 удзельнікаў арганізацыі прысудзілі да розных тэрмінаў зьняволеньня. М. быў асуджаны на 5 гадоў канцлягераў. Пакараньне адбываў у Тайшэтлагу (працаваў на шахце ў Кісялёўску Кемераўскай вобл.). Вызвалены 29.7.1940, але ў сувязі з забаронай уезду ў Беларусь дадому вярнуўся толькі праз 12 гадоў. М. неаднаразова выклікалі ў НКВД-КГБ. Апошні раз дапытвалі ў 1960. М. ні разу не атрымаў пэнсіі, бо ня меў дакумэнтаў (НКВД згубіў іх і асабовую справу), якія б пацьвердзілі ягоны працоўны стаж.

 

Літ.: Шушкевіч С. Вяртаньне ў маладосьць. – Менск, 1968; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. – Менск, 1999; Маракоў Л. Зьнявечаныя жыцьці // Голас Радзімы. 1999. 15-22 крас.

 

301.      МАРАКОЎ Уладзімер (паводле пашпарта 19.7.1924, паводле іншых зьвестак 19.7.1926, Менск – 30.10.1971, Менск), удзельнік антыкамуністычнага руху. Малодшы сын З.Маракова. У канцы 1930 скончыў на выдатна сямігодку і паступіў у Менскі аўтамэханічны (у іншых зьвестках – політэхнічны) тэхнікум. Не давучыўся ў сувязі з пачаткам 2-й сусьветнай вайны. У канцы 1942 уступіў у БНС. Распрацоўваў антысавецкія плякаты і буклеты. З ліст. 1943 нам. Ф.Каплунова, кіраўніка менскай гарадзкой арганізацыі Саюзу Беларускай Моладзі. 25.3.1944, у гадавіну БНР, атрымаў ад кіраўніка СБМ М.Ганько падзяку і павышэньне ў званьні. 29 чэрв. выехаў разам з Р.Зыбайлам у Катавіцэ (Польшча), потым у Бэрлін. Але 24.8.1945, ня вытрымаўшы тугі па Радзіме, вярнуўся дадому. Адчуваючы небясьпеку, выехаў у Днепрадзяржынск (Украіна). Пры чарговым ператрусе ў бацькоўскай хаце былі знойдзеныя лісты М. да маці, па якіх, верагодна, і вызначылі яго месцазнаходжаньне. Арыштаваны 30.10.1946. Этапаваны ў Менск. Пасьля 6 месяцаў катаваньняў 28.3.1947 асуджаны на 25 гадоў катаржных работ. Пакараньне адбываў у адным з нарыльскіх канцлягераў. Паводле некаторых зьвестак, удзельнічаў у паўстаньні вязьняў ГУЛАГу (1953). Вызваліўся ў 1956.

 

Літ.: Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. – Менск, 1999.

 

302.      МАРГЕЛАЎ Сьцяпан (28.3.1902, в. Расохавічы Касьцюковіцкага р-ну Магілёўскай вобл. – 29.7.1937, Менск, НКВД), эканаміст, географ. У 1927 скончыў Беларускую сельгасакадэмію, у 1930 – асьпірантуру пры НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. З 1931 працаваў у Інстытуце эканомікі БелАН: вучоны сакратар інстытуту, загадчык сэкцыі эканамічнай геаграфіі. Адначасова выкладаў у Інстытуце народнай гаспадаркі, прафэсар. Кандыдат эканамічных навук (1934). Ствараў тэорыю разьмяшчэньня ў БССР тэхнічных сельскагаспадарчых культур і перапрацоўчай прамысловасьці. Адзін з кіраўнікоў групы па складаньні Вялікага атласа БССР. Арыштаваны 23.1.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду БССР 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 19.7.1957.

 

Тв.: Да пытаньня аб рэсурсах Палесься БССР. – Менск, 1933; Эканамічная геаграфія БССР. – Менск, 1936 (у суаўт.).

Літ.: Возвращенные имена.

 

303.      МАРДВІЛКА Аркадзь (24.8.1905, в. Языль Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Старадароскі р-н – 27.10.1986, Ташкент), лінгвіст, празаік, крытык, перакладчык. Падчас 1-й сусьветнай вайны сям‘я была ў бежанстве ва Ўладзіміры. Там М. паступіў у гімназію. Вярнуўшыся ў Беларусь, працягнуў вучобу ў Слуцкай гімназіі. Першы верш апублікаваў у 1924, пасьля выступаў як празаік і крытык. Быў сябрам «Маладняка», потым БелАПП. У 1926-27 вучыўся на Фанэтычных курсах новых моваў у Ленінградзе; у 1927-29 на пэдагагічным ф-це БДУ; у 1929-30 на Вышэйшых курсах новых моваў пры 2-м Маскоўскім дзяржаўным ун-це. З 1931 выкладаў ангельскую мову ў Беларускім аўтадарожным інстытуце. Арыштаваны 15.5.1933; прысуджаны да 3 гадоў высылкі. Працаваў перакладчыкам ангельскай тэхнічнай літаратуры ў тэхнічным аддзеле Маскваволгабуду. З 1935 жыў у Ташкенце. Выкладаў анг. мову ў розных навучальных установах. У 1950 экстэрнам скончыў Сярэднеазіяцкі ун-т. У 1956 абараніў дысэртацыю на ступень кандыдата філялягічных навук. Падрыхтаваў працы аб мэтодыцы выкладаньня анг. мовы і расейскай фразэалёгіі. Перакладаў на расейскую мову з анг. і узбэцкай. Пасьля вымушанага перапынку ў 1930-х да творчасьці па-беларуску ўжо не вярнуўся.

 

Тв.: Вялікае нараджэньне: Эскізы. – Менск, 1932; Очерки по русской фразеологии. – Маск., 1964; Как скорее усвоить значение английских слов. – Маск., 1968.

Літ.: БП, т. 4; Маракоў Л. Шасьцёра на фотаздымку // Роднае слова. 1999, №6.

 

304.      МАРОЗ Міхал (1.10.1895, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ. – 1947), дзяржаўны дзяяч, пэдагог, выдавец. Скончыў Нясвіскую настаўніцкую сэмінарыю; настаўнічаў у сельскай школе. З 1916 у арміі. Удзельнік Кастрычніцкага ўзброенага паўстаньня 1917 у Петраградзе. У 1918-19 супрацоўнік бежанскага аддзелу Белнацкаму. З крас. 1919 выкладчык Камуністычнага ун-ту ў Гомелі. З 1922 паўнамоцны прадстаўнік БССР у РСФСР; загадчык бел. сэктару Камуністычнага ун-ту нацыянальных меншасьцяў Захаду. У 1924-25 загадчык Белдзяржвыдавецтва ў Менску. Друкаваўся ў газ. «Савецкая Беларусь». З 1926 кіраўнік спраў СНК БССР, старшыня камісіі Інбелкульту па ахове помнікаў старадаўнасьці, мастацтва і прыроды, сябра гісторыка-археалягічнай сэкцыі Інбелкульту. Арыштаваны 3.11.1937; 3.12.1940 прысуджаны да зьняволеньня ў лягерах, дзе і памёр.

 

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

305.      МАРОЗАВА Ларыса (?, Маладэчна – студз. 1948; лягер Эльген, Калыма), паэтка. 22.5.1938 выйшла замуж за афіцэра НКВД Аляксея Марозава. У дзень вясельля была першы раз затрыманая і дастаўленая ў НКВД. У канцы ліп. 1938 муж М. быў арыштаваны і расстраляны. Сама яна арыштаваная ў студз. 1939. Знаходзілася ў зьняволеньні ў Магадане і ў лягеры Эльген. Працягвала пісаць. У лягеры рускамоўныя вершы разыходзіліся пад псэўданімам “Эриния”; псэўданімам Леся Беларуска падпісвала толькі бел. вершы. Зьбірала лягерны фальклёр. Шмат рукапісаў былі канфіскаваныя падчас ператрусаў. Загінула ў зьняволеньні.

 

Тв.: Малітва да Калымы: Вершы // Полымя. 1997, №2; Мой свет: Вершы // Полымя. 1999, №3.

 

306.      МАРУК Іван (1903 – ?), журналіст, рэдактар. Вучыўся ў БДУ. У 1929-30 працаваў ў Белдзяржвыдавецтве, потым ва Ўсебеларускім камітэце радыёвяшчаньня. У 1930 выключаны з ВКП(б) за падтрымку (разам з М.Гарэцкім, П.Ільючонкам і І.Цьвікевічам) З.Жылуновіча падчас яго партыйнай чысткі. У 1931 высланы зь Беларусі. Паводле ўспамінаў М.Улашчыка высылку адбываў у Вяцкай вобл. Далейшы лёс невядомы.

 

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

307.      МАРЦІНЧЫК Мікалай (3(16).12.1901, в. Кубельнікі Гарадзенскага пав., цяпер Бераставіцкі р-н – 23.5.1980, Горадня), дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Зах. Беларусі, публіцыст, мэмуарыст. У 1927 скончыў Віленскі ун-т. Падчас вучобы быў адным з кіраўнікоў Беларускага студэнцкага саюзу. Рэдактар час. «Студэнцкая думка». У 1925 у Гданьску ўдзельнічаў ва ўстаноўчай канфэрэнцыі ў справе стварэньня БСРГ. З 1925 сакратар, з 1934 нам. старшыні Галоўнай управы ТБШ. З 1927 выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Адначасова працаваў лекарам у клініцы Віленскага ун-ту. У 1927 і 1930 арыштоўваўся польскімі ўладамі; у 1931 высланы ў в. Нараўка Гайнаўскага пав. Беластоцкага ваяв. пад нагляд паліцыі. У 1930-я прэсай КП(б)Б і КПЗБ абвінавачваўся ў супрацоўніцтве з польскімі ўладамі, спробах зьвярнуць ТБШ са шляху нацыянальна-вызваленчай барацьбы. Паступова адышоў ад грамадзкай і паліт. дзейнасьці. З 1944 галоўны лекар інфэкцыйнай лякарні ў Горадні. Арыштаваны органамі МГБ у 1948; 12.3.1949 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Варкуту; быў лекарам у лягерным шпіталі. Рэабілітаваны ў 1956. Вярнуўся ў Горадню; працаваў у абл. лякарні. Напісаў успаміны.

 

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

308.      МАСЛОЎСКІ Мікалай (5.9.1905, в. Ялоўка Барысаўскага пав. Менскай губ., цяпер Смалявіцкі р-н – 27.11.1938, Менск, НКВД), дзяяч рэвалюцыйнага руху ў Зах. Беларусі, публіцыст. З 1922 працаваў на чыгунцы. З 1926 – сакратар Смалявіцкага і Капыльскага райкамаў, з 1929 – Менскага акруговага камітэту ЛКСМБ. Зь ліп. 1930 на падпольнай рабоце ў Зах. Беларусі. 1-шы сакратар КСМЗБ, з 1934 член Сакратарыяту ЦК КПЗБ. У крас. 1935 вярнуўся ў Менск, да канца 1936 працаваў у прадстаўніцтве ЦК КПЗБ ў Менску. Арыштаваны 29.12.1937; 12.4.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 4.2.1956.

 

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

309.      МАТУЛАЙЦІС Кацярына (5.1.1900, Вільня – 29.11.1938, Менск, НКВД), гісторык. Дачка С.Матулайціса, жонка сакратара ЦК КПЛ К.Пажэлы, расстралянага ў 1927 у Літве. З 1933 працавала старэйшым навуковым супрацоўнікам у Камісіі па вывучэньні Зах. Беларусі БелАН. У 1935-37 у Інстытуце нацыянальных меншасьцяў і ў Інстытуце гісторыі. Арыштаваная 9.8.1937. 12.4.1938 прысуджаная да расстрэлу. Рэабілітаваная 8.12.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

310.      МАТУЛАЙЦІС Стасіс (12.10.1866, в. Сьцябулішкі Марыямпальскага пав., Літва – 10.4.1956, Вільня), гісторык, рэдактар, паэт, мэдык. У 1891 скончыў мэдычны ф-т Маскоўскага ун-ту. Адзін з заснавальнікаў у 1896 Сацыял-дэмакратычнай партыі Літвы. Арыштаваны ў 1898 і сасланы на 3 гады ў Валагодзкую губ. У расейска-японскую вайну 1904-05 вайсковы лекар. У 1906-07 разам з В.Міцкявічусам-Капсукасам выдаваў у Вільні газ. «Naujoji gadyne». З 1908 займаўся мэдычнай практыкай. У 1917 рэдагаваў у Маскве літоўскую газ. «Socialdemokratas». З 1917 член РКП(б). З 1918 у Вільні, рэдагаваў газ. «Tiesa». З 1920 працаваў лекарам; выкладаў у Марыямпальскай гімназіі. У 1925 пераехаў у Менск. З 1927 кіраўнік літоўскага сэктару Інбелкульту, з 1928 акадэмік БелАН, з 1929 загадчык катэдры гісторыі, з 1931 дырэктар Інстытуту гісторыі, з 1935 дырэктар Інстытуту нацыянальных меншасьцяў БелАН. Доктар гістарычных навук (1934). Дасьледаваў гісторыю паўстаньня 1863-64 у Літве і літоўскага нацыянальнага руху. У жн. 1937 выключаны з ВКП(б); арыштаваны 17.2.1937. Рашэньнем Асобай нарады пры НКВД СССР ад 15.8.1939 прысуджаны да высылкі ў Казахстан тэрмінам на 5 гадоў. Вярнуўся ў Вільню ў канцы 1945; працаваў у Інстытуце гісторыі АН Літвы. Рэабілітаваны 20.5.1957.

 

Тв.: 1863 год у Літве. Ч. 1. – Менск, 1933.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 5.

 

311.      МАТУСЕВІЧ Мітрафан (4(16).12.1900, в. Чарневічы Барысаўскага пав. Менскай губ. – 30.9.1975, Менск), эканаміст, гісторык. У 1930 скончыў БДУ. З 1932 працаваў у Інстытуце эканомікі БелАН. У 1934-38 нам. дырэктара Аддзела падрыхтоўкі кадраў БелАН, вучоны сакратар Інстытуту эканомікі. Кандыдат гістарычных навук (1936). Арыштаваны 30.7.1938; зьняволены. Рэабілітаваны ў 1955. У 1955-71 загадчык сэктару Інстытуту эканомікі. Дасьледаваў эканамічную гісторыю Беларусі.

 

Тв.: Асноўныя этапы развіцьця прамысловасьці БССР. – Менск, 1937 (разам з С.Малініным); Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900-1917. – Менск, 1963 (у суаўтарстве); Экономика Советской Белоруссии, 1917-1967. – Менск, 1967 (у суаўтарстве); Социально-экономические преобразования в БССР в годы Советской власти. – Менск, 1970; Развитие экономики Белоруссии в 1921-1927 г. – Менск, 1973 (у суаўтарстве).

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

312.      МАЦЮКЕВІЧ Язэп (26.9.1890, в. Гернікі Слонімскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Дзятлаўскі р-н – 16.9.1938, Менск, НКВД), лінгвіст. Скончыў БДУ. З кастр. 1930 вучоны сакратар, зь ліп. намесьнік дырэктара Інстытуту мовазнаўства БелАН. Прымаў удзел у падрыхтоўцы рэформы бел. правапісу. Арыштаваны ГПУ БССР 31.10.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Пастановай пазасудовага воргану ад 9.1.1934 зьняволены ў лягерах на 5 гадоў. 2.7.1938 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў Менску. Па першым прысудзе рэабілітаваны 16.8.1956; па другім – 21.11.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена; Спадчына. 2001, №3. С. 46–47.

 

313.      МАШЫНСКАЯ-ГЕЛЬТМАН Ядвіга (16.7.1886, мяст. Глуск Бабруйскага пав. Менскай губ. – 7.5.1946, пас. Тайнча, Казахстан), паэтэса, перакладчыца, пэдагог. У 1904-07 вучылася ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). Удзельнічала ў польскім рэвалюцыйным руху – сябра маладзёвай арганізацыі «Spojnia». У тыя ж гады пачала пісаць вершы, зь якіх апублікавала толькі адзін у менскай польскамоўнай газ. «Polska prawda». У 1917-18 была членам управы Польскага сацыялістычнага аб‘яднаньня ў Менску. У 1924-31 выкладала ў Польскім пэдтэхнікуме ў Менску, Камуністычным ун-це Беларусі. У 1932-37 у Вайсковай акадэміі імя М.Фрунзе ў Маскве. Член СП Беларусі з 1934. Друкавалася ў польскамоўнай газ. «Orka», якая выходзіла ў Менску. Перакладала на польскую мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, Ц.Гартнага, А.Александровіча. Аўтар падручнікаў для польскіх школ Беларусі. Пасьля арышту мужа – грамадзкага дзеяча Стэфана Гельтмана – была таксама арыштаваная ў 1937. Сасланая ў лягеры ў Казахстане. З 1943 там на пасяленьні: с. Баравое, Багаслоўка, пас. Тайнча. Дасылала з высылкі сыну лісты і лірычныя вершы (апублікаваныя ў час. «Нёман». 1988, №9). Памерла ў ссылцы.

 

Літ.: Гапава В. Зь перакладам і вершам у страі // Голас Радзімы. 1966, №30; Звязда. 1966, 16 ліп.; Гельтман В. Поэт и переводчик // Нёман. 1972, №1; Касперович Э. Колыбельная // Нёман. 1988, №9; Мальдзіс А. Імя, вартае памяці // ЛіМ. 1966, 15 ліп.; БП, т. 4.

 

314.      МЕЛЬНІК Сьцяпан (13.8.1883, в. Засульле Лохвіцкага р-ну Палтаўскай вобл., Украіна – 28.6.1938, Менск, НКВД), батанік. У 1911 скончыў Пецярбурскі лясны інстытут. У 1914-19 выкладаў у Харкаўскім інстытуце сельскай і лясной гаспадаркі. З 1923 прафэсар катэдры агульнай лесагадоўлі Горацкага сельскагаспадарчага інстытуту. У 1926-30 дырэктар Цэнтральнай лясной дасьледчай станцыі БССР. У 1933-38 дырэктар Батанічнага сада АН БССР. Доктар біялагічных навук (1935), член-карэспандэнт АН БССР (1936). Праводзіў тыпалягічнае вывучэньне лясоў Беларусі, дасьледаваньне паркаў, даў класіфікацыю лясоў Беларусі. Арыштаваны 28.2.1938. У чэрв. 1938 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 9.8.1957.

 

Тв.: Таблицы для определения главнейших деревьев и кустарников. – Горы-Горки, 1925; Лесо-фенологические наблюдения. – Горы-Горки, 1928.

Літ.: Юркевич И., Чекалинская Н. Основатель Ботанического сада АН БССР // Ботаника. Вып. 11. Менск, 1969; Возвращенные имена.

 

315.      МЭЛЬХІСЭДЭК (сьвецкае імя Паеўскі Міхал Львовіч; вер. 1878, с. Вітулін Канстанцінаўскага пав. Седлецкай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 17.5.1931, Масква), праваслаўны сьвятар, царкоўны дзяяч. У 1904 скончыў Казанскую духоўную акадэмію, у 1904-05 выкладаў у Магілёўскай духоўнай сэмінарыі. У 1905-07 настаяцель Магілёўскага брацкага манастыра, у 1907-14 – Бялыніцкага і Херсонскага Уладзімірскага манастыроў. З 1906 сябра Магілёўскага царкоўна-праваслаўнага Богаяўленскага брацтва. З 1914 япіскап Таўрычаскі, архіяпіскап Астраханскі. З 1919 вікарны япіскап Слуцкі, япіскап Менскі і Тураўскі. Выступіў супраць абнаўленцаў, якія стварылі Беларускую аўтаномную праваслаўную царкву. М. стаў прыхільнікам стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. У траўні – чэрв. 1922 выклікаўся ў ГПУ з мэтай схіліць да супрацоўніцтва з абнаўленцамі. Адзін з ініцыятараў скліканьня 10.7.1922 сходу бел. праваслаўнага духавенства. Зь ліп. 1922 мітрапаліт Менскі і Беларускі. З 1.6.1924 быў пад сьледзтвам; абвінавачаны ва ўтойваньні царкоўнай маёмасьці. Арыштаваны ў 1925 і на адкрытым судовым працэсе ў Менску 17.8.1925 прысуджаны да 3 гадоў зьняволеньня ўмоўна. Зноў арыштаваны ў канцы ліст. 1925 у Маскве і сасланы на пасяленьне ў Краснаярскі край. З 1927 архіяпіскап Краснаярскі. Меў намер вярнуцца ў Беларусь. Затрыманы 23.5.1927; вызвалены 17.9.1927 з падпіскай аб нявыезьдзе. У 1930 выкліканы ў Маскву на Сінод Расейскай праваслаўнай царквы. Раптоўна памёр у Дарагамілаўскім саборы.

 

Літ.: Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. – Менск, 1990. С. 259-262; Процька Т. Пакутнік за веру і бацькаўшчыну. – Менск, 1996; Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 5.

 

316.      МЕРТЭНС Станіслаў (3.5.1892, Лодзь, Польшча – жн. 1937, Менск, НКВД), дзяяч рэвалюцыйнага руху, публіцыст. Член СДКПіЛ з 1909. Быў зьняволены ў 1913-14. Член РКП(б) з 1918. Старшыня павятовага камітэту РКП(б) у Мсьціславе ў 1918. З 1919 у Чырвонай арміі. У 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкаму; потым у часовым польскім рэўкаме ў Беластоку. У 1921 наркам унутраных справаў БССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Член КПП з 1921. Адзін з арганізатараў КПЗБ і Менскай школы КПЗБ. У 1923-25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦК КПЗБ. Арыштаваны ў кастр. 1925. У выніку абмену палітвязнямі са студз. 1928 у СССР. У 1934-35 прадстаўнік ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. Аўтар многіх дакумэнтаў КПЗБ, брашур і артыкулаў. У 1935 пад рэдакцыяй М. выйшаў зборнік артыкулаў «Палітычныя партыі ў Польшчы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне». Арыштаваны ў 1937 і расстраляны. Рэабілітаваны.

 

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

317.      МІКУЛІЧ Барыс (6(19).8.1912, Бабруйск – 17.6.1954, с. Машукоўка Краснаярскага краю), празаік, крытык. Пачаў публікавацца з 1927 (час. «Маладняк»). З 1928 сябра бабруйскай філіі «Маладняка». З 1929 працаваў у бабруйскай газ. «Камуніст». У 1930 пераехаў у Менск. Працаваў карэктарам у Дзяржвыдавецтве БССР; стыльрэдактарам, адказным сакратаром у газ. «Літаратура і мастацтва». Потым зноў вярнуўся у выдавецтва на пасаду рэдактара. У 1930 вучыўся на творчым аддзяленьні МВПІ; у 1934-35 на літаратурных курсах у Маскве. Член СП Беларусі з 1934. У 1936 чытаў курс гісторыі літаратурных жанраў і гісторыі нарыса ў Інстытуце журналістыкі (Менск). Да 1936 выдаў 7 мастацкіх кніг. Арыштаваны 26.11.1936. Асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня. У 1937 пераведзены ў Марыінск Новасібірскай вобл., у 1938 – у Рашоты Краснаярскага краю. У 1943 пераведзены ў катэгорыю ссыльных. Пасьля вызваленьня ў 1946 пераехаў у Ашхабад да старэйшай сястры Кацярыны, нягледзячы на тое, што яму было забаронена жыць у сталіцах. У 1947 вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Бабруйску, на Лагойшчыне. У 1947-49 працаваў у бабруйскай бібліятэцы. Зьвярнуўся да гістарычнай тэматыкі, падрыхтаваў аповесьць пра М.Багдановіча. Актыўна пісаў, але ягоныя творы не публікаваліся. Арыштаваны паўторна 28.4.1949, высланы ў Сібір. Жыў у сяле Машукоўка Краснаярскага краю, дзе і памёр. Рэабілітаваны праз тры месяцы пасьля сьмерці.

 

Тв.: Выбранае. – Менск, 1959; Аповесьці. – Менск, 1985; Палеская аповесьць: Аповесьці, апавяданьні. – Менск, 1991; Аповесьць для сябе. – Менск, 1993.

Літ.: Бугаёў Д. Станаўленьне мастака // Бугаёў Д. Шматграннасьць. – Менск, 1970; Грахоўскі С. Слова пра друга // ЛіМ. 1962, 31 жн.; Яго ж. Так і застаўся маладым... // Грахоўскі С. Так і было. – Менск, 1986; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.

 

318.      МІНІН Яўхім (8.10.1894 або 21.10.1897, Віцебск – 29.12.1937, Віцебск?, НКВД), графік. У 1916-18 вучыўся ў Політэхнічным інстытуце ў Петраградзе; у 1920-21 у школе-майстэрні Ю.Пэна. У 1920-37 выкладаў у Віцебскай мастацкай вучэльні. Працаваў пераважна ў тэхніцы дрэварыту. З 1925 удзельнічаў у мастацкіх выставах. Стварыў шмат краявідаў Віцебска, партрэтаў, эксьлібрысаў. Сярод твораў: сэрыі дрэварытаў «Стары Віцебск» (1926-28), «Помнікі драўлянага дойлідзтва Беларусі» (1927-28), «Вайна» (1932), партрэты старога (1928), Гамэра (1935), сэрыя акварэляў «Віцебск» (1932), жывапіснае палатно «Цэх Віцебскай фабрыкі акуляраў» (1935). Экслібрысы М. экспанаваліся на выстаўцы Міжнароднага таварыства кніжнага знака (1928, Лос-Анджэлес). Арыштаваны і расстраляны ў 1937. Рэабілітаваны ў 1958.

 

Літ.: Шматаў В. Беларуская графіка 1917-1941 г. – Менск, 1975; ЭГБ, т. 5.

 

319.      МІСКО Якуб (1.6.1911, в. Чамяры Слонімскага пав. Гарадзенскай губ. – 23.10.1981, Менск), празаік, публіцыст, журналіст, паэт, перакладчык, крытык. У 1925-28 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, адкуль выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху. Друкавацца пачаў у 1926 (у падпольным часопісе вучняў гімназіі «Наперад»). Публікаваўся ў польскіх газэтах. У 1932-34 працаваў у галоўным сакратарыяце арганізацыі «Змаганьне»; у 1933-34 у рэдакцыі віленскай «Беларускай газэты» (легальнае выданьне КПЗБ). На працягу 1930-х неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі, некалькі гадоў правёў у турмах. У ліст. 1939 разам з братам арыштаваны НКВД. Вызвалены пасьля ўмяшаньня П.Панамарэнкі. У 1940-41 літсупрацоўнік лідзкай раённай газ. «Уперад». Падчас ІІ сусьв. вайны на фронце; дэмабілізаваўся ў званьні маёра. У 1948-49 вучыўся ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце. У 1947-76 працаваў у «Сельской газэте»; у 1976-81 у час. «Коммунист Белоруссии». Член Саюза журналістаў Беларусі з 1958. Заслужаны дзяяч культуры Беларусі (1967). Аўтар успамінаў пра вызваленчую барацьбу ў Зах. Беларусі; пісаў водгукі і рэцэнзіі на кнігі М.Танка, Я.Брыля, А.Адамовіча, М.Машары, В.Казько і інш. Перакладаў з польскай, украінскай, расейскай моў. Пахаваны на Паўн. могілках Менску.

 

Тв.: Маё маўклівае сэрца: Зь літаратурнай спадчыны. – Менск, 1983; Было яно калісьці: Дакумэнтальная аповесьць // Маладосць. 1980, №9.

Літ.: Башлакоў М. Рэха ўдзячнай памяці: Старонкі ўспамінаў // Беларусь. 1984, №4; Цітовіч Г. Паклон даўняму сябру // ЛіМ. 1981, 12 чэрв.; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.

 

320.      МІЦКЕВІЧ Адам (1889, в. Мікалаеўшчына Менскай губ., цяпер Стаўбцоўскі р-н – ?), фізык. Асыстэнт катэдры фізыкі БДУ. Арыштаваны 24.7.1930. Асуджаны 10.4.1931 на 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у Вяцкім краі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 15.12.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

321.      МРЫЙ А. сапр.: Шашалевіч Андрэй Антонавіч; 1(13).9.1893, в. Палуж, у іншых звестках в. Доўгавічы Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н – 8.10.1943, Мурманская вобл., ГУЛАГ), празаік, журналіст. Брат драматурга В.Шашалевіча. Зь сям‘і валаснога пісара. Скончыў духоўную вучэльню і Магілёўскую духоўную сэмінарыю (1914). Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курсу (1916) мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94 енісейскі полк. З 1918 да 1921 у Чырвонай арміі, камандзір 345 роты 14 палка. У 1921-26 настаўнічаў у мяст. Краснапольле (выкладаў гісторыю і францускую мову). Публікаваўся з 1924. Са сваякамі стварыў у Краснапольлі тэатар; выдаваў рукапісны час. «Пралеска». Зьбіраў народную лексыку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульту. У жн. 1926 выехаў у Менск, дзе на прапанову З.Бядулі стаў супрацоўнікам час. «Наш край», потым інспэктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР. З 1933 стыльрэдактар у газ. «Зьвязда». Сябра літаратурнага аб‘яднаньня «Узвышша» (з 1929; друкаваўся ў аднайменным часопісе з 1927). У 1929 напісаў сатырычны раман «Запіскі Самсона Самасуя», які быў абвешчаны «злосным пасквілем на савецкую рэчаіснасьць» (цалкам апублікаваны ў 1988: Полымя, №1; экранізаваны ў 1990: «Пратарчака жыцьця, або Запіскі Самсона Самасуя»). Арыштаваны 22.2.1934 у справе краснапольскіх настаўнікаў. 26.3.1934 асуджаны «тройкай» на 5 гадоў зьняволеньня і этапаваны ў Карагандзінскі ППЛ. Пасьля падачы апэляцыі Генпракурору СССР 21.11.1934 тэрмін пазбаўленьня волі зьменены: тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгалтарам да сьнеж. 1937. У пачатку 1938 прыехаў у Мурманск, настаўнічаў у адной зь сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2.6.1940. Асуджаны (празь дзесяць дзён) на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у Карагандзе, у Валагодзкай і Мурманскай абл. У ссылцы працягваў літаратурную дзейнасьць, напісаў раман зь лягернага жыцьця «Жывы дом». 1.3.1943 мэдычнай камісіяй прызнаны інвалідам і адпраўлены паміраць дамоў. Паводле некаторых зьвестак забіты рэцэдывістамі ў цягніку. Рэабілітаваны 6.1.1961.

 

Тв.: Творы. – Менск, 1993.

Літ.: Васючэнка П. Вяртаньне рамана, або Дзіўнае стварэньне Самасуя // ЛіМ. 1988, 29 крас.; Яго ж. Рэпрэсаваны сьмех: Роздум над лёсам і творчасьцю беларускага савецкага празаіка Андрэя Мрыя // Беларуская мова і літаратура ў школе. 1989, №3; Грахоўскі С. Праўдзівыя дакумэнты жыцьця // Полымя. 1988, №1; Чыгрын І. Андрэй Мрый: спроба сатырычнай прозы // Чыгрын І. Крокі: Проза «Узвышша». – Менск, 1989; Маракоў Л. Вядомы пад псэўданімам А.Мрый // Роднае слова. 2001. №9.

 

322.      МУРЗО Сяргей (1912, Віцебшчына? – 1937?), паэт. Да 1930 працаваў токарам на Віцебскім станкабудаўнічым заводзе «Камінтэрн». У 1934 скончыў МВПІ. Друкаваўся з 1929. Належаў да т.зв. паэтаў-ударнікаў, асноўнай тэмай якіх было ўслаўленьне працы рабочага. Быў членам Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Арыштаваны ў ліст. 1936. Абставіны сьмерці невядомыя.

 

Тв.: Ля сталёвых бліскучых машын // Рытмы будаваньня. – Віцебск, 1930.

Літ.: БП, т. 4; Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. – Менск, 1999.

 

323.      МУШКАТ Генрык (27.11.1898, мяст. Гальшаны Ашмянскага пав. Віленскай губ. – 1937, ГУЛАГ), дзяяч рабочага руху. Зь сям‘і лекара. Вучыўся ў Клецку і Нясьвіжы, у 1917 скончыў гімназію ў Петраградзе. Паступіў на юрыдычны ф-т Варшаўскага ун-ту, але ня скончыў яго. У 1918 стаў членам Польскай сацыялістычнай партыі (Левіца). З 1925 актыўны дзяяч Камуністычнай партыі Польшчы. Першы раз арыштаваны ў 1919 у Польшчы, на тэрыторыі Шлёнска, але ў 1920 уцёк па дарозе пад Кракавам. У студз. 1922 зноў арыштаваны ў Варшаве, але вызвалены пад заклад. У 1926 асуджаны акруговым судом у Варшаве на 4 гады турмы, у 1928 амніставаны. У 1931 зноў арыштаваны ў Варшаве, аднак дзякуючы заступніцтву А.Барбюса вызвалены. У 1932 выехаў у СССР, дзе жыў пад прозвішчам Вышкоўскі. 9-18.5.1935 удзельнічаў у II зьезьдзе КПЗБ у Сьляпянцы пад Менскам. У 1935-36 жыў у Маскве, працаваў у Інстытуце Маркса-Энгельса-Леніна пры ЦК ВКП(б) і Камінтэрне. У ліп. 1937 арыштаваны. Рэабілітаваны ў 1955.

 

Літ.: PSB XXII.

 

324.      МЯДЗЁЛКА Паўліна (12(24).9.1893, мяст. Будслаў Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 13.2.1974, Будслаў), артыстка, пэдагог, мэмуарыстка. Скончыла Глыбоцкую царкоўнапрыходзкую вучэльню. З 1907 у Рызе, вучылася на вячэрніх курсах для дарослых. З 1909 у Вільні, займалася ў прыватнай жаночай гімназіі Нязьдзюравай і Райсмілер. Зблізілася зь віленскім бел. асяродкам. Увосені 1912, пасьля сканчэньня гімназіі, накіравалася ў Пецярбург на Вышэйшыя камэрцыйныя курсы, якія скончыла ў 1914. У 1913 выканала ролю Паўлінкі ў пецярбурскай прэм‘еры п‘есы Я.Купалы. Падчас 1-й сусьветнай вайны ў эвакуацыі ў Царыцыне. З восені 1916 у Петраградзе сакратар Беларускага камітэту дапамогі ахвярам вайны. У 1917 працавала ў Кіеве (Саюз гарадоў). У кастр. 1917 па дамоўленасьці з княгіняй Магдаленай Радзівіл арганізавала бел. школу ў в. Жорнаўка Ігуменскага пав. Пасьля таго, як у сак. 1918 школа была закрыта, перабралася ў Менск. Працавала настаўніцай, удзельнічала ў пастаноўках Першага таварыства беларускай драмы і камэдыі. Наведвала Вільню і Горадню. З 1918 выступала ў друку з вершамі. Зь вясны 1919 інспэктар бел. школ, кіраўнік Грамады беларускай моладзі і драматычнага гуртка ў Горадні. 20.7.1919 арыштаваная польскімі ўладамі за ўдзел у выданьні газ. «Родны край» (Горадня). З пачатку 1920 у Менску, кіравала бел. жаночай школай. Зноў арыштаваная разам з мужам Т.Грыбам польскімі ўладамі ў траўні 1920. Перад наступленьнем Чырвонай арміі вывезена ў Варшаву, сядзела ў турме Вронкі на Пазнаншчыне. Пасьля вызваленьня накіраваная на жыхарства ў Лодзь з забаронай пераяжджаць на «ўсходнія крэсы». З падробнымі дакумэнтамі выехала ў Вільню, потым (у лют. 1921) трапіла ў Літву. У Коўне займалася выданьнем агітацыйнай літаратуры, накіраванай супраць польскай акупацыі Зах. Беларусі. Друкавалася ў газ. «Сялянская доля». З восені 1921 на прапанову Ц.Гартнага працавала ў выдавецкім аддзеле пры савецкім пасольстве ў Бэрліне. У 1922 пераехала ў Латвію, выкладала ў бел. гімназіі ў Дзьвінску. У траўні 1924 арыштаваная латыскімі ўладамі разам зь іншымі выкладчыкамі. Апраўданая судом у крас. 1925. 22.5.1925 разам з братам прыехала ў БССР. Працавала ў сэктары мастацтва Інбелкульту. У 1927-30 выкладала бел. мову ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Арыштаваная ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; высланая ў Казань. З восені 1932 выкладала расейскую мову і літаратуру ў адной з маскоўскіх школ. Улетку 1947 пераехала ў мяст. Будслаў. Да 1958 працавала настаўніцай. У Будславе напісала свой найбольш значны твор – мэмуары «Сьцежкамі жыцьця», якія ў фрагмэнтах пачалі друкавацца з 1958 (асобным выданьнем выйшлі ў 1974; ч. 2 надрукавана ў 1993). Заслужаная дзяячка культуры Беларусі (1966).

 

Тв.: Сялянская доля: Паэма. – Б.м., 1921; Сьцежкамі жыцьця. – Менск, 1974.

Літ.: Ермаловіч М. Першая выканаўца // Настаўніцкая газэта. 1973, 15 вер.; Калесьнік У. Галгофа адроджаных // Полымя. 1993, №2; Марціновіч А. Паўліна, Паўлінка, Журавінка // ЛіМ. 1993, 10 вер.; Янушкевіч Я. Невядомыя старонкі жыцьця Паўліны Мядзёлкі // Голас Радзімы. 1993, 23 вер.; Міхнюк У. «Невінаватым ад нас ня выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, №6; БП, т. 4.

 

325.      МЯЖЭВІЧ Уладзімер (23.5.1907, в. Крывушча Аршанскага пав. Віцебскай губ., цяпер пас. Якаўлевічы Аршанскага р-ну – 1.7.1982, Менск), празаік, журналіст. Вучыўся ў царкоўнапрыходзкай школе. У 1925 працаваў загадчыкам хаты-чытальні. Публікавацца пачаў у 1924. Быў сябрам Аршанскай філіі «Маладняка». У 1926-27 загадваў аддзелам прапаганды ў Копыскім, Горацкім райкамах камсамолу; у 1928 сакратар Горацкага райкаму камсамолу. У 1929-33 працаваў у Менску ў газ. «Зьвязда», адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленьні філялягічна-гістарычнага ф-ту БДУ. У 1931-32 выдадзены яго першыя кнігі нарысаў і апавяданьняў «Крок у будучыню» і «Шляхам герояў». У 1933 рэдактар бягомльскай раённай газ. «Калгасны змагар». У 1934-37 працаваў карэспандэнтам газ. «Известия» па Беларусі. Арыштаваны 27.1.1937; пры арышце канфіскаваны новыя рукапісы мастацкіх твораў. Асуджаны (15.11.1937) на 10 гадоў лягераў (у 1942 тэрмін зьняволеньня быў скарочаны да 8 гадоў). Пасьля вызваленьня (27.1.1945) працаваў лесарубам у Краснаярскім краі (Канск). Зноў арыштаваны 10.7.1947. Рэабілітаваны 26.1.1955. Вярнуўся ў Менск; у 1956-67 працаваў у час. «Вожык», «Вясёлка», «Бярозка», карэспандэнтам газ. «Лесная промышленность». З 1971 член СП Беларусі. У 1960-70-я апублікаваў некалькі кніг нарысаў і апавяданьняў. Пахаваны на Паўн. могілках Менску.

 

Тв.: Медунічкі: Апавяданьні. – Менск, 1966; Землякі: Нарысы. – Менск, 1969; Лясныя знаходкі: Апавяданьні і нарысы. – Менск, 1969; Яны былі першымі. – Менск, 1970; Аксамітны бляск: Апавяданьні, гумарэскі. – Менск, 1971; Выдумшчыцы: Апавяданьні. – Менск, 1971; Стрэлы на зялёнай палянцы: Аповесьць. – Менск, 1973; Спатканьні на дарогах: Запіскі карэспандэнта. – Менск, 1978; На ўсходзе сонца: Апавяданьне. – Менск, 1982.

Літ.: Кухараў С. «І ўсё ж я шчасьлівы…» // ЛіМ. 1982, 9 ліп.; БП, т. 4.

 

326.      МЯЛЕШКА Міхал (27.4(9.5).1892, в. Скары Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 19.4.1941, Самара), гісторык, пісьменьнік, публіцыст. З 1911 працаваў на фабрыках у Пецярбургу. Удзельнічаў у гуртку Б.Эпімах-Шыпілы. У 1913 апублікаваў першае апавяданьне «Родныя абразкі» ў альманаху «Маладая Беларусь». У 1914-18 у расейскай арміі. З 1917 член БСГ. З 1918 працаваў у Віцебскім аддзяленьні Белнацкаму. У 1918-21 вучыўся ў Віцебскім аддзяленьні Маскоўскага археалягічнага інстытуту. Працаваў у Віцебскім археалягічным інстытуце і губэрнскім архіве. У 1920-21 служыў у Віцебскім губэрнскім ваенкамаце. Зь ліст. 1922 у Менску. Працаваў у Цэнтрархіве БССР; з 1927 у Цэнтральнай архіўнай управе БССР. З 1923 сябра Інбелкульту. У 1923-24 чытаў лекцыі аб этнаграфіі ў Віцебскім пэдінстытуце. У 1926-28 выкладаў гісторыю Беларусі ў Камуністычным ун-це Беларусі. Дасьледаваў праблемы прыгоннага права, падзеі 1863-64 і 1905-07 у Беларусі. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 сасланы ў Самару на 5 гадоў. Паўторна арыштаваны 16.2.1938. Вызвалены з-пад сьледзтва 4.3.1940. Рэабілітаваны па першым прысудзе ў 1957, па другім – у 1962.

 

Тв.: Камень у вераваньнях і паданьнях беларусаў. – Менск, 1929; Цэнтрархіў Беларусі // Полымя. 1923, №7-8; Паншчына на Беларусі // Полымя. 1924, №4; 1925, №4, 6; Краязнаўства і архівы Беларусі // Наш край. 1927, №11; З. Жылуновіч як гісторык // Полымя. 1928, №10; Дзёньнік Міхала Мялешкі // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. – Менск, 1994.

Літ.: Бібліятэка Міхася Мялешкі: Зводны каталёг. – Менск, 1998; Скалабан В., Крапивин С. Михаил Мелешко: Долгое возвращение в Беларусь // Советская Белоруссия. 1998, 10 окт.; Возвращенные имена; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.

 

327.      МЯЛЕШКА Сяргей (1901 – 5.10.1938), музэйны работнік, гісторык. Скончыў БДУ. У 1926-30 загадчык Полацкага краязнаўчага музэя. Выкладаў у Полацкім пэдтэхнікуме. Арыштаваны ГПУ БССР у 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы ў Астрахань. Арыштаваны Ліпецкім гарадзкім аддзелам НКВД 17.7.1938. «Тройкай» УНКВД Варонежскай вобл. 5.10.1938 прысуджаны да расстрэлу.

 

Тв.: Полацкі акруговы краязнаўчы музэй // Наш край. 1929, №12.

Літ.: Гужалоўскі А. Музэі Беларусі (1918-1941 г.). – Менск, 2002; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

328.      МЯРКІТЭ Аляксандра (16.12.1901, в. Палевеняліс Панявескага пав. Ковенскай губ., цяпер Купіскі р-н, Літва – 14.9.1938, Менск, НКВД), паэтэса, празаік, публіцыст. У 1920 уступіла ў КП Літвы. Першы верш апублікавала ў час. «Komunaras». Перад пагрозай арышту ў 1921 нелегальна выехала ў СССР; вучылася ў Маскве ў Літоўскай партыйнай школе, Камуністычным ун-це народаў Захаду. Працавала ў час. «Komunaras» і «Kibirkstis». У 1924 накіравана на падпольную работу ў Коўна. Арыштаваная літоўскімі ўладамі ў 1925; уцякла з турмы. З восені 1925 ў Менску. Працавала бібліятэкарам, потым загадчыцай бібліятэкі імя Л.Талстога. У 1929-33 жыла ў Полацку, працавала ў газ. «Чырвоная Полаччына». З 1933 зноў у Менску. Вучылася ў асьпірантуры пры Інстытуце літаратуры БелАН (пакінула асьпірантуру з-за хваробы). Член СП Беларусі з 1934. Друкавалася ў менскай літоўскамоўнай прэсе: газ. «Raudonasis artojas», час. «Priekalas» і «Darbininkes lapelis». Арыштаваная 21.7.1937. 3.6.1938 Вайсковым трыбуналам БВА прысуджаная да расстрэлу. Рэабілітаваная 17.12.1957.

 

Тв.: Zingsniuojanciai jaunatvei. – Minskas, 1936; Zingsniuojanciai jaunatvei. – Vilnius, 1961.

Літ.: Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязяў. – Менск, 1970; Возвращенные имена; БП, т. 4.

 

329.      МЯТЛА Пётра (1890, в. Кухцінцы Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Міёрскі р-н – 12.8.1936, Белбалтлаг), дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Зах. Беларусі, пэдагог, публіцыст. У 1906-10 вучыўся ў Дзісенскай гарадзкой вучэльні, у 1911-12 на пэдагагічных курсах у Коўне. Працаваў настаўнікам. У 1914-17 у арміі; вучыўся ў Аляксееўскай вайсковай вучэльні, юнкеры якой у 1917 выступілі супраць бальшавікоў. М. сярод іншых быў арыштаваны. З канца 1917 да 1921 настаўнічаў на Дзісеншчыне. З 1921 у Вільні. Працаваў у каапэрацыі. Удзельнічаў у стварэньні бел. школ у Зах. Беларусі. У 1922 выбраны дэпутатам польскага сэйму. Член КПЗБ з 1926; адзін са стваральнікаў БСРГ. Быў рэдактарам грамадаўскіх газэт. Аўтар публікацыі пра паездку з паслом Ярэмічам у 1924 у Менск. Арыштаваны 16.1.1927 у сувязі з разгромам Грамады. У 1928 на «працэсе 56-ці» прысуджаны да 12 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязняў з 1930 у БССР. Працаваў у ВСНГ БССР, у Камісіі па вывучэньні Зах. Беларусі пры Прэзыдыюме БелАН; старшыня Камісіі ў 1932-33. Арыштаваны ГПУ БССР 1.9.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 «як кіраўнік і арганізатар БНЦ» судовай калегіяй ОГПУ СССР прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў лягераў. Накіраваны на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу. Рэабілітаваны 16.8.1956.

 

Тв.: Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускай сялянска-работніцай грамады. – Вільня, 1926; Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе. – Менск, 1932.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 5.

 

330.      НЕКАНДА-ТРЭПКА Антон (11.2.1877, Менск – 12.2.1942, Казахстан), грамадзкі і паліт. дзяяч, пэдагог, публіцыст. Сваяк Я.Лучыны. Скончыў Менскую гімназію, Пецярбурскі тэхналягічны інстытут (1903), электратэхнічныя курсы ў Льежы (Бэльгія, 1904). Падчас вучобы ў Пецярбургу далучыўся да студэнцкага і бел. культурніцкага руху. Быў арыштаваны. Адзін са стваральнікаў БСГ. З 1905 працаваў інжынэрам-электрыкам у Варшаве, Пецярбургу, Маскве. З 1909 у складзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца». Падчас 1-й сусьветнай вайны жыў у Зах. Еўропе. З восені 1918 у Менску, выкладаў у польскай гімназіі і ў настаўніцкім інстытуце. Зімой 1919 працаваў у Наркамасьвеце БССР, член Калегіі. Арыштаваны 17.3.1919 ВЧК. Высланы ў Смаленск. З 1.3.1920 нам. дырэктара МВПІ. Зь лета 1920 у Вільні. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі, у 1922-23 і 1928-30 яе дырэктар. У 1921-24 адказны сакратар ТБШ. Супрацоўнічаў зь Беларускім навуковым таварыствам, Беларускім выдавецкім таварыствам, Беларускім музэем імя І.Луцкевіча, газ. «Наперад». Выдаў падручнікі фізыкі і матэматыкі для сярэдніх школ. Арыштаваны НКВД у кастр. 1939; сасланы на 10 гадоў у Сібір. У сувязі з уступленьнем у армію генэрала Андэрса, быў вызвалены. Памёр па дарозе да месца дыслякацыі.

 

Тв.: Фізыка: Мэханіка і цяплыня. – Вільня, 1922; Фізыка: Акустыка і оптыка. Ч. 2. – Вільня, 1924; Аналітычная геамэтрыя. – Вільня, 1927.

Літ.: ЭГБ, т. 5.

 

331.      НЕКРАШЭВІЧ Сьцяпан (8.5.1883, в. Данілаўка Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Светлагорскі р-н – 20.12.1937, Менск, НКВД), мовазнавец, грамадзкі дзяяч. У 1908 скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю, у 1913 Віленскі настаўніцкі інстытут. Падчас 1-й сусьветнай вайны ў дзейнай царскай арміі на Румынскім фронце. З восені 1917 у Адэсе. Пасьля абвяшчэньня БНР прадстаўнік яе ўраду на Поўдні Ўкраіны і пры францускім камандаваньні Антанты. Адначасова вучыўся ў Адэскім вышэйшым міжнародным інстытуце. З 1920 у Менску. Працаваў у апараце Наркамасьветы БССР. У 1922-25 старшыня Інбелкульту. З 1927 дацэнт БДУ. З пачатку 1925 да ліп. 1926 на стажыроўцы ў Ленінградзкім ун-це, працаваў пад кіраўніцтвам Я.Карскага. З 1928 акадэмік БелАН, віцэ-прэзыдэнт БелАН, адначасова з 1929 дырэктар Інстытуту мовазнаўства, старшыня камісіі па ўкладаньні слоўніка жывой бел. мовы, старшыня правапіснай і асьпіранцкай камісіяў. З 1.1.1928 старшыня Галоўнавукі пры Наркамасьвеце БССР. Асноўны кірунак навуковай дзейнасьці – лексыкаграфія і гісторыя бел. мовы. Арыштаваны ГПУ БССР 21.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 пастановай калегіі ОГПУ СССР прысуджаны да 5 гадоў высылкі ў Сарапул (Удмурція). Тэрмін ссылкі быў прадоўжаны на 2 гады. Паўторна арыштаваны ў ліст. 1937; дастаўлены ў Менск. 19.12.1937 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду БССР прысуджаны да расстрэлу. Па 2-м прысудзе рэабілітаваны 12.10.1957, па 1-м – 10.6.1988.

 

Тв.: Беларуска-расейскі слоўнік. – Менск, 1925 (разам з М.Байковым); Расейска-беларускі слоўнік. – Менск, 1928 (разам з М. Байковым); Мова кнігі Касьяна Ермаліты // Запіскі аддзелу гуманітарных навук ІБК. Т. 1. Кн. 2. – Менск, 1928.

Літ.: Германовіч І. Аб навуковай дзейнасьці С.М.Некрашэвіча // Веснік БДУ. Сэрыя 4. 1972, №3; Іофэ Э. Першы старшыня Інбелкульту // Спадчына. 1995, №6; Шчэрбін В. Ён мог стаць беларускім Далем: Пра лексыкаграфічную дзейнасьць Сьцяпана Некрашэвіча // Роднае слова. 1995, №2; Возвращенные имена; Беларуская мова; ЭГБ, т. 5.

 

332.      НЕМАНЦЭВІЧ Антон (27.1(8.2).1893, Санкт-Пецярбург – 1.4.1943?, Берлін, гестапа), грэка-каталіцкі сьвятар, публіцыст, ідэоляг аб‘яднаньня зах. і ўсх. цэркваў. Нар. у сям‘і перасяленцаў з в. Парчэўцы Сакольскага пав. Гарадзенскай губ. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю, Петраградзкую каталіцкую духоўную акадэмію (1918). Пасьвечаны ў сьвятары 27.9.1915. З 1918 вікары парафіяльнага касьцёла сьв. Кацярыны ў Колпіне пад Петраградам. Перасьледаваўся бальшавікамі за рэлігійную дзейнасьць. Першы раз арыштаваны 25.5.1919; правёў у зьняволеньні 6 месяцаў. 31.5.1921 за пратэсты супраць арышту біскупа Цепляка быў зьняволены на некалькі месяцаў. Пасьля вызваленьня вікары парафіі сьв. Пятра і Паўла ў Маскве. Зноў арыштаваны ў 1923. Па абмене палітвязьняў у 1925 перададзены Польшчы. Выехаў у Рым, дзе вывучаў тэалёгію. Доктар тэалёгіі (1927). У 1928-29 выкладаў у Люблінскім каталіцкім ун-це. У 1929 уступіў у ордэн езуітаў; прыняў грэка-каталіцкі абрад. Настаяцель грэка-каталіцкай царквы ў мяст. Альбярцін пад Слонімам, з 1933 – Сынковіцкай царквы. У 1932-37 выдаваў бел. уніяцкі час. «Да злучэньня», на старонках якога актыўна публікаваўся. З 1934 прафэсар тэалёгіі і кананічнага права ў Папскай Усх. сэмінарыі ў Дубне (Зах. Украіна). У 1938 у Варшаве выдаваў час. «Злучэньне». З 1939 узначаліў Беларускі экзархат Украінскай грэка-каталіцкай мітраполіі (узведзены ў сан экзарха 17.9.1939). Увёў бел. мову як афіцыйную ў справаводзтва і ў царкоўнае жыцьцё. Арыштаваны гестапа 4 ліп. 1942 ў Альбярціне. Памёр у турме ў Бэрліне альбо загінуў у менскай турме СД.

 

Літ.: Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. – Менск, 1990; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Гарбінскі БРД. Ёрш С. Дзе й калі загінуў экзхарх а. Антон Неманцэвіч? // Царква (Берасьце), 2002, №4.

 

333.      НЕМЦАЎ (НЯМЦОЎ) Аляксандр (29.8.1898, Гомель – сак. 1938), краязнавец, этнограф, пэдагог, публіцыст. У 1917 скончыў настаўніцкую сэмінарыю ў Яраслаўлі; у 1933 Маскоўскі пэдагагічны інстытут. На працягу 1917-38 настаўнічаў у мяст. Асіпавічы. На тэрыторыі раёна выявіў і апісаў помнікі археалёгіі – курганы, гарадзішчы, стаянкі. З 1929 карэспандэнт Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК). Вывучаў фальклёр і этнаграфію Асіпавіцкага р-ну. Публікаваўся ў час. «Наш край», «Савецкая краіна», газ. «Савецкая Беларусь». Арыштаваны і расстраляны ў 1938. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Праца па абсьледаваньні Асіпавіцкага раёну ў летні пэрыяд 1926 г. // Наш край. 1926, №12; Вясельле: Запісана ў в. Смык-Слабада Зборскага сельсавету і ў в. Заручэўе Дзераўцоўскага сельсавету ў студзені – лютым 1927 г. Асіпавіцкага раёна // Наш край. 1927, №4; Спосабы лову жывёл і птушак у Асіпавіцкім раёне // Наш край. 1927, №5; Помнікі старасьветчыны ў Асіпавіцкім раёне // Асіпавіцкі раён Бабруйскай акругі. Вып. 2. Менск, 1928.

Літ.: Этнаграфія Беларусі. – Менск, 1989. С. 367-368; ЭГБ, т. 5.

 

334.      НЁМАНСКІ Янка (сапр.: Пятровіч Іван Андрэевіч; 31.3(12.4).1890, мяст. Шчорсы Наваградзкага пав. Менскай губ. – 30.10.1937, Менск, НКВД), празаік, публіцыст, эканаміст, грамадзкі дзяяч. У 1909 скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю; у 1915-16, 1918 вучыўся на гісторыка-філялягічным ф-це Петраградзкага ун-ту. У 1916 мабілізаваны ў армію, накіраваны ў школу прапаршчыкаў. У 1918 загадчык выдавецкага аддзелу Беларускага нацыянальнага камісарыяту. У 1918-19 разам з Ц.Гартным выдаваў газ. «Дзяньніца». Там з 1918 пачаў друкаваць публіцыстычныя творы. У 1919-21 у Чырвонай арміі. З 1922 у Менску; працаваў у плянава-эканамічных ворганах. Нам. старшыні Дзяржпляну БССР. Член Інбелкульту. Акадэмік БелАН з 1928. У 1929-31 неадменны сакратар БелАН. З 1931 загадчык аддзелу эканомікі НДІ прамысловасьці. У 1933-36 узначальваў катэдру фінансавых дысцыплін у Беларускім дзяржаўным інстытуце народнай гаспадаркі. Зь першым апавяданьнем «Над Кроманьню» выступіў у 1922 (час. «Полымя»). У 1927-32 сябра праўленьня літаратурнага аб‘яднаньня «Полымя». На працягу 1928-30 пісаў раман «Драпежнікі», які застаўся няскончаным (рукапіс 2-й часткі быў спалены энкавэдыстамі пасьля арышту). Арыштаваны 26.4.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 29.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.3.1957.

 

Тв.: На зломе: Апавяданьні. – Менск, 1925; Творы. – Менск, 1984.

Літ.: Строева Т. Адзін з пачынальнікаў // ЛіМ. 1980, 4 крас.; Хомчанка В. Абавязак памяці // ЛіМ. 1985, 15 ліст.; Савік Л. Янка Нёманскі // Гісторыя Беларускай літаратуры ХХ ст. Менск, 1999. Т. 2; Платонаў Р. Лёсы. – Менск, 1998; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.

 

335.      НІКАЛАЕЎ-АСТРАВЕЦКІ Аляксандар (кастр. 1905, в. Валілы Беластоцкага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 17.5.1934, Менск, НКВД), журналіст, рэдактар. Апошняя пасада – загадчык аддзелу міжнароднай інфармацыі газ. «Зьвязда». Арыштаваны 12.10.1933. Прысуджаны 9.1.1934 да расстрэлу. Рэабілітаваны 18.4.1956.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

336.      НІКАНОВІЧ Мікола (2(15).4.1902, в. Кляньнік Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Смалявіцкі р-н – кастр. 1944, Чэхаславаччына), празаік, перакладчык. Вучыўся ў гімназіі ў Ігумене. Удзельнічаў у партызанскай барацьбе супраць польскіх войск. Настаўнічаў у роднай вёсцы. Першае апавяданьне «Ахвяры цемры» апублікаваў у 1922 у газ. «Савецкая Беларусь»; першы верш у 1925 у час. «Аршанскі маладняк». У 1926 выйшлі зборнікі апавяданьняў «Золак» і «Радасьць». У 1928 пераехаў у Менск. Працаваў стыльрэдактарам у газ. «Чырвоная зьмена», потым у газ. «Зьвязда». Ягоная паэма ў прозе «Журавіны» («Беларусь калгасная». 1932, №8) была аб‘яўлена варожай. Арыштаваны ГПУ БССР 4.3.1933 у справе «Беларускай народнай Грамады». На тры гады сасланы на Ўрал. Працаваў у газ. «Уральский рабочий»; пазьней – «Советский Дон». У 1942 мабілізаваны ў армію. У кастр. 1944 падчас баёў на тэрыторыі Чэхаславаччыны прапаў бязь вестак. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Летнім днём: Выбранае. – Менск, 1960; Сьветлая даль: Апавяданьні; Аповесьці; Замалёўкі. – Менск, 1985.

Літ.: Скрыган Я. Прапаў бязь вестак // Скрыган Я. Выбр. тв.: У 2 т. – Менск, 1985. Т. 2; Шушкевіч С. Сын незабыўных дзён // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2.; БП, т. 4.

 

337.      НОВІК-ПЯЮН Сяргей (сапр.: Новік Сяргей Міхалавіч; 14(27).8.1906, в. Лявонавічы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Нясьвіскі р-н – 26.8.1994, Менск), паэт, празаік. У 1918-24 вучыўся ў Нясьвіскай гімназіі; у 1925-26 на бел. настаўніцкіх курсах у Вільні. У 1925 апублікаваў свой першы верш «Не бядуй» у час. «Студэнцкая думка» (№4). У 1926 стварыў у роднай вёсцы хор (з 1963 народны) і тэатар. Арганізаваў гурток ТБШ, бел. бібліятэку і тайныя школы ў Лявонавічах і навакольлі, за што ў 1926 высланы польскімі ўладамі ў Сьвеце над Віслай. У 1927-31 супрацоўнік віленскага час. для дзяцей «Заранка». Пасьля вяртаньня ў родныя мясьціны ў 1931 зноў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. Разам з жонкай Людмілай у 1938-39 выдаваў польскамоўную газ. „Gazeta Slonimska“. Чарговы раз арыштаваны польскімі ўладамі ў сак. 1939; зьняволены ў турме ў Баранавічах. Вызвалены пасьля прыходу Чырвонай арміі. У 1939-40 працаваў у сыстэме народнай адукацыі, потым дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музэя. У чэрв. 1941 выратаваў экспанаты музэя разам з І.Стаброўскім, схаваўшы іх на ўскраіне гораду. Падтрымліваў сувязі з партызанамі. У 1943 арыштаваны СД; адпраўлены ў лягер сьмерці Калдычава. 4.7.1944 падчас расстрэлу групы вязьняў (600 чалавек) паранены, прыкінуўся мёртвым, што і выратавала. Пасьля вызваленьня Слоніма працаваў дырэктарам музэя. 14.12.1944 арыштаваны органамі НКГБ; 24.3.1945 вайсковым трыбуналам асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі і адпраўлены на Калыму. Рэабілітаваны ў 1958. У 1959 вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясьвіжы; з 1960 – у Менску. Выступаў у бел. рэспубліканскім друку. Некаторыя песьні на словы Н.-П. лічацца народнымі, найбольш вядомыя зь іх «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»). Пісаў на бел., расейскай, польскай мовах і на эспэранта. Кніга вершаў «Песьні з-за кратаў» засталася ў рукапісе. Член СП Беларусі з 1984.

 

Тв.: Заўсёды зь песьняй. – Менск, 1984; Зорачкі ясныя: Вершы. – Менск, 1986.

Літ.: Ліс А. Іскры з вогнішча // ЛіМ. 1966, 22 лют.; Пяткевіч А. Сьцежкамі роднага краю // Наднёманскія былі. – Менск, 1968; Лойка А. Душа рвалася да песень // ЛіМ. 1981, 9 кастр.; Шишигина К. Музы Несвижа. – Менск, 1986; БП, т. 4.

 

338.      НЯВЕРАЎ Мiкалай (магчыма, ня прозьвішча, а псэўданім; ? – ?), удзельнiк бел. падпольнага руху, журналiст, паэт. Падчас нямецкай акупацыi – удзельнiк нацыянальнага партызанскага руху. Служыў у Беларускай Краёвай Абароне. Зь лета 1944 жыў з фальшывымi дакумэнтамi. Належаў да бел. нелегальнай групы Валянціна Крывенкі. Група займалася распаўсюдам антысавецкія адозваў і ўлётак, у тым ліку і вершаў Н. Пасьля ліквідацыі падпольнай групы пакінуў Беларусь. Потым хаваўся сярод сваякоў на вёсцы. Распаўсюджваў друкаваныя на машынцы антысавецкiя ўлёткi і вершы, у якiх крытыкаваў калгасы і дзеяньнi савецкiх уладаў. Пiсаў рэцэнзii на творы савецкiх пiсьменьнiкаў i высылаў iх у рэдакцыi газэт i часопiсаў. Падчас арышту аказаў узброены супрацiў.

 

Літ.: Мiкалай Нявераў – змагар-адзiночка // Беларускi Голас (Таронта). 1972, травень, №202; Мiкалай Нявераў // Баявая ўскалось. 1972, №12; Антысавецкія рухі.

 

339.      ПАВАРОТНЫ Зьміцер (1905, в. Жароўка Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – ?), журналіст. Нарадзіўся ў сялянскай сям‘і. На момант арышту працаваў у газ. «Зьвязда». Арыштаваны 2.4.1933 на сваёй кватэры (вул. Савецкая, д. 101, кв. 3). Да прысуду сядзеў ва ўнутранай турме НКВД, нейкі час у адной камэры з паэтам М.Кавылём. 10.8.1933 асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў на Ўрале. Рэабілітаваны Судовай калегіяй Вярхоўнага суду БССР 24.8.1956. Далейшы лёс невядомы. Асобная справа Э. (№14618-с) разам з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КГБ Беларусі.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

340.      ПАДАБЕД Язэп (ліст. 1905, в. Ванікоўшчына Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – ?), паэт, публіцыст. У 1925 скончыў МБПТ. Працаваў у Клімавічах Магілёўскай вобл. ў рэдакцыі акруговай газ. «Наш працаўнік». Публікаваць вершы пачаў у 1924; друкаваўся на старонках час. «Маладняк» і «Полымя». Выступаў таксама з рэцэнзіямі і публіцыстыкай. Быў сябрам «Маладняка»; уваходзіў у рэдкалегію «Маладняка Калініншчыны». Пасьля 1928 публікацыі П. у пэрыёдыцы зьніклі. Арыштаваны ў 1936. Некаторы час быў у адным канцлягеры з Я.Кіпелем. Далейшы лёс невядомы.

 

Тв.: Вершы. – Менск, 1926.

 

341.      ПАДЗЯВА Тамаш (6.2.1906, в. Пярхулева Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Мёрскі р-н – 2.10.1975, Лёндан), грэка-каталіцкі сьвятар, марыянін, тэоляг, місіянэр, сацыёляг, пэдагог, публіцыст. У 1926 уступіў у навіцыят марыянаў у мяст. Друя. У 1929 скончыў гімназію ў Друі. Прадоўжыў вучобу ў Папскім Грыгарыянскім ун-це ў Рыме. Пасьвечаны ў сьвятары 23.12.1934. З 1935 займаўся місіянэрскай дзейнасьцю ў Харбіне (Кітай); працаваў у місіі сьв. Мікалая. Супрацоўнічаў з харбінскім місіянэрскім выданьнем «Католический вестник». Арыштаваны ў канцы 1948 кітайскімі ўладамі; перададзены МГБ СССР. Да 1955 знаходзіўся ў зьняволеньні ў лягеры Тайшэт (Усх. Сібір). Пасьля вызваленьня жыў у Польшчы, дзе займаўся навуковай і пэдагагічнай дзейнасьцю. У 1969 выехаў у Рым, пазьней у Лёндан. Выступаў на старонках бел. рэлігійных выданьняў (час. «Божым шляхам» і інш.); супрацоўнічаў зь бел. сэкцыяй Ватыканскага радыё. Пахаваны на лёнданскіх могілках Дзевы Марыі.

 

Літ.: Божым шляхам (Лёндан). 1975, №3-4; Гарбінскі БРД.

 

342.      ПАЗНЯК Янка (1887, мяст. Суботнікі Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Іўеўскі р-н – пасьля кастр. 1939, Менск?, НКВД), публіцыст, паліт. і культурны дзяяч. У 1913-15 у Вільні разам з А.Бычкоўскім, Ядвігіным Ш., Б.Пачопкам і інш. выдаваў каталіцкую газ. «Беларус». У 1918-20 служыў арганістам у Лаварыскім касьцёле каля Вільні, потым у Сьвятаянскім касьцёле ў Вільні. Член Хрысьціянска-дэмакратычнай злучнасьці з моманту яе заснаваньня ў траўні 1917 у Петраградзе. Удзельнічаў у бел. хрысьціянска-дэмакратычным руху, асабліва пасьля перанясеньня яго сядзібы ў 1921 у Вільню. Актыўна друкаваўся на старонках газ. «Крыніца» («Беларуская крыніца»). У 1928-36 рэдагаваў «Беларускую крыніцу». У 1936 газэта канфіскоўвалася 11 разоў; на яе рэдактара было заведзена больш за 30 судовых справаў. П. быў абкладзены грашовымі штрафамі; арыштаваны, правёў у зьняволеньні некалькі месяцаў. У 1937 «Беларуская крыніца» была закрытая ўладамі. З 1938 П. рэдагаваў час. «Хрысьціянская думка». У канцы 1930-х – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту. Арыштаваны НКВД у кастр. 1939 і вывезены зь Вільні. Абставіны гібелі невядомыя.

 

Тв.: Самаўрад вясковых гмін. – Вільня, 1929.

Літ.: Малецкі Я. Пад знакам Пагоні (Успаміны). – Таронта, 1976; БП, т. 4; ЭГБ, т. 5.

 

343.      ПАЛЬЧЭЎСКІ Алесь (3(16).1.1905, в. Прусінава Менскага пав., цяпер Узьдзенскі р-н – 26.4.1979, Менск), празаік, драматург, рэдактар. Вучыўся ў Вышэйшай пачатковай вучэльні ў мяст. Новы Сьвержань. Першыя вершы і апавяданьні апублікаваў у 1924. У 1925 паступіў на рабфак БДУ. У 1931 скончыў пэдагагічны ф-т БДУ. Працаваў у час. «Каапэрацыя БССР», потым у час. «Шляхі калектывізацыі». У 1931-36 адказны сакратар дзіцячага час. «Іскры Ільіча». Арыштаваны ў ліст. 1936; у 1937 прысуджаны да 8 гадоў зьняволеньня. Быў накіраваны на лесараспрацоўкі ў Горкаўскую вобл. Пасьля вызваленьня ў 1946 вярнуўся ў Беларусь; працаваў настаўнікам у Пухавіцкай і Рудзенскай сярэдніх школах. Зноў арыштаваны ў крас. 1949; сасланы ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны ў 1954. Пасяліўся ў Менску. У 1955-57 працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў Дзяржвыдавецтве БССР; з 1957 літсупрацоўнік, у 1961-71 адказны сакратар час. «Вясёлка». Член СП Беларусі з 1956. Пахаваны ў в. Прусінава. Імя П. нададзена вуліцы ва Узьдзе.

 

Тв.: Мора на камені: Выбранае. – Менск, 1966; Выбр. тв.: У 2-х т. – Менск, 1975; Выбр. тв.: У 2-х т. – Менск, 1980.

Літ.: Грахоўскі С. Ёсьць у мяне друг // Полымя. 1980, №1; Яго ж. Чаго не пасьпеў сказаць // Маладосць. 1980, №1; Юрэвіч У. Неўтаймоўнасьць таленту // Полымя. 1980, №1; БП, т. 4.

 

344.      ПАЛЯГОШКА Пятро Рэпрэсаваны ў 1930-х. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у бел. адміністрацыі ў Смалявічах і Рудзенску. З 1944 на эміграцыі. У 1968 у Нью-Йорку выдадзены ягоныя мэмуары.

 

Тв.: Успаміны з жыцьця пад савецкай уладай і з пабудовы Беламорскага каналу. – Нью-Ёрк, 1968.

 

345.      ПАНКЕВІЧ Павал (16.2(1.3).1895, Невель Пскоўскай губ. – 28.6.1938, Менск, НКВД), пэдагог, псыхоляг, публіцыст. У 1917-18 член партыі бел. эсэраў; з 1919 член РКП(б). У 1922 скончыў Віцебскі інстытут народнай адукацыі; у 1924 Маскоўскія вышэйшыя пэдагагічныя курсы. У 1925 выкладчык Акадэміі камуністычнага выхаваньня; у 1925-37 загадчык мэтадычнай часткі Камуністычнага ун-ту Беларусі, дацэнт, загадчык катэдры пэдагогікі БДУ, дырэктар НДІ пэдагогікі. Акадэмік БелАН з 1931; у 1931-35 неадменны сакратар БелАН, загадчык пэдагагічнага кабінэту Акадэміі. Распрацоўваў праблемы політэхнічнай адукацыі, гісторыю пэдагогікі і псыхалёгіі. Арыштаваны 11.12.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР у чэрв. 1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 19.5.1956.

 

Тв.: Основные вопросы фабзавуча. – Маск., 1926; Политехническая школа в связи с развитием современной крупной индустрии. – Менск, 1928.

Літ.: Возвращенные имена.

 

346.      ПАРЭЧЫН Рыгор (8.3.1894, в. Задашчэньне Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 28.6.1938, НКВД), правазнавец, публіцыст. Скончыў Менскі настаўніцкі інстытут, працаваў настаўнікам (з 1912). З 1921 у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе РСФСР (з 1923 Пастаяннае прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР). У 1924 скончыў 1-ы Маскоўскі ун-т. З 1924 нам. старшыні Камісіі заканадаўчых меркаваньняў пры СНК БССР. З 1926 у Інстытуце беларускай культуры; потым у Інстытуце эканомікі БелАН. З 1931 у Інстытуце савецкага будаўніцтва і права. Аўтар прац па станаўленьні канстытуцыйнага права БССР і савецкага фэдэралізму. Арыштаваны 24.1.1937. У чэрв. 1938 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 1.8.1957.

 

Тв.: Советские республики в их взаимоотношениях. – Менск, 1922; Савецкая Беларусь у зносінах з чужаземнымі дзяржавамі // Змаганьне. Сш. 1. Менск, 1924; Наша Канстытуцыя. – Менск, 1928; Ідэя беларускай дзяржаўнасьці перад утварэньнем Савецкай Беларусі // Запіскі аддзелу гуманітарных навук БАН. Працы катэдры сучаснага права. 1929. Т.1.

Літ.: Возвращенные имена; Інстытут беларускай культуры. – Менск, 1993; ЭГБ, т. 5.

 

347.      ПАЎЛЮКОЎСКІ Уладзіслаў (1(13).5.1895, в. Ініца Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Стаўбцоўскі р-н – 8.9 (паводле іншых зьвестак 8.11).1955, Вільня), паэт, празаік, этнограф, краязнавец, мастак. Скончыў пачатковую школу ў Стоўбцах і гарадзкую ў Наваградку. Працаваў у канцылярыі маёнтка князя Радзівіла. Вучыўся ў Харкаўскай мастацкай вучэльні. Падчас 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны ў царскае войска; прапаршчык. Удзельнік грамадзянскай вайны ў Расеі. У 1920 вярнуўся ў родную вёску. У сярэдзіне 1920-х пераехаў у Вільню. Быў зьвязаны з БСРГ. Першыя творы П. пачалі зьяўляцца ў зах.-бел. друку ў 1926. Супрацоўнічаў з час. «Маланка», «Шлях моладзі», «Авадзень». Як графік афармляў мастацкія кніжкі, календары, падручнікі. Арыштаваны ў 1926; зьняволены ў турме на Лукішках. У 1927 апэляцыйны суд скасаваў крымінальную справу і вызваліў П. На працягу 1928-29 выдаў тры кнігі; некаторыя творы прысьвяціў жыцьцю за кратамі (вершы «Лукішкі», «Дзень у адзіночцы», «У вастрозе», «Відзежа ў вастрозе»). Перакладаў расейскіх аўтараў (Л.Талстой, М.Зошчанка). Зноў арыштаваны ў першай палове 1939 і адпраўлены ў канцлягер Картуз-Бяроза. Вызвалены савецкімі ўладамі. Знаходжаньне ў лягеры апісаў ва ўспамінах, якія апублікаваў у 1940. З 1940 супрацоўнік Беларускага музэя імя І.Луцкевіча. З 1945 да 1948 працаваў дырэктарам Літаратурнага музэя А.Пушкіна ў Вільні. Арыштаваны 29.8.1948; этапаваны ў Менск. Асуджаны на 10 гадоў лягераў. Вызвалены ў 1953. Вярнуўся ў Вільню паралізаваным. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.

 

Тв.: Сон Гаўрылы і розныя вершы. – Вільня, 1928; Апавяданьні. – Вільня, 1929; Клім бабаю і іншыя жарты. – Вільня, 1929; Arysty: Biaroza i vola: (Uspaminy arystanta). – Vilnia, 1940.

 

348.      ПАЎЛЮКЯВІЧУС Банавэнтура (16.10.1896, в. Будэжэрай Марыямпальскага пав. Ковенскай губ., цяпер Вілкавіскі р-н, Літва – 29.11.1938, Менск, НКВД), празаік, публіцыст. Пісаў на літоўскай мове. У 1922-24 вучыўся ў Марыямпальскай гімназіі, дзе браў удзел у рабоце марксысцкага гуртка. У 1924 паступіў на прыродазнаўчы ф-т Ковенскага ун-ту. Публікавацца пачаў у 1926. З 1926 – рэдактар час. «Skardas», які выдаваўся ЛКП. На другім нумары выданьне было закрыта, а рэдактар арыштаваны. Пасьля вызваленьня выехаў у Рыгу, дзе выкладаў літоўскую мову і адначасова сам вучыўся ў Латвійскім ун-це. З 1929 жыў у Кёнігсбэргу, працаваў у рэдакцыі газэты ЛКП «Balsas». Публікаваўся ў літоўскіх газэтах ЗША «Laisve» i «Vilnis». З 1932 у Менску; працаваў у рэдакцыі газ. «Raudonasis artojas». З 1933 вучыўся ў асьпірантуры пры БелАН. Член СП Беларусі (літоўскай сэкцыі) з 1934. Арыштаваны 4.8.1938. Пастановай калегіі НКВД ад 29.3.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 27.9.1957.

 

Тв.: Lietuviu kalbos vadovelis. – Minskas, 1933; Berno vargai. – Vilnius, 1960.

Літ.: Мальдзіс А. Творчыя ўзаемасувязі беларускай і літоўскай літаратур у савецкі час // Старонкі літаратурных сувязяў. – Менск, 1970; Возвращенные имена; БП, т. 4.

 

349.      ПАШКОВІЧ Іван (22.5.1898, мяст. Глыбокае Дзісенскага пав. Віленскай губ. – 19.1.1938, Яраслаўская вобл.), журналіст, пэдагог. Брат члена ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў М.Пашковіча. Працаваў у сыстэме Наркамасьветы. Згадваўся ў сакрэтным дакладзе ГПУ БССР у ЦК КП(б)Б ад 29.10.1925 «Аб беларуска-эсэраўскім шавіністычным руху». Арыштаваны 17.2.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Асуджаны 10.4.1931 на 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у Углічы (Расея). Вызвалены 17.2.1935. Паўторна арыштаваны 9.9.1937. Расстраляны. Рэабілітаваны 19.9.1960.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Платонов Р. Перед крутым поворотом: Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925-1928): Отражение времени в архивных документах. – Менск, 2001.

 

350.      ПЕЦЮКЕВІЧ Марыян (24.9.1904, в. Цяцеркі Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ., цяпер Браслаўскі р-н – 13.9.1983, Торунь, Польшча), этнограф, пэдагог, мэмуарыст. З дапамогай бел. ксяндзоў В.Шутовіча і А.Станкевіча трапіў у Віленскую беларускую гімназію. Пасьля сканчэньня гімназіі паспрабаваў выехаць для вучобы ў Прагу. Пры нелегальным пераходзе мяжы затрыманы. Адпраўлены служыць у польскае войска. Пасьля службы паступіў у Віленскі ун-т, дзе вывучаў этнаграфію, археалёгію, славістыку. Яшчэ падчас вучобы ўладкаваўся на працу ў бібліятэку імя Ўрублеўскіх. Меў доступ да спэцфондаў, сярод якіх былі выданьні з БССР. Дапамагаў многім віленскім беларусам знаёміцца з забароненымі ў Польшчы выданьнямі. Быў сябрам Беларускага студэнцкага саюзу, Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1930-35 – рэдактар час. «Шлях моладзі». На гэтай пасадзе пры канфіскацыях нумароў часопіса двойчы прыцягваўся да судовай адказнасьці, некалькі разоў быў пакараны грашовымі штрафамі. Пасьля заняцьця Вільні савецкімі войскамі вёў на віленскім радыё перадачы па-беларуску. Быў дырэктарам бібліятэкі імя Ўрублеўскіх. Пасьля перадачы Вільні Літоўскай рэспубліцы стаў дырэктарам Беларускага музэя імя І.Луцкевіча. З пачаткам нямецка-савецкай вайны зьехаў на вёску. Потым выкладаў бел. мову ў эвакуяваным з Магілёва ў Новую Вільню Мэдычным інстытуце. Арыштаваны савецкімі ўладамі 1.1.1945; утрымліваўся ў Лукіскай турме. Вызвалены 19.3.1945. Пасьля сканчэньня вайны таксама жыў на вёсцы. Быў абраны старшынём Ажулаўскага сельскага савету на Віленшчыне. Арыштаваны 27.3.1949; высланы ва Ўжурскі р-н Краснаярскага краю. Зноў арыштаваны 31.7.1952. Дастаўлены ў Вільню, асуджаны да 25 гадоў пазбаўленьня волі. У канцы сак. 1953 адпраўлены ў Варкуту. Вызвалены ў сак. 1957. Па рэпатрыяцыі пераехаў у Польшчу, куды ўжо раней выехалі яго жонка і дачка. Да ліст. 1970 працаваў у Торуньскім этнаграфічным музэі. Многа ўвагі надаваў вывучэньню народнай культуры бел. насельніцтва Беласточчыны. Аўтар шматлікіх публікацыяў. Напісаў кніжку ўспамінаў.

 

Тв.: У пошуках зачараваных скарбаў. – Вільня, 1998; Кара за служэньне народу. – Беласток, 2002.

 

351.      ПІВАВАРАЎ Зяма (24.5(5.6).1910, мяст. Касьцюковічы Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт, перакладчык. Пачаў пісаць вершы па-беларуску ў 1925, тады ж упершыню апублікаваў іх у клімавіцкай газ. «Малады камуніст». У 1927 паступіў у Мсьціслаўскі пэдтэхнікум. У 1929 пераехаў у Ленінград. Публікаваўся ў ленінградзкіх альманахах і часопісах. Уступіў у БелАПП. Вучыўся на літаратурным ф-це МВПІ (скончыў у 1934). У 1934-36 працаваў у рэдакцыі газ. «Чырвоная зьмена». Перакладаў расейскіх паэтаў. Выступаў у друку таксама як тэатральны крытык. Арыштаваны 13.11.1936; у кастр. 1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1958.

 

Тв.: Лірыка двух нараджэньняў: Вершы. – Менск, 1934.

Літ.: Левін С. Пра творы Зямы Піваварава // ЛіМ. 1934, 31 студз.; Шушкевіч С. У буднях працоўных гартаваўся радок // Чырвоная змена. 1971, 17 крас.; Русаковіч В. Зяма Півавараў // Полымя. 1985, №6; БП, т. 5.

 

352.      ПІВАВАРАЎ Уладзімер (1904, в. Сямёнаўка Рагачоўскага пав. Магілёўскай губ. – 28.8.1941, Варкута, ГУЛАГ), фізык. Скончыў БДУ. Працаваў навуковым супрацоўнікам Фізыка-тэхнічнага інстытуту БелАН. У 1937-38 наркам асьветы БССР. Арыштаваны 2.7.1938. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 29.5.1940 прысуджаны да 15 гадоў лягераў. Удзельнічаў у паўстаньні палітвязняў. Памёр у Печлагу (Варкута). Рэабілітаваны 25.12.1954.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

353.      ПІЧЭТА Ўладзімер (9(21).10.1878, Палтава, Украіна – 23.6.1947, Масква), гісторык. У 1901 скончыў Маскоўскі ун-т. У 1910-11 прыват-дацэнт, у 1918-22 прафэсар Маскоўскага ун-ту. У 1918 абараніў доктарскую дысэртацыю «Аграрная рэформа Жыгімонта-Аўгуста ў Літоўска-Рускай дзяржаве». На прапанову ўраду БССР узначаліў Маскоўскую камісію па арганізацыі БДУ, зь ліп. 1921 рэктар БДУ. Вывучаў гісторыю ВКЛ, Польшчы, Чэхіі, Сэрбіі, Балгарыі, Расеі XVI-XX ст. Апублікаваў каля 150 прац з гісторыі, гістарыяграфіі, археалёгіі, архівазнаўства, краязнаўства, гісторыі права Беларусі. Адзін з арганізатараў Інбелкульту (аўтар яго статуту) і БелАН. Акадэмік БелАН (1928). У 1929 у СССР была сфабрыкаваная т.зв. «акадэмічная справа» супраць акадэміка С.Платонава і іншых гісторыкаў. 13.9.1930 П. арыштаваны ОГПУ СССР у Ленінградзе. Пастановай СНК БССР ад 6.12.1930 пазбаўлены званьня акадэміка. Пастановай Калегіі ОГПУ ад 8.8.1931 сасланы на 5 гадоў у Вятку. У чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на Варонеж, дзе П. працаваў прафэсарам у пэдагагічным інстытуце. У 1935 справа П. перагледжана, яму дазволілі жыць у Маскве. Паводле адной з вэрсіяў вызваленьне было зьвязана з прыездам у Маскву былога аднакурсьніка П. прэм‘ер-міністра Чэхаславаччыны Э.Бэнэша. З 1937 працаваў у Інстытуце гісторыі АН СССР, дзе з 1939 узначаліў сэктар славяназнаўства; адначасова быў загадчыкам катэдры зах. і паўдн. славян Маскоўскага ун-ту. З 1941 разам з інстытутам у эвакуацыі ў Ташкенце. У 1946 з акадэмікам Б.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Інстытуту славяназнаўства АН СССР. Акадэмік АН СССР.

 

Тв.: Гісторыя Беларусі. Ч. 1. Маск.-Лен., 1924; Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. Маск., 1958; Белоруссия и Литва, XV-XVI вв. Маск., 1961; Пытаньне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. – Менск, 1991.

Літ.: Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. – Менск, 1981; В.И.Пичета: Библиографический указатель. – Менск, 1978; Брачев В. «Дело историков» 1929-1931. – СПб., 1997; Іофе Э. Партрэт вучонага // Полымя. 1970, №12. С. 215-221; Иоффе Э. Академик В.И.Пичета (1878-1947) // Новая и новейшая история. 1996, №5; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 5.

 

354.      ПІЯТУХОВІЧ Міхайла (23.2.1891, в. Алексінічы Сеньненскага пав. Магілёўскай губ. – 20.12.1937, Менск, НКВД), літаратуразнавец, крытык, пэдагог. Паходзіў зь сям‘і вясковага праваслаўнага сьвятара. Вучыўся ў Магілёўскай духоўнай сэмінарыі. У 1917 скончыў Нежынскі гісторыка-філялягічны інстытут; быў накіраваны ў Петраградзкі ун-т для падрыхтоўкі да прафэсарскага званьня на катэдры расейскай мовы і славеснасьці. З-за матэрыяльных умоваў на пачатку 1920 вымушаны быў пераехаць у Адэсу. З 1921 у БССР. Публікавацца пачаў у 1921. Актыўна выступаў у друку як крытык і дасьледчык бел. літ. Зь вер. 1921 зьяўляўся сябрам навукова-тэрміналягічнай камісіі, зь лют. 1922 – навуковым супрацоўнікам, а з 1925 – правадзейным сябрам Інбелкульту; з 1929 – правадзейны сябра БелАН. У 1921-26 выкладаў бел. літаратуру ў МБПТ. Зь лют. 1922 працаваў у БДУ: дацэнт, з кастр. 1926 прафэсар. У траўні 1926 стаў дэканам пэдагагічнага ф-ту. У пачатку 1930-х г. над П. навісла пагроза рэпрэсіяў з-за «непралетарскага паходжаньня». Літаратурна-крытычныя выступленьні П. заўсёды мелі апанэнтаў, аднак у сярэдзіне 1930-х палеміка выйшла за межы літаратурнай дыскусіі і прыняла характар грубых паліт. абвінавачаньняў. П. вырашыў выехаць зь сям‘ёй за межы Беларусі. Жыў у Арджанікідзе; працаваў выкладчыкам-славістам у Паўночна-Каўкаскім і Паўночна-Асецінскім пэдагагічных інстытутах. Але 9.1.1937 быў арыштаваны і перавезены ў Менск. 19.12.1937 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 27.12.1957.

 

Тв.: Францішак Скарына і яго літаратурная дзейнасьць. – Менск, 1926; Апавяданьне «У палескай глушы» як новы этап бел. мастацкай прозы. – Менск, 1927; Ля вытокаў лірыкі Янкі Купалы. – Менск, 1927; Паэтычнае сьветаадчуваньне ў творчасьці Якуба Коласа. – Менск, 1927; Звычаі і песьні беларускага селяніна ў іх гаспадарчай аснове. – Менск, 1928; Лірыка і проза Ц.Гартнага. – Менск, 1928; Нарысы гісторыі беларускай літаратуры: Агляд літаратурна-ідэалягічных плыняў XIX і XX ст. – Менск, 1928; Рукапісы А. Рыпінскага // Шляхам гадоў. – Менск, 1990.

Літ.: Карабан С. Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20-30 гадоў. – Менск, 1971; Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (20-30 гады). – Менск, 1975; Киселёв Г. Разыскивается классик… – Менск, 1989. С. 356-376; Возвращенные имена; БП, т. 5.

 

355.      ПЛАТНЕР Ісак (17.11.1895, Саколаў-Падляскі Сядлецкай губ., Польшча – 26.7.1961, Менск), паэт, празаік, журналіст. Працаваў краўцом. Першыя вершы апублікаваў у гэбрайскай прэсе ў 1918. У тым жа годзе выехаў на заробкі ў ЗША; да 1923 працаваў на швэйнай фабрыцы ў Нью-Йорку. У 1927 скончыў там гэбрайскую настаўніцкую сэмінарыю. У 1927-32 настаўнічаў у школах пры Інтэрнацыянальным рабочым ордэне; працаваў літсупрацоўнікам у газ. «Морген-фрайтаг» (на iдыш). Актыўна публікаваўся ў гэбрайскай перыёдыцы ЗША. У 1930 у Нью-Йорку выйшла яго першая кніга. У 1932 пераехаў у СССР. Публікаваўся ў менскіх гэбрайскіх выданьнях. Да 1937 працаваў літаратурным работнікам у Беларускім радыёкамітэце. Член СП Беларусі з 1934. У 1937-41 – літаратурны рэдактар газ. «Октобэр» (на ідыш). У гады вайны ў эвакуацыі ў Саранску і Яраслаўлі. У ліст. 1944 вярнуўся ў Менск. Падчас «кампаніі супраць касмапалітаў» 8.6.1949 арыштаваны. У 1950 асуджаны на 25 гадоў лягераў. Рэабілітаваны ў 1956. Вярнуўся ў Менск. Аўтар вершаў для дзяцей. Перакладаў з ангельскай і нямецкай моваў. Асобнымі выданьнямі выходзілі яго творы ў перакладзе на бел., расейскую, польскую і балгарскую мовы. Пахаваны на Усх. могілках.

 

Тв.: Сваёй краіне: Вершы. – Менск, 1947; Соль жыцьця: (Вершы). – Менск, 1957; Палаючае сэрца: Апавяданьні. – Менск, 1960; Вясёлая іголка. – Менск, 1961; Дар сэрца. – Менск, 1962; Магазін цацак. – Менск, 1963; Хто што робіць. – Менск, 1970; Мой агарод. – Менск, 1984; Песьні пра хлеб. – Менск, 1986.

Літ.: Азгур З. Сквозь сердце // Нёман. 1986, №11; Васіленка П. Ісак Платнер // Полымя. 1985, №11; БП, т. 5.

 

356.      ПЛАТУН Антон (13.11.1896, в. Амлынцы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Нясьвіскі р-н Менскай вобл. – 1938, НКВД), дзяржаўны і прафсаюзны дзяяч, публіцыст, рэдактар. Вучыўся ў Нясьвіскай гарадзкой вучэльні. Удзельнік 1-й сусьветнай і грамадзянскай войнаў. У 1920-27 на адміністрацыйнай і партыйнай рабоце ў Мазыры, Барысаве, Слуцку. З 1927 старшыня Цэнтральнага праўленьня прафсаюзу работнікаў асьветы БССР; рэдактар час. «Прафесійны рух Беларусі». У 1929-33 наркам асьветы БССР. Акадэмік БелАН (1931). Быў адным з галоўных выкрывальнікаў «нацдэмаў». 7.3.1933 зьняты з пасады і накіраваны на работу ў Зах. Сібір. Арыштаваны ў 1937. Памёр у зьняволеньні. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў БССР. – Менск,1930; За культурную рэвалюцыю. – Менск, 1931; Итоги культурного строительства в БССР за 10 лет. – Маск.-Лен., 1931.

Лiт.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 5.

 

357.      ПЛАШЧЫНСКІ Міхал (? – ?, Казахстан?), журналіст. Арыштаваны ў 1936 (?). Асуджаны на 10 гадоў лягераў і ссылку ў Казахстан.

 

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

358.      ПОТАШ Масей (26.4.1892, Дзьвінск – пасьля 1955), гісторык, публіцыст. Член Бунду з 1914; член РКП(б) з 1920. У 1930 у Маскве скончыў Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1931-36 нам. дырэктара Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. Дасьледаваў гісторыю рэвалюцый 1905-07 і 1917. Арыштаваны 10.12.1937; 15.8.1939 прысуджаны да 8 гадоў лягераў. Вызвалены ў сьнеж. 1945. З сак. 1946 да жн. 1948 працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі АН БССР. Падчас «кампаніі супраць касмапалітаў» зноў арыштаваны 9.11.1948. Пастановай ад 2.3.1949 сасланы на пасяленьне тэрмінам на 2 гады. Па абодвух прысудах рэабілітаваны 29.12.1955.

 

Тв.: Бальшавізм і дробнабуржуазныя партыі ў рэвалюцыі 1905 г. у Беларусі. – Менск, 1931; Што дала рабочым і сялянам Кастрычніцкая рэвалюцыя і Савецкая ўлада. – Менск, 1934; Контррэвалюцыйная роля Бунду ў Акцябрскай рэвалюцыі // Бальшавік Беларусі. 1934, №19.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т.5.

 

359.      ПРАКУЛЕВІЧ Уладзімер (сьнеж. 1887, в. Красналукі Барысаўскага пав. Менскай губ., цяпер Чашніцкі р-н – 20.8.1938, Сьвярдлоўская вобл., НКВД), паліт. дзяяч, публіцыст, журналіст, юрыст. У 1912 скончыў Маскоўскі ун-т. Падчас вучобы быў сакратаром марксысцкага час. «Возрождение», загадчыкам аддзелу хронікі ў газ. «Копейка». З 1912 працаваў у Менскай казённай палаце, з 1914 у Менскім акруговым судзе. З пачаткам 1-й сусьветнай вайны эвакуяваўся ў Маскву. Вярнуўся ў Менск у ліп. 1917. У 1918 абраны старшынём Слуцкага зьезду міравых судзьдзяў. У 1919-20 міравы судзьдзя мяст. Вызна (цяпер Чырвоная Слабада). Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920. У 1921 выехаў у Вільню. У 1922 у ліку 33 бел. дзеячоў высланы польскімі ўладамі зь Вільні; пераехаў у Коўна. Са жн. 1923 дзяржаўны сакратар ураду БНР на чале з А.Цьвікевічам, разам зь якім пераехаў у Прагу. З траўня 1926 жыў у БССР. Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР; быў сакратаром бібліяграфічнай камісіі Інбелкульту і БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1932 сасланы на 5 гадоў у Перм. Зноў арыштаваны УНКВД Сьвярдлоўскай вобл. 9.1.1938 і 10.7.1938 прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10.6.1988; па другім – 26.4.1989.

 

Тв.: Слуцкое восстание (ноябрь–декабрь 1920 г.) // Нёман. 1996, №4.

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 5.

 

360.      ПРАТАСЕНЯ Рыгор (1.12.1899, в. Сеньніца Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Слуцкі р-н – 29.10.1937, Менск, НКВД), аграхімік. У 1932-33 працаваў нам. дырэктара Інстытуту аграглебазнаўства БелАН. У сьнеж. 1933 выключаны з КП(б)Б, потым працаваў старшым навуковым супрацоўнікам, загадчыкам аддзелу Інстытуту аграглебазнаўства. Арыштаваны 26.11.1936. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 22.8.1957.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

361.      ПРУДНІКАЎ Алесь (1(14).4.1910, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. – 5.8.1941, Карэльская АССР), паэт, журналіст. Стрыечны брат П.Пруднікава. З 1929 вучыўся ў Магілёўскім пэдтэхнікуме. З 1930 жыў у Менску; працаваў рабочым. Друкаваўся з 1930. З 1931 стыльрэдактар Белдзяржвыдавецтва, рэпарцёр БелТА. У 1932 паступіў на творчае аддзяленьне літаратурнага ф-ту МВПІ. Арыштаваны 16.3.1933. Вызвалены ў жн. 1933. У 1933-35 служыў у Чырвонай арміі. У 1935-36 супрацоўнік клімавіцкай раённай газ. «Камуна». Вучыўся на літаратурным ф-це Ленінградзкага настаўніцкага інстытуту (1936-38). Настаўнічаў у Пятроўскім р-не Карэльскай АССР. Адначасова завочна вучыўся на філялягічным ф-це Карэльскага ун-ту. Зь першых дзён вайны ў апалчэньні; быў начальнікам разьведкі зьнішчальнага баталёну. Трапіў у палон. Пасьля катаваньняў павешаны фашыстамі.

 

Тв.: Зямныя зоры: Паэма. – Менск, 1932; «Ноч глухая...»; Зьвіняць абшары; Абрабаваны Стронг: (Вершы) // Крывёю сэрца. – Менск, 1967.

Літ.: Гардзіцкі А. «Каб тварыць другому пакаленьню...» // ЛіМ. 1980, 25 крас.; Пруднікаў П. Недапетая песьня // ЛіМ. 1967, 13 чэрв.; Яго ж. Яго забыць нельга: Успаміны // Дзень паэзіі – 71. – Менск, 1971; Бельскі А. Зацьвітала маладая пара паэзіі. ЛіМ. 2001. 3 жн.

 

362.      ПРУДНІКАЎ Павал (1(14).7.1911, в. Стары Дзедзін Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ. – 16.3.2000, Менск), паэт, празаік. Стрыечны брат А.Пруднікава. У школьныя гады быў юнкарам газ. «Піянэр Беларусі», «Чырвоная зьмена», «Беларуская вёска», «Комсомольская правда», «Крестьянская газета», «Беднота», «Ленинские искры». У 1930 пасьля сканчэньня школы паехаў у Данбас; працаваў шахцёрам. Вярнуўся ў Беларусь. Быў рабочым; потым у рэдакцыях газ. «Беларуская вёска», «Савецкая Беларусь», карэктарам у друкарнях, рэпарцёрам у БелТА. Пасьля супрацоўнік рэдакцыі клімавіцкай раённай газэты «Камунар». У 1932 выйшла першая кніга ягоных вершаў «Песьні грузчыкаў» (з Я.Субачам). У вер. 1932 – студэнт Ленінградзкага інстытуту замежных моваў; з 1933 студэнт Ленінградзкага пэдінстытуту. Пасьля яго сканчэньня ў 1937 стаў асьпірантам Інстытуту славяназнаўства АН СССР. Арыштаваны 11.8.1937. Этапаваны ў Бурацкую АССР, затым у Іркуцк, Омскую вобл., Краснаярскі край. У канцлягерах і ссылках знаходзіўся да 1945. З 1946 настаўнічаў у школах Смаленскай вобл. З 1952 выкладчык мовы, літаратуры і гісторыі Слабадзкой СШ Браслаўскага р-ну Віцебскай вобл. Зноў пачаў друкавацца ў 1959. У 1968-71 старшы рэдактар час. «Служба быту Беларусі». Член СП Беларусі з 1971. Значнае месца ў творчасьці П. заняла тэма сталінскіх рэпрэсіяў: паэма «Таймыр» напісаная ў 1975-87, аповесьці «Яжовыя рукавіцы» (1989), «Пекла» (1991); дарожны нарыс «Па знаёмых пякучых сьцежках», напісаныя пасьля наведваньня мясьцін зьняволеньня ў ваколіцах Улан-Удэ. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1992).

 

Тв.: Мая магістраль; Выбр.: Вершы, успаміны. – Менск, 1981; Крыніцы: Выбр.: Вершы і паэмы. – Менск, 1991; Далёкае, але не забытае: Успаміны. – Менск, 1988; За калючым дротам: Аповесьці. – Менск, 1993.

Літ.: Кобрын У. Ня стукайся, старасьць, у дзьверы // Мінская праўда. 1981, 15 ліп.; Снегін В. «Нягучная песьня траўня…» // Чырвоная змена. 1981, 14 ліп.; Старавыбарны П. Голас сэрца // Настаўніцкая газэта. 1971, 7 ліп.; Маракоў Л. Пад страхам усё жыцьцё // Голас Радзімы. 1999. 29 сьнеж.

 

363.      ПРЫБЫТКОЎСКІ Ўладзімер (? – 1941?, каля Берасьця?), літаратурны крытык, паэт. З 1926 належаў да Аршанскай філіі «Маладняка», з канца 1927 – да «Літаратурна-мастацкай камуны». У другой палове 1920-х быў членам літаратурнага гуртка пры Беларускай сельгасакадэміі (Горкі). Першы верш апублікаваў у 1926 у час. «Аршанскі маладняк». Пісаў рэцэнзіі на творы бел. аўтараў. Публікаваўся ў час. «Росквіт» (1928). Арыштаваны ў 1933 (?). Паводле сьведчаньня Ю.Гаўрука, загінуў на пачатку вайны пад Берасьцем.

 

Літ.: Маракоў Л. Не стаяў на раздарожжы. // ЛіМ. 1999. 23 крас.; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

364.      ПУЧКАР-ХМЯЛЕЎСКІ Адам (24.12.1891, мяст. Івянец Менскага пав., цяпер Валожынскі р-н – 1.9.1938, ГУЛАГ), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч. У жн. 1903 – 4.6.1911 вучыўся ў Менскай рэальнай вучэльні. У 1911-16 вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пецярбургу, дзе далучыўся да бел. нацыянальнага руху. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1916. Быў прызначаны вікарыем у Бабруйскі касьцёл. Пазьней служыў у рыма-каталіцкай парафіі ў Іркуцку. Арыштаваны ЧК ў 1920. Знаходзіўся ў групе закладнікаў, якая па дамоўленасьці паміж польскім і савецкім урадамі рыхтавалася да выезду ў Польшчу. З 1922 у Менску, сьвятар у касьцёле сьв. Сымона і Алены. Потым служыў у парафіях мяст. Койданава, Заслаўя, Воўчкавіч. У 1926 на зьезьдзе каталіцкіх сьвятароў б. Менскай губ. выступіў з прапановай утварэньня каталіцкай дыяцэзіі на чале зь бел. біскупам, падпарадкаваным непасрэдна Ватыкану, а ня польскай ерархіі. З 1929 пробашч Менскага катэдральнага касьцёла. Арыштаваны ГПУ БССР 26.6.1933 (паводле іншых крыніц – 3.8.1933). Прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Зь вер. 1934 знаходзіўся на Салаўках. У 1938 прысуджаны да расстрэлу.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998.

 

365.      ПУШЧА Язэп (сапр.: Плашчынскі Язэп Паўлавіч; 7(20).5.1902, в. Каралішчавічы Менскага пав. – 14.9.1964, Менск), паэт, крытык, перакладчык. З 1918 да жн. 1921 вучыўся ў Менскай рэальнай вучэльні. У 1921-22 быў слухачом курсаў беларусазнаўства Наркамасьветы БССР. Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1922 з публікацыі апавяданьняў. У 1923 быў адным з заснавальнікаў літаратурнага абяднаньня «Маладняк», пазьней – «Узвышша». На працягу 1925-30 выдаў некалькі паэтычных кніг. У 1925-27 вучыўся на пэдагагічным ф-це БДУ. Увосень 1927 перавёўся ў Ленінградзкі ун-т. На чацьвертым курсе пакінуў вучобу; вярнуўся ў Менск, працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Арыштаваны ГПУ БССР 25.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 прысуджаны да 5 гадоў высылкі. Накіраваны ў Шадрынск на Урале. У 1937-41 жыў у Мурамскім р-не Уладзімірскай вобл., настаўнічаў. У гады вайны на фронце. Пасьля зноў у Мурамскім р-не. Рэабілітаваны 30.1.1956. Вярнуўся зь сям‘ёй у Беларусь у 1958. Член СП Беларусі з 1958. Асобныя творы П. пакладзены на музыку. Да апошніх дзён жыў у Менску. Пахаваны ў Каралішчавічах.

 

Тв.: Раніца рыкае. – Менск, 1925; Людвіся: Вершы і паэма. – Менск, 1968; Зб. тв.: У 2 т. Менск, 1993– 94.

Літ.: Грахоўскі С. Запозьненыя сустрэчы: (Успаміны) // Грахоўскі С. Так і было. – Менск, 1986; Шушкевіч С. Над труною паэта // Шушкевіч С. Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2; Ярош М. З кагорты першапраходцаў // Полымя. 1983, №8; Міхнюк У. Адысея Язэпа Пушчы: (Паказаньні рэпрэсаванага пісьменьніка) // ЛіМ. 1992, 23 кастр.; Возвращенные имена; БП, т. 5.

 

366.      ПЯНТКОЎСКІ Вацлаў (1902 – 1991), рыма-каталiцкi сьвятар, стваральнiк нелегальнай каталiцкай духоўнай сэмiнарыi. У міжваенны пэрыяд вучыўся ў Рыме, пасьля вяртаньня ў Беларусь быў прэфэктам Наваградзкай гiмназii iмя А.Мiцкевiча. Пасьля 2-й сусьветнай вайны прызначаны пробашчам касьцёла ў в. Мядзьведзiчы Ляхавiцкага р-ну Берасьцейскай вобл., выконваў абавязкi Генэральнага вiкарыя Пiнскай каталiцкай дыяцэзіі. У 1950 арыштаваны i сасланы ў казахстанскiя лягеры. Паводле абвiнавачаньня, заклiкаў сялян не ўступаць у калгас. У Казахстане працягваў праводзіць службы для католiкаў, якiя знаходзiлiся ў зьняволеньнi. Падчас «хрушчоўскай адлiгi» вярнуўся ў парафiю ў в. Мядзьведзiчы. У 1970-х у сваiм доме адкрыў без дазволу ўлад сэмiнарыю. П. выкладаў гiсторыю касьцёла, кананiчнае права, этыку, замежныя мовы i фiлязофiю. Сэмiнарыя была добра закансьпiраваная. Некаторыя слухачы ўладкоўвалiся на працу, таму савецкiм органам было цяжка «падвесьцi» iх пад крымiнальны артыкул аб ухiленьнi ад працы. Праз пэўны час у в. Мядзьведзiчы прыяжджалi ксяндзы i экзамэнавалi слухачоў. Выпускнiкi праходзілі нават практыку ў парафiях. Потым яны давучвалiся ў Рызе і Коўне або таемна пасьвячалiся ў капланства.

 

Літ.: Толочко М. Цветы на могилу священника // Советская Белоруссия. 1992. 11 лют.; Глябовiч А. Касьцёл у няволi // Спадчына. 1994, №1-2; Канфэсii на Беларусi (канец XVIII-XX ст.). – Менск, 1998; Гардзiенка А. Вацлаў Пянткоўскі // Дэмакратычная апазыцыя.

 

367.      ПЯРЛОВIЧ Самсон (13.8.1923, в. Католышы на Наваградчыне – 14.12.2001, Наваградак), паэт, удзельнiк наваградзкага патрыятычнага падпольля. У часы нямецкай акупацыi быў прымусова вывезены на працу ў Нямеччыну. Пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну супрацоўнiчаў з наваградзкай раённай газэтай. У 1947 стаў удзельнiкам антысавецкай бел. падпольнай арганізацыі «Саюз вызваленьня Беларусi» (СВБ). Быў упаўнаважаным СВБ у Наваградзкiм р-не. Арыштаваны 30.5.1947. Утрымлiваўся ў Баранавiцкай сьледчай турме «Крывое кола». На працэсе, якi праходзiў 29-31.8.1947 у Баранавiчах, асуджаны вайсковым трыбуналам на 10 гадоў зьняволеньня з пазьнейшай высылкай. Адбываў пакараньне на лесапавале ў лягеры Усьць-Вым (Комi АССР), а з 1949 – у спэцлягерах Караганды (на будаўнiцтве шахтаў). Вызвалены 3.1.1956. Высылку павiнен быў адбываць у Сарані Карагандзiнскай вобл., але яна была адмененая. У Беларусь вярнуўся восеньню 1956 i працаваў на заводзе газавай апаратуры ў Наваградку. На пэнсii з 1980. Не рэабiлiтаваны. Пачаў публікаваць кнігі сваіх вершаў у 1990-х.

 

Тв.: Бясьсьмертнiк. – Менск, 1994; Заяц на бярозе. – Наваградак, 1995; Чарадзейны агонь. – Наваградак, 1998.

Літ.: Супрун В. Самсон Пярловіч // Антысавецкія рухі.

 

368.      ПЯТКЕВІЧ Язэп (15.9.1892, мяст. Лепель Віцебскай губ. – 2.9.1937, Комі АССР, ГУЛАГ), рыма-каталіцкі сьвятар, грамадзкі і культурны дзяяч. З 1912 вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Пецярбургу, дзе далучыўся да бел. нацыянальнага руху. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1917. У 1920 прызначаны вікарыем ў парафію мяст. Койданава. У 1922-23 адміністратар парафіі мяст. Бабоўня каля Нясьвіжа. З другой паловы 1920-х сьвятар у Слуцку, Узьдзе, Капылі. Арыштаваны ГПУ БССР у 1933. Прысуджаны да 5 гадоў лягераў; накіраваны ў Комі АССР. Цяжка захварэў у сак. 1935; знаходзіўся ў цэнтральным лягерным шпіталі ў мясцовасьці Вегерска Кем. Зноў арыштаваны ў пачатку 1937. Калегіяй НКВД Комі АССР 2.9.1937 прысуджаны да расстрэлу.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. – Vilnia, 1939.

 

369.      РАВУН Язэп (1897, Нясьвіж Слуцкага пав. Менскай губ. – пасьля 1955, Менск?), эканаміст. Удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расеі. У 1923 скончыў Камуністычны ун-т народаў Захаду. У 1930-33 вучыўся ў асьпірантуры БелАН. У 1934-36 старэйшы навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі. Арыштаваны 31.7.1936. 14.12.1936 прысуджаны да 5 гадоў пазбаўленьня волі. Вызвалены 15.3.1946. Рэабілітаваны 16.9.1955. Пасьля 1955 жыў у Менску.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

370.      РАГАЗІНСКІ Пётра (1.2.1898 – 30.12.1937, Менск, НКВД), рэдактар менскай польскай газ. «Orka». Арыштаваны 29.7.1937. Прысуджаны да расстрэлу 17.12.1937. Расстраляны ва ўнутранай турме НКВД разам з 63 зьняволенымі. Рэабілітаваны 24.8.1956.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

371.      РАГАЧЭЎСКІ Пятро (1907, в. Ашмяны Менскага пав., цяпер Заслаўскі р-н – ?), перакладчык. Арыштаваны 23.2.1933. Асуджаны (4.11.1933) на 5 гадоў высылкі. Пакараньне адбываў у Зах. Сібіры. Паводле сьведчаньня М.Пасьлядовіча, пасьля 2-й сусьветнай вайны жыў у Баранавічах; быў забіты невядомымі.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

372.      РАГУЛЯ Васіль (16(28).7.1879, в. Ачукевічы Наваградзкага пав. Менскай губ. – 16.6.1955, Нью-Ёрк, ЗША), паліт. і грамадзкі дзяяч, публіцыст. У 1900 скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Настаўнічаў у Менскім пав., у Смаргоні і ў Менску. Арыштаваны ў 1906 за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях. Падчас 1-й сусьветнай вайны ваяваў на Зах. фронце. У 1917 уступіў у Расейскую дэмакратычную партыю. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага кангрэсу 1917 у Менску. У 1918 выкладаў у навучальных установах Менску. У часе польскай акупацыі ўваходзіў у Расейскую аб‘яднаную радыкальна-дэмакратычную групу. Зь лета 1920 у Чырвонай арміі; у крас. 1921 пакінуў яе і вярнуўся ў родную вёску. У 1922 абраны дэпутатам польскага сэйму, увайшоў у Беларускі пасольскі клюб. Адзін з ініцыятараў стварэньня і кіраўнікоў Беларускага сялянскага саюзу. У сьнеж. 1925 быў членам ініцыятыўнай групы Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры. У 1928 абраны сэнатарам, але хутка пазбаўлены парлямэнцкага імунітэту і зьняволены на 2 гады. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў родную вёску. Зь вер. 1939 настаўнічаў у мясцовай школе. Арыштаваны 20.6.1941. З пачаткам вайны зьбег з-пад арышту. Быў прызначаны бургамістрам Дзятлаўскага р-ну. З 1944 у Нямеччыне. У 1950 пераехаў у ЗША. Аўтар успамінаў.

 

Тв.: Прамовы паслоў Беларускага пасольскага клюбу. – Вільня, 1926; Успаміны. – Нью Ёрк, 1957.

Літ.: ЭГБ, т. 6–1.

 

373.      РАДЗЮК Пятро, журналіст, рэдактар. Вучыўся ў Віленскім ун-це. Быў рэдактарам-выдаўцом часопіса гумару і сатыры «Асва», які выходзіў легальна ў Вільні з 25.3 да 25.8.1934. Час. «Асва» працягваў традыцыі закрытых польскімі ўладамі час. «Маланка», «Беларускай газэты» і «Літаратурнай старонкі». Выйшла 6 нумароў. Выданьне было забаронена польскімі ўладамі. Р. асуджаны на 6 гадоў турмы. Арыштаваны вайсковай контрразьведкай у 1944. Вырваны з рук «Смерша» М.Танкам. Паводле некаторых зьвестак, пасьля вайны жыў у Польшчы.

 

Літ.: Гэй, смалі, страляй, маланка! – Менск, 1989.

 

374.      РАКІТА Сяргей (сапр.: Законьнікаў Сяргей Васілевіч; 15.10.1909, в. Ліцьвінава Аршанскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Дубровенскі р-н – 23.3.1942, ст. Сухабязводнае Горкаўскай вобл., ГУЛАГ), паэт. У 1925 скончыў сярэднюю школу. Быў камсамольскім актывістам; з 1927 член Аршанскага акруговага камітэту ЛКСМБ. У 1928 ягоныя першыя вершы зьявіліся ў «Аршанскім маладняку»; тады ж стаў выступаць з нарысамі (газ. «Савецкая Беларусь»). У 1929 накіраваны на працу ў гомельскую абл. газ. «Палеская праўда». З 1930 адказны сакратар Гомельскай філіі БелАПП. Выдаў у Гомелі 2 кніжкі паэзіі. У 1932-33 служыў у арміі. Працаваў у Менску ў рэдакцыях газэт, на радыё, у Дзяржвыдавецтве БССР. Адначасова вучыўся ў Менскім Камуністычным інстытуце журналістыкі. Арыштаваны 19.10.1936; асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня ў лягерах. Адпраўлены на лесапавалы ў Горкаўскай вобл. Загінуў у лягеры. Рэабілітаваны ў 1956.

 

Тв.: Разгон. Кніжка вершаў. – Гомель, 1930 (разам з Р.Казаком, В.Палескім); Я агітую за пяцігодку: Вершы. – Гомель, 1931.

Літ.: Шушкевіч С. Паэт-агітатар першых пяцігодак // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2; Паўлюкоўскі І. Вітаў пяцігодак будні // ЛіМ. 1979, 26 кастр.; БП, т. 5.

 

375.      РАК-МІХАЙЛОЎСКІ Сымон (2(14).4.1885, в. Максімаўка Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладачанскі р-н – 27.11.1938, Менск, НКВД), грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст, перакладчык, паэт, пэдагог. У 1900-04 вучыўся ў Маладачанскай настаўніцкай сэмінарыі; настаўнічаў на Маладачаншчыне. У часе рэвалюцыі 1905-07 за распаўсюджаньне сацыял-дэмакратычнай літаратуры зьняволены на 3 месяцы ў Вялейцы, потым вымушаны зьехаць у Крым. У 1912 у Феадосіі скончыў пэдінстытут. Вярнуўся на Радзіму. Арганізоўваў бел. школы. Стаў членам БСГ. У 1914 мабілізаваны ў армію; ваяваў на Румынскім фронце. Пачаў публікавацца ў 1915 (артыкул «З думак у паходзе» ў «Нашай ніве»). Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 сябра Рады БНР. У 1918-20 жыў у Горадні, працаваў у бел. гімназіі. Рэгулярнай публіцыстычнай творчасьцю стаў займацца з 1919. У 1920-22 дырэктар Беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 абраны дэпутатам польскага сэйму. З 1923 сябра Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 – Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 нам. старшыні ЦК БСРГ. З 1926 член КПЗБ. Рэдактар «Бюлетэня пасольскага клюбу БСРГ»; сябра Беларускага выдавецкага таварыства ў Вільні. Арыштаваны польскімі ўладамі у справе БСРГ 15.1.1927; Віленскім акруговым судом 22.5.1928 на «працэсе 56-ці» асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэньня апэляцыйнага суду вызвалены ў 1930. Увайшоў у склад камітэту «Змаганьне». З-за пагрозы новага арышту ў кастр. 1930 перабраўся ў Менск. З лют. 1931 працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэя. У 1931-32 быў членам ЦВК БССР. Арыштаваны ГПУ БССР 16.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9.1.1934 рашэньнем судовай калегіі ОГПУ СССР прысуджаны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лягераў. Адпраўлены на Салаўкі. 5.9.1937 этапаваны ў Менск; 14.11.1938 «асобай тройкай» НКВД БССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 16.8.1956. У Маладэчне яго імем названа вуліца.

 

Тв.: Гутарка аб беларускай мове. – Менск, 1919; Страшны вораг: Кніжка пра гарэлку. – Вільня, 1924; Прамовы дэпутатаў Беларускага пасольскага клюбу ў Польскім Сойме. Паводле соймавых стэнаграм. – Вільня, 1924; Прамовы дэпутатаў соймавага клюбу Беларускай сялянска-работніцкай грамады. – Вільня, 1926.

Літ.: Бобер М., Ватковіч Г. У памяць аб С.А.Рак-Міхайлоўскім // ПГКБ. 1984, №3; Bergman A. Szymon Rak-Michajіowski // Bergman A. Sprawy biaіoruskie w II Rzeczypospolitej. – Warszawa, 1984; Яновіч С. Моцны чалавек грамады // Ніва (Беласток). 1985, 14 крас.; Адамушка У. Сацыял-дэмакрат Сымон Рак-Міхайлоўскі // Сыны і пасынкі Беларусі. – Менск, 1996; ЭГБ, т. 6-1.

 

376.      РАМАНОЎСКАЯ Ганна (сапр.: Мяркітэ Соф‘я; 20.9.1903, в. Палевеляніс Вілкамірскага пав. Ковенскай губ., цяпер Купіскі р-н, Літва – 1986, Менск), публіцыст, гісторык. Сястра літоўскай паэтэсы Аляксандры Мяркітэ. У 1920 уступіла ў КП Літвы. У 1925 эмігравала ў СССР. У 1927-28 вучылася ў Камуністычным ун-це народаў Захаду ў Маскве. З 1928 у Менску. Працавала ў газ. «Raudonasis artojas»; аддзеле культуры і прапаганды ЦК КП(б)Б. З 1933 супрацоўнік Камісіі па вывучэньні Зах. Беларусі, Інстытуту нацыянальных меншасьцяў БелАН. Арыштавана 8.1.1938. Пастановай Асобай нарады ад 5.8.1939 зьняволена ў лягеры тэрмінам на 3 гады. З 1945 жыла ў Менску. Рэабілітаваная 20.8.1956.

 

Лiт.: Возвращенные имена.

 

377.      РАМАНЧУК Язэп (1899 – ?), музэйны работнік. У 1930-31 і 1936-37 дырэктар Музэя рэвалюцыі (Менск). У 1937 выключаны з ВКП(б). У 1937-39 працаваў навуковым супрацоўнікам Менскага сацыяльна-гістарычнага музэя. У 1939 арыштаваны з абвінавачаньнем у контррэвалюцыйнай дзейнасьці і сувязі з польскай разьведкай. Прысуджаны да расстрэлу. У 1940 прысуд адменены пасьля касацыйнай скаргі.

 

Тв.: Наркомпрос БССР не руководит музеями // Советский музей. 1938, №8.

Літ.: Гужалоўскі А. Музэі Беларусі (1918-1941 гг.). – Менск, 2002.

 

378.      РАМЕНСКІ Фёдар (царкоўнае імя: Філарэт; 1880 – 1.11.1937, Менск, НКВД), праваслаўны сьвятар, япіскап Бабруйскі, архірэй Менскай япархіі, рэлігійны і грамадзкі дзяяч. Выконваў абавязкі вікарыя пры мітрапаліце Мэлхісэдэку. Рэктар Менскай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі. У 1922-27 браў удзел у беларусізацыі рэлігійнага жыцьця праваслаўных беларусаў. Удзельнік зьезду прадстаўнікоў праваслаўнага духавенства і вернікаў Менскай япархіі 9-10.7.1927. Адзін з ініцыятараў стварэньня Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Спадкаемец Мэлхісэдэка. Пасьля закрыцьця вясной 1937 у Менску апошняга каталіцкага храма дазволіў вернікам-католікам маліцца ў царкве сьв. Марыі Магдалены. 28.7.1937 арыштаваны НКВД. Абвінавачаны ў стварэньні антысавецкай арганізацыі. Расстраляны.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Синодик за веру и церковь Христову пострадавших в Минской епархии (1918-1951)/Составил священник Федор Кривонос. – Киевиц, 1996; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998.

 

379.      РАФАЛЬСКІ Міхал (1889, Кіеў – 1937, Менск, НКВД), рэжысэр гэбрайскага тэатру, пэдагог. З 1908 вучыўся ў драматычнай школе кіеўскага таварыства «Салаўцоў». Працаваў акторам у тэатрах Кіева, Харкава, гастраляваў у Менску і Віцебску. У 1921 з аматараў арганізаваў у Менску гэбрайскую тэатральную трупу, на базе якой была створана гэбрайская сэкцыя Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. З 1922 кіраўнік гэтай сэкцыі. З 1926 кіраўнік Дзяржаўнага гэбрайскага тэатру БССР. Стварыў і ў 1933-35 узначальваў студыю пры тэатры. Паставіў спэктаклі: «На пакаянным ланцугу» І.Перэца (1926), «Ботвін» А.Вевюркі (1928), «Глухі» Д.Бэргельсона (1929), «На 62-м участку» І.Дабрушына (1931), «Бойтра» М.Кульбака (1937). Народны артыст Беларусі (1934). Член ЦВК БССР (1935-37). Арыштаваны і расстраляны ў 1937. Рэабілітаваны.

 

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000; ЭЛіМБел, т. 4.

 

380.      РЖЭЎСКI Бранiслаў (25.3.1905, в. Добрыцкае Барысаўскага пав. Менскай губ. – 10.2.1980, Горадня), лiтаратуразнавец i пэдагог. У 1927 скончыў пэдагагiчны тэхнiкум у Барысаве i да 1930 працаваў настаўнiкам у вёсках Гомельшчыны. З 1930 да 1940 вучыўся ў Магiлёўскiм пэдiнстытуце, працаваў у розных адукацыйных установах Магiлёва. З сак. 1940 да чэрв. 1941 быў дырэктарам польскай сярэдняй школы iмя Адама Мiцкевiча ў Баранавiчах. Браў актыўны ўдзел у антыгiтлераўскiм супрацiве – на тэрыторыi Баранавiцкай вобл. стварыў падпольную дывэрсiйную групу «Барыса», якой кiраваў. Быў рэдактарам газ. «Перамога» – воргану Новамыскага райкаму КП(б)Б. За ўдзел у партызанскiм руху ўзнагароджаны. З кастр. 1944 да 1955 працаваў выкладчыкам i загадваў катэдрай мовы i лiтаратуры ў Баранавiцкiм настаўнiцкiм iнстытуце. Уваходзiў у склад Камiсii па збору матэрыялаў аб злачынствах нямецкiх акупантаў на тэрыторыi Баранавiцкай вобл. У 1952 абаранiў дысэртацыю пра творчасьць Максiма Танка. У 1955 пераехаў у Горадню i да 1957 выкладаў бел. лiтаратуру ў Гарадзенскiм пэдагагiчным iнстытуце. У сярэдзіне 1950-х пачаў праводзiць кампанiю публiчных зваротаў да ўладаў – пісаў лiсты ў бел. газэты i ўстановы, зьвяртаўся да вядомых дзеячоў БССР. У зваротах у рэзкай форме выказваўся пра нацыянальную палiтыку ў Беларусi, пра абмежаваньнi ў выкарыстаньні бел. мовы ў сфэры адукацыi, культуры i публiчнага жыцьця. Арганiзаваў напiсаньне студэнтамi iнстытуту заяваў пра становiшча нацыянальнай школы. Арыштаваны 16.2.1957 на лекцыi ў iнстытуце, у яго доме праведзены ператрус. 21.2.1957 праведзены паўторны ператрус, у вынiку якога з асабiстай бiблiятэкi канфiскаваныя кнiгi, баявыя ўзнагароды і рукапiсы вершаў, у якiх Р. называў Сталiна забойцам, Нэронам i Чынгiсханам, заклiкаў беларусаў да вызваленьня. Асуджаны 25.3.1957 Гарадзенскiм абл. судом паводле арт. 72 КК БССР да 7 гадоў пазбаўленьня волi. Знаходзячыся ў зьняволеньнi, працягваў кампанiю пэтыцыяў. Накiраваў 10.10.1957 члену Прэзыдыюму ЦК КПСС К.Фурцавай лiст пра становiшча бел. мовы ў БССР. Свой тэрмiн адбываў у Дуброўлагу (Мардовiя). У 1961 Пленум Вярхоўнага суду БССР перагледзеў справу i датэрмiнова (на 3 гады) вызвалiў Р. Пасьля вяртаньня ў Горадню апынуўся ў цяжкай атмасфэры iзаляцыi – пiсаў лiтаратуразнаўчыя артыкулы i рэцэнзii, але публiкаваць iх было забаронена; шлях у вышэйшую школу для яго быў закрыты. Удалося ўладкавацца выкладчыкам бел. мовы i лiтаратуры ў сярэдняй школе. За домам быў арганiзаваны нагляд КГБ. 29.3.1990 рэабiлiтаваны.

 

Літ.: Громава Н. На самавольныя дзеяньнi ўказаць // Крынiца. 1989, №2; Пяткевiч А. Пэдагог, вучоны, вязень ГУЛАГу: Да 90-годдзя Б.А.Ржэўскага // Гродзенская праўда. 1995. 28 сак.; Ржэўскi М., Дзярновiч А. Браніслаў Ржэўскі // Дэмакратычная апазыцыя.

 

381.      РОДЗЕВІЧ Леапольд (12.6.1895, фальварак Кур‘янаўшчына Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Лагойскі р-н – пасьля 1938?, Саратаў?, НКВД), празаік, публіцыст, паэт, драматург. Паходзіў з шляхецкага роду, які да пачатку ХХ ст. асяляніўся. Брат Ч.Родзевіча. У 1909 скончыў гарадзкую вучэльню ў Вялейцы. Пад уплывам «Нашай Нівы» пачаў пісаць па-беларуску. Публікаваўся з 1912. У 1914 пераехаў у Вільню. Перад наступам нямецкіх войскаў у 1915 пакінуў горад. З 1919 жыў у Менску, у 1921 зноў вярнуўся ў Вільню. У 1921 працаваў у рэдакцыі газ. «Беларускія ведамасьці», потым – у «Беларускім звоне». У 1922-23 рэдагаваў газ. «Наша будучыня», з 1922 газ. «Беларускі звон». Кіраваў Беларускай драматычнай майстроўняй. Вадэвілі і п‘есы Р. карысталіся папулярнасьцю, ставіліся ў 1920-30 г. прафэсійнымі і самадзейнымі тэатрамі. У 1922 увайшоў у Беларускую рэвалюцыйную арганізацыю (БРА), быў членам яе ЦК, супрацоўнічаў зь яе газ. «Вольны сьцяг» (1923). Адзін з ініцыятараў уступленьня ў 1923 БРА ў КПЗБ. Арыштоўваўся ў 1923. У 1924 сакратар Гарадзенскага падпольнага акружкаму КПЗБ. З-за перасьледу ўладаў увосені 1925 перабраўся ў Менск. У 1925-34 рэдактар газ. «Чырвоны сьцяг» і час. «Бальшавік». Быў рэдактарам «Бюлетэня ЦК КПЗБ». Працаваў у Камісіі па вывучэньні Зах. Беларусі пры БелАН. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1933. Адпраўлены ў Саратаў, дзе працаваў у лясьніцтве. Паўторна арыштаваны ў 1938. Дакладная дата гібелі невядомая. Рэабілітаваны ў 1956. Многія творы Р., асабліва «Зьбянтэжаны Саўка», цяпер з посьпехам ставяцца тэатральнымі калектывамі Беларусі.

 

Тв.: Пакрыўджаныя: Драма. – Менск, 1921; Сцэнічныя творы. – Вільня, 1921; Беларусь: (Вершы). – Вільня, 1922; Досьвіткі: (Драматычныя сцэнкі). – Вільня, 1922; Сцэнічныя творы. – Вільня, 1925; На паняволеных гонях: Вершы. – Кракаў, 1928 (падпольнае выданьне); Рэвалюцыйным шляхам: Апавяданьні з жыцьця Заходняй Беларусі. – Менск, 1928; Вогнішча барацьбы: Апавяданьні з жыцьця Заходняй Беларусі. – Менск, 1930; Scenicnyja twory. – Wilnia, 1933; Зьбянтэжаны Саўка: Жарт. – Менск, 1964.

Літ.: Хаўратовіч І. Ён заслужыў добры ўспамін аб сабе // Полымя. 1965, №9; Калесьнік У. Зь лістоў Леапольда Родзевіча да Ўладзімера Жылкі // Беларуская літаратура і літаратуразнаўства. Вып. 2. Менск, 1974; Bergman A. Leopold Rodziewicz // Bergman A. Sprawy bialoruskie w II Rzeczypospolitej. – Warszawa, 1984; Ліс А. Паміж літаратурай і палітыкай: драма аднаго рамантыка // Спадчына. 1997, №3; Саламевіч Я. У суровыя гады змаганьня: Да 90-годзьдзя з дня нараджэньня драматурга Л.І.Родзевіча // Звязда. 1995, 12 чэрв.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

382.      РОДЗЕВІЧ Чэслаў (20.3.1889, фальварак Кур‘янаўшчына Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Лагойскі р-н – сак. 1942, Саратаў, НКВД), грамадзкі і культурны дзяяч, публіцыст. Брат Л.Родзевіча. У 1908 скончыў Віленскую сярэднюю хіміка-тэхналягічную школу. Выступаў як акцёр у Першай беларускай трупе Ігната Буйніцкага. Жыў у Петраградзе. Адзін з заснавальнікаў Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны, Таварыства беларускага народнага штукарства. У 1918 скончыў Новачаркаскі політэхнічны інстытут. У 1918 супрацоўнік Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Пераехаў у Менск. У канцы 1918-19 акцёр Беларускага савецкага тэатру; у 1919-20 выкладчык Менскага пэдінстытуту. У часе польскай акупацыі загадчык аддзелу асьветы Менскага магістрату. У 1920-я ўдзельнічаў у рабоце Навукова-тэрміналягічнай камісіі пры Наркамасьвеце БССР. З 1922 у Інбелкульце, з 1925 навуковы сакратар сельскагаспадарчай сэкцыі. Арыштаваны 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 паводле арт. 58 п. 4, 7, 10, 11 КК РСФСР высланы на 5 гадоў у Саратаў. Загінуў у зьняволеньні. Рэабілітаваны 15.11.1957.

 

Літ.: Скалабан В. Паплечнікі // Мастацтва Беларусі. 1983, №11; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.

 

383.      РОЗНА Алесь (Абрам Ісакавіч; 1913, Менск – 1942, Горкаўская вобл., Унжлаг), паэт, перакладчык. Пасьля сканчэньня сярэдняй школы працаваў наборшчыкам у друкарні. Першыя вершы былі апублікаваныя ў 1926 у газ. «Чырвоная зьмена». Друкаваўся ў час. «Полымя», «Чырвоная Беларусь», газ. «Савецкая Беларусь», «Зьвязда» і інш. Перакладаў на бел. мову творы Г.Гейнэ, А.Міцкевіча, А.Пушкіна. У першай палове 1930-х г. працаваў у рэдакцыі газ. «Чырвоная зьмена». Адначасова вучыўся ў МВПІ, які скончыў у 1935. Арыштаваны 28.10.1936. Сасланы на ст. Сухабязводная ў Горкаўскай вобл. Загінуў у зьняволеньні. Рэабілітаваны ў 1955.

 

Тв.: З казахстанскіх матываў // Полымя. 1930, №11–12; Зямля… Зямля… // Дзень паэзіі – 75. Менск, 1975.

Літ.: Грахоўскі С. Жыве ў памяці маёй // Дзень паэзіі–73. Менск, 1973; Яго ж. Жывуць у памяці маёй // Грахоўскі С. Так і было. – Менск, 1986; БП, т. 6.

 

384.      РУСАК Васіль (22.3(4.4).1896, в. Ячава Слуцкага пав. Менскай губ. – пасьля 1946, ГУЛАГ), грамадзкі і паліт. дзяяч, фальклярыст, выдавец, прадпрымальнік. У 1-ю сусьветную вайну ў чыне прапаршчыка ваяваў на Паўдн. фронце. Пасьля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 член БСГ. З 1918 жыў на Случчыне; арыштоўваўся немцамі; у 1919 арыштоўваўся бальшавікамі. У часе польскай акупацыі адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэту; актыўны ўдзельнік антыпольскага і антысавецкага рухаў. У ліст. 1920 старшыня зьезду Случчыны, уваходзіў у склад Беларускай рады Случчыны. У часе Слуцкага збройнага чыну 1920 камісар 2-га Грозаўскага палка. У 1921 інструктар Беларускай вайсковай камісіі, актыўны ўдзельнік антыпольскага падпольнага і партызанскага руху ў Зах. Беларусі. У траўні 1922 перабраўся ў Коўна. З 1923 жыў у Чэхаславаччыне. Адзін з кіраўнікоў Праскага аб‘яднаньня беларускіх студэнцкіх арганізацыяў. У 1928 скончыў Праскую вышэйшую політэхнічную школу. З 1931 узначальваў Беларускі нацыянальны камітэт у Празе. Удзельнічаў у выданьні час. «Іскры Скарыны». У 1934 выдаў зборнік уласных запісаў бел. народных песень. У часе 2-й сусьветнай вайны сябра Беларускага нацыянальнага камітэту ў Празе. У чэрв. 1945 арыштаваны савецкай вайсковай контрразведкай «Смерш». У чэрв. 1946 Вайсковым трыбуналам БВА асуджаны на 10 гадоў лягераў. Далейшы лёс невядомы.

 

Літ.: Ляхоўскі У. Слуцкі фронт збройнага змаганьня за незалежную Беларусь: Новыя крыніцы: Ліст Васіля Русака Кастусю Езавітаву // Спадчына. 1995, №6; ЭГБ, т. 6-1.

 

385.      РУСАК Уладзiмер (17.6.1949, в. Зьвёзная Баранавiцкага р-ну Берасьцейскай вобл.), праваслаўны сьвятар, публіцыст. Падрыхтаваў трохтомнае дасьледаваньне «Свидетельство обвинения» пра ўзаемаадносiны Расейскай Праваслаўнай Царквы i савецкай улады, дзе раскрывалiся рэпрэсii супраць Царквы. За свой рукапіс пазбаўлены працы ў рэдакцыi час. «Журнал Московской патриархии», адпраўлены ў Вiцебск. Ужо там за казанi пра пакутнiкаў за веру ў СССР пазбаўлены права служыць. 10.9.1986 Маскоўскiм гарадзкiм судом асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня. Жыве ў Маскве.

 

Лiт.: Дзярновіч А. Iндэкс рэпрэсаваных // Наша Нiва. 1998. 16 сак.; Яго ж. Уладзімер Русак // Дэмакратычная апазыцыя.

 

386.      РУСАКОВІЧ Сяргей (1912, в. Асавец Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Любанскі р-н – 1937?, ГУЛАГ), празаік, перакладчык. У 1930 паступіў у МБПТ. Быў членам літаратурнага гуртка навучэнцаў тэхнікуму. Увосені 1931 разам з З.Астапенкам, С.Астрэйкам, У.Сядурам і некаторымі іншымі «забастоўшчыкамі» за ўцёкі «з прарыву» па збіраньні мерзлай бульбы ў калгасе «Сьцяпянка» выключаны з тэхнікуму. У 1931 паступіў у БДУ. Неўзабаве пакінуў ун-т, працаваў перакладчыкам Вайсковага выдавецтва. Вясной 1931 у час. «Узвышша» апублікаваў апавяданьне «Крумкач». М.Кавыль пісаў, што ў апавяданьні «Крумкач» у «замаскаванай форме (аўтар) крытыкаваў маскалёў, якіх у народзе называлі крумкачамі…». Арыштаваны 23.2.1933. Асуджаны 10.8.1933 на 3 гады пазбаўленьня волі з адбываньнем тэрміну пакараньня ў папраўча-працоўных лягерах (справа №14618 архіўнага аддзелу КГБ Беларусі). Этапаваны ў Навасібірск. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 24.8.1956.

 

Літ.: Маракоў Л. Вяртаньне зь небыцьця // Голас Радзімы. 1999, 24 ліп.

 

387.      РЫЎЛІН Езэкіль (1.12.1901, Віцебск – 7.5.1978, Алма-Ата), гісторык, публіцыст. У 1923 скончыў Камуністычны ун-т імя Я.Сьвярдлова ў Маскве, у 1927 Інстытут чырвонай прафэсуры. З 1927 дацэнт катэдры гісторыі Захаду БДУ; з 1928 прарэктар БДУ. З 1929 нам. Наркама асьветы. Прафэсар, акадэмік БелАН (1931). У 1931-33 загадчык сэктару навукі і культуры ЦК КП(б)Б, дырэктар Інстытуту асьпірантуры БелАН, выкладчык Камуністычнага ун-ту Беларусі. Дасьледаваў гісторыю нямецкай сацыял-дэмакратыі. Далучыўся да трацкісцкай апазіцыі. Арыштаваны 6.3.1933. Пастановай Асобай нарады ад 9.7.1933 прысуджаны да 3 гадоў турмы. Гэты прысуд у 1933 быў заменены высылкай на 3 гады ў Казахстан. У 1933-57 выкладаў у Кзыл-Ардынскім настаўніцкім інстытуце. З 1958 загадчык катэдры мэтодыкі выкладаньня расейскай мовы і літаратуры, у 1963-71 выкладчык Казахскага пэдінстытуту (Алма-Ата). Аўтар падручніка і артыкулаў аб мэтодыцы выкладаньня расейскай мовы ў казахскіх школах. Рэабілітаваны 9.5.1956.

 

Тв.: История германской социал-демократии. – Менск, 1928; Аграрная дискуссия в германской социал-демократии. – Менск, 1929.

Лiт.: Возвращенные имена; БЭ, т. 13.

 

388.      САБАЛЕНКА Раман (2(15).10.1907, в. Сабалі Рэчыцкага пав. Менскай губ., цяпер Брагінскі р-н – 13.5.1975, Менск), празаік, паэт, публіцыст. Першы верш апублікаваў у 1927 у газ. «Зьвязда». Пісаў нататкі ў гомельскую сялянскую газ. «Новая деревня». У 1929 скончыў Гомельскі пэдтэхнікум. У 1929-31 служыў у Чырвонай арміі. Пасьля дэмабілізацыі працаваў стыльрэдактарам у газ. «Палеская праўда». У 1933-35 вучыўся на вячэрнім аддзяленьні Гомельскага пэдагагічнага інстытуту. Арыштаваны ў сьнеж. 1933, але справу закрылі. Другі раз арыштаваны 28.9.1937, але зноў выпушчаны. Член СП Беларусі з 1939. З пачаткам вайны мабілізаваны ў армію, ваяваў на Калінінскім фронце; нам. камандзіра роты. Зноў арыштаваны і 13.7.1942 прысуджаны вайсковым трыбуналам 39-й арміі да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Але 31.7.1942 прысуд быў адменены з-за адсутнасьці складу злачынства. Накіраваны ў армію, ваяваў на 2-м Прыбалтыйскім фронце. У 1945-53 працаваў загадчыкам аддзелу культуры, нам. галоўнага рэдактара баранавіцкай абл. газ. «Чырвоная звязда». З 1953 у Менску. Супрацоўнічаў у рэдакцыях газ. «Калгасная праўда», час. «Маладосць». У 1957-66 нам. галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды. Пахаваны на могілках у Заслаўі.

 

Тв.: Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1967–68; Выбр.: Аповесьці і апавяданьні. – Менск, 1977; Творы: У 2 т. – Менск, 1983.

Літ.: Карпаў У. Раман Сабаленка: Літаратурны партрэт // Полымя. 1963, №7; Герцовіч Я. Заўжды ў дарозе // ЛіМ. 1967, 13 кастр.; Шушкевіч С. Лета пісьменьніка // Шушкевіч С. Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2; БП, т. 5.

 

389.      САБIЛА Эрнст (18.3 (паводле пашпарту 31.12) 1932, в. Дзегцяроўка Менскага р-ну, сёньня ў межах Менску), рэлігійны дзяяч, вязень сумленьня, публіцыст. У сярэдзiне 1930-х сям‘ю Сабiлаў як ненадзейных выселiлi далей ад блiзкай савецка-польскай мяжы. Яны пасяліліся ў Бабруйску. Яшчэ хлопчыкам С. далучыўся да эвангельскіх хрысьціянаў, дзейнасьць якіх была легалiзаваная ў часе нямецкай акупацыi. На працягу 1943-44 сям‘я Сабiлаў супрацоўнiчала з савецкiм партызанскiм атрадам на Бабруйшчыне. Пасьля вайны С. паступіў у Менскі мэдiнстытут; арыштаваны ўлетку 1951. Праз два месяцы асуджаны на расстрэл у фармулёўцы суду за «антысавецкую агiтацыю на падставе рэлiгiйных i нацыянальных забабонаў». Пакараньне было заменена на 25 гадоў лягераў. З 1951 да 1956 адбываў зьняволеньне ў лягерах Электрасталь (Падмаскоўе), Усьць-Каменагорск (Паўн. Казахстан), у Кемераўскай вобл., а таксама ва Ўладзiмiрскай турме. У 1953 i 1954 рабiў спробы ўцячы, i, паводле ўласнага прызнаньня, толькi цудам застаўся жывы. У 1956 Судовай калегiяй Вярхоўнага Суду СССР рэабiлiтаваны. Са студз. 1957 зноў вязень ГУЛАГу. Да 1964 знаходзiўся ў Мардовii. Адразу пасьля вызваленьня ў 1964 за С. быў наладжаны нагляд КГБ. У 1970-х здолеў скончыць вячэрняе аддзяленьне Менскага iнстытуту замежных моваў. Напачатку 1970-х стаў прапаведнiкам адной зь незарэгiстраваных баптысцкiх абшчын Менску. З 1988 прасьвiтар Эвангельскай царквы ў Менску. Актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, выступае ў сродках масавай iнфармацыi i на мiтынгах. Зь сярэдзiны 1990-х найбольшыя намаганьнi аддае сваёй царкве.

 

Літ.: Эрнст Сабiла: «Мая вайна – на каленях перад Богам» (інтэрвію) // Наша Нiва. 1998, №14; Квяткоўскi С. Эрнст Сабiла // Дэмакратычная апазыцыя.

 

390.      САК Аляксандар (14.8.1890, в. Сегда, Навагрудчына – 26.8.1937?, Менск, НКВД), рыма-каталіцкі сьвятар, паэт. Першы муж пісьменьніцы Я.Бяганскай. Скончыў Пінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургу ў Інстытуце лясной гаспадаркі. У 1913 пасьля трэцяга курсу спыніў вучобу і паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю ў Санкт-Пецярбургу, якую скончыў у 1917. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1917. Душпастырскую дзейнасьць распачаў у Магілёўскай губ. (мясцовасьці Фашчоўка, Мікуліна-Руднянская ў Аршанскім пав.). Удзельнік зьезду бел. каталіцкіх сьвятароў у Менску (24-25.5.1917). З 19.12.1918 жыў у мяст. Сянно. У 1919-21 пробашч у Сьвяцілавіцкім касьцёле і адміністратар у Шклове. Духоўныя ўлады Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1922 і 1924 мелі намер накіраваць С. для службы ў Петраград, але ён папрасіў пакінуць яго ў Беларусі. Зь вясны 1924 жыў у Менску, дзе часта гасьцяваў у Янкі Купалы. Да гэтага пэрыяду адносяцца многія лірычныя вершы, паэмы і вершаваныя драматычныя творы С. Служыў сьвятаром на Меншчыне і Мазыршчыне, у Койданаве і Хойніках. Шырока выкарыстоўваў бел. мову ў душпастырскай дзейнасьці. Перасьледаваўся савецкімі ўладамі. 17.12.1929 змушаны быў публічна адмовіцца ад сьвятарскага сану. Працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Арыштаваны ГПУ БССР 24.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Асуджаны на 5 гадоў ППЛ. Накіраваны на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага каналу, дзе знаходзіўся да 1934. Зноў арыштаваны 25.8.1937. Расстраляны.

 

Літ.: Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917–1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Гарбінскі БРД.

 

391.      САКОВІЧ Юльян (12(24).08.1906, фальварак Баўдыры Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 13.06.1943, мяст. Васілішкі Лідзкай акругі, цяпер Шчучынскі р-н), бел. грамадзка-паліт. дзяяч, публіцыст. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. Зь сярэдзіны 1920-х – сябра падпольнага камсамолу, пазьней – Камуністычнай партыі Зах. Беларусі. Упершыню арыштаваны польскімі ўладамі ў сьнеж. 1925; яго справа была ўзьнята ў польскім Сэйме паслом Юрыем Сабалеўскім. Браў удзел у дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У другой палове 1920-х вучыўся на агранома ў Віленскім унівэрсытэце, быў сябрам незалежніцкага Беларускага студэнцкага саюзу і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. У 1929 за пракамуністычную дзейнасьць быў выключаны на год з шэрагаў БСС. У ліп.-сьнеж. 1929 разам з Г.Вялецкім выдаваў у Вільні студэнцкі час. «Вольная думка». На працягу 1930-х неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі; у 1933 праходзіў на судовым працэсе разам зь іншымі кіраўнікамі Таварыства беларускай школы. Асуджаны на 3 гады зьняволеньня. Некаторы час пакараньне адбываў у Бяроза-Картускім канцлягеры. Увосені 1939 быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Вызваліўся ў пачатку нямецкай агрэсіі. У жн. 1941 арыштаваны на Смаргоншчыне польскай паліцыяй, якая была на службе ў нямецкіх акупантаў. Пасьля вызваленьня працаваў у Менску начальнікам адміністрацыйнага аддзелу Беларускай народнай самапомачы, камэндантам гарадзкой паліцыі. Арганізатар антынацысцкага бел. нацыянальнага падпольля, сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, кіраўнік Менскага акруговага камітэту БНП, лідэр падпольнай арганізацыі «Беларуская народная грамада». У жн. 1942 – траўні 1943 – кіраўнік БНС ў Менскай акрузе. Летам 1942 увайшоў у штаб па фармаваньні вайсковых аддзелаў Беларускай самааховы, якая ў крас. 1943 была распушчана акупацыйнымі ўладамі. За публічныя пратэсты супраць нямецкіх рэпрэсіяў над мірным насельніцтвам быў высланы на Лідчыну, дзе быў забіты польскай тэрарыстычнай групай.

 

Кр.: НАРБ, Ф.908.

Літ.: С.Хізма (Адамовіч А.) Паніхіда па сьвежых ахвярах // Беларуская газэта. 1943. 30 чэрв.; Лідзкая акруга падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 г. // Беларуская думка. 1960. №1; Ёрш С. Менск, 1942… У падпольлі створана Беларуская Незалежніцкая Партыя. На 50-я ўгодкі з дня трагічнай сьмерці Юльяна Саковіча // Пагоня, 1993, 4-10 чэрв.; Яго ж. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі. – Менск-Слонім. 1998; Сазанавец Л. Мадонна // Arche. 2000. №9; Змагар, Алесь. Сьцежкі-дарожкі // Arche. 2001. №2. С. 80-81, 88; Гардзіенка А. Беларуская народная самапомач: ад пачаткаў да рэарганізацыі // Спадчына. 2002. №1.

 

392.      САКОЛ Пятро (сапр.: Масальскі Пётра Аляксандравіч; 1(14).7.1905, мяст. Пасінь Люцынскага пав. Віцебскай губ., цяпер в. Пасіене Лудзенскага р-ну, Латвія – 6.7.1985, Рыга), паэт, перакладчык. Пасьля сканчэньня Себескай вучэльні ў 1922-23 вучыўся ў Люцынскай беларускай гімназіі. У 1923 пераехаў у Рыгу. Працаваў на часовых работах. Пачаў друкаваць вершы ў 1923. Быў карэктарам у газ. «Голас беларуса». У 1925-26 вучыўся на Беларускіх 2-гадовых настаўніцкіх курсах. У 1927 атрымаў месца настаўніка-практыканта ў Дзвінскай беларускай гімназіі. Быў членам Партыі незалежных сацыялістаў і Латгальскага рабочага прафсаюзу. З-за сваіх паліт. поглядаў у 1928 быў арыштаваны латыскімі ўладамі. Потым жыў пад наглядам паліцыі; пазбаўлены права выкладаць. У 1929 выдаў адзіны паэтычны зборнік. З 1929 да 1936 атрымліваў толькі часовую работу ў Ліепаі і Рызе (быў таксама карэктарам-перакладчыкам час. «Беларуская школа ў Латвіі»). Перакладаў расейскую, украінскую паэзію, творы Я.Райніса. У 1935 спрабаваў апублікаваць зборнік перакладаў латыскіх дайнаў (народных песень). З 1936 працаваў бухгалтарам на фанэрнай фабрыцы. З 1942 карэктар-перакладчык у час. «Новы шлях» (Рыга). Складаў картатэку бел.-латыскага слоўніка. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1945; асуджаны і адпраўлены на «фільтрацыю» ў Хабараўскі край, потым у Ніжне-Амурскі папраўча-працоўны лягер МУС. Вярнуўся ў Рыгу ў сак. 1947. Працаваў рабочым.

 

Тв.: На сьвітаньні: Вершы. – Рыга, 1929; Дайны: Латыскія народныя песьні / З латыскай. – Менск, 1987.

Літ.: Ліс А. Два перакладчыкі з Латвіі // Далягляды. – Менск, 1979; Панізьнік С. Вяртаньне голасу // Дайны. – Менск, 1987; Кекелева Т. Беларускі пясьняр з-пад Люцына // Спадчына. 2000, №1; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

393.      САЛАГУБ Алесь (5(18).10.1906, в. Зарудзічы Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 17.5.1934, Менск, НКВД), паэт, публіцыст, літаратуразнавец, мэмуарыст. У 1922-27 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Сыстэматычна літаратурнай дзейнасьцю займаўся з 1924. Публікаваўся ў зах.-бел. выданьнях «Студэнцкая думка», «Беларуская ніва», «Народная справа», «Маланка». У 1926 ад талстоўскай ідэі «несупраціўленьня» перайшоў да канцэпцыі клясавага змаганьня і сацыялістычных ідэяў. Удзельнічаў у руху БСРГ, арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў забароненую літаратуру. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1924 і 1927, быў вязьнем Лукішак і Стафанаўскага астрогу ў Вільні. Пасьля вызваленьня ў 1928 нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Паступіў вучыцца ў БДУ. У 1929 выдаў зборнік вершаў, якія былі напісаныя ў зьняволеньні. Пасьля сканчэньня ў 1931 ун-ту асьпірант Інстытуту літаратуры і мастацтва БелАН. У 1933 у час. «Полымя рэвалюцыі» (№1) апублікаваў працу «Мастацкая літаратура «Грамады», дзе прааналізаваў прэсу і літаратуру БСРГ. Арыштаваны 10.8.1933 у справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Калегіяй ОГПУ СССР прысуджаны 9.1.1934 да расстрэлу. Рэабілітаваны 18.4.1956. Сям‘я С. (жонка і сын) таксама былі рэпрэсаваныя і сасланыя на Поўнач.

 

Тв.: Лукішкі: Вершы з Заходняй Беларусі. – Менск, 1929; Лукіскі дзёньнік: Фрагменты // Полымя. 1961, №4.

Літ.: Калесьнік У. Слова з-за крат // Полымя. 1961, №4; Яго ж. Алесь Салагуб // Калесьнік У. Лёсам пазнанае. – Менск, 1982; Ліс А. Дзе вы, хлопцы, браты песьняры? // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. – Менск, 1994; Возвращенные имена; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

394.      САЛАНЕВІЧ Іван (1(13).11.1891, с. Руднікі Пружанскага пав. Гарадзенскай губ. – 24.4.1953, Буэнас-Айрэс, Аргенціна), пісьменьнік, публіцыст, выдавец, філёзаф, гісторык, грамадзкі дзяяч. Сын Л.Саланевіча. У 1916 скончыў Петраградзкі ун-т. Пачаў кар‘еру журналіста ў газ. «Гродненские губернские ведомости». У 1909-12 працаваў у газ. «Белорусская жизнь» (з 1911 – «Северо-Западная жизнь»), заснаванай яго бацькам. З 1912 супрацоўнік пецярбурскай газ. «Новое время». Віцэ-чэмпіён Расеі ў гіравым спорце 1914, удзельнік спаборніцтваў у футболе, боксе, барацьбе. Публікаваўся ў спартыўнай прэсе. У 1908-10 у Горадні і Віцебску арганізаваў спартыўныя таварыствы «Сокал». Не прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Выехаў у Адэсу. З 1926 у Маскве. Працаваў у прафсаюзах, супрацоўнічаў з газ. «Известия», апублікаваў некалькі брашур аб спорце. У 1933 спрабаваў уцячы з СССР. Арыштаваны і накіраваны на будаўніцтва Беламорканалу. У жн. 1934 разам з сынам уцёк зь лягера, прабраўся ў Фінляндыю. Жыў у Баўгарыі. Напісаў кнігу ўспамінаў «Россия в концлагере» (апублікавана ў 1936). З 1936 выдаваў у Сафіі газ. «Голос труда», перайменаваную ў «Голос России». Газэта распаўсюджвалася ў 52 краінах сьвету і стала ідэалягічным цэнтрам расейскай правай эміграцыі. Пасьля закрыцьця ў 1938 газэты баўгарскімі ўладамі пераехаў у Нямеччыну. Выступіў супраць плянаў Нямеччыны пачаць вайну з СССР, за што быў арыштаваны і сасланы пад нагляд гестапа ў мяст. Апельбек пад Гамбургам. З 1948 жыў у Аргентыне. У Буэнас-Айрэсе заснаваў газ. «Наша страна». Галоўны твор С. – філязофска-паліталягічная праца «Народная манархія».

 

Тв.: Белая империя. – Буэнос-Айрес, 1952; Маск., 1997; Народная монархия. – Буэнос-Айрес, 1955, 1973; Маск., 1991; Менск, 1998.

Літ.: Дьяков И. Дело, которое больше нас // Наш современник. 1991, №11; Черепица В. Преодоление времени. – Менск, 1996; ЭГБ, т. 6-1.

 

395.      САЛАНЕВІЧ Лук‘ян (8(20).10.1866 – 1938?, ГУЛАГ, Краснаярскі край?), грамадзкі дзяяч, журналіст, выдавец, краязнавец. Бацька І.Саланевіча. У 1886 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Да 1896 працаваў у народных вучэльнях Бельскага, Пружанскага, Гарадзенскага пав. Да 1907 служыў на канцылярскіх пасадах у Гарадзенскай губэрнскай управе. З канца 1890-х супрацоўнічаў з газ. «Гродненские губернские ведомости», з 1897 сакратар неафіцыйнай часткі газ., у 1905-08 – рэдактар газэты. Пісаў на тэмы краязнаўства, адукацыі, культуры, аховы здароўя. Член Гарадзенскага праваслаўнага Сафійскага брацтва, Гарадзенскага царкоўна-археалягічнага камітэту. У 1908 сузаснавальнік «Беларускага таварыства». Прыхільнік «заходне-русізму», гістарычных поглядаў М.Каяловіча і палітыкі П.Сталыпіна. У 1909 пераехаў у Вільню, дзе пачаў выдаваць газ. «Белорусская жизнь» (з 1911 – «Северо-Западная жизнь»). З 1912 пры рэдакцыі газэты пачала выходзіць «Беларуская гістарычная бібліятэка». У 1916 у сувязі з набліжэньнем фронту пераехаў у Ялту. Не прыняў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расеі, адышоў ад журналісцкай і грамадзкай дзейнасьці. У 1934 пасьля ўцёкаў сына Івана з СССР арыштаваны. Паводле некаторых зьвестак, загінуў у лягеры каля Паўночна-Енісейску. Рэабілітаваны ў 1989.

 

Тв.: Краткий исторический очерк Гродненской губернии. – Гродно, 1901.

Літ.: Дьяков И. Дело, которое больше нас // Наш современник. 1991, №11; Черепица В. Преодоление времени. – Менск, 1996; ЭГБ, т. 6-1.

 

396.      САМОЙЛА Уладзімер (17(29).1.1878, Менск – чэрв. 1941, Менск?, НКВД), публіцыст, філёзаф-эстэтык, літаратуразнавец, паэт, празаік. Пасьля сканчэньня Менскай гімназіі вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1916 скончыў Петраградзкі ун-т. У 1906 стаў адным з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мянчук». Спрыяў першым публікацыям твораў Я.Купалы. З 1918 жыў у Вільні. Выкладаў у розных навучальных установах. У 1918-22 быў рэдактарам-выдаўцом газ. «Виленская речь». Аўтар шматлікіх артыкулаў і эсэ, прысьвечаных творчасьці бел., зах.-эўрапейскіх, расейскіх пісьменьнікаў. У 1922-27 быў адным зь вядучых публіцыстаў у зах.-бел. друку. Пасьля разгрому БСРГ адышоў ад актыўнага ўдзелу ў грамадзка-паліт. жыцьці. Публікаваў працы пераважна культуралягічнай тэматыкі. На пачатку 1930-х працаваў бібліятэкарам Беларускага музэя імя І.Луцкевіча. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў кастр. 1939. Этапаваны ў Менск (?), расстраляны.

 

Тв.: Праф. Зьдзяхоўскі аб беларускай душы. – Вільня, 1924; Які «Самаўрад» гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка? – Вільня, 1924; «Nowy» i «najnowszy» kurs polityki polskiej w sprawie biaіoruskiej. – Wilno, 1932; У кн.: Александровіч С., Александровіч В. Беларуская літаратура ХІХ – пачатку ХХ ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў. – Менск, 1978.

Літ.: Бас І. Уладак з Казіміраўкі // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. – Менск, 1971; Калинкович Н. Как дань глубокого уважения… // Нёман. 1979, №11; Александровіч С. Уладзімер Самойла – дасьледчык паэзіі Янкі Купалы // Песьні беларускай валадар. – Менск, 1981; Конан У. Прарок у сваёй Айчыне: Ул.Самойла, 1878-1941 // Вяртаньня маўклівая споведзь: постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксьце часу. – Менск, 1994; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

397.      САХАРАЎ Сяргей (16(28).9.1880, Полацак – 22.4.1954, Рыга), фальклярыст, этнограф, публіцыст, пэдагог. У 1891-95 за дзяржаўны кошт вучыўся ў Полацкай духоўнай вучэльні; у 1901 скончыў Віцебскую духоўную сэмінарыю. Адмовіўся ад духоўнага сану. Настаўнічаў у Люцынскім пав. і ў Люцыне. У 1907-11 вучыўся на юрыдычным ф-це Юр‘еўскага ун-ту; адначасова слухаў лекцыі на гісторыка-філялягічным ф-це. З 1911 выкладаў у Віцебску ў гімназіях і настаўніцкім інстытуце; адначасова працаваў сакратаром Віцебскай архіўнай камісіі. У 1913 прызначаны інспэктарам народных вучэльняў у Юр‘еве. У 1917 шмат вандруе па Беларусі ў пошуках працы (Пінск, Барысаў, Менск, Магілёў). З кастр. 1917 дырэктар Люцынскай расейскай гімназіі. З 1921 старшыня бел. грамадзкага культурна-асьветнага таварыства «Бацькаўшчына». З пачатку 1922 жыў у Рызе. Кіраўнік бел. аддзелу Міністэрства асьветы Латвіі. Пасьля ліквідацыі ў 1925 бел. аддзелу дырэктар Дзьвінскай беларускай гімназіі. У 1932 гімназія была ліквідавана, С. адпраўлены на пэнсію. Пераехаў у Рыгу, актыўна заняўся гісторыка-літаратурнай працай, запісваў бел. фальклёр Латгаліі. З 1940 зноў вярнуўся да выкладчыцкай дзейнасьці, працаваў у бел. і расейскіх школах. Арыштаваны ў крас. 1945; асуджаны на 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у лягерах Карабас і Батык (Казахстан). Вярнуўся ў Латвію ў 1950 бяз права пражываньня ў Рызе.

 

Тв.: Народное образование в Юрьевском уезде. – Юрьев, 1917; Город Лудза в прошлом и настоящем: (Популярный очерк). – Рига, 1935; Полацкі князь Усяслаў – нацыянальны беларускі асілак. – Вільня, 1939; Православные церкви в Латгалии: (Историко-статистическое описание). – Рига, 1939; Народная творчасьць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў. – Рыга, 1940. Вып. 1.

Літ.: Ліс А. Зьбіральнік духоўных скарбаў // ЛіМ. 1980, 7 крас.; Папар С. (Панізнік С.). У зялёным садзе вятры гудзелі // Голас Радзімы. 1980, 23 кастр.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

398.      СЬВЁНТАК Казімер (21.10.1914, мяст. Котвіч, Эстонiя), царкоўны дзяяч, рыма-каталіцкі кардынал, шматгадовы вязень сталiнскiх лягераў. Паходзiць з польскай шляхецкай сям‘i. У часе 1-й сусьветнай вайны сям‘я Сьвёнткаў была эвакуяваная на Ўсход. Пасьля аднаўленьня Польскай дзяржавы яны пасяліліся ў Баранавiчах, дзе С. скончыў мясцовую гiмназiю. У 1933 паступіў у Вышэйшую духоўную сэмінарыю імя Тамаша Аквінскага ў Пiнску, у крас. 1939 пасьвечаны ў сьвятары i распачаў душпастырскую дзейнасьць вікарыем у мяст. Пружаны. У крас. 1941 арыштаваны савецкімі ўладамі з абвiнавачаньнем у шпiянажы i два месяцы ўтрымлiваўся ў Берасьцейскай турме. У канцы чэрв. 1941 быў вызвалены немцамі з турмы і вярнуўся да сваiх вернiкаў у мяст. Пружаны. Пасьля вайны застаўся з парафiянамi. У сьнеж. 1944 зноў арыштаваны савецкімі ўладамі i асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волi. Зьняволеньне адбываў у лягерах Сібіры і Комі АССР. Пасьля вызваленьня 16.6.1954 вярнуўся да душпастырскай дзейнасьці. Зноў узнiкла магчымасьць пераезду, гэтым разам у Польшчу, але ён застаўся ў Беларусi. З 1.12.1954 пробашч у Пінску. З 13.4.1991 арцыбіскуп, мітрапаліт Менскі-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі. 30.10.1994 Папа Ян Павел II абвясьцiў яго кардыналам.

 

Лiт.: Невяроўскi А. Юбiлей кардынала // Навiны. 13.4.1999; Гардзіенка А. Кардынал Казімір Сьвёнтак // Дэмакратычная апазыцыя.

 

399.      СЕМАШКЕВІЧ Раман (1900, мяст. Лебедзева Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзаанскі р-н – канец 1937, Масква, НКВД), жывапісец, графік, скульптар. Скончыў гімназію ў Вільні. Афармляў час. «Рунь» (1923), які выдавалі навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі. Член КСМЗБ. З 1924 жыў у СССР. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, скончыў яго ў 1927 у клясе скульптуры. Накіраваны вучыцца ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут ў Маскве (ВХУТЕИН) на ф-т жывапісу, які скончыў у 1930. Выстаўляцца пачаў у 1924; удзельнік 3-й Усебеларускай мастацкай выставы (1930). У 1932 наладзіў пэрсанальныя выставы ў Петрыкаве, Мазыры, Менску. Аўтар жывапісных работ: «Галадоўка палітзьняволеных у Лукіскай турме», «На этапе», «Паны забіраюць апошнюю карову», «Бойка з сэквэстратарамі», «Зьдзек паліцыі»; партрэтаў А.Грыневіча, В.Таўлая, Я.Купалы, Я.Коласа, групавога партрэта М.Галадзеда, М.Гікалы і А.Александровіча; скульптурнай кампазыцыі «Юны змагар». Арыштаваны 2.11.1937, усе творы былі канфіскаваныя. Рашэньнем «тройкі» расстраляны.

 

Літ.: Салагуб А. Раман Семашкевіч // ЛіМ. 1932, 19 ліст.; Ліс А. Пякучай маланкі сьлед. – Менск, 1981; Васільева Н. Ён жыў, каб ствараць… // ЛіМ. 1988, 15 крас.

 

400.      СЕРАДА Янка (1(13).5.1879, в. Задзьвеі Наваградзкага пав. Менскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н – пасьля 19.11.1943), грамадзкі і паліт. дзяяч, вучоны-аграрнік, публіцыст. У 1903 скончыў Варшаўскі вэтэрынарны інстытут. У 1905-06 служыў у арміі ў Маньчжурыі. У 1907-11 працаваў вэтэрынарам у Менскай губ., адначасова выкладаў у Мар‘іна-Горскай сельскагаспадарчай вучэльні. Член БСГ. Публікаваўся з 1914 (час. «Саха»). Падчас 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны ў армію. У 1917 быў старшынём прэзыдыюму Ўсебеларускага зьезду; у 1918 старшыня Рады БНР. У 1918 член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-фэдэралістаў. У 1919-20 уваходзіў у Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, прэзыдыюм Найвышэйшай рады БНР. У 1921-25 навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі Інбелкульту, выкладчык МБПТ. Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. У 1923-24 арганізатар і дырэктар Менскага вэтэрынарна-заатэхнічнага тэхнікуму. У ліп. 1925 – сьнеж. 1929 дацэнт БСГА ў Горы-Горках; адначасова з 1927 навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы. Арыштаваны ГПУ БССР 4.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на 5 гадоў. Паўторна прысуд вынесены 27.12.1941; атрымаў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслагу (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прысудзе рэабілітаваны 10.7.1988, па 2-м – 16.1.1989.

 

Тв.: Як трэба каваць коні. – Менск, 1926; Вэтэрынарыя і зоагігіена. Кн. 1-2. – Менск, 1927-1928; Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. – Менск, 1930.

Лiт.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.

 

401.      СЕРАФІМАЎ Васіль (1897 – 1972), пэдагог, дзяржаўны дзяяч, краязнавец. З 1925 быў загадчыкам Бабруйскага акруговага аддзелу народнай адукацыі, з 1926 нам. загадчыка Менскага акруговага аддзелу народнай адукацыі. З 1930 у БелАН, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства. Друкаваўся ў час. «Наш край». Пры ім вяліся пошукі нацдэмаў у краязнаўчым руху. У 1937 першы нам. наркама асьветы БССР. Арыштаваны ў 1937; хутка вызвалены. У 1951 скончыў Акадэмію грамадзкіх навук пры ЦК ВКП(б). Больш за 20 гадоў быў рэктарам Берасьцейскага пэдагагічнага інстытуту. У 1960-я напісаў успаміны пра Янку Купалу (друкаваліся ў час. «Полымя»).

 

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

402.      СЯРБЕНТА Віталь (2(14).6.1895, в. Люкяй Вілкавіскага пав. Сувалкаўскай губ., цяпер Марыямпальскі р-н, Літва – 26.10.1980, Менск), гісторык, філёзаф. Удзельнік рэвалюцыйнага руху, рэдактар падпольных і легальных выданьняў у Літве, Маскве, Варонежы, Харкаве. З 1920 загадчык аддзелу друку Харкаўскага губкаму КП(б)У, сакратар Літоўскай сэкцыі пры ЦК КП(б)У. Рэдактар літоўскай газ. «Darbininku balsas» і час. «Raudonoju Dirva»; газ. «Красные резервы», «Красноармейская страница», «Коммунист» (орган ЦК КП(б)У). У 1920 скончыў гісторыка-філялягічны ф-т Харкаўскага ун-ту; у 1922 – мэдычны ф-т. У 1922-23 выкладчык Камуністычнага ун-ту народаў Захаду. У 1924 скончыў Інстытут чырвонай прафэсуры. З 1924 у Беларусі. Загадчык Віцебскай губсавпартшколы. У 1925-27 нам. загадчыка аддзелу друку ЦК КП(б)Б, з 1929 дырэктар Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. Прычыніўся да барацьбы з т.зв. беларускім нацыянал-дэмакратызмам; да выгнаньня зь Менску В.Доўнар-Запольскага, забароны друкаваць яго «Гісторыю Беларусі». Прафэсар (1930), акадэмік БелАН (1931), доктар гістарычных навук (1934). У 1932-37 загадчык сэктару Інстытуту гісторыі БелАН. Арыштаваны 22.5.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 14.11.1937 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Паўторна прысуджаны Асобай нарадай пры МГБ СССР ад 26.11.1949 да высылкі на пасяленьне ў Краснаярскі край. Рэабілітаваны 30.5.1956. З 1957 загадчык сэктару, з 1967 навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі і права АН БССР. Дасьледаваў гісторыю філязофіі і сацыялагічнай думкі ў Беларусі і Літве. Суаўтар кніг «З гісторыі філязофскай і грамадзка-палітычнай думкі Беларусі» (1962), «Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філязофіі ў Беларусі, 1919-1968» (1968).

 

Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.

 

403.      СЕРГІЕВІЧ Юльян (23.9.1910, в. Юраўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладачанскі р-н – 4.10.1976, в. Ленкаўшчына Маладачанскага р-ну), паэт, самадзейны мастак. Першы верш «Дуб» быў апублікаваны ў 1922 у час. «Маладое жыцьцё». Друкаваўся ў пэрыядычных выданьнях Зах. Беларусі, найперш у час. «Маланка» і газ. «Шлях моладзі»; у калектыўным зборніку «Рунь веснаходу». У сярэдзіне 1920-х быў актывістам БСРГ і ТБШ. У 1939 павінен быў выйсьці яго зборнік паэзіі, але пачатак вайны не дазволіў ажыцьцявіцца гэтым плянам. З нападам Нямеччыны на Польшчу ў вер. 1939 мабілізаваны ў польскую армію. Трапіў у нямецкі палон. Быў у лягерах для ваеннапалонных (разам зь Я.Брылём, для якога С. стаў прататыпам аднаго з герояў рамана «Птушкі і гнёзды»). Працаваў у Камітэце беларускай самапомачы ў Бэрліне. Вярнуўшыся на Радзіму пасьля вайны, настаўнічаў у в. Ленкаўшчына і Манішчыцы Маладачанскага р-ну. Арыштаваны ў 1946. Да 1956 знаходзіўся ў лягерах Поўначы, Сібіры, Казахстану. Потым працаваў у калгасе, жыў у в. Ленкаўшчына. Друкаваўся мала, пераважна ў маладачанскай раённай газэце. Як мастак размалёўваў насьценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцьця вёскі. Творы С. экспанаваліся на рэспубліканскай выставе ў 1978. Яго вобраз як настаўніка створаны ў кнізе польскага празаіка З.Жакевіча «Воўчыя лугі».

 

Тв.: Музыка // Рунь веснаходу. – Вільня, 1928; За волю нашых родных хат: (Вершы) // Полымя. 1991, №7; Вершы з фашысцкай няволі // Полымя. 1992, №9.

Літ.: Чаркасава Д. Люблю. – Менск, 1978. С. 72-74; Брыль Я. Зь любоўю да слова // Голас Радзімы. 1980, 21 лют.; Гардзіенка А. Юльян Сергіевіч // Наша Ніва. 2001, 3 вер.; БП, т. 5.

 

404.      СІЎКО Уладзімер (7.1.1916, Менск), паэт, пэдагог, бел. вайсковы дзяяч. Сям‘я С. паходзіць з в. Ачукевічы каля мяст. Любча (Наваградзкі пав.). Скончыў Наваградзкую беларускую гімназію (1933). Свае вершы друкаваў пад псэўданімам у віленскім час. «Шлях моладзі». Служыў у польскім войску (1937-38, 1939), браў удзел у нямецка-польскай вайне ў вер. 1939. Да 1941 працаваў настаўнікам бел. мовы ў Ачукевіцкай школе. Падчас нямецкай акупацыі становіцца афіцэрам, служыць у бел. вайсковых аддзелах на Наваградчыне. Вясной 1944 прадстаўляў бел. бок на тайных перамовах з камандзірамі польскай арміі Краёвай на Наваградчыне. У 1944-45 жыў і працаваў у Вільні. Арыштаваны 25.8.1945, знаходзіўся ў менскай турме НКГБ. Зьняволеньне адбываў на Калыме, дзе працаваў у шахтах. У бальшавіцкіх канцлягерах тайна працягваў пісаць патрыятычныя вершы. Пасьля вяртаньня ў Беларусь жыў у Любчы. З-за сваёй «нядобранадзейнасьці» доўга ня мог знайсьці работу. Зь сям‘ёй выяжджаў у Расею, пасьля вярнуўся. У 1990-х друкаваў успаміны і вершы ў мясцовым і рэспубліканскім друку. Цяпер жыве ў Магілёве.

 

Тв.: Позьнія кветкі: Вершы. – Наваградак, 1996.

Літ.: Антысавецкія рухі.

 

405.      СКАБЛОЎ Фёдар (1897, Рэчыца Менскай губ. – 7.7.1938, Менск, НКВД), эканаміст. Скончыў БДУ. У 1931 паступіў у асьпірантуру БелАН. З 1935 старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту эканомікі. З 1937 кіраўнік сэкцыі. Адначасова выкладаў палітэканомію ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Арыштаваны 4.3.1938. Прысуджаны 25.5.1938 да расстрэлу. Рэабілітаваны 5.10.1957.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

406.      СКАКАЛЬСКІ Гдалі (1901 – ?), музэйны работнік. У 1936-39 быў навуковым супрацоўнікам Музэя рэвалюцыі (Менск), у 1939-40 – дырэктарам. У 1943 асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Рэабілітаваны ў 1997.

 

Літ.: Гужалоўскі А. Музэі Беларусі (1918-1941 г.). – Менск, 2002.

 

407.      СКАНДРАКОЎ Сяргей (9(21).10.1876, Мглін Чарнігаўскай губ., цяпер Бранская вобл., Расея – 2.8.1953, Караганда), журналіст, вучоны-аграном, краязнавец. Вучыўся ў Слуцкай і Менскай гімназіях. У 1906 скончыў Маскоўскі сельгасінстытут. Удзельнічаў у рабоце Менскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Публікаваўся ў газ. «Минский листок». Быў знаёмы з Я.Купалам і Я.Коласам. Перапісваўся з У.Караленкам. У часе рэвалюцыі 1905-07 член Менскага камітэту Беларускай сацыялістычнай грамады. Рэдактар-выдавец газ. «Голос Белоруссии»; першы яе нумар выйшаў 1.1.1906 і газэта адразу была забароненая ўладамі. Адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства «Мянчук». З 1911 дырэктар Чырвонаградзкай досьледнай станцыі ў Палтаўскай губ. З 1921 дырэктар Беларускай агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне пад Менскам. Выкладаў у БДУ і БСГА; працаваў у Беларускім НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1923-25 вучоны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце. Аўтар навукова-папулярных нарысаў аб аграноміі, артыкулаў аб краязнаўстве. Зьбярог жывапісныя творы К.Каганца «Тып беларуса» і «Зімовы пэйзаж». С. – прататып Кандаковіча ў трылёгіі Я.Коласа «На ростанях». Арыштаваны ГПУ БССР 6.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Высланы ў Яраслаўль. З 1931 працаваў на навуковых і пэдагагічных пасадах у Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбэ, Алма-Аце, Карагандзе. Рэабілітаваны.

 

Тв.: Аграном Сэрадэля // Маладняк. 1924, №4.

Літ.: Александровіч С. Пуцявіны роднага слова. – Менск, 1971; Скалабан В. Па сьлядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986, №11; ЭГБ, т. 6-1.

 

408.      СКАРДЗІС (СКАРДЖУС) Вікенцій (28.4.1897, в. Сафійск Чавускага пав. Магілёўскай губ. – 1967, ?), гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў літоўскай сям‘і. Працаваў у літоўскім сэктары АН, Інстытуце нацыянальных меншасьцяў, Інстытуце гісторыі БелАН. Кандыдат гістарычных навук. Вывучаў гісторыю пасяленьняў літоўцаў у Беларусі. Арыштаваны 10.12.1937. Асобай нарадай 19.8.1938 прысуджаны да 5 гадоў высылкі ў Казахстан. Вызвалены ў 1943. Пасьля жыў у Кустанайскай вобл. Казахстану. Рэабілітаваны 11.11.1957.

 

Лiт.: Возвращенные имена.

 

409.      СКІРМУНТ Генрык (1868, в. Моладава Кобрынскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Іванаўскі р-н – 20.9.1939), паэт, кампазытар. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў Пецярбурскай кансэрваторыі, у Парыжы, Варшаве. Аўтар опэры «Пан Валадыёўскі» (паводле аднайменнага раману Г.Сянкевіча), прэм‘ера якой адбылася ў Львове (1902). Першы паэтычны зборнік «Зь вершаў і песень Генрыка Скірмунта» выйшаў у 1898. Перапісваўся з Э.Ажэшкай. З 1920 жыў у маёнтку Моладава. Расстраляны савецкімі ўладамі.

 

Тв.: Poezja. T. 1-2. – Warszawa, 1903-12.

Літ.: PSB; ЭГБ, т. 6-1.

 

410.      СКІРМУНТ Раман Марыян (25.4(7.5).1868, в. Парэчча Пінскага пав. Менскай губ. – 7.10.1939), паліт. і грамадзкі дзяяч, публіцыст. Скончыў Рыскую клясычную гімназію. Быў адным з кіраўнікоў Менскага таварыства сельскай гаспадаркі. Імкнуўся стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі як міжнацыянальны блёк польскіх, літоўскіх і бел. партыйных арганізацыяў. Аўтар прац пра нацыянальнае развіцьцё беларусаў і літоўцаў. У студз. 1917 узначаліў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У сак. – ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту. У 1918 падчас нямецкай акупацыі ўзначаліў «Менскае беларускае прадстаўніцтва», ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду БНР. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі (урад). У 1919 быў адным з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве. У 1930 абраны сэнатарам Польшчы. Арыштаваны савецкімі спэцслужбамі ў вер. 1939. Расстраляны.

 

Тв.: Nowe hasla w sprawie odrodzenia narodowosci litewskiej. – Lwow, 1904; Glos przeszlosci i potrzeba chwili (Stanowisko szlachty na Litwie i Rusi). – Lwow, 1905; Blichtr i blask: Z rozmyslan o Slowackim. – Wilno, 1926; У кн.: Беларуская думка ХХ ст.: Філязофія, рэлігія, культура: (Анталёгія). – Варшава, 1998. С. 179-183.

Літ.: Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994, №4; Рудовіч С. «…Беларускі дзяяч зь вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Т. 2. – Горадня, 1999; ЭГБ, т. 6-1.

 

411.      СКРАБЕЦ Пётра (1882, мяст. Любча Наваградзкага пав. Менскай губ. – 1963, Наваградак), пэдагог. Скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю, Віленскі пэдагагічны інстытут, Гандлёвую школу ў Кіеве. Выкладаў у школах, у тым ліку ў Наваградзкай жаночай прагімназіі. З 1920 выкладаў у Наваградзкай беларускай гімназіі фізыку, матэматыку, прыродазнаўства і бел. мову. Выконваў абавязкі дырэктара гімназіі. У гады 2-й сусьветнай вайны быў дырэктарам Наваградзкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі. Арыштаваны пасьля вайны. 8 гадоў знаходзіўся ў лягерах у Магадане. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Наваградак. Пахаваны на «новых» могілках Наваградка.

 

Літ.: Чэмер А. (Анішчык А.) Наваградзкая Беларуская Гімназія. – Вільня, 1997.

 

412.      СКРЫГАН Ян (3(16).11.1905, в. Труханавічы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Капыльскі р-н – 18.9.1992, Менск), празаік, паэт. Вучыўся ў Слуцкай беларускай гімназіі і сельгастэхнікуме. У 1924 пачаў працаваць у рэдакцыі слуцкай акруговай газ. «Вясковы будаўнік». Літаратурную дзейнасьць распачаў у 1924, калі ў газ. «Вясковы будаўнік» былі апублікаваны яго вершы. У 1925-26 быў загадчыкам Народнага дому ў Расонах. У 1926-27 працаваў у рэдакцыі газ. «Чырвоная Полаччына». У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. Быў членам літаратурнага аб‘яднаньня «Маладняк», «Літаратурна-мастацкай камуны». Пасьля сканчэньня ў 1932 ун-ту працаваў у рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». Член СП Беларусі з 1934. Арыштаваны 13.11.1936. Асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі; высланы ў Кемераўскую вобл. Вызвалены ў 1946 зь пяцігадовай паразай у правох. Працаваў бухгалтарам у Фергане (1946-48), Эстоніі (1948-49, сланцахімічны камбінат «Ківіылі», дзе была С. ўстаноўлена мэмарыяльная дошка). Вяртацца ў Беларусь было забаронена. Зноў арыштаваны 25.6.1949; высланы ў Сібір. Рэабілітаваны ў сьнеж. 1954. Вярнуўся ў Менск. Працаваў рэдактарам мастацкай прозы ў Дзяржвыдавецтве БССР (1955-59), літкансультантам СП Беларусі (1959), рэдактарам аддзелу прозы, нам. галоўнага рэдактара час. «Полымя» (1959-67), загадчыкам літаратурна-кантрольнай рэдакцыі БелСЭ (1967-75), адказным сакратаром Камітэту Дзяржаўных прэміяў БССР у галіне літаратуры, мастацтва, архітэктуры (1975-85). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1976 за ўдзел у стварэньні «Беларускай Савецкай Энцыкляпэдыі» ў 12 т. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1985).

 

Тв.: Кругі: Выбр. – Менск, 1969; Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1975; Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1985.

Літ.: Андраюк С. Кругі жыцьця // Андраюк С. Вывяраючы жыцьцём. – Менск, 1976; Шушкевіч С. Слова пра сябра // Шушкевіч С. Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

413.      СЛАБАДЗЕЦКІ Антон (24.12.1905, в. Старая Гута, цяпер Ушыцкі р-н Камянец-Падольскай вобл., Украіна – пасьля 1938, ?), гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў польскай сям‘і. З 1932 працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі БелАН. Арыштаваны 9.1.1938. Асобай нарадай 22.2.1938 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 12.6.1956.

 

Лiт.: Возвращенные имена.

 

414.      СЛАВІН Цодзік (1887 – 1937, ГУЛАГ), музэйны работнік. У 1924-37 быў загадчыкам Бабруйскага краязнаўчага музэя. Арыштаваны ў 1937 з абвінавачаньнем у контррэвалюцыйнай дзейнасьці. Загінуў у лягеры.

 

Літ.: Гужалоўскі А. Музэі Беларусі (1918-1941 г.). Менск, 2002.

 

415.      СЛАНЕЎСКІ Ігнат (?, в. Сенна Наваградзкага пав. Менскай губ. – 1970, Эйшышкі, Літва), пэдагог, гісторык. У 1920-х скончыў Наваградзкую беларускую гімназію. Нелегальна перайшоў польска-чэхаславацкую мяжу. Вучыўся на гістарычным ф-це Карлава ун-ту (Прага). Вярнуўшыся ў Зах. Беларусь, ня мог знайсьці працы па спэцыяльнасьці. У гады 2-й сусьветнай вайны школьны інспэктар у Карэлічах; арганізоўваў бел. школы. Арыштаваны пасьля вайны. У зьняволеньні знаходзіўся ў Тайшэтлягеры. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Беларусь. Не знайшоўшы працы, перабраўся ў Літву.

 

Літ.: Чэмер А. (Анішчык А.) Наваградзкая Беларуская Гімназія. –Вільня, 1997.

 

416.      СЛОСКАНС Баляслаў (19.8.1893, Цілглс Рэжыцкага пав. Віцебскай губ., цяпер Рэзэкненскі р-н, Латвія – 18.4.1981, Бэльгія), рыма-каталіцкі сьвятар, біскуп, апостальскі адміністратар Менскі і Магілёўскі, рэлігійны і грамадзкі дзяяч. Паходзіў з латыскай каталіцкай сям‘і. У 1905-07 вучыўся ў Рэжыцкай гарадзкой 3-кляснай вучэльні. У 1917 скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю (Петраград). Пасьвечаны ў сьвятары 21.1.1917. Быў прызначаны вікарыем пры касьцёле св. Кацярыны ў Петраградзе. Выконваў сьвятарскія абавязкі ў Абрамавай пустэльні ў Лускім пав. Петраградзкай губ. Кароткі час служыў у Віцебску. У 1925 пераведзены ў Ленінград. У траўні 1926 у Маскве ўзьведзены ў сан біскупа; прызначаны апостальскім адміністратарам Менскім і Магілёўскім. Арыштаваны ОГПУ СССР 16.9.1926. На працягу 1926-30 знаходзіўся ў лягеры на Салаўках. Пасьля вызваленьня вярнуўся ў Магілёў. Зноў арыштаваны ГПУ БССР 9.11.1930. Да студз. 1933 знаходзіўся ў сібірскай ссылцы. Вызвалены ў выніку абмену палітвязьняў паміж Латвіяй і СССР. Жыў у Латвіі, служыў духоўнікам у Рыскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, выкладаў на тэалягічным ф-це Рыскага ун-ту. З 1944 у эміграцыі. Духоўна апекаваўся бел. студэнцкім асяродкам у каталіцкім ун-це Лювэна (Бэльгія); дапамагаў там бел. кампазытару Міколу Равенскаму. У 1952 прызначаны Ватыканам апостальскім візытатарам для беларусаў-католікаў у Зах. Еўропе. Аказваў матэрыяльную падтрымку бел. рэлігійным пэрыядычным выданьням – «Znic» (Рым), «Божым шляхам» (Парыж-Лёндан) і інш.

 

Літ.: Гарбінскі БРД.

 

417.      СЛУЧАНІН Лявон (сапр.: Шпакоўскі Лявонці Раманавіч; 3(16).10.1914, в. Лучнікі Слуцкага пав. Менскай губ. – 25.10.1995, Салігорск), паэт. У 1929 паступіў у Слуцкі пэдтэхнікум. Пад уплывам мастацтва У.Галубка і яго артыстычнай трупы паступіў у Менскі тэатральны тэхнікум. Як сын серадняка быў залічаны без стыпэндыі, што прымусіла вярнуцца ў пэдтэхнікум. З трэцяга курсу паступіў на літаратурны ф-т МВПІ, дзе вучыўся ў 1932-36. Пасьля атрыманьня дыплёму накіраваны выкладчыкам расейскай мовы і літаратуры ў Чэрыкаў Магілёўскай вобл. Пачаў друкавацца з 1936. У 1937 арыштаваны ў Чэрыкаве. Прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі; накіраваны на Беламорканал. У 1939 датэрмінова вызвалены. Вярнуўся ў в. Лучнікі. Уладкаваўся ў Слуцку ў сярэднюю школу выкладчыкам бел. мовы і літаратуры. З 1940 выкладаў у Слуцкім пэдтэхнікуме. У часы нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Лучнікоўскай школы (1941-43), школьным інспэктарам на Случчыне (1943-44). Адначасова супрацоўнічаў у акруговай «Газэце Случчыны»; друкаваўся ў «Беларускай газэце» (Менск), «Голасе вёскі» (Менск), «Раніцы» (Бэрлін) і час. «Новая дарога» (Беласток). Вершы, напісаныя ў 1942-43, апублікаваў у 1943 у калектыўным зборніку «Песьняры Случчыны». Пры адступленьні немцаў выехаў зь сям‘ёй у Нямеччыну. Працаваў карэспандэнтам у час. «Малады змагар», які выдаваў Саюз беларускай моладзі (1944-45). Вясной 1945 трапіў у амэрыканскую акупацыйную зону. Вярнуўся ў родную вёску, дзе быў арыштаваны. Асуджаны на 15 гадоў пазбаўленьня волі і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Адбываў пакараньне на Поўначы. Потым тэрмін быў зьменшаны да 10 гадоў зьняволеньня. Пасьля вызваленьня да 1973 жыў у Варкуце, потым вярнуўся на Радзіму і жыў у Салігорску. Член СП Беларусі з 1993.

 

Тв.: Рагнеда: Паэма. – Вільня, 1944; (Сыднэй), 1958; Спадчына. 1991, №1; Калийщик Солигорска. 1991, 1 сак. (Літаратурная ўкладка).

Літ.: Бяляцкі А. (Пасьляслоўе) // Спадчына. 1991, №1; БП, т. 5. Савік Л. «Нашу радасьць у гразь утапталі…» ЛіМ, 1992, 10 ліп.; Савік Л. «Прыйдзе мой дзень…» Голас Радзімы, 1994, 6 кастр.

 

418.      СМОЛІЧ Аркадзь (17(29).9.1891, в. Бацэвічы Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Клічаўскі р-н – 17.6.1938, Омск, НКВД), дзяяч бел. нацыянальнага руху, географ, публіцыст. У 1905 скончыў Менскую духоўную сэмінарыю; у 1916 Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводзтва ў Пулавах (Польшча). Вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. З 1910 член БСГ. Актыўны ўдзельнік клюбу «Беларуская хатка» ў Менску. У 1917 рэдагаваў газ. «Грамада». Народны сакратар асьветы ў 1-м урадзе БНР. У 1918-22 знаходзіўся ў Горадні і Вільні. У 1919 у Вільні выдаў «Геаграфію Беларусі». Вярнуўся ў Менск у жн. 1922. Працаваў загадчыкам плянава-эканамічнага аддзелу Наркамату земляробства. Адначасова з 1923 дацэнт, прафэсар (1927) і загадчык катэдры ў БДУ. З 1925 нам. старшыні Інбелкульту, кіраўнік сельскагаспадарчай сэкцыі і камісіі па раянаваньні БССР. У 1928 абраны правадзейным членам Расейскага геаграфічнага таварыства, узнагароджаны малым залатым мэдалём. Арыштаваны 26.6.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Паводле пастановы калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобл., потым у Ішым Цюменскай вобл. Вызвалены ў жн. 1935. Зноў арыштаваны 17.6.1937. Рашэньнем тройкі УНКВД Омскай вобл. прысуджаны да расстрэлу. Па 1-м прысудзе рэабілітаваны 10.6.1988, па 2-м – 9.2.1957.

 

Тв.: Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі. – Менск, 1927; Разьмяшчэньне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР. – Менск, 1929; Геаграфія Беларусі / 4-е выд. – Менск, 1995.

Літ.: Кароль А., Міхнюк У. Аркадзь Смоліч: паказаньні на допытах // Голас Радзімы. 1992, 20 лют. – 19 сак.; Макарэвіч А., Міхнюк У. «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў»: (Публікацыя архіўных матэрыялаў) // Полацак. 1993, №8-10; 1994, №1-8; 1995, №1-8; Мясьнікоў А. «Беларус – грамадзянін будучыні…»: (Лёс і трагедыя Аркадзя Смоліча) // Маладосць. 1994, №7; Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. – Менск, 1994; Болатаў А., Рыдзеўскі Г. Ахвяруючы сябе бацькаўшчыне. Аркадзь Смоліч. – Менск, 1999; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.

 

419.      СЬНЕЖКА (БЕЛЫ) Зьміцер (24.9.1903, Ворша Магілёўскай губ. – ?), журналіст. На момант арышту працаваў інспэктарам у ЦСПСБ. Арыштаваны 5.2.1936. 7.5.1936 асуджаны на 3 гады пазбаўленьня волі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 20.3.1990.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

420.      СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКІ Антон (7.2.1892, хутар Чырвоная Горка Пінскага пав. Менскай губ., цяпер Лунінецкі р-н – 7.3.1983, Шчэцін, Польшча), грамадзкі і вайсковы дзяяч, мэмуарыст. У 1910 скончыў Панявескую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў у школах Літвы. У 1913-15 вучыўся на Петраградзкіх політэхнічных курсах. З 1915 у арміі. Скончыў Казанскую вайсковую вучэльню. Накіраваны прапаршчыкам на фронт. Ваяваў у Галіцыі і пад Вільняй. Капітан. З 1917 жыў на сваім хутары. У жн. 1918 выехаў у Растоў-на-Доне; уступіў у армію генэрала Дзянікіна. Потым вярнуўся дадому, быў прызваны ў Чырвоную армію, адкуль уцёк і перайшоў у армію генэрала Юдзеніча, якая дзейнічала ў Эстоніі. Летам 1920 вярнуўся ў Беларусь. У сьнеж. 1920 узначаліў Слуцкую брыгаду. Пасьля падаўленьня паўстаньня разам з брыгадай перайшоў савецка-польскую мяжу і да траўня 1921 быў інтэрнаваны. У 1921-39 быў праваслаўным сьвятаром, настаўнічаў. Арыштаваны 19.6.1941 у Нямеччыне. Здолеў вызваліцца пасьля пачатку вайны. З кастр. 1941 да ліп. 1944 працаваў школьным інспэктарам у Ганцавічах, удзельнік нацыянальнага падпольля. Падпалкоўнік Бел. краёвай абароны. Арыштаваны 30.4.1945. Да ліст. 1947 знаходзіўся ў Паўночнапячэрскім лягеры. 20.4.1948 Вайсковым трыбуналам войскаў МУС БВА асуджаны на 25 гадоў турмы. Вызвалены ў ліст. 1957 па амністыі. Апошнія гады правёў у Шчэціне. Напісаў успаміны пра Слуцкае паўстаньне 1920.

 

Літ.: Грынь А., Міхнюк У. Сьледзтву вядома…: (Па старонках справы А. Сокал-Кутылоўскага з архіву КГБ) // Полымя. 1994, №11; Як судзілі Антона Сокал-Кутылоўскага: Жыцьцярыс… – Берасьце, 2000; ЭГБ, т. 6-1.

 

421.      СТАНКЕВІЧ Адам (24.12.1891(6.1.1892), в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 29.12.1949, Тайшэт Іркуцкай вобл., ГУЛАГ), рыма-каталіцкі сьвятар, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, асьветнік, выдавец. Cкончыў Віленскую духоўную сэмінарыю; у 1914-18 вучыўся ў Мітрапалітальнай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраградзе; кандыдат кананічнага права. Пасьвечаны ў сьвятары 28.12.1914. Адзін зь першых ужыў бел. мову ў богаслужэньні. З 1919 выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У жн. 1919 – вер. 1922 рэдактар-выдавец газ. «Крыніца» («Беларуская крыніца»). Адзін з заснавальнікаў партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя. У 1922-28 дэпутат польскага сэйму, нам. старшыні Беларускага пасольскага клюбу (да яго расколу ў 1925). У 1924-26 узначальваў ТБШ. У 1927-38 рэдактар і выдавец час. «Хрысьціянская думка». У 1938 высланы польскімі ўладамі зь Вільні ў Слонім на 5 гадоў. Восеньню 1939 вярнуўся ў Вільню. У часе вайны абмяжоўваўся душпастырскай дзейнасьцю, быў сьвятаром касьцёла сьв. Міхала. Арыштаваны савецкімі ўладамі 7.12.1944; неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13.4.1949. Асобай нарадай МГБ СССР 31.8.1949 прысуджаны да 25 гадоў лягераў. Адпраўлены ў Азярлаг, дзе і памёр. Пахаваны 10.12.1949 на могілках Азярлага каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага р-ну, магіла №3-43.

 

Тв.: Doktor Francisak Skaryna – piersy drukar bielaruski (1525–1925). – Wilnia, 1925; Bielaruskaja mowa u skolach Bielarusi XVI i XVII st. – Wilnia, 1928; Rodnaja mowa u swiatyniach. – Wilnia, 1929; Вітаўт Вялікі і Беларусы. – Вільня, 1930; Francis Bahusewic: Jaho zyccio i tworcasc: U tryccatyja uhodki (1900-1930). – Wilnia, 1930; Да гісторыі беларускага палітычнага вызваленьня. – Вільня, 1935; Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песьня. – Вільня, 1938; Bielaruski chryscijanski ruch. – Wilnia, 1939; Хрысьціянства і Беларускі народ. – Вільня, 1940.

Літ.: Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі сьвяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасьці (10.1.1915-10.1.1940). – Вільня, 1940; БП, т. 5; Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 6-1.

 

422.      СТАНКЕВІЧ Станіслаў (1886, в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 3.2.1964, Вільня), паэт, выдавец. У 1903-19 жыў у Пецярбургу, працаваў у аптэках. З 1920 у Вільні. Супрацоўнічаў зь Беларускім выдавецкім таварыствам. У 1926 адкрыў уласную бел. кнігарню. Разам з З.Верас выдаваў бел. адрыўныя календары. Публікаваўся ў пэрыядычным друку. Зьяўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў «Сьмех – ня грэх» (1926), «З майго ваконца» (1928). Арыштаваны НКГБ 30.10.1945; асуджаны на 10 гадоў высылкі ў Пермскую вобл. Вярнуўся ў Вільню ў 1954. Рэабілітаваны ў 1957. Напісаў аўтабіяграфічную паэму «Лявонава доля».

 

Літ.: Трацяк Я. «Аб якім тут Станкевічу гутарка?..» // ЛіМ. 1997, 29 жн.; Русак М. Справа №528 // Рунь. 1999, 13 сьнеж.; Яе ж. Лявонава доля. – Вільня, 2000; ЭГБ, т. 6-1.

 

423.      СТАЦКЕВІЧ Фэлікс (2(14).12.1879, мяст. Шчучын Лідзкага пав. Віленскай губ. – 21.6.1967, Вільня), выдавец, мэмуарыст, пэдагог, юрыст. У 1891-1900 вучыўся ў гімназіі ў Пецярбургу. У 1900 паступіў на юрыдычны ф-т Пецярбурскага ун-ту. За ўдзел у студэнцкім руху і дэманстрацыях у лют. і сак. 1901 выключаны з ун-ту. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі. Займаўся прыватнай настаўніцкай працай. У 1902 працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі. У 1903 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1903-05 працаваў на Прыладаскіх каналах. У 1905 вучыўся ў Кракаве на наборшчыка. У рэвалюцыю 1905-07 вёў рэвалюцыйную прапаганду ў Вільні і Менску, наладзіў выпуск праклямацыяў. У сак. 1906 арганізаваў падпольную друкарню ў Менску, якая праіснавала да жн. 1907 пад назвай «Аганёк» (адсюль псэўданім С.). Быў блізка знаёмы з А.Пашкевіч (Цёткай) і А.Бурбісам. З 1908 сакратар адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене, тэхнік у Ноўгарадзе, Вышнім Валачку (1913), Цвяры (1913-1919). У 1913 скончыў Пецярбурскі ун-т. Пасьля кастр. 1917 працаваў у прафсаюзах. У 1919-20 супрацоўнік выдавецкага аддзелу Наркамату асьветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-23 супрацоўнік Віленскага беларускага саюзу каапэратываў. У 1923 выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Радашкавіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. З 1928 старшыня Галоўнай управы ТБШ. Адначасова працаваў у Радзе адвакатаў пры Віленскім апэляцыйным судзе. Абвінавачваўся ў «скамунізаваньні» ТБШ, у 1930 і 1933 арыштоўваўся. Рэдактар-выдавец штомесячніка «Летапіс Таварыства беларускай школы» (1933), супраць якога польскія ўлады разгарнулі рэпрэсіі. У 1936 выданьне было ўзноўлена пад назвай «Беларускі летапіс». Удзельнік антыфашысцкага Народнага фронту Зах. Беларусі. У 1939-41 настаўнік у Вялейцы і Клецкім р-не. У 2-ю сусьветную вайну працаваў судзьдзём у Смаргоні. У 1944-49 супрацоўнік Беларускага музэя ў Вільні і Музэя А.Пушкіна пад Вільняй). Арыштаваны і зьняволены ў 1949. Пасьля вызваленьня ў 1950-х жыў у Вільні. Быў актывістам руху эспэрантыстаў, склаў «Эспэранта-беларускі слоўнік» (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераклаў на мову эспэранта кнігу Л.Петражыцкага «Тэорыя права і маральнасьць». Напісаў успаміны пра ўдзел у грамадзкіх рухах першай паловы ХХ ст. (рукапіс захоўваецца ў БДАМЛіМ).

 

Тв.: Успаміны і думкі // Беларускі звон. 1921, 17 крас.; Зь мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937, №6-9; З маіх успамінаў // ЛіМ. 1990, 17 жн.

Літ.: Клейн Б. Открытая книга бытия… // Нёман. 1979, №9; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

424.      СТАШЭЎСКІ Васіль (11(23).3.1895, в. Сьвінка Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер в. Лугавая Капыльскага р-ну Менскай вобл. – 29.10.1937, Менск, НКВД), празаік, драматург, пэдагог. У 1914 скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Ваяваў у 1-ю сусьветную вайну і ў час грамадзянскай вайны ў Расеі. У 1918-20 і ў 1923 настаўнічаў. У 1920-21 служыў ваенкамам. У 1920 удзельнік антыпольскага руху на Случчыне. Уваходзіў у арганізацыю «Маладая Беларусь», партыю беларускіх эсэраў (БПС-Р), са студз. 1920 член Беларускай камуністычнай арганізацыі, са жн. член КП(б)Б. За пратэсты супраць арышту членаў БПС-Р выключаны ў траўні 1921 з КП(б)Б. Публікавацца пачаў у 1923. У 1924 скончыў Менскі настаўніцкі інстытут. Выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і на рабфаку ў Воршы. Першую п‘есу апублікаваў у 1926. З 1926 жыў у Менску. Адказны сакратар літаратурнага аб‘яднаньня «Маладняк». У 1928-29 працаваў у рэдакцыі газ. «Савецкая Беларусь». З 1929 адказны сакратар літаратурнага аб‘яднаньня «Полымя». Член СП Беларусі з 1934. У 1936 Беларускі тэатар юнага гледача паставіў яго п‘есу «Мікола Гоман». Арыштаваны 4.11.1936. Расстраляны. Рэабілітаваны 8.6.1957.

 

Тв.: Бацька і сын; У цемры: Песы. – Менск, 1927; Беспрытульная: Песка (у 1 дзеі). – Менск, 1927; Архангелы з крэсаў: Песа. – Менск, 1930; Прысяга ў лесе: Шэсьць сцэн з 1919-1920 г. – Менск, 1930; Шуміць Бярэзінка: Аповесьці, апавяданьні, нарысы. – Менск, 1963.

Літ.: Александровіч С. Жывыя старонкі часу // Полымя. 1963, №12; Сабалеўскі А. Васіль Сташэўскі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Т. 2. –Менск, 1975; Шушкевіч С. Талент грамадзкага гучаньня // ЛіМ. 1975, 28 сак.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.

 

425.      СТЭФАНОВІЧ Аляксандар (1905, Ашмяны – ?), журналіст. За членства ў БСРГ арыштаваны польскімі ўладамі ў 1927. У 1928 арганізаваў пастаноўку «Паўлінкі» Я.Купалы ў мяст. Гальшаны Ашмянскага пав., у якой выконваў ролю А.Быкоўскага. Перабраўся ў БССР. У 1933 працаваў рэдактарам газ. «Бальшавік Барысаўшчыны». Часта сустракаўся з Я.Купалам, які бываў у яго ў гасьцях у Барысаве. Арыштаваны НКВД 30.10.1935; зьняволены. Пасьля вайны пасяліўся ў Вільні. Аўтар артыкулаў пра Я.Купалу: «Палымяны пясьняр дружбы народаў» («Красное знамя», Ашмяны, 7-9.7.1977); «Пад уплывам песьняра зямлі беларускай» («Успаміны пра Янку Купалу», 1982). Заслужаны работнік культурна-асьветнай работы Літоўскай ССР.

 

Тв.: Stefanowicz A. Moje spotkanie z poeta; Polskie wiersze // Czerwony Sztandar. 1982. 17, 21 kwiet.

Літ.: Цьвірка К. Стэфановіч Аляксандр // Янка Купала: Энцыкл. даведнік. – Менск, 1986.

 

426.      СУБАЧ Ян (1912, в. Субачы Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл. – 1938?, ГУЛАГ?), паэт. Разам з бацькамі апынуўся на тэрыторыі БССР, нелегальна перайшоўшы мяжу. Першыя публікацыі пачалі зьяўляцца ў 1929 (газ. «Чырвоная зьмена»). Пасьля сканчэньня школы з 1930 працаваў грузчыкам на кандытарскай фабрыцы «Камунарка». З 1932 быў членам Цэнтральнай літаратурнай студыі для маладых пісьменьнікаў пры БелАПП. Зь вясны 1932 працаваў у аршанскай міжраённай газэце. У кастр. 1932 паехаў да П.Пруднікава ў Ленінград. З прычыны ад‘езду з 1932 зьнікаюць публікацыі С. у пэрыядычным друку. Уладкаваўся на працу грузчыкам у гандлёвым порце. З 1933 вучыўся на падрыхтоўчых курсах, потым на філялягічным ф-це Ленінградзкага пэдінстытуту імя А.Герцэна. У 1937 скончыў інстытут. Арыштаваны ў жн. 1937. Верагодна, памёр у лягеры.

 

Тв.: Песні грузчыкаў: Вершы. – Менск, 1932 (суаўтар П.Буравей (П.Пруднікаў)); Электрастанцыя // Узвышша. 1931, №3.

 

427.      СУКАЛА Язэп (1901, в. Гулевічы Бабруйскага пав. Менскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. – 23.9.1937, Менск, НКВД), паэт, настаўнік. Арыштаваны 30.5.1929. 10.11.1929 асуджаны на 3 гады высылкі. Пакараньне адбываў у Кемі (Расея). Вызвалены 23.3.1932. Паўторна арыштаваны ў 1936 або ў 1937. Расстраляны разам з празаікам А.Траецкім. Рэабілітаваны 2.3.1992.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

428.      СУПІНСКІ А.К (? – ?), этнограф, археоляг. У 1920-я працаваў у Ленінградзе, дзе разам з А.Сержпутоўскім папаўняў фонды этнаграфічнага аддзелу Беларусі ў Расейскім музэі. Праводзіў археалягічныя раскопкі на Віцебшчыне. Арыштаваны ў 1937. Памёр у зьняволеньні ў Архангельскай вобл.

 

Тв.: Магільнік каля в. Лятох // Віцебшчына. – Віцебск, 1925. Т. 1; Белорусы. – Лен., 1930.

Літ.: Вяргей В. Археалягічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992; Інстытут беларускай культуры. – Менск, 1993.

 

429.      СУПРУН Васіль (нар. 10.3.1926, в. Глоўсевiчы Слонімскага пав. Наваградзкага ваяв.), паэт, краязнавец, археоляг. Скончыў тры курсы Слонiмскай настаўнiцкай сэмiнарыi (1944). З 1944 да 1947 працаваў дырэктарам i настаўнiкам у школах вёсак Мiжэвiчы i Глоўсевiчы Слонiмскага р-ну. У траўні 1946 разам зь сябрамi М.Ракевiчам, М.Чыгрынам, А.Гардзейкам i iншымі стварыў у Слонiме бел. патрыятычную падпольную групу «Чайка». Арыштаваны 6.6.1947. Амаль паўгода знаходзіўся ў Баранавiцкай сьледчай турме «Крывое кола» i менскай «амэрыканцы». 21.11.1947 Вайсковы трыбунал войскаў МУС Беларускай акругi ў Менску паводле артыкулаў 63-1 i 76 КК БССР (здрада радзiме i антысавецкая агiтацыя) асудзiў С. на 25 гадоў пазбаўленьня волi i 5 гадоў паразы ў правох з канфiскацыяй маёмасьцi. Пакараньне адбываў у лягерах Iнты i Варкуты. У зьняволеньні падтрымлiваў тайную мiжлягерную перапiску з паэткай Л.Генiюш. Вызвалены рашэньнем Камiсii Вярхоўнага Савету СССР ад 16.6.1956 са зьняцьцём судзiмасьцi i з дазволам вярнуцца ў Беларусь. У Слонiм вярнуўся ў сьнеж. 1956, дзе адразу быў узяты на спэцулiк з забаронай працаваць паводле спэцыяльнасьцi. Вымушаны быў пакiнуць Слонім; працаваў будаўніком. З 1963 праводзіў дасьледаваньні археалягічных помнікаў. З 1968 навуковы супрацоўнiк Берасьцейскага абл. краязнаўчага музэя. У 1969 скончыў гістарычны ф-т Менскага пэдагагічнага інстытуту. У канцы 1980-х пачаў друкаваць свае вершы. На пэнсii з 1986. Член СП Беларусі з 1995. Жыве ў Слонiме. Не рэабілітаваны.

 

Тв.: Крык: Вершы. – Менск, 1993; Рэха абуджаных дзён: Вершы. – Менск, 1994; За смугою часу: Дасьледаваньнi i меркаваньнi. – Менск, 1994; Незабыўныя «ксiвы»: Вершы з падпольнай канцлягернай перапiскi з Ларысай Генiюш. – Горадня, 1998; Жыць для Беларусi: Вершы. – Менск, 1998. Дзеі над Шчарай (з гісторыі зямлі Слонімскай). –Слонім, 2000.

Лiт.: Усё застаецца людзям // Беларуская мiнуўшчына. 1997, №4; Археалёгія і нумізматыка Беларусі; Антысавецкія рухі.

 

430.      СУШЫНСКІ Язэп (травень 1885, в. Юроны Дрысенскага пав. Віцебскай губ. – 1967, Менск), мэмуарыст, хімік, мовазнавец, пэдагог. Скончыў Пецярбурскі ун-т. Член БСГ. Блізкі знаёмы Я.Купалы, першая сустрэча зь якім адбылася на кватэры Б.Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу. У 1921-26 працаваў у розных установах Наркамасьветы БССР. Потым у Інбелкульце. У 1929-30 у Інстытуце мовазнаўства БелАН, займаўся распрацоўкай бел. навуковай тэрміналёгіі. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ва Ўфу тэрмінам на 5 гадоў. Пастановай Асобай нарады ад 25.7.1935 тэрмін зьняволеньня падоўжаны. Рэабілітаваны 15.11.1957. Па вяртаньні ў Менск выступаў у друку і публічна з успамінамі пра Я.Купалу, грамадзка-культурнае жыцьцё беларусаў у Пецярбургу да 1917. Рукапіс успамінаў С. захоўваецца ў Літаратурным музэі Я.Купалы.

 

Тв.: Сябар вялікага таленту // Чырвоная змена. 1962, 26 чэрв.; Купала ў Пецярбурзе // Полымя. 1967, №3.

Лiт.: Янка Купала: Энцыкл. даведнік. – Менск, 1986; Возвращенные имена.

 

431.      СЬЕРНІН (БАГДАНОВІЧ) Мікалай (1900, Магілёў – ?), журналіст. Нарадзіўся ў сям‘і чыгуначніка. Скончыў Магілёўскую гімназію. З 1913 працаваў карэктарам мясцовай земскай друкарні. У 1917 уваходзіў у склад Магілёўскай арганізацыі РСДРП (левыя інтэрнацыяналісты). У розныя гады рэдагаваў ці быў супрацоўнікам газ.: «Соха и молот», «Известия Оршанского Совета», «Оренбургский рабочий», «Тамбовская правда», «Красное Знамя» (Цюмень), «Красный шахтёр» (Шахты), «Донская правда» (Таганрог), «Кооперативная жизнь» (Масква) і інш. Узначальваў Саюз журналістаў у Магілёве. У 1932 скончыў вышэйшыя рэдактарскія курсы ў Маскве. Потым працаваў нам. загадчыка сэктару друку ВЦСПС. Нечакана С. перавялі ў Чашніцкі р-н Віцебскай вобл. на пасаду начальніка палітаддзела саўгасу «Пачаевічы». Пазьней быў рэдактарам газ. «Звязда». Звольнены ў жн. 1936 «за потерю революционной бдительности и допущение засоренности аппарата редакции… чуждыми людьми». Працаваў пасьля гэтага ў Інстытуце мовы і літаратуры АН БССР рэдактарам расейска-бел. слоўніка і сакратаром рэдакцыйнага аддзелу акадэміі. Арыштаваны ў чэрв. 1938. Вызвалены 11.7.1938 пасьля ліста ў ЦК КП(б)Б. Зьвесткі пра далейшы лёс адсутнічаюць.

 

Літ.: Селяменеў В., Бараноўскі Я. Пачыналі па-рознаму завяршалі аднолькава (Драматычныя лёсы рэдактараў газэты) // Звязда. 1997, 10 крас.

 

432.      СЫЧ Пётра (18.1.1912, Вялейскі пав. – 20.6.1963, Нямеччына), пісьменьнік, мэмуарыст. Друкаваўся з 1932. Арыштаваны 3.10.1939, пасаджаны ў Вялейскую турму, з 1940 у Полацкай турме, дзе пасябраваў з В.Жук-Грышкевічам. Асуджаны на дзесяць гадоў прымусова-папраўчых работ. Вывезены ў Комі АССР, дзе быў да канца 1941. Паводле так званай дамовы «Сікорскі-Майскі» патрапіў у армію генэрала Андэрса. У чыне паручніка браў удзел у баях пад Монтэ-Касіна, Анконай, Балоньні, 4 разы паранены. З 1946 у Англіі, з 1951 у Нямеччыне. З канца 1950-х – супрацоўнік бел. аддзелу радыё «Свабода». Рэдагаваў час. «Шарсьцень».

 

Літ.: Ля чужых берагоў. – Мюнхен, 1955. С. 131; Пашкевіч А. Зваротныя дарогі. – Беласток, 2001. С. 134; Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. – Менск, 2002.

 

433.      СЯДНЁЎ Масей (19.8(1.9).1913, в. Мокрае Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Касьцюковіцкі р-н – 5.2.2001, Глен Коў, ЗША), паэт, празаік. У 1930-31 вучыўся ў Мсьціслаўскім пэдтэхнікуме. Пачаў публікавацца ў 1933. Друкаваўся ў час. «Полымя», «Беларуская работніца і сялянка», газ. «Савецкая Беларусь», «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная зьмена». У 1933 паступіў у МВПІ. На 4-м курсе 21.10.1936 арыштаваны. Высланы на Калыму. У 1941 быў накіраваны ў Менск для перагляду справы. Пасьля пачатку вайны каля Чэрвеня канвой адпусьціў зьняволеных. Вярнуўся ў родную вёску, працаваў на гаспадарцы. У 1943 пераехаў у Беласток, дзе ўладкаваўся карэктарам у газ. «Новая дарога». Падрыхтаваў да друку зборнік вершаў «Ад сына твайго, Беларусь», які быў набраны ў Кёнігсбэргу, але згарэў там у часе пажару. Потым выехаў у Бэрлін. Жыў у амэрыканскай і ангельскай зонах акупацыі Нямеччыны. Працаваў настаўнікам у бел. гімназіі ў Міхельсдорфе. У 1950 пераехаў у ЗША. Каля 10 гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы. Выкладаў расейскую мову ў Індыянскім ун-це. Рэабілітаваны 22.1.1992. Вялікі цыкль вершаў прысьвяціў перажытаму ў турмах і лягерах. У першай палове 1990-х неаднаразова наведваў Беларусь.

 

Тв.: Ахвяры бальшавізму: (Зборнік успамінаў і артыкулаў). – Беласток, 1944; На краю сьвятла: Паэма. – Б.м. (Міхельсдорф), 1947; Спадзяваньні: Вершы. – Рэгенсбург, б. г. (1947); У акіяне ночы: (Вершы, паэмы). – Мюнхен, 1947; Цень Янкі Купалы: Паэма. – Ватэнштэт, 1947; Ля ціхай брамы: Вершы. – Нью-Ёрк, 1955; Патушаныя зоры. – Нью-Ёрк-Мюнхен, 1975; Раман Корзюк. – Нью-Ёрк-Мюнхен, 1985; Ачышчэньне агнём. Нью-Ёрк, 1985; І той дзень надышоў: Раман з часоў другой сусьветнай вайны. – Нью-Ёрк, 1987; Патушаныя зоры. – Менск, 1992; Масеева кніга. – Менск, 1994.

Лiт.: Сачанка Б. Сьняцца сны аб Беларусі… – Менск, 1990; Савік Л. «Мне песьня дадзена для мукі...» // Культура беларускага замежжа. – Менск, 1993; Савік Л. Я прыду з далёкае чужыны // Савік Л. Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. – Менск, 2001; Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. – Менск, 2002.

 

434.      СЯДУРА Уладзімер (11(24).12.1910, Менск – 14.4.1995, Трой, штат Нью-Йорк, ЗША), літаратуразнаўца, мастацтвазнаўца, крытык, празаік, грамадзкі дзяяч, заслужаны прафэсар Рэнсэлерскага політэхнічнага інстытуту (1976, ЗША), доктар філялёгіі (ЗША). Нарадзіўся ў Менску на Старажоўцы; вучыўся пры нямецкай і польскай акупацыях, пачатковую чатырохгодку скончыў ужо пры савецкай уладзе (1923). У тым жа годзе паступіў у 15-ую Менскую сямігодку, у якой вучыліся Андрэй Александровіч і некалькі іншых будучых пісьменьнікаў. У 1927, пасьля сканчэньня сямігодкі, пасьпяхова здаў экзамэны ў МБПТ. Тады ж «беларускі Бялінскі» (выраз палеглага ў канцлягеры празаіка С.Русаковіча) стаў сябрам «Маладняка». Першыя публікацыі зьявіліся ў афіцыйным друку ўлетку 1929, калі ён пачаў актыўна выступаць як літаратурны крытык. Аналізаваў творчасьць або рэцэнзаваў зборнікі А.Звонака, М.Лынькова, Р.Мурашкі, А.Александровіча, З.Астапенкі, В.Маракова, Т.Кляшторнага, Ю.Таўбіна і інш. У 1930 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. З 1931 – член БелАППа, узначальваў яе маладзёвае крыло (разам з Б.Мікулічам і С.Ліхадзіеўскім). Арыштаваны 3.3.1933 (у Маскве, куды перавёўся вучыцца, спрабуючы схавацца ад НКВД); высланы на тры гады ў Сібір. У жн. 1935 датэрмінова вызвалены. Вярнуўся ў Менск, але, не атрымаўшы сталічнай прапіскі, паехаў у Гомель, потым у Краснадар (вясна 1936), Растоў. Схаваўшы судзімасьць, паступіў у Маскоўскі ун-т. Увесну 1938, ня стаўшы чакаць сваёй чаргі на арышт, зьехаў на Каўказ, потым у Крым. У жн. 1938 паехаў у Ленінград, дзе зноў стаіўшы судзімасьць, паступіў у Ленінградзкі пэдагагічны інстытут імя М.Пакроўскага. У 1939 скончыў гэты інстытут і ў 1941 абараніў (у Менску) кандыдацкую дысэртацыю ў філялёгіі. Працаваў выкладчыкам МВПІ, адначасова старэйшым навуковым супрацоўнікам Інстытуту пэдагогікі Наркамасьветы БССР. Арыштаваны 22.6.1941. На этапе Менск-Чэрвень 24.6.1941 уцёк з-пад варты і вярнуўся ў Менск. У часе нямецкай акупацыі рэдагаваў час. «Новы шлях» (Рыга), друкаваўся ў «Беларускай газэце». У 1943 падрыхтаваў да друку кнігі «Беларускае мастацтва», «Жыве Беларусь», «Беларускі тэатар», якія тады не пабачылі сьвету. Браў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе. У 1944 пераехаў у Нямеччыну, потым – Чэхію; празь некаторы час зноў вярнуўся ў Нямеччыну. З 1951 жыў у ЗША. З 1959 узначальваў катэдру сучасных моваў і расейскай літаратуры ў Школе гуманітарных навук Рэнсэлерскага політэхнічнага інстытуту ў Троі (Troy). Спэцыяліст у расейскай літаратуры, найперш у творчасьці Ф.Дастаеўскага. У канцы 1980-х перанес інсульт, пасьля якога быў прыкаваны да ложку ўсе апошнія гады жыцьця.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Тв.: Смаленшчына адвечная зямля беларускага народу: Гістарычны нарыс. – Бэрлін, 1944; Достоевсковедение в СССР. – Мюнхен, 1955; Dostoyevski in Russian Literary Criticism. 1846-1956. – New York, 1957. Second ed. New York, 1969; Доля беларускае культуры пад Саветамі. – Мюнхен, 1958; На берагах пад сонцам. Апавяданьні і аповесьці. – Нью-Йорк. 1964; На сьвятой зямлі. – Лёндан. 1972; Паэта з божай ласкі. – Нью-Йорк. 1979; Пад лебядзіным знакам: Аповесьць пра Максіма Багдановіча. – Трой-Нью-Йорк, 1983; Вялікія дарогі. – Грэнд Рэпідз. ЗША. 1997.

Лiт.: Жыцьцяпіс беларускага публіцыстага У.Глыбіннага / Публ. А.Гесь // Спадчына. 1997, №3; Маракоў Л. Уладзімер Сядура: шляхі беларускага паломніка // Полымя. 2000, №2.

 

435.      СЯНКЕВІЧ Аляксандар (20.1.1884, в. Мікалаеўшчына Менскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н – 29.6.1938, Менск, НКВД), дзяржаўны і паліт. дзяяч, мэдык, пісьменьнік, публіцыст. У 1902 скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Настаўнічаў у вясковых школах. Удзельнік аграрнага руху ў часе рэвалюцыі 1905-07. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага зьезду 9.7.1906 у Мікалаеўшчыне, на якім зрабіў даклад пра паліт. становішча ў Расеі. Зьезд быў разагнаны паліцыяй. У канцы 1906 эміграваў у ЗША. Працаваў на розных прадпрыемствах. З 1908 член расейскага аддзелу Амэрыканскай сацыялістычнай партыі. У 1913 скончыў мэдычны ф-т Мэрылэндзкага ун-ту ў Балтыморы. У 1917 празь Японію трапіў на Далёкі Ўсход. Займаў там розныя адміністрацыйныя пасады. З 1921 наркам аховы здароўя БССР. У 1924-26 загадчык бел. сэктару Камуністычнага ун-ту нацыянальных меншасьцяў Захаду ў Маскве. З 1926 дацэнт БДУ. З 1928 рэктар Камуністычнага ун-ту Беларусі. У 1931-32 працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва БелАН. У публіцыстыцы вызначаўся сацыялягізатарскім, клясавым падыходам да творчасьці пісьменьнікаў. З 1932 дырэктар Інстытуту гігіены і санітарыі Наркамату аховы здароўя РСФСР. З 1935 працаваў ва Ўсесаюзным радыёкамітэце. Арыштаваны 10.1.1938. У чэрв. 1938 Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 6.10.1956.

 

Тв.: Успаміны з рэвалюцыі 1905-1906 г. // Полымя. 1923, №3-4; Аграрны рух на Меншчыне ў 1905-1906 г. // Наш край. 1925, №1; Клясавая барацьба ў беларускай літаратуры // Бальшавік Беларусі. 1930, №8-9; За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы. – Менск, 1931; Вандраваньне Васіля. – Менск, 1932.

Лiт.: Инсаров И. А.А.Сенкевич – врач, видный общественный и политический деятель // Здравоохранение Белоруссии. 1972, №12; Камароўскі А. Хроніка аднаго жыцьця // Полымя. 1973, №4; Соломевич И. Родился на Немане // Белорусский экватор. – Менск, 1981; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.

 

436.      ТАКАРЧУК Юры (26.11.1910, Ашмяны Віленскай губ. – 31.7.1942, Табольск?), журналіст. Быў карэспандэнтам газ. «Комсомольская правда» ў Беларусі. Апошняя пасада – галоўны рэдактар грамадзка-паліт. вяшчаньня Беларускага радыё. Арыштаваны 26.11.1936. Асуджаны 15.11.1937 на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Загінуў у Табольскай турме. Рэабілітаваны 26.1.1955.

 

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

437.      ТАМІЛЬЧЫК Мітрафан (1896, в. Хадасевічы Слонімскага пав. Гарадзенскай губ. – 5.7.1938, Менск, НКВД), фізык. У 1928 скончыў БДУ. У 1931-33 асьпірант БелАН. З 1936 выкладчык Беларускага політэхнічнага інстытуту. Арыштаваны 4.3.1938. 26.5.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 4.2.1958.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

438.      ТАРАШКЕВІЧ Браніслаў (8(20).1.1892, засьценак Мацюлішкі Віленскага пав. Віленскай губ. – 29.11.1938, Менск, НКВД), грамадзкі і паліт. дзяяч, мовазнавец, перакладчык, публіцыст. У 1911 скончыў 2-ю Віленскую гімназію, у 1916 – гісторыка-філялягічны ф-т Петраградзкага ун-ту. У бел. друку выступаў з 1913. У 1916-18 на катэдры расейскай мовы і славеснасьці Петраградзкага ун-ту. З 1917 адзін зь лідэраў БСГ, з 1918 – Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 Т. выдаў «Беларускую граматыку для школ». У 1919 выкладчык бел. і грэцкай моваў у МВПІ. У тым жа годзе Т. быў арыштаваны бальшавікамі. У 1920 старэйшы рэфэрэнт дэпартамэнту асьветы Сярэдняй Літвы. У 1921-22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў ТБШ. У 1922 абраны дэпутатам польскага сэйму, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. Выступаў з трыбуны сэйму ў абарону інтарэсаў бел. народу. У 1925 старшыня БСРГ. Арыштаваны 14.12.1927. У траўні 1928 на «Працэсе 56-ці» асуджаны на 12 гадоў турмы. У 1928 абраны акадэмікам АН Беларусі. У 1930 вызвалены паводле распараджэньня прэзыдэнта Польшчы. Зноў арыштаваны 5.2.1931. У ліст. 1932 асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы. Падчас знаходжаньня ў турме пераклаў на бел. мову паэму А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Зь вер. 1933 праз абмен палітвязняў патрапіў у СССР. Працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. Арыштаваны НКВД 5.5.1937. 5.1.1938 «двойкай» НКВД і Пракуратуры СССР прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 26.1.1957. Імем Т. названыя вуліцы ў Маладэчне і Радашкавічах, ліцэй у Бельску (Польшча).

 

Тв.: Беларуская граматыка для школ. – Вільня, 1918; Заходняя Беларусь – пляцдарм імпэрыялістычнай інтэрвэнцыі. – Менск, 1931; Как живут крестьяне за границей. – Лен., 1935; Выбр.: Крытыка, публіцыстыка, пераклады. – Менск, 1991.

Лiт.: Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. – Менск, 1966; Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гістарычны жыцьцяпіс. Пераклад з польскай. – Менск, 1996; Валахановіч А., Міхнюк У. Споведзь у надзеі застацца жывым. – Менск, 1999.

 

439.      ТАЎБІН Юлі (2(15).9.1911, Астрагоск Варонескай губ., Расея – 30.10.1937, Менск, НКВД), паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў сям‘і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Мсьціслаў. Вучыўся ў сямігодцы, скончыў Мсьціслаўскі пэдагагічны тэхнікум (1928). Першыя вершы зьявіліся ў друку ў 1926 на старонках час. «Маладняк Калініншчыны» (Клімавічы). Увосень 1930 выйшаў першы зборнік вершаў «Агні». Тагачасная крытыка ставілася да Т. насьцярожана; яго абвінавачвалі ў рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры. У 1931-33 вучыўся на літаратурным ф-це МВПІ. Стаў членам БелАППа. Арыштаваны ў канцы лют. 1933; 10.8.1933 прысуджаны да двух гадоў высылкі. Адбываў яе ў Цюмені. Вывучаў ангельскую мову; шмат перакладаў зь яе. Перакладаў таксама асобныя творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага. 4.11.1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Менск. 29.10.1937 выязная сэсія Вайсковай калегіі Вярхоўнага суду СССР прысудзіла паэта да расстрэлу. Рэабілітаваны 29.8.1956.

 

Тв.: Каб жыць, сьпяваць і не старэць…: Вершы. – 1928-1930. Менск, 1931; Тры паэмы. – Менск, 1931; Мая другая кніга: Вершы. – Менск, 1932; Таўрыда: Паэма. – Менск, 1932; Выбр. вершы. – Менск, 1957; Вершы. – Менск, 1969.

Лiт.: Бечык В. Голас маладосьці // ЛіМ. 1973, 8 сак.; Грахоўскі С. Жыве ў памяці маёй: Успаміны // Дзень паэзіі – 73. – Менск, 1973; Азгур З. Пад небам і пад дахам майстэрні: (Успаміны) // Полымя. 1974, №2; Бярозкін Р. Пра Юлія Таўбіна // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. – Менск, 1974; Маракоў Л. Ліст з таго сьвету // Голас Радзімы. 1999, 26 жн.

 

440.      ТАЧЫЦКІ Адольф (1897, в. Брусы Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 4.3.1938, Менск, НКВД), пэдагог. Брат І.Тачыцкага. На момант арышту працаваў выкладчыкам у Менскім тарфяным тэхнікуме. Арыштаваны 31.10.1937. Прысуджаны 15.2.1938 да расстрэлу.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

441.      ТАЧЫЦКІ Іван (12.8.1895, в. Брусы Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 4.3.1938, Менск, НКВД), глебазнавец. Брат А.Тачыцкага. У 1925 скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам, кіраўніком аддзелу ў Інстытуце аграглебазнаўства і ўгнаеньняў БелАН. Арыштаваны 31.10.1937. Прысуджаны 15.2.1938 да расстрэлу. Рэабілітаваны 6.9.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

442.      ТРАЕЦКІ Аляксей (1900 – 23.9.1937, Менск, НКВД), празаік, драматург, паэт. Пачаў друкавацца ў 1925 (вершы і байкі на вясковыя тэмы). У 1926 яго апавяданьні былі зьмешчаны ў «Маладняку». Да канца 1920-х публікаваў байкі, вершы, апавяданьні. У 1930 у трох нумарах «Узвышша» была надрукавана аповесьць Т. «Старасельшчына». Потым яго імя зьнікла са старонак пэрыядычнага друку і толькі ў 1935 зьявілася апавяданьне «Храбрацы». У 1934 асобным выданьнем выйшла камэдыя «Нашы Казыры», якая ў 1936 была апублікавана ў Харкаве па-ўкраінску. У суаўтарстве напісаў п‘есу «Гонар», якая была пастаўлена ў БДТ-2 9.12.1934. Арыштаваны 6.5.1937. Расстраляны.

 

Тв.: Нашы Казыры: Камэдыя. – Менск, 1934.

Лiт.: БП, т. 6.

 

443.      ТРАМПОВІЧ Павал (1(13).6.1889, Пскоў – 3.1.1956, Кіеў), мэдык, грамадзкі дзяяч, публіцыст. Нарадзіўся ў сям‘і выхадцаў зь Беларусі. З 1908 вучыўся ў Псыханэўралягічным інстытуце Пецярбурскага ун-ту. Зблізіўся з эсэрамі; браў удзел у паліт. дэманстрацыях, за што неаднаразова затрымліваўся. У 1910 эміграваў у Нямеччыну. Вучыўся на мэдычным ф-це Баварскага ун-ту. З-за цяжкіх матэрыяльных умоваў мусіў перапыніць вучобу. У 1912 залічаны ў Кіеўскі ун-т, які скончыў у 1917. У 1918 сябра Народнага сакратарыяту Беларусі, Рады БНР. Жыў у Растове-на-Доне, Харкаве. З 1925 асыстэнт, дацэнт, загадчык катэдры медычнага ф-ту БДУ. Навуковы сакратар мэдычнай сэкцыі Інбелкульту (1925), нам. старшыні камісіі прыроды і прадукцыйных сіл Беларусі Інбелкульту (1928). Публікацыя ў 1925 артыкула Т. «Шляхі беларускай інтэлігенцыі» выклікала рэзкую рэакцыю ЦК КП(б)Б: адбылося пасяджэньне Бюро ЦК; быў зьняты з пасады рэдактар «Савецкай Беларусі» І.Шыпіла і абноўлены склад рэдакцыі газэты. 26.10.1925 у «Савецкай Беларусі» надрукаваны артыкул «Далейшыя шляхі беларускай інтэлігенцыі (Адказ рэдакцыі т. Трамповічу)», дзе былі пералічаныя памылкі аўтара, падкрэслівалася немагчымасьць «яднаньня на грунце нацыянальнай справы», бо адзіны правільны падыход да ўсіх пытаньняў – клясавы. Арыштаваны ГПУ БССР 9.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 прысуджаны да 5 гадоў высылкі ў Астрахань. Пасьля вызваленьня ў 1945-50 працаваў хірургам у Магілёве-Падольскім Віньніцкай вобл., потым у Кіеве. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Тв.: Шляхі беларускай інтэлігенцыі // Савецкая Беларусь. 1925, 21 кастр. (перадрук: Спадчына. 1998, №3).

Лiт.: Васілеўская Н. Жыцьцёвы шлях Паўла Трамповіча // Спадчына. 1998, №3; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.

 

444.      ТУМІЛОВІЧ Янка (6(19).9.1905, в. Сяліба Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Бярэзінскі р-н Менскай вобл. – 21.1.1938, ГУЛАГ), паэт. Паходзіў зь сялянскай сям‘і. У 1927 скончыў БДУ. Жыў у Менску. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Выступаць зь вершамі ў друку пачаў у 1925. Сябра літаб‘яднаньня «Маладняк». У 1926 разам з Я.Бобрыкам і А.Звонакам выдаў паэтычны зборнік. Публікаваўся ў час. «Маладняк», газ. «Савецкая Беларусь», «Чырвоны сьцяг», «Зьвязда», «Чырвоная зьмена», «Камунар Магілёўшчыны»; калектыўным зборніку «Дэкляматар» (1928). У пераважнай большасьці вершы Т. – гэта ўзоры пралеткультаўскага рамантызму 1920-х. У 1927 стаў адным з заснавальнікаў «Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі» («Пробліск»). З 1930 публікацыі Т. зьнікаюць са старонак пэрыядычнага друку. У 1930-я працаваў выкладчыкам Вышэйшай школы паліт. асьветы, у рэдакцыі газ. «Піянэр Беларусі». Арыштаваны 11.10.1936; 20.6.1937 Вярхоўным судом СССР прысуджаны да 7 гадоў пазбаўленьня волі. Памёр у лягеры каля бухты Нагаева пад Уладзівастокам. Справа спыненая 8.1.1940.

 

Тв.: Пунсовае раньне: Вершы / У суаўтарстве. – Менск, 1926; Полымя. 1960, №6; Анталёгія беларускай паэзіі: У 3 т. Т. 2. – Менск, 1961.

Лiт.: Звонак А. Сьціплая песьня // Полымя. 1960, №6; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.

 

445.      ТУРБОВІЧ Дора (? – 20.12.1937, Менск, НКВД), гісторык. У 1931-33 вучылася ў асьпірантуры БелАН. Потым працавала асыстэнтам ў Інстытуце асьпірантуры БелАН. Арыштавана 2.3.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР прысуджаная да расстрэлу. Рэабілітаваная 29.12.1966.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

446.      ТЭЙФ Масей (4(17).9.1904, Менск – 23.12.1966, Масква), паэт, празаік. Пісаў на ідыш і бел. мовах. Скончыў вячэрнюю школу ў Менску. У 1923 паступіў у БДУ. З 1924 вучыўся на вячэрнім аддзяленьні і працаваў на шпалернай фабрыцы. Першыя вершы датаваныя 1920; публікавацца пачаў з 1925. У 1928 паступіў на аддзяленьне гэбрайскай мовы і літаратуры Другога Маскоўскага дзяржаўнага ун-ту. Падрабляў начной карэктарскай працай. Пасьля сканчэньня вучобы ў 1933 вярнуўся ў Менск. На працягу 1920-30 выдаў 11 кніг; перакладаў на гэбрайскую мову творы бел. і расейскіх паэтаў; пісаў драматычныя творы, якія ставіліся на сцэне Гэбрайскага тэатру ў Менску. Арыштаваны 23.4.1938. Вызвалены перад вайной. У 1941 мабілізаваны; вайну правёў на фронце, старэйшы сяржант артылерыйскай часткі; атрымаў баявыя ўзнагароды. Пасьля дэмабілізацыі ў 1945 жыў у Маскве. Зноў арыштаваны ў 1951. Да 1956 знаходзіўся на спэцпасяленьні ў Варкуце. Пасьля рэабілітацыі ў 1956 вярнуўся ў Маскву. З 1961 да 1964 рэдактар аддзелу паэзіі час. «Савеціш Геймланд».

 

Тв.: Выбр.: Вершы, баляды, паэмы. – Маск., 1965 / Гэбр.; Вершы; Баляды; Паэмы. – Маск., 1985 / Гэбр.

Лiт.: Хоцімскі А. Крыху аб творчасьці і біяграфіі М. Тэйфа // ЛіМ. 1937, 6 жн.; БП, т. 6.

 

447.      ТЭРАЎСКІ Уладзімер (11(23).11.1871, мяст. Раманава Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер в. Леніна Слуцкага р-ну – 10.11.1938, Менск, НКВД), дырыжор, кампазытар, фальклярыст. Скончыў Слуцкую духоўную вучэльню (1889). У 1892-95 служыў у войску. У другой палове 1890-х жыў на Ўрале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Сьпяваў у капэле Дз.Агрэнева-Славянскага. Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Менскага таварыства цьвярозасьці; выкладаў сьпевы ў пачатковых школах. У 1914 стварыў Менскі беларускі хор, які ў 1917 увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камэдыі. У 1918-19 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. Улетку 1920 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах. Пасьля ўтварэньня Беларускага дзяржаўнага тэатру ў Менску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар. Арыштаваны ЧК у 1921 разам з У.Фальскім; прысуджаны да расстрэлу, замененага 5-гадовым зьняволеньнем. У 1923 вызвалены. Кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюзу паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спэктакляў БДТ-1: «Бязьвінная кроў» У.Галубка (1918), «Каваль-ваявода» Е.Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спэктакля «На Купальле» М.Чарота (1921). Напісаў песьні і рамансы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота і інш. Запісваў і гарманізаваў народныя песьні, частка якіх апублікавана ў зборніках «Беларускі сьпеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мэлёдыяў» (1921), «Беларускі лірнік» (1922), «Вайсковы зборнік» (1926). Браў удзел у рабоце музычнай сэкцыі Інбелкульту. Пасьля 1930 звольнены з працы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Служыў у царкоўным хоры Старажоўскай царквы Менску. Арыштаваны 17.8.1938. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Лiт.: Травень М. Уладзімер Тэраўскі ахвяра бальшавізму // Бацькаўшчына. 1956. №30; Гесь А., Ляхоўскі У. «Калі песьня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!»: Жыцьцё і творчы шлях Уладзімера Тэраўскага // Мастацтва. 1966, №12; ЭГБ, т. 6-1.

 

448.      УЛАСАЎ Аляксандр (16(28).8.1874, Вялейка Віленскай губ. – 11.3.1941, ст. Марыінск Навасібірскай, цяпер Кемераўскай вобл.), выдавец, публіцыст, мэмуарыст, грамадзкі і культурна-асьветны дзяяч. Вучыўся ў духоўнай сэмінарыі і рэальнай вучэльні ў Пінску, рэальных вучэльнях Менску і Лібавы. Адзін з арганізатараў Беларускай сацыялістычнай грамады. У 1905 скончыў Політэхнічны інстытут у Рызе. У часе рэвалюцыі 1905-07 арганізоўваў забастоўкі ў Радашкавічах і Менску. З 8.12.1906 да 16.5.1914 быў рэдактарам-выдаўцом газ. «Наша Ніва». За публіцыстыку прыцягваўся да судовай адказнасьці. У 1910 зьняволены на 2 месяцы. Адзін з заснавальнікаў бел. выдавецкага таварыства «Наша хата». У 1912 наладзіў у Вільні выданьне сельскагаспадарчага час. «Саха»; у 1914 у Менску – час. «Лучынка». У публіцыстычнай творчасьці шмат увагі надаваў разьвіцьцю сельскай гаспадаркі, землеўпарадкаваньня, стварэньня ў Расеі грамадзянскай супольнасьці (публікацыі ў газ. «Наша Ніва», «Беларускі шлях» і інш.). У 1914-17 служыў у арміі. 12.4.1918 уключаны ў склад Рады БНР. У канцы 1920 вярнуўся ў Зах. Беларусь. За спробу адкрыць у Радашкавічах бел. гімназію арыштаваны польскімі ўладамі, зьняволены ў лягеры ў Стшалкове. У ліст. 1922 абраны ў польскі сэйм як беспартыйны. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў ТБШ. Пад яго апякунствам у 1922-29 у Радашкавічах дзейнічала Беларуская гімназія імя Ф.Скарыны. Арыштаваны НКВД БССР 16.10.1939; Асобай нарадай НКВД СССР 29.11.1940 прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Памёр на этапе. Рэабілітаваны ў 1961.

 

Тв.: Аб гаспадарцы на хутары і шнурах. – Вільня, 1909; Белоруссия и Литва. – Менск, 1918; Дні жыцьця // Шляхам гадоў: Гісторыка-літаратурны зборнік. – Менск, 1990; Якуб Колас і «Наша Ніва» // Маладосць. 1992, №11.

Лiт.: Сачанка Б. Вызваляў дух народа // ЛіМ. 1992, 12 чэрв.; Астапкевіч Л. Адзін зь піянэраў Адраджэньня // ЛіМ. 1994, 2 вер.; Ніжанкоўская В. Мой дзядзька Аляксандар Уласаў // Рунь. 1999, 28 чэрв.; Содаль У. Праўда праз шэсьцьдзесят гадоў… // ЛіМ. 1999, 24 вер.; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.

 

449.      УЛАШЧЫК Мікалай (1(14).2.1906, в. Віцкаўшчына Менскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н – 14.11.1986, Масква), гісторык, археограф, празаік, перакладчык, мэмуарыст. У 1924-30 працаваў у Беларускай дзяржаўнай бібліятэцы і Кніжнай палаце БССР. У 1929 скончыў БДУ. Арыштаваны 16.6.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 высланы на 5 гадоў у Налінск Вяцкай вобл. Арыштаваны зноў у ліп. 1932 і 10.6.1933 асуджаны паўторна; этапаваны ў Марыінскі лягер (Новасібірская вобл.); потым у пасёлак Суслава Кемераўскай вобл. Вызвалены вясной 1935 бяз права вяртаньня ў Беларусь. Працаваў выкладчыкам гісторыі і геаграфіі ў розных навучальных установах Расеі. З 1939 у Ленінградзе. Арыштаваны 23.6.1941; высланы ў Златавуст Чэлябінскай вобл. Пры садзеяньні акадэміка Л.Арбелі 28.11.1942 вызвалены. У 1948 выкладаў у Маскоўскім ун-це. У 1949 звольнены з працы. Арыштаваны 23.12.1950; этапаваны ў лягер пры пасёлку Суслава ў Сібіры. Вызвалены 25.3.1955. Вярнуўся ў Маскву. Да 1986 працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытуту гісторыі АН СССР. Пахаваны ў Менску на Чыжоўскіх могілках. У Старых дарогах У. ўстаноўлены помнік.

 

Тв.: Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии. – Менск, 1965; Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. – Маск., 1973; Введение в изучение белорусско-литовского летописания. – Маск., 1985; Была такая вёска: гісторыка-этнаграфічны нарыс. – Менск, 1989; Краязнаўства: Нататкі пра бадзяньні ў 1924-1929 г.: З рукапіснай спадчыны. – Менск, 1999; Мэмуары і дзёньнікі як крыніцы гісторыі Беларусі: З рукапіснай спадчыны. – Менск, 2000; Выбранае / Уклад. А.Каўка. – Менск, 2001.

Лiт.: Буганов В. Н.Н.Улащик источниковед и археограф // Источниковедение отечественной истории, 1975. – Маск., 1976; Ялугин Э. Только камни. – Менск, 1989; М.М.Улашчык: Бібліяграфічны паказальнік. – Менск, 1996; М.М.Улашчык і праблемы беларускай гістарыяграфіі, крыніцазнаўства і археаграфіі: (да 90-х угодкаў вучонага). – Менск, 1997; Казаў Улашчык // Каўка А. Будам жыць! Пра тое самае. – Менск-Маск., 1998; Станішэўскі В. Чатыры арышты Міколы Улашчыка // Спадчына. 1999, №4; Яго ж. Радавод сям‘і Улашчыкаў: Гістарычны нарыс. – Менск, 2001; Міхнюк У. «Невінаватым ад нас ня выйдзеш…» // Беларуская мінуўшчына. 1995, №6; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6.

 

450.      УМЯСТОЎСКІ Францішак (29.1(10.2).1882, Вільня – кастр. 1940, мясцовасьць Катынь Смаленскай вобл., Расея), празаік, паэт, публіцыст. Паходзіў са шляхецкай сям‘і; стрыечны брат Ф.Аляхновіча. Вучыўся ў Пецярбурскім тэхналягічным інстытуце. Падчас вучобы ў 1902-04 уваходзіў у падпольную арганізацыю студэнцкай моладзі «Круг беларускай народнай прасьветы і культуры». Першы твор (верш «Вецер») апублікаваў у «Каляднай пісанцы на 1904 год» (Пецярбург, 1903). У 1906 браў удзел у выданьні газ. «Наша доля». У 1908 жыў у в. Існаўда Віцебскай губ. На працягу 1908-14 друкаваў апавяданьні ў газ. «Наша Ніва». Апавяданьні «Страх», «У лесе», «Доктар ад каўтуна», «На мужыцкі розум» напісаны пад відавочным уплывам бел. фальклёру. Перакладаў творы А.Уайльда і М.Гогаля. У часе 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны ў армію. Пасьля жыў у Вільні. У 1919 напісаў артыкул пра гісторыю выданьня газ. «Наша доля». На матэрыялах вайны напісаў апавяданьне «Стася» (1921). Выступаў пераважна як публіцыст. У 1927-28 выдаваў газ. «Беларускі дзень» і час. «Беларуская культура». У 1928 адышоў ад грамадзкай і культурна-асьветніцкай працы. Мабілізаваны ў польскую армію ў 1939. 18.9.1939 трапіў у савецкі палон. Інтэрнаваны ў лягеры ў Казельску. Знішчаны ў Катыні.

 

Тв.: Стася: Апавяданьне. – Вільня, (1921); Аб «Нашай долі» (1906) // Беларусь. 1919, 17-18 сьнеж.; Зборнік «Беларускіх ведамасьцей». №1. Вільня, 1921; Беларускія ведамасьці. 1921, 23 вер.; У кн.: Анталёгія беларускага апавяданьня: У 2 т. Менск, 1967. Т. 1.

Лiт.: Зямкевіч Р. Воўчы білет самазванцу рэдактару-выдаўцу «Нашай долі» (1906) – яснавяльможнаму «пану графу» Францішку Умястоўскаму // Думка працы. 1928, 28 студз.; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.

 

451.      УСЬПЕНСКІ Яўген (18.10.1891, Вільня – 29.10.1937, Менск, НКВД), фізык. У 1915 скончыў фізыка-матэматычны ф-т Маскоўскага ун-ту. У 1915-20 выкладаў фізыку ў Бабруйскай гімназіі і Бабруйскім палітэхнікуме. З 1923 асыстэнт, дацэнт катэдры фізыкі пэдагагічнага ф-ту БДУ. З 1929 дэкан фізыка-матэматычнага ф-ту БДУ. У 1931-36 навуковы супрацоўнік Фізыка-тэхнічнага інстытуту БелАН. Выключаны з КП(б)Б у кастр. 1935. З 1936 прафэсар і загадчык катэдры фізыкі Гомельскага пэдінстытуту. Асноўныя працы ў галіне квантавай тэорыі, ядра атама, гісторыі і мэтадалёгіі фізыкі. Арыштаваны 20.6.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 25.7.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

452.      ФАЛЬСКІ Ўсевалад (1886 або 1887 – ?), дзяяч нацыянальна-вызваленчага руху, акцёр. Адзін з арганізатараў бел. прафэсійнага тэатру. Старшыня Першага беларускага таварыства драмы і камэдыі. Першы бел. савецкі міністар замежных справаў. Улетку 1919 апынуўся сярод расстрэльных закладнікаў, якіх чэкісты вывезьлі ў Смаленск пры адступленьні бальшавікоў. У вер. 1921 зноў арыштаваны і прысуджаны да расстрэлу, потым замененага турэмным зьняволеньнем. Вызвалены ў 1923. Са сьнеж. 1925 жыў у Кіеве. Далейшы лёс невядомы.

 

Літ.: Селяменеў В., Скалабан В. Тры лісты Ўсевалада Фальскага // Тэатральная творчасьць. 1996. №6; Касинская А., Крапивин С. Визит дамы // Народная газэта. 1997. 11-13 кастр.; Стужынская Н. Беларусь мяцежная. – Вільня. 2000. С. 110-112.

 

453.      ФАМІН Сяргей (29.4(12.5).1906, в. Пепелеўка Мсьціслаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Манастыршчынскі р-н Смаленскай вобл., Расея – 4.12.1941, Ярэга, Комі АССР), паэт. Паходзіў зь сям‘і вясковага настаўніка. Скончыў Мсьціслаўскую сямігодку. Яшчэ школьнікам дасылаў карэспандэнцыі ў мясцовыя газэты. У 1925 скончыў Магілёўскі пэдтэхнікум. Два гады настаўнічаў на Барысаўшчыне, потым паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ, якое скончыў у 1930. Першы верш Ф. апублікаваны ў 1924 у газ. «Соха и молот». З 1925 пісаў па-беларуску. Тады ж быў прыняты ў «Маладняк». Публікаваўся ў час. «Маладняк», «Полымя», «Маладняк Барысаўшчыны». Пасьля расколу «Маладняка» ўваходзіў у «Пралетарска-сялянскую беларускую літаратурную суполку» («Пробліск»; ліп. 1927 – студз. 1928). Перакладаў з украінскай мовы вершы У.Сасюры. Вершы Ф. перакладаліся на ўкраінскую і расейскую мовы. У 1927 асобным выданьнем выйшла яго паэма «Балота». У 1929 падрыхтаваў да друку кнігу вершаў «Дымнае жыта», якая тады не была апублікаваная. З 1930 амаль перастаў пісаць і друкавацца. У друку зьявіліся разгромныя рэцэнзіі на яго паэзію. Выкладаў бел. і расейскую мову і літаратуру ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Арыштаваны 4.1.1935. У траўні 1935 прысуджаны да расстрэлу, замененага на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Накіраваны ва Ухтпячлаг НКВД у Комі АССР. Вывучаў там італьянскую мову, завучваў вершы Дантэ. Працягваў пісаць у зьняволеньні; некаторыя вершы занатоўваў у лістах да родных. Паўторна арыштаваны ў лягеры; 2.10.1941 прысуджаны да расстрэлу.

 

Тв.: Балота: Паэма. – Менск, 1927; Дымнае жыта: Вершы, паэмы, пераклады. – Менск, 1991.

Лiт.: БП, т. 6.

 

454.      ФIЛIСТОВIЧ Янка (14.1.1926, в. Паняцiчы Вялейскага пав. Вiленскага ваяв. – 1953?, Менск, МГБ), удзельнiк антысавецкага руху, публіцыст. Вясной 1943 мабiлiзаваны ў 13-ы Беларускi баталён (Вялейка, Менск). Перад прыходам Чырвонай армii выехаў у Нямеччыну. Пасьля сканчэньня вайны перабраўся ў Францыю. Вывучаў гiсторыю ў Сарбоне (Парыж) i Лювэнскiм ун-це (Бэльгiя). Выдаваў час. «Моладзь», быў адным зь лiдэраў Беларускай незалежнiцкай арганiзацыi моладзi ў Францыi (утворана на зьезьдзе 26.3.1949). З 11.3.1951 сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi, упаўнаважаны прадстаўнiк ураду БНР. Удзельнічаў у дэсанце, які быў закінуты з дапамогай амэрыканцаў 9.9.1951 на Маладачаншчыну. Праз сваяка П.Куляша Ф. удалося наладзiць сувязь з групай С.Мiкулiча, якая складалася з 5 чалавек i дзейнiчала на тэрыторыi Iльянскага р-ну з 1949. Неўзабаве Ф. узначалiў гэтую групу. 5.9.1952 апэратыўна-ваенiзаванай групай МГБ БССР была праведзеная лiквiдацыя групы. Ф. удалося ўцячы, але 9.9.1952 ён быў схоплены ў вынiку здрады ў в. Ярмолiчы Маладачанскага р-ну. Прысуджаны вайсковым трыбуналам Беларускай вайсковай акругi да сьмяротнага пакараньня. Супраць сваякоў Ф. i тых, хто дапамагаў яму, былi праведзеныя рэпрэсii.

 

Лiт.: Лукашук А. Фiлiстовiч. Вяртаньне нацыяналiста. – Менск, 1997; Валахановiч І. Барацьба вакол iдэi «беларускай незалежнай дзяржавы» (другая палова 40-х – пачатак 50-х г.) // Беларускi гiстарычны часопiс. 1999, №1; Думбляўскас Ю. Янка Філістовіч // Антысавецкія рухі.

 

455.      ХАДЫКА Уладзімер (21.12.1904 (3.1.1905), в. Цітва Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 1.7.1940, ст. Ер, Паўночлаг), паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў шматдзетнай сям‘і ўрадніка. Скончыў на выдатна Дудзіцкую пачатковую школу (на радзіме бацькі); у 1923 – агульнаадукацыйныя курсы ў Менску. Першыя вершы ў пэрыядычным друку апублікаваў у 1926; тады ж выйшаў і першы зборнік паэзіі «Суніцы». Сябра літаб‘яднаньня «Маладняк»; удзельнік 1-га Усебеларускага зьезду «Маладняка» (1925). У 1926-27 служыў у Чырвонай арміі ў Навазыбкаве (Браншчына). Нейкі час быў сакратаром Дудзіцкага сельсавету. Працаваў настаўнікам пачатковых клясаў у в. Асака Дудзіцкага сельсавету. У 1928 спрабаваў паступіць у БДУ, але ня быў дапушчаны да экзамэнаў, бо ня меў поўнай сярэдняй адукацыі. З 1929 працаваў сакратаром час. «Полымя». У 1930-я жыў зь літаратурнай працы. Друкаваўся ў «Маладняку», «Зьвяздзе», «Савецкай Беларусі», іншых выданьнях. Член СП Беларусі з 1934. Пераклаў на бел. мову раман К.Гарбунова «Ледалом», кнігу выбр. тв. У.Бахмецьева «Людзі і рэчы», драматычныя творы М.Горкага, раман М.Шолахава «Ціхі Дон» і інш. У 1935 апублікаваў зборнік вершаў «Радасны будзень». Ужо ў канцы 1920-х стаў абвінавачвацца крытыкай у страце сацыяльнай пільнасьці і ў буржуазным нацыяналізме. Падрыхтаваны ў 1932 да выданьня ў Маскве зборнік вершаў на расейскай мове ня выйшаў з-за адмоўнага водгуку Г.Шэнгелі. Арыштаваны 26.11.1936. У 1937 асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі. Накіраваны ў лягер Нова-Іванаўка Кемераўскай вобл. Працягваў пісаць у зьняволеньні, запісваючы вершы на паперы для курэньня і потым зашываючы рукапісы ў каўнер кажуха. Быў пераведзены на каменаломні ў Навасібірскай вобл. Паводле ўспамінаў сьведкаў, расьціснуты каменнай глыбай у вапняковым кар‘еры.

 

Тв.: Выбр. вершы. – Менск, 1932; Выбр. вершы. – Менск, 1959; Вершы. – Менск, 1969; На ўзьвеях дзён: Вершы. – Менск, 1986.

Лiт.: Шушкевіч С. Уладзімер Хадыка // Шушкевіч С. Выбр. тв.: У 2 т. – Менск, 1978. Т. 2; Грахоўскі С. Другому сэрцу перадам // ЛіМ. 1980, 4 студз.; Маракоў Л. Уладзімер Хадыка // Роднае слова. 2002. №10.

 

456.      ХАРЛАМПОВІЧ Павал (4.2.1884, в. Рагачы Бярозаўскага р-ну Берасьцейскай вобл. – ?), нумізмат, музэйны работнік. У 1920-25 сябра Менскага таварыства гісторыі і старажытнасьцяў. У 1920-х быў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэя. У 1925 адзін з арганізатараў гісторыка-археалягічнай і этнаграфічнай сэкцыяў Інбелкульту. Выкладаў у БДУ. У 1929 пазбаўлены працы, арыштаваны. У 1931 сасланы на Поўнач.

 

Тв.: Справаздача Беларускага дзяржаўнага музэя // Асьвета. 1925, №3; Праскія грошы ў беларускіх манэтных скарбах // Гіст.-арх. зборнік. №1. – Менск, 1927; Манэтныя скарбы, знойдзеныя ў Беларусі, у зборах Беларускага дзяржаўнага музэя // Тамсама; Пяцігодзьдзе Беларускага дзяржаўнага музэя // Наш край. 1927, №1.

Літ.: Вяргей В. Археалягічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 г. – Менск, 1992.

 

457.      ХАРЫК Ізі (6.3.1896, у іншых крыніцах 17.3.1898, мяст. Зембін Барысаўскага пав. Менскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт. У 1919 дабраахвотна ўступіў у Чырвоную армію, удзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Расеі. Літаратурную дзейнасьць пачаў у 1920 публікацыямі ў гэбрайскіх газэтах. У 1921-23 вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В.Брусава ў Маскве. У 1922 у Менску выйшла першая кніжка вершаў «Трапятаньне». З 1925 друкаваўся ў час. «Штэрн». У 1927 скончыў гэбрайскае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту 2-га Маскоўскага дзяржаўнага ун-ту. Пераехаў у Менск, працаваў рэдактарам гэбрайскага час. «Штэрн». У 1931 абраны членам ЦВК БССР. Член СП Беларусі з 1934. Член прэзыдыюмаў СП БССР і СССР. Да 1936 у Менску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на гэбрайскай мове. З 1928 сталі зьяўляцца пераклады яго вершаў на бел. мову. З пачатку 1930-х выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданьнях. Вершы «Над Бярозай» і «Хлеб» былі пакладзеныя на музыку С.Палонскім. Перакладаў на гэбрайскую мову творы Я.Коласа, М.Чарота, З.Рымашэўскага. Член-карэспандэнт БелАН з 1936. Адзін з аўтараў «Пісьма беларускага народу вялікаму Сталіну» (1936). Арыштаваны 5.6.1937; Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу. Была рэпрэсаваная і сям‘я паэта. Рэабілітаваны 13.6.1956.

 

Тв.: Адданасьць: (Выбр. тв). – Маск., 1970 / Гэбр. Пер.: Выбр. тв. – Менск, 1958; Выбранае. – Менск, 1969.

Лiт.: Лынькоў М. Таленавіты паэт // Маладосць. 1958, №6; Броўка П. Пра паэта і таварыша // ЛіМ. 1973, 23 сак.; Хведаровіч Л. Сугучнасьць часу // Беларусь. 1976, №3; БП, т. 6.

 

458.      ХАТУЛЁЎ Пятро (29.6.1912, Віцебск – 29.10.1937, Менск, НКВД), крытык. Пачаў выступаць на старонках бел. пэрыядычнага друку ў 1932. У 1934 скончыў МВПІ. Працаваў у рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва». На працягу 1934-36 апублікаваў, пераважна на старонках «Літаратуры і мастацтва», артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра творчасьць А.Александровіча, П.Броўкі, Э.Самуйлёнка, Ю.Таўбіна, У.Хадыкі, І.Шапавалава і інш. Выступаў супраць вульгарызатарскага падыходу да літаратуры, заклікаў улічваць асаблівасьць гістарычнага часу і не шукаць ворагаў у XIX ст. Арыштаваны 3.10.1936. Расстраляны разам з групай бел. пісьменьнікаў. Рэабілітаваны 29.9.1966.

 

Тв.: «Мая другая кніга» Юлія Таўбіна // ЛіМ. 1932, 15 чэрв. / Суаўт. І. Малец; Заўвагі пра творчасьць П.Броўкі // Полымя рэвалюцыі. 1934, №4.

Лiт.: Карабан С. Нарысы гісторыі беларускай савецкай крытыкі 20-30-х гадоў. – Менск, 1971; Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства (20-30-я гады). – Менск, 1975; БП, т. 6.

 

459.      ХАЦКЕВІЧ Рыгор (27.2.1911, в. Ратуцічы Барысаўскага пав. Менскай губ. – 9.8.1979, в. Дакудава Крупскага р-ну Менскай вобл.), паэт, празаік, пэдагог. У 1930 скончыў Барысаўскі пэдтэхнікум; завочна вучыўся ў МВПІ. У 1930 настаўнічаў у Чэрвеньскім р-не; у 1931-33 супрацоўнік чэрвеньскай раённай газэты. У 1933-36 настаўнічаў у г.п. Крупкі. Першы верш Х. надрукаваны ў 1930 у газ. «Піянэр Беларусі». У 1932 выйшаў першы зборнік. Арыштаваны ў 1936 у г.п. Крупкі. Паўтара года знаходзіўся ў Менску пад следзтвам. Асуджаны на 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў на Поўначы (да 1946). Пасьля вайны вярнуўся ў Беларусь. У 1947-50 выкладаў бел. мову і літаратуру ў Нягневіцкай сямігодцы Барысаўскага р-ну; у 1950-53 у Крупскім р-не. У 1953 выехаў у Днепрапятроўск (Украіна); працаваў настаўнікам. У 1959 рэабілітаваны; вярнуўся ў Беларусь. Жыў на Барысаўшчыне, у Менску, у Крупскім р-не; настаўнічаў. У 1960-70-х выступаў у пэрыядычным друку зь вершамі і нарысамі. Пісаў для дзяцей; перакладаў з расейскай і ўкраінскай моваў. Пахаваны ў в. Дакудава.

 

Тв.: Налівайся, колас: Вершы. – Менск, 1932; Наш пяты клас: Вершы. – Менск, 1962; На золку: Аповесьць. – Менск, 1972; Бяроза на ўзьлеску: Вершы і паэма. – Менск, 1977; Хмара над лесам: Аповесьць. – Менск, 1980.

Лiт.: БП, т. 6.

 

460.      ХВЕДАРОВІЧ Мікола (сапр.: Чарнушэвіч Мікалай Фёдаравіч; 24.3(6.4).1904, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ. – 20.8.1981, Менск), паэт, празаік, перакладчык, брат пісьменьніка Н.Чарнушэвіча. У 1915-18 жыў у прытулку для дзяцей уцекачоў у Калузе, вучыўся ў гарадзкой вучэльні. Вярнуўшыся зь бежанства, вучыўся ў вучэльні мяст. Цімкавічы, потым у Капыльскай працоўнай школе 2-й ступені. У 1918 уступіў у камсамол. З 1921 у частцы асобага прызначэньня. У 1923 сакратар камсамольскай ячэйкі ў Цыраўскай воласьці і загадчык хаты-чытальні. У 1924 камісар Слуцкага ваенкамату па дапрызыўнай падрыхтоўцы. З артыкуламі ў друку пачаў выступаць у 1924. Першы верш («Ураджайнае») надрукаваў у 1925. У 1929 выйшла першая кніга («Настроі»). У 1928 скончыў рабфак у Менску, у 1931 – БДУ. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром час. «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932-33 рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». Член СП Беларусі з 1934. У 1933-34 загадчык кабінэта маладога аўтара СП БССР. У 1934-37 адказны сакратар час. «Полымя рэвалюцыі», сакратар час. «Минск». Быў сябрам літаратурных аб‘яднаньняў «Маладняк» і БелАПП. Арыштаваны 3.8.1938. Асуджаны (16.7.1940) на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Знаходзіўся ў зьняволеньні ў лягерах на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, з 1941 ва Усьцьвытлагу (пасёлак Ваяжэль Комі АССР). З 1946 працаваў у Каршынах Узбэцкай ССР. Паўторна арыштаваны 22.5.1949; сасланы (3.8.1949) у Енісейск Краснаярскага краю. У 1956 вярнуўся ў Беларусь. Займаўся літаратурнаю творчасьцю. На бел. мову пераклаў творы А.Пушкіна, паэму «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі (з А.Звонакам), п‘есы М.Стэгліка, А.Палявога, А.Талбузіна. Рэабілітаваны 28.9.1955.

 

Тв.: Пасьля навальніцы: Выбранае. 1925-1961. – Менск, 1965; Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1974; Крынічка: Вершы. – Менск, 1978; Любістак: Выбранае. – Менск, 1984.

Лiт.: Ермаловіч М. У страі паэзіі // ЛіМ. 1958, 12 ліп.; Александровіч С. Незабыўнае, блізкае // ЛіМ. 1961, 12 траўня; Яго ж. Яго шчодрае і шчырае сэрца // ЛіМ. 1981, 28 жн.; БП, т. 6.

 

461.      ХВЕЦЬКА Люцыян (22.11.1889, в. Малышоўка Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Сакольскі пав. Падляскага ваяводзтва – 1944, Стоўбцы), рыма-каталіцкі сьвятар, рэдактар, выдавец, публіцыст, пэдагог. У 1904 скончыў Сакольскую гарадзкую вучэльню. Здаў экзамэн на аптэкарскага вучня ў экзамэнацыйнай камісіі Пецярбурскай навучальнай акругі. У 1907-14 вучыўся ў Магілёўскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі ў Санкт-Пецярбургу. Працягнуў вучобу ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі, якую скончыў у 1915 са ступеньню магістра тэалёгіі. Падчас вучобы ў акадэміі сябра бел. культурна-асьветнага гуртка. Пасьвечаны ў сьвятары 31.5.1915 біскупам Я.Цепляком. Адзін з заснавальнікаў «Хрысьціянска-дэмакратычнай злучнасьці». Ініцыятар выданьня і першы рэдактар-выдавец бел. каталіцкай газ. «Krynica». Заснавальнік бел. выдавецкай каталіцкай суполкі. Служыў вікарыем пракатэдральнага касьцёла ў Петраградзе. Да 1918 прафэсар літургікі ў духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Пасьля закрыцьця бальшавікамі сэмінарыі прызначаны адміністратарам пракатэдральнага касьцёла. Арыштаваны ГПУ у справе біскупа Я.Цепляка 10.3.1923. Быў прапанаваны ў мэмарандуме ад 15.3.1923 бел. сэймавых паслоў-католікаў Папу рымскаму на пасаду біскупа-суфрагана Віленскай дыяцэзіі. У выніку абмену палітвязьняў 1.2.1925 дэпартаваны ў Польшчу. У 1925-26 выкладаў Закон Божы ў Шыманове пад Варшавай. Пры падтрымцы біскупа Э.Ропа з канца 1920-х да 1931 працаваў рэктарам Місіянэрскага інстытуту ў Любліне. З 1932 пробашч парафіі Шчытнікі Пінскай дыяцэзіі. Прафэсар пастаральнай тэалёгіі і выкладчык бел. мовы ў Пінскай каталіцкай сэмінарыі. У 1933-39 скарбнік дыяцэзіяльнай курыі і віцэ-старшыня дыяцэзіяльнай рады. У гады 2-й сусьветнай вайны заставаўся на Піншчыне. Памёр у 1944 (?) у Стоўбцах.

 

Літ.: Znic (Рым). – 1965, №81; Гарбінскі БРД.

 

462.      ХОМІЧ Павал (17.10.1893, Ваўкавыск – 10.3.1942, Ленінград, НКВД), рыма-каталіцкі сьвятар, рэлігійны і грамадзкі дзяяч. Паходзіў зь сялянскай сям‘і, у якой бацька быў праваслаўным, а маці – каталічкай. 22.10.1905 прыняў каталіцкае веравызнаньне. У 1907-10 вучыўся ў Ваўкавыскай гарадзкой 4-кляснай вучэльні. Скончыў у Петраградзе Магілёўскую духоўную каталіцкую сэмінарыю і Мітрапалітальную духоўную акадэмію. У часе вучобы наведваў культурна-асьветны гурток бел. студэнтаў-клерыкаў. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1916. Быў прызначаны вікарыем на станцыі Вырыца Царскасельскай чыгункі. Пазьней выконваў сьвятарскія абавязкі на Пскоўшчыне. У пачатку 1920-х пробашч парафіі сьв. Кацярыны ў Ленінградзе. Пазьней – у парафіі сьв. Казімера. Арыштаваны 2.6.1926. Прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Адпраўлены на Салаўкі, дзе заставаўся да ліп. 1933. З 21.7.1932 да 25.4.1933 знаходзіўся ў турме ОГПУ у Ленінградзе («на Шпалерцы»). У часе допытаў ад яго патрабавалі адмовіцца ад духоўнага сану. Стаў хварэць псыхічна. З 28.6.1938 жыў у ваколіцах Кастрамы. У 1939 нелегальна вярнуўся ў Ленінград. 1.3.1942 прысуджаны Вайсковым трыбуналам да расстрэлу.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998.

 

463.      ХОМЧАНКА Васіль (12.1.1919, в. Канічы Клімавіцкага пав. Магілёўскай губ., цяпер Касьцюковіцкі р-н – 4.11.1992, Менск), празаік. Пісаў на бел. і расейскай мовах. У 1935 скончыў сямігодку ў мяст. Бялынкавічы Касьцюковіцкага р-ну. Першы верш надрукаваў у 1934 у газ. «Піянэр Беларусі»; першае апавяданьне зьявілася ў 1937 у час. «Іскры Ільіча». У 1936 паступіў на рабфак пры БДУ. Арыштаваны НКВД БССР 6.4.1937; прысуджаны да 4 гадоў пазбаўленьня волі. Адпраўлены ў Ніжне-Амурскі лягер: будаваў чыгунку, пілаваў лес. Выпадкова вызвалены ў 1941. У вайну на фронце. Вучыўся ў Буйнацкай вайскова-пяхотнай вучэльні (1944); быў камандзірам мінамётнага ўзводу. Вайну скончыў у Аўстрыі. Каб паступіць у Вайскова-юрыдычную акадэмію ў Маскве, утаіў судзімасьць. Вучыўся ў акадэміі ў 1947-51. Да літаратурнай творчасьці вярнуўся ў 1954, калі апублікаваў ва ўладзімірскім літаратурным альманаху апавяданьне «Анісаў бор». Пісаў апавяданьні на расейскай мове, потым зноў вярнуўся да творчасьці па-беларуску. У 1959 выпусьціў у Менску кнігу «Наша вячэра». Член СП Беларусі з 1960. Служыў у арміі да сьнеж. 1968. Рэабілітаваны ў 1969. У 1972-85 працаваў загадчыкам рэдакцыі прозы выдавецтва «Мастацкая літаратура». З 1985 на творчай рабоце. Напісаў аповесьць пра Ф.Багушэвіча. Творы Х. перакладаліся на літоўскую, расейскую, украінскую, іншыя мовы. З 1990 сябра Рады СП Беларусі; узначальваў Камісію СП па вяртаньні спадчыны рэпрэсаваных пісьменьнікаў. У апошнія гады жыцьця пісаў апавяданьні і аповесьці, у якіх зьвярнуўся да падзеяў пэрыяду сталінскіх рэпрэсіяў.

 

Тв.: Выбранае: (Апавяданьні). – Менск, 1975; Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1979; Пры апазнаньні – затрымаць. – Менск, 1983.

Літ.: Голубева Л. Пра дзяцей і для дзяцей // Полымя. 1970, №4; Дзюбайла П. На шляху да сынтэзу // Полымя. 1978, №12; БП, т. 6.

 

464.      ХУРСІК Сымон (31.1(13.2).1902, в. Снусьцік Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 31.3.1972, Караганда), празаік, перакладчык. У 1925 скончыў у Менску Белпэдтэхнікум. Настаўнічаў у мяст. Валынцы на Полаччыне і ў Полацку; працаваў у рэдакцыі газ. «Чырвоная Полаччына». У 1930 атрымаў дыплём літаратурна-лінгвістычнага аддзяленьня пэдагагічнага ф-ту БДУ. Першае апавяданьне апублікаваў у 1924 у газ. «Савецкая Беларусь». Аўтар дзьвюх кніжак апавяданьняў. У газ. «Чырвоная Полаччына» друкаваў вершы. Пераклаў на бел. мову аповесьць А.Серафімовіча «Горад у стэпе» (Менск, 1930), з польскай – апавяданьне А.Гараўскага «Алёнка» (Маладняк. 1930, №6-7). Арыштаваны ГПУ БССР 19.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; прысуджаны 10.4.1931 да 5 гадоў высылкі ў Яшкар-Алу. Працаваў настаўнікам у Марыйскай і Чуваскай АССР, у Казахстане. Ваяваў у гады вайны на 4-м Украінскім і 1-м Беларускім франтах; быў двойчы кантужаны. Пасьля вайны вярнуўся да настаўніцкай працы. Зноў арыштаваны 21.6.1947; высланы ў пас. Айдабул Какчатаўскай вобл. Рэабілітаваны 13.10.1958. З 1964 жыў у Карагандзе. Да творчай працы не вярнуўся.

 

Тв.: Першы паўстанак: Апавяданьні. – Менск, 1925; Шляхамі навальніц: Апавяданьні. – Менск, 1930; Чорны мост: Аповесьць // Маладняк. 1929, №11-12; 1930, №1, 2; Янка з Палесься // Анталёгія беларускага апавяданьня: У 2 т. – Менск, 1967. Т. 1.

Літ.: Навумовіч У. З кагорты маладнякоўцаў // ЛіМ. 1972, 10 сак.; Скрыган Я. Біяграфія // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцьця. – Менск, 1979; БП, т. 6.

 

465.      ЦЬВІКЕВІЧ Аляксандар (ліп. 1888, Берасьце – 30.12.1937, Менск, НКВД), гісторык, філёзаф, публіцыст, юрыст, грамадзкі і паліт. дзяяч. Брат І.Цьвікевіча. У 1912 скончыў юрыдычны ф-т Пецярбурскага ун-ту. Працаваў прысяжным павераным у Пружанах і Берасьці. У часе 1-й сусьветнай вайны быў у бежанстве ў Туле, дзе ў 1916 увайшоў у склад Камітэту дапамогі ахвярам вайны. У 1917 у Маскве стаў адным з заснавальнікаў Беларускай народнай грамады. На 1-м Усебеларускім зьезьдзе у 1917 рабіў даклад аб бежанскім пытаньні. Вясною 1918 арганізаваў у Кіеве Беларускую гандлёвую палату і наладзіў выпуск газ. «Белорусское эхо». Там жа выдаў «Кароткі нарыс узьнікненьня Беларускай Народнай Рэспублікі». Паводле некаторых зьвестак, быў арыштаваны. Ва ўрадзе БНР Ковенскага пэрыяду (1920 – лета 1923) быў міністрам замежных справаў. Апублікаваў шэраг артыкулаў і эсэ ў час. «Беларускі сьцяг» (Коўна). У эміграцыі ў Празе (лета 1923 – 1925) прэм‘ер-міністар БНР. Пераехаў у Менск у пачатку сьнеж. 1925 пасьля Бэрлінскай канфэрэнцыі беларускіх прадстаўнікоў, якая прыняла рашэньне спыніць дзейнасьць ураду БНР. Працаваў у Наркамаце фінансаў; сакратаром Інбелкульту; вучоным старшынём Камісіі Інбелкульту па вывучэньні адукацыі ў Беларусі; з 1929 у Інстытуце гісторыі БелАН. Вывучаў фармаваньне грамадзка-паліт. думкі ў Беларусі, станаўленьне бел. ідэі. Аўтар прац «Беларусь: Палітычны нарыс» (1919; 2-е выд. 1990), «Адраджэньне Беларусі і Польшча» (1921), «Погляд П.Бяссонава на беларускую справу» (1922). Найбольш вядомая праца – «Западно-руссизм» (1929). Арыштаваны 14.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Перм тэрмінам на 5 гадоў. Зноў арыштаваны 17.12.1937 у Сарапуле, дастаўлены ў Менск; прысуджаны да расстрэлу. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10.6.1988, па другім – 31.5.1989.

 

Тв.: Галынец А. Вялікае апрашчэньне ці вялікае ўдасканаленьне. – Рыга, 1926; «Западно-руссизм»: Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў ХІХ і пачатку ХХ в. 2-е выд. – Менск, 1993.

 

466.      ЦЬВІКЕВІЧ Іван (ліст. 1891, Берасьце – 1.7.1938, Алтайскі край?), мэдык, публіцыст, рэдактар. Брат А.Цьвікевіча. У 1914 скончыў Варшаўскі ун-т. У 1-ю сусьветную вайну служыў у царскай арміі. У 1917-21 у Чырвонай арміі – дывізійны лекар. У 1920 дывізія, у якой служыў Ц., была інтэрнаваная ў Нямеччыне. У 1921-23 працаваў у пасольстве РСФСР у Нямеччыне. У 1924 пераехаў у Менск. Працаваў загадчыкам аддзелу ў Белдзяржвыдавецтве. Займаўся перакладамі мастацкіх твораў. Член калегіі Наркамату аховы здароўя БССР і старшыня Мэдычнай сэкцыі Інбелкульту. Арыштаваны 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Асуджаны (10.4.1931) на 5 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у Нарыме, зьяўляўся начальнікам санчасткі Нарымлагу. Затым пасяліўся ва Усьць-Каменску (Алтайскі край). Паўторна арыштаваны 22.8.1937; прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1960.

 

Тв.: Трызна І. Канстанцін Каліноўскі // Беларускі сьцяг. 1922, №2; Яцьвяг І. Заданьні чарговай нарады: пытаньні беларускай нацыянальнай культуры // Тамсама.

Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

467.      ЦЬВЯТКОЎ Леў (? – ?), мовазнавец. Выкладаў у БДУ. У рэзалюцыі Камісіі па інтэлігенцыі «Аб праверцы работнікаў навуковых устаноў, вышэйшых вучэбных устаноў, тэхнікумаў, асьветніцкіх арганізацыяў на аснове пастановы сакавіцкага (1926) пленуму ЦК КП(б)Б» у 1926 абвінавачаны ў нацдэмаўскім ухіле. Рэпрэсаваны.

 

Тв.: Мова філаматаў і філарэтаў // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Працы клясы філялёгіі. – Менск, 1928. Т. 1; Некаторыя рысы іншаславянскай фанэтыкі ў беларускай мове // Тамсама.

Літ.: Платонов Р. Перед крутым поворотом: Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925-1928): Отражение времени в архивных документах. – Менск, 2001.

 

468.      ЦЬВЯЧКОЎСКІ Антон (в. Шальчыны Дзісенскага пав. Віленскай губ., цяпер Мёрскі р-н – 16.4.1974, Вільня), бел. рэлігійны дзяяч, пісьменьнік, пэдагог. Выхаванец бел. айцоў марыянаў з Друйскага кляштару. Вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі, адкуль быў выключаны за бел. патрыятызм. Высланы зь Вільні ў этнічную Польшчу. Друкаваўся ў час. «Шлях моладзі», газ. «Крыніца». У 1939 вярнуўся на Бацькаўшчыну. Падчас нямецкай акупацыі працаваў настаўнікам у Вільні, служыў перакладчыкам, працаваў у бел. адміністрацыі ў Паставах. Да лета 1944 быў у складзе рэдакцыі час. «Беларус на варце». Выехаў у Нямеччыну, жыў у Кёнігсбэргу. Праўдападобна, арыштаваны бальшавікамі ў 1945. Асуджаны на 20 гадоў зьняволеньня, быў на Калыме. На Радзіму вярнуўся ў сярэдзіне 1950-х.

 

Літ.: Ёрш С. Адысэя Антона Цьвячкоўскага // Наша Ніва, 2002, 27 вер.

 

469.      ЦЕРАХ (ЦЕРАХАЎ) Адам (8.9.1882, в. Кабыльле Вялейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н – 7.7.1938, Менск, НКВД), драматург. На момант арышту працаваў кіраўніком драмгуртка швэйнай фабрыкі «Октябрь». Арыштаваны і 25.5.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 24.7.1989.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

470.      ЦІКОТА Андрэй (5.12.1891, Дуброўская воласьць Сьвянцянскага пав. Віленскай губ. – 21.2.1952 (паводле іншых зьвестак 11.2.1952), Усх. Сібір, ГУЛАГ), грэка-каталіцкі сьвятар, законьнік-марыянін, місіянэр, архімандрыт, генэрал Ордэна марыянаў, рэлігійны і грамадзкі дзяяч, пэдагог. У траўні 1909 вытрымаў экзамэн на званьне аптэкарскага вучня пры экзамэнацыйнай камісіі Віленскай навучальнай акругі. Зь вер. 1909 вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. У часе вучобы належаў да бел. культурна-асьветнага гуртка. У ліку лепшых студэнтаў пасланы вучыцца за казённы кошт у Санкт-Пецярбург, дзе ў 1912 быў прыняты ў Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію. Пасьвечаны ў сьвятары ў 1914. Удзельнік 1-га зьезду бел. каталіцкага духавенства (Менск, 24-25.5.1917). Сябра саюзу ксяндзоў-беларусаў. У 1917-18 сьвятар у Маладэчне. У 1918 абраны сябрам Рады БНР. У вер. 1919 увайшоў у склад Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. Прафэсар Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Арыштаваны бальшавіцкімі ўладамі ў 1920, але неўзабаве вызвалены. На пачатку 1920-х уступіў у навіцыят Ордэну марыянаў у мяст. Друя. Займаўся місіянэрскай дзейнасьцю ў ЗША. Пасьля 1923 жыў у Друйскім кляштары марыянаў. Арганізаваў гімназію. Выступаў за шырокае ўвядзеньне бел. мовы ў жыцьцё касьцёла. Прадстаўляў бел. грэка-католікаў на 5-м Уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславакія, 20-24.7.1927). У 1933-39 двойчы абраны генэралам Ордэну марыянаў у Рыме. Перасьледаваўся польскімі сьвецкімі і духоўнымі ўладамі. У 1934 накіраваны адміністратарам Усх. місіі ў Харбін (Маньчжурыя). У сьнеж. 1948 з групай бел. сьвятароў арыштаваны кітайскімі ўладамі; перададзены МГБ СССР. Прысуджаны да 25 гадоў лягераў.

 

Літ.: Гарбінскі БРД; Dzwonkowski R. Losy duchowienstwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. – Lublin, 1998; Stankiewicz A. Rodnaja mowa u swiatyniach. – Wilnia, 1929; Stankievic A. Bielaruski chryscijanski ruch. – Vilnia, 1939.

 

471.      ЦУЛУКІДЗЭ Тамара (6(19).12.1903, Тбілісі – 9.2.1991, Менск), празаік, драматург, крытык, перакладчык. У 1921-24 вучылася ў Тэатральным інстытуце ў Тбілісі. Працавала ў тэатры імя Ш.Руставэлі. Заслужаная артыстка Грузінскай ССР (1934). Літаратурнай дзейнасьцю пачала займацца ў 1933. Выступала ў грузінскім друку з артыкуламі аб тэатральных праблемах, з рэцэнзіямі на спэктаклі. Пасьля таго, як быў арыштаваны і расстраляны яе муж С.Ахмэтэлі, вымушаная была пакінуць тэатар. Арыштаваная ў 1936 як жонка ворага народу. У 1937-46 знаходзілася ў турмах, лягерах, на лесапавале, на земляных работах. Працавала санітаркай, мэдсястрой у Краснаярскім краі. З 1943 – у Комі АССР; арганізавала там тэатар лялек. Вызвалена датэрмінова ў 1946, засталася ў Комі АССР (Сыктыўкар; да 1948). Пераехала ў Курск, дзе ў 1949-50 працавала рэжысэрам абл. тэатру лялек. Зноў арыштаваная ў 1950, высланая ў Краснаярскі край. Уладкавалася ў калгас у пасёлку Абан (1950-55). У ссылцы пазнаёмілася зь бел. пісьменьнікам А.Пальчэўскім, які таксама быў рэпрэсаваны і ў 1948-55 знаходзіўся ў Краснаярскім краі. Узялі шлюб. Рэабілітаваная ў 1956. Запрошаная ў тэатар імя Ш.Руставэлі; выконвала там вядучыя ролі. З 1959 на пэнсіі; пераехала ў Менск. У бел. друку выступала з 1959. Прапагандавала ў Грузіі бел. мастацтва, а ў Беларусі – грузінскае; перакладала з грузінскай на бел. мову і наадварот. Член СП Беларусі з 1967. Пахаваная ў Тбілісі.

 

Тв.: Когда поднимается занавес: Беседы о театре. – Менск, 1963; Голубой факел: Очерки. – Менск, 1965; 2 изд., доп. Менск, 1970; К детям пришел вожатый. – Менск, 1967; Твое честное слово: Одноактные пьесы для школьной самодеятельности. – Менск, 1973; Всего одна жизнь. – Тбилиси, 1983.

Літ.: Канэ Ю. «Я пражыла тры жыцьці…» // ЛіМ. 1974, 24 лют.; Мімрык А. Шчырасьць душы // ЛіМ. 1978, 15 сьнеж.; БП, т. 6.

 

472.      ЧАБОР Янка (сапр.: Патаповіч Іван Сьцяпанавіч; 29.6(11.7).1911, в. Рачканы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Ляхавіцкі р-н – 1943?, ГУЛАГ), паэт, публіцыст, удзельнік нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Зах. Беларусі. У 1931 скончыў Віленскую беларускую гімназію; вучыўся ў Віленскім ун-це. Першыя свае вершы зьмясьціў у 1928 у рукапісным часопісе падпольнай камсамольскай групы Віленскай беларускай гімназіі «Васілёк» (№1). У 1931 апублікаваў «Адкрыты ліст» з заклікам да зах.-бел. пісьменьнікаў аб‘яднацца ў адзіную пісьменьніцкую арганізацыю. Адзін з стваральнікаў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменьнікаў Зах. Беларусі. 10.12.1933 на зьезьдзе пісьменьнікаў абраны рэдактарам-выдаўцом час. «Літаратурная старонка», які стаў друкаваным ворганам Літаратурнага фронту. Першы нумар часопіса выйшаў з друку 25.1.1934 і адразу быў канфіскаваны ўладамі. Ч. быў асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Выйшаў з турмы ў вер. 1936 па амністыі. Заняўся арганізацыяй каапэратываў у вёсках сваёй ваколіцы. У 1939 браў удзел у арганізацыі работы першых савецкіх установаў у Зах. Беларусі. Арыштаваны ў 1939 (?). Мяркуецца, што загінуў у лягеры.

 

Тв.: Заклік; Гэй, арліная траўня сіла: (Вершы) // Літаратурная старонка. 1934, 25 студз.; Заклік; «Гэй, арліная траўня сіла…»: (Вершы) // Сьцягі і паходні. – Менск, 1965.

Літ.: Палітычны працэс «Беларускай газэты» і «Асвы» // Наша воля. 1936, 12 крас.; Міско Я. Хлопец зь вёскі Рачканы // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. – Менск, 1983; БП, т. 6.

 

473.      ЧАРВЯКОЎ Аляксандр (8.3.1892, мяст. Дукора Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер вёска Пухавіцкага р-ну – 16.6.1937, Менск), паліт. дзяяч, публіцыст. У 1915 скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут. Мабілізаваны ў армію. У 1917 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду 1917. У лют. – траўні 1918 камісар Беларускага нацыянальнага камісарыяту. 1.1.1919 як член Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду быў у ліку тых, хто падпісаў Маніфэст пра абвяшчэньне БССР. У 1919 камісар асьветы БССР, нам. наркама асьветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920 начальнік аддзелу РВС Зах. фронту, старшыня Менскага губэрнскага ВРК, ВРК БССР. У 1920-24 старшыня ЦВК і СНК БССР, з 1922 адзін са старшыняў ЦВК СССР, з 1924 старшыня ЦВК БССР. Член ЦБ у 1920-24 і ЦК КП(б)Б з 1924, член ЦВК БССР у 1919 і 1920-37. Быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці. У часе работы XVI зьезду КП(б)Б скончыў жыцьцё самагубствам. Рэабілітаваны ў 1957.

 

Тв.: За Савецкую Беларусь. – Менск, 1927; …Я ніколі ня быў ворагам: Выбраныя артыкулы і прамовы; Успаміны сучаснікаў. – Менск, 1992.

Літ.: Якутов В. А.Г.Червяков: Страницы биографии. – Менск, 1978; Яго ж. Александр Червяков: Документальная повесть. – Менск, 1986.

 

474.      ЧАРЖЫНСКІ Уладзіслаў (травень 1897, в. Старакаменная Сакольскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Падляскае ваяв., Польшча – 2.4.1974, Казань), крытык, літаратуразнавец. Вучыўся ў Гарадзенскай гімназіі, пасьля яе эвакуацыі перавёўся ў Менскую гімназію, якую скончыў у 1918. У 1918-19 даваў прыватныя ўрокі ў мяст. Крайск і Пасадзец на Лагойшчыне. У 1925 скончыў этноляга-лінгвістычнае аддзяленьне БДУ. Вучобу сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасьцю на рабфаку (1922-24). З 1922 пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў бел. друку. У 1925 супрацоўнік час. «Полымя». Працаваў у Інбелкульце і БелАН; адначасова выкладаў у Камуністычным ун-це Беларусі. Арыштаваны ГПУ БССР 28.6.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Застаўся жыць у Казані. Працаваў там выкладчыкам у розных ВНУ. Пасьля арышту і высылкі адышоў ад літаратурнай дзейнасьці. Рэабілітаваны 10.6.1988.

 

Тв.: Выпісы зь беларускае літаратуры ХІХ і ХХ ст. з далучэньнем уводных і крытычных артыкулаў… – Менск, 1926; Да пытаньня аб псыхалягічным стылі нашаніўскай паэзіі. – Менск, 1928; Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучасьнікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. – Менск, 1928.

Літ.: Возвращенные имена; БП, т. 2.

 

475.      ЧАРНЕНКАЎ Антон (1902, в. Іоны Мсьціслаўскага пав. Магілёўскай губ. – 4.2.1943), біёляг. Кандыдат біялягічных навук. З 1931 працаваў старэйшым навуковым супрацоўнікам у Батанічным садзе БелАН. Арыштаваны 31.7.1938. Пастановай Асобай нарады пры НКВД СССР ад 9.2.1940 прысуджаны да 3 гадоў лягераў. Вызвалены 11.7.1942. Мабілізаваны ў Чырвоную армію. Загінуў на фронце. Рэабілітаваны 2.4.1957.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

476.      ЧАРНЕЦКІ Мікола (22.5.1899, в. Малыя Азяраны Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ. – 19.1.1944, Беласточчына), публіцыст, пэдагог, паліт. дзяяч. Паходзіў зь сялянскай сям‘і. У 1918 скончыў Сьвіслацкую настаўніцкую сэмінарыю. Да 1921 знаходзіўся ў бежанстве ў Расеі, дзе загінула ўся яго сям‘я. З 1923 вучыўся ў Празе, скончыў Праскі ун-т са ступеньню доктара філязофіі (1929). Сябра Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, у 1923-29 уваходзіў у Замежнае бюро БПСР у Празе. У 1929 вярнуўся ў Зах. Беларусь, працаваў настаўнікам бел. гімназіяў у Радашкавічах і Клецку. У 1939 сав. улады прызначылі яго дырэктарам школы ў в. Крынкі, з 1940 – кіраўніком асьветы Крынскага р-ну. Арыштаваны НКВД, уцёк з-пад арышту. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Беларускім нацыянальным камітэце ў Беластоку. Удзельнік бел. нацыянальнага падпольля. Па-зьверску забіты польскімі тэрарыстамі.

 

Літ.: Ёрш С. Мучанік за беларускую ідэю // Ніва. 1996, 10 сак.; Choruzy W. Mikolaj Charniecki (1899-1944)//Bialoruskie Zeszyty Historyczne. 1998, №9.

 

477.      ЧАРНУШЭВІЧ Зьміцер (13.11.1882, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ. – 28.6.1938, Менск, НКВД), мовазнавец, дзяржаўны дзяяч. З 1917 член РКП(б); працаваў у Слуцкім павятовым выканкаме. У лют. – чэрв. 1918 на падпольнай рабоце на акупаванай тэрыторыі Беларусі. З кастр. 1918 у Маскве, працаваў у Белнацкаме і бел. сэкцыі РКП(б). У студз. – лют. 1919 член Часовага ўраду ССРБ, народны камісар сацыяльнага забесьпячэньня. У 1919 член ЦВК Літоўска-Беларускай ССР, член ЦВК БССР. З крас. 1919 на савецкай і партыйнай рабоце ў Менскім і Смаленскім губкамах. У 1921-31 член ЦВК БССР, у 1924-27 член яго Прэзыдыюму. З сак. 1924 наркам унутраных справаў БССР, зь вер. – сакратар ЦВК БССР. З 1927 старшыня Ўправы дзяржаўнага страхаваньня БССР. У пачатку 1930-х – нам. дырэктара Інстытуту літаратуры, мастацтва і мовы БелАН. У часе кампаніі чыстак пазбаўлены адказных пасад; працаваў картатэчнікам Менскага аддзяленьня Беларускай управы сельскагаспадарчага забесьпячэньня. Арыштаваны 25.1.1938. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду ў чэрв. 1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 2.12.1958.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

478.      ЧАРНУШЭВІЧ Нічыпар (1(14).11.1900, мяст. Капыль Слуцкага пав. Менскай губ. – 18.2.1967, Менск), паэт, перакладчык, драматург. Паходзіў зь сялянскай сям‘і; брат пісьменьніка М.Хведаровіча. Падчас 1-й сусьветнай вайны ў бежанстве ў Калузе. У 1917 вярнуўся на Радзіму; у 1917-20 настаўнічаў у Траянаўскай народнай вучэльні на Капыльшчыне. У 1922-28 вучыўся на сацыяльна-гістарычным аддзяленьні пэдагагічнага ф-ту БДУ. Адначасова працаваў у школе малодшага каманднага і паліт. саставу 4-й Смаленскай дывізіі (1922-23), загадчыкам аддзелу газ. «Савецкая Беларусь» (1924-29). Першыя вершы апублікаваў у 1923 у час. «Полымя»; публікаваўся ў час. «Маладняк», газ. «Савецкая Беларусь». Сябра літаб‘яднаньня «Маладняк». У 1926 разам з М.Модэлем быў рэдактарам друкаванага воргану бел. студэнцтва «Голас студэнта». З 1929 слухач Вышэйшых навукова-пэдагагічных курсаў пры 2-м Маскоўскім ун-це. Арыштаваны ГПУ БССР 27.3.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 прысуджаны да 5 гадоў ссылкі ў Вятку. У 1931-35 супрацоўнік газ. «Вятская правда» (пазьней «Кировская правда»). У жн. 1935 абвінавачаньні зьнятыя (канчаткова рэабілітаваны ў 1960). У 1935-41 выкладчык гісторыі ў школах Масквы. У кастр. 1941 эвакуяваўся ў Цюмень, дзе працаваў загадчыкам аддзелу ў рэдакцыі газ. «Тюменская правда» (публікаваў там свае нарысы, вершы, сатыру). У 1947 вярнуўся ў Менск. Працаваў начальнікам плянавага аддзелу Белсельгасзабесьпячэньня, з 1949 – выкладчык гісторыі Менскай афіцэрскай школы, з 1952 старэйшы інжынэр трэсту папяровай прамысловасьці. У розныя гады працаваў у Белдзяржвыдавецтве, на Беларускім радыё. Член СП Беларусі з 1957. Перакладаў на бел. мову творы расейскіх, украінскіх, гэбрайскіх паэтаў. Пахаваны на Усх. могілках у Менску.

 

Тв.: Дзіва: Вершы. – Менск,1927; Нясу надзею. – Менск, 1962; Гаворка дум: Вершы. – Менск, 1966; Выбраныя вершы. – Менск, 1975.

Літ.: Гарбук В. Некалькі сустрэч з паэтам // Полымя. 1970, №11; Грахоўскі С. Паэзіі радавы // ЛіМ. 1970, 13 ліст.; БП, т. 6.

 

479.      ЧАРНЫШЭВІЧ Аркадзь (26.7(8.8).1912, в. Кулакі Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер Салігорскі р-н – 18.1.1967, Менск), празаік, пэдагог. У 1926 скончыў Старобінскую сямігодку. Першы верш надрукаваў у 1926; першае апавяданьне – у 1927 у час. «Чырвоны сейбіт». Падрыхтаваў і адаслаў у Белдзяржвыдавецтва зборнік апавяданьняў «Хаты ажываюць», які ня быў прыняты да друку. У 1928-30 працаваў на бацькавай гаспадарцы. У 1930 сям‘я Ч. была раскулачаная; бацьку адправілі на будаўніцтва Беламорканалу, а сям‘ю выслалі ў в. Зайцава Качоўскага р-ну Комі-Пярмяцкай акругі. Ч. працаваў на лесараспрацоўках, загадчыкам мясцовай крамы, настаўнічаў. У 1934-49 – дырэктар Янчэрскай пачатковай школы. У 1934 ажаніўся зь пярмячкай, мясцовай настаўніцай, за што яе на нейкі час пазбавілі працы. У 1940 скончыў Кудымкарскую пэдагагічную вучэльню. Пісаў вершы, прозу, дасылаў рукапісы ў Менск. Улетку 1940 быў удзельнікам курсаў-канфэрэнцыі маладых аўтараў у Менску. У 1950 пераехаў зь сям‘ёй на сталае жыхарства ў Беларусь. У 1950-54 быў дырэктарам Насовіцкай пачатковай школы Сьвірскага (цяпер Мядзельскага) р-ну. Член СП Беларусі з 1954. З 1957 жыў у г. п. Радашкавічы, друкаваўся ў раённай газ. «Сцяг Ільіча». Потым пераехаў у Менск. Апошнія гады жыцьця былі асабліва творча актыўныя. Пахаваны на Усх. могілках. Яго імем названая вуліца ў Радашкавічах; на доме, дзе Ч. жыў, устаноўлена мэмарыяльная дошка.

 

Тв.: Сьвітаньне: Раман. – Менск, 1957; Выбр. тв: У 2 т. – Менск, 1979; Засьценак Малінаўка: Раман-хроніка. Ч. 1-2. Менск, 1964-1965 (У 2 ч. Менск, 1982).

Літ.: Бугаёў Д. Трапным вокам мастака // Бугаёў Д. Шматграннасьць. – Менск, 1970; Шкраба Р. Медны пятак і золата праўды // Полымя. 1971, №7; Куляшоў Ф. Шлях да майстэрства // Полымя. 1972, №8; Шыловіч А. Жаданая сустрэча // Полымя. 1980, №7; БП, т. 6.

 

480.      ЧАРОТ Міхась (сапр.: Кудзелька Міхась Сымонавіч; 7.11.1896, мяст. Рудзенск Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Пухавіцкі р-н – 29.10.1937, Менск, НКВД), паэт, драматург, празаік, рэдактар, грамадзкі дзяяч. У 1917 скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю. Мабілізаваны ў армію; служыў афіцэрам запаснога палка ў Кузьнецку. Увесну 1918 вярнуўся ў Менск; пачаў настаўнічаць у бел. школе; паступіў у МВПІ. Сьпяваў у хоры Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», быў старшынём тэатральнай суполкі «Маладзік». Друкавацца пачаў у 1918. У 1919 сябра Белнацкаму і створанай пры ім Вайсковай Рады. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі, якая ў студз. 1920 утварылася з членаў «Маладой Беларусі». З 1920 супрацоўнік, у 1925-29 рэдактар газ. «Савецкая Беларусь». У 1922 апублікаваў першы зборнік вершаў «Завіруха». У 1923 удзельнічаў у стварэньні літаб‘яднаньня «Маладняк», зь якога выйшаў у канцы 1927. Некаторы час быў сябрам літаб‘яднаньня «Полымя», потым уступіў у БелАПП. У 1922-24 кандыдат у члены, у 1924-31 член ЦВК БССР. У 1924 вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўным інстытуце журналістыкі. У 1930-я працаваў загадчыкам літаратурнага сэктару Дзяржаўнага выдавецтва БССР, кансультантам у кабінэце маладога аўтара СП БССР. Арыштаваны 24.1.1937; прысуджаны 28.10.1937 да расстрэлу. Апошні верш «Прысяга» (пра сваю невінаватасьць) запісаў на сьцяне менскай унутранай турмы НКВД, дзе яго ўбачыў і захаваў у памяці М.Хведаровіч. Рэабілітаваны ў 1956. Імем Ч. названыя вуліцы ў Маладэчне і Рудзенску.

 

Тв.: Творы: У 3 т. – Менск, 1932-1936; Зб. тв.: У 2 т. – Менск, 1958; Выбраныя вершы і паэма «Босыя на вогнішчы». – Менск, 1967; Выбранае. – Менск, 1982.

Літ.: Ярош М. Міхась Чарот: Нарыс жыцьця і творчасьці. – Менск, 1963; Яго ж. Міхась Чарот. – Менск, 1966; Песняр революционной романтики. – Менск, 1983; БП, т. 6.

 

481.      ЧАТЫРКА Міхал (1883, мяст. Любча Наваградзкага пав. Менскай губ. – пасьля 1939, Краснаярскі край, ГУЛАГ), пэдагог. Скончыў Маладачанскую настаўніцкую сэмінарыю, Віленскі пэдагагічны інстытут (матэматычны ф-т). Настаўнічаў на Наваградчыне (в. Сенна, мяст. Мір, Наваградак). З 1924 працаваў у Наваградзкай настаўніцкай гімназіі. У яго хаце хаваліся тыя, каго шукала паліцыя, – пераважна камсамольцы. Ч. праводзіў іх празь мяжу на савецкі бок. Пасьля закрыцьця польскімі ўладамі ў 1934 гімназіі пераведзены ў Зах. Польшчу (Цеханув). Пасьля вер. 1939 вярнуўся ў Любчу. Арыштаваны НКВД. Загінуў у лягеры.

 

Літ.: Чэмер А. (Анішчык А.) Наваградзкая Беларуская Гімназія. – Вільня, 1997.

 

482.      ЧОРНЫ Кузьма (сапр.: Раманоўскі Мікалай Карлавіч; 11(24).6.1900, маёнтак Лапацічы Слуцкага пав. Менскай губ., цяпер в. Борка-Бялевічы Капыльскага р-ну – 22.11.1944, Менск), празаік, драматург, публіцыст. Скончыў Цімкавіцкую народную вучэльню, у 1916 паступіў у Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Скончыць сэмінарыю не ўдалося, бо ў 1919 польскія ўлады яе зачынілі. Першыя артыкулы і вершы апублікаваў у 1920. У 1923 паступіў на літаратурнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ, дзе правучыўся два курсы. З 1923 сябра літаб‘яднаньня «Маладняк». Яшчэ студэнтам у 1924 пачаў працаваць у газ. «Беларуская вёска». У 1925 выйшлі першыя кнігі – «Апавяданьні» і «Срэбра жыцьця». У 1926-31 быў старшынём літаб‘яднаньня «Ўзвышша». У 1932-37 – галоўны літкансультант кабінэту маладога аўтара пры СП БССР. Член СП Беларусі з 1934. Арыштаваны 14.10.1938. Прасядзеў у Менскай турме 8 месяцаў, зь іх 6 – у камэры-адзіночцы. Быў катаваны. Вызвалены 8.6.1939. У 1941-44 знаходзіўся ў эвакуацыі (пераважна ў Маскве). Удзельнічаў у выданьні газэты-пляката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Улетку 1944 вярнуўся ў Менск, працаваў у рэдакцыі час. «Беларусь». Пахаваны на Вайсковых могілках у Менску. У 2000 на Капыльшчыне адкрытыя два мэмарыяльныя знакі.

 

Тв.: Зб. тв.: У 6 т. – Менск, 1954-1955; Зб. тв.: У 8 т. – Менск, 1972-1975; Зб. тв.: У 6 т. – Менск, 1988-1990.

Літ.: Ватацы Н. Кузьма Чорны. 1900-1944. Бібліяграфічны даведнік. – Менск, 1954; Адамовіч А. Маштабнасьць прозы: Урокі творчасьці К.Чорнага. – Менск, 1972; Булацкі Р., Сачанка І. Кузьма Чорны – публіцыст. – Менск, 1972; Казека Я. Кузьма Чорны. – Менск, 1980; Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазыцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. – Менск, 1981; Навуменка І. Раньні Кузьма Чорны. – Менск, 2000; БП, т. 6.

 

483.      ШАЛАЙ Макар (сапр.: Шалаеў Макар Ксэнафонтавіч; 17.2.1906, в. Цельцы Расонскага р-ну Віцебскай вобл. – 29.10.1937, Менск, НКВД), крытык. Скончыў партшколу ў Віцебску. У 1925-26 працаваў сакратаром Народнага дому пры выканкаме Расонаў. Сябра «Беларускай літаратурна-мастацкай камуны» (1927-28). Друкаваўся ў час. «Росквіт». Працаваў у газ. «Чырвонаармейская праўда». Выступаў з рэцэнзіямі на творы П.Броўкі, А.Александровіча, Я.Скрыгана, Г.Брэскай і інш. У 1928 паступіў у БДУ (пры дапамозе наркама асьветы А.Баліцкага і П.Шукайлы). Увосені 1928 стаў сябрам «Маладняка», потым БелАППа. Арыштаваны 15.3.1933 у справе «Беларускай народнай Грамады». Пасьля катаваньняў быў вызвалены з дыягназам шызафрэнія, справа спыненая 11.7.1933. У сярэдзіне 1930-х выкладаў літаратуру ў Расонскай СШ. Зноў арыштаваны 17.11.1936. Вярхоўным судом СССР 28.10.1937 прысуджаны да расстрэлу.

 

Літ.: Маракоў Л. «Ён ня мысьліў сябе бяз спрэчак…» // ЛіМ. 1999, 26 лют.; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. – Менск, 2000.

 

484.      ШАНТЫР Фабіян (23.1(4.2).1887, Слуцак – 29.5.1920, Навазыбкаў), публіцыст, празаік, паэт, перакладчык, грамадзкі і дзяржаўны дзяяч. За ўдзел у рэвалюцыйных падзеях зьняволены ў Слуцкай турме (1905-07). У 1909 жыў у Слуцку; з 1910 у Капылі. Працаваў мулярам, адвакатам, настаўнікам. Друкавацца пачаў у газ. «Наша Ніва», дзе ў 1909-12 зьмяшчаў празаічныя абразкі-імпрэсіі; там жа апублікаваў некалькі паэтычных твораў. У 1914 мабілізаваны ў войска, служыў наглядчыкам палявога шпіталя ў Бабруйску. У 1916-17 удзельнічаў у рабоце клюбу «Беларуская хатка», куды прыяжджаў з Бабруйску. У 1917 стаў адным зь лідэраў левага крыла Беларускай сацыялістычнай грамады. На Зьезьдзе беларускіх нацыянальных арганізацыяў (Менск, 25-27.3.1917) абраны ў БНК; у ліп. 1917 – у Цэнтральную раду бел. арганізацыяў і партыяў. Удзельнічаў у 1-м Усебеларускім зьезьдзе (сьнеж. 1917). У 1918 супрацоўнік Слуцкага павятовага вайсковага камісарыяту, загадчык Смаленскага аддзяленьня Белнацкаму. Адзін з аўтараў зб. «Зажынкі» (Маск., 1918). У тым жа годзе арыштаваны. У пачатку 1919 камісар у нацыянальных справах Часовага ўраду БССР. Пасьля – супрацоўнік Менскага губэрнскага вайсковага камісарыяту і Асобай харчовай камісіі Зах. фронту. Удзельнічаў у выданьні газ. «Савецкая Беларусь». У лют. 1920 мабілізаваны ў Чырвоную армію. 17.4.1920 арыштаваны і расстраляны.

 

Тв.: Патрэбнасьць нацыянальнага жыцьця для беларусаў і самаадзначэньня народу. – Слуцак, 1918; У час барацьбы: (Верш у прозе) // Крыніца. 1988, №11.

Літ.: Казьбярук У. Рамантычны пошук. – Менск, 1983; Гарэцкі М. Шантыр Фабіян // Гарэцкі М. Гісторыя беларускай літаратуры. – Менск, 1992; Мясьнікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. – Менск, 1993; Черепко С. Капкан. Загадка смерти наркома Фабияна Шантыра // Советская Белоруссия. 2000. 26 августа; БП, т. 6.

 

485.      ШАСТАКОЎ Павал (1899, Мсьціслаўскі пав. Магілёўскай губ. – 29.10.1937, Менск, НКВД), рэдактар, журналіст. З 1905 працаваў настаўнікам школы граматы ў в. Шэнькаўка Мсьціслаўскага пав. У 1907 паступіў у Полацкую настаўніцкую сэмінарыю. З 1912 настаўнічаў у Мсьціславе. У жн. 1913 быў залічаны ў Віцебскі настаўніцкі інстытут. З пачаткам 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны ў войска. У 1916 стаў прапаршчыкам. Ваяваў на Румынскім фронце. У 1917 пераведзены ў Маскву. У пачатку 1918 вярнуўся ў Мсьціслаў. Удзельнічаў у падрыхтоўцы першага павятовага зьезду Саветаў. Працаваў загадчыкам аддзелу народнай асьветы. Зімой 1920 прызначаны вайсковым камісарам пав. Потым стаў рэдактарам павятовай газ. «Думы бедняка», у якой публікаваў свае артыкулы і вершы. У 1920 пераехаў у Менск. Служыў начальнікам палітасьветы губваенкамату. З-за хваробы пакінуў армію. З 1921 працаваў у Мсьціславе загадчыкам павятовага зямельнага аддзелу. Потым быў прызначаны загадчыкам аддзелу народнай асьветы Магілёўскага акруговага выканкаму. Пісаў нарысы і артыкулы па-беларуску і па-расейску, публікаваўся ў мясцовай прэсе, у газ. «Савецкая Беларусь». Увосені 1926 пераведзены ў Маскву, прызначаны загадчыкам бел. сэктару Камуністычнага ун-ту нацыянальных меншасьцяў Захаду імя Ю.Мархлеўскага, дзе таксама выкладаў бел. мову і літаратуру. Арганізаваў у Маскве сьвяткаваньне 20-х угодкаў літаратурнай дзейнасьці Якуба Коласа. Быў адным з укладальнікаў зборніка артыкулаў «Літаратурная творчасьць К.М.Міцкевіча (Якуба Коласа)» (Маск., 1928), аўтар уступнага артыкула ў зборніку. Удзельнічаў у стварэньні Цэнтральнага беларускага клюбу ў Маскве (лют. 1928), сябра ўправы клюбу. З восені 1928 у Менску, нам. наркама асьветы БССР. Сябраваў з Я.Купалам. З чэрв. 1929 рэдактар газ. «Рабочий». У вер. 1929 прызначаны рэдактарам газ. «Савецкая Беларусь», дзе публікаваў свае нарысы і артыкулы. У апошнім нумары газэты выступіў з крытыкай бюракратычных парадкаў (артыкул «Лісты зьнізу»). 22.3.1933 газэта была закрытая. У траўні 1933 прызначаны рэдактарам газ. «Калгасьнік Беларусі». З малавядомай зрабіў гэтую газэту папулярнай сярод чытачоў і аўтараў. У жн. 1935 газэта закрытая. Ш. прызначаны дырэктарам Белдзяржвыдавецтва. Арыштаваны ў пачатку 1937. Прысуджаны да расстрэлу.

 

Тв.: Да новых перамог на культурным фронце // Савецкая Беларусь. 1928, 14 кастр.; Лісты знізу // Тамсама. 1933, 21 сак.

Літ.: Карніловіч Э. Сябра Янкі Купалы // Маладосць. 1995, №10.

 

486.      ШАПРАН Усевалад (?, Дзісеншчына – 1941, Менск, НКВД), паэт. Паводле прафэсіі мэдык. У 1930-я друкаваўся ў час. «Шлях моладзі». Расстраляны пры адступленьні Чырвонай арміі зь Менску.

 

487.      ШАТЭРНІК Мікалай (11.9.1890, в. Старына Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н – 2.12.1934), мовазнавец, краязнавец, пэдагог. У 1914 скончыў Нясьвіскую настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам на Меншчыне (1914-29). У 1933 скончыў МВПІ. У 1933-34 выкладаў бел. мову і літаратуру ў Аршанскім пэдтэхнікуме. Выступаў у друку з артыкуламі на пэдагагічныя і мэтадычныя тэмы. Займаўся краязнаўчай работай, зьбіраў прыклады народнай дыялекталягічнай лексыкі на тэрыторыі Ігуменскага пав., уклаў адпаведны слоўнік (каля 9 тыс. слоў). Арыштаваны ў 1934.

 

 

Тв.: Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны. – Менск, 1929.

Літ.: Германовіч І. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцьця і навуковай дзейнасьці. – Менск, 1985; Беларуская мова.

 

488.      ШАШАЛЕВІЧ Васіль (9.1.1897, паводле іншых зьвестак 1.1.1897, в. Мхінічы Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., цяпер Краснапольскі р-н – 23.10.1941, ГУЛАГ), драматург, паэт. Брат празаіка А.Мрыя. Вучыўся ў духоўнай вучэльні, у Магілёўскай духоўнай сэмінарыі (1910-14), Яраслаўскім юрыдычным ліцэі (1915-16). З-за матэрыяльных праблем скончыць ліцэй ня здолеў. З 1917 настаўнічаў у в. Ясенцы і ў мяст. Краснапольле на Магілёўшчыне, у Менску. У 1918 разам з братам і сёстрамі стварыў народны тэатар у Краснапольлі, пісаў для яго аднаактоўкі. На прафэсійнай сцэне яго першая драма «Апраметная» (другая назва «Зруйнаваная цемра») пастаўлена 16.5.1925 Беларускай тэатральнай студыяй у Маскве. У 1926-27 «Апраметная» ішла на сцэне БДТ-2, створанага на аснове Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве. Наступная п‘еса «Змрок» была пастаўлена БДТ-1 у Менску 30.1.1927; драма «Сымфонія гневу» пастаўлена БДТ-1 3.3.1935. Першы верш «Сож» апублікаваў у 1927 у час. «Узвышша». У другой палове 1920-х працаваў сцэнарыстам на кінафабрыцы. Арыштаваны ГПУ БССР у ліп. 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; знаходзіўся пад сьледзтвам да лют. 1931. Паўторна арыштаваны 28.10.1936; прысуджаны да 10 гадоў лягераў. У Томасінглагу для аматарскага тэатру напісаў п‘есу на тэму лягернага жыцьця. Зьмест п‘есы не спадабаўся лягернаму кіраўніцтву. Ш. быў адпраўлены на лесапавал, дзе трагічна загінуў.

 

Тв.: Рой: (Песа) // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатру і драматургіі. – Менск, 1975. Т. 2; Сымфонія гневу: (П‘еса) // Тэатральная Беларусь. 1992, №4.

Літ.: Хведаровіч М. Мой шчыры, сьціплы таварыш // ЛіМ. 1977, 7 студз.; Грахоўскі С. Аўтар «Сымфоніі гневу» // Грахоўскі С. Так і было. – Менск, 1986; Азгур З. Гаварыў ён шчыраЗгадка пра Васіля Шашалевіча ў ягонае 90-годзьдзе // ЛіМ. 1987, 9 студз.; Грахоўскі С. Два лёсы – дзьве трагедыі // Маладосць. 1988, №1; БП, т. 6.

 

489.      ШКІЛЬТЭР Карл (14.6.1891, Латвія – 4.2.1941, ГУЛАГ), гісторык, бібліёграф. Працаваў у латыскім сэктары БелАН. Быў дырэктарам Дзяржаўнай бібліятэкі БССР. Арыштаваны 3.12.1937. Паводле пастановы Асобай нарады НКВД ад 10.9.1940 асуджаны на 5 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў ва Ухта-Іжэмскім лягеры, дзе і загінуў. Рэабілітаваны 24.6.1957.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

490.      ШКЯЛЁНАК Мікалай (1899, Дзісенскі пав. Віленскай губ. – 1947, НКВД), юрыст, гісторык. Скончыў юрыдычны ф-т Віленскага ун-ту. Кіраваў бел. студэнцкай арганізацыяй. У 1936 далучыўся да бел. нацыянальнага руху, у 1940 пасяліўся ў Бэрліне, супрацоўнічаў з газ. «Раніца», потым быў яе рэдактарам. У 1942 накіраваны ў Менск на работу ў Генэральны камісарыят. У 1943 увайшоў у склад БЦР, першы віцэ-прэзыдэнт БЦР. Адзін з арганізатараў 2-га Ўсебеларускага кангрэсу, на якім выступіў з асноўным дакладам. Выехаў у Бэрлін, дзе ўзначаліў калегію Рады БЦР. У 1946 арыштаваны ў Польшчы і прывезены ў Менск. Расстраляны.

 

Тв.: У трохсотыя ўгодкі сьмерці Вялікага Канцлера Льва Сапегі // Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства. – Вільня. 1933. Кн. 1; асобнае выд. – Вільня, 1933; перавыданьне – Спадчына. 1991, №1.

Літ.: Соловьев А. Белорусская Центральная рада. Создание, деятельность, крах. – Менск, 1995. С. 174; Вяртаньне БНП.

 

491.      ШЛОСБЭРГ Яўхім (6.12.1906, Вільня – 1970, Менск), гісторык. У 1928 скончыў БДУ. У 1937-41 загадчык катэдры гісторыі МВПІ, адначасова працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН. Удзельнік 2-й сусьветнай вайны. Узнагароджаны ордэнамі і мэдалямі. Арыштаваны ў часе кампаніі «барацьбы з касмапалітамі» 6.11.1948. Асобай нарадай пры МГБ БССР 23.4.1949 прысуджаны да 10 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў у Тайшэтлагу (Іркуцкая вобл.). 3.10.1955 Судзебнай калегіяй Вярхоўнага суду БССР тэрмін пакараньня быў зьменшаны да 7 гадоў. Вызвалены. Рэабілітаваны Прэзыдыюмам Вярхоўнага суду БССР 9.5.1956. У 1956-64 старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі АН БССР.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

Літ.: Возвращенные имена.

 

492.      ШЛЮБСКІ Аляксандар (4(16).6.1897, в. Межава Полацкага пав. Віцебскай губ., цяпер Расонскі р-н – 1941?, ГУЛАГ), літаратуразнавец, этнограф, фальклярыст, бібліёграф. Паходзіў зь мяшчанскага саслоўя. З 1919 распачаў этнаграфічныя і фальклярыстычныя дасьледаваньні. У 1922 скончыў Віцебскае аддзяленьне Маскоўскага археалягічнага інстытуту. У 1918-23 удзельнічаў у арганізацыі архіўнай справы ў Віцебску, Полацку, Вяліжы, Воршы. З 1923 навуковы супрацоўнік Інбелкульту; у 1929-30 – Інстытуту гісторыі БелАН. Супрацоўнічаў з многімі часопісамі як краязнаўчага накірунку («Наш край»), так і літаратурнага («Полымя», «Узвышша», «Маладняк», «Радавая рунь»). Вынікі дасьледаваньняў Ш. былі выдадзеныя Інбелкультам у 1927 і 1928 (2 часткі) пад назвай: «Матэрыялы да вывучэньня фальклёру і мовы Віцебшчыны». У 1927 выйшлі з друку «Матэрыялы да беларускай бібліяграфіі». Арыштаваны ГПУ БССР 3.4.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі»; паводле пастановы Калегіі ОГПУ ад 10.4.1931 высланы тэрмінам на 5 гадоў у Ніжні Ноўгарад (у гэтай справе рэабілітаваны 19.9.1960). Паўторна арыштаваны ў чэрв. 1935 УНКВД Ленінградзкай вобл. Асобай нарадай пры НКВД СССР 16.11.1935 прысуджаны да 3 гадоў пазбаўленьня волі. Далейшы лёс невядомы. У 1990 пракуратура Ленінграда адмовіла ў рэабілітацыі па гэтай справе. Кр.: НАРБ, ІКР.

 

Тв.: Сведения по собиранию устного народного творчества в Белоруссии. – Велиж, 1919; Паны і сяляне ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. – Менск, 1924; Бядуля як этнограф. – Менск, 1925; Матэрыялы да крыўскай гісторапісі: Доля кнігасховаў і архіваў зямель крыўскіх і былога Вялікага княства Літоўскага. – Коўна, 1925; Крашаніна (набіванка). – Віцебск, 1925; Гісторыка-этнаграфічныя нататкі. – Менск, 1928; Набойка. – Менск, 1928; Этнаграфічная дзейнасьць Е.Р.Раманава. – Менск, 1928.

Літ.: Возвращенные имена; БП, т. 6.

 

493.      ШПЭНЦЭР Барыс (1890, Херсон – 3.4.1938, НКВД), хімік. Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса), Маскоўскі тэхналягічны інстытут і 2 курсы Інстытуту чырвонай прафэсуры. У час грамадзянскай вайны працаваў у савецкіх і партыйных ворганах Украіны. У 1924-27 у Хімічным інстытуце імя Л.Карпава (Масква). У 1932-34 член Прэзыдыюму і вучоны сакратар Камітэту па хімізацыі СССР. У 1935-37 старшыня Савету па вывучэньні вытворчых сіл БССР і кіраўнік сэктару хімічнай тэхналёгіі Інстытуту хіміі БелАН. Член-карэспандэнт БелАН (1936), доктар хімічных навук, прафэсар. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР 3.4.1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 28.11.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

494.      ШУКАЙЛА Паўлюк (1904, в. Лапенеўцы Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер Бераставіцкі р-н – 14.4.1939, Менск, НКВД), паэт, крытык, празаік. У першай палове 1920-х удзельнічаў у падпольным рэвалюцыйным руху ў Зах. Беларусі; прыкладна ў 1923 стаў членам КПЗБ. У канцы 1924 або пачатку 1925 перайшоў польска-савецкую мяжу. Далучыўся да дзейнасьці літаб‘яднаньня «Маладняк». У 1925 выехаў у Слуцак, дзе арганізаваў філію «Маладняка», быў рэдактарам акруговай газэты, спрыяў выпуску літаратурнага альманаху. Неўзабаве перабраўся ў Расоны, працаваў сакратаром райкаму партыі, удзельнічаў у рабоце Полацкай філіі «Маладняка». Адначасова быў старшынём камісіі па праверцы ходу беларусізацыі ў раёне. У 1926 прыехаў у Менск, паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага ф-ту БДУ. Стаў ініцыятарам стварэньня новага літаб‘яднаньня «Беларуская літаратурна-мастацкая камуна». У крытычных артыкулах быў непрымірымы да сваіх літаратурных апанэнтаў. У 1928 адкамандзіраваны на вучобу ў Камуністычную акадэмію ў Маскве. У 1930 скончыў пры ёй Інстытут чырвонай прафэсуры. У 1930-31 працаваў загадчыкам катэдры мэтадалёгіі мастацтва ў Інстытуце кінематаграфіі. Да 1931 кіраўнік Беларускай сэкцыі Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў. Быў рэдактарам газ. «Кино» (Масква), дырэктарам Цэнтральнага тэхнікуму тэатральнага мастацтва. Арыштаваны ОГПУ СССР у вер. 1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Яму ўдалося адвесьці ад сябе абвінавачаньні, справа была спыненая. З 1932 у Ленінградзе, віцэ-прэзыдэнт Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Прафэсар (1933). З 1936 зноў у Маскве. Паўторна арыштаваны 1.11.1938. Вінаватым сябе не прызнаў. Прысуджаны да расстрэлу 13.4.1939. Рэабілітаваны 14.4.1959.

 

Тв.: Акрываўленая зямля: Паэзія. – Менск, 1930.

Літ.: Скрыган Я. Госьці зь Менску // Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцьця. – Менск, 1979; Багдановіч І. Авангард і трацыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэньня. – Менск, 2001. С. 364–368; БП, т. 6.

 

495.      ШУКЕВІЧ-ТРАЦЬЦЯКОЎ Радыён (23.11.1893, в. Навіны, цяпер Валожынскі р-н Менскай вобл. – 10.2.1942, Паўночлаг), журналіст, дзяржаўны і паліт. дзяяч. З 1918 на савецкай рабоце ў Слуцку і Смаленску. У 1919-21 служыў у Чырвонай арміі. У 1922-24 у Галоўнай управе палітыка-асьветнай работы, старшыня Галоўнай управы па справах літаратуры і мастацтва Наркамасьветы БССР, сакратар Менскага павятовага камітэту КП(б)Б. З 1924 рэдактар газ. «Беларуская вёска». У 1931-36 навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі, загадчык масавага сэктару БелАН. У часе чысткі ў кастр. 1935 выключаны з КП(б)Б; у 1936 пазбаўлены работы ў БелАН. Працаваў мэтадыстам у шахматным клюбе. Арыштаваны 18.8.1938. Пастановай Асобай нарады НКВД ад 9.2.1940 прысуджаны да 5 гадоў лягераў. Быў накіраваны ў Паўночлаг, дзе і памёр. Рэабілітаваны 2.2.1956.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

496.      ШУТОВІЧ Віктар (27.10.1890, в. Шутавічы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 1.3.1960, Барысаў), рыма-каталіцкі сьвятар, пэдагог, публіцыст. Вучыўся ў Ашмянскай гарадзкой школе. З 1909 – клірык Віленскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. У часе вучобы далучыўся да бел. культурна-асьветнага руху. Пасьвечаны ў сьвятары 16.6.1913 у Вільні. Прадоўжыў вучобу за свой кошт ў Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу. Пасьля прыходу да ўлады бальшавікоў вымушаны быў спыніць вучобу. Пачаў службу вікарыем у парафіі Барадзенічы Браслаўскага пав. Распаўсюджваў сярод вернікаў бел. рэлігійныя і сьвецкія выданьні, пэрыёдыку. Арганізаваў некалькі бел. школ. За сваю дзейнасьць пераследаваўся польскімі царкоўнымі і сьвецкімі ўладамі, падвяргаўся нападкам на старонках польскай «эндэцкай» прэсы. З 1925 некалькі разоў праводзілася сьледзтва па яго дзейнасьці. Нейкі час быў пазбаўлены права самастойна кіраваць парафіяй. З 1927 служыў вікарыем у польскай парафіі Тшцяне. У 1929 выехаў у ЗША, дзе знаходзіўся да жн. 1932. Пасьля вяртаньня прызначаны вікарыем у мясцовасьць Харошча (пад Беластокам). Супрацоўнічаў зь бел. сьвецкімі і рэлігійнымі пэрыядычнымі выданьнямі. Напісаў драму «950 гадоў хрысьціянства на Беларусі». Да 1943 заставаўся ў Харошчы. Пасьля адступленьня немцаў пераехаў у Менск, дзе стаў пробашчам катэдральнага касьцёла. Арыштаваны 26.1.1945. Да 1956 знаходзіўся ў лягерах Комі АССР. Вярнуўся ў Беларусь. Апошнія гады быў пробашчам у Барысаве. Пахаваны на мясцовых каталіцкіх могілках.

 

Тв.: Маёвая чытанка. – Вільня, 1940.

Літ.: Гарбінскі БРД.

 

497.      ШУТОВІЧ Янка (11(24).1.1904, в. Шутавічы Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н – 9.12.1973, Вільня), літаратуразнавец, выдавец, грамадзкі і культурны дзяяч. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Першыя публікацыі ў зах.-бел. друку зьявіліся ў 1927. У 1934 скончыў юрыдычны ф-т Віленскага ун-ту; магістар права. Належаў да партыі хрысьціянскіх дэмакратаў. Працаваў карэктарам у бел. друкарні імя Ф.Скарыны. Сябра Беларускага студэнцкага саюзу і Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры ў Вільні. У 1935-39 быў выдаўцом і рэдактарам літаратурна-навуковага час. «Калосьсе». Апублікаваў артыкулы пра творчасьць М.Машары, Я.Драздовіча. Кіраваў міжарганізацыйным сакратарыятам у справах бел. школ. У пачатку 1939 арыштаваны польскімі ўладамі і зьняволены ў лягеры Бяроза Картуская, адкуль вызвалены савецкімі войскамі. Зь лют. 1941 да ліст. 1944 быў супрацоўнікам, загадчыкам Беларускага музэя ў Вільні; ратаваў матэрыялы музэя падчас акупацыі. Арыштаваны ворганамі НКГБ у ліст. 1944. Рашэньнем Асобай нарады пры НКГБ прысуджаны да 10 гадоў пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў ва Унжлагу Горкаўскай вобл. і Пясчанлагу Карагандзінскай вобл. Вызвалены зь лягера 28.8.1954. Да 10.4.1956 знаходзіўся ў ссылцы ў Карагандзе і Сарані Карагандзінскай вобл. Пасьля ссылкі вярнуўся ў Вільню. З 1957 працаваў пажарнікам у Віленскім дзяржаўным мастацкім музэі. Рэабілітаваны 25.4.1958. Разам з жонкай, літоўскай паэтэсай Онай Міцютэ, займаўся перакладамі твораў літоўскіх і бел. пісьменьнікаў. Адшукаў у архіве рукапіс рамана-хронікі М.Гарэцкага «Віленскія камунары». Рукапісны фонд Ш. знаходзіцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я.Коласа НАНБ.

 

Тв.: Мастак Пётра Сергіевіч // Беларусь. 1957, №9; Гурыновіч Адам: (Паводле старых і новых архіўных матэрыялаў) // Полымя. 1966, №11.

Літ.: Вабішчэвіч А. Захавальнік спадчыны: Янка Шутовіч // Куфэрак Віленшчыны. – 2001, №1; Чэмер А. (Анішчык А.). Партрэты. – Вільня, 2001.

 

498.      ШУШКЕВІЧ Станіслаў (6(19).2.1908, в. Бакінава Менскага пав., цяпер Дзяржынскі р-н – 1.2.1991, Менск), паэт, празаік. Першы верш апублікаваў у студз. 1924 у газ. «Чырвоная зьмена». У 1924-26 вучыўся ў 11-й сямігадовай школе Менску. У 1926 паступіў у МБПТ; стаў сябрам літаб‘яднаньня «Маладняк». У 1928-30 працаваў у Кніжнай палаце і Дзяржаўнай бібліятэцы БССР; у 1930-31 загадваў бібліятэкай Навукова-дасьледчага інстытуту сельскай і лясной гаспадаркі; у 1934-35 працаваў у рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва», у 1935-36 – газ. «Зьвязда». Адначасова вучыўся на літаратурным ф-це МВПІ, які скончыў у 1934. Член СП Беларусі з 1934. У 1934 апублікаваў першую кніжку вершаў. Арыштаваны 15.11.1936; прысуджаны да 8 гадоў пазбаўленьня волі. У 1937-46 знаходзіўся ў лягеры і ссылцы ў Кемераўскай вобл. У 1946 вярнуўся на Радзіму; працаваў настаўнікам СШ у Данілавічах Дзяржынскага р-ну Менскай вобл. Паўторна арыштаваны 22.8.1949. Высланы на спэцпасяленьне ў Краснаярскі край. Вярнуўся ў Менск у 1956. У 1956-58 працаваў у газ. «Мінская праўда», у 1958-70 быў загадчыкам аддзелу пісем газ. «Літаратура і мастацтва». З 1970 на пэнсіі. Канчаткова рэабілітаваны па абедзвюх справах 26.9.1975. Пісаў таксама для дзяцей. Многія яго вершы пакладзеныя на музыку. Аўтар шматлікіх успамінаў пра бел. пісьменьнікаў («Вяртаньне ў маладосьць: Успаміны і нататкі». Менск, 1968). Пахаваны ў в. Шчытомірычы Менскага р-ну.

 

Тв.: Выбр. тв.: У 2 т. – Менск, 1978; Дарога ў залатую восень: Вершы. – Менск, 1983; Выбранае: Вершы. – Менск, 1988.

Літ.: Гніламёдаў У. Будні і сьвяты дзіцячай паэзіі // Полымя. 1974, №7; Барадулін Р. І сьветлай раніцы падаў руку // ЛіМ. 1985, 18 лют.; БП, т. 6.

 

499.      ШЧАКАЦІХІН Мікола (1(13).10.1896, Масква – 1.4.1940, Белебей Башкірскай АССР), мастацтвазнавец, гісторык і тэарэтык мастацтва, пэдагог. У 1914-18 вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1922 у Менску. У 1922-24 працаваў у БДУ, дацэнт; у 1925-28 – у Інбелкульце (стварыў пры Інбелкульце Камісію па гісторыі мастацтва), у 1929-30 – у БелАН. Адзін з заснавальнікаў бел. мастацтвазнаўства; вывучаў старажытныя фрэскі, абразы, манумэнтальнае дойлідзтва XI-XVIII ст., гравюры Ф.Скарыны, творчасьць мастакоў В.Вашчанкі, М.Філіповіча, В.Волкава, А.Грубэ, І.Ахрэмчыка, У.Кудрэвіча. Упершыню ў бел. мастацтвазнаўстве выпрацаваў навуковую канцэпцыю гісторыі бел. мастацтва, зрабіў яго пэрыядызацыю. У 1928 выдаў т. 1 сваёй галоўнай працы «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». Прадоўжыць гэтае выданьне ня здолеў, бо 18.7.1930 быў арыштаваны ГПУ БССР у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». Пастановай Калегіі ОГПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ў Белебей Башкірскай АССР тэрмінам на 5 гадоў. Працаваў статыстыкам, плянавіком у каапэрацыі, выкладаў у сярэдніх навучальных установах. Нейкі час жыў у в. Колтаўцы (30 км ад Белебея). Працягваў займацца навуковай дзейнасьцю, аб выніках якой пісаў у лістах да акадэміка У.Пічэты. Але на навуковыя пасады яму не дазволілі вярнуцца. Рэгулярна перад рэвалюцыйнымі сьвятамі Ш. “у прафіляктычных мэтах” арыштоўвалі. У турмах захварэў на сухоты, ад чаго і памёр. Рэабілітаваны 30.1.1956.

 

Тв.: Феликс Валлотон. Маск., 1918; Фрэскі Полацкага Барысаглебскага манастыра // Наш край. 1925, №1; Васіль Вашчанка – магілёўскі гравёр канца XVI – пачатку XVIII сталецьця. – Менск, 1925; Матар‘ялы да гісторыі беларускага малярства XVIII ст. // Віцебшчына. Т. 1. 1925; Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва. Т. 1. – Менск, 1928; факсымільнае выд.: Менск, 1993; Новы Менск // Чырвоная Беларусь. 1930, №1.

Літ.: Ліс А. Мікола Шчакаціхін. – Менск, 1968; Возвращенные имена.

 

500.      ШЧАРБАКОЎ Васіль (27.2.1898, в. Дуброўка Аршанскага пав. Магілёўскай губ. – 29.6.1938, Менск, НКВД), гісторык. У 1918 скончыў Рагачоўскую настаўніцкую сэмінарыю. У 1918 уступіў у РКП(б). Удзельнічаў у падпольнай барацьбе супраць нямецкіх акупантаў (1918). Потым ваяваў на Усх. і Паўдн. франтах. Прадоўжыў вучобу ў Харкаўскай вышэйшай партыйнай школе, якую скончыў у 1923. Пасьля на партыйнай, пэдагагічнай, навуковай рабоце. З 1930 загадчык сэкцыі навукі і асьветы ЦК КП(б)Б. Акадэмік БелАН (1931), доктар гістарычных навук. У 1931-35 віцэ-прэзідэнт, у 1935-37 – неадменны сакратар БелАН. З 1931 да 1936 нам. дырэктара, у 1936-37 дырэктар Інстытуту гісторыі БелАН. Адначасова ў 1931-36 прафэсар Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы Беларусі, МВПІ і БДУ. Галоўная праца Ш. – «Нарыс гісторыі Беларусі» (пасьпеў выдаць толькі частку 1). Гэтая праца выклікала дыскусію і крытычныя заўвагі У.Пічэты. Падчас кампаніі чысткі ў жн. 1936 выключаны з КП(б)Б. Арыштаваны 21.6.1937. Вайсковай калегіяй Вярхоўнага суду СССР у чэрв. 1938 прысуджаны да расстрэлу. Рэабілітаваны 25.7.1957.

 

Тв.: Нарыс гісторыі Беларусі. Ч. 1. – Менск, 1934.

Літ.: Копысский З., Чепко В. Историография БССР. Эпоха феодализма. – Менск, 1986; Возвращенные имена.

 

501.      ШЫДЛОЎСКІ Усевалад (1910, мяст. Сьмілавічы Ігуменскага пав. Менскай губ., цяпер Чэрвеньскі р-н – чэрв. 1992), журналіст, дзіцячы пісьменьнік. Арыштаваны ў 1936 (?). Адбыў 10 гадоў на Калыме.

 

Літ.: Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

502.      ШЫРМА Рыгор (8(20).1.1892, в. Шакуны Пружанскага пав. Гарадзенскай губ. – 23.3.1978, Менск), харавы дырыжор, фальклярыст, грамадзкі і музычны дзяяч, публіцыст, літаратуразнавец. У 1911-12 быў слухачом двухгадовых настаўніцкіх курсаў у Сьвянцянах. Паступіў у Седлецкі настаўніцкі інстытут (скончыў у 1918). У канцы 1-й сусьветнай вайны мабілізаваны ў армію. У 1924 арганізаваў хор у Пружанах. З 1926 выкладчык Віленскай беларускай гімназіі. Стваральнік харавых калектываў, у тым ліку хору Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні. У 1926-37 быў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933. Быў звольнены з пасады настаўніка гімназіі. Зь літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933. У 1933 разам з Ф.Стацкевічам пачаў выдаваць час. «Летапіс ТБШ» (пазьней «Беларускі летапіс»). Наладжваў бел. музычныя перадачы на польскім радыё, супрацоўнічаў са сьпеваком М.Забэйдам-Суміцкім. У сярэдзіне 1930-х адзін зь першых дзеячоў культуры падтрымаў праграму Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст у народнафронтаўскай газ. «Наша воля». Выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песьні» (1929) і «Наша песьня» (1938). У 1940 арганізаваў і ўзначаліў (да 1970) Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР (з 1978 яго імя). Арыштаваны ў 1941, сядзеў на Лубянцы. Вызвалены пасьля хадайніцтва Я.Коласа перад П.Панамарэнкам. Сабраў больш за 2 тыс. бел. народных песень. У 1966-78 старшыня праўленьня Саюзу кампазытараў БССР і сакратар праўленьня Саюзу кампазітараў СССР. Народны артыст СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі (1946). Пахаваны ў Менску на Усх. могілках.

 

Тв.: Песня – душа народа: Публіцыстыка; Фальклёр; Музыка; Літаратура: 1929-1939; 1944-1974 г. – Менск, 1976; Песня – душа народа: Зь літаратурнай спадчыны. – Менск, 1993.

Літ.: Нисневич И. Г.Р.Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Лен., 1971; Песьня на ўсё жыцьцё: Успаміны пра Р.Р.Шырму. – Менск, 1983; Рыгор Шырма: (Фотаальбом) / Аўтар-склад. В.Ліцьвінка. – Менск, 1990; БП, т. 6.

 

503.      ЯКУБЧЫК Сямён (26.8.1892, в. Калантаі Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ. – 31.5.1938, Менск, НКВД), гісторык, публіцыст. Скончыў БДУ і асьпірантуру пры Інстытуце літаратуры БелАН; кандыдат гістарычных навук. На пачатку 1930-х працаваў у Інстытуце гісторыі БелАН, потым дырэктарам Гістарычнага музэя ў Менску. Арыштаваны 15.9.1937. Прысуджаны 14.10.1937 да расстрэлу. Рэабілітаваны 28.11.1957.

 

Літ.: Возвращенные имена.

 

504.      ЯКШЭВІЧ Аляксандар (2.1.1886, Шаўлі, Літва – пасьля 1967, Вільня), публіцыст. Адзін з стваральнікаў Камуністычнай партыі Літвы. Працаваў у чыгуначных майстэрнях Гомеля, настаўнічаў у Менску. Наркам шляхоў зносін у Літбеле. У 1931-32 рэдактар газ. «Raudonasis artojas» у Менску. Пераклаў на літоўскую мову «ТВТ» Я.Маўра. На момант арышту (26.11.1936) працаваў настаўнікам у СШ №1 Менску. 5.10.1937 асуджаны на 10 гадоў лягераў. Пакараньне адбываў разам з паэтам С.Шушкевічам. Пасьля вайны жыў у Вільні. Рэабілітаваны 29.12.1954.

 

Літ.: Шармайтис Л. Ветеран революционного движения в Литве // Советская Литва. 1966, 14 янв.; Маракоў Л. Вынішчэньне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 сьнеж.

 

505.      ЯРАШЭВІЧ Міканор (1887? – 1937, НКВД), навуковец, грамадзкі дзяяч. Арыштаваны ў 1921 ў Менску. Высланы зь Беларусі, жыў у Ташкенце. Паўторна арыштаваны ў 1937.

 

Літ.: Гесь А. «Выслаць за межы Беларусі…» // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ ст. – Менск, 1998. С. 28; Міцкевіч Д. Любіць і помніць. Успамінае сын Якуба Коласа. – Менск, 2000. С. 109.

 

506.      ЯРАШЧУК Еўдакім (1898, в. Трышын Брэст-Літоўскага пав. Гарадзенскай губ., цяпер у межах Берасьця – ?), аграном. У 1921-24 вучыўся ў Ціміразеўскай сельгасакадэміі. Пасьля яе сканчэньня працаваў у Белсельгасбанку, затым зь лют. 1927 па дзень арышту вучоным спэцыялістам у Беларускім навукова-дасьледчым інстытуце сельскай гаспадаркі. Арыштаваны ГПУ БССР 18.7.1930 у справе «Саюзу вызваленьня Беларусі». 10.4.1931 асуджаны на 5 гадоў высылкі і этапаваны ў Астрахань. 9.12.1935 вызвалены. Рэабілітаваны 15.11.1957. Далейшы лёс невядомы.

 

Кр.: НАРБ, ІКР.

 

507.      ЯРЭМІЧ Фабіян (20.1.1891, в. Дулеўцы Ваўкавыскага пав. Гарадзенскай губ. – 26.6.1958, Вільня), паліт. дзяяч, рэдактар. Удзельнік 1-га Ўсебеларускага зьезду ў сьнеж. 1917 у Менску. У 1922-28 быў дэпутатам польскага сэйму. Належаў да правага крыла нацыянальна-вызваленчага руху Зах. Беларусі. Разам з В.Рагулем стварыў у Вільні партыю «Беларускі сялянскі саюз» (1925-28), быў членам БНК, рэдагаваў газ. «Сялянская ніва». За паліт. дзейнасьць пераследаваўся польскімі ўладамі, арыштоўваўся. У гады 2-й сусьветнай вайны знаходзіўся на акупаванай немцамі тэрыторыі, працаваў у грамадзянскай адміністрацыі Менску і Барысава. Удзельнічаў у II Усебеларускім кангрэсе (1944). У другой палове 1940-х – першай палове 1950-х знаходзіўся ў папраўча-працоўным лягеры.

 

Тв.: Прамовы дэпутатаў беларускага пасольскага клюбу ў Польскім сойме. – Вільня, 1924.

Літ.: Платонаў Р. Перед крутым поворотом: Тенденции в политической и духовной жизни Беларуси (1925-1928): Отражение времени в архивных документах. – Менск, 2001; Ёрш С. «Дзядзька Ярэміч»: 10 гадоў ГУЛАГу за патрыятызм // Наша слова, 1995, 19 крас.

 

 

 

Сьпіс умоўных скаротаў

 

   

Умоўныя скароты для сьпісу "Рэпрэсаваныя дзеячы культуры, навукі, рэлігіі і палітыкі":

 

АЗБ – Асьветнікі зямлі Беларускай: Х – пачатак ХХ ст.: Энцыкляпэдычны даведнік. – Менск: БелЭн, 2001.

Антысавецкія рухі – Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956. Даведнік / Пад рэдакцыяй Алега Дзярновіча. – Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999.

Археалёгія і нумізматыка Беларусі – Археалёгія і нумізматыка Беларусі: Энцыкляпэдыя. – Менск: БелЭн, 1993.

Беларуская мова – Беларуская мова: Энцыкляпэдыя. – Менск: БелЭн, 1994.

БП – Беларускія пісьменьнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. –Менск: БелЭн, 1992-1995.

БЭ – Беларуская энцыкляпэдыя. У 18 т. – Менск: БелЭн, 1996-2001.

Возвращенные имена – Возвращенные имена: Сотрудники АН Беларуси, пострадавшие в период сталинских репрессий / Сост. и авт. предисл. Н.В.Токарев. – Менск: Навука і тэхніка, 1992.

Вынішчэньне – Маракоў Леанід. Вынішчэньне. – Менск: ЛМФ «Нёман», 2000.

Гарбінскі БРД – Гарбінскі Юрась. Беларускія рэлігійныя дзеячы ХХ стагодзьдзя: Жыцьцярысы, мартыралёгія, успаміны. – Мінск-Мюнхен, 1999.

Дэмакратычная апазыцыя – Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956-1991. Пэрсанажы і кантэкст. Даведнік / Пад рэдакцыяй Алега Дзярновіча. – Менск: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999.

ЛіМ – газэта «Літаратура і мастацтва».

МАБ – Мысьліцелі і асьветнікі Беларусі: Энцыкляпэдычны даведнік. – Менск: БелЭн, 1995.

НАРБ, ІКР – Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Індывідуальная картатэка рэпрэсаваных.

Нацдэмы – Мясьнікоў А. Нацдэмы: Лёс і трагедыя Фабіяна Шантыра, Усевалада Ігнатоўскага і Язэпа Лёсіка. – Менск: Беларусь, 1993.

ПГКБ – Помнікі гісторыі і культуры Беларусі.

Саламевіч Я. Слоўнік псэўданімаў – Янка Саламевіч. Слоўнік беларускіх псэўданімаў і крыптанімаў (XVI-XX ст.). – Менск: Мастацкая літаратура, 1983.

Сачанка Б. Сьняцца сны... – Сачанка Б. Сьняцца сны аб Беларусі... Літаратурна-крытычныя артыкулы, інтэрв’ю. – Менск: Мастацкая літаратура, 1990.

ЭГБ – Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі. У 6 т. – Менск: БелЭн, 1993-2001.

ЭЛіМБел – Энцыкляпэдыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 тамах. – Менск: БелСЭ, 1984-1987.

 

 

BS – Byelorussian statehood: Reader and bibliography / Edited by Vitaut Kipel and Zora Kipel. – New York: Byelorussian Institute of Arts and Sciences, 1988.

EK – Encyklopedia katolicka. T. 1-2. – Lublin, 1985.

PSB – Polski slownik biograficzny. – Krakуw-Warszawa: Wydawnictwo PAN, 1935-2001.

SHP – Slownik historykуw polskich / Koncepcja i opracowanie redakcyjne Maria Prosinska-Jackl. – Warszawa: Wiedza powszechna, 1994.

 

 

абл. – абласны (-ая)

ОГПУ Абяднанае галоўнае палітычнае ўпраўленьне

арт. – артыкул

б. – былы (-ая)

БАН, БелАН – Беларуская Акадэмія Навук (таксама АН БССР, НАН Беларусі), да 1929 Інбелкульт

БАПЦ – Беларуская Аўтакефальная праваслаўная царква

б.г. – бяз году (выданьня)

БДТ – Беларускі дзяржаўны тэатар

БДУ – Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт

бел. – беларускі

БелАПП – Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў

БНР – Беларуская Народная Рэспубліка

БПС-Р – Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў

БРГ – Беларуская рэвалюцыйная грамада

БСГ – Беларуская сацыялістычная грамада

БСГА – Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія

БСРГ – Беларуская сялянска-работніцкая грамада

БССР – Беларуская савецкая сацыялістычная рэспубліка

БХД – Беларуская хрысьціянская дэмакратыя

БЦР – Беларуская цэнтральная рада

в. – вёска

в. а. – выканаўца абавязкаў

ваяв. – ваяводзтва

вер. – верасень

ВКЛ – Вялікае Княства Літоўскае

ВКП(б) – Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў)

ВНУ – вышэйшая навучальная ўстанова

вобл. – вобласьць

вол. – воласьць

ВРК – Вайскова-рэвалюцыйны камітэт

ВСНГ – Вышэйшы савет народнай гаспадаркі

ВЧК (ЧК) – Усерасейская надзвычайная камісія пры Савеце народных камісараў па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам

выбр. тв. – выбраныя творы

вып. – выпуск

г. – горад

газ. – газэта

губ. – губэрня

ГУЛАГ – Галоўнае ўпраўленьне папраўча-працоўных лягераў

г. п. – гарадзкі пасёлак

жн. – жнівень

зах. – заходні

зб. тв. – збор твораў

Інбелкульт – Інстытут беларускай культуры (з 1929 БелАН)

кастр. – кастрычнік

КГБ – Камітэт дзяржаўнай бясьпекі

КК – крымінальны кодэкс

кн. – кніга

КП(б)Б – Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі

КП(б)ЛіБ – Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі

КП(б)У – Камуністычная партыя (бальшавікоў) Украіны

КПЗБ – Камуністычная партыя Заходняй Беларусі

КПП – Камуністычная партыя Польшчы

КПСС – Камуністычная партыя Савецкага Саюзу

крас. – красавік

КСМЗБ – Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі

ліп. – ліпень

ліст. – лістапад

літ. – літаратура

ЛКП –- Літоўская камуністычная партыя

ЛКСМБ –- Ленінскі камуністычны саюз моладзі Беларусі

лют. – люты

МБПТ – Менскі Белпэдтэхнікум

МВПІ – Менскі Вышэйшы пэдінстытут

МГБ – Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі

МДУ – Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт

МЗС – Міністэрства замежных справаў

МУС – Міністэрства ўнутраных справаў

мяст. – мястэчка

нам. – намесьнік

НАНБ – Нацыянальная акадэмія навук Беларусі

нар. – нарадзіўся (нарадзілася)

НАРБ – Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

Наркамасьветы – Народны камісарыят асьветы

НГАБ – Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі

НДІ – Навукова-дасьледчы інстытут

НКВД – Народны камісарыят унутраных справаў

НКГБ – Народны камісарыят дзяржаўнай бясьпекі

пав. – павет

паліт. – палітычны

ПАРП – Польская аб’яднаная рабочая партыя

паўдн. – паўднёвы

паўн. – паўночны

Пг. – Петраград

ПНР – Польская народная рэспубліка

ППЛ – папраўча-працоўны лягер

РВС – Рэвалюцыйны вайсковы савет

РКП(б) – Расейская камуністычная партыя (бальшавікоў)

р-н – раён

РСДРП – Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

с. – сяло

сак. – сакавік

сапр. – сапраўднае

с.-г. – сельскагаспадарчы (-ая)

СДКПіЛ – Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы

сьнеж. – сьнежань

СНК – Савет народных камісараў

СП – Саюз пісьменьнікаў

СПб – Санкт-Пецярбург

ССРБ – гл. БССР

студз. – студзень

ст. – станцыя

CШ – сярэдняя школа

т. – том

ТАСС – Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюзу

ТБШ – Таварыства Беларускай Школы

тв. – творы

тыс. – тысяча

УНР – Украінская Народная Рэспубліка

ун-т – унівэрсытэт

усх. – усходні

ф-т – факультэт

ЦК – Цэнтральны Камітэт

час. – часопіс

чэрв. – чэрвень

z. – zeszyt (сшытак)

 

 

© "Мартыралёг Беларусі", 2003-2006

 

Паводле www.martyraloh.org

 

На галоўную